РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прадмова да збора вершаў «Дудка беларуская»
        Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша – «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсьць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзьвесьце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысьцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя – са жменя таго народу, – якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і сьмешныя, і сьлёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсьмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць ня можна? Ой, не! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа ня жменька, а з шэсьць мільёнаў – больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцьці нашым, каб па-нашаму?
        Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсьць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касьцей! А пісаць ёсьць шмат чаго!
        Спрадвеку, як наша зямелька зь Літвой злучылася, як і з Польшчай зьядналася дабравольна, дык усе яе «Бяларусяй» звалі, і недарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, ня чорная яна была, а белая, чыстая; нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася.
        Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсьць адзежа душы.
        Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панаваньня князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасьці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаваньне князёў Літоўскіх, а посьле Вітэнэса Літоўскі князь Гядымін злучыў зусім Беларусію зь Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменьца места аж да Вязьмы – у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца – Беларусь! Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...
        
        Мацей Бурачок

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.