РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вячэра манекенаў
        Шыпшыннік пачынаўся адразу ад паваленага i ўрослага ў сакавітае разнатраўе плота, i Вольга спынілася, зразумеўшы, што тут, з гэтага боку, дзе калісьці была сцежка, абсаджаная ружовымі астрамі ды агністымі настуркамі, ёй не прабрацца да дома. Але шыпшыннік раптам перарваўся, адкрыўшы счарнелы, патрэсканы вугал дома. I яна, на момант затрымаўшыся, рынулася ў гэты, нібыта створаны спецыяльна для яе, лаз i спынілася толькі тады, калі позіркам уперлася ў ганак, дакладней, у тое, што засталося ад яго, – груд патрушчанай цэглы, спрэс зарослы павітухай. А калісьці ж было ажно сем прыступак. Яна ўмомант уявіла гэтыя прыступкі, потым дзверы на веранду. Ix цяпер не было, i ў цёмным дзвярным праёме яна пабачыла свой веласіпед, нібы толькі ўчора прыткнула яго да сцяны на верандзе. Ад нясцерпнага пачуцця нейкага даўняга болю, які ніяк не хацеў яе пакідаць, прыкусіла ніжнюю губу. Зрабілася душна, хоць спёкі яна не адчувала. Проста не заўважала яе, як i нейкай незямной, поўнай цяжкога водару разамлеласці наўкол. «Трэба ўзабрацца на цагляны грудок, i тады можна легка ўскочыць у гэты цёмны праём», – падумала Вольга, не адрываючы вачэй ад веласіпеда, – як ён i ацалеў тут! Цэгла пад нагою абвалілася, i яна ўся сцялася, застыла ад нечаканасці...
        – Прыехала?! Я ведала, што ты некалі з’явішся сюды.
        Колькі б ні мінала часу, у любы момант дня i начы, сярод мноства іншых галасоў яна пазнала б гэты голас, але ці магчыма такое? I зараз жа пачула ў адказ:
        – Магчыма!
        Вольга затаіла дыханне, разгублена азірнулася, позіркам пацягнулася да сланечніку, да шыпшынніку ззаду, нібыта шукала тое месца, адкуль ішоў голас, i вусны выдыхнулі неўразумелае:
        – Ма-а?
        – Ну што – ма-а? Ногі збіла. Не маглі бліжэй да шлагбаума падвезці? Абы сто даляраў узяць! Няхай сабе гэтае месца цяпер зона, але ж наўкол шмат прасёлкавых дарог. Людзі тут, бывае, шныраюць...
        Маці, відавочна, была раззлаваная тым, што Вольгу не давезлі бліжэй да шлагбаума ці нават не падкінулі ў самую зону. Але Вольгу палохала не гэтая зласлівая інтанацыя, а сам такі неверагодны факт існавання тут матчынага голасу. Лёгкая маечка пад вятроўкаю зрабілася вогкай. Вольга адчула, як пад самым сэрцам заварушыўся халадок страху.
        – Ма-а? – Яна ўсё азіралася i азіралася, нібы там, за кустамі, за разамлелымі дрэвамі, хтосьці нябачны ўсё цікаваў i цікаваў за ёю. – Насланнё нейкае! – сказала гучна, каб крыху падбадзёрыць сябе. – Два гады, як ты памерла ў Чыкага. Ты пахавана там. Мы з містэрам Алексам яшчэ тыдзень таму назад стаялі каля тваёй надмагільнай пліты...
        – Ну i што з таго, што пахавана ў Чыкага? Я заўсёды імкнулася сюды, ад самага першага моманту. Гэта адчула ўжо ў Шэнане, калі высаджваліся на гадзіну, яшчэ не даляцеўшы да Амерыкі.
        – Чаго ж тады ляцела?
        – Ратавала цябе! Ага-а, ратавала... Ад радыяцыі! Усе ратаваліся... Тады шмат каго адсялялі. Хто ў Гомель, хто ў Мінск, хто яшчэ куды ехаў. А я як мага далей... З’явілася такая магчымасць, я i скарыстала яе.
        – Ты ўцякала ад бацькі, – запярэчыла Вольга.
        – I гэта таксама было. Калі б не Алекс... Сама ведаеш! Яму было ўсё роўна, колькі ў мяне цыцак дзве ці адна!
        – Ма-а... Містэру Алексу было семдзесят, а табе сорак тры!
        – Няхай, я ўсё роўна была шчаслівая. А ты з Ранам? – i праз паўзу: – Ну, раскажы мне, што ў вас там?
        Ран... Вольга хацела сказаць: «У нас усё нармальна! Ран паранейшаму ганяе аўтамабілі з Чыкага ў Мілуокі», але замест гэтага адказала, заціскаючы ў сабе страх:
        – Ма-а, ты пахавана ў Чыкага. Тут не можа гучаць твой голас, як не можа ён гучаць i ў любым іншым месцы. Гэта ўсё мае думкі, мае ўяўленне. Пра каго ж мне тут думаць, як не пра цябе? – i яна зноў асцярожна азірнулася – аднекуль жа ідзе гэты голас!.. I загаварыла, як мага больш разважліва: – Вунь ля бэзу ляжыць мой мяч. Я помню, як ты мне прывезла яго з Хойнікаў, яшчэ калі жылі на цэнтральнай сядзібе. Потым ён валяўся ў кладоўцы ўжо ў гэтым доме, і нехта выкінуў яго сюды. Ён ужо не такі ружовы.
        – Во-о як! Перакінулася на мячык, – незадаволена адгукнулася маці, – А мне цікава пачуць, як у вас усё складваецца?
        Вольга марудзіла з адказам. У галаве ўвесь час круцілася думка, ці не звар’яцела яна: самым натуральным чынам ужо колькі хвілін размаўляе з памерлай маці.
        – Ну, дык што Ран?
        I Вольга загаварыла:
        – Ён быў супраць, не хацеў, каб я ехала сюды. A ўсё пачалося ў чэрвені. Ран нагледзеў возера Brown Lake. Гэта недзе паміж Чыкага i Мілуокі. Мы ехалі туды, i Ран мне расказваў пра штат Вісконсін. Brown Lake ў гэтым штаце. «Вісконсін – самы малочны штат, – казаў ён– Тут вырабляюць славуты вісконсінскі сыр». А я глядзела на кукурузныя палеткі, на ўпадзіны i пагоркі... Мільгалі фермы, невялікія статкі ля ix. I мне ўвесь час хацелася плакаць. Даўно-даўно, а я помню, ма-а... Я вельмі добра помню. Я была ў такіх беленькіх сандаліках. Бацька вёз мяне ў Гомель... Тады па дарозе таксама мільгалі пагоркі i статкі.
        – Пра бацьку не трэба, – абарвала яе маці, – Прыехала дык прыехала. Мы занадта доўга гаворым, а я тут строю вячэру.
        – Вячэру? – Вольга здзіўлена зірнула на гадзіннік.
        – Гэта ў нас тут вячэра, – удакладніла маці.
        Вольга пацерла скроні, абхапіла i сціснула галаву рукамі. «У мяне слыхавая галюцынацыя, – зрабіла яна ашаламляльнае адкрыццё. – Як гэта я раней пра тое не падумала? Ёсць жа такі тэрмін у медыцыне. Мне гэта ўсё здаецца. Слыхавая галюцынацыя».
        A маці тым часам працягвала:
        – Ты разумееш, у нашым доме спыніўся час i ўсё пракручваецца i пракручваецца адна i тая вячэра. Бясконцая вячэра.
        – Не, ма-а, я гэтага не разумею.
        – А гэтага, Волечка, ніхто зразумець не можа, – сказала маці. – Падчас той чарнобыльскай аварыі неба абрынулася на зямлю. Тут другі космас, а хто з жывых ведае, што робіцца ў космасе?!
        I Вольга не вытрывала, закрычала:
        – Які тут можа быць другі космас?! Глупства, ма-а! Абязлюднелае, глухое месца. Ну вось зараз... Зараз я ўскочу на веранду, i ўсё скончыцца! Я буду блукаць па пакоях сам-насам з гэтым домам... А ты там... У Чыкага! Чуеш, пад той магільнай плітою.
        Яна сцягнула з плячэй скураны рукзачок, які дагэтуль быў у яе за спінаю, кінула яго пад сцяну i ўхапілася за вушак... «Ну, вядома, – думалася ёй, – гэтая слыхавая галюцынацыя ў мяне можа быць ад зморанасці. Адмерала ж пехам кіламетраў семнаццаць, увесь час напружана ўслухоўваючыся ў мёртвую цішу. I цяпер гэтае напружанне магло прарвацца матчыным голасам. Трэба расслабіцца, нічога ж страшнага не здарылася...» Ёй вельмі хацелася сюды, у дом апошніх гадоў свайго дзяцінства, куды так часта вярталася ў думках, ад чаго ніяк не магла выбавіцца нават у снах.
        Намацала нагою цагліну, падцягнулася i не ўскочыла, а хутчэй уздзерлася на веранду i знерухомела... ёй чамусьці захацелася нават не заплакаць, а заскуголіць тоненька-тоненька ад няяснага болю, ад нейкай незразумелай роспачы. Ну быў калісьці гэты дом ейным домам, а цяпер цвіль, затхласць даўно пакінутага жытла. Дык з чаго ж гэтае шкадаванне, такі пякучы жаль? Павяла позіркам... Веласіпед стаяў без адной педалі, побач ляжала пераверпутая бочка, у якой на зіму квасілі капусту. Бочка рассохлася, i абручы ледзь трымаліся. Пыл, пясок, бітае шкло, кавалкі паперы... Пустка... Веранда калісьці была перагароджана прыгожаю квяцістаю шторкаю, якую бацька прывёз з Варшавы. Цяпер на драціне матляўся брудны акравак. I побач з гэтым акраўкам – яна нават падалася бліжэй да драціны – звісалі тры ўшчэнт высахлыя рыбіны. Бацькавы акунькі. Не плотачкі, не карасікі, a менавіта акунькі. Бацька лавіў толькі ix, абсыпаў соллю i вешаў сюды, на драціну. Там, на Brown Lake Ран таксама лавіў акунёў, але яны былі вялізныя, тоўстыя, рыба bass – казаў Ран. Здымаў з кручка i кідаў назад у возера. А бацька сушыў сваіх акунькоў «пад піва». Вунь колькі запыленых парожніх пляшак у кутку! Не, гэтыя не з-пад піва...
        – Ага-а, ты не помніш?
        Вольга ўздрыгнула i ўся сцялася. У ёй заварушыўся ранейшы страх. Зноў матчын голас, але інтанацыя змянілася. Ён цяпер гучаў ціха і задумліва:
        – Пад канец, пры нагодзе... Гэта ўжо быў, напэўна, восемдзесят дзевяты год, мы з бацькам пілі толькі кабернэ. Усе лічылі, што чырвонае віно выганяе радыяцыю. А Валера, як аказалася, чырвонага віна не ўжывае. Яму я паставіла «Сталічнай». Памятаеш Валеру, электрыка з цэнтральнай сядзібы? Дык ты не палохайся, праходзь у гасцёўню... Валера цябе не ўбачыць. I я не буду бачыць, таму што цябе не было сярод нас на той вячэры. Ты была тым летам у маёй стрыечнай сястры ў Чашніках. Помніш тое лета?
        – Божачкі! Ну, гэта ўжо занадта, ма-а! Вядома, я памятаю тое лета. Я i цяпер прыехала да стрыечнай у Чашнікі, але пра якога Валеру ты мне тут кажаш?! Пра якую «Сталічную»?! Пусты... даўно пакінуты намі дом!– амаль крычала ўжо Вольга, –У мяне працягваецца слыхавая галюцынацыя. Ты, ма-а, у Чыкага! На могілках пад каменнаю плітою. «Людміла Іванаўна Грынчук» там напісана.
        – Волечка, дык я ж не пярэчу, – адразу адгукнулася маці. – Файная пліта! Вы з Алексам усё зрабілі, як я i прасіла. А тут... Я ж табе растлумачыла... Другі космас i гэтая бясконцая вячэра!
        Вольга не стала нічога адказваць, кінулася да дзвярэй гасцёўні, ірванула ix на сябе... «У эфіры апошнія паведамленні! У сваёй заяве ад трэцяга жніўня Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў...» – пачула яна, i голас дыктара адразу адляцеў некуды, стаў неістотным фонам, як i сам рэпрадуктар на шырокім падаконні за тонкаю гардзінаю.
        – Ма-а... Ма-а! – але вусны ледзь варухнуліся. I ўсё астатняе жыццё, колькі ёй адмерана, час ад часу ў думках Вольга будзе вяртацца да гэтага моманту першага ашаламлення...
        Яна бы змярцвела ў парозе. «Ну вось... У мяне пачалася ўжо зрокавая галюцынацыя. Зона, страшная зона, куды не павінна ступаць нага чалавека!» Вольга бачыла, як на сцяне насупраць гулялі промні стомленага жнівеньскага сонца, якое паварочвала ўжо на свой начны спачын. Пасярод пакоя стаяў накрыты на два прыборы стол, які нехта некалі назваў «кнігаю». Знаёмы абрус у дробную клетачку, пляшка «Сталічнай», салата, яшчэ нейкія стравы. Вольга ўвесь час адводзіла позірк ад матчынай постаці, яна была вось тут, побач. Трывожыла думка: а што, калі азірнецца i акажацца, што гэта не маці, a хтосьці ці штосьці іншае? Страх па-ранейшаму не адпускаў яе. I ўсё ж позірк не слухаўся, i ў нейкае імгненне ёй захацелася сарвацца, кінуцца да маці. Але ж тая каменная пліта на могілках у Чыкага... Значыцца, усё-ткі зрокавая галюцынацыя! Маці стаяла ля стала, на ёй была святочная сукенка, якую яна, Вольга, добра памятае, як i ўсё астатняе ў гасцёўні. Такім яна пакінула гэты пакой тым далёкім летам тысяча дзевяцьсот дзевяностага года. Вунь на крэсле яшчэ ляжыць яе старанькі сарафан, а яна яго ўсё шукала ў чамадане ў Чашніках. I маці, быццам перахапіла гэты ейны позірк, хутка падышла да крэсла, але сарафана не прыбрала, толькі сказала:
        – Рэчы Вольчыны ў шафу ніяк паскладаць не магу. Усё езджу i езджу ў Хойнікі, такі ў мяне нечаканы клопат, Валера.
        Taгo, каго маці назвала Валерам, Вольга паспела ўжо заўважыць, але яго яна бачыла ўпершыню, ці яе падводзіла памяць. Гэта быў яшчэ даволі малады мужчына, які адразу адазваўся да маці, але не азірнуўся, разглядаў фотаздымкі, застаўленыя за шкло серванта.
        – A ў каго цяпер няма клопату, Іванаўна, – i чамусьці засмяяўся. – Дзе гэта Пятровіч ваш так здымаўся, х-халера?! I ўсё з маладзіцаю нейкаю!
        – Ды Люба гэта! Люба! Хіба ты Любы не пазнаў?
        – I не пазнаў Іванаўна, што вы думаеце? Тут яна бы артыстка!
        Любе да артысткі было далека... «Калі б бацька не распачаў свой гандлёвы бізнес, яна, магчыма, i дасюль прадавала б у нейкай сваёй канторы бухгалтарам, – чамусьці падумалася Вользе, – У той канторы бацька i пазнаёміўся з Любай i потым ужо разам з ёю вазіў у Польшчу на продаж розны тавар, але ўпрошвалі Любу доўга. Вось i маці ўспомніла пра гэта».
        – Люба, Валера, для нас што шчаслівая знаходка. Золата, а не дзеўка! У Польшчу аднаму цяжка ездзіць, а яна ўпраўная. Спачатку, праўда, наадрэз: не, i ўсё! Але неяк угаварылі, яна ў Віці i за бухгалтара, i за прадаўца.
        – А чаму вы самі з Пятровічам не ездзіце?
        – Э-э, Валерачка, – адмахнулася маці. – Я ж i ездзіла дзесьці з год, i грошы добрыя мы зараблялі. А потым, ці ж ты не чуў? Аперацыя ў мяне гэтая... Я ж цяпер ужо інвалід. А доктар, чуеш, да апошняга казаў: «Я вам лімфавузел прааперырую!» Быццам я дурная, не ведаю, дзе ў мяне лімфавузел... Пухліна ракавая была, я ж гэта добра разумею. Дык які цяпер гандаль? Якая Польшча?!
        – Яно канешне, Іванаўна... Канешне... – Валера падышоў да стала, – Ф’ю-ю... I навошта пачасчунак такі! Нa мой розум, дык i ніякай праводкі вам не трэба рабіць.
        – Дык у нас жа ўвесь другі паверх без святла, – занервавалася маці, – А там жа i пакоік Вольчын... А ў яе апошні клас! Ці ж нам без электрычнасці заставацца?! Пры лямпе з кнотам?! Я табе добра заплачу, Валерачка.
        – Ды не ў гэтым справа, Іванаўна! Вы ж тут, у Лясным, ад свету адрэзаныя. А на цэнтральную ўжо, можа, трэцяя камісія прыязджала. Нават японцы два былі... Адсяляць усіх адсюль будуць, як па той бок Хойнікаў. Зарэчча ўжо адсяляюць... Мы цяпер, Іванаўна, што тыя манекены, прымералі на сябе заразу гэтую i паказваем усяму свету што з намі тут адбываецца.
        – Ну, ці ж разумны ты, Валера?! Aгa-a, манекены! Што выдумаў! Газет начытаўся. Хто ж нас цяпер адсюль адсяляць будзе, нас бы адразу адсялілі! Ты палічы... Чатыры гады прайшло пасля выбуху. Ды каб было тут што якое, ці ж нам бы дазволілі будавацца?! Мы ж усё, што зарабляем, на гэтыя сцены ўпляжваем, хто нам грошы такія верне?! Нічога больш не кажы мне... Сядай во-о... Чарку вазьмі... А потым на другі паверх пойдзем, я табе пакажу, дзе што там у нас! Сядай, сядай...
        Валера сеў, бліжэй да сябе падсунуў талерку. I маці таксама села насупраць яго. Цяпер Вольга зноўку бачыла толькі ейную спіну, а хацелася бачыць твар. I Вольга пайшла да крэсла, што стаяла ў кутку недалёка ад стала... «Валера цябе не ўбачыць, i я не буду бачыць», – успомніла яна матчыны словы. Значыцца, яна тут можа сядзець колькі заўгодна, пакуль не скончыцца гэтая іхняя такая неверагодная вячэра.
        – Дык адкаркоўвай пляшку... Салата ў мяне сёння смачная атрымалася.
        – З яе i пачну, – сказаў Валера. – А пляшка пакуль хай пастаіць. Спачатку пад’ем... – i паглядзеў на маці. – А наконт праводкі мяркуйце, Іванаўна... Ці ж не памятаеце, як залетась дзяцей нашых у піянерскі летнік пад Мінск вазілі? Дык начальства высокае да ix у рэспіратарах прыехала, вo-o як! Баяліся, што нашыя дзеці на ix радыяцыяй надыхаюць. А вы ўсё сцены гэтыя абсталёўваеце... Праводка вам трэба.
        Маці маўчала, накладвала ў талеркі салату... Адсюль, з крэсла, Вольга цяпер добра бачыла яе ўсю. Якая ж была змарнелая, худзенькая яна тым летам! I ўспомніла ўжо зусім іншую, якой была маці тыя некалькі гадоў у Чыкага. Толькі аднойчы яна бачыла, як маці плакала. Гэта было на другі дзень пасля іхняга вяселля з Ранам. Тады да ix у Western Springs маці прыехала з містэрам Алексам раненька. Яны яшчэ спалі, i маці прыгатавала ім сняданак. Калі ўжо снедалі, раптам сказала: «А ў нас там, на Беларусі вяселлі цэлыя тры дні гуляюць. I з гарманістам абавязкова. У нашым пасёлку, помню, усё Сёмка Кульгавы іграў... Так ужо мог урэзаць, ажно сам падвіскваў!» Гэта зацікавіла Рана. I калі паснедалі, ён некуды паехаў i праз якуюсь гадзіну вярнуўся ca скрыпачом з чыкагскай падземкі. Звычайным вулічным скрыпачом. I той скрыпач іграў ім цалюткі дзень на сваёй скрыпачцы... То ўставаў то садзіўся на табурэтку ля куста магноліі, што ўжо зацвіла белым цветам. I пялёсткі падалі на зялёны газончык, i яна з Ранам цалавалася за празрыстаю шторкаю ў ванным пакоі, а потым гук бы сарваўся, адлятаючы кудысьці высока-высока, i Вольга выглянула ў вузенысае акенца i ўбачыла маці за кустом той, бы абсыпанай снегам, магноліі. Маці плакала, гэта яна зразумела адразу i выбегла да яе...
        – Ну з чаго ты ўзяла, што я плачу? – Яна прытуліла Вольгу да сябе. – Мы ўжо хутка паедзем з Алексам... А заутра, калі раптам патэлефануеш, нас можа i не быць. Алекс хоча завезці мяне ў шпіталь, нешта такое ў мяне зноў, Волечка...
        Маці з таго шпіталя ўжо не вярнулася. Але лёсу так было трэба, каб яна яшчэ раз пабачыла жывую маці, стала сведкаю вячэры, на якой калісьці яе не было. I гэта ніякая не галюцынацыя, з нервамі ў яе, вядома ж, усё ў парадку. I стомы яна ўжо не адчувала. Тады што ж гэта? Вычвары зоны ці што іншае, чаму няма вытлумачэння ў зямным жыцці? Вольга прыслухалася. За акном пачуліся крокі, i маці таксама пачула ix, бо прыўстала з крэсла, паглядзела ў акно...
        – Што, Пятровіч ваш? – запытаўся Валера – Якраз на вячэру.
        – Не, не павінен Пятровіч... Учора ў Гомель паехаў. Таварам загрузіцца i толькі па Любу ў Хойнікі заскочыць. Ён у Польшчы цяпер часцей, чым дома. – Маці прыслухалася...
        З ганка чуліся галасы. Зарыпелі i ляпнулі дзверы на верандзе.
        – Гэ-эй, тут хто ёсць?! – загрымеў мужчынскі голас.
        I Вольга ўся затрапятала: людзі! А стрыечная ж папярэджвала, казала, калі яна сабралася сюды: «Ты там людзей бойся! Убачыш каго, адразу хавайся!» А куды ж яна тут схаваецца, i адразу мільганула думка: «Дзверы... На верандзе. Яны рыпяць. Толькі ж там ніякіх дзвярэй няма. Там чорны праём...» A ў гасцёўню ўжо ўваліўся мужчына. Ён нагадваў паляўнічага, толькі стрэльбы не хапала. Высокія гумовікі, кароткая куртка са штучнай скуры, няголены твар. Кінуў хуткі позірк на стол, потым гэтак жа хутка азірнуўся:
        – Ты глядзі, Клаўдзя, мы акурат на пляшку! Нюх, што ў сабакі, у мяне.
        I ў пакоі з’явілася Клаўдзя, маленькая, кірпаносенькая, кругленькая жанчына.
        – А-яй-й! Нюх у яго! Разагнаўся, халяўшчык. Ты ж запытайся, ці Грынчукі гэта? Mo i не іхняя хата?
        – Грынчукі, – адказала маці. – Хата нашая, а мужа няма дома...
        – Дык нам ты i патрэбна, гаспадынечка, – узрадавана адазвалася жанчына. Яна была таксама ў гумовіках i ў шырокім, бы не ca свайго пляча, плашчы. У руках трымала вялікую сумку з надпісам «Палёт». Павярнулася да мужчыны. – У такой справе, як наша, лепш з жанчынаю гаварыць, ага, Сцепа?
        – Пагаворым, – буркнуў той i ўжо да маці: – Ну... Гаспадынька... Таго... Можа, мы сядзем? – выразна паглядзеў на стол.
        – I не думай! – Клаўдзя ўхапіла яго за рукаў, пацягнула. – Сюды во-о, на канапу сядай... У сумцы свая пляшка ёсць! – i паставіла сумку на падлогу ля каналы.
        – Не, чаго ж? За стол сядайце, – няўпэўнена сказала маці.
        I яны не прымусілі сябе ўпрошваць, адразу селі за стол.
        – Валера, дастань там відэльцы, – кіўнула маці на сервант. – Табе бліжэй.
        – Каўбасу i рукою можна, – адмахнуўся мужчына i ўзяў кавалак каўбасы. – A чаркі дастань! –i засмяяўся да Валеры, – Значыцца, «Сталічная»? Ты ведаеш, як мы ў маладосці яе называлі? «Беласнежка i сем гномаў!»
        – Сціхні!– прыкрыкнула жанчына. – Гном смярдзючы! Слова не дасць уставіць! – i ўжо лагодна, склаўшы на грудзях рукі: – Мы цяпер у Падліпках... Ці была калі там?.. I прачулі... Прачулі, гаспадынечка, што дзіцятка ты сабе хочаш узяць. Ты ж i сёння ў Хойніках была... У радзільным доме. Пыталася, мо адказнічок які ёсць? Залаценечкая, нашу дзяўчынку вазьмі! Дачушачку дарагую... Пяць годзікаў ёй.
        Мужчына, не перастаючы жаваць, заківаў галавой:
        – Угу-у, будзе пяць. Яна усё правільна кажа. Ты не бойся... Мы ўсё як след зробім. Аформім па закону. Тваё дзіця будзе, без прэтэнзій.
        Валера бразнуу відэльцамі, адсунуўся ад стала:
        – Іванаўна, не людзі гэта! Вар’яты да вас у хату прыйшлі. Яшчэ не было такога тут у нас, каб хто дзіця сваё аддаваў у чужыя рукі па добрай волі.
        – Вар-р-р-’яты!– скрывіўся мужчына. – На мацюка нарываешся. Нелегалы мы.
        – Ага-а, нелегалы, – хутка адазвалася жанчына, – На ўсе Падліпкі толькі мы адны i ёсць. I ўсё з-за гэтага чорта, – кіўнула яна на мужчыну. – Нас падманулі... У Гомелі ў нас хата была, на самым уездзе. А потым хлопцы нейкія падлабуніліся. «Прадайце, – кажуць. – Мы вам добрыя грошы дамо i ў вёсцы хату за бясцэнак купіць дапаможам». I ў Падліпкі тыя нас вазілі. Хату паказалі, стаяла з забітымі вокнамі. Добрая хата.
        – А яна ўжо тады без гаспадароў была. Нічыя, – сказаў мужчына. – Людзі адразу, як толькі выбухнуў Чарнобыль, адтуль з’ехалі. Але ж мы пра гэта не ведалі.
        – Маўчы, п’янюга! Каб табе грошы кішэні не пяклі, каб мы адразу туды паехалі, цяпер бы, можа, ужо ў нейкім іншым месцы жылі б. А ён жа, гаспадынечка, піў i піў i я за ім цягалася. A калі сабраліся ў тыя Падліпкі, там ужо i людцаў не было. Усіх адсялілі, усе адтуль з’ехалі. Радыяцыя ix па ўсёй Беларусі раскідала.
        – I супраць яе адна сіла ёсць, – мужчына кіўнуў на пляшку, паглядзеў на Валеру, – Ра-азлівай!
        Валера падсунуў «Сталічную» да сябе, падумаў i паставіў яе пад стол.
        – Дудкі! – сказаў ён i павярнуўся да маці. – Вы ж павінны ведаць, Іванаўна, майго суседа. Ну, Цапік Васіль... Ён на цэнтральнай у цяпліцах за вартаўніка. Дык на пачатку лета сучка ў яго ашчанілася. Ён шчанючкоў тых хацеў забраць з будкі i сучку да варота ў да слупа бетоннага прывязаў... А яна ж, як угледзела, што шчанюкоў бяруць, дык слуп той бетонны вывернула i па ўсім двары яго цягнула... Дык то ж сучка, Іванаўна! Эх-х... Людзі! Усё вы разам з хатаю прапілі! А можа, Чарнобыль нутро з вас высмактаў!
        – Табе ж патлумачылі, – буркнуў мужчына. – Нелегалы мы! – падумаў штурхануў Клаўдзю, – Нам з ею ўжо i прапасці можна, пажылі... А ты б Ганначку нашу пабачыў! Навошта дзіцяці дзічэць разам з намі, каб радыяцыя ела. Назад у Гомель няма нам ходу.
        – Чаму? – адазвалася маці. – Вядома... Калі прадалі, хату сваю ўжо не вернеце, але ж дзяўчынку ў нейкі інтэрнат уладкаваць можаце. Дый сваякі нейкія ў вас ёсць...
        – Далека... Далека сваякі, гаспадынечка. На Поўначы, – загаласіла Клаўдзя, – Вазьмі Ганначку нашу, не пашкадуеш. Ой, якое дзіцятка разумнае, як слухацца ўмее! Калі я скажу ёй, яна цябе адразу мамкаю будзе зваць!
        – У Гомель вам трэба вяртацца, – абарвала яе маці, – У нас ужо ёсць дачка, немаўлятка нам трэба. Мы хлопчыка сабе хочам узяць, i каб яшчэ да году... – i маці замоўкла, потым сказала: – Яшчэ хтосьці... на машыне пад’ехаў.
        Вольга таксама пачула. За домам, зусім блізка загула машына. Але гул як узнік, так i абарваўся.
        – Няма ніякай машыны, – сказаў Валера, – Прыдалося, Іванаўна... Я гляджу, цямнець хутка пачне. Выпраўляйце вы гэтых бадзяжнікаў, ды на другі паверх пойдзем, калі ўжо так трэба праводка вам.
        – Электрычнасць правесці хочам, – загаварыла маці да жанчыны i не скончыла... Хтосьці яшчэ ўвайшоў у дом. На верандзе чуліся гучныя хуткія крокі, i, калі дзверы ў гасцёўню адчыніліся, Вольга ледзь не задыхнулася: бацька! На парозе стаяў бацька. Гэта ён i прыехаў на машыне. Яна столькі гадоў яго не бачыла, ад таго самага лета. Яны нават не перапісваліся, хоць стрыечная казала, што ён прасіў у яе іхні адрас, але так i не напісаў... Бацька зняў пінжак, шпурнуў яго на канапу. Затрымаў позірк на маці i, не зважаючы ні на кога, кінуў ёй злосна:
        – Чамадан збяры!
        – Ві-іця? – Маці паднялася з-за стала, – Я ж табе ўсё сабрала ў чырвоную сумку. Там дзве кашулі...
        – Рэчы мае збяры! Дзе чамадан чорны?!
        – На другім паверсе... чамадан чорны.
        I бацька рынуўся на кухню. Адтуль пачаў паднімацца па лесвіцы на другі паверх. Вольга добра чула ягоныя крокі.
        – Нічагусенькі не разумею... Якія рэчы? Я ж яму, Валера, усё сабрала... – i маці ўзяла Валеру за руку.
        – Ай, не разу-умееш, – адазвалася Клаўдзя. – Ды кідае ён цябе, ідзе ад цябе... Мой першы таксама калісьці во так казаў: «Чамадан збяры...» Усе яны так гавораць. А нам жа даводзілі людзі: «Дзіцятка ўзяць яна хоча, a сям’і там няма, развальваецца! Люба нейкая ў яго ёсць!» – i ўжо да свайго мужа: – Пайшлі, Сцёпа, адсюль... Тут цяпер не да нас!
        Яны пачалі выходзіць з-за стала... Жанчына падхапіла сваю сумку «Палёт». Мужчына паглядзеў на Валеру:
        – І не наліў-такі, гад!
        – Ідзі, ідзі... – адмахнуўся Валера i пачаў супакойваць маці: – Ды не слухайце вы гэтую цётку, Іванаўна! На тое i язык, каб малоць... На вас твару няма. Ды Пятровіч не такі, каб сям’ю кінуць.
        «Нелегалаў» ужо не было ў гасцёўні. Вольга адчула, што ёй нясцерпна хочацца піць, нібыта выпекла ўсё ў ёй гарачае хваляванне, але кока-кола засталася ў рукзаку, які яна пакінула пад сцяною, каля груда бітай цэглы. Аблізвала перасохлыя губы i не адрывала вачэй ад маці: бедная, бедная мая мама! А бацька ўжо вяртаўся з другога паверха, ягоныя хуткія крокі чуліся на лесвіцы, потым на кухні i на верандзе. Пстрыкалі замкі чамадана. Але вось ён увайшоў у пакой:
        – Дзе мае новыя туфлі?
        – Відаць, у шафе, у спальні.- адказала маці. Яна ўсё яшчэ трымалася за Валеру. I бацька пайшоу у спальню, якая была туг жа, на першым паверсе, побач з гасцёўняй.
        – Пятровіч, а-а Пятровіч? – Валера адвёў матчыну руку, i маці ўхапілася за спінку крэсла, а Валера зазірнуў у спальню. – Я тут... наконт праводкі зайшоў. Іванаўна кажа, што электрычнасць вам трэба на другі паверх правесці.
        – Гэта ўжо толькі яе клопат, – адгукнуўся бацька. I, калі выйшаў ca спальні, сказаў, ужо звяртаючыся да маці: – Ты тут што хочаш, тое i рабі! Прасіў жа цябе, казаў... Не хадзі ні ў які радзільны дом! Якое дзіця табе трэба?! Куды ні паткнуся, толькі i чую пра нейкае ўсынаўленне! Не паслухала... Волькі табе мала... Дык жыві ты як хочаш!
        I маці бы прачнулася:
        – Віця... Дык ты ж нічога ніколі не казаў супраць... Ты ўспомні... Mне i думалася... Я ж не магу нарадзіць, ты ведаеш... Давай спакойна... Ага-а... Я ж цябе сабрала... Я ж думала, ты ў Польшчу з Любаю зноў паедзеш... Ты ж казаў...
        – Люба не будзе больш са мною нікуды ездзіць, – бацька сціснуў пад пахай каробку з туфлямі, ажно затрашчаў кардон. – Люба цяжарная... – падхапіў з канапы пінжак, выйшаў i яшчэ раз зазірнуў у гасцёўню, – У Чашнікі сам па Вольку паеду. Праз два тыдні прывязу яе!
        I не прыехаў... Hi праз два тыдні, ні пазней. Ужо У сярэдзіне жніўня ў іхнім пасёлку Лясное пачалося адсяленне, i ў Чашнікі прыехала адна маці. А Лясное стала часткай зоны.
        ...З двара яшчэ чуўся гул бацькавай машыны. Валера дастаў зпад стала пляшку «Сталічнай».
        – Цяпер бы самы раз узяць чарку, – сказаў ён. Падумаў i паставіў «Сталічную» назад пад стол. – Не, вашай чапаць ужо не буду. Дома вып’ю... Дык мне ісці, Іванаўна?
        – Я буду думаць, Валера, наконт праводкі, – адказала маці. Яна так i стаяла, трымаючыся за крэсла, i ўвесь яе выгляд казаў што яна ў сваіх думках дзесьці далека адсюль. Валера зразумеў што яму трэба ісці:
        – Накажаце на цэнтральную, калі надумаеце...
        Маці адразу, як толькі ён выйшаў з гасцёўні, апусцілася на крэсла, галава яе ўпала на стол, на складзеныя рукі, i валасы рассыпаліся на непрыбраныя талеркі. Але яна не плакала, толькі вырваліся надрыўныя словы:
        – I дзе ж ты там... У тых Чашніках, мая дачушка-а?! Чаму ж цябе цяпер няма са мною? Дочачка мая, дочачка...
        Вольга ўся напялася, гатовая закрычаць: «Я тут, ма-а. Ты ж ведаеш, што я тут... Побач! I пакутаваць табе не трэба, ма-а! Гэта ўсё даўно мінулася, даўно ўсё прайшло!.. Ма-а, ты ж ведаеш, што ўжо i бацькі даўно няма. Бацьку забілі нейкія бандзюгі ў дзевяноста чацвёртым годзе недалёка ад мяжы з Польшчаю, Табе пра гэта пісала стрыечная, а ты мне не сказала, ма-а. Не сказала! I Любы таксама няма. Люба ў дзевяноста шостым паехала прадаваць мяса ў Расею, у Варонеж, ма-а... I не вярнулася. Прапала, знікла Люба, i ніхто не ведае, што з ёю здарылася. Застаўся толькі іхні сын, ма-а, васьмігадовы Віцька. I Любіны сваякі ўладкавалі яго ў нейкі сірочы інтэрнат. Але я знайду Віцьку, ма-а... Віцька мне брат... Ён мой брат, ма-а!»
        Вольга не стрымала сябе, кінулася да маці i... абняла пустату. I сама ўжо ўпала на тое старэнькае крэсла, галаву апусціла на стол, брудны, запылены, i рукі адчулі халодны фарфор нейкіх чарапкоў...
        Вольга рыдала. А потым штосьці зазвінела, i яна падняла галаву. Ля серванта, выціраючы ручніком талерку, стаяла маці. I стол перад Вольгаю ўжо быу засланы знаёмым абрусам у дробную клетачку, а на верандзе хтосьці тупацеў...
        – Чуеце, вы дома, Іванаўна? – у гасцёўню зазірнуў Валера, – Прасілі, каб зайшоў?! Мне перадалі... Я i не марудзіў.
        – Прасіла, прасіла, Валера, – адгукнулася маці, – Ведала, што адразу прыйдзеш, таму i вячэру строю...
        I Вольга зразумела, што гэтая вячэра пачынаецца спачатку. Бясконцая вячэра... Як сказала маці: «Другі космас, а хто з жывых ведае, што робіцца ў космасе?» – i Вольга дадала ад сябе. – У гэтай зоне, кранутай атамам.
        Валера прайшоў да серванта. Маці паставіла талерку на стол. Вольга паднялася... Яна ўжо была сведкаю гэтай вячэры. Азірнулася, затрымала позірк на матчынай постаці i пайшла да дзвярэй, але ў парозе спынілася, прытулілася шчакою да вушака. Гэта было развітанне з родным домам. Назаўсёды.
        А праз некалькі месяцаў калі ўжо золатам апалага лісця адгараў кастрычнік, Вольга разлічвалася з вадзіцелем таксі ў міжнародным аэрапорце «Мінск-2».
        – Ну, шчаслівай дарогі! – сказаў таксіст, – Мо чамадан паднесці? Я магу.
        – Ён не цяжкі, – адказала Вольга i, падхапіўшы чамадан, падала другую руку хлопчыку, што стаяў з ёю побач.
        – Пайшлі, Віцька! Зараз убачыш, як самі перад намі расчыняцца дзверы.
        Віцька паглядзеў на яе:
        – А я, як вырасту, вярнуся сюды, каб знайсці маму Любу?
        – Вядома... Захочаш, дык вернешся.
        I, калі шкляныя электронныя дзверы перад імі рассунуліся, Вольга прыпынілася i на адно кароткае імгненне азірнулася назад.
        Цямнеў лес за далёкім полем, вілася асфальтаваная дарога, a бліжэй стаялі рады прыпаркаваных машын... Вірыліся ў сваім клопаце людзі, i не было сярод ix нікога, хто б развітальна памахаў ім рукою.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.