РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Маленькая чырвоная кветачка
...
        Ён вельмі любіў народ, і народ вельмі любіў яго.
        Асабліва з таго часу, як успыхнула народнае паўстаньне, якое ён песьціў, рыхтаваў, камандаваў паўстанцамі, здабыў першыя перамогі. Паўстаньне было нялёгкае, перамогі чаргаваліся з паразамі, але народ верыў яму і ішоў за ім. Ён і праўда не шкадаваў ні часу, ні сілы, ні працы свайго глыбокага розуму дзеля сьвятое справы – перамогі народнага паўстаньня.
        Сьпярша, як іх было мала, а сілаў злыдняў было ў дзесяць разоў болей, толькі ягоная воля і фанатычная ўпэўненасьць далі моцы паўстанцам не загінуць дарэшты. Паўстанцы вытрымалі ўсё: паразу пад сьценамі крэпасьці, перасьлед, катаваньні ў вязьніцах, кару сьмерцю, палон, эміграцыю. Ён не скарыўся, ён заўсёды казаў: будзе воля, будзе пермога! Загляне сонца і ў наша ваконца. І заклікаў змагацца, не шкадуючы нічога – ні людзей, ні жыцьця, ні жанок, ні саміх сябе. Ён не шкадаваў сябе і нават жонку зь дзецьмі, якіх закатавалі ў палоне.
        Як была здабыта вялікая перамога і захоплена непрыступная крэпасьць, народнай любові да яго ня стала межаў. У крэпасьць, якую ён штурмаваў дваццаць дзён, яго ўнесьлі на скрыжаваных дзідах, ахінутых двухкалёрам патрыётаў. Там жа, на падворку крапаснога муру, яму прысягнула новаствораная гвардыя – сотня адборных маладых паўстанцаў. Старшыны гораду паднесьлі яму талерку, поўную залатых манэтаў. Дзесяць гарадзкіх прыгажунь зьнялі з ног ягоныя батфорты і абмылі яго стамлёныя ногі. Яны прысягнулі яму на вечнае жаночае слугаваньне – у вайну і ў міры. У народных вачох ён стаўся самым разумным і сумленным; у жаночых вачох, апроч таго, – самым прыгожым і высакародным. І яшчэ ён быў бескарысьлівы – нічога свайго ня меў, абыходзіўся тым, што давалі. Як ён прамаўляў зь цьвінтару гарадзкой катэдры, тысячны натоўп, ня дыхаючы, слухаў яго. Заўжды ён гаварыў, як Бог, не даючы ні малюсенькае нагоды ўсумніцца хоць бы ў адным прамоўленым слове.
        Ён заслужона апынуўся на вяршыні ўсеагульнае народнае славы і прызнаньня, якіх, здавалася, у яго ня мог адабраць ніхто – ні д’ябал, ні Бог. У вачох народу ён быў ня меней шанаваны за абодвух.
        Кепска, аднак, што на крэпасьці барацьба ня скончылася. Прыгнятальнікі не ўціхамірыліся. Тыя, што ацалелі пры штурме, уцяклі за мяжу, дзе знайшлі падтрымку. Невялікая перадышка ў змаганьні доўжылася колькі месяцаў. Той час ён марна ня траціў. Ён мацаваў гаспадарку і абарону. Дзень і ноч людзі ладзілі крэпасьць, адбудоўвалі пашкоджаныя вежы, вароты і сьцены. Апроч таго, ён дасканаліў войска, прызначаў камандзіраў, стаўляў на пасады самых здольных і храбрых. Але і тыя, за мяжой, ня спалі – стваралі альянсы, вэрбавалі наймітаў, узбройвалі і распалялі нянавісьць да паўстанцаў. Грошай у іх было шмат, войска набралі вялікае. У адзін пагодны дзень тое войска апынулася перад сьценамі крэпасьці.
        Ён заклікаў народ да абароны, і народ дружна выступіў. Пачалася аблога, якая доўжылася да позьняй восені. Сьпярша неяк адбіваліся, а затым адбівацца стала цяжэй. Зьнікалі запасы, не ставала вады. Зь недахопам харчу людзі неяк мірыліся, а без вады было зусім нельга. Пачаліся нараканьні, быццам некаторыя зашмат ужываюць вады. Што ваду ў крыніцах труцяць шпіёны. Што наагул зашмат разьвялося шпіёнаў, а ён іх не выкрывае. А тут усчаліся штурмы – дзень пры дні. Асаджаныя біліся гераічна, адбіваліся зь вежаў, са сьценаў – білі ядрамі з гакаўніц і мартыраў, лілі кіпень на галовы ворагаў, распаленую смалу, ужывалі «грэцкі агонь». Ды ворагі не адступаліся, да таго ж іх было безьліч. На чацьверты месяц асады яны абвесьцілі ўльтыматум – здача без усялякіх умоваў. Ён склікаў вялікі сынкліт, які аднагалосна прыняў ухвалу змагацца да перамогі. Ён запэўніў народ у перамозе, і народ, як заўжды, паверыў яму.
        Змаганьне доўжылася, але сілы былі няроўныя. Перавага ўсё болей схілялася на бок ворагаў. У крэпасьці скончыўся харч, а пасьля і порах. Палова абаронцаў была параненая. На крапасных сьценах біліся жанчыны, старыя і нават дзеці-падлеткі. Усе верылі, што перамогуць. Ніхто не хацеў здавацца.
        Аднак сталася так, што сілаў не хапіла, і аднойчы ворагі ўварваліся ў крэпасьць. Ён асабіста ўзначаліў контрудар, і прарыў быў зьліквідаваны. У тым жа баі ён быў дужа паранены куляю ў абедзьве нагі, але прадаўжаў камандаваць супрацівам. І ён усё цьвердзіў, што перамога будзе. Людзі крычалі «гура». Але ўжо ня ўсе...
        Ды во каб адбіць чацьвертае ўварваньне, сілаў ужо не было. Ворагі захапілі кутнюю вежу, і там каля паўстанцкага двукалёру забілі яго. Аддзелу верных яму жанчынаў удалося вынесьці яго цела і ўначы пахаваць пры катэдры. Адна з жанчынаў спрабавала забіць сябе на ягонай магіле, ды ёй не далі. Неўзбаве крэпасьць занялі ворагі.
        Народ спазнаў жахлівую паразу. Бальшыню паўстанцаў перабілі, рэшту ўзялі ў палон. Палонных закавалі ў кайданы і адправілі ў каменяломню. Жанчынаў-прыгажунь, што мылі яму ногі, прадалі ў турэцкія гарэмы. Простыя люді мёрлі з голаду і ад хваробаў. Вясной у краіне ўсчалася эпідэмія чумы.
        Пераможцы казалі людзям, што ўсё тое – вынік злачынства іхнага куміра. Што ён авантурыст і антыхрыст. Інакш бы ён не паклаў столькі народу за тое, чаго нельга здабыць. Пераможцаў перамагчы немагчыма. Цяпер за ягоныя авантуры павінен заплаціць народ, і кошт тае платы будзе аграмадны. Народ баяўся і верыў – пераможцам нельга ня верыць. Зь цягам часу людзі ўзьненавідзелі свайго нядаўняга правадыра і дзівіліся, як маглі слухацца яго.
        Казалі, што некаторыя з тых, што калісь прысягалі яму, раскапалі ўначы ягоную магілу і выкінулі зь яе ягонае цела. Тое цела, разадраўшы на часткі, валачылі па бруку згаладнелыя сабакі...
        Толькі праз шмат гадоў па вясьне, як зазелянела трава, хтось паклаў на месца колішняй яго магілы маленькую чырвоную кветачку. Яна там доўга ляжала, ня вянучы...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.