РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бель
        З іржавай балотнай вады дзе-нідзе чарнелі старыя, пакрытыя мохам альховыя пні, месцамі паросшыя атожыллем і зялёным прашлагоднім ягаднікам. На высокіх курганах – «стаўбунах» затлела зялёная курганніца. Зрэдку, быццам не верачы яшчэ вясенняму сонцу, павылазіла смычка – ды ляніва на вадзе распраўляў шырокае зялёнае лісце лопух.
        – I сюды ўжо зайшла вясна, – думаў Пятрусь, гледзячы на парослае алешнікам і лазой балота, якое хто ведае, куды цягнулася. Ні Пятрусь, ні яго бацька ўсяго не прайшоў.
        З крыкам зрываліся з-пад ног кнігаўкі, дзесь над зялёным кажухом лазы бляяў чэпік, адзін, другі... З шумам праляцела над галавой стада дзікіх качак.Сонца вышэй паднялося над лазой. Мінула цёмна-зялёны алынэўнік і сінюю паласу бярэзніку – Бель.
        Пятрусь памалу ішоў, месцамі глыбока западаючы ў раскісшае балота. Падыходзячы бліжэй да Белі, курганоў было болып, хмыразнік гусцеў, затое бярэзнік – болын цяглы і раўнейшы.
        – З гэтай бярозкі аглобля была б, – думаў Пятрусь. Затрымаўся і слухаў... Толькі вецер ды балота гаварылі сотнямі збуджаных галасоў. Толькі вецер цёплы, вясенні, зялёны. Вясной мала хто заходзіць у Бель, хіба ляснік на цецерукі...
        Вострае лязо тапара звонка ўрэзалася ў камель бярозы раз, другі...
        – Будзе ручка ў барану, аглобля, звяно... калёсы – а то зусім няма на чым ехаць...
        – Раз, два, тры... – лічыць рэха ўдары тапара. Сыпяцца мокрыя, бярозавыя трэскі...
        Але і стук... – чорт бы яго пабраў, – думае Пятрусь, заходзячы з другога боку.
        З балота наляцеў зялёны вецер, мацней закалыхаўся бярэзнік Белі і, быццам ад гэтага п’янага вясенняга шуму, пахілілася падсечаная бяроза, трэснула ў камлі, сцебанула пазелянеўшым венікам белыя, рабыя пні старых бяроз і, аціраючыся аб іх, ламаючы вецце зялёным суччам, як зялёнайчупрынай, зачапілася за сук старой бярозы.
        I зноў звонка застукаў тапор. З кожным новым ударам прабягала сутарга па белай кары бярозы ды мацней выгінаўся ў дугу зачэплены яе верх.
        Дзесь далёка, на другім канцы Белі, зашумеў вецер. Шум прыбліжаўся. I не чакаючы на гэты шум – раскалыханую смерць, аддзеленая ад пня бяроза, сарваўшыся высока, падкінула камель і са стогнам легла на мокрую пасцель балота.
        
        * * *
        
        Цэлае лета ляжаў Пятрусь хворы.
        – Каб хто слабейшы, даўно выцягнуў бы ногі, – гаварылі ў вёсцы. Шрот глыбока пазалазіў. Раны гнаіліся. Перш яго лячыў Мікіта, канавал, нейкім карэннем, пасля баба Аўдоцця загаворвала... Досыць таго, што «вылізаўся».
        – Відаць, у бацьку ўдаўся, і таго доўбняй не прыглушыш, – гаварылі на вёсцы...
        Зімой, пасля Каляд, Пятрусь пачаў збірацца ісці на службу. Сваёй зямлі мала, ды якая і была гаспадарка, і тую хвароба з’ела.
        Куды Пятрусь пайшоў, і сёння ніхто не ведае. Праўда, пасля яго на другі дзень прапаў дзесь і ляснік Якім. Можа, ваўкі, а мо так дзе прапаў. Зіма той год была сярдзітая.
        Гаварылі сяляне, што бачылі сляды Петрусёвых ботаў дзесь каля Белі... Ды мала што гаварылі. Бель не малая, а свет яшчэ болыны...
        
        * * *
        
        Ціха крадучыся, пераклічкай жаб, звонам камароў напаўзае над балотам вясенняя ноч...
        Вылазіць яна з-пад зачараванай папараці, з траснікоў, з-пад шырокіх і гладкіх лісцяў бабоўніку, з-пад раскіненых лап дзядоўніку, з-пад курганоў вылазіць чорная балотная ноч з Белі...
        А на захадзе доўга тлеюць недагарэўшыя стагі хмараў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.