РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ася Паплаўская
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Літаратура і мастацтва». Эканамічнае сутарэньне
...
        Калі культура з эканомікай стасуецца яшчэ, здавалася б, больш-менш прыстойна, то паралелей паміж мастацтвам-літаратурай і эканомікай знайсці складаней. Зрэшты, не будзем забываць, што без фінансаў (лепш – фінансавання) не абысціся нідзе. Нават у літаратуры.
        Тое, што сёння, у адрозненні ад часоў СССР (калі пісьменнікі займалі дзяржаўныя пасады, кармілі сябе і сям’ю і адначасова будавалі палац лецішча), пісьменнік — прафесія неграшовая, ні для каго не сакрэт. Рамеснікі, якія будуюць хаціны ці палацы (у каго на што здольнасцяў і грошай (!) хапае) на абшарах “прыгожага пісьменства”, — альтруісты па натуры: будуючы харомы “безвозмездно”, бы тая падсляпаватая Сава, яны і думаць забыліся, што на гэтым можна зарабіць. Наадварот: актыўна шукаюць грошы (пра спонсараў, ці донараў гутарка не йдзе — гэта сюжэт для Таркоўскага…), каб выдаць кнігу накладам у 100-500 асобнікаў, а выдаўшы, развозіць яе па кнігарнях, бо выдавецтва выконвае чыста механічныя функцыі: нам грошы — вам крэслы. Выдалі — да пабачэння, будзем радыя на вас зарабіць яшчэ сустрэцца зноў! Знаходзяцца сёння і такія будаўнікі, якім удаецца-такі займець “дзяньжат” на сваіх немастацкай вартасці тэкстах, але тое — рамяство іншага гатунку. Гэта не будаўнікі, а, хутчэй, скульптары. Мы ж — пра будаўнікоў…
        Гэта сюжэт для эканамічнага артыкула. Нават не чыста эканамічнага, а такога, ведаеце, разважліва-задуменнага роздуму над лёсам літаратурных прарабаў (ад ПРАгрэсіўны РАБ, а часам проста — агрэсіўны заложнік цемры пачуцяў). Сюжэт адзін, але яго можна круціць і вярцець як каму захочацца… А паколькі жыць хочацца лепей усім, ды эсэі пад назвамі тыпу “Ці можна пражыць сёння са сваіх кніг?..” інтрыгуюць і прыцягваюць, нягледзячы на неарыгінальнасць, няновасць праблемы, то такія артыкулы друкавацца будуць. Што там граха таіць: я сама ў хуткім часе напішу-такі артыкул пра будаўнікоў-прарабаў, якія вырубаюць дубровы, каб скласці сваю “хатку на курыных ножках”, якая то задам, а то (радзей) — перадам павернецца…
        Яшчэ мо(д)жна пісаць пра жыццё выдавецтваў. А як жа? Падтрымкі з дзяржбюджэту не стае (тут назіраецца працэс разявання роту на чужыя грошы, але ж, як вядома, на чужы раток…) Скардзіцца на жыццё-быццё пакуль дазваляецца (зноў-такі прыгадайма “чужы раток”).
        Трэцяя тэма — гаспадар балявання (у нашым выпадку — галоўны прараб) Міністэрства культуры, ці па-простаму, па-калхознамурабочаму. Мінкульт, які мае за асноўны КУЛЬТ грошай, якіх, зрэшты, не стае. А што вы думалі?.. Казна, як тыя кажуць, не гумовая.
        Вось і назбіралася сюжэтаў для, скажам, 2-3 адсоткаў ад агульнай мастацкай (была б я “гопнікам”, напісала б папросту АЦКАЙ, што часткова адпавядае рэчаіснасці) інфармацыі на стронках “ЛіМа”, які манапольна арэ (не “нема крычыць”, як можна падумаць найперш, забыўшыся на спрадвечнае беларускае сельскагаспадарчае, але — рабіць. Хаця, нельга не прызнацца: сёння менавіта гэтае азначэнне, што прыходзіць найперш у галаву зрусіфікаванаму беларусу (ці думаў Багушэвіч, што гэта калісь стане нормай?..) болей пасуе для найбольш адэкватнага апісання сучаснай літарутрна-мастацкай прасторы) на абшарах Беларусі.
         Калі ўявіць ЛіМ шматпавярховікам (абавязкова “хрушчоўкай” без вады і атаплення), спраектаваны недальнавіднымі класікамі інжэнерамі-няўдачнікамі і пабудаваны рукамі прарабаў-двоешнікаў/галодных будаўнікоў, то падвальнае акенца, у якім гарыць агарак парафінавай (на воск грошай няма) свечкі, — гэта акурат месца для эканамічнай тэматыкі. А так як акенца падвальнае, то з яго абавязкова бачныя боты будаўнікоў (пісьменнікаў), запэцканыя цэментам (словамі). Ногі шпарка бегаюць-мітусяцца ў парывах бессвядомага натхнення, а агарак дагарае…
        Мы, будучы людзьмі смелымі, не запэцканыя, як тыя пісьменніцкія боты, страхамі, зойдзем у той склеп ды пакорпаемся ў нешматлікіх рукапісах. Пры гэтым істотныя дзве рэчы: “рукапісы не гараць” — будзьма спакойна і ўпэўнена хадзіць са свечкай, баючы толькі капнуць парафінам на новыя джынсы; на пыл рэагуем спакойна, так што алергічная рэакцыя можа быць выкліканая хіба што якасцю тэкстаў…
        Яшчэ не паспела зацягнуцца павуціннем падшыўка за бягучы, 2008, год. Гартаем. Памятаем: нашая мэта — эканамічныя проблескі.
        Нумар за 4 студзеня парадаваў страўнік вока артыкулам “Беларусь праз прызму “Беларусі” (рубрыка “Кніжная справа”). Алесь Марціновіч, сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі (своеасаблівы плЫт на рацэ беларускай літарутры пад агульнай назвай “Ціхая плынь”, ці то плОт, які агароджвае паляну з будынінамі пісьменнікаў ад вонкавага свету — вось і атрымліваецца літаратура “в собственном соку”), размаўляе з новапрызначаным кіраўніком “Беларусі” (маецца на ўвазе выдавецтва) Аляксандрам Сталяровым (бачыце: чалавек з правільным прозвічам! Сталяроў — значыць загадчык сталярнага цэху на вялікім будаўнічым заводзе пад назвай “Сучбелліт”, то бок сучасная (у выпадку з Адамам Глобусам — сУчасная) белетрыстыка беларукая літаратура). Размова сталяра з плотнікам (памятаем, што мы абазначылі СПБ за плыт/плот) вядзецца вакол да “около” працы выдавецтва па рашэнні некаторых праблем, што накапіліся за пошнія некалькі гадоў.
        Падносім свечку бліжэй да паперы, на баючыся падпаліць “хрушчоўку”, чытаем: “…спярша неабходна было, так бы мовіць, расчысціць выдавецкія склады: кошт нерэалізаванай літаратуры складаў больш як адзін мільярд рублёў”. Вось вам і эканоміка!.. Вось вам і “кніжная сПРАВА”, якая больш выгдяе як заЛЕВА, што ціхай плынню сваёй змывае незапатрабаваную літаратуру на пыльныя перапоўненыя склады…
        Пло(ы)тнік Алесь Марціновіч намагаецца ўнікнуць у праблему (у той час, як Мінкульт не ўнікае Ў праблему, а стараецца ўнікнуць (пазбегнуць) яе ). Высвятляем, чаму так сталася: “…гадоў 5 таму да “Беларусі” далучыліся расфарміраваныя выдавецтвы “Полымя” і “Ураджай”. Таму, зразумела, да сваёй неаспрададзенай літаратуры давялося далучаць і “чужую”.
        Вось вам і “Ураджай”! Сабралі плады, у “Полымя” кідаць шкада, вось і звезлі на чужыя палеткі… Але “Беларусы” неяк справіліся — большую частку збылі (тут трэба разумець: развезлі па кнігарнях, бібліятэках). Далей плотнік са сталяром пераключыліся на размову больш блізкую: пагутарылі пра планы “Беларусі” (тут усё зразумела: “Беларусь” будзе жыць вечна. Заняўшы “ганаровы пасад між народамі”. Гэта не абмяркоўваецца, гэта — апрыёры — так).
        Гартаем далей, пакуль агарак не растаў дарэшты… 25 студзеня. У рубрыцы “Штрыхі жыцця” артыкул “Узнаўлячы пражытае”. Васіль Макарэвіч (чалавек з няправільным прозвішчам) піша пра кнігу ўспанінаў Валерыя Алешкі (тут прасцей: Алешка — альха, што таксама можна выкарыстоўваць як матэрыл. Хату не пабудуеш, вядома, але ж паліцу для кніг ці пісьмовы стол зрабіць можна).
        Пачатак абяцае нам размову пра набалелае грашовае: “Нярэдка мы наракаем і б’ем у званы, што сёння цяжка выпусціць кніжку ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, як гэта рабілася раней, без непатрэбнай валтузні і мітрэнгаў. Пісьсеннік павінен шукаць спонсара, які б ахвяраваў пэўную суму грошай. Аднак лягчэй вярблюду прадезці праз вушка іголкі, чым знайсці такога спонсара”.
        Далей — пра кнігу ўспамінаў “Пазнаючы бацьку” згаданага Валерыя Алешкі пра бацьку-пісьменніка Антона Алешку. Але далейшыя цагліны, з якіх будуе ўтар свой артыкул — спрэс мастацкага напаўнення. Распавядаецца пра працу над кнігай, пра сам кнігу… Зварота да зададзенай на пачаіку артыкула тэмы няма. Вось вам і цікавасць да эканомікі…
        Зімовыя нумары ЛіМа, на дзіва, адносна багатыя на артыкулы з эканамічным складнікам (часцей – складнічкам), але гэта й зразумела: новы год — адпаведна новыя планы, у тым ліку, й МінКУЛЬТа… Так, рубрыка “ЛіМ-часопіс” узімку 2008 году “разрадзілася” аж трыма інфармацыямі, дзе побач з мастацкімі цаглінамі — каменьчыкі эканамічныя. Але — да публікацый.
        “Мадэрнізацыя, рэканстуркцыя”. Назва, якая ніколі не прыцягнула б маю ўвагу ў гэтым вільготным сутарэнні, калі б я не расшуквала ў ЛіМе артыкулы на эканамічную тэматыку. Гучыць сапраўды забаўна :)) “…працяг рэканстуркцыі значных аб’ектаў у межах дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы”, — асноўныя планы МінКульта на бягучы год. “Як паведаміў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка, у 2008 годзе на гэтыя патрэбы прадугледжана каля 155 мільярдаў рублёў. Нагадаем, што ў мінулым годзе гэтая лічба складала 116 мільярдаў рублёў”, — піша Сяргей Дубовік (журналіст ж чыста “нашым”, будаўнічым, прозвішчам). Але мы, людзі адукаваныя, разумеем, што грошай выдаткавана болей толькі таму, што вядзецца запланаваная рэканструкцыя таго ж Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы і балета РБ, перапланіроўка і добраўпарадкаванне тэрыторыі каля яго… Высновы? Самастойна.
        “Эканомія — найперш”. Не дадуць пашыкаваць няшчасным культурным дзеячам! Усё эканомія ды эканомія… Зрэшты, не будзеш эканоміць – не пражывеш. Такія законы жыцця. Уладзімір Шугавееў даводзіць нам пра неабходнасць “выканання Дырэктывы Прэзідэнта №3” (гэта Дырэктыва нумар 3, а прэзідэнт у нашай лясной дзяржаве заўсёды нумар 1) “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэртву культуры РБ. Такім чынам, маем новы КУЛЬТ — “Чытай пры лучыне — й будзе табе шчасце!” Але зноў да блізкага, мастацкага: “Беларусьфільм” зняў дакументальны фільм “Беражлівасць — мая работа” (але мы-та разумеем, што беражлівасць — гэта не праца, а, наадварот, стан “нічоганераблення”), а Белвідэацэнтр зрабіў дакументальную стужку “Хочаш жыць багата — скараці выдаткі”. І яшчэ нейкія няўцямныя тлумачэнні, чаму так цудоўна эканоміць і што для прапаганды эканоміі робіцца…
        Апошні артыкул, які я адкапала-такі ў сутарэннях ЛіМа (пачынаю задыхацца ад пылу, таму хуценечка…) “Друк і рынак: новыя задачы”. Дзіўна, як ЛіМаўцы ўмеюць называць свае артыкулы “па шаблоне”. Ну не зацікавіць нікога такая назва, як і безліч падобных да яе бязколерных фраз. Юлія Лебедзева (у нашая лясной гаспадарцы яшчэ і пруды ёсць, а як жа. А ў іх — лебедзі. Вось, калі ласка, адзін з іх) наведала канферэнцыю Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў кніг і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Рынак распаўсюджвання друку, нарматыўнаая прававая база, інвестыцыі і аўтаматызацыя”. На канферэнцыі вырашаліся наступныя задачы (вырашаюцца яны даўно і пакуль беспаспяхова): “як данесці кнігу, перыёдыку да чытача, як павялічыць тыражы, як у час наступлення электронных СМІ зрабіць друк канкурэнтназдольным, як вярнуць старога чытача і як набыць новага”. Шмат “як”, а за імі нічога… Пасля крыху статыстыкі, якая ўсё роўна нам, чытачам і спажыўцам, не прынясе ні плёну, ні карысці. Няхай лічбы чытаюць прарабы, а мы, жыхары сельскагаспадарчай краіны Беларуь будзем спажываць тое, што нам прапануюць нашыя столяры-слесары-токары.
        Усё, пакідаю агарак, які ўжо вось-вось дагарыць, тут і выходжу з эканамічнага сутарэння. Паехала я на апошні паверх — у аддзел крытыкі. Адпачываць душой ды гаіць раны.

Крыніца: http://asia-paplausk.livejournal.com
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.