РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У дарозе
 
Шкіцы з Наваградчыны
        Вечар.
        Далёка развярнулася поле, зрэзанае бесканечнымі межамі, быццам хтось выцягнуў на расу бяліць палотны – вузкія палосы.
        Нас дзесяць чалавек. Усе маўчаць. Кожны аб нечым думае... Я гляджу на Наваградчыну, на пакрытыя густым, кудлатым жытнім дываном узгоркі, і здаецца, што перада мной ляжыць шырокае, як вокам абняць, усхваляванае, застыўшае мора. Ляглі першыя вячэрнія цені, а цішыня чутка прыслухоўваецца да кожнага голасу ці неасцярожнага шопату калосся...
        Наперадзе запяялі.
        – Дзядзька, далёка яшчэ вёска?
        – Два ці мо тры кіламетры...
        – Каб толькі без гаку. А там што за будынкі відаць? Кажаш: панскія, і лес таксама?
        Ляжаць каля дарогі палосы, – далей шырокае панскае поле, а песня гаворыць: Люблю свой край... народ... і хаты... і нівы...
        I я таксама адчуваю, што ўсё гэта моцна люблю і неяк сумна. Здаецца, прылёг бы грудзьмі да зямлі, прыслухаўся б і... калі б яна маўчала, сам расказаў бы ёй аб гусцейшым калоссі, і аб болын шчаслівых песнях, якія яна пачуе. Гледзячы на краявід, прыпамінаю блізкіх, знаёмых і народ, які кожны дзень на ўсіх этапах адраджэнскага руху ахвярна здабываў і здабывае кожны крок.
        Ззаду засталося, сярод густога алешніку, сагнутага галалёдзіцай бярэзніку, як гняздо, звітае ў гушчары, возера Свіцязь. Дарога падымаецца пад гару, здаецца, самі мы яе цягнем за сабой, цяжка ідучы. А над намі і над зямлёй вісіць з рэдкімі неўраджайнымі зорамі ноч.
        
        * * *
        
        Адны ляглі спаць, другія гавораць, пяюць. Каля варот пуні сабралася жменя вясковай моладзі.
        – Прыйшлі паслухаць вашых песняў, – гаворыць адзін з хлапцоў... – Школьная акцыя цяжкавата ідзе, усялякія перашкоды, і прэсу сваю беларускую атрымліваем слаба... Сям-там зарганізаваны вясковыя беларускія кааператывы...
        – Мы ўжо не раз падавалі заявы на свае вечарыны. Не даюць дазволу. Закладалі гурток ТБІП. Не залегалізавалі... Цяпер падалі на БІГІК і тое самае...
        Кожнаму з нас ведама, што ўсё гэта вымагае працы, расходаў і адначасна падрывае веру ў грамадскія сілы.
        Але, гледзячы на чалавека, які спакойна аб гэтым гаворыць, бачыш у ім франтавіка, які расказвае аб панесеных ахвярах, часта глыбокіх і балючых, і адначасна чалавека, поўнага веры ў слушнасць сваёй справы.
        – Вось пайшло з нашай вёскі пару хлопцаў у Бярозу, з другіх вёсак таксама... На другую нядзелю думаем зладзіць забаву, паставіць нейкую рэч. Толькі велымі бедныя мы на сцэнічныя творы. Старыя рэчы раз дваццаць перайгралі, ды не на нашы плечы яны пісаныя. Жыццё зусім іншае. Вось хоць бы і ў нас... Можа што ў вас у Вільні такое напісалі б, простае, блізкае, дзе не трэба было б з сябе дурняў корчыць на смех...
        Ідзём далей на Кромань, на Любчу.
        Шырока раскінуліся наднёманскія сенажаці, далей відаць лес-пушча нейкага графа. Зноў запяялі дзяўчаты. Песня прыпомніла мінулы дзень. Мы праходзілі каля маёнтка. Каля сарака жнеяў за машынай вязалі снапы. Каля дарогі стаяў наглядчык. Было пад вечар. Канчаючы працу, жнеі пяялі, пяялі голасна, але без таго глыбокага, хвалюючага пачуцця, якое чуецца ў народных песнях. Прыслухаюся. Пяялі яны нейкае «танго»...
        – Вось і лес. Не так горача будзе ісці, – адазваўся адзін з калегаў.
        Малады густы сасоннік цесна сплёўшыся. Толькі дзе-нідзе сіратліва падымаюцца старкі, адкідваючы на дарогу густыя, пахучыя смалой цені.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.