РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Невядомыя старонкі дзённікаў
1937 г.
        
        Пількаўшчына. Кончыць «Кастуся Каліноўскага», казку і дробныя вершы.
        
Пэўна, крытыкі сяньня шумяць
Роям пчол адзьвінеўшага лета,
I ўсё радзяць дзе што назіраць,
I ўсё лечаць здаровых паэтаў.
Люты 1938 г.
        
        
21.01.1938 г.
        
        Сёньня баліць галава. Заўтра выязджаю ў Вільню разам з сястрой Верачкай. Выходзе замуж. Нейкі настрой паганы. Грукаціць дурацкае сэрца ў сувязі з гутаркай на кірмашы з адным п’яным.
        
        
1938 г. люты 23
        
        Фармальны голад. Напісаў пісьмо, ніхто з дому не прысылае. Сяння з кожнай гадзінай раблюся нэрвовым. Змушаны перарваць чытанне К. Гамсуна «Голад».
        
        
01.04.1938 г.
        
        Загатоўкі для вершаў:
        
Трэба кінуць гром пад ногі, каб маланкамі
Разсыпаўся. А ногі спутаныя песьняй
 
I раптам звалілася сонца і ня мог яго падняць
 
Будзеце есьці хлеб на магілах,
Хай будзе ён салодкім.
 
Нехта сабраў усе мае смуткі
I выліў у адзін твой сьмех
 
[Не вер, калі праклінаюць цябе званамі ўсіх
званіц. Яны скрыта моляцца, цалуючы цябе]
 
Выляцеў з хаты за месяцам...
        
        
26.04.1938 г.
        
        Німа грошай. Панёс усе зборнікі свае, якія меў, да кнігарні др. Ян. Станкевіча, даў 20 злотаў (11.75) за зборнікі, а 8.25 за попію новай паэмы, чаму? Сказаў яму, што не хутка яшчэ яе кончу. Усё роўна згадзіўся: пачакае. Маю чым заплаціць за квартэру. 3 радасьці выпіў літар малака... Трэба пісаць...
        
        
5.12.1938 г.
        
        Зноў баляць грудзі. З «Калосьсям» канчаткова разышоўся. Нэрвы. Ня ведаю, як доўга з імі вытрымаю, не магу ні пісаць, ні чытаць. Здаецца, дабіўся да абуха, здаецца трэба нанова радзіцца, каб жыць далей.
        
        
20.03.1939 г.
        
        Трымаю сябе ў руках, але неяк не магу апанаваць нэрваў, не магу працаваць. Чытаю і чытаю, а настрой пагоршываецца. Ні пісям, ніякіх малейшых вестак.
        
        
Май 1939 г.
        
        Маю працу. Страшэнна вычэрпывае. Рукі баляць яшчэ без прывычкі. Добра, што маю што есьці і аплаціць кватэру, але паэма хіба будзе да восені ляжаць дзірваном.
        
        
Май 1939 г.
        
        Вільня. Працую на сартоўкі насення. У тыдзені ... зарабляю 16 злотаў з грошамі. Добра, што хоць гэта, каб было толькі яшчэ патрываць на пару тыдняў. Настрой страшэнны. Чытаў нядаўна ў Музэі паэму «Дыскусыя». Шутовіч закідаў маскоўшчыну і розныя іншыя «ерасі». А ўсё ж я яе на злосьць ім напішу, і напішу так як задумаў. Будуць яны яе грызьці.
        
        
Пасля 23.12.1945 г.
        
        Я прашу аднаго: дайце мне часу, і я дайду да гэтай тэмы, якая мяне не менш цікавіць, як вас. Я прашу часу, як вядомы грэцкі філосаф прасіў пункту апоры.
        
        
26.12.1945 г.
        
        Тэмы вершаў: «Гето», «Мінск у імгле», «Імгла над Мінскам», «Уводзіны ў новую хату»...
        
        
09.02.1946 г.
        
        Трэба хутчэй закончыць зборнік «Каб ведалі» і прыступіць да нейкага большага палатна. Паэма? Нешта падобнае да «Іліяды» на фоне партызанскага руху. Трэба прыдумаць цікавы сюжэт. Некаторыя хварбы да гэтай паэмы, сітуацыі, эпізоды і г. д. маю. Магчыма, як закончу цыкл нарачанскіх вершаў, знайду і асноўную лінію. А зараз — вершы і вершы! Я даўно не адчуваў сябе ў такой «форме», як зараз. Пішу — і пішыцца лёгка, і вырысоўваюцца ўсё новыя і новыя тэмы. Учора быў у доме Чырвонай Арміі, слухаў выступленне К. Е. Варашылава. Добра ён сказаў пра наш народ.
        
        
09.06.1946 г.
        
        Прыехаў з Пількаўшчыны. Прывёз шмат вершаў, якія пісаў у 1934—37 гг. Перачытаў і падзёр, толькі некалькі выбраў.
        
        
23.06.1946 г.
        
        Даўно я ў паэзіі не дыхаў так прывольна, як апошнія месяцы. Здаецца, апала нейкая пеляна і на сотні вёрст ужо стала відаць кругом.
        
        
23.10.1946 г. Мінск
        
        Цыганы. Тэму гэту пакідаю на нейкі час у сувязі з запатрабаваннем на больш актуальныя вершы, паэмы. Але матэрыял збіраць для гэтага твору буду.
        
        
09.11.1946 г.
        
        Можна адбудаваць жыццё на любых руінах, толькі не на руінах светапогляду і г. д.
        
        
29.09.1947 г.
        
        Калі гавораць, што марксізм устарэў, мне здаецца, што гэтыя людзі гавораць, што ўстарэла навука, матэрыя і г. д.
        
        
02.04.1948 г.
        
        Сёння перадалі па радыё, што я атрымаў Сталінскую прэмію за свой зборнік «Каб ведалі». Першы звестку гэту перадаў Броўка. Не верылася. Цэлы дзень пад уражаннем гэтай высокай узнагароды. Усе віншуюць, а мне аж страшна. Трэба будзе яшчэ лепш і лепш пісаць, вучыцца і вучыцца... Абедаў з Піменам і Кучарам. Гутарылі аб паэзіі, аб літаратуры. Пісаць, пісаць і пісаць! Буду думаць аб паэме. Апошнія дні столькі выступленняў у Брэсце, у Жабінцы, у Мінску...
        
        
05.10.1948 г.
        
        Прачытаў пачатак паэмы.
        
I радасна ў сэрцы Марціну было адчуваць,
Што й ён тая кропля жывая народнае сілы,
Якую нішто не магло ў падзямеллі стрымаць,
Якая няволі ільды падмывала, крышыла.
 
Марцін па завулках бадзяцца любіў і раней,
Калі ад шпікоў яму трэба было захінацца,
А сёння тым болын, – вось ідзе з натоўпам людзей
Падхопляны хвалямі мітынгаў і дэманстрацый.
 
Дзе сёння народ не змяшчаўся у іх рэчышчах гулкіх,
Як павадак збуджаны подыхам цёплым [праменнем] вясны,
Шумеў так, прарваўшы няволі затор ледзяны,
З святочным настроем Марцін па завулках ішоў.
 
Усё захапляла яго: расахатыя кроны каштанаў,
I русская мова, і яркая чырвань сцягоў,
Натоўп ля тэатра, дзе йшлі Крапівы «Партызаны».
        
        Не падабаецца. Сёння ў Саюзе вечар. Не пайду. Няма настрою ніякага. Напісаў дамоў пісьмо ў справе арганізацыі калгаса ў Шлькаўшчыне. 9-га трэба пад’ехаць у Маладзечна. Пісаць, пісаць і пісаць!
        Жуль Верн, – пісаў Тургенеў, – нецікавы чалавек. Да гэтага ён ніколі не падарожнічаў.
        Фет быў рэакцыянерам, друкаваў свае артыкулы ў «Рускім весніке» і «Московских ведомостях».
        Чаго хоча ад мяне гэта музыка? – часта пытаў Л. Н. Талстой.
        Музыка – успаміны аб тым, чаго ніколі не было (?) Л. Н. Талстой.
        Памерці – гэта значыць далучыцца да большасці, – гаварыў Л. Н. Талстой.
        
        
10.09.1949 г.
        
        Упершыню верш «Хата гураля» быў надрукаваны ў «Осігойгепіе» № 46, 1949 г. у перакладзе КоЬегіа 8Ш1ега.1 Быў надрукаваны ў львоўскай газеце «СЬег^опу вМапсіег» 1950 г. 22.04. № 80 (2005) стар. 3.
        
        
20.06.1950 г.
        
        Еду ў Маскву, адкуль у складзе савецкай дэлегацыі, у якой будзе Бажан, я і кіраўнік нашай дэлегацыі Гундараў, крануся ў далейшую дарогу. Раней з нейкай большай ахвотай збіраўся ў падарожжа. Канада, у якую паедзем, нешта зусім мала мяне вабіць. Марай маёй – пабываць у Кітаі. Здаецца, шмат напісаў бы вершаў. А што ў той Канадзе? Але добра што хоць чацвёрты раз не прыйшлося ехаць У Польшчу. Там мне амаль усё вядома. Куды можна ездзіць часта і не надакучыць, ды гэта ў Карпаты, У Закапанае, у горы, або на наш Каўказ, толькі не на Чарнаморскае курортнае пабярэжжа, а недзе ў аколіцы Рыцы ці ў больш дзікія, высокагорныя районы.
        
        
11.10.1950 г.
        
        Я перачытваю свой апошні зборнік «Каб ведалі», і столькі трэба ўнесці, паправіць і дапрацаваць ў яго! Некаторыя недахопы яшчэ раней я ледзь адчуваў, сёння зусім відавочны і патрабуюць неадкладнай сёння аперацыі.
        
        
23.10.1950 г.
        
        «Наказ дэлегату...» – гэтым вершам закрываю свой гросбух2 Пачаў пісаць у ім з 1945 г. 23 сакавіка, а сёння ўжо 23.Х.50 г. Аж шкада расставацца з гэтымі старонкамі, на якіх зарадзіліся ўсе мае лепшыя вершы апошніх год.
        
        
14.11.1950 г.
        
        Верш «Апала зорка» быў надрукаваны, здаецца, у «ЛіМе», але ў зборнік я гэты верш не ўключыў у сувязі з артыкулам Коласа, які, магчыма, і меў слушнасць, адзначыўшы недахопы гэтага верша. Калі будзе час, да гэтай тэмы яшчэ вярнуся, вырашу яе крыху ў іншым плане.
        
        
1951 г.
        
        Думаў напісаць, як Ільіч ішоў праз горны перавал, думы яго і г. д., ды пазней як скемікаў: нічога не выйшла з гэтай тэмы і кінуў. Магчыма, што назаўсёды. I так – гэта яшчэ адзін з шматлікіх прадчасна пахаваных твораў.
        
        
02.09.1954 г.
        
        Верш «На радзіме Абая» напісаны ў самалёце, сярод хмар, якія клубіліся над паўночным Казахстанам. (Пазней дапісана: «Стнхотворенне это было напечатано 19.ІХ.54 г. в «Казахстанской правде» в переводе П. Скалковского н в Ленннградском журнале «Звезда» № 2, 1955 в переводе Р. Рождественского».)
        
        
25.09.1954 г.
        
        Верш Кэ Зун-піна «Баку» – пераклад з кітайскага падстрочніка, якія атрымаў ад Кэ Зун-піна ў цягніку, калі ехалі з ім з Варшавы. Я даў яго перакладчыку свой верш «Блакітная рака».
        
        
22.10.1954 г.
        
        Верш «Шчасліва ўдалячынь ляцець» быў надрукаваны ў Літггазеце ў перакладзе Я. Хелемскага, здаецца, у навагоднім нумары і ў газеце «Зорка» 26.ІУ.1959 г. (газета беларускіх дзяцей у Польшчы, дадатак да «Нівы»).
        
        
01.11.1954 г.
        
        Верш «Табе» ў перакладзе Ул. Сасюры быў надрукаваны ў № 3 «Дніпро» за 1955 г.
        
        
19.05.1955 г.
        
        Верш «Заява ў горсавет» быў надрукаваны ў «Звяздзе» за 25.V.1955 г.
        
        
12.06.1955 г.
        
        Дапісаў некалькі радкоў пра Маякоўскага, выправіў напісанае раней і аддаў для Літгазеты.
        
        
16.07.1955 г.
        
        Верш «Вадас пад Міцкевіча» ў перакладзе Жукаўскаса Альберта быў надрукаваны ў «Ьііетаіша іг тепаз» № 48, 1955 г. Вільнюс і ў «Лнтературной газете» перакладзены Я. Хелемскім.
        
        
27.08.1955 г. Нарач
        
        8 гадзін раніцы. Цудоўная пагода. Заўтра сям’я едзе ў Мінск. Я яшчэ застануся на тыдзень.
        
        
28.08.1955 г.
        
        Нядзеля. Сёння паехалі Люба і дзеці ў Мінск. Застаўся я на Нарачы. Ноч. 12 гадзін. Праз тыдзень і мне трэба будзе ехаць. На беразе сустрэлі з Міхасём Лыньковым т. т. Абрасімава, Аўхімовіча, Кісялёва, якія прыехалі паглядзець на нашы мясціны.
        
        
17.09.1955 г.
        
        Вечарам з чыгуначнікам ездзіў лавіць рыбу. Праехалі пад парусам аж да П[...]3, змерзлі і нічога не злавілі. Ледзь дома адагрэўся. Поўнач. Закончыў, хутчэй за паўгадзіны напісаў верш «Сварка». 12 гадзін. Ноч. Цемень. Толькі шуміць за вокнамі Нарач.
        
        
31.12.1955 г.
        
        Да Новага году засталося 45 мінут. I так гэта4 – апошні верш у гэтым годзе. Якім сумным вершам я яго закончыў.
        
        
14.06.1957 г.
        
        Верш «Стол» перакладзены на ўкраінскую мову А. Малышкам.5
        
        
14.10.1957 г. Кітай
        
        «Мост дружбы» – напісаў гэты верш на беразе возера Дун Ху, адкуль відаць быў помнік вялікаму Цюй Юаню.
        
        
09.01.1958 г.
        
        6 Успаміны гэтыя былі надрукаваны ў 10 нумары «Полымя» за 1958 г., фрагмент пра Радашковічы – у Радашковіцкай райгазеце «Сцяг Ільіча», 21. ХІ.1958 г. (№ 125 (1551)).
        
        
23.07.1963 г. Нарач
        
        Прысніўся нейкі дзіўны сон. Грузавая машына, у якой ехалі нашы дзяўчаты, не праехала па дарозе і іх заваліла нейкімі мяшкамі. Усё адбылося на маіх вачах. Я прачнуўся і доўга не мог заснуць.
        
        
05.11.1963 г.
        
        Можа назваць свой зборнік «Нічога» 7
        Герадот: «Чуў, што на поўнач ад краю скіфаў жывуць людзі без галоў, а яшчэ далей іншыя, з казачнымі капытамі, пакрытыя поўсцю, якія спяць шэсць месяцаў у гаду».
        
        
17.02.1964 г.
        
        Сёння зайшоў да мяне Іван Паўлавіч Сікора. Дужа цікавы стары. Спадабалася яму ў нас. А мне ў ім спадабалася яго скромнасць. Мы паказвалі яму свае агароды, гаспадарку. Хваліў. Асцярожна сёе-тое раіў зрабіць. А чалавек ён вялікага вопыту жыццёвага, шмат добрага зрабіў на сваім вяку. Запрашаў наведаць яго вопытную станцыю, на якой адных фруктовых дрэў розных гатункаў болып двух з паловай тысяч. Я чуў пра яго калісьці ад Машары. Потым чытаў яшчэ 2–3 нарысы ў нашых газетах і часопісах.
        Цікавыя і трапныя яго заўвагі аб нашых карэспандэнтах. Прыедуць, казаў, пабудуць дзве-тры гадзіны і ўсё ведаюць. Потым напішуць, што я вывеў арэхі без скарлупіны. А ты тлумачся перад кожным, што гэта глупства.
        Праўда, ён вывеў новы гатунак нашага арэха, якім нават зацікавіўся Л. Лявонаў.
        
        
21.08.1965 г.
        
        Мора шуміць і шуміць. Сёння апошні дзень у Кактэбелі.
        
        
20.11.1965 г.
        
        Каляндар беларускі за 1963 год. Беласток. У гэтым каляндары надрукаваны матэрыял у справе беларускіх школ і пазашкольнай асветы.
        
        
28.12.1965 г. Мінск
        
        Ад Алесі прывезлі харошыя дзве ёлачкі. Паставіў іх на балконе. Трэба некаму адну з іх падарыць.
        
        
Нарач, 02.07.1967 г. Нарач
        
        Засуха, засуха! Заўчора прыехалі дактары з Мінска. Быў Мікалай Іосіфавіч Калач. Вельмі сімпатычны чалавек і харошы доктар. Начаваў у нас. На Нарачы – казаў – першы раз. Чуюся лепш.
        
        
08.07.1967 г.
        
        Наехала ўрачоў. Узяліся за Міхала Ціханавіча, за мяне і Куляшова. А ў мяне вельмі дрэнна было з сэрцам: перабоі, перабоі і перабоі, якіх даўно не было. Засуха на Нарачы. Болып месяца не было сапраўднага дажджа. Ірачка сёння паляцела ў Мінск.
        
        
Нарач, 13.07.1967 г.
        
        Засуха! Р. 8. Быў сёння ў мяне Іван Паўлавіч Мележ. Прыехаў наведаць.
        
        
29.07.1967 г.
        
        Прыехаў Аляксандр Міхайлавіч Лебедзеў. Арыгінальны і цікавы чалавек. Дзівак. Прывёз дзве бутэлькі каньяку аж з Карпат, дзе гасцяваў. Поўнач.
        
        
04.08.1967 г.
        
        Сёння горш за ўсе дні – арытмія. Наканец разшумелася Нарач.
        
        
24.08.1967 г. Нарач
        
        Вецер, дождж. З Максімкам знайшлі жменю першых грыбоў – маслят.
        
        
09.12.1967 г. Конча-Заспа
        
        Учора позна заседзеўся ў А. Е. Карнейчука, які пазнаёміў мяне са сваёй жонкай Марынай Фядотаўнай – і іншымі сваімі сябрамі. Быў Дзмітэрка. Гаспадар пачаставаў нас нейкім арабскім каньяком. Шмат цікавага расказаў пра Сталіна, пра свае з ім сустрэчы. Усю ноч мучыла бяссоніца.
        
        
15.02.1968 г. Масква
        
        Раніца. Званіў у Мінск. Жанна Міхайлаўна перадавала, што, можа, мне прыдзецца ехаць у Мінск на нараду па крытыцы. Заўтра чакаю Любу.
        
        
21.02.1968 г.
        
        Атрымаў цяжкую звестку ад Язэпа, што бацька хворы, што ён ледзь можа кратацца. Калі ён прыехаў з Людмілай у Шлькаўшчыну, застаў у слязах маму, якая запаліла свечку і ўжо хацела яе даць старому. Буду старацца хоць на пару дзён вырвацца да іх. Прыехалі Брыль і Мележ. Заўтра буду на сакратарыяце.
        
        
22.02.1968 г.
        
        Сёння на сакратарыяце разглядалі нашы пісьменніцкія справы. Быў Маркаў і Варанкоў. Абое вельмі прыхільна аднесліся да нашых пытанняў, абяцаючы нам памагчы ў будаўніцтве дома [пісьменнікаў] творчасці. Магчыма, што заўтра паеду ў Мінск, а там – у Пількаўшчыну.
        
        
23.02.1968 г.
        
        Атрымаў тэлеграму ад Мілкі. Памёр папа ўчора вечарам 22-га. Я многіх страціў, але гэта страта – страшная і балючая. Адыйшоў чалавек, якому я абавязан усім і нічым яму не змог дапамагчы, адудзячыць, кроме пустой славы, што ён – бацька вядомага паэта. Ехаць у Мінск не хацеў – не хацеў адрывацца ад зямлі і быць хоць крыху залежным ад дзяцей. Які гэта быў сціплы і вялікі чалавек! Вялікі і святы.
        
        
24.02.1968 г.
        
        Прыехалі з Масквы. На пероне сустрэлі нас Максімка, Белугін і Макарэвіч. 3 Белугіным пайшлі ў Савет Міністраў, адкуль сазваніўся з Клімавым, які дапамог мне дастаць машыну. На двух «Волгах» паехалі: Язэп, Федзя, Лена, Валя, Люба, Максімка і я. Дзень быў марозны, але ціхі. У Слабадзе спыніліся ля пількаўшчан, якія на магільніку капалі магілу. Пакінулі ім крыху прыкусіць і пару бутэлек гарэлкі, каб пагрэліся. На магільніку гарэў невялічкі агонь. Дома засталі поўную хату людзей. Тата ляжаў прыбраны ў труне. Паклалі яму ў галаве прывезеныя кветкі і шапку. Хвароба так яго адчарніла, што і пазнаць было цяжка. Страшна выглядала і мама, якая каля двух месяцаў пакутавала з татам. Шкада, што я не змог з ім пабачыцца перад смерцю. Казалі, ён, атрымаўшы маё пісьмо, заплакаў. Адчуваў тата яшчэ восенню, што гэту зіму ён не перажыве. Відаць, заўсёды буду вініць сябе, што праз праклятыя свае камандзіроўкі не змог яго наведаць. Пасля пахавання ўсе сыйшліся ў нас і да позняй ночы не разыходзіліся людзі, якіх частавалі на памінках. Ноччу ўзяўся мароз. [Спалі ў сцюдзёнай хаце. Прамерзлі].
        
        
25.02.1968 г.
        
        Раніцой мароз быў болын 20°. Федзя застаецца ў Шлькаўшчыне на пару дзён усё ўладкаваць. Маму ўгаварылі паехаць з намі ў Мінск. Ледзь давезлі яе, такая яна слабенькая, змораная.
        
        
29.02.1968 г.
        
        Хадзіў у ваенкамат. Знялі з учёта па прычыне «достнження предельного возраста». Купіў білет. У нядзелю зноў еду ў Маскву.
        Быў у Саюзе пісьменнікаў. Падспудна разгараюцца там розныя страсці-мардасці. Я яшчэ не бачу ўсёй кухні, але ўбачыўшы яе, разгадаўшы, некалі адкрыта скажу аб ёй на нейкім сходзе. Трэба некаму параіць, каб не будавалі работы на антаганізмах груп, хоць гэта некаму можа і здаецца – правільным стратэгічна і г. д.
        
Я вам [скажу], сябры мае і дзеці,
Скажу, як некалі [казаў] Рансар.
Я першы буду на тым свеце
I там займу для вас абшар...
        
        
26.03.68 г.
        
        Быў у ЦК. Журыў Пётр Міронавіч за адзін дакумент, які не зрэдагаваў наш сакратарыят. Агулам настрой паганы.
        
        
28.03.1968 г.
        
        Быў у Негарэлым на адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў сувязі са 100-годдзем са дня нараджэння Горкага. Вяртаючыся, спыніліся ў матэлі, каб пакарміць камароў. Паспрачаліся з Шамякіным Брыль і Панчанка. Каля саюза пісьменніцкія страсці-мардасці разгараюцца, ад якіх аж тошна на душы. Паганы настрой. Я ніколі ў закулісныя справы не ўнікаў, а зараз адчуваю іх бруд на сваім твары. Нервы напружаны, як струны. Нешта павінна здарыцца дрэннага. Дома мама ўсе вечары расказвае пра смерць бацькі і сястры Веры. Я ўжо не магу слухаць яе страшнага апавядання.
        
        
30.03.1968 г.
        
        З Піменам хадзілі ў лечкамісію да хворага Лынькова. Чуецца крыху лепш, хоць выглядае досыць слаба. Спадзяецца праз некалькі дзён перабрацца дамоў. Увесь час думаю аб...8
        
        
28.06.1968 г.
        
        Вечар, вецер. Нарач. Атрымаў пошту. Вельмі цяжкі ліст ад Ларысы Геніюш.
        
        
05.09.1968 г.
        
        Цёпла і сонечна. Быў дождж. Адчуваю сябе лепш. Заўтра прыедзе Максім. Трэба будзе класціся ў бальніцу. Шкада і пагоды, і работы, якая чакае мяне.
        
        
06.09.1968 г.
        
        Заўтра еду ў Мінск. Прачытаў фрагменты ў «ЛіМе» паэмы А. Куляшова «Цунамі». Паэма – сярэдняя, хоць навокал яе – шум-гам, як заўсёды. Рэч халодная, надуманая, хоць верш – «дабротны», з цікавымі знаходкамі – знаходкамі ў «класічным» плане.
        
        
11.09.1968 г.
        
        Убачыў, як падчас маланкі, якія прымітыўныя рэчы пішу я і мае сябры.
        
        
13.09.1968 г.
        
        Прыехаў у Маскву. Цэлы дзень не выходзіць з галавы мой стары бацька. Думаю, што я вінават, што не паспеў з ім развітацца, быць пры ім у самую цяжкую хвіліну яго жыцця, тады, калі ён заўсёды спяшаўся прыйсці да мяне з дапамогай. Нядзеля. Званіў знаёмым – не сазваніўся. Чытаю. Заўтра пасяджэнне камітэта па дзярж. прэміях. Трэба падрыхтавацца.
        
        
19.09.1968 г.
        
        Сцюдзены і хмарны восеньскі дзень.
        
        
08.11.1968 г., Барвіха
        
        З польскіх газет, прысланых мне з Мінску, прачытаў аб смерці А. Стэрна. Апошні раз, калі некалькі год таму назад мы былі з Янкам Брылем на нарадзе перакладчыкаў, ён запрашаў да сябе, толькі мы чамусці не змаглі яго наведаць. У гады маёй літаратурнай маладосці прозвішча гэта было для многіх нас акгаксузпу9: ён быў і футурыстам і вядомым бунтаром. Учора закончыў пераклад «Яносіка з Тарховай» Р. Дабравольскага.
        
        
12.11.1968 г. Барвіха
        
        Атрымалі з дому сумную звестку – памерла Любіна сястра Оля. Памерла яна 4.11, а хавалі перад самым святам. Нам не званілі, відаць, не хацелі, каб адгэтуль зрываліся. Ірачка апісвае, як яе хавалі, колькі было на пахаванні сяброў Олі і Пеці. Пахавалі яе на магільніку, што ля Маскыоўскай шашы. Трэба будзе, калі прыедзем, наведаць яе магілку. Так падыходзіць чарга і да нас.
        
        
21.11.1968 г.
        
        Варанкоў званіў у Маскву, каб [...]10 забраніраваў нам нумар. Казаў, што ў метро памёр цырульнік, які працаваў у нашым Саюзе пісьменнікаў. Ен любіў хваліцца, што «работал над головой Рамэн Ралана...».
        Заўтра пакідаем Барвіху, дзе крыху падрамантавалі свае здароўе. Званіў Мазалькоў. Ад яго даведаўся, што на 27-га прыедзе на пасяджэнне Савета па бел. літ. Янка Брыль. У нас, здаецца, перад саветам думаюць правесці аб’яднаны пленум творчых арганізацый. Відаць, мне прыдзецца выступаць з дакладам. Сення з Барвіхі выязджае Варанкоў. Прыехаў В. Кажэўнікаў. Збіраецца сюды прыехаць М. Ісакоўскі.
        
        
05.12.1968 г.
        
        З газет даведаўся аб смерці А. Е. Кляшчова. Аж цяжка паверыць, што не стала чалавека, з якім я сустракаўся ў Барвісе і які адчуваў сябе дужым, шмат хадзіў на лыжах і зусім не збіраўся пакідаць зямлю. Прыслаў А. I. Бандура мой зборнік «Хліб мій насуіцннй», які выйшаў на ўкраінскай мове. Зборнік харашо аформлены і харашо Мік. Львовічам Нагнібедай перакладзены.
        
        
16.12.1968 г.
        
        Пагана сябе адчуваю. У лечкамісіі паставілі банькі, зрабілі ўкол магнезіі, прыняў раўнацін – і ніяк не магу знізіць ціск. Галава кружыцца. Заўтра сесія.
        
        
05.01.1969 г.
        
        Званіў Клёнаў Андрэй з гасцініцы «Мінск» (214 пакой, т. 292-214). Прасіў, каб саюз дапамог яму выдаць у нас зборнік. Колькі такіх просьб! А саюз наш – нічога не можа зрабіць, бо ў выдавецкіх справах мы з’яўляемся толькі дарадчыкамі, да голасу якіх хоць і прыслухоўваюцца, але не заўсёды яго ўлічваюць.
        
        
06.02.1969 г.
        
        Лечкамісія. У 12 г. дзялілі кватэры. У 16 г. сакратарыят і секцыя паэзіі. Быў Р. В. Канавалаў. Непрыемнасці пасля кватэрных спраў. Сачанка пакрыўджаны чагосці, хоць і выдзялялі яму добрую кватэру Зарыцкага. Званіў С. В. Марцаляў. Вечарам званіў Язэп: захварэла мама. Выклікалі хуткую дапамогу. Відаць, падхапіла грып. Баюся, каб не закончылася гэта ўсё трагічна. Калісці гэты грып выкасіў быў усю іх сям’ю ў Задубенні. Ноч. Трэба ўзяць нейкіх парашкоў на сон. Максімка хварэе. I Люба са сваёй нагой чуецца горш.
        
        
01.05.1969 г.
        
        Аж жахнуўся, убачыўшы, што больш месяца нічога не напісаў.
        
        
12.07.1969 г.
        
        Настрой паганы. Хвароба і дамашнія справы ляжаць цяжарам на сэрцы. Вецер. Пахаладала.
        
        
05.08.1969 г.
        
        Ездзіў у Пількаўшчыну. Пахадзіў па лясных сваіх нетрах, зайшоў у пуню, дзе яшчэ ляжаць снапы саломы і пласты сена, яшчэ сабраныя бацькам. Стаяць у кутку яго кош, граблі, вілы, сталярскі струмант, а самога гаспадара – няма. I мама такая хворая, што аж страх глядзець. Абрадавалася, што прыехаў. На адыходзе, як заўсёды, перажагнала мяне. 3 хаты ўжо не выходзіла. Слабая. Заехалі на магільнік. Паклалі кветкі на магілу дзядзькі Фадзея і бацькі. Трэба хутчэй паставіць помнік. А то і маці непакоіцца. I светла на сэрцы ад наведання сваіх родных мясцін, і сумна, што так сумна канчаецца жыццё ўсіх, каго ты любіў і каго не стала. Засуха выпаліла траву і ў лесе і на асушаных балотах. Дарогі пыляць. Ні ягад, ні грыбоў. Цяжкі год.
        
        
06.08.1969 г.
        
        Такое адчуванне, што сям’ю чакае нейкае няшчасце. Непакоіць Ірына. Што з ёй? Усе баімся за яе здароўе, за яе паступкі. А тут яшчэ і вяселле Верачкі, якое яе зусім выбіла з каляі. Думае нешта рабіць, кідаць сваю аспірантуру. Не знаю што і думаць.
        
        
07.08.1969 г.
        
        Званілі з Саюза пісьменнікаў, што па Кобрынскай выбарчай акрузе я вылучаны кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Такая неспадзяваная звестка, што аж не верыцца. Хто ж гэта выбыў з дэпутатаў? Трэба будзе ехаць на сустрэчу з кобрынцамі.
        
        
29.06.1970 г.
        
        Пагода. Правёў Ірынку на самалёт. Упершыню пакупаўся ў Нарачы. Патрэбен дождж. Люба з Кузюковічамі пайшла ў кіно. Заўтра Кузюковічы едуць у Мінск.
        
        
03.07.1970 г. Нарач
        
        Зноў узмацнілася арытмія. Відаць, яна вырашыла мяне даканаць. Учора пахаладала. Некалькі раз званіў дамоў у Мінск і не мог дазваніцца. Можа, сёння прыляціць Ірына. Хаця б што не здарылася. Як у Шлькаўшчыне? Да сесіі Вярхоўнага Савета не ўдасца наведаць сваю старэнькую. Вельмі ж яна слабая. Закончыў верш пра Леніна. Але трэба яго яшчэ гладзіць, шліфаваць.
        
        
07.07.1970 г. Нарач
        
        Званіў Любе. Нашы яшчэ не прыехалі з Крыма. Толькі ад Софіі Захараўны даведаўся вечарам, што бачылі ў Мінску Максімаў і Олю, якія заўтра збіраюцца на Нарач. Яшчэ раніцай спрабую пазваніць.
        
        
30.07.1970 г. Нарач
        
        Пагода. Цішыня. Хадзіў купацца. Гэтыя дні чуюся лепш. Відаць, каб пабыў тутмесяц, быў бы болыны толк, як з ляжання ў бальніцы. Пасля абеда зноў арытмія. Чорт яе пабраў бы!
        
        
03.08.1973 г. Нарач
        
        Поўдзень. Распагодзілася. Хадзіў з Ірынкай у лес. Нарэзаў бярозавых веццеў на венік. Можа, у суботу, калі прыедуць Максім ды Лора, выпалім лазню.
        
        
16.08.1973 г.
        
        Вечар. Пагода. Заўтра прыедзе наш сакратар райкома Жданюк. Нешта ў Куляшовых плача і плача малая. Можа, хворая?
        
        
21.08.1973 г.
        
        Захварэў Дзяніска. Хаця б хвароба не перакінулася на іншых. Баюся за Ірынку, якая і так непакоіцца і хвалюецца, калі пачуе, што нехта хварэе. Вось і мінуў мой адпачынак. Засталося нейкіх 10 дзён. А я амаль нічога талковага не напісаў. Усё, што напісаў, – дробязь, якую друкаваць можна, толькі падмацаваўшы нечым болып значным. Ноччу прайшоў дождж.
        
        
22.08.1973 г.
        
        Званіў Гніламёдаў. ЗО.УІІІ Прэзідыум наш едзе на Магілёўшчыну. Я, відаць, не паеду. Апанавалі мяне землякі, каб дапамог у паступленні ў вузы. Ратунку няма. Быццам я магу вырашыць падобныя справы, незалежна ад вынікаў конкурса.
        Пахаладала. Вецер. Нешта хварэе малы Дзяніска. Ангіна. Прывезлі шыфер. Абяцалі майстры заўтра пачаць крыць страху. Я ўжо і не знаю, як аддзякаваць Жданюка, які мне дапаможа накрыць хату, бо старая страха ўжо да таго цячэ, што ў час дажджу і ратунку няма. Падстаўляем тазы, міскі.
        
        
23.08.1973 г.
        
        Прыехалі майстры. Зрабілі новыя вароты і пачалі крыць шыферам хату. Званіў рэктару Ф. П. Ш.11 (25-29-16, кват. 32-31-70), якога прасіў прыняць дачку вузлянскага настаўніка Н. П. В. Яна не прайшла па конкурсу, па ўсіх прадметах набрала 4-кі (атэстат на 4, 5). Ш. абяцаў, калі павялічыць прыём на 5%. А што з М. А. М., які здаваў на юрыдычны, набраўшы дзве чацвёркі і дзве 5? Трэба будзе, калі прыеду ў Мінск, пазваніць і даведацца аб яго лёсе, хоць надзея вельмі малая, што яго прымуць.
        Цэлы дзень правёў з майстрамі, якія крылі страху. Пад вечар заехаў сакратар райкома Жданюк, недзе, казаў, прастыў, кашляе, але ў харошым настроі, бо ў гэтым годзе і з уборкай справіліся, і ўраджай вырасцілі небывалы. Званіла Бажанава. Маня ляжыць у бальніцы. Прыехала Людміла на пару дзён у Пількаўшчыну. Б. просіць дапамагчы сыну сакратара Ч-му, які паступаў на гістарычны факультэт. Проста адбою няма ад гэтых хадатаяў. А што я магу зрабіць? Прашу як дэпутат, хоць і знаю, што такімі просьбамі засыпан рэктарат. Стаіць халоднае надвор’е. У мінулую ноч тэмпература апала да 5°. Нават пад коўдрай было сцюдзёна спаць.
        
        
27.08.1973 г.
        
        Учора цэлы дзень сазваніваўся з Мінскам па справах прыёма Ч-га і іншых. Сёння прысніўся дзіўны сон: сустрэў сваю маці, якая ішла на гумне і, мінуўшы мяне, пачала біць у звон, ад якога я прачнуўся. Бачыў яшчэ і сястру Веру, і нейкіх двух белых рагатых баранаў ці казлоў, якія ўвайшлі ў дварышча з нашай дрывотні. А неба нейкае цёмнае і ўсё асветляна нейкім несамавітым святлом.
        Пахаладанне не спадае на Нарачы – трое малых і я з Сашавай бабкай ці прабабкай Дзяніскі. Чытаю пошту, якую прывёз Максім. Трэба пазваніць у Мінск, даведацца, як адчувае сябе Ірынка. Баюся я за яе здароўе.
        
        
29.08.1973 г.
        
        Раніцой пазваніла Бажанава, павіншавала з нараджэннем пляменніка – сына Федзі і Мані. Уяўляю, як будзе рад Федзя, даведаўшыся, што ў яго нарадзіўся сын. Маня – казала Бажанава – на радасці цалавала яе рукі. Трэба вечарам пазваніць Любе.
        
        
30.08.1973 г.
        
        Прыехаў Максім з Оляй. Забралі малога Максімку. Заўтра чакаю Любу, якая павінна прыехаць з Верачкай і Сашам. Нешта чуюся сёння горш. Арытмія, якая даўно так не дакучала, замучыла.
        Я ўжо не магу спакойна чытаць артыкулы аб паэзіі. Куды ўцячы ад гэтай няспыннай балбатні?
        
        
01.09.1974 г.
        
        Еду ў Маскву на Пленум, прысвечаны 40-годдзю першага з’езда савецкіх пісьменнікаў. Чамусьці вельмі цяжка на сэрцы.
        
        
14.06.1975 г.
        
        Сцюдзёны вечар. Напісаў верш «Калыханка маці-партызанкі», вярнуўшыся з прагулкі каля возера, у якім рыбакі лавілі рыбу. Гаварыў са старым сторажам, які скардзіўся, што дакучаюць яму хлопцы: то лезуць у лодкі, то на пляжы гуляюць у мяч...
        
        
15.08.1975 г.
        
        Здароўе Міхася Ціханавіча з кожным днём пагаршаецца. Быў доктар. Сказаў, што нічога не можа зрабіць. Ездзілі мы – Максім, Оля, Максімка, Верачка і я – у Вільнюс і Тракай. Дзень быў цёплы, але дарога так змарыла, што ледзь і Максімка, і я дабраліся дамоў. Вечарам прыехаў Юра з Сашам. Нешта Сярожка чуецца дрэнна. А тут у выхадныя дні і дактароў не даклічашся. Прывезлі пошту. Трэба паглядзець, што там новага.
        
        
16.08.1975 г.
        
        У Міхала сёння пачалі ацякаць ногі. Дрэнныя справы. 3 «ЛіМа» даведаўся аб смерці Тараса Хадкевіча. Харошы быў чалавек і цікавы пісьменнік. Пачалі выбываць са строя мае аднагодкі. Каросас, Хадкевіч...
        Вечарам пайшоў дождж, а ўборка яшчэ не закончана. А сёлета і раней яе пачалі, і пагода пашэнціла. Чорт ведае, як марудна мы спраўляемся з уборкай!
        
        
17.08.1975 г.
        
        Позна ўчора вечарам Лыньковы выклікалі хуткую дапамогу. Я зайшоў да Міхася. Ляжаў ён зусім разбіты і стагнаў. Потым ад уколаў крыху палягчэла, павесялеў. Пачаў расказваць стары анекдот.
        З 18-ці гадзін вялі «перагаворы» з Лечкамісіяй, каб перавезці Міхася ў Мінск. Ледзь удалося дамовіцца, каб прыслалі санітарную машыну. Толькі ў 23.00 адправілі яго. Баюся, што ён не перанясе гэтай дарогі. Выглядае вельмі дрэнна. Стогне. I ў дактароў апускаюцца рукі. Развіталіся мы з ім, і не знаю, ці ўбачымся зноў. На Нарачы засталіся Надзя з Ірынкай, якія ўвесь час заліваліся слязамі. Страшна цяжкое ўражанне. А ноч цёплая. Толькі шуміць возера. Поўнач.
        
        
18.08.1975 г.
        
        Як там даехаў да Мінска Міхал Ціханавіч?
        
        
19.08.1975 г.
        
        Вечарам прыехаў Пётр Маркавіч са сваімі сябрамі. Паставілі машыны на дварышчы, а самі пайшлі вячэраць у рэстаран. Угаварылі і мяне пасядзець з імі. Цікавыя людзі. Была выкладчыца літаратуры Марыя Пятроўна з мужам і дзяцьмі, былі сябры Пятра Маркавіча са Слоніма. Міхалу Ціханавічу, здаецца, крыху лепш. Пётр Маркавіч наведаў яго ў Лечкамісіі. Званілі Чыгрынаў і Шамякін, быў Федзя з пількаўскай фельчарыцай, якая прасіла, каб дапамог сваячніцы яе паступіць у універсітэт. Дзівакі. Ім здаецца, што я ўсё магу зрабіць. Калі адмаўляюся, гавару ім, што не магу, – не веруць.
        
        
29.08.1975 г. Нарач
        
        Раніца. Максім выбіраецца ў дарогу. Праз два дні і мы вяртаемся ў Мінск.
        Захварэла Іра. Заходзіў Паскробышаў, які піша для дзяцей, хоць сляпы. Цяжкая справа. Хоча ўступіць у Саюз пісьменнікаў.
        Калісьці любіў чытаць свае новыя вершы, а зараз замыкаюся з імі, як скупы рыцар, чытаю і праўлю, праўлю і чытаю. Заўтра ўсе з Нарачы едзем у Мінск. Якія стаяць цёплыя дні. Чуваць, што і верасень будзе пагожы. Дажджоў толькі мала.
        
        
24.11.1982 г.
        
        Гасцініца «Масква», № 317. Зноў падскочыў ціск. Клафелін, інозій, пустырнік, ільдамен, індамітацын, агінін... Званіў Якаву. Дома дамовіўся сустрэцца, калі прыеду на дні выстаўкі.
        
        
24.11.1983 г.
        
        Толькі што пазваніў Ніл Гілевіч: памёр Мікола Бажан. Вечная яму памяць. Ке^піевеапі; іп расе!
        
        
12.01.1993 г. Мінск
        
        Мо так і назваць зборнік12, які – калі мне яшчэ ўдасца напісаць?
        
        
05.06.1994 г.
        
        Якія пакутныя ночы! Буджусь, устаю, задыхаюсь. Не хочыцца жыць. Калі днём бывае лягчэй, перадрукоўваю свой дзённік. Усё лішняе скарачаю.
        
        
10.06.1994 г.
        
        Чуюся ўсё горш. Усе горш і горш бачу. Няма чым дыхаць. Няма як жыць. Відаць, 16.У напісаны мной верш – верш апошні.
        
        
13.06.1994 г.
        
        Не ведаю, што робіцца, няма адбою ад званкоў. Каб нат быў здаровы, не справіўся б з рознымі просьбамі, прапановамі, дамашнімі справамі.
        Вечарамі баюся класціся спаць, каб не задыхнуцца.
        
        
01.08.1995 г.
        
Вецер несціхаючы шалее,
каардынаты вам перадаю,
што ля мыса Добрая Надзея
песню я апошнюю пяю.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.