РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Музыка
        Жыў на свеце музыка. Многа хадзіў ён па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. I плакала ў яго руках скрыпка і такая была ў яго гранні нуда, што аж за сэрца хапала...
        Плача скрыпка, льюць людзі слёзы, а музыка стаіць і выводзіць яшчэ жаласней, яшчэ нудней. I балела сэрца, і падступалі к вачам слёзы: так і ўдарыўся б груддзю аб зямлю ды ўсё слухаў бы музыку, усё плакаў бы па сваёй долі...
        А бывала яшчэ й так, што музыка быццам вырастаў у вачах людзей і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, дзваніць рымка, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець ён народ. I людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы.
        Тады бляднелі і трасліся, як у ліхаманцы, і хаваліся ад страху, як тыя гадзюкі, усе крыўдзіцелі народу. Многа іх хацела купіць у музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому. I хадзіў ён далей меж бедным людам і граннем сваім будзіў ад цяжкага сну.
        Але прыйшоў час, і музыкі не стала: злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыццё яго... I тыя, што загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй народу.
        Толькі іхняе гранне нічога людзям не сказала. «Добра граеце, – гаварылі ім, – ды ўсё не тое!» I ніхто не мог растлумачыць, чаму ад грання музыкі так моцна білася сэрца бедакоў. Ніхто не ведаў, што музыка ўсю душу сваю клаў у ігру. Душа яго знала ўсё тое гора, што бачыў ён па людзях; гэта гора грала на скрыпцы, гэта яно вадзіла смыкам па струнах; і ніводзін сыты не мог так граць, як грала народнае гора.
        Прайшло шмат гадоў з таго часу. Скрыпка разбілася. Але памяць аб музыку не згінула з ім разам. I з-памеж таго народу, катораму ён калісь граў, выйдуць дзесяткі новых музыкаў і граннем сваім будуць будзіць людзей к свету, праўдзе, брацтву і свабодзе...

Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Bahdanovic/Muzyka.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.