РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Марына
        Пасля сквернага, задушнага дня непрыкметна надышоў вечар, павеяў ціхі вецярок, і вуліцы Вільні пачалі ажыўляцца. Па шырокім тратуарам Георгіеўскага праспекта ліўся жвавы, але яшчэ не густы натоўп, кіруючыся да Бернардынскага саду, куды разам з усімі прынёс і мяне.
        Незанятых лавак не было, і прыйшлося апусціцца на тую, дзе ўжо сядзеў нейкі дзядок з маленькай дзяўчынкай. Недалёка віднеліся зеленаватыя струі Вілейкі, каторая зрабіла тут шырокую луку, падмываючы гарысты бераг. Крута ўздымаўся ён, высокі і абрывісты, а па яго верхняму краю разрасліся кучаравыя дрэвы і кусты; ніжэй зелянела трава, пад ёй жа да самай вады ішлі жоўтыя, гліністыя скаты. I пекна было бачыць, як ірдзяны круг сонца, апусціўшыся насупроць амаль не да зямлі, заліваў іх чырвоным святлом, і яны браліся ў такі кволы агністы колер, каторы можна спаткаць толькі на скрыдэльцах матылькоў.
        Але недаўгавечна на свеце краса. Ніжэй і ніжэй спускалася сонца, знікаючы за шырокім кругам зямлі; усё бляднейшым рабілася агністае афарбаванне высокіх гор, і ўсё мацней праступала з-пад яго жаўцізна берагавой гліны. Нарэшце яно згасла ўканец... I неяк адразу ўсё вакол зрабілася дакучным і грубейшым; я пачуў, што паветра даўно ўжо напаўняецца халоднай вільгаццю, а ў галаве вынікла думка, што хутка трэба ісці дамоў, дзе прыйдзецца размаўляць аб адной непрыемнай справе. Не хацелася бачыць ані той бераг, ані горы, і я перавёў погляд на сваіх суседзяў па лаўцы.
        Сухонькі, нізенькі, але досыць яшчэ жвавы старычок, трымаючы на каленях маленькую дзяўчынку з быстрымі вочкамі і светлымі ільнянымі валасёнкамі, наставіцельна казаў ёй:
        – Німаш такога слова «апа», гэта ж ты сама выдумала яго, а ўсе людзі кажуць «ма-ла-ко». Чуеш, Марыначка, ма-ла-ко?
        – Апа.
        – Ат, якая ты! Ну, будзем тады гаварыць па кавалачках. Скажы, Марыначка, «ма».
        – Ма.
        – Скажы «ла».
        – Ла.
        – Скажы ж яшчэ «ко».
        – Ко.
        – Вось як добра, разумніца ты мая. Ну, а цяпер усё разам: «Ма-ла-ко».
        – Апа!
        Я мімаволі рассмяяўся: засмяяліся і дзяўчынка і старычок; мы пазнаёміліся.
        Ад тых часоў прайшло каля двух гадоў. Я падружыўся з Марынай, –мілай дзяўчынкай, каторай цяпер ужо быў чацвёрты год, – пазнаёміўся з яе бацькамі і таварышкамі. Яна вучыла мяне гуляць у розныя дзіцячыя забаўкі, я ёй апавядаў казкі, і мы абое вельмі цешыліся з нашага знаёмства. Асабліва ж хораша было ісці з ёй куды-небудзь на шпацыр, хаця бы ў той жа Бернардынскі сад. Тады ўсе сустрэчныя лічылі яе за майго дзіцёнка, і мне рабілася ад гэтага вельмі прыемна.
        Таксама, калі ў верасні выдаўся першы зазімак і чысты, пушысты снег усцілаў вулкі Вільні, мы не ўседзелі ў хаце. Шпарка апрануўшыся, вылецелі мы стуль, каб паглядзець, што робіцца на Вілейцы – так казалі мы хатнім, – а сапраўды толькі дзеля таго, каб адзначыць на белым сняжку як мага болей слядоў, папраламваць хрушчашчыя скарынкі лёду сяродзь калюжын, перадражніць азябшую, хрыплую варону на паркане. Разам з намі высыпаў ужо гурток рознай моладзі, і ўсе мы з гоманам памкнулі ў Бернардынскі сад. Невясёла пазіраў ён: вільготны гразны пясок выглядаў з-пад снегу на дарожках, мокрымі былі зялёныя лаўкі, дрыжэлі і хісталіся голыя галіны дрэваў. Мы падыйшлі да Вілейкі. Холадам веяла ад яе пацямнеўшай вады, непрыветна глядзеў круты бераг. Тут жа адзінока стаяў апусцелы гмах даўно ўжо зачыненага і закалочанага летняга тэатра, а на яго сцяне вецер трапаў і прабаваў сарваць старую слізкую, напалову адляпіўшуюся, афішу. Нудна была глядзець на ўсё гэтае, – і мы, патаптаўшыся, павярнулі назад. Але тут нас аклікнулі; з баковай дарожкі набліжалася панна, каторая, павітаўшыся, заглянула да аднаго з нас – да Базыля – у вочы і сказала з вясёлым смехам: «Вы чулі, Ганна Рафаілаўна выходзіць замуж за Яна? Шлюб прызначаны на заўтра».
        Пасля гэтых слоў сталася нешта зусім неспадзяванае. Базыль нязграбна ўзмахнуў рукамі, нямаведама чаму пачаў папраўляць сабе белы каўнерык ды, скончыўшы, апусціўся на лаўку і закрыў далонямі твар, схіліўшы галаву амаль не да кален. Напружыліся жылы на яго шыі, і як затрасліся, так і не пераставалі трасцісь вузкія плечы. Мы стаялі вакол, не ведаючы, што сказаць, што зрабіць. Першай загаварыла Марына. Падышоўшы бліжэй да Базыля, яна трохі паглядзела на яго і жалобна сказала самой сабе:
        «Плача... і невядома з чаго».
        Пасля падышла да яго і пачала прыгаварваць, як дзіцёнку, тыя самыя словы, каторыя, пэўна, не раз казалі ёй самой:
        – Не плач... ну, не плач... Як табе не сорамна: такі вялікі, а плачаш... Не плач... Глядзі ж, не плач, а то і я заплачу.
        I, бачачы, што Базыль не адбірае рук ад твара, трохі супынілася, але тут жа нешта згадала і пачала шпарка шукаць у кішэні. Праз паўмінуты ў яе кулачку ляжала стракатая цукерка, каторую яна прабавала пакласці ў далонь Базылю, прыгаварваючы разам з гэтым:
        – Вазьмі цукерку, толькі не плач. Ах, які ты дурань... Чаго ж ты плачаш? Я ж табе цукерку даю.
        А ў Базыля ад гэтай неспадзяванай ласкі і спачуцця маленькай дзяўчынкі яшчэ мацней уздымаліся грудзі і прарываліся кароткія ўсхліпванні.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.