РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З далёкіх пералётаў
        У пакоі сцюдзёна і сыра...
        Белымі ўзорнымі плямамі лёг мароз на шыбах, і толькі ў ледзяных праталінах гараць бесканечныя агні вялікага горада.
        Слепа гарыць закапцелая лямпа. Кожны раз, як мацней зашуміць за вокнамі вецер, як матыль крыламі, пужліва ўзмахвае агонь і пачынаюць, як жывыя, поўзаць па сценах дзіўныя фантастычныя цені...
        Згорбіўшыся на табурэтцы, сядзіць бацька. Калі ён спіць? Рана і позна я яго бачу за шавецкім варштатам. Скрыпіць навошчаная дратва і, здаецца, бесперастанку заганяе малатком цвікі ў адгладжаную, як рыжае люстэрка, – падэшву...
        – Мама, раскажы байку!..
        Матка пачынае прыпамінаць мне свой прыгожы і багаты зместам народны эпас: байкі пра звяроў, пра людзей, – байкі, якія не раз я ўжо чуў ад яе...
        
        
* * *

        «Весела жыць птушкай: дзе захацеў, там і паляцеў... Весела ім жыць у нашай старане»...
        Матка гаворыць, не адрываючыся ад шыцця. Сухі яе профіль, быццам пад навалай успаміяаў, застыў ціха. I мне здаецца, што яна гаворыць не аб птушках, а, пэўна, аб людзях, якія не маюць крылаў так, як птушкі...
        «Восенню яшчэ стаяць на полі аўсы, ячмяні, – пачынаюць адлятаць птушкі. Лятуць недзе далёка ў цёплыя староны. Куды? Хіба і ведаюць толькі адны птушкі, ды нікому не кажуць»...
        «Застанецца гаспадарыць над усім полем, над пярэплатамі, над снапамі адзін гаспадар-Верабей. Весела тады яму жыць! Гаспадарка вялікая, дабра шмат, падскоквае з радасці ўся вераб’іная сямейка».
        «Толькі позняй восенню пачнуць людзі звезенае з поля дабро малаціць і вераб’ям пакінуць стагі вымалачанай саломы, ды і то ненадоўга. Зімой занясе снегам і поле, і стагі. Скорчыцца верабей пад страхой, часамі вылеціць пажыраваць на дарогу, ды зноў хаваецца ад сіверу».
        «Так і жыве шэры Верабей да вясны»...
        
        
* * *

        «Вясной над першымі праталінамі зазвініць жаўранак, быццам склікае ўсіх вярнуцца на свае родныя нівы, сенажаці»...
        «Папрылятаюць усе з-за далёкіх гор, лясоў, – куды ніхто, апрача ветру і птушак, не залятае. Прыляціць і Ластаўка».
        «Сядзіць, змораная, на пустых пярэплатах, аглядае крылы, ці не згубіла якой пярыны, памые дзюбай звязаную каля шыі белую хустачку і пачне крычаць на Вераб’я, убачыўшы непарадкі і на полі, і ў агародзе, і ў гумне»...
        – «Ніхто не такі, як Верабей, благі!.. Ён і ў полі жарэ, і ў хату бярэ, пераласавае!»...
        «А Верабей, пераскокваючы з плоту на плот, апраўдваецца:
        – Чым-чым-чым! Чым я вінават?..»
        «Як жа на Вераб’я не крычаць, калі і пад стрэхамі пуста, і на полі пуста, і ўсюды непарадкі. Верабей застаўся, Верабей і вінават. Зноў горача Ластаўка бядуе.
        – Пакінула паўнюсенька, застала ташчусенька!.. А Верабей сваё:
        – Чым-чым-чым?..
        – Перапілі, пераелі, пераласавалі! – не перастае залівацца Ластаўка».
        «Верабей горача пратэстуе. Нахахліўшыся, ён бліжэй бокам пераскоквае з жардзіны на жардзіну.
        – Чым-чым-чым! Чым я вінават, чым-чым?.. I так кожнай вясной...»
        Чымсь далёкім і родным вее на мяне з апавядання маткі... Мне здаецца, цішэй за варштатам стучыць малаток, цішэй шуміць за вокнамі вецер і быццам у пакоі не так сыра і сцюдзёна...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.