РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Брыль
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Золак, убачаны здалёк
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
1
        Думаю пра сябе, а гляджу на яго.
        Думаю пра яго – і самога сябе раскрываю.
М. Прышвін
        
1
        
        Рака шырокая, пакуль што чыстая, трыснёг, лаза і асака абноўлена зялёныя, сонца зноў, як штогоду, грэе па-летняму, і ліпа ў самай квецені, гудзе ад цямна да цямна. Сяджу пад ёю ў халадку, і гуд пчаліны люба пяе ад высокай травы, да якое звісае духмянае голле, і ў самае неба, ажно тая ліпа варушыцца ўся. Пчол, паважаючы працу, баяцца не трэба. Можна зблізку паназіраць, як яны робяць сваё. Бясконцае, нястомнае і вельмі важнае.
        Ліпа тут, над ракой, на ўзлессі, не адна. За палянай, дзе пачынаецца белая грэчка, стаяць яшчэ чатыры такія красуні, таксама ў шчодрай духмянасці і неабсяжным гудзе.
        На адной з дзвюх бліжэйшых ліп хаваецца ў кроне буслянка. Мноства разоў на дзень жыхары яе зверху абмахваюць бела-чорнымі крыламі зялёна-залацісты гуд, то асядаючы на гняздо, то зноў узлятаючы. Сям’я з трыма падлеткамі, што яшчэ чарнадзюба хекаюць ад спёкі і, стоячы ў гняздзе, з трывожнай цікаўнасцю разглядаюць бліжэйшае наваколле. Дрэвы, раку, траву, будынкі лесніковага двара, чырвоныя, сінія, жоўтыя скрыначкі вулляў – усё, над чым так добра і так яшчэ боязна планіраваць на няўпэўненых, радасных крылах. Далей за ракою – лугі, за імі каласіста-спелыя прасторы палёў, якія цяпер, амаль апоўдні, у парнай смузе. У другім баку, за леснічоўкай, зялёнае мора хвойных і лісцяных вяршыняў – пушча. Ды ўсё гэта для буслянят – тое «вельмі далёка», што яшчэ будзе ў вялікім, хвалюючым іхнім «пасля».
        Ад новай хаты з ашклёнай верандай, з кветкамі ды слоікамі суніц у вялікіх чыстых вокнах, з тэлеантэнай над шыферным дахам па сцежцы ў траве ідуць да ракі дзве дзяўчынкі. Большая з доўгімі чорнымі косамі, у стракатай сукеначцы не да каленяў, голыя ногі, рукі і твар хораша загарэлі. А меншая, светлая, што пацешна тэпае перад большай, загарэла-голенькая ўся, да поўнай святасці без крыльцаў.
        Недзе далей ёсць яшчэ два галышы – яны нядаўна таксама прайшлі па сцежцы да ракі. Хлопчыкі з горада – блізняты, «купленыя оптам».
        Так мне толькі што гаварыла іх цётка, маладая вясёлая леснічыха, маці дзяўчатак.
        – Яны там купляюць у горадзе, не тое што нам тут буслы, дзякуй Богу, прыносяць.
        – Малавата купляюць, – сказаў я.
        – Грошай, відаць, у абрэз.
        – Дый вам не надта носяць. Буслы з бусліхамі. Хоць і за так.
        «Бусліха» Яня звонка смяялася – грудзі шчодра трасліся, зубы чыста блішчалі. Пасля ўздыхнула:
        – Ой, Міхайлавіч! Хоць бы нам гэтых на ногі паставіць. Цяперашнім светам. Тома ўжо ў трэці пойдзе, а Натка такое ж яшчэ горкае дзіця… – Зноў засмяялася. – Учора плакала, чаму ў яе няма пісунчыка, як у Андрэя з Валеркай. Во як! Дурное яшчэ.
        Яна пайшла, а я яшчэ ўсё весела маўчу. Бо меншая леснічаначка, колькі б мы з ёю разоў на дзень ні сустрэліся, усміхаецца мне ці то ўжо сарамліва, ледзь не па-дзявочы, ці то неяк зусім па-даросламу асэнсавана і шматзначна. Скажам, учора, калі я застаў іх, голенькую тройку меншых, без Томы-наглядчыцы, у пяску над ракою. Залатая галоўка, Наташа, усміхнулася крыху спадылба, і вачыма, і губкамі, і па-сталаму растлумачыла нам:
        – Гуляем тут.
        Нібы яна, трошкі старэйшая за дваюрадных брацікаў, адказвае за іх і рада, што ўсё ідзе ладам.
        Бог мой! – больш за паўвека таму назад была ў мяне такая самая сяброўка, мала старэйшая за Наташу, але з вельмі ж падобнай усмешкай…
        Недзе ў далёкай, незнаёмай мне Ліепаі ўжо таксама, калі жыве, пастарэла калісьці светленькая Тоня Латышка, у дзеда якое была перад хатай вялізная ліпа, адна з трох на ўсе нашы Аўсянікі.
        У дзеда было таксама імя і прозвішча, аднак яго называлі Прочым, ад расейскага «впрочем», якое ён прывёз у маладосці з горада і паўтараў залішне часта, з важнасцю. А маленькую Тоню празвалі Латышкай таму, што бацька яе і сапраўды быў латыш. У першую сусветную вайну наша вёска два з палавінай гады лічылася прыфрантавой, кіламетраў з дваццаць на ўсход ад акопаў, і ў ёй было людна ад салдатні. У дзеда Прочыма быў адзін сын, Цімох, і тры дачкі, меншая яшчэ падлетак, сярэдняя так сабе, нават таўкачаватая, а найстарэйшая з усіх дзяцей, Надзя, была прыгожая і трохі ганарыстая, бо яшчэ і шыла на машыне. Яна ўпотай злюбілася з адным салдатам, латышом, часць якога пасля раптам некуды перавялася, нават ноччу. Спачатку той Франц, што і паехаў не развітаўшыся, пісаў, а потым і пісем ужо не было. З ганаровай Надзі хто за вочы, а хто і ў вочы смяяліся, некаторыя аж надта задаволена, а Тоня – па тагачаснаму акрэсленню – з’явілася на свет незаконна: байстручкай.
        Прочымава ліпа, першая ліпа ў маім жыцці, была не проста вялізная, – яна была непараўнана большая за ўсе тыя ліпы, якія мне потым давялося бачыць у многіх вёсках, гарадах, лясах і парках вялікага свету. Яна таксама соладка пахла, і звонка гудзела ад халадочку зямлі да бясхмарнага неба, і ўся аж варушылася ад пчол. Але, у адрозненне ад гэтай, што над ракою, яна была тады яшчэ і страшная. У садзе ў Тонінага дзеда стаяла некалькі вулляў, яны былі кожны на розны колер прыгожыя, і таксама страшныя – не падысці. Удзень усе пчолы гудзелі на ліпе, – бясконца многа іх, і кожная пякучая, ажно вочы запухнуць, калі джыгане.
        Тоня пчол не баялася. І ў той наш дзень яна мне сказала на вуліцы:
        – Хадзем, Юрык, да нас – я паабедаю, тады пойдзем да вас – ты паабедаеш.
        Так яно ў нас, малых, было заўсёды. Каб я сказаў раней, пайшлі б да нас, а то ж яна сказала першая. Зрэшты, мне сёння захацелася пайсці спачатку да іх, і я не стаў камандаваць, а адразу згадзіўся.
        Стаяла спёка, аднак мы, малыя, не распраналіся дагала, бо гэта было тады брыдка. І за рукі мы з Тоняй не браліся – проста ішлі, нават не побач, бо я, хоць і баяўся пчол, быў першы. І заскак брамкі я адчыніў, і не спяшаўся, не бег – ні ў цяньку пад ліпай, ні зноў на сонцы, уздоўж высокай прызбы, яшчэ ўсё сцяўшыся ў душы ад сцішнаты, усё чакаючы, што вось каторая, нарэшце, прыбзыкне да лба… да карку… пекане… Дзверы ў сені таксама я адчыніў, а зачыніўшы іх за намі, апынуўшыся ў халаднаватым пад босымі ножкамі прыцемку, павесялеў: небяспека мінула!
        У хаце мы… Не мы, а я не павітаўся з Тонінай мамай, моўчкі ўвайшоў, а Тоня яшчэ ад парога сказала:
        – Мамо, дайце мне есці.
        Праз некалькі год, калі я ўжо быў падлеткам, а Тоніна мама яшчэ ўсё незамужняя і, на сённяшні мой лік, маладая, гадоў трыццаці, яна мне бачылася красуняй. А малы я не думаў пра гэта: проста Тоніна мама, толькі што маладзейшая за маю.
        Тоніна мама сядзела каля акна і шыла на ручной машыне. Калі мы ўвайшлі, яна перастала шыць і павярнулася на зэдліку да нас. А калі Тоня папрасіла ў яе есці, яна не ўстала адразу, а толькі ўсміхнулася і сказала:
        – А чаму гэта толькі табе? А Юрыку не дамо?
        Я памятаў, што есці ў чужых не трэба, і адказаў:
        – Я не хочу. Я дома наемся.
        Гэта быў яшчэ не абед, і Тоніна мама ўнесла з кухні кубак малака, а хлеб, як і ў нас, ляжаў на краі стала, пад белым кужэльным настольнікам. Не цэлы бохан, а паўбохана.
        – Хлеба, Юрык, ты адкрой. Нож там, – сказала Тоніна мама, а сама, зноў усміхнуўшыся, прысела да свае машыны.
        Кроіць хлеб у нас дома было каму без мяне, і тут гэта быў нечаканы і вельмі прыемны давер. Як вялікаму! Я ўзлез з каленьмі на іхнюю лаву, адгарнуў чысты настольнік, узяў той цяжкі акраец, левай рукой прыгарнуў яго пукатасцю да жывата, правай узяў стары, сточаны нож з драўлянымі тронкамі і, прыцяўшы ніжнюю губу зубамі, затаіўшы дых, нават трохі надзьмуўшыся, адкроіў першую лустачку. Падаў яе Тоні.
        – Вашы, Юрык, на сена паехалі? – спыталася Тоніна мама, яшчэ не пачаўшы шыць.
        – Ыгы, паехалі, – гаварыў я, кроячы другую лустачку.
        – А ты дамаўніком? І не баішся, Юрык, адзін?
        Я ўжо тым часам еў тую, другую, лустачку, жаваў нячорствы, смачны хлеб і гаварыў:
        – Я не баюся. Я і тады яшчэ не баяўся, і цяпер ужо не баюся.
        Тоніна мама глядзела на мяне. З тою самай усмешкай.
        – Ты ўжо, Юрык, вялікі.
        І тут я схамянуўся, што жую не свой, а іхні хлеб!.. Гаварыць «добры дзень», «дзякую», «памагай бог» нас яшчэ ўсё вучылі, а слова «выбачайце» мне пакуль што не даводзілася гаварыць. Я хутка дажоўваў, глытаў, і мне было сорамна – хоць ты плач або з хаты ўцякай… Я палажыў іхні акраец, побач нож і накрыў іх настольнікам. Хацеў і з лавы іхняй устаць, але Тоніна мама сказала:
        – Юрычак, еш! Не саромейся! Вы ж з маёй Тоняй так дружыце. Еш! Я ж казала – і малака налью.
        Яна ўстала ад машыны і ўжо хацела ісці ў кухню, але я, напярэсцігі ёй, закрычаў:
        – Я не буду, не буду! Не хочу я есці, гэта я так!
        У гэтым «так» было тое, што і хлеб вельмі смачны, нават пахам сваім, што і загаварыўся я, што і есці ўжо хачу таксама, а тут я – толькі з Тоняй за кампанію, забыўшыся. І ў крыку маім было столькі рашучасці, што Тоніна мама спынілася, а потым села і, зноў усміхаючыся, сказала:
        – Дружыце, Юрычак. І ты хлопчык харошы, і Тоня мая. Як жаніх і нявеста.
        Тоня не пырхнула малаком, не засмяялася, – яна толькі ўсміхнулася па-свойму, крыху спадылба, вялікімі блакітнымі вачыма і губкамі ў малацэ, сур’ёзна і сарамліва адразу. Гэта я сёння так хораша бачу тую ўсмешку. А таго, што сказала Тоніна мама, тады было ўжо зашмат. Я глядзеў на гэтую цётку Надзю – на чысты, незагарэлы твар, на вясёлыя вочы пад чорнымі бровамі, на поўныя, румяныя губы, якія так добра ўсміхаліся, і мне прыгадалася, як маёй маме расказвала цётка Анэта, наша суседка:
        «А той латыш, той Франц яе, мужчына быў відны, спакойны такі, адно ўсё гаварыў: „Надзезда мая харосая…“ А вось жа ўзяў ды пакінуў!»
        Добра гэта ці не, што ён пакінуў, я не разбіраўся, мне толькі прыгадалася: «мая ха-ро-са-я…»
        Што я сказаў бы, што зрабіў бы далей – не ведаю. Выручыла Тоня.
        – Яшчэ адрэж, Юрык, – сказала яна. І зноў усміхнулася так, як быццам мы абое сталыя ўжо і добра, шчасліва ведаем, чаго ўсміхаемся. Як цяпер леснікова Наташа.

Крыніца: http://libatriam.net/read/345966/0/
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.