РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Уладзімір
 
Словы пра пісьменніка Уладзіміра Караткевіча
1963. Каменьчыкі
        
        Ад маёй першай сустрэчы з Караткевічам застаўся ўспамін пра каменьчыкі з Кактэбеля. Сумна-шэрыя, гладкія, з белымі ніткамі пражылак, марскія каменьчыкі паказваў дзядзька Валодзя. Ён чакаў захаплення, майго здзіўлення. Іх не было. Для мяне ягоныя каменьчыкі з Кактэбеля нічога не сказалі. Яны ні пра што не нагадвалі. Караткевіч пытаўся, ці хачу я ўбачыць мора. Вядома, мне цікава пабачыць і мора, і гарадок Кактэбель, і гару Аюдаг. Толькі каменьчыкі мне не трэба. “Сур’ёзны хлопец!” – дзядзька Валодзя гучна смяяўся. Каменьчыкі засталіся ляжаць на кніжнай паліцы, а я разам з мамаю выйшаў з ягонай маленечкай аднапакаёўкі.
        
        
1965. Дом №7
        
        Наш пяціпавярховы дом №7 на вуліцы Чарнышэўскага, дзе на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя жыў і Караткевіч, я памятаю выдатна. Толькі вось да суседа Уладзіміра я тады мала прыглядаўся, хоць і жылі мы на адной лесвічнай пляцоўцы. Ён у кватэры пад нумарам 56, а наша сям’я пад нумарам 58. А прыглядаўся я мала таму, што ў нашым доме жыло вельмі шмат яркіх і запамінальных асоб, значна ярчэйшых за сціплага і выхаванага маладога літаратара – Валодзю Караткевіча, так яго ўсе называлі ў нашым пад’ездзе і доме. Цяпер з усіх жыльцоў дома са шчаслівым нумарам 7 самы папулярны – Караткевіч, а тады былі іншыя папулярныя асобы. Сям’я танцораў Бабачкіных была настолькі папулярная, што нават за мяжу ездзіла выступаць, а па горадзе тая сям’я лётала на матацыкле “Ява”. Уяўляеш, як уражваў матацыкл? А яшчэ мяне ўражвалі ногі Мальцінскай. Яна так шырока расстаўляла ногі, калі грала на сваёй скрыпцы, што, здавалася, у яе трэсне спадніца. Ногі Мальцінскай я запомніў на ўсё жыццё, такіх малочна-блакітных ног, што самаўпэўнена стаялі на чыста вымытых дошках нефарбаванай падлогі, я больш у сваім жыцці не бачыў. Клянуся патэнцыяй. Твар Мальцінскай я не памятаю, ён неяк размыўся, а твар яе таты помніцца добра. Твар мудрага знаўцы яўрэйскай мовы і цяпер выразна паглядае на мяне праз свае акуляры і адлегласць у сорак гадоў. Хаім Мальцінскі перакладаў з беларускай на ідыш. Перакладаў апавяданні майго таты, пэўна, і апавяданні Караткевіча ён тады перакладаў для часопіса “Савеціш гэймланд”. Некалькі тых часопісаў захоўваюцца ў мяне і цяпер, на добры ўспамін пра сям’ю Мальцінскіх. Як захоўваюцца і фотакарткі Міхася і Галіны Стральцовых, што таксама жылі ў нашым доме на першым паверсе. Галя Стральцова лічыла сябе самай прыгожай жанчынай у двары. Я з ёю не спрачаўся, але, зразумела, што самая прыгожая была мая мама. А самым непрыгожым чалавекам у нашым доме быў мужчына з сінім тварам. Недзе на фронце яму твар пабіла порахам. Уся скура была нібыта прыцярушана шэра-сінімі кропкамі-рабацінкамі. Сінятварага мы, дзеці, пабойваліся. Ды што там пабойваліся, мы яго баяліся моцна. Такога жывога нябожчыка сустрэнеш вечарам у пад’ездзе –сам забаішся. Караткевіча мы не баяліся, нават калі ён быў на падпітку, бо Караткевіч сам пабойваўся дзяцей, а таму дарыў нам розную драбязу і частаваў цукеркамі “Тузік”. А сусед Алешка нас ні чым не частаваў, але мы яго ўсе вельмі паважалі, бо ў яго была форма марскога афіцэра і меўся корцік. Патрымаць у руцэ сапраўдны корцік – мара кожнага хлопчыка. Хіба не? У Язэпа Пушчы корціка не было, але мужнасці ў яго мелася на трох мужчын. Ён прайшоў канцэнтрацыйныя лагеры і вярнуўся, гэта важна – вярнуцца. Хай мне даруюць усе, хто быў расстраляны і хто загінаў за калючым дротам савецкіх канцэнтрацыйных лагераў, але трэба было вярнуцца і прынесці нашу беларускую ідэю дамоў. Пушча вярнуўся. Жалезны чалавек. Ніхто ніколі не спытаўся ў мяне пра Язэпа Пушчу. Зрэшты, ніхто ў мяне і пра Кашапарава не пытаўся. А Кашапараў, безумоўна, самы праслаўлены чалавек з нашага дома на вуліцы Чарнышэўскага. Кашапараў спяваў у легендарным складзе “Песняроў”. Мільёны слухачоў падпявалі Кашапараву, асаблівай народнай любоўю карысталася песенька пра Волагду, пра дом, пра лісты да каханай. Пра Кашапарава ніхто ў мяне не пытаў, мо таму, што я мала магу пра яго расказаць. Хадзіў па нашым двары хлопчык у спартовых штанах з выцягнутымі каленямі. Насіў той хлопчык папку з нотамі. Мама ў таго хлопчыка працавала машыністкаю. Падпрацоўвала тым, што вечарамі і ў выходны (тады быў адзін выходны – нядзеля) перадрукоўвала з рукапісаў апавяданні маладых літаратараў. Друкавала яна і татавы навелы, мусіць, і апавяданні Валодзі Караткевіча друкавала. Дом у нас лічыўся пісменніцкім, бо пісьменнікаў у ім жыло сапраўды шмат. Дзеружынскі, Пташнікаў, Папоў, Махнач… Алесь Махнач бараніў Брэскую крэпасць, яго там і параніла ў нагу. Махнач хадзіў з кавенькаю. Ён і ў школу да нас прыходзіў з кавенькаю і распавядаў пра нямецкія агнямёты, ад якіх нават цэгла плавілася і аплывала. Караткевіч пра агнямёты не распавядаў, але мяне ўсе распытваюць менавіта пра дзядзьку Валодзю. Таму я і распавядаю пра людзей, якія жылі побач з Караткевічам. Важна ведаць пра асяродак, ведаць пра кантэкст, у якім жыў і працаваў літаратар. Я так лічу, бо для мяне важна, што я жыў на адной лесвічнай пляцоўцы з Караткевічам. А вось сам будынак дому №7 ніякай каштоўнасці з сябе не ўяўляе, і, калі дом знясуць, я шкадаваць не буду, больш за тое, узрадуюся, што нарэшце разбурылі крывую халабудзіну, якая была неахайна складзена з крохкіх блокаў. Столь на апошніх паверхах заўсёды цякла, пэўна, яна і зараз працякае. Якое шкадаванне? А тое, што ў тым нашым доме жылі выбітныя людзі, зусім не апраўдвае такую доўгую прысутнасць гэтай пяціпавярховай развалюхі ў нашым нетрывалым архітэктурным свеце.
        
        
1965. Дробныя манеты
        
        Раніцай я самы першы выходзіў з пад’езда. Адзін ішоў у дзіцячы садок. А дзядзька Валодзя прыходзіў у наш пад’зд самы апошні. Часам ён уздымаўся на наш пяты паверх на чатырох лапах. На карачках Караткевіч любіў запаўзці на наш пяты паверх. Ну любіць чалавек хадзіць на руках і нагах адначасова, хочацца яму рачкаваць… Што ў тым такога кепскага? Толькі вось кішэні ў нашых мужчынскіх нагавіцах не разлічаны на тое, што мы будзем хадзіць на ўсіх чатырох лапах. Калі ідзеш на ўсіх чатырох, металічнае змесціва кішэняў высыпаецца. Таму наш ранішні пад’езд і быў пазасыпаны дробнымі манеткамі, якія павывальваліся з кішэняў дзядзькі Валодзі. У такія раніцы я багацеў, і мая мара – набыць сабе ў краме “Прырода” жоўта-зялёнага папугая – пасоўвалася значна бліжэй да здзяйснення.
        
        
196… Сабака
        
        Дзядзька Валодзя любіў сабак, ён любіў жывёл, як іх зазвычай любяць бяздзетныя людзі. Толькі сабак Валодзя любіў асабліва, бо адзін з іх выратаваў рукапіс аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Аднойчы ўвечары Караткевіч чытаў сябрам урыўкі з новай аповесці, потым усе пілі і весяліліся, а позна ўначы вярталіся з рэстарацыі ў дом творчасці. Ішлі праз лес. У заснежаным ельніку папка з рукапісам і згубілася, а на раніцу ахоўніцкі сабака выкапаў з-пад снегу “Дзікае паляванне…”. Нягледзячы на ўсю казачнасць гэтага здарэння, яно цалкам рэальнае. Каб не сабака, беларуская літаратура магла б страціць адну са сваіх найлепшых аповесцяў. Але рукапісы такіх твораў не толькі не гараць, але і з-пад снегу выкопваюцца сабакамі. Адно, што не магу зрабіць дакладна, дык гэта назваць мянушку сабакі. Колькі не згадваў, але ўспомніць не змог.
        
        
1970. Прыпынак
        
        У той час кавярняў і рэстаранаў у Мінску было мала, грамадскае харчаванне зводзілася да наяўнасці розных сталовак, таму ў святочныя дні ўсе хадзілі адзін да аднаго ў госці. Загадзя гатаваліся розныя вінегрэты і халадцы, загадзя набывалася спіртное і торт. Цэлая нядзеля сыходзіла на такое некалькісямейнае свята. Тым разам бацькоў запрасіў капітан другога ранга Кісялёў. Мы да самай ночы прабалявалі ў маленькай кватэрцы на бульвары Шаўчэнка. У капітана мелася дзіва тагачаснай тэхнікі – кінапраектар з мультфільмамі на вузенькай плёнцы. Разы са тры пракруціліся “Шпіёнскія страсці”. Дамоў вярталіся ў цемрадзі. Стаяў люты мароз. Вуліцы былі пустэльныя і пазасыпаныя глыбокім снегам. Маці ўгаварыла бацьку пайсці на таксовачны прыпынак. Там таўклося шмат людзей. З намі быў пяцігадовы Мірык, і мы ўжо збіраліся ісці на тралейбус, калі з’явіўся Караткевіч. Ён быў у разшпіляханым палітоне і вушанцы, якая сядзела на патыліцы. Дзядзька Валодзя шумна ўзрадаваўся выпадковай сустрэчы. Два гады я не бачыў Караткевіча, і ён дзівіўся: як хутка я вырас і які вялікі стаў Мірык. Караткевіч гучным голасам пачаў угаворваць людзей прапусціць нас без чаргі. Падыйшла машына, мы селі і паехалі. “Я ж не такіп’яны, як Караткевіч?” – спытаў тата ў мамы. “Не такі, не такі…” – адказала яна і засмяялася.
        
        
1976. Сад
        
        Атрымаўшы трохпакаёвую кватэру ў доме № 36 па вуліцы Маркса, Караткевіч з бутэлькай каньяку абыйшоў усіх суседзяў у пад’ездзе. Каб з кожным узяць чарку за знаёмства і наваселле. Дзядзька Валодзя абяцаў пасадзіць у двары цудоўны яблыневы сад, які ён сам будзе даглядаць, а яблыкі будуць браць усе, хто пажадае. Калі казаць праўду, дык усе ў доме добра ведалі Караткевіча, цудоўна разумелі, што ніякі сад ён не пасадзіць, а яму проста захацелася выпіць каньяку, ды і нагода, як ні паварочвай, выдатная.
        
        
1976. Крэслы
        
        З дому № 68 на вуліцы Апанскага, які стаіць насупраць Кальварыйскіх могілак, я з бацькамі і братам пераехаў на вуліцу Маркса. Пасля бруднага пад’езду, што смярдзеў смеццеправодам, мяне парадавала не столькі чысціня новага пад’езду, колькі крэслы на кожнай лесвічнай пляцоўцы. Крэслы паставіў Караткевіч для сваёй старэнькай маці. Тады яшчэ не было кодавых замкоў і дамафонаў, адпаведна, крэслы намёртва прымацаваліся дротам да батарэяў. Вось такая ўвага да любімага чалавека засталася мне прыкладам. А што больш за ўсіх на свеце Уладзімір Караткевіч любіў сваю маці, скажа кожны, хто яго ведаў.
        
        
1977. Слова
        
        Была цёплая восень, і я маляваў вялікі нацюрморт з драўляным анёлам. Залацістае палатно стаяла на мальберце. Караткевіч паразглядаў зробленую вялім пэндзлем фактуру алейнай фарбы і запытаўся: “Напішаш пра мяне праўду?” Давялося задумацца. Каб дзядзька Валодзя спытаўся ў мяне пра свой партрэт на паперы ці кардоне, я б адказаў адразу, але ён казаў пра словы. Чаму раптам я павінен расказваць нешта-нейкае пра яго, чаму я павінен тое запісаць? Караткевіч часта заходзіў да нас на каву, мама варыла яе ў турцы на маленькім агні. Зазвычай размовы былі вясёлыя, а тут з’явілася змрочнасць. “Напішу!” – “Ніна, ён сказаў, што напіша пра мяне праўду”. – “Сказаў, значыць зробіць. Наліваю каву…” Вось так паспешліва і неабачліва я даў слова Караткевічу. У наш час людзі мала вераць у слова, збольшага яны захапляюцца лічбамі, нават кнігі для іх вымяраюцца колькасцю старонак, накладам і атрыманым прыбыткам, нават карціны ім бачацца праз суму сплочанага ганарара. Але маё асабістае назіранне пераконвае ў іншым – чалавек жыў, жыве і жыць будзе словам. Лічба без слова мала што вартая. Вялікія заробкі і прыбыткі атрымліваюць людзі, якія здатныя трымаць сваё слова. Сказаў – зрабіў, паабяцаў – выканаў. Пра такіх кажуць “чалавек на слове”, з такімі працуюць, такім вераць. Лічба пераконвае толькі тады, калі за ёю стаіць слова. Таму і працую я са словам, таму выконваю свае абяцанні, нават калі такое слова было дадзена неабачліва.
        
        
1979. Правал
        
        Ён сядзеў на лаўцы каля пад’езду. Ён смактаў, пасмоктваў патухлую беламорыну. Ён сядзеў, праваліўшыся ў самога сябе. Мяне ўразіў гэты правал у самога сябе. Я спыніўся, каб сказаць, што днямі вярну яму драўлянага, баракальнага анёла, якога пазычаў, каб намаляваць. Ён пытаўся, ці атрымаўся анёл і ці пакажу я малюнкі? Голас ягоны гучаў хрыпла, патухла, нібыта здалёк. Ён застаўся ў правале.
        
        
1979. Міцкевіч і Колас
        
        Я задумаў і напісаў партрэт Якуба Коласа. Выбраў стыль – гіперрэалізм. Калі я заканчваў працу, да майго суседа – Уладзіміра Караткевіча – прыйшоў у госці сын Коласа – Даніла. Караткевічу партрэт падабаўся, таму ён і ўгаварыў Данілу ацаніць выяву бацькі. Даніла Міцкевіч доўга разглядаў партрэт, а потым сказаў, што Колас атрымаўся нейкі злосны, а ўсё гэта з-за вялікай колькасці зморшчынак на шчацэ, якія я так старанна перамаляваў з фотакарткі. Караткевіч спрабаваў бараніць мой твор, спасылаючыся на вялікае падабенства яго да фатаздымка. Але Даніла сказаў, што бацька ягоны быў вельмі добры і чуллівы чалавек, а не такі злы і зацяты, як на маім партрэце. Караткевіча моцна закранула адмоўная думка Данілы пра партрэт, бо дзядзька Валодзя заўсёды перажываў, калі з ім не пагаджаліся. А мяне меркаванне Данілы не пакрыўдзіла зусім. Бо Колас быў чалавек зацяты і моцны, а не чуллівы, як казаў тады Даніла. І галоўнае: я яшчэ не скончыў партрэт, я не схадзіў у краму, і не купіў пакет лаўровага ліста, і не зрабіў вянок на галаве ў фотагіпер-калоса-Коласа…
        
        
1980. Лякарня
        
        Калі запой у дзядзькі Валодзі доўжыўся больш за тры месяцы, калі ён падаў на кніжныя паліцы і рэзаўся аб пабітае шкло, калі мне з братам даводзілася выцягваць Караткевіча з-за пабітага ўнітаза і адмываць ад крыві, тады ўжо і прымалася цяжкае рашэнне наконт лякарні. Выклікалася Света Капылоўская, якая працавала загадчыцай працэдурнага кабінета ў псіхіятрычнай клініцы, што ў вёсцы Навінкі. Свеце Караткевіч верыў. Света і ўгаворвала дзядзьку Валодзю паляжаць у бальніцы, адпачыць і паправіць здароўе. Не ведаю, якімі такімі словамі Света пераконвала Караткевіча, але ён пагаджаўся на лякарню. Дзядзька, вядома ж, хваляваўся, каб ніхто не прачуў і не ўведаў пра вандроўку ў Навінкі. Ніхто і не чуў, а калі і чуў, дык пра тое маўчаў. А цяпер? Цяпер дзядзьку Валодзю гэта ўжо не хвалюе.
        
        
1980. Чорны перац
        
        “Валодзя, кавы хочаш?” – пытаўся Уладзімір Караткевіч, стоячы пасярод лесвічнай пляцоўкі. Каву я любіў. І праз хвіліну сядзеў ва ўтульнай, абвешанай дэкаратыўнымі талеркамі кухні. Караткевіч не шкадуючы засыпаў каву ў турку. Браў дзве гарошыны чорнага перцу. Рэзаў іх напалам і кідаў у напой. Каву з перцам па-караткевіцку я гатую сабе ўжо гадоў трыццаць і добрым словам згадваю кухара – дзядзьку Валодзю.
        
        
198… Дэтэктывы
        
        “Дэтэктывы я пішу для жонкі!” – безапеляцыйна заяўляў дзядзька Валодзя. Тое было праўдаю. Цётка Валя жыць не магла без дэтэктываў. Чытала яна іх па-польску, запойна чытала. Яе пакой, “бярлог” яна яго называла, быў спрэс пазастаўляныпазакладзены маленькімі чорна-вокладачнымі кніжачкамі польскамоўных “дзюдзікаў”. “Чорны замак Альшанскі” Караткевіч напісаў для сваёй любімай Валькі. Калі ў кнігарнях пачалі выстройвацца чэргі за “Чорным замкам”, дзядзька Валодзя шчыра дзівіўся. У той час пісанне дэтэктываў лічылася малапрэстыжным заняткам, нават крыху стыдобнай ганебнай справаю. Усе чыталі, усе любілі раманы і аповесці з вострым сюжэтам і крымінальнай інтрыгаю, але да літаратараў-дэтэктыўшчыкаў ставіліся грэбліва. Таму цётка Валя, пачуўшы гутарку пра Караткевіча і “нізкі” жанр, ганарліва ўздымала голаў і казала: “Я ўгаварыла Валодзю, і ён напісаў “Чорны замак Альшанскі” для мяне! Ён – мой рыцар, ён падарыў мне замак!”
        
        
1980. Пляшка гарэлкі
        
        Дзядзька Валодзя піў, і піў ён запойна, па тры месяцы не выходзіў з ачмурэння. Каб так піць, патрабавалася падрыхтоўка, патрабаваўся запас алкаголю. Караткевіч быў найвялікшы майстра назапашваць і хаваць бутэлькі. Дзе ён іх толькі не прыхоўваў?! І ў кватэры, і ў пад’ездзе, і ў мяне… Можаш мяне асудзіць! Так, я хаваў бутэлькі дзядзькі Валодзі, часам хадзіў па гарэлку і каньяк для яго. Ён прасіў, бо сам баяўся не дайсці, баяўся паваліцца на вуліцы, даводзілася ісці мне. І я чхаць хацеў на твае асуджэнні. Вось так. Але не пра запоі я хачу распавесці, а пра спрэчку. Цётка Валя паспрачалася са сваім мужам Караткевічам на пяцьдзясят рублёў. Яна сказала, што схавае ў кватэры бутэльку белай, а Валодзя яе не знойдзе. Цётка схавала бутэльку і з’ехала на тыдзень. Караткевіч перавярнуў кватэру, а белую не адшукаў. Перажываў ён моцна, асабліва пасля таго, як Валя паказала яму схаваную пляшку. Тая стаяла паміж аконных рамаў, проста за шклом. Этыкетку Валя змыла і корак акуратна зняла, пакінуўшы адно цалафанаваю плеўку ад таго корака. Бутэлька празрыстая, гарэлка празрыстая, шыбы празрыстыя. Усе гэтыя празрыстасці і зліліся ў адну, амаль незаўважную, празрыстасць каля працоўнага пісьмовага стала літаратара Караткевіча.
        
        
1981. Хованкі
        
        У нашай сям’і мужчыны калі й выпівалі, дык рабілі тое не хаваючыся. Дзед Валодзя прывозіў на ровары з мястэчка Наваельня сямісотграмовую бутэльку віна – паўтарак, і ставіў яго на сярэдзіну стала. Тата, калі прыносіў гарэлку з крамы, гэтаксама адразу ставіў яе на стол. Недапітая бутэлька з гарэлкаю заўсёды стаяла ў нашай лядоўні. Караткевіч піў таемна. Ён мог зранку запрасіць мяне на каву, усадзіць на кухні, наліць той кавы цэлы двухсотграмовы кубак і сысці ў кабінет. Адтуль дзядзька Валодзя вяртаўся з падарункам. Колькі кніжак па мастацтву ён мне перадарыў, каб таемна заглынуць сваю шклянку каньяку. Выпіць хутка гарачую каву ў мяне не атрымлівалася. І мы хвілінаў двадцаць сядзелі на кухні, і дзядзька Валодзя распавядаў розныя гісторыі пра сваю маладосць, як і кожны літаратар, ён збольшага пераказваў напісаныя творы. Пэўна, таму мне падабаецца раман Караткевіча “Нельга забыць”, гісторыя пра каханне. Калі мужчыны расказваюць мне пра сваё драматычнае каханне, я ім веру больш, чым жанчынам з аповедамі пра любоў, здрады і нянавісць, бо мужчыны робяць тое зусім не часта, нават пасля таемнай шклянкі каньяку.
        У літаратурных колах хадзіла паданне пра тое, як пісьменнік Карпюк выратаваў літаратара Караткевіча. Здарылася тое ў Маскве, у інтэрнаце Літаратурнага інстытута. П’яны Караткевіч збіраўся выкінуцца з вакна, а Карпюк, пабачыўшы яго на падваконні, схапіў і сцягнуў на падлогу. Аляксей Карпюк сцвярджаў, што Караткевіч хацеў развітацца з жыццём з-за гарэлкі. Карпюк, які ствараў таварыствы цвярозасці, нічога іншага і сказаць не мог. А я думаю, што калі ў Караткевіча і быў намер развітацца з жыццём, скочыўшы з шостага паверха, дык толькі з-за кахання. Як тое было насамрэч, я ўжо ніколі не даведаюся, але варта аддаць належнае Аляксею Карпюку, які ў ракавую хвіліну паспеў падтрымаць дзядзьку Валодзю.
        
        
1981. Алкаголь
        
        Аднойчы, прачытаўшы мае пачаткоўскія вершы, Уладзімір Караткевіч сказаў: “Ніколі не пішы ў п’яным стане». І я не напісаў ніводнага нецвярозага радка. Гэтую параду я выконваў і выконваю.
        
        
1981. Швейкі
        
        У Караткевіча было вялікае пачуццё гумару. Што для беларускага літаратара даволі нехарактэрна. Пры тым гумару тонкага, іранічнага, шматхадовага. Ён мог выбудоўваць камбінацыю, інтрыгаваць. І з ім, канечне, цікава было. Заўсёды. Ён ведаў шмат жартаў, любіў жартаваць. Ён зачытваўся Гашэкам, Чапекам, О. Генры. Збіраў лялькі. У яго адных Швейкаў было штук сорак.
        
        
1981. Цацкі
        
        “Я – беларускі Аляксандр Дзюма!” – любіў сказаць пра сябе Караткевіч. Не ведаю, з кім сябе параўноўваў аўтар рамана “Тры мушкецёра”, як не ведаю нічога пра ягоны ложак, а вось пра ложак Уладзіміра Караткевіча я ведаю. Дзіўны ложак, бо ўвесь ён быў пазастаўляны цацкамі. Караткевіч усё жыццё праспаў з цацачнымі мядзведзікамі. Каля таго ложка стаялі паліцы з кнігамі, і кнігі на іх былі збольшага для дзяцей і падлеткаў. Караткевіч чытаў Колінза, Хогарта, Конан Дойля і Аляксандра Дзюма, зразумела.
        
        
1982 . Мой першы зборнік вершаў
        
        Дзядзька Валодзя дапамагаў мне стаць афіцыйным паэтам. Ён напісаў рэцэнзію на першы рукапіс майго зборніка пад непаэтычнай назваю «10 на 10». Адзіная вартасць тых вершаў, што пісаліся яны па-беларуску. Караткевіч знайшоў яшчэ некальні станоўчых якасцяў.
        
        
1982. Раман
        
        Я захапляўся раманам Караткевіча “Нельга забыць”. Таму што гэта раман пра каханне, раман пра рэальнае каханне. Раман, у якім Караткевіч спрабуе стаць пісьменнікам найвышэйшага гатунку. Гэтая спроба… Я наогул люблю ў літаратуры такія спробы. Мне як творцу больш цікавыя правалы літаратараў, чым іх дасягненні. Дасягненне заўсёды невядома як зробленае. А калі чалавек не дасягнуў… Планы ў Караткевіча былі большая, чым ён мог зрабіць. І я гаварыў пра гэта з Караткевічам і казаў, што з задавальненнем прачытаў гэты раман, і ён мне падабаецца. На што дзядзька Валодзя адказваў: “Ведаеш, я рады, што ты цэніш маю творчасць. Але я скептычна да сябе як да творцы стаўлюся. І ты заўсёды мусіш ставіцца да сябе скептычна. І калі ты бачыш, што не можаш нечага зрабіць, то заніжай планку. Не можаш напісаць выразнае, рэалістычнае, класічнае апавяданне – напішы фантастычнае. І сілы будуць увесь час цябе пакідаць. Ты будзеш жыць, а сіл будзе ўсё менш-менш. Імпэт будзе паціху знікаць. І калі сілы зусім скончацца, нават на дэтэктывы інтрыгу будаваць, матывацыі прыдумляць – пішы фантастыку. Пішы лёгка. Пішы шмат”.
        
        
1982. Архіў
        
        Большасць людзей не рыхтуецца да смерці, яны адкладаюць і адкладаюць тую сумную падрыхтоўку. Пісьменнікі не выключэнне, а большасць пісьменнікаў яшчэ і спадзяецца на ўдзячных нашчадкаў, які ўсё ўпарадкуюць і даробяць. Марныя спадзевы. Вось Караткевіч ні на каго не спадзяваўся, сам спарадкаваў усе свае паперы і перадаў у літаратурны архіў.
        
        
1982. Таямніцы
        
        Слава – жанчына капрызлівая. Дай ёй толькі дробны матыў для крыўды, і яна ўцячэ. А матываў для крыўдаў процьма, нават пачынаць пералічваць не варта. Літаратар Караткевіч хутка набыў вядомасць і спазнаў славу. Адпаведна, цікаўнасць публікі да ягонай персоны рэзка ўзрасла. Публіка патрабавала ад праслаўленага пісьменніка прымітыўнага і шэрага жыцця. Гэта поўная лухта, што публіка можа дараваць вядомаму чалавеку незвычайныя паводзіны. Яна нават элементарнага запойнага п’янства не даруе. Таму ўсе блізкія да Караткевіча людзі старанна хавалі ягоны парок – запойнае п’янства. Зрэшты, а нашто народу было ведаць пра спустошанасць і слабасць жывога героя. Нікога ж не цікавіць, якімі намаганнямі і якімі высілкамі заваёўвалася гэтая слава.
        
        
1982. Казкі
        
        “Лягу ў бальніцу і напішу некалькі казак пра скарбы і чарцей. Валодзя, чаму ў бальніцы мне хочацца пісаць казкі? Амаль усе свае казкі я напісаў, лежачы ў бальнічным ложку…” Чаму дзядзька Валодзя пісаў у лякарні менавіта казкі, я не ведаў тады, не ведаю і цяпер.
        
        
198… Караткевіч і Барадулін
        
        Ці бывае сяброўства раўназначным? Пэўна, не бывае… Да такой высновы прыйшоў, згадваючы ўзаемаадносіны Караткевіча з Барадуліным. “Валодзечка, Валодзечка, Валодзечка…” – чулася ад Барадуліна. “Грышка, чорт цябе пабірай!!!” – у адказ гыркатаў Караткевіч. Праз санчапансаўскае прыніжэнне Барадулін знаходзіў сяброўства і з Броўкам, і з Быкавым, і з Караткевічам… Пра Рыгора Барадуліна я б наогул не згадваў, каб ён са свайго донкіхотаўскага Валодзечкі аднойчы не зрабіў дурня. Больш за тое, сярод дурняў апынуўся не толькі Караткевіч, а і я разам з ім. Дзядзька Валодзя напісаў прадмову да маёй першай кніжкі вершаў і занёс яе ў выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Там працаваў Барадулін і выконваў ролю “шэрага кардынала”. Ён затэлефанаваў Караткевічу і параіў не падтрымліваць розную дрэнь. У той момант дрэнню для Барадуліна быў я. Караткевіч мяне супакойваў: “Валодзя, калі будзеш выдаваць свой збор твораў, у дадатак паставіш маю кароткую рэцэнзію-прадмову, якую гэтыя падлюкі “згубілі”…” Дзядзька Валодзя меў рацыю, ён быў здатны бачыць будучыню. Даўно перагарэла мая злосць на дзядзьку Рыгора, але часам усё ж хочацца прагыркатаць: “Грышка, чорт цябе пабірай!!!”
        
        
1983. Госці
        
        Каго я толькі не прыводзіў да дзядзькі Валодзі… Паэта Бембеля з кнігаю пра вынішчэнне беларускай мовы. Мастака Альшэўскага з жаданнем напісаць партрэт знакамітага літаратара. Таварыша свайго Сцепаненку з праблемаю прапіскі ў Мінску. Полацкага пісьменніка-пачаткоўца Мінкіна… На Мінкіне ўсё і скончылася. Мы пілі каву з Караткевічам, і Алег Мінкін, прачытаўшы колькі вершаў, пачаў несці крытыканскую ахінею. Ён так ахайваў савецкі лад, што нагадваў правакатара са спецслужбаў. Вядома, ніякім правакатарам Мінкін не быў, а ягоныя выказванні адносна савецкай рэальнасці былі праўдзівыя. Адно толькі напружвала: крытыка тагачаснай імперыі зводзілася да аплёўвання творцаў за іх няшчырасць, хцівасць і прыкарытнасць. Караткевічу Алег Мінкін не спадабаўся: “Хлопец, колькі табе гадоў? Табе ўжо трыццаць, а разважаеш ты так, нібыта табе пятнаццаць. Ты прыйшоў у кватэру да незнаёмага чалавека, першы раз прыйшоў, а спрабуеш гаварыць так, нібыта мы з табою даўнія сябры…” Калі пакрыўджаны Алег сышоў, дзядзька Валодзя папрасіў мяне больш не прыводзіць да яго такіх неразумных людзей. Мне зрабілася няёмка, не за Алега Мінкіна і ягоныя вершы пра прыкарытную літаратуру, а за тое, што ў бліжэйшы час нікога не змагу пазнаёміць з Караткевічам.
        
        
1984. Смерць
        
        “Дайце спакойна памерці!!!” – у тэлефонную слухаўку крычаў Караткевіч. Ён гэта рабіў не раз і не два, ён такое выкрыкваў шматкроць. І ўсе нават прызвычаіліся да такіх выхадак, усе ўспрымалі гэта за гіпербалу. А Караткевіч узяў ды й памёр на пяцьдзясят чацвёртым годзе жыцця…
        
        
1984. Апошняе слова
        
        “Пячэ!!!” – крычаў Караткевіч, калі санітары папрасілі мяне дапамагчы ім апусціць насілкі з пятага паверха… Два разы я жыў на адной пляцоўцы з Караткевічам, і абодва разы на пятым паверсе… Насілкі былі цяжкія. А ён усё не супакойваўся. “Пячэ! Пячэ! Пячэ!..” Пякельнасць праступала на твары спакутаванага ад болю дзядзькіВалодзі Насілкі загрузіліся ў машыну. Разам з санітарамі я паехаў у лякарню. Там я дапамог перагрузіць насілкі на каталку. “Пячэ!” – шаптаў перасмяглымі губамі Караткевіч. Гэта апошняе слова, пачутае мною ад яго. Хацелася дапамагчы, хацелася выцягнуць яго з пекла, узяць за руку і выцягнуць. За руку я яго ўзяў, а выцягнуць не выцягнуў.
        
        
1984. Маска
        
        Дубянецкі арганізаваў зняццё маскі з твара нябожчыка. Ён вельмі ганарыўся тым, што паспеў своечасова і аператыўна зняць маску. “Для гісторыі патрэбна пасмяротная маска Караткевіча!” – казаў Дубянецкі, а я яго не разумеў. У часы татальнага фатаграфавання ды фільмавання хіба патрэбна каму тая пасмяротная маска?
        
        
1985. Папулярнасць
        
        Украiнскi паэт Максiм Стрiха казаў, што вельмi зайздросцiць беларусам, якiя маюць такога легендарнага лiтаратара, як Караткевiч. На кнiгах Караткевiча будзе выхоўвацца не адно пакаленне беларускiх патрыётаў. Максiм так расхвальваў Караткевiча, што мне зрабілася няёмка. Нiбыта я не разумеў значнасцi ягоных твораў цi выказваўся пра Караткевiча без патрэбнай павагi. Я мог бы прывесцi iншыя прыклады вядомасцi i папулярнасцi Караткевiча, але i гэтага дастаткова.
        
        
1989. Сказ
        
        “Цёмныя хмары прыгнёту плылі па-над Беларуссю…” – менавіта да такога сказа можна звесці ўсю творчасць Караткевіча. Прынамсі, я так і зрабіў, малюючы комікс паводле аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. Пісьменнік Кастусь Тарасаў страшэнна абураўся тэкстамі ў тым коміксе. Казаў, што Караткевіч не мог выказвацца так спрошчана. Але чытачы занялі іншую пазіцыю, яны былі на маім баку і раскупілі сотні тысячаў намаляванага “Палявання”, бо “цёмныя хмары прыгнёту” сапраўды плылі па-над Беларуссю. І пакуль яны будуць плысці, творчасць Караткевіча будзе актуальнай.
        
        
1990. Помнік
        
        Каб мне замовiлi зрабiць помнiк Караткевiчу, я б не ляпiў бронзавага чалавека, падобнага да дзядзькi Валодзi, я б зрабiў iмклiвых коннiкаў вершнікаў – паляванне караля Стаха, тое паляванне, што карае здраднiкаў Радзiмы. Зрэшты, такi своеасаблiвы помнiк я i зрабіў, пераказаўшы ў форме комiкса для нашых дзяцей найлепшую легенду Караткевiча.
        
        
2004. Легендарнасць
        
        Так супала, што ў часы асноўных зменаў у нашай сучаснай гiсторыi менавiта кнiгi Караткевiча дапамагалі ў чорныя гадзiны сумненняў i роспачы. Кожная беларуская сям’я мае ягоныя кнігі. У гэтым сэнсе Караткевiчу пашанцавала больш, чым іншым літаратарам. Карыстаючыся сучасным вызначэннем, можна сказаць: Караткевiч – народны пiсьменнiк. Але, добра ведаючы дзядзьку Валодзю, думаю: яму б не спадабалася такое вызначэнне. Таму я напiшу iнакш… Уладзiмiр Караткевiч – легендарны беларускi лiтаратар.
        
        
2004. Марнатраўства
        
        Дзядзька Валодзя змарнаваў шмат сiлаў i часу на экранiзацыi i тэатральныя пастаноўкi сваiх твораў. Ягонае пакаленне проста згарэла ў кiназалах i на здымачных пляцоўках, як маё пакаленне згарэла на тэлебачаннi, а пакаленне маiх дзяцей гарыць ясным полымем у інтэрнэце. У кожнай генерацыі свае забаўкi, свае ловы ветру, сваё марнатраўства часу.
        
        
2004. Постмадэрнізм
        
        Для мяне сам тэкст – рэальнасць. Раманы, вершы, аповесцi Уладзiмiра Караткевiча – рэальнасць. Дзядзька Валодзя – рэальнасць. Для мяне не iснуе гiсторыi як асобнай навукi. Ёсць гiсторыя лiтаратуры, гiсторыя матэматыкi, гiсторыя мастацтва, гiсторыя культуры i гiсторыя вайны, то бок безкультур’я. Найважнейшым у гiсторыях я лiчу факты, складзеныя ў храналагiчныя таблiцы. Чалавек у еўрапейскай цывiлiзацыi падпарадкаваны ў сваiх паводзiнах архiтэктурнай сiтуацыi, таму лiтаратурныя стылi iдуць услед за архiтэктурнымi. Iх няшмат, i я пералiчу: раманскi, готыка, адраджэнне, маньерызм, барока, ракако, класiцызм, рамантызм, мадэрнiзм i постмадэрнiзм. Караткевiч, як i ўсе лiтаратары нашага часу i нашай еўрапейскай культуры, належыць да постмадэрнiстаў.
        
        
2004. Чытачы
        
        У сучасных беларускіх хрэстаматыях па лiтаратуры шмат выдатных iменаў i многа няякасных тэкстаў, а ўсё з-за таго, што большасць сусветнай класiкi перакладзена кепска. Узровень перакладчыкаў саступае ўзроўню аўтараў настолькi, што Шэкспiр чытаецца горш за Крапiву. Каб выправiць абсурднае становiшча, варта прыбраць з хрэстаматый перакладную лiтаратуру, уключаючы Гусоўскага i Баршчэўскага, а дадаць больш тэкстаў Караткевiча i сучасных беларускiх лiтаратараў. Такiм чынам, чытачоў у Караткевiча стане больш, што важна.
        
        
2004. Працягі
        
        Найцікавейшая рыса літаратурных твораў Уладзіміра Караткевіча – незавершанасць, якая вымагае працягаў, варыянтаў, імправізацыяў і пераходу ў іншыя жанры мастацтва: у графіку, у тэлевізію, у кіно…
        
        
2005. Дысідэнт
        
        Антысаветчык, дысідэнт, змагар за безальтэрнатыўныя каштоўнасці – таксама нейкая ідэальная рэч, якой няма ў прыродзе. Як Гогаль пісаў – што гэта за пісьменнік, які не можа падмануць цэнзара? Ясна, што Караткевіч падманваў цэнзара. Ясна, што яго забаранялі. І што ў асяродку пісьменнікаў пра тое цудоўна ўсе ведалі. Калі ў цябе нічога не забаранілі – ну, які ты пісьменнік? Назваць Караткевіча дысідэнтам? Я б не называў. Мне слова не падабаецца. Як і савецкі чалавек. Гэта хутчэй паліталагічны тэрмін, а не рэальнае жыццё. Дзядзя Валодзя – беларускі пісьменнік. Класік беларускай літаратуры. Пры тым выключны пісьменнік, якога дзеці чытаюць з задавальненнем.
        
        
2006. Кніга ўспамінаў
        
        Занёс маці кнігу ўспамінаў пра дзядзьку Валодзю. Праз колькі тыдняў спытаў пра ўражанні. “Прачытала ўсё, але мала што падалося цікавым… Павярхоўнае, знешняе, непраўдзівае… У нас, напэўна, свой Караткевіч, а ў іх быў свой. Калі ён заходзіў да нас і казаў: “Ніна, пачастуй мяне каваю!”, я варыла ў турцы каву на маленькім агні і думала, што шчаслівае і вялікае жыццё нас усіх чакае наперадзе. А калі я чытала кнігу ўспамінаў, мне падумалася, што маё шчаслівае жыццё было тады, і яно засталося ў далёкім мінулым. Жыў Караткевіч, жыў твой тата – мой Слава…”
        
        
2007. Час
        
        Час – пашырэнне душы ад тут і цяпер да было і будзе. Так можна пераказаць думку Блажэннага Аўгусціна. Такое разуменне часу мала патрэбнае для фізікаў, але яно плённае для паэтаў. Нездарма апошнюю кнігу лірыкі Караткевіч назваў “Быў, ёсць, буду…”. Ён змог пашырыць сваю душу ад свайго тут і цяпер да нашага было дый будзе.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.