РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вытрымкі, цытаты, развагі, назіранні, ўласныя выслоўі
        
* * *

        Я веру ў кансалідацыю графаманаў і не веру ў плюралізм, суіснаванне таленавітага і бяздарнасці.
        
        
* * *

        Нідзе так не стамляешся, як на выстаўцы. Пад канец перастаеш рэагіраваць нат на больш выдатныя творы мастацтва.
        
        
* * *

        Класік «жывы»? Гэта дзіўна. Званне гэта даюць наступныя пакаленні.
        
        
* * *

        Перажываем часы тэрору халтуры пад відам новага мастацтва, авангарда.
        
        
* * *

        Марынэці заклікаў знішчыць музеі, творчасць мінулага... Ён думаў – слова зможа адмяніць лад, змяніць свет.
        
        
* * *

        Усе ўзнагароды Нобеля робяцца рукамі палітыкаў.
        
        
* * *

        Хто сёння за нейкую ідэю будзе змагацца, калі ідэі няма, і тыя, якія былі, – на сметніку гісторыі.
        
        
* * *

        Я стаў іншым і іншай стала паэзія.
        
        
* * *

        На гісторыю глядзім праз акуляры літаратуры, мастацтва.
        
        
* * *

        Білет у Вялікі тэатр – 3,5 долары; нумар гасцініцы – 400 дол.
        
        
* * *

        У нас як упруцца ў нейкае прозвішча, дык будуць яго скланяць на ўсе лады, хоць за ўвагай застаюцца вартыя большай увагі.
        
        
* * *

        А чытач часта паступае не па праграме, што яму раюць.
        
        
* * *

        Слушныя артыкулы не чытаюцца так, як скандальныя.
        
        
* * *

        Калі меркаваць па актыўнасці духоўнікаў, даўно павінна было настаць маральнае адраджэнне ў нас. А што бачым? Поўны маральны упадак, п’янства, поўны эканамічны балаган.
        
        
* * *

        Тыя, што патрафяць нешта рабіць, – робяць, тыя, што не патрафяць, – павучаюць (англ. пагаворка).
        
        
* * *

        Колькі ў угоду рыфмы знаходзім розных дзівосаў! Нат у Брусава: Дремлет Москва будто самка спящего страуса (?). Каб зрыфмаваць з радком: «Тянется длинная шея – беззвучная Яуза...». А Русь і саюз?
        
        
* * *

        Гётэ, Стаф, Івашкевіч пісалі да старасці. Рэмбо кінуў пісаць малады.
        
        
* * *

        Генерал Дравіч канфедэратам барскім адсякаў правую руку і ссылаў у Сібір.
        
        
* * *

        На пачатку 20 стаг. Рублёва лічылі варварскім багамазам. У бэдэкеры на Расіі 1918 г. гаварылася аб яго мастацтве, як аб «прымітыўным і скасцянелым, якое мае толькі этнаграфічную вартасць».
        
        
* * *

        Пантэтофэн – апанент Коха – глынуў на публічным паказе бацылы халеры і не захварэў.
        
        
* * *

        Панятоўскі – лысы, баязлівы, а ў літаратуры?
        
        
* * *

        Смерць Гастэлы. Знойдзены ў Тарце самалёт.
        
        
* * *

        Міцкевіч. Цвітуць восенню кветкі. Букі букам перадаюць рэха (?). У нас не растуць.
        
        
* * *

        У Шэкспіра чэхі жывуць пад морам.
        
        
* * *

        У Шылера Геслер дае яблык з дрэва ў снежні.
        
        
* * *

        На востраве Багемы Калумб з падзорнай трубой, якую выдумалі праз 100 год пасля яго смерці.
        
        
* * *

        Кутузаў у Ленінградзе падобны на рымскага легіянера.
        
        
* * *

        «Fonis Polonia!» – Касцюшка не гаварыў. Гаварыў: «Няшчасная была б Польшча, калі б лёс яе залежаў ад аднаго чалавека».
        
        
* * *

        Масква збіраецца выкінуць на рынак трафейныя творы мастацтва, раней зрабаваныя немцамі. Чаму толькі праз 50 год?
        
        
* * *

        Памылка саветолагаў: «Хаця Бжэзіньскі, А. Стромас (літ. эмігрант), А. Амарлік «Ці СССР пражыве, праіснуе да 1994 г.», дэсідэнты Джылас, Оруэл (Orwell): «Як маніла наша статыстыка? (50 мільёнаў пар ботаў, хоць не выпусцілі ні пары)».
        
        
* * *

        Хлусня пра Раманава, што браў прыборы з Эрмітажа. Вяселле было ў Таўрычным замку, дзе была партшкола і сталовая. Раманаў быў кандыдатам на высокі пост.
        
        
* * *

        Здабыццё хлеба не пакідае часу на культуру. Страх за заўтрашні дзень паралізуе ўсякую дзейнасць.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.