РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Па дарогах i вёсках
        Сонна ў жыце трашчалі конікі. Дакучліва ад аваднёў звінела паветра. А з сонца, як з перавернутай патэльні, лілася на ацяжэўшае калоссе, і на людзей, і на вёску Гарыдаўку жоўтая, летняя гарачыня.
        Часам дзьмуў з Нізкіх Дуброў вецер, дзьмуў асцярожна ў кіпучае паветра, і тады яно на міг астывала, каб зноў яшчэ гарачэй апаліць твар і кудлатыя грудзі Мікалая.
        Ён, як смаляк, сядзеў сярод вуліцы, роўна калы- хаўся ў такт нейкай падзёртай, як яго кашуля, мелодыі.
        Голас яго быў востры, непрыемны. I пеў, часамі, песні, ад якіх старыкі, доўга жагнаючыся, аглядаліся.
        – Ты вось, Мікалай, не сядзіш на месцы. А гаспадарка твая што? Ішоў бы служыць...
        Неяк неспакойна варушыўся Мікалай. Часамі моўчкі адыходзіў, часамі, ухмыліўшыся, спакойна гаварыў.
        – У Свіры давалі пятнаццаць пудоў... Служыў у аднаго, у Падброддзі, асадніка. Кінуў...
        – Мне трэба парабка... Ідзі да мяне... – гаворыць Язэп і, хітра прыжмурыўшы вочы, глядзіць няспелымі чарніцамі на рабы скляваны воспай твар Мікалая. Ты зусім не рыжы, а чаму цябе завуць Рыжым?.. Арцель, кажаш? Хэ-хэ! Відаць, яна мацней за пана цябе ахрысціла... А я даў бы пятнаццаць пудоў. Ну, пару пудоў бульбы... кашулю...
        – I да цябе я не пайду... Ты вось за пятнаццаць пудоў хочаш купіць цэлы год майго жыцця. А ты ведаеш яму цану? Гэта яно і ёсць, што не ведаеш; самі – малая цана, і другім даеш мала... Быў я летась у Будзе на кірмашы. Народу шмат, як калосся на полі... Ды адзін сляпы іграў на скрыпцы. Сляпы ад калыскі, а як іграў! Быццам пяць разоў пражыў жыццё і ўсё бачыў...
        На загуменні чуўся смех дзяцей ды, суха пераклікаючыся, заскрыпелі асверы: гэта конюхі паілі коней.
        – А што з гэтага за толк, што другі шмат бачыў. Я далей мястэчка і не выязджаў. Ведаю, што я Язэп – з кароткімі нагамі – не абыду ўсяго свету. Хапіла б на гэта поля і добра! – раптам абарваў, як і пачаў неспадзявана, гутарку Язэп.
        – А мне здаецца: гоніш баразну, а на канцы не хочаш заварочвацца, так і пагнаў бы яе проста, пакуль хапіла б сілы.
        Недалёка, у грамадзе, пачуўся рогат. Нізкі, прысадзісты, з птушыным тварам, шыракаплечы батурынскі парабак Грышка расказваў, як у яго суседа ліцытавалі зямлю. Расказваў ён весела, шырока гледзячы, як кавалкамі неба, вачыма на слухачоў.
        – ...Прыйшлі гэтыя госці. Купец быў, нібы амерыканец. Ну баба, ведама, як баба! Адразу ў голас. А яны ўзлезлі на хату, тапаром па казлах. Падсеклі. Выгнулася маціца, з’ехалі ключы, шаламя распаўзлося. А тут дзеці з хаты праз дзверы з плачам сыпяцца, як гарох праз падзёртае рэшата. Дзяцей было шмат, а ўсе голыя. А як пачалі раскідаць бярвенне, тут ужо і схапіліся за грудзі. Мо і не было б нічога, каб не знайшліся пад рукамі вілы. Так і падчапіў на ўсе чатыры зубы амерыканца.
        Здалёку вецер прынёс ці то шум калосся, ці адгалосак далёкай песні.
        Усе раптам змоўклі.
        – Ці то з Нізкіх Дуброў, ці то з-за Перавалу, і чорт не разбярэ адкуль...
        – Пэўна, дзяўчаты пайшлі ў жыта...
        Як чаўны, плывуць цені хмараў па каласістым моры і, як чаўны, тонуць, разбіўшыся аб далёкую, чорную гару лесу.
        – Летась я неяк бадзяўся каля Докшыц і каля Кабыльніку, – быццам прыслухоўваючыся да далёкіх успамінаў, загаварыў Мікалай. – Сядзеў я тады ў арышце. Ехаў без білета, ну і пасадзілі. Памятаю, прывялі з Даўгінава нейкага пераводчыка, кантрабандай усё жыццё займаўся. Чалавек, відаць, бывалы, не якая-небудзь шушла.
        – Колькі я, – кажа, – перавёў праз граніцу людзей, не адну вёску засеяў бы імі. Пераводзіў не дзеля грошай. Дзеля грошай нічога, брат, не варта рабіць. Усіх не пазбіраеш, а жыццё яны табе горш як вяроўкай завяжуць. Вось адзін палец згубіў каля Пагоста ў балоце. Стралялі, ну і адцяпалі чорту на соску... – А дзе згубіў яшчэ два, так і не было мне часу ў яго папытацца. Хутка яго забралі з маёй цэлі...
        На другі дзень прывялі палітычнага... Дробнай косці, чорненькі, невялічкі. Адна толькі бяда... Цэлую ноч прыкладаў я яму да плечаў, і да грудзей, і да ног – прыкладаў кампрэс.
        – Я, – кажа, – ужо, пэўне, не выйду, не выпусцяць мяне хутка. Бяры мае боты, ты іх яшчэ паношываеш. – Была тады вясна, водцепель, а мае лапці зусім растапталіся. Абуў я яго боты. Праўда, трохі зацесныя.
        – Можа што дамоў, бацькам перадаць? – пытаюся...
        Адвярнуўся. Доўга глядзеў ён мне ў вочы.
        – Скажы, – гаворыць, – хоць я бацькоў ужо даўно не маю, скажы на вёсцы, каб па мне не бедавалі. Хай працуюць не пакладаючы рук. Яшчэ збудуем шмат лепшае жыццё. Скажаш?..
        Тут я і зразумеў, што толькі тыя баяцца смерці, хто ўсё сваё жыццё пражыў для сябе. Дзеля таго мо і страшна ім так у апошнія часы. Аглянуцца назад – пуста, толькі пакінуў гару смецця на сваёй дарозе...
        Ноччу яму быццам палепшала. Думаю: мо паправішся? Табе, відаць, яшчэ шмат болын трэба прайсці вёсак, сцежак і дарог, – шмат болып, як мне... Так я і не ўзяў, і пакінуў яму боты. Праўда, што былі яны ўжо палатаныя, але яшчэ добрыя. Міль дваццаць адмахаў бы! Пад дзень заснуў ён, я яго і не будзіў... Выпусцілі мяне, тады я і пачаў служыць парабкам у Забалоцці, пасля кінуў – пайшоў пад Вялейку, пад Маладэчна.
        А вёску, пра якую ён гаварыў, ці мо ён не так сказаў, ведама, хворы, ці мо я забыўся, як яна называлася.
        Шмат я пасля хадзіў, распытваўся: ці не з вашай вёскі ўзялі чалавека?.. Але шмат было такіх вёсак, а яшчэ болып такіх людзей.
        Шмат дзе расказваў. Слухалі, ківалі галовамі, часам паказваліся на вачах слёзы, часам мацней заціскалі далоні... Усякія ёсць людзі!
        Праўда, шмат дзе і мне за гэта дасталося. Пасля аб гэтым зусім гаварыць забаранілі...
        Але ці ты патрапіш пагасіць сонца, устрымаць буру, ці злавіць і стаптаць тую песню, якую толькі што прапелі ў жыце дзяўчаты? Так і жыццё!..
        Дрэмле вёска, загараючы саламянымі стрэхамі, дрэмле пад гарачым сонцам, прытуліўшыся да перавалу...
        Часам вецер смалістым пахам старога бору абвее хаты і, прыгнуўшыся за вёскай, папаўзе па межах, шырока расхінаючы калоссе...
        А сонца, як залаты павук, падымаецца па сінезалатым павуцінні неба вышэй і вышэй над полем, над калоссем, над вёскай.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.