РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліноўскі
1. Паўночны вецер
2. У абозе
3. Пра Сьвітку першы раз чую
4. Сьнег на шыбеніцах і на твары
5. Дзецюкі
6. У карчме
7. Пад звон шыб
8. Канец песьні
1
ПАЎНОЧНЫ ВЕЦЕР
З поўначы вецер зьніжаным лётам
Рве хмараў вячэрніх цяжкія плыты,
Калышучы п’яных мачтаў готык
I цёмна-імглісты цень густы.
У гэтакі час і пагутарыць не з кім, –
Хоць бы аб дальнім шолаху ніў...
Вось на шырокім і шумным Неўскім
Яркія вечар агні запаліў.
Горад шуміць, вялікі горад,
Шэры граніт, камяніцы, муры,
I гэты назойлівы звон шпораў,
І эпалеты, лампасы, арлы...
Тронам-астрогам усё прыдавіла,
Моцна калёны палацаў стаяць.
Здаецца, ці можна гэткую сілу
Нат гневам народным калі узарваць.
 
З поўначы вецер у месяца човен
Плёскае сінія хвалі Нявы...
Пэўна таксама разгневаны Нёман
Зь пены кудлатую грыву завіў.
I да паўночы ў хатах-зямлянках
Цемру калыша лучынны агонь,
Гора складае свае калыханкі –
Сумныя песьні пра чорны прыгон.
Толькі ўжо хутка час волі настане,
Многапакутны народзе ты мой,
Хутка убачыш сьветлае раньне,
Сонца свабоды па-над зямлёй!
Можа, ў глушы за парогам сасновым
Моліцца, ночы ня сьпіць жняя...
Можа, ты сёньня цень Пугачова
Песьняй калышаш, вёска мая?
 
З поўначы вецер сіберны і быстры
Топіць ў сьцюдзёнай імгле Пецярбург...
Пэўна над Нёмнам разносіць ён іскры
Стрэх саламяных крыльлямі бур.
А за небасхілам, дзе стэпы-раўніны,
Дзе скіфскіх курганаў вяршыні гараць, –
Калыша кавыль і палын Украіны
Прызыўны напеў свайго Кабзара...
Ну што ж,
                 не глядзець жа ў даль родную
                                                                    з сумам!
Каб мог стаць на хмараў сінеючы плыт,
Пад парусам ветру паўночнага з шумам
Ў дарогу вялікую дальнюю плыць!

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.