Сьпіраль Бруна
|
«Рукі назад!» – ты ідзеш на допыт. «Рукі назад!» – ты дзяржаўны злачынца. «Рукі назад!» – набываеш вопыт. «Рукі назад!» – і думка, як сьпіца, пра тое, што там красавік і суха, дзяўчаты скінуді тоўстыя гетры, на крушні яшчарка сушыць бруха, і пахне гудронам асфальт нагрэты. З рукамі назад выводзяць ва пляцык трохкутнай формы – хадзі і думай пра тое, як там дэфілююць грацыі, як там парлямэнт фліртуе з думай. Пра радасьць успомні, калі жанчына цябе па-крывіцку любіла штоноч, і вы любоў запівалі «чын-чынам», і сьлёзы сьветлыя беглі з воч. А «рукі назад!» – гэта ўсё часова, я «рукі назад!» – ня страшна, калі табою валодае вечнае Слова і памяць пра ліпеньскі пах ральлі.
21.IV.1996. 9-я камэра СІЗО КГБ.
|
Ах, проста блакітнае неба, проста птушка пяе, проста цёплая глеба, проста сонца ўстае. Проста цьвітуць пралескі, проста жоўты пясок, проста сьвежыя трэскі, проста па дрэвах сок. Проста сяджу ў вязьніцы, проста ем баланду, проста ніяк ня сьпіцца, проста нікуды ня йду. Проста сябры на волі, проста і ворагі там, проста цячэ са столі, проста жыцьцё – бэдлам. Проста хутка асудзяць, проста буду маўчаць, проста сумую па людзях, проста хачу кахаць.
28.IV.1996.
|
Педэль ходзіць за дзьвярыма, педэль ведае дакладна. як патрэбна службу правіць у любых умовах часу, у пару тэрору, гвалту, летам, восеньню, зімою... Педэль мае палку з гумы, не турбуюць яго думы. Педэль, наш любімы педэль, безь цябе мы анікуды. Дай нам, педэль, каб нам ведаць, як хадзіць, глядзець куды, як пазьбегнуць нам бяды. У цябе пруток гумовы, у цябе густыя бровы. Педэль – гэта проста цуд. Педэль – цаца. Педэль – гут! Педэль слухае маўкліва. Педэль – млын. А мы ёсьць мліва?
29.IV.1996. 9-я камэра СІЗО КГБ.
|
Сустрэча з афіцэрам Смаргонскага пагранатраду
|
– Дзень добры, палкоўнік! Я Славамір. Будзем знаёмыя? – Будзем. Трашчыць і рвецца ад гукаў эфір, і рвуцца ад кашлю грудзі. – Палкоўнік, прыступім. Вось карта і плАн. Далей мы цярпець ня можам... – Я ведаю, гэты паршывы клАн Мы зьнішчым і пераможам. – Выдатна, палкоўнік! Вы, бачу, наш, сапраўднай касьці беларускай. Вы будзеце нішчыць здраднікаў аж нават на глебе рускай. – Я буду, аднак жа, дзе нашы арлы? Час «ч» мы павінны прызначыць. Мы выступім ціха на самай зары, пакуль вораг сьпіць на дачах. Мы жаль і спагаду адкінем прэч. За нашых жанчын і дзетак мы будзем галовы варожыя з плеч здымаць, як жытцо з палетак. Атрады зьнішчальныя ўжо ў лясах, чакаюць толькі загаду. Што ж, кожнаму здрадніку свой пасаг. Гатова ўсё да нападу. – Палкоўнік, трымайце, вось вам рука, рука не салдата – паэта. I вып’ем давайце за колер кукард, за бела-чырвоны. За гэта!
9.V.1996. 9 камэра.
|
Яно жыве на паверхні, на плоскасьцях каардынат, на ніжняй вусьне, на верхняй, пад сэрцам у нашых дзяўчат. Іскрыцца яно ў зялёным і ў жоўтым на сонцы блішчыць, зрываецца кропляй з клёнаў, у душах зьлёгку шчыміць. Яно жыве ў пацалунках крывіцкіх жанчын і мужоў, у сьветлых дзіцячых малюнках і там, дзе сьляды вужоў. Жыве яно ў самым-самым, на вейках нашых дрыжыць, блішчыць у квадраце рамы і на сталёвым нажы. Яно жыве на сьвітаньні, і днём, і калі паўзмрок, і там, дзе нашы спатканьні, і скрозь, дзе чуваць наш крок.
19.V.1994. 9-я камэра «амэрыканкі».
|
Кавалак чорнага хлеба, нашага хлеба з нашага жыта давай пераломім на дзьве палавіны – табе і мне – і абмочым у мёдзе яшчэ не загуслым, яшчэ з пахам воску і нашых прастораў. Давай падсілкуемся, дружа, насыцім нашыя целы высокай энэргіяй пушчы і гарызанталямі поля. Пасьля столькіх дзён паміраньня пахнуць дажджом навальнічным рамонкі і мята ў букеце, які нам прынесла інкогніта жанчына з краіны кветак.
23.VI.1996. Шпіталь КГБ.
|
Жыць хочацца, бадай што, як ніколі, тым больш любіць, тым больш, калі вясна, тым больш, калі ў цябе дачка на волі, тым больш, калі яе ў цябе няма...
VII.1996. «Амэрыканка».
|
Такая ціхая і сьціплая, на шыі крыжык залаты, вяртаеш ты мяне, асіплага, зноў да жыцьця і пекнаты.
1996. Шпіталь КГБ.
|
Не гані пургу, начальнік, я табе не крымінал, я прыгожага шукальнік, я – пачатак, ты – фінал. Я ірву душу на часткі, ты вязаць канцы мастак, я ўнікаю хітрай пасткі на ральлі, як чорны грак. Эх, з кайданнага я племя, кантралёр табе імя, мае ногі прагнуць стрэмя, твае рукі – рамяня. I таму, як ні ўсьміхайся, як мне ў вочы ні хлусі, скажа некалі: «Зьбірайся!» I табе ДэПээНСІ.
6.VII.1996.
|
Няма куды бегчы, таварыш, закрытыя захад і ўсход, падпісаны ордэр на арышт, пастаўлены штамп: «У расход». Настроены вораг рашуча, ды толькі і ты не слабак, і ўголас ты сьмела і гучна гаворыш пра ўсё, што ня так. Але ўжо і словаў замала, і значыць настала пара выходзіць насустрач вандалам пад сьпеў партызанскіх гармат.
27.VII.1996. «Амэрыканка».
|
Малодшаму сяржянту Віталю, сядзельцу 4-й камэры СІЗО КГБ
|
Сядзіш за скрадзены цэзій, а мог бы за Беларусь, маўклівы і негарэзьлівы барысаўскі беларус. Яшчэ толькі ўчора быў ты малодшы сяржант БэА, у форму як быццам уліты, як быццам ты ўжо камбат. Яшчэ толькі ўчора... а сёньня ты разам са мной сядзіш, сьціскаеш роспачна скроні, хістаесься ды маўчыш. Ты думаў, што шыта-крыта адбудзецца справа, аднак, ня выйшла ў цябе са збытам, і спраўдзіўся дрэнны знак. I раз ужо так прыйшлося – давай ня плакаць, ня ныць, давай рабіць, каб збылося усё, што павінна быць.
12.VIII.1996.
|
Канчаецца лета. Яблычны спас. Пра Афрыку мараць птушкі. Ах, як жа на волі прыгожа ў вас! Ах, як жа за кратамі скрушна. У вас там кажуць пра новы стыль («Прадай Радзіму» назвалі). А мы тут гніём, як падвальная цьвіль, як брудная пена хвалі. У вас там нардэпы ідуць у бой з «усенароднаабраным», а мы тут штодня становімся ў строй, штодня залізваем раны. Мы тут прырастаем грудзьмі да нар, мы тут заціхаем дачасу, а ноччу смакуем чыфірны ўзвар усёй арыштанцкай расай. На волі ў гародчыках астры і кмен, нясьпелы агонь каліны, а ў нас на прадоле нахабны мент пагардліва цыркае сьлінай. Яму дазволена, ён «круты», цяпер ён сіла і права, а нам застаецца – грудзьмі на драты, худым абліччам у гравій. А нам застаецца нічога і ўсё – турэмная вош і Радзіма, і наша нянавісьць, зь якой мы расьцём насустрач рэжыму.
7.IX.1996. Віцебскі цэнтрал, камэра 60.
|
Ізноў кастрычнік. Час пасадкі дрэваў. На саджанцах раса дрыжыць, а ты, ты ўспамінаеш падарожжа ў Крэва, значэньня стратэгічнага масты, любімы шлягер, інтэрнат, свабоду, турму, сабак, іржавыя драты, супраціўленьне мужных, слабых згоду, неадэкватнасьць зла і дабраты; ты ўспамінаеш, як заходзіць сонца, як на цэнтрал навальваецца змрок, як з вымені каровінага ў донца струменем б’е антысухотны сок. Ах, памаць, памяць! Файная ўласьцівасьць, яна табе ня дасьць асатанець, яна сілкуе годнасьць і гідлівасьць да усяго, што западло цярпець. Ты ўспамінаеш, як цьвітуць вяргіні, як лес шуміць, як асядае пыл на жыта прыдарожнае, як гіне блакітны чмель у белай конскай грыве, як баба ў лазьні свой шаруе тыл; ты ўспамінаеш, як шманалі «хату», як ты ня стаў з рукамі на сьцяну, як дапамог твайму блатному «брату» жывот ускрыць, прачнуўшыся ад сну.
|
Ізноў адклалі суд (калядныя вакацыі). На волі маразы, у камэры смурод. Радзіму прадаюць мэтодай трансплантацыі пад шыльдай індульгенцыі пад назваю «народ». А я, сяджу я ў камэры, на мне фуфайка чорная, на мне шузы ад фраера і стрыжачка «пад нуль». Нібы матор за бампэрам, я сьцяўся, супакойваю свой рухавік з прадсэрдзямі, у страўніку шумы; ня лаюся з суседзямі, і толькі дух настройваю паводле верша ўласнага на хвалю барацьбы.
26.XII.1996. У боксе Віцебскага абласнога суда.
|
Бойся яго, ня бойся – ён побач, і над, і пад. Штодня ён прыходзіць у госьці, твой самы «старэйшы брат». Ён любіць тваю жанчыну і вечна прагне яшчэ, ён ходзіць крокам качыным, альбо як дровы сячэ. Спакойна яму і сьпіцца, і соладка п’ецца яму, тутэйшы начальнік паліцыі яго ня кіне ў турму. Ён любіць гасіць плявочкамі агмені самотных душ і пільнымі шэрымі вочкамі глядзець скрозь садовы плюшч. Ён пляга твая адвечная, штодзённы твой госьць у дом, і ты, як лаза надрэчная, праходзіш праверку на злом.
|
Студзень. Спачатку марозны, потым адліга і бруд, потым кашаль грыпозны, карцэр, камэра, суд...
27.I.1997.
|
|
|
|