РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісты
У рэдакцыю «Маладой Беларусі»
        
        27 лістапада 1911 г.,Яраслаўль
        
        Паважаемыя паночкі!
        Перш за ўсё – прывет нараджаючамуся журналу. Япрасіў «Н.<ашу>н.<іву>» адаслаць да яго цыкл маіх вершаў «Старая спадчына». Ці атрымалі? Ён увесь склаўся з абразцоў розных даўнейшых форм верша, каторымі я зацікавіўся, маючы на ўвазе не толькі іх красу, не толькі палепшанне версіфікатарскай снароўкі пры працы над імі, але і жаданнем прышчапіць да беларускай пісьменнасці здабыткі чужаземнага паэтычнага труда, памагчы атрымаць ёй болыд еўрапейскі выгляд. Апрыч таго, фактам з’яўлення іх хацеў я давесці здатнасць нашай мовы да самых срогіх вымог вяршоўнай формы, бо я ім здавальняў нават у драбніцах, іншы раз вельмі цяжкіх. Напрыклад, ні адзін санет з цэлай расійскай пісьменнасці не вытрымлівае ўсіх тых правіл, якія спаўняліся мной, павэдлуг вымог тэарэтыкаў гэтай формы (напр.<ыклад>, каб ні адно слова ў санеце не ўжывалася больш разу).
        Я шчыра жадаў бы, каб гэтыя вершы мелі дзе якой культурны ўплыў на нашых песняроў. Таму прашу рэдакцыю, каб, калі толькі мае вершы пойдуць да друку, памясціць разам з тым і прысылаемы цяпер мною сціснуты нарыс санетнай формы. (Хоць не зусім дарэчы, а хочацца сказаць, што вось за граніцай вытварана вялізная літаратура аб ёй, а ў нас у Расіі не толькі кніг, як там, а нават стацей усяго 2–3.)
        Пасылаю Вам два вершы, якія, на мой погляд, друкаваць было б лепей, чым тыя ж формы (санет і трыялет) з калекцыі «Н.<ашай> н.<івы>».
        А за ўсім тым – бывайце здаровы, панове!
        
        М. БАГДАНОВІЧ.
        
        
        Яр.<аслаўль>. 27.XI.1911 р.<оку>.
        Р. S. Мой адрес: Ярославль, Воздвиженская ул., д. № 13. кв. № 3.
        
        М.Б.
        
        Р. Р. S. Маленькая просьба: калі ў вершах знойдзецца колькі абмылак у мове, так што зробіцца патрэбнай сур’ёзная падпраўка іх, – будзь ласка, надашліце іх, калі хапіла бы часу, да мяне: я ахвотна папрацаваў бы. Паклон п. Шыпіле – пазнаёміліся ў Вільні.
        
        МАКСІМ Б-ВІЧ.
        
        
        
У рэдакцыю «Нашай нівы»
        
        Пачатак 1913 г., Яраслаўль
        
        Дабрыдзень, паночкі!
        Дзякую Вам за клопаты аб зборнічку, а п. Вацлаву – у асобіцу за адкрытку. Чаму думаеце Вы, што я магу сярдзіцца і нават лаяць Вас? Я ж даволі-такі прыгледзеўся да Вашай працы, каб рабіць гэтае, нават хаця б толькі жартуючы.
        Не дзівіцеся, што ў мяне літары выходзяць зусім дзіцячыя – пішу я лёжучы, бо моцна хварэю – інфлюенца ці васпаленне лёгкіх; тэмпература ў мяне падымаецца да 40°, а 39,5° бывае кожын дзень. Але чорт з ім!
        Што да выдання кніжкі, дык бачу, што яно спыняецца галоўным чынам праз недахват грошы, але ніяк не прыдумаю, як Вам памагчы. Сам я не зарабляю, у бацькі прасіць, дык ён многа даць не можа, бы жыве ад 20-га да 20-га, да таго ж і вінен шмат каму. Але вось што: калі я ачуняю, дык я папрабую заняць пад кніжку ў розных сваіх знаёмых грошы. Значыцца, прадасца колькі сот экз.<емпляраў> яе, вы мне надашлёце тыя грошы. Другое, Вы мне не шліце аўтарскіх экземпл. <яраў>, я іх куплю і куплю шмат.
        Калі Вам тыя займы здадуцца прыдатнымі, дык напішыце мне.
        
        МАКСІМ.
        
        Р. S. Я напісаў колькі новых вершаў. Ачуняю – надашлю.
        
        
        
У рэдакцыю «Нашай нівы»
        
        21 кастрычніка 1913 г., Яраслаўль
        
        Паночкі!
        У № 42 «Н.<ашай> н.<івы>» бачу стаццю Сцяпана Зенчанкі. «Стефан Зенченко» судзіўся ў Ніжнім Ноўгарадзе па вялікаму працэсу, так званаму «сормовскому восстанню», быў паміж падсудзімых (выключна рабочых) вельмі прыкметным чалавекам і нават гаварыў ад іх імені на судзе. Пачуўшы, што Зенчанка – беларус, я пераслаў у турму да яго колькі першых беларускіх кніжак і « Нашу долю » (было гэта ў канцы 1906 р.<оку>). Аднак далі наша знаёмства не пайшло, і нават у вочы я Зенчанку ніколі не бачыў; сталася так таму, што па гораду пайшлі чуткі, быццам Зенчанка – правакатар; казалі, што з Каўказа адна з тамтэйшых арганізацый (ваенная арганізацыя с.<ацыял>-д.<эмакратаў>, здаецца) надаслала аб гэтым вядомасці з фатагр.<афіяй> Зенчанкі; толькі, здаецца, Зенчанка быў на Каўказе вядомы пад іншай фаміліяй.
        Сколькі ў гэтым праўды – сказаць не магу; як Вы самі ведаеце, вінавацяць у правакацыі у нас занадта лёгка. Таму, здаецца, самым лепшым было б абвясціць аб гэтым толькі дзе каго са сваіх людзей і пільнаваць толькі, каб Зенчанка не ўбіўся да якой-небудзь беларускай і наогул грамадзянскай справы. Тым часам я напішу ў Ніжні Ноўгарад, каб мне далі больш пэўныя вядомасці.
        
        ***
        
        Сягоння атрымаў ад п. Власта ліст. На запытанне, дзе друкаваць пераклады, а дзе «Мадонн», нічога адказаць не магу, бо і дасюль не ведаю, што Вы ўласне хаціце друкаваць: толькі тое, што ўвайшло ў кніжку, склееную мною летам 1912 р.<оку>, альбо дададзіце да гэтага і новыя вершы? У першым разе друкуйце «Мадонн» на самым канцы, бо 5–6 перакладзеных вершаў можна і ўсярэдзіне памясціць. Калі ж Вы будзеце друкаваць і пераклады з Верлена, дык тады можна зрабіць з перакладаў асобны аддзел, і друкаваць іх пасля «Мадонн».
        Пытаюць мяне: ці не трэба дадаць да зборніка дзе што з ужо надрукаваных вершаў, каторыя ў яго не ўвайшлі? Я, паночкі, калі бачыў два вершы адзінакавай вартасці – друкаваны і недрукаваны, – звычайна, памяшчаў другі. Калі Вам дзе што хацелася б з выкінутага мной памясціць у кніжку – будзь ласка. Але мая думка – выкідайце болі, тады зборнік выйдзе лепі.
        Аддзел «Мадонны» складаецца ў мяне з двух паэм: «Вераніка» і «У вёсцы»; чарнавіка апошняй няма, аднак, здаецца, патраплю ізноў напісаць. Разам з лістом пасылаю тр.<ыялет> «Крытыку».
        Калі вы не проці таго, каб друкаваць і творы апошняга рока – надашліце мне ўсе матэрыялы: у 2–3 дні я ўсё добра ўкладу.
        Калі тавар.<ыства> імені Скарыны закладзецца, я ахвотне запішуся ў члены. Узяўся б і напісаць жыццёапісанне Скарыны, калі б таварыства даручыла мне гэта.
        Дзякую п. Купале за ласкавыя словы.
        Прашу Вас, абвясціце мяне, ці атрымалі вы гэты ліст. Яшчэ вось што: надашліце 41 №, бо ён не дайшоў.
        Р. S. Год назад я абвясціў Вас аб 2-х беларус.<кіх> кнігах, выданых Віл.<енскім> уч.<эбным> окр.<угам>. Узнаў я аб гэтым са стацці ў «В.<естннку> Европы». Але па маёй просьбе адзін чалавек адшукаў кнігу «Рассказы на простонародном наречнн» і не знайшоў там ані слова па-беларуску. Другой кнігі ён не знайшоў. Звярніцеся ў Піцер, каб пашукалі ў публ.<ічнай> бібл.<іятэцы>, бо, можа, і з ёй таксама няладна.
        
        
        
В. А. Лявіцкай
        
        Верасень 1916 г., Яраслаўль
        
        ...Праглядаю гэтымі днямі свой «Вянок». Недахватаў рожных – гібель, ды і кніжка гэта зусім маладая: вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 г., калі мне было 17–20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур’ёзная праца. Узяў я карандаш, палавіну вершаў выкасаваў зусім, другую прабую абгладзіць. Дадам да гэтай другой палавіны лепшыя з вершаў 1912–15 гг., і выйдзе зборнік «Маладзік» або «Красавік»... У 1913 г. я асабліва ахвотна пісаў, кажучы велікарускае слова, «изящные» вершы; з іх бадай што ні адзін друку не бачыў. Выйдзе яшчэ адзін зборнік «Пярсцёнак». А з вершаў апошняга часу і трэці – «Шыпшына». Укласці гэтыя кніжачкі, пэўна, не паспею, але думаць аб іх прыемна...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.