РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На шляху
        Як цёмная хмара, раскінулася Нарач без канца і краю. Ноч. Імгла. Усё злілося разам. З ціхім шумам ляніва б’юцца аб бераг хвалі. Час ад часу загарыцца чорная паласа пены, гасне, ціха паўзе назад па пясчаным беразе.
        Трахім выцягнуўся на траве, прылёг да зямлі худымі кудлатымі грудзьмі.
        – А есці ахвота, – працадзіў праз зубы. – Вось і жыццё! Ад шасці год пайшоў да працы... Год дваццаць служыў парабкам... – змоўк.
        Цёплымі языкамі ліжа агонь твар старога Трахіма, батрака і мой.
        – Жыццё наша, як гэты рызман: увесь у латах і сцюдзёна. Ды і колер яго шэры... – гаворыць Трахім.
        Батрак паглядзеў на сваю старую сярмягу, чорную ад поту і пылу, на пакалечаныя босыя, худыя ногі і, быццам пераканаўшыся, што жыццё гэта і ёсць яго і Трахімаў рызман, кіўнуў галавой і слухаў далей.
        – А шмат чаго змянілася і на маёй памяці; шмат выгаралася з зямлі смалякоў; толькі, як лягла нядоля на нашы вузкія загоны, дык і калком з іх не звернеш яе...
        – Месцы ў нас былі глухія – балоты, лясы. У два, у тры абхопы стаялі сосны, глыбока ўрэзаўшыся карэннем у зямлю, а суччамі ў неба, аж хмары чапляліся за сасновыя шышкі.
        – Сонца мала вышэй магло падняцца над лесам, толькі на Яна, і то невысока – і баба дастала б яго качаргой.
        – А ў бары начамі штось страшыла, галасіла. Шмат чаго было. Раскажы маладым – не павераць.
        – Старую праўду казкай цяпер называюць...
        I быццам прыпамінаючы, ці мо прыслухоўваючыся да ціхага шуму хваляў, стары Трахім змоўк. Вышэй нацягнуў на плечы сярмягу.
        Нарач штось шаптала – і быццам не нам, а Нарачы гаварыў Трахім:
        – А кругом вёскі медным сярпом стаяў бор Ляда. Вясной, як падзьме вецер з-за Крывога Пня, зацягне неба шэрай воўнай хмар, быццам прачнуўшыся стары дзед на печы, пачне шумець стары бор і дзень і ноч зялёным шумам.
        – Мала хто тады адважыцца ісці ў бор. У глыбі і вецер баіцца заблудзіць – там спакойна. Толькі з берага шуміць, толькі з берага гнуцца медныя камлі барадатых соснаў.
        – Сёння высеклі і лес – толькі пні і пасекі засталіся. Шмат прайшло гадоў з таго часу. Цяжка было жыць, цяжка жыць і цяпер...
        – Праўдаў на свеце шмат, толькі нашай мужыцкай, мазольнай за імі не відаць... А працаваць і ў нашай хаце працавалі ад цямна да цямна, а нядоімкі раслі. Бацька пачаў піць.
        – Брат Рыгор быў старэйшы за мяне на год дзесяць, на ім была ўся гаспадарка.
        – Аддзяліўся б ты, а то гэта скаціна бязрогая ўсіх зацягне на могілкі, – казала не раз Рыгору яго жонка Аўдося.
        – От, гаворыш і сама не ведаеш што! – супакойваў бабу Рыгор.
        – Паглядзі – на каго ты падобны!..
        – Эт, змоўкла б ты, баба...
        Але не так лёгка было ўсцішыць бабу. Калышачы адной нагой калыску, усё гаварыла, хоць Рыгор даўно ўжо спаў.
        I як толькі заварушыцца на печы стары, змоўкне Аўдося. Толькі позна шэпча малітву, час ад часу паглядаючы на худыя ногі Рыгора, усхліпвае. Дзіця не спіць, а яна позна плача.
        I часам высока падымецца сонца, і часам месяц ціха, як злодзей, гляне з-за Крывой Сасны ў акно; не раз перавернецца з боку на бок, лежачы на печы на лучыне, стары Якім. Аўдося ўсё не спіць: калыша дзіця, шэпча малітвы і за Рыгора, і за дзяцей, і за ўсіх разам...
        Дзесь далёка на гасцінцы забразгалі калёсы і, прачнуўшыся перад днём, вясенні вецер зашумеў у маладым сасонніку, схапіў з агня ахапак іскраў, кінуў іх у ноч і зліўся дзесь далёка з шумам возера. А паміж возерам і агнём, быццам збуджанае манатонным голасам Трахіма, уставала, праходзіла жыццё шэрай кужэльнай ніткай.
        Батрак устаў ад агню.
        – У дарогу?
        – Трэба! – адказаў батрак, стоячы на месцы, быццам не хацеў адыходзіць ад агню, ад возера, ад нас.
        – На Міхалішкі? – спытаўся Трахім.
        – Далей... – адказаў батрак і яшчэ раз перагледзеў пустыя кішэні і, не знайшоўшы ў іх закурыць, падняў з зямлі пустую торбу і, развітаўшыся з намі, пайшоў на гасцінец.
        Далёка дзесь, паміж небам і возерам, займаўся дзень, а зара, адбіўшыся ў мокрым глыбокім люстры Нарачы, плавілася, пералівалася.
        – Канчай!
        – Пасля... Мо, калі яшчэ спаткаемся, – адказаў Трахім. Але пасля ні на этапе, ні на шляху я яго не спаткаў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.