РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Акула
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заўтра ёсьць учора
1. Арышт
2. Міласэрнасьць уначы
3. Новыя гаспадары
4. Нападзеньне ў пуні
5. Катаваньне ў клясным пакоі
6. Забойства
7. Абуджэньне
8. Вульгарная прыгажуня
9. Маёўка
10. Двубой
11. Лара ліхадзейка
12. Расправа
13. Чорная бездань
14. Д'ябалава гулянка
15. Гвалтаваньне
16. Дзірка ад кулі
17. Сустрэча старых сяброў
18. На папраўку
19. Іспыт на трываласьць
20. Руіны
21. Знаходка
22. Дзядзька
23. У судзе
24. Па сьледзе забойцы
25. Адзін крок паперадзе
26. Пачатак каханьня
27. Вось і сустрэча
28. У пошуках слушнасьці
29. Выклік
30. Сьмяротная паездка
31. Вяртаньне да жыцьця
1. АРЫШТ
        Маім суайчыньнікам у няволі, што зноў паўстануць.
Кастусь Акула
        
1. Арышт
        
        Тым позьнім ранкам Марыя Каравай, поўная спадзяваньняў, прыбыла ў горад. Яна меркавала знайсьці працу, асесьці, а потым заняцца пошукамі забойцы сваіх дзяцей і маці.
        Але ўсё атрымалася інакш. Празь якіх дванаццаць гадзін ад прыбыцьця яна апынулася ў вопытным пакоі паліцэйскага пастарунку, намагаючыся ўцяміць, які ж з законаў гэтае, новае для яе, краіны магла яна парушыць.
        Была яна зараз амаль за шэсьць тысяч кілямэтраў ад сваёй радзімы, якую вайна ператварыла ў горы попелу. А ў гэтым дзіўным вялізным горадзе не было аніводнай знаёмай душы, да таго ж усё ейнае валоданьне ангельскай мовай абмяжоўвалася двума тузінамі слоў.
        Калатня -- вось куды яна трапіла, і выйсьця з гэтае калатні не было ніякага.
        На першы пагляд яна мала чым адрозьнівалася ад дзьвюх прасталытак, што стаялі перад паліцыянтам наперадзе яе. Такі памяты выгляд якраз адпавядаў ярлыку тых найменш удалых прадстаўнікоў найстарэйшай у сьвеце прафэсіі, што рознымі абаронцамі дабрапрыстойнага нібыта грамадзтва так стойка перасьледаваліся. Розьніца паміж Марыяй і прасталыткамі была толькі ў тым, як яны трымаліся й паводзілі сябе. Калі гэтыя абедзьве наперадзе пачуваліся звыкла й бесклапотна -- як быццам яны толькі перасаджваліся з аднаго трамваю ў другі на сваім шляху да прыгодаў -- то ж Марыя аглядалася вакол, што той зацкаваны да сьмерці заяц, якога вось-вось разарве на кавалкі разьюшаны сабака.
        Жанкі размаўлялі міжсобку тымчасам, як адна зь іх адказвала на пытаньні паліцыянта. Відавочна, яны пачуваліся тут як удома. Не была б Марыя так абцяжарана сваім становішчам, яна б напэўна заўважыла, што лэдзі наўрад ці былі тут упершыню.
        Марыя Каравай была страмкой, русявай, сярэдняга росту жанчынай. Вялікая, танная, ніякаватая сукенка, што была на ёй, зусім не пасавала добра зладжанай фігуры. Кудзеры вылінялых валасоў патрабавалі дагляду. Ад вялікіх, выразных, перапалоханых вачэй разьбягаліся маршчынкі. На вуснах не было ніякіх сьлядоў касмэтыкі, а загарэлыя шчокі толькі падкрэсьлівалі ейную прыродную далікатную прыгажосьць. Шалёныя позіркі, што яна ўпотай кідала то на прасталытак, то на паліцыянтку, што тут круцілася, выдавалі адчай, народжаны няпэўнасьцю.
        У правай руцэ яна трымала патрапаную старую клумку, на левай -- вісела шэрае паліто. Яна пераступала з адной нагі на другую -- напэўна, самыя збалелыя ў горадзе ногі: увесь палудзень і надвячорак яна займалася пошукамі чалавека, чый адрас даў ёй ейны дзядзька. Але на тым месцы, дзе мусіў быць ягоны дом, былі пабудаваны новыя апартмэнты. Такім чынам, адзіная сувязь -- адзіны парог, празь які яна мелася далучыцца да вялізнага, хуткага росту насельніцтва Таронта, -- цяпер зьнікла.
        Марыя не здалася так адразу. Зьбянтэжаная, але не прызнаўшы паразы, яна падсілкавалася ў рэстарацыі й тады вырашыла прачасаць навакольле. Калі ўжо немагчыма знайсьці дзядзькавага сябра, яна меркавала, то мусяць жа быць ў гэтым горадзе хоць якіясь славяны, што змаглі б ёй дапамагчы. Нават гук роднае мовы мог бы акрыліць ейную паніклую надзею.
        З гэтым ёй таксама не пашанцавала, бо тыя некалькі чалавек на мітусьлівых ходніках, каля піўных шынкоў, тэатраў і рэстарацыяў, адказвалі ёй адмоўна, калі яна пыталася, ці не гавора хто тут па-беларуску. Некаторыя глядзелі на яе падазрона, замерваючы яе позіркам; іншыя папросту ігнаравалі яе.
        Ніколі раней яна не пачувалася такой пакінутай і прыгнечанай. Усе намаганьні асягнуць іхнай дапамогі не ўдаліся. Зьмяшаўся ўвесь сьвет, яна апынулася адрынутай гэтым морам лагодных канадыйцаў.
        Зноў далучылася яна да чалавецтва, калі, сьмяротна стомленая, са збалелымі ад хады нагамі, з тлумнай ад гарадзкога шуму галавой, прысела адпачыць на лаўцы ў парку. З ходнікаў празь зялёны газон да яе прыцягнуліся два п’янчугі і, не прамовіўшы ні слова, узгрувазьдзіліся побач зь ёй. Адзін зь іх агледзеў яе з ног да галавы й тады, адрыгнуўшы сьмярдзючым півам і табакай, ікнуў:
        -- Пазабавімся, сябрына?
        Азадачаная, Марыя намагалася ўцяміць, чаго яму ад яе трэба.
        -- Гэй, дык яна ж новенькая! Нават не адказвае, -- засьмяяўся другі. -- Давай яшчэ раз, Гэры!
        Той, што зваўся Гэры, падсунуўся бліжэй, атруціўшы смуродам чыстае верасьнёўскае паветра.
        -- Я спытаўся, ці не хацела б лэдзі пазабавіцца?
        Перш чым яна змагла адрэагаваць, яго крэпка схапіў сябар:
        -- Там чортавы коп за намі!
        Яны падняліся й хуценька рэтыраваліся.
        Тымчасам перад ёй ужо стаяў высокі, у чорным мундзіры мужчына з абвінавальным позіркам. Ён раўкнуў нейкія пытаньні, і, перш чым яна змагла зладзіць які-небудзь задавальняльны адказ, яе ўпіхнулі ў патрулёвае аўта, у якім ужо сядзелі тыя абедзьзве, трымаючы свой шлях да пастарунку.
        Тады, ва ўпершыню ў гэтай краіне, яна зразумела, што парушыла нейкі закон. Зноў яна апынулася тварам да твару з уладай -- і гэта нагадала ёй тую паліцэйскую дзяржаву, якая зруйнавала ейнае жыцьцё.
        Ейную ўвагу прыцягнулі курчавыя рудыя валасы й квадратовыя сківіцы паліцыянта, што сядзеў за сталом. Нядобрыя адчуваньні авалодалі ёю. Што яны зьбіраюцца са мной зрабіць? Запруць мяне? Няўжо вось такім будзе пачатак -- мой прыезд у горад, які я малявала сабе ў такіх ружовых колерах?
         Пытаньні паліцыянта былі кароткімі й дакладнымі. Зьбянтэжаная сваёй няздольнасьцю адказаць на іх, Марыя прамармытала нешта няўцямнае, нэрвова тычучы яму свой пашпарт. Паліцыянт утаропіўся ў яе зь цікаўнасьцю.
        -- На такі спосаб тут не пачынаюць, сястра, -- пракамэнтаваў ён зьедліва. -- Адвядзі яе, Пат, -- кіўнуў ён паліцыянтцы.
        Гэтыя абедзьве пачуваюцца тут як удома, падумала Марыя, глянуўшы на тых жанчын за кратамі. Пэўна ж, што не навабранцы ў гэтай гульні, якой бы яна ні была. Іхная бестурботнасьць паўплывала на Марыю на адваротны спосаб: замест таго, каб супакоіцца й, далучыўшыся да іх, сьмяяцца разам над гэтым сьветам, яна замкнулася ў сабе яшчэ болей. Напэўна, ад паступовага прасьвятленьня, што ва ўпершыню ў сваім жыцьці яна была замкнутая разам са звычайнымі прасталыткамі. Больш за тое, паводле паліцыі яна сама была прасталыткай. З гэткае агіднае думкі яна мімаволі адсунулася ад сваіх таварак.
        -- Будзе табе, сястра! Кінь гэта! Не закусаюць жа яны цябе. Заўтра будзеш зноў на волі. Пабачыш. Чаго ты? Ты што, зусім сьвежанькая ў гэтай гульні?
        Адна з жанчын паспрабавала завесьці гаворку з Марыяй, прыцэньваючыся да яе сваім дасьведчаным вокам.
        -- Нават калі ты й сьвежанькая, атрымаеш досьвед вельмі хутка, сястра. Умомант. Я табе кажу, тут няма аб чым турбавацца. Як той казаў, гэта толькі выдаткі прафэсіі. Так! Выдаткі, каб мне вока! Тым шакалам з мэрыі проста хочацца нас памацаць, вось яны йдуць і заграбаюць нас. Але я табе кажу, ты набудзеш добрага спрыту й будзеш унюхваць гэтых сьмярдзючых копаў здалёк. Клянуся Богам, будзеш! І яны цябе ня зловяць. Ну вядома, калі грузіцца будзеш зрэдку.
        Так яна ўсё балбатала, выдыхаючы такі смурод ад віскі, што Марыя адсоўвалася ад яе ўсё далей.
        -- Кінь ты ёй назаляцца, Сюзан! -- умяшалася другая жанчына. -- Ня бачыш, ёй нецікава. Яна, можа, і мовы ня ведае, як коп казаў.
        -- Ну дык што! У гэтым бізнэсе й ня трэба. Толькі расхінай свае ўцехі дый грабі сабе грошы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.