РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Максім і Магдалена
Гэй, пайду ж я па вуліцы
Ў тое поле за аколіцу.
Ля аколіцы і плот і гарод,
Завіваецца хмялінушка.
Ды чаму ж цябе, зялёную,
Градам-дожджыкам ня выбіла?
Ты, хмялінушка вясёлая,
Раскудравая хмялінушка,
Загубіла буйну голаву,
Буйну голаву Максімаву,
 
Максім у карчомцы гуляе,
Ён гуляе – крыж прапівае:
Да таварышаў сваіх выгукае:
«Піва-мёд у карцы налівай,
Каб лілося аж за край, аж за край,
Песьню гучную ямчэе завадзі
Ды цымбаламі падыгрывай!»
 
Гэй, як скрыпнуць, як утнуць гапака, –
Толькі сьцены захадзілі у шынка.
 
Струны звонка вымаўляюць з-пад рукі,
Ёмкім дробам выбіваюць хадакі.
Іх сталёвыя надкоўкі зьвіняць;
Ля парога людзі добрыя стаяць,
Падпяваюць, прыгаварываюць
Ды Максіма ўсё пахваліваюць.
Ён сядзіць – не памалу п’е,
Пад цымбалы у далоні б’е,
I хмяльна жа яго галава,
Мова дзіўная так-такава:
 
«Магда, Магдачка,
Мая кветачка-пралесачка!
Не кахацца мне, хлопу, з табою,
Ваяводы старога дачкою.
Сёньня з войтам цябе заручаюць,
Рушнікі вынімаюць,
Русу косу тваю прапіваюць.
То ня траўка-павіліка расплятаецца, –
Наша вернае каханьніца канчаецца.
Ўжо ня будзеш гуляць, як бывала,
Цалаваць, як раней цалавала,
Выхадзіць у сад апаўночы,
Глядзець ненагляднаму ў вочы.
Ты марцовага сьнегу бялей,
Броўкі – долі сіроцкай чарней;
Не забыць іх сэрцу ніколі,
Ня бачыць да веку патолі.
Лійся, піва, цячы, як вада,
Бо пала на сэрца нуда!»
 
У хмялю Максім гавора, не чакае гора,
Ды пачула тыя словы шынкароўна Сора.
Ўзяла Сора да палацу шпарка пабяжала,
Ваяводзе а прыгодзе ўсё пераказала.
Гэй, як грымне ваявода у памост нагою:
«Налажы ж ты, ледацюга, буйнай галавою!»
Толькі ўчулі тое слугі – зараз пасьпяшалі,
Ланцугамі хлопу ногі закавалі,
Павялі на пляц кірмашовы,
На памост высокі сасновы.
Людзі добрыя ўкруг стаяць.
Ён ідзе-не-ідзе, супыняецца;
Белы ручанькі па баках вісяць,
Ногі борздыя вагаюцца.
Ды ня жаліцца да людзей Максім,
Толькі кажа ён аб цымбалы ім,
Хоча зноў пачуць тое граньніца
 
У астатні раз,
У сьмяротны час,
На апошняе са сьветам разьвітаньніца
 
Вокам кінуць – цымбалы дасталі,
На памост на высокі паклалі.
 
Устрахнуў Максім кудрамі – годзе плакаць, годзе.
Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:
 
«Не вятрыска са поўначы павявае –
Ціхі сон у камору ўступае,
Вочы мне стуляе, ацьмяньжае.
То ня птушка ў гнязьдзечку ўстрапянулася –
Маё сэрца улякнулася.
Сьнілась мне – я ўзьмежкам іду,
Поруч збожжа калыхаецца,
Поруч збожжа калыхаецца,
Буйнай срэбнай расой асыпаецца.
Сёньня споўніўся той нядобры сон,
Сёньня споўніўся церазь дзевяць дзён:
Празь цябе, дзявоцкая краса,
Сьлёзы коцяцца, як буйная раса».
 
Ціха ўсё – толькі струны зьвіняць,
Толькі песьня разьліваецца.
Людзі добрыя навакол стаяць, –
З болю сэрца разрываецца.
 
Гэй, было б табе, Максіме, не кахацца.
На вяльможную дачку не заляцацца.
 
Устрахнуў Максім кудрамі – годзе плакаць, годзе,
Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:
 
«Магда, Магдачка,
Мая зоранька ясная,
Маё сонейка прэкраснае!
Ой, ад сонейка
Па зямлі цьвяты расьцьвітаюць,
Ад яго ж яны й пасыхаюць.
А ты, сонца, сьвеціш,
Залатое, сьвятое,
I ня ведаеш тое».
 
Ціха ўсё – толькі струны зьвіняць,
Толькі песьня разьліваецца.
Людзі добрыя навакол стаяць, –
З болю сэрца разрываецца.
 
Гэй, было б табе, Максіме, не кахацца,
На вяльможную дачку не заляцацца.
 
Устрахнуў Максім кудрамі – годзе плакаць, годзе.
Цяжка-важка, сумнёсенька ён заводзе:
 
«Мае дзетачкі, мае дробныя,
Вы наплачацесь, нагалосіцесь,
Бо ня стане у вас татачкі!
Хто вас будзе гадаваці, адзяваці?
I ад цёмнай ночы укрываці?
Станеце вы, дзеткі, жабракамі,
Пойдзеце барамі-лугамі
Ды гасьцінцамі-дарогамі.
А дарогі тыя без канца ляжаць, –
Без канца вам, дзеткі, гора горкае цярпець».
 
Ціха ўсё – толькі струны зьвіняць,
Толькі песьня разьліваецца.
Людзі добрыя навакол стаяць, –
З болю сэрца разрываецца.
 
А як сьмерцю Максіма скаралі, –
Рукі белыя да брамы прыбівалі,
Рукі белыя да брамы мястовай,
Галаву – да вежы вартовай,
Каб дажджы яму кудры мачылі,
А вятры бы сушылі,
Каб крукі прыляталі – вочы дзюбалі,
Ўсе бы людзі пазіралі – ды не забывалі.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.