РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мае казкі
 
Як, чаму, калi i навошта я напiсаў кнiгу казак з Шэрай краiны
        Казкi любяць усе. У беларусаў заўсёды добра атрымлiвалiся тры рэчы: песнi, казкi i праклёны. У маёй сям’i найлепшыя казкi расказвала бацькава мацi – баба Броня. Гiсторыi пра хiтрую лiсiчку, якая крала дзедаву рыбу, як i аповесць пра хлопчыка Васiлька, якому пташкi падаравалi пёры, каб ён зрабiў крылы i ўцёк ад вядзьмаркi-людажэркi, я пачуў у далёкiм дзяцiнстве. Голас бабы Бронi, яе iнтанацыi i мелодыка яе мовы амаль паўстагоддзя захоўвае мая памяць. Яе казкi я запiсаў i выдаў у рамане «Дом». Безлiч казак мне прачытала мама. Гэта былi класiчныя лiтаратурныя казкi пра драўляную ляльку – Пiнокiа, пра Вавiлонскую вежу, пра брэменскiх музыкаў, пра Лемюэля Гулiвера, пра трох таўстуноў… Асобна трэба сказаць пра жахлiвыя гiсторыi i казкi, што мы дзецьмi пераказвалi адзiн аднаму. Чорная рука, Чырвоная пляма, Труна на колцах жылi ў нашым пiсьменнiцкiм доме № 7 на вулiцы Чарнышэўскага, што ў Менску. Найлепшай казачнiцай у нашым пад’ездзе была Веранiка Махнач. Гэтыя тры жаночыя галасы i з’яўляюцца для мяне сапраўднымi iнтанацыямi ў напiсаннi казак. Дзякуючы тром жанчынам: Бранiславе Шайбак (Адамчык), Нiне Глобус i Нiцы Махнач, я паверыў у казку. Так, менавiта паверыў. Дзякучы iм, я адчуў усю красу i сiлу гэтай лiтаратурнай формы. Колькi сябе памятаю, я сам расказваў i пераказваў казкi i гiсторыi. Шмат хто лiчыць, што расказваю я значна лепей, чым пiшу, хоць мне падаецца – запiсваю я свае творы досыць старанна i дакладна. Пiсаць пра казачныя вобразы я пачаў, калi працаваў у часопiсе для школьнiкаў «Бярозка». Разам з Уладзiмiрам Сцяпанам мы прыдумалi п’есу «Мёртвы доктар», а мой брат Мiраслаў з Максiмам Махначом для часопiса напiсалi ажно чатыры п’есы на падставе дзiцячых жахлiвых гiсторыяў: «Люстраная шафа», «Лядоўня», «Белая прасцiна», «Чорная рука», – якiя сабралi ў агульную кампазiцыю пад назваю «У чорным-чорным горадзе…». Малюнкi ў стылi комiксаў да гэтай драматургi чнай iмправiзацыi зрабiў мастак Iгар Варашкевiч, больш вядомы як салiст рокгуртоў «Бонда» i «Крама». Нашы п’есы спадабалiся ўдзельнiкам рускай лiтаратурнай суполкi «Чорная курыца», якая супрацоўнiчала з часопiсам «Пионер», што ў Маскве. Той часопiс абяцаўся выдрукаваць п’есы ў перакладах на расейскую мову, але раптам зрабiў прапанову: перапiсаць iх у аповесць, маўляў, форма аповесцi больш запатрабаваная чытацкай аўдыторыяй. Быў рэвалюцыйны час, на вачах развальвалася i руйнавалася састарэлая i спарахнелая савецкая iмперыя. Трэба было пiсаць новае, а не займацца пераробкамi сваiх напiсаных i апублiкаваных твораў. Тым больш, мы лiчылi жанр кароткай, комiксавай, батлеечнай п’есы цалкам адпаведным аўдыторыi дзяцей, спадзеючыся, што школьныя тэатры захопяцца такiмi яскравымi вобразамi, як Белая прасцiна ды Чорная рука. Але «Чорная курыца» разам з «Пионером» вырашылi iнакш. Замест нашых п’ес на часопiсных старонках з’явiлася аповесць Успенскага пра Чырвоную руку, Чорную прасцiну ды Зялёныя пальцы. Нi Мiраславу, нi Максiму, нi Сцяпану, нi мне з «Пионера» больш не тэлефанавалi. «Чорная курыца» таксама на доўгi-доўгi час нiбыта правалiлася пад зямлю. А вось Успенскi, бацька вушастай Чабурашкi, разгарнуў кiпучую дзейнасць. З тэлеэкранаў ён крытыкаваў, не буду казаць аплёўваў i ахайваў, кнiгi нашага выдавецтва «Лiтаратура» пра чарапашак-нiндзя. Ён разам з Усачовым выдаў яшчэ адну кнiгу пра Чорную руку «Самые страшные ужасы». Ён, яны… Ды бог з iмi… Больш цiкавую кнiгу выпусцiлi выдавецтвы «АСТ» i «Ладомир» – «Русский школьный фольклор», дзе ёсць сшытак, зроблены спадаром Лойтарам «Детские страшные истории («Страшилки»)». Гэта, бадай, першая спроба зiрнуць панавуковаму на славянскую Чорную руку. Не прамiну сказаць, што ў той сшытак трапiлi i гiсторыi, запiсаныя ў Беларусi. Абыякава глядзець, як распачатая намi справа робiцца iншымi, хай сабе i таленавiтымi, людзьмi, мне было сумна. Таму я замовiў Iллi Свiрыну на падставе фальклорных матэрыялаў напiсаць кнiгу «Анекдоты и страшилки для мальчиков и девочек». Кнiга напiсалася, яна выйшла i досыць паспяхова прадалася. Мы мусiм нават зрабiць дадатковы наклад. Але праца Свiрына, як i кнiгi Усачова ды Успенскага, мне не зусiм падабалiся, бо яны вельмi блiзкiя да фальклорных узораў, у iх бракуе аўтарскага голасу i мастакоўскага бачання. Таму я напiсаў уласную версiю кнiгi казак пра Чорную руку i Шэрую краiну.
        
P. S.

        Некалi даўно мой сусед – беларускi казачнiк Уладзiмiр Караткевiч – ахвяраваў мне альбомны верш:
        
Чорная часiна
(Страшная казка)

 
Чорная мара
Чорнай гадзiнай
У чорнай iмшары
Мы заблудзiлi.
Што чорныя стрэхi,
Чорныя дахi? –
Тут чорныя духi,
Чорныя страхi,
У хатцы чорнай,
У чорным пакоi
На чорным стале
Штось чарнее такое
У чорнай труне
(Найчарнейшы канец!)
Там чорны-найчорны ляжыць…
……………………………………
Селядзец!!!
        
        Так ён паўжартам-паўсмехам падкрэслiў маю заўсёдную любоў да гiсторый страшных i вобразаў гатычных ды рамантычных. Абодва мы любiлi казкi. Зрэшты… Казкi любяць усе, паўсюль i заўсёды.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.