РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гулянка ў дэкарацыях
 
Малая паэма
Гародня над морам. Няўжо над морам?
Нешта, здаецца, вучыў, што над Нёманам...
Мабыць, з-забыў... Хвала рэжысёру,
Што прыцягнуў пад Гародню горы!
Волат!
Мог бы спрачацца з Сам-со-манам.
Што-то як двойка па геаграфіі...
Вось жа яно...
                        У стагодзьдзі шаснаццатым...
Латнікі п’яныя, войты, графы...
Тр-р-р... А нашто тут студыйны рафік?..
Часу машына?
                        А што разьбірацца там?!.
            Плюнь! Віно галоўнае,
            Шашлыкі,
            Сіні дым...
            П’ём сваё, кроўнае,
            На працы гарым.
            Бач, апостал Павал цягне віно...
            Кін-но!!!
            Месяц ішачылі
            Дзень у дзень...
            Што вам тут, Ушачы?
            Орша? Бытэнь?
                        Маеш рач-чыю
                        Д-дзень у дзень...
Мелі рацыю,
            Што ў дэкарацыях,
            Безь людзей.
            Што вам тут, Мёры, –
            Пі ды глядзі.
            Слава касьцюмёрам,
            Грымёрам, акторам,
            А найбольшая таму, хто даў у крэдыт?
Полымя адбіткі на даўніх мурах,
Вілы, косы, сьвіткі – проста жах!
На шампурах круцяцца, пахнуць шашлыкі,
Сінія агеньчыкі, іскаркі.
Досыць над такімі палілі нас.
Мы іх пусьцім дымам...
Наш час!
Вогнішча іскрыцца. Дым. Дым.
Мы ім – інквізіцыю! Мы – ім...
Лі на абрусы,
Паны-беларусы!
Ў гэты апошні і слаўны час
Крымскія лаўры глядзяць на нас...
Мы беларусы даўніх часоў.
            Ой, уп’юся!
Дык кінь ты ўсё!
Налівайце шклянкі –
П’янка дык п’янка.
Налівайце іх на сьвятасьць
Віном.
            Акаянным, але не праклятым
            Віном.
            А яно нам паможа ўзьвесьці наш дом,
            Радасьць, ісьціну й людскасьць у рукі ўзяць.
            Слаўся ў вышніх лаза!
            Слаўся лаза.
Слаўся тая, што дорыць каханьня сілу,
Слаўся тая, што гора паможа заліць,
Тая, гроны якой нас сёньня паілі,
Тая, гроны якой яшчэ сьпяць у зямлі,
Што малодшым, іншым падораць радасьць,
Іх шпурнуўшы ў каханьня гарачы вір.
Эх, лаза ты мая,
                              безь лістоў,
                                                   непрыглядная!...
І сядзіць у вянку з лазы вінаграднай,
І сьмяецца празь сьлёзы
Аўтар – п’яны сатыр.
О якая туга!
                      Па-над белымі вежамі сьцелецца
Ў чорным небе Батыева Шляха алмазны аркан.
Калі даць камянём па аплеценай віннай бутэльцы, –
Атрымаецца ледзь не вэрсальскі фантан:
            Сто каскадаў у шчыліны. Глеба з гора
            Смокча, сёрбае, цягне нагбом віно...
            Ой, кіно!!!
            О, як скачуць, якая фантасмагорыя,
Мора, скалы, касьцёл беларускі, ноч!
Ноч сьвятое Вальпургі: рук спляценьне,
Вежы, мур і горад зь сярэдніх вякоў,
На франтонах і статуях ломяцца цені
Пад рытмічны пошчак конскіх падкоў.
Конскіх?
               Чорта!
                           Проста ў д’ябла капыта
            Рэквізітарам п’яным рупна падбітае,
Бо ў імгненьне стопча сярод камянёў...
Ой, кіно!!!
Як на Лысай гары, як на Брокена скалах
Карагодам, віхураю ўецца навала.
Скачуць д’яблы зь вядзьмаркамі, скачуць агні,
Ўсё здаецца вось-вось узаўецца ў зэніт
На мяцёлках і сьвіньнях, з бляяньнем і віскам,
На казлах і качэргах, як сьмерч, як вятрыска...
Звон падковаў і зь белай званіцы звон,
А магчыма, ў мазгах утрапёных звон...
Звон.
Звон.
І віно, і ўзьлёт, і водбліск пажараў,
І бляднеюць зоры ад нашай мары
Ў прадчуваньні новага сьветлага дня.
Пеўня крык.
                      Цішыня.
Разьлілося сьвятло.
                                   Цішыня.
Цішыня. Над туманным масьляным морам
Узвышаюцца вежы сьнежным узорам.
Мёртвым сном

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.