РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Па Наваградчыне
        Пачалося гэта, як і ўсё пачынаецца ў нашы часы, – з газет. Перш напісалі, што дня такога мае выехаць у Наваградчыну «выцечка» беларускіх студэнтаў. Ведама, рэч неблагая!
        Перадусім наша інтэлігенцыя трохі пазнаёміцца з вёскай, з народам, а народ таксама пачуе хоць пару слоў ад людзей, якія лічаць сябе пупам усёй нацыі.
        Ад першай станцыі і пачалася куцерма! Перш праз дарогу пераляцеў чорны кот, пасля паліцыянт з нумарком, пасля цёмны тып у капелюшы. Ну, зразумела, тут ужо ўсе дагадаліся, што нешта будзе не так, як трэба.
        Запрасілі чалавек з 15 усіх у нейкі двор і пачаў нейкі ў капелюшы пытаць аб здароўі нашых бацькоў, як зваць, прозвішчы і дзе яны жывуць. Што занатавалі жывых, дык гэта зразумела. Мо каторы не па законе думае, ці мо напісаў школьную дэкларацыю (бацькі народ пераважна малапісьменны), але ў некаторых запісалі і нябожчыкаў!
        Ідзём далей. Лес: вольха, бяроза – зімой галалёдзіца, як мядзведзь, прайшла па лесе, лес паламаны, пагнуты. Свіцязь. Каля берага шмат народу: салдаты, вясковыя, мы, паліцыя. Возера – круглае, як міска, з зеленаватай вадой, калышацца трысцё, плаваюць скарынкі, папяросныя акуркі, бутэлькі.
        Настрой ва ўсіх высокі, патрыятычны. Адзін пяе «Люблю свой край», закусваючы вандзонай кілбасой, другі падцягвае «старонку гэту», адразаючы кавалак кумпяка.
        Вечарам на сене разгараюцца дыскусіі на тэму: «што такое масы і правадыры», але так як «палітыка» ўсім збрыдла, пачынаецца спрэчка за месца на сене або дыскусія: «што заўтра есці: бліны ці яечню».
        – Я думаў, што беларускія студэнты, – кажа селянін з вёскі Н., – што-небудзь нам раскажуць, парадзяць. Вось у нас яшчэ школы сваёй няма...
        – Рэдка калі да нас завітае газета, – гаворыць малады хлопец, стоячы пад пуняй.
        З ім гаворыць адзін, найболып трое з усёй «выцечкі». Рэшта ўспамінае, як у мінулым годзе на Нарачы знайшлі здохлага зайца.
        – Мы яго на беразе пахавалі, – чуецца голас на сене.
        – Павялі ў Бярозу нашых: Янку, Мацея, – гаворыць вясковы хлопец. – А як там з’езд ТБІП? Паслалі мы аднаго чалавека на школьныя дэкларацыі...
        З сена чуваць вясёлы смех, які на мінуту глушыць усё, ды пасля зноў чуецца голас вясковага хлопца аб сваім жыцці і аб жыцці сваёй вёскі...
        Спіць, ляжыць зямля чорная, як партфель секвестратара, а над ёй, як шапка паліцыянта, цёмная сіняя ноч.
        – Мне здаецца, не варта рабіць такія «выцечкі», як гэта, – гаворыць адзін з калегаў. Пупы запаліваць на сонцы, сёння часы не такія. Поўна работы. Ды і адгарадзіліся мы зусім ад людзей, ад вёскі, праўда што і абставіны неспрыяючыя, але ўсё ж такі, хочучы, нешта можна зрабіць.
        Затрымаліся ў адной вёсцы напіцца вады. Пачала старэнькая бабка расказваць сівейшую за яе легенду пра возера Кромань.
        – Вось яно так і паўстала... Правалілася яно, а на яго месцы возера...
        – Гэтак цётка гаворыць і аб Свіцязі, і ў Пастаўскім павеце чуў я не пра адно возера падобную байку.
        – Але ў нас гэтак было, – гаворыць старая, – у нас на благога чалавека гавораць: праваліся, як Кромань... дык відаць, што ўсё гэта праўда.
        – А сколькі яшчэ будзе да Любчы?.. – старая, не перарываючы сваёй думкі, калышучы на руках дзіця, пытае: а вы тутэйшыя?
        – Не, аж з Вільні...
        – Аж з Вільні! – ківае сівой галавой. – Час рабочы... Дык што ж вы ходзіце па нашай старане і цешыцеся? – пытае, гледзячы далёка за выган, там, дзе Нёман пад вострым кутом, быццам прьшомніўшы штось, варочаецца назад. Вечарэе.
        «Тут цэлая экскурсія», – думаю, даганяючы сваю грамаду, а тут старая кажа: «Цешыцеся». «Хоць бы сказала як іначай, а то як памялом праехала па ўсіх уражаннях».
        Каля дарогі калышуцца спаленыя сонцам нівы...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.