РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Славамір Адамовіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зваротныя правакацыі
 
Вершы
Таварышам па арганізацыі «Правы Рэванш» прысьвячае аўтар гэтыя праявы
 
Мы
Дождж прайшоў. Сонца. Трава расьце. Блішчаць
валуны. I мы расьцём, дужэем, наліваемся моцай
і гартуем наш дух.
 
Мы высока. Абапершыся на плячо маланкі і на
поўныя грудзі ўдыхаючы азон, мы гаворым з самім
Перуном. Мы памятаем сказанае: «Мы – дамо!
Мы – сіла! Мы – права!» Бо мы маем нашу зям-
лю. Зь яе мы паўсталі, яе любім, у ейнае ўлоньне
мы вернемся. I ў гэтым вечным кругабегу нам на-
канавана зьдзяйсьняць волю ёю народжаных –
нашу волю да жыцьця.
 
Мы – здаровыя. Прыгожыя. Маладыя.
 
Мы на маршы. Шырэй крок! Раз-два, раз-два...
Насустрач сонцу, дажджу, ветру. Па нашых даро-
гах. Мінаючы старыя дзядзінцы, гарадзішчы,
замкі. На Ўсход. На Захад. На Поўдзень. На По-
ўнач.
 
Гэй, хто там супраць?!
 
Зьняць засьцерагальнікі.
 
Агонь!
 
 
 
 
*  *  *
Тутэйшыя мальвы і ластаўкі
жывуць па-тутэйшаму тут,
і траваў расістыя каслаўкі,
і мокры кастрычніцкі груд.
 
Жыву тут і я па-тутэйшаму,
бязьдзетна і ціха, як ёсьць,
шукаю гадамі пякнейшага,
пакуль не прайшла маладосьць.
 
Канцоўкі пішу да пачатага,
пачатае рву на шматкі,
а дзесьці за плугам аратага
кладуцца барознаў радкі.
 
 
 
 
Альтруістычнае
Калі мне пачалі даваць,
я ўжо быў сыты,
але не адмаўляў, хаця
быў як спавіты
ці то сном летаргічным, ці
сусьветнай комай.
Я быў як вецер у трысьці,
засьпеты стомай.
Мне не хацелася, каб так,
што дазарэзу.
Я ціха тлеў, я траціў смак,
і нават рэзус мяняла кроў мая ўва мне
спакойна, ўпарта.
I мне было, як на вайне
ці ў кнігах Сартра –
нудотна, брыдка, а рабі.
I я стараўся
араць глыбока плоць ральлі,
цягаў каменьні на грудзі крушняў,
а калі яны прасілі: досыць! досыць! –
я заціхаў і слухаў шэпт
гарачых вуснаў.
Удзячны шэпт.
 
18.VIII.1993.
 
 
 
 
Сон пра нож
1
Любімы сябра, зроблены аднойчы
з бліскучай нержавейкі, на заказ –
лязо тваё цалую, ойча, тройчы,
гарачым языком кранаю паз –
рышток, старанна выразаны майстрам
з адною мэтай: каб сьцякала вон
кроў чорная з варожых чорных сэрцаў,
каб вораг наш знаходзіў хуткі скон.
2
Я ў даланю бяру халодны тронак,
нібы ўзыходжу на айчынны трон...
Каліны сок сьцякае долу з гронак,
і разам зь ім пра нож зьнікае сон.
 
 
 
 
*  *  *
Блукаю і блудадзею
са словам – яно маё.
Яно мне дорыць надзею,
яно мне жонкаю ё.
 
Са словам іду я ўпрочкі
на месяц, на год, на два.
I мала мне цёмвай ночкі,
і што ж мне, што СО2.
 
Са словам я аўтаномны:
бадзяюся і буджу
заспаных зьвяроў і гномаў,
дыктатара і раджу.
 
Ах, слова! Адзіны сябра,
з табой у зьвязцы іду
скрозь логвы чырвоных фабрык,
скрозь мёртвую рэк ваду.
 
Мы дойдаем з табой – да славы
альбо да згубы – няхай!
Ты сіла, закон і права,
і пекла маё, і рай.
 
 
 
 
*  *  *
Пекнасьць простае рэчы,
слова, музыкі, формы,
жар нацепленай печы
і гармонію нормы,
 
і твае, дзеўчынёшка,
худаватыя плечы,
і прыгожую ножку,
і маўчаньне дарэчы,
профіль сумны і хваляй
валасы, німбы нібы, –
гэта ўсё я і слаўлю,
напінаючы фібры.
 
 
 
 
Момант перамены рытму
Вы зайшлі на некалькі хвілін,
пахам сну бязгучна атулілі,
ціха запыталі, чый я сын,
і за штосьці нават пахвалілі.
Я маўчаў, я крэмзаў на лістах
словы, непадобныя на словы.
На старой рабіне шэры птах
лопаў крыльлем. Зырка сьпелі дровы
ў белай грубцы – іх сьпяліў агонь.
Выло нам сьвята. Потым
вы белы шалік скінулі на капу,
прайшлі ў пакой, пасьля прыселі,
белаю рукой аперліся на брыж.
Ложак рыпнуў. I тады зьляцелі
вам пад ногі дзьве пушынкі звыш.
Гэтак пад стары пахілы крыж
восеньню зьлятае лісьце з клёнаў
на вясковых могілках, дзе сьпяць
нашы продкі, век свой перабыўшы
па чужых законах...
Вось і ўсё. Дасьпелі дровы ў печы.
Кахля разагрэла пахі сну.
Я падумаў: Божа, як дарэчы,
што ня трэба заўтра на вайну.
 
 
 
 
*  *  *
Калі жанчына спажывае грушу,
ці яблык, ці кавалак мяса сьпелы,
дасмажаны на новенькай патэльні, –
люблю я назіраць і ў гэтым бачыць
вялікі сэнс, і прыгажосьць, і радасьць.
Няхай жа зьмест арганікі бялковай
падтрымлівае пекнату кабеты,
каб здольная была яна заўсёды
мяне завабіць не кавалкам мяса,
дасмажаным на новенькай патэльні,
а пульхнасьцю сваіх ружовых вуснаў,
і ямкамі на гэтых самых шчочках,
і таліяй, таўстою ці ня вельмі,
але каб мог абняць я беспраблемна,
каб мог абняць яе пасьля вячэры,
і, сытую, каб мог сабой насыціць,
а потым-потым выслухаць падзяку
і задушыцца ў белым прасьцірадле
ад радасьці, што меў яе такую.
 
23.IX.1993. Электрычка «Менск – Баранавічы».
 
 
 
 
*  *  *
Зіма. Разгуляўся люты.
Правінцыю замяло.
Над чорным будынкам гуты
зьвілося дымоў кубло.
Направа, дзе дом бяз вокан,
а пятай сонца эайшло.
У чорнай пасьцелі кокан
зарыў чалавек хайло.
Няхай не бянтэжыць слова
апошняе вас, ханжа.
Я ведаю: гэта клёва,
нібыта ясі з нажа.
І потым, шматфарбнасьць фразы
ня сьведчыць пра ейны зьмест.
Бываюць такія фазы,
калі вырашае жэст.
Бывае, што трэба рэзка,
дарэшты ісьці на разрыў,
пакуль не згарыць, як трэска,
твой  самы сьвяты парыў.
Зіма, я люблю твой холад,
мароз твой, рэдкі цяпер...
На жаль, я зусім ня волат,
на шчасьпе, яшчэ ня зьвер.
 
 
 
 
Экспромт №1
Чым штодня рукапрыкладствам,
лепш займацца рукаблудствам.
Як наіўнай формай блядства
і вышэйшым відам глупства.
 
 
 
 
Экспромт №2
Вось я і скончыў. Няважна, што:
акт ананізму ці акт зачацьця.
Важна, што потым захочацца сто
выпіць поўнага, так сказаць, шчасьця.
 
Важна, што потым сяброў кагал
прыйдзе з адным на сямёх паўлітра,
вып’е маіх пяць, падыме гвалт,
і абярэ мяне літрапалітам.
 
 
 
 
Экспромт №3
Трапіўшы ў белую гурбу грудзей,
я астываю ад жарсьці,
адпачываю ад брудных людзей
і небясьпекі старасьці.
 
 
 
 
*  *  *
Зіма – ні марозу, ні гурбаў,
ні сьнежнае бабы ў двары.
Чамусьці ў душы неяк груба,
і хочацца ўпасьці згары.
 
I не даляцець, а згубіцца
у сінім ядлоўцавым сьне,
у рыжа-блакітнай ігліцы,
у гуках старога Маснэ.
 
25.I.1993.
 
 
 
 
Тацьцяне
Пра ўсіх ня думай дрэнна,
мяркуючы па мне.
Мажліва, я – антэна,
мажліва, што і не;
мажліва, я лакатар,
мажліва, толькі шлюз,
мажліва, экскаватар, –
капаю дрэнь і друз,
што людзі накідалі
за тысячы гадоў;
мажліва, я – сандалі
стаптаныя багоў;
я сьлікагель, мажліва,
і моры сьлёз людзкіх
высмоктваю чульліва
з кватэраў гарадзкіх;
мажліва, я і прагну
рабіць дабро, але
хутчэй за ўсё я – магма,
і стыну на скале;
мажліва, я кахаю,
але ня так, як вы;
мажліва, я хаваю
пад пахай нож крывы,
і вы не рызыкуйце
са мной ісьці ў кіно –
я блытаю часамі
жывую кроў зь віном!
 
 
 
 
Ранішнія кантамінацыі зь пераўвасабленьнем на фоне сонца і дажджу
Калі, зубоў прарваўшы белую ахову,
язык мой схопіць кроплю ранішняй расы
зь пялёсткаў толькі што расквітлай ружы –
о! гэта будзе момант пранізьлівае радасьці,
калі клінок шурпаты языка
ўвап’ецца ў сэрца самае бутона.
О, космас! Неўнікнёнасьці тваёй
я прагну, я – той чмель,
якому трэба многа, многа кветак,
зь якіх бы ён мог браць пылок,
яго ператвараючы ў мёд вечнасьці.
Вось я, але хто ты,
чыя так сьмела раніцай расістай
сьпее кветка? I для чаго,
раскошная надзіва,
і ўвечары, і ўраньні спакушае
аблокі, набрынялыя дажджом?
А можа, так і трэба?
I хай ад жарсьці пекліцца душа.
Няхай яна, застаўшыся у зрэбным,
у рызманах і босая, адна,
але няхай яна, як духам хлебным,
напоўніць вольным духам Перуна
маіх касьцей сырыя пустакі.
Што ж, я такі:
ад самае калыскі, яшчэ не распазнаўшы белы сьвет
і ў ім сябе, я стаў падоўгу доўга заглядацца
на кроплю чыстай ранішняй расы,
якая распадаецца паволі
ў асмужаным трохкутніку ядлоўца.
Яшчэ гады мне падказалі слоўда
таемнае і моцнае, зь якім
я мог у сьвет ісьці, нязнаны й дзёрзкі,
але абавязаўшыся вярнуцца
аднойчы ўраньні ў росныя лугі.
Таемнае мне слова нагудзелі
чмялі і пчолы, восвы, а яшчэ
(была тады, здаецца, што нядзеля)
і сонны вожык на сырой жарсьцьве.
Я спазнаваў прыроды элемэнты,
адрозьніваць вучыўся верасы
ад чабароў і мяккай дзеразы.
Я гаварыў ім столькі камплімэнтаў –
расьлінам і зьвярам без выключэньня.
I ўсё гэта за кропельку расы,
за права сузіраць яе штодня.
Радня
мяне шукальнікам назвала
за вечныя бадзяньні і за ўпартасьць.
Ня ведала яна, што мая вартасьць –
быць братам яшчарцы, шаптацца з воўчым
лыкам,
на крык знаёмы адзывацца крыкам
сярод начы, калі гудуць хрушчы,
зьнішчаючы
                          спакойна
                                                  хларафіл;
любіць і матылёў, і дразафіл;
любіць спачатку дождж, а потым – сонца,
калі яно гуляе ў кроплях спрытна
і зайчыкаў пускае на казюрак,
і сьлепіць вочы сонным кажанам;
любіць расу вячэрнюю на сконе
дня доўгага,
калі з балотаў цягне халадком;
любіць прыроды чын і беззаконьне,
любіць, калі раптоўна град-і-гром...
 
Калі, зубоў прарваўшы белую ахову,
язык мой схопіць кроплю ранішняй расы
так далікатна, што не здрыганецца
ружовы гіяцынт, – тады паўстане
з трохкутнае прасторы новы дзень.
 
 
 
 
Дзёрзкія фантазіі на тэму славы
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Марфалагічная дэструкцыя галавы ў сакавіку
Нахабна перапоўнены мой рот
сфэральнай кубатурай белых іклаў,
спаміж якіх дыміцца жарсьцю кнот,
а з паднябеньня рвецца крык асіплы,
альбо такі, што рве мэмбраны мас,
альбо такі, што распранае фурый...
Мой кнот-язык, мой сакратычны пас,
вывужвайся, вызьмейвайся на Юр’я!
I ты, мой дзень, не пакідай наш пост,
пакуль матор пампуе кроў у вены.
Яшчэ нам рана думаць пра пагост,
яшчэ ня ўсе пражыты перамены.
I ты, кадык, адамаў хрумсткі фрукт,
не падвядзі падчас, калі прамову
я буду прамаўляць і есьці з рук,
пяшчотных рук з брутальным пахам змовы.
 
 
 
 
Гарызантальнае перамяшчэньне сківіц
Рух сківіц па гарызанталі
здараецца, і ня рэдка:
калі вас на фронт забралі
альбо падвяла німфетка;
альбо калі рэжуць словам
ці проста душаць краватам,
ці ўпарта частуюць пловам
з чырвонага супэрфасфату;
альбо калі кават кахаюць,
але кахаюць бяздарна;
альбо калі брудна лаюць,
альбо калі дождж і хмарна.
Рух сківіц па гарызанталі
заўсёды мае прычыну:
напрыклад, каханьне ўкралі,
і нельга вярнуць жанчыну.
Ну, тую, што мае класны
клясычна-раманскі профіль,
і позірк скразны і ясны,
і хуткі вішнёвы «опэль».
Рух сківіц гарызантальна –
рэакцыя на праблемы,
на тое, што лёс фатальна
злучае ня тыя клемы.
 
 
 
 
Мімалётны эксцэс зь Евай Браўн
Ты ўсё яшчэ прывабная,
і ціхая, і здольная,
таемная і зграбная
па-свойму, і свавольная.
Але і новай рысаю
твой позірк перакрэсьлены.
І штосьці непамыснае
глядзіць зь цябе нявесела.
Пакінь жа ўсё, што зроблена
ня так, як бы хацелася.
Жыцьцё ня любіць згорбленых,
яно спрыяе сьмеласьці.
Падай мне рукі-рэчанькі –
я патану ў іх вуснамі.
Мы станем недарэчнымі
і крышачку распуснымі.
I ты часьцей задыхаеш,
і мне ўваччу зацемрыцца...
Старыя душы выхрысьцім
і ў новыя абернемся.
I зноў у крузе сонечным,
крыжуючыся ў свастыку,
мы стомімся, як гончыя,
мы зафіксуем пластыку.
Над намі водар аеру
ўсплыве, засьцерагаючы
ад бліскавіцы карнае
і перуноў канаючых.
 
27.VII.1994.
 
 
 
 
На дзень стварэньня арганізацыі «Правы Рэванш»
Маэстра Картасар, як добра, што зайшліся.
Я вам якраз пішу, чытаў «El Examen».
А ўчора дрэнна спаў, і ўпартае «ніх шысэн»
вярзлося мне ўсю ноч, а потым – «русский плен».
 
Ах, д’ябал! Не магу прапанаваць вам кавы.
Ёсьць, праўда, па сто грам. Тутэйшы алкаголь.
Як? Вам не прывыкаць? А нашыя аблавы?
Дарэчы, хто вам даў для сувязі пароль?
 
Палкоўнік Габрыэль? Ён сьніўся мне таксама.
Ён безумоўна наш. Ён нават больш, чым мы.
Ёсьць спадзяваньні, што нам дапаможа Замак
нарэшце дапісаць пачатыя тамы.
 
Маэстра Картасар, а што, калі няўдача?
Вы ведаеце, я... Так хочацца пажыць!
Мне часта сьніцца сон: жанчына горка плача,
а зь белага пляча крыніца-кроў бяжыць.
 
Што могуць азначапь такія мроі? Здраду?
Блакаду нашых сіл на ўсходніх рубяжах?
А можа, трэба мне ў варожы тыл з атрадам
прайсьці, каб уступіць у бойку на нажах?
 
Прызнаюся, што мне зусім не даспадобы
сучасны мэханізм вайны і перамог.
Мне цяжка назіраць, як гінуць без хваробы,
як слабая рука скубе зялёны мох...
 
Аднак, адкінем прэч эстэтыку забойства.
Маэстра Картасар, нам заўтра выступаць.
Пастаўлены задачы: Шэры Дом, Пасольства
бяз шуму і ахвяр за сем хвілін узяць.
 
У гэты ж самы час каманда «А», Маэстра,
павінна прачасаць наш «дзёрзкі» Тэлецэнтр,
Хай адпачне эфір да летняе фіесты.
Хай пагуляе ў ім вятрыска перамен.
 
Нішто ня спыніць нас! Жаўнеры ўжо гатовы.
каб вуліцы заліць шыхтамі чорных рот.
Дык з Богам, Камандант! Ня трэба многа словаў.
Няхай гучыць іх два: ідзе ПЕ-РА-ВА-РОТ!
 
 
 
 
Калі суджана мне аднаму быць...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.