Курган
|
|
|
|
I Паміж пустак, балот беларускай зямлі, На ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, Ўдзірванелы курган векавечны. Дуб гальлё распусьціў каранасты над ім. Сухазельле у грудзі ўпілося; Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім, - Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе. На купальле там птушка садзіцца, пяе, У Піліпаўку воўк нема вые; Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя. Хмары неба ўсьцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, - Ён стаіць - гэта памяць людская, паказ... Толькі гутарка ходзіць такая.
|
II На гары на крутой, на абвітай ракой, Лет назад таму сотня ці болей, Белы хорам стаяў, недаступнай сьцяной Грозна, думна глядзеў на прывольле. У нагох у яго расьсьцілаўся абшар Хвоек гонкіх і пахані чорнай, Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар, Хат зь сям’ёй душ падданых, пакорных. Князь у хораме жыў, слаўны сьвету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам; Хто хацеў, не хацеў - біў наклоны яму, Спуску, ласкі ня знаў непакорам. Зьневажаў, катаваў ён з дружынай сваёй; Стражы князевы - ў полі і дома, Толькі модлы расьлі небу ў сэрцах людзей, І пракляцьце расло пакрыёма.
|
III Раз бяседа вялікая ў князя была: На пасад дачку княжну садзілі; За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі. На вясельле-разгул наплыло, як на сход, Госьці знатных зусюль, за паўсьвету, Гэткай гучнай бяседы ня помніў народ, Гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!.. Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня, І музыкі, і чаркі зьвінелі; Выдумлялі забаў новых кожнага дня; Што хацелі - ўсяго госьці мелі. Ажно трэйцяга дня князь прыдумаў адну Для дружыны пацеху-забаву: Загадаў ён пазваць гусьляра-старыну, Гусьляра зь яго ведамай славай.
|
IV Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра; Песьня-дума за сэрца хапала; Вакол гэтай думы дудара-званара Казак дзіўных злажылась нямала. Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарыць як ён Па струнах зь неадступнаю песьняй, - Сон зьлятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары, чарэсьні; Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць, Салавей-птушка ў той час сьціхае; Паміж вольхаў рака, як штодзень, не бурліць, Паплаўкі рыба-плотка хавае. Прытаіцца да моху русалка, лясун, Каня вечнага «піць» не заводзіць: Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзіць.
|
V Прывяла гусьляра зь яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты: Пасадзіла на ганку, між клёнаў і ліп, На цагляным парозе магната. Невыдумная сьвітка - убор на плячох, Барада, як сьнег белы - такая, Незвычайны агонь у задумных вачох, На каленях ляглі гусьлі-баі. Водзіць пальцам худым па сталёвых струнах, К песьні-музыцы ладзіцца, строе; Водклік б’ецца ад струн па сьцюдзеных сьцянах, Заміраючы ў сховах пакояў. Вось настроіў, навёў тон у струнах як сьлед, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед, І чакае ад князя прыказу.
|
VI - Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песьнябай, Славай хат маіх подданых слаўны?! Нам сягоньня зайграй, нам сваіх песень дай, - Князь умее плаціць незвычайна! Запяеш па душы, дасі ўцехі гасьцям - Поўны гусьлі насыплю дукатаў; Не пад мысьль песьня будзе каму-небудзь нам - Канапляную возьмеш заплату; Знаеш славу маю, знаеш сілу маю... - Многа знаю і чуў аб табе я, - І я сам, як і ты, так табе запяю... - Ну, пара пачынаць, дабрадзею! - Гэтак слухае, выслухаў князя гусьляр, Заіскрыліся вочы сівыя, Патануў у скляпеньнях адзін, другі ўдар, І заплакалі струны жывыя.
|
VII «Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел-сьвет! Не такую задумаў ты думу, - Не дае гусьлярам сказу золата цьвет, Белых хорамаў п’яныя шумы. Скурганіў бы душу чырванцом тваім я; Гусьлям, княжа, ня пішуць законаў: Небу справу здае сэрца, думка мая, Сонцу, зорам, арлам толькі роўна. Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, - Ім пакорны я толькі зь гусьлямі, Сілен, княжа, караць, галаву сілен зьняць, - Не скуеш толькі дум ланцугамі. Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог, Б’е ад сьцен-цэгел лёдам зімовым; Сэрца маеш, як гэты цагляны парог, І душу - як скляпоў гэтых сховы.
|
VIII Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае: Сарачні там сох бачыш, як блудзе; А ці чуў ты, аб чым там араты пяе, Дзе і як жывуць гэтыя людзі? Глянь у лёхі свае, ў падзямельлі глянь, князь, Што настроіў пад хорамам гэтым: Брацьці корчацца там, табой кінуты ў гразь, Чэрві точаць жывых іх, разьдзетых. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц ня змажа. Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк - Гэта цёртая сталь ад кайданаў, Гэта вісельні петляў разьвіты шнурок, Гэта, княжа, твае саматканы.
|
IX Стол ты ўставіў ядой, косьцей шмат пад сталом, - Гэта косьці бядноты рабочай; Пацяшаешся белым, чырвоным віном, - Гэта сьлёзы нядолі сірочай. Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл, Адшліфованы цэгла і камень, - Гэта - памяткі-пліты зь няўчасных магіл, Гэта - сэрцаў скамененых пламень. Люба чуці табе скочнай музыкі звон: Ты, дружына п’яцё асалоду, - А ці ўслухаўся ты, як плыве зь яе стогн, Стогн пракляцьця табе, твайму роду?! Ты зьбялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар! Госьці хмурны, а дворня зьнямела... Ну, што, княжа? пара даць за песьню мне дар! Выбачай, калі сьпеў мо няўмела».
|
X Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б’е з воч; Гулі зглухлі: ні жартаў, ні сьмехаў... Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч, Толькі зь лёскатам выбегла рэха. - Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў На вясельле цябе сваёй княжны!.. Ты - шалёны старык, хто цябе дзе хаваў? Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай. Ты адважыўся мне на сьляпы перакор Вызваняці сусьветныя трэлі; Платы маю шмат я для такіх непакор, Хто сябе проці мне стаць асьмеліў. Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю! Ты ня хочаш дукатаў - ня трэба!.. Ўзяці старца і гусьлі жыўцом у зямлю! Знае хай, хто тут пан: я - ці неба!
|
XI Падхапілі, ўзялі гусьляра-старыка, Гусьлі разам яго самагуды; Па-над бераг круты, дзе шумела рака, Павялі, панясьлі на загубу. Мейсца выбралі здатнае, вырылі дол, Дол тры сажні шырокі, глыбокі; Закапалі, убілі асінавы кол, Далі насып тры сажні высокі. Не часалі дамоўкі яму сталяры, Не заплакалі бліжнія вочы; Змоўклі гусьлі і ён з той пары - да пары; Сум і сьціша залеглі, як ночай. Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў: Шалы, музыка ў тахт рагаталі; Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў: Шлюб-вясельле ўсё княжны гулялі.
|
XII Пацяклі, паплылі за гадамі гады... На гусьляравым насьпе жвіровым Палыны узышлі, вырас дуб малады, Зашумеў непанятлівым словам. Лет за сотню зьвёў час, ці і болей мо лет, Зацьвілі пераказы ў народзе; Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гусьлямі дзед З кургана, як сьнег, белы выходзе. Гусьлі строіць свае, струны звонка зьвіняць. Жменяй водзіць па іх абамлелай, І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць, І на месяц глядзіць, як сам, белы. Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той, Не зазнаў бы ніколі ўжо гора... Можна тут веру даць, толькі слухаць душой... Курганы шмат чаго нам гавораць.
|
|
|
|