РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Музыка
        Надвячоркам ён задрамаў у зацемненым гатэльным нумары. Празь няшчыльныя пласьціны белых жалюзяў у пакой цадзілася дробна-паласатае сьвятло, якое ламана стракацела па мэблі, дыване на падлозе, па сьценах, невялікай карціне з выявай карыды. Што – менавіта карыды, пра тое можна было толькі здагадвацца: постаці на карціне спрэс выяўляліся ў форме трохкутнікаў, чорных і чырвоных – быкі і матадоры. Ён, аднак, не ўглядаўся ў карціну – ён ня дужа заўважаў карцін ні ў гатэлях, ні ў офісах. Ён быў музыка, і нашмат большую цікавасьць для яго мелі гукі. Але цяпер, калі сіеста збольшага сканчалася, а вечаровы курортны тлум яшчэ не настаў, было быццам ціха, адно мерна гуў пад стольлю вялізны трохлопасны вэнтылятар, ды ў падваконьні раз-пораз уздыхаў кандышан. I ўсё ж менавіта ў гэтай цішы ўзьнік нейкі незразумелы гук, які вынікаў невядома адкуль і чамусьці трывожыў слых. Ён і прачнуўся ад таго гуку, хоць не зразумеў нічога, сподам душы, аднак, адчуваючы штось благое, і доўга ляжаў, ня кратаючыся. Прахалоды ў пакоі не было ані колькі, было душна, млосна, неяк надта дыскамфортна, і ён не разумеў прычыны таго дыскамфорту. Магчыма, ён захварэў ці пачынаў захворваць. Ці не з тае нагоды прапаў апэтыт, на сьняданьні ў кавярні ён выпіў шклянку апэльсынавага соку і есьці нічога ня стаў. На абед зусім не пайшоў. Не было ні сілаў, ні жаданьня ўставаць і ісьці ў гаманкую залю рэстарану, парушаць свой спакой. I ён ляжаў, услухоўваўся ў пошум вэнтылятара і думаў. Адчуваў – найлепей ляжаць. Калі б толькі не праклятая задуха, ад якой у тропіках не было паратунку ні ўдзень, ні ўначы. I вось гэты гук, што абудзіў яго ад санлявай зьнямогі.
        Не разумеючы да канца ні свайго стану, ні прычыны трывожлівага гулу – звонку ці, можа, знутры, у сабе, ён урэшце памкнуўся ўстаць і сеў на край шырокага ложка. Але далей рашучасьць яго ўбавілася, пасядзеўшы крыху, ён зноў з палёгкай адкінуўся на скамячаную прасьціну пасьцелі.
        Здаецца, дарма ён прыехаў сюды, у гэты блаславёны трапічны рай, здатны для людзкіх целаў, аблагоджаны прыродай і морам. У яго быў іншы інтарэс, але сталася так, што кантракт на канцэрты падпісаць не ўдалося, трапіўся няўдалы антрапрынёр, і ён падумаў тады, што, можа, гэтак і лепш. Ён вольны, без абавязкаў і мітусьні пабудзе ля мора, колькі ляжа на душу, а там будзе відаць. Тым болей, што дома, далёка на поўначы, яго ніхто не чакаў, пад той час ён вызваліўся ад якіх бы там ні было абавязкаў – перад сям’ёй, антрапрынёрамі; можа ўпершыню ў жыцьці настаў ягоны доўгі ці кароткі тайм-аўт. Ён быў музыка, але і з музыкай апошнім часам штось не заладзілася, ніколі ў яго не здаралася такой абыякавасьці, нават агіды да інструмэнту, які цяпер, бы непатрэбны, сіратліва стаяў у чорным футарале ля белых дзьвярэй. Штосьці ў ім разладзілася, гняло, – невыразнае, нават загадкавае, да канца не адчутае. Галоўнае – гэты вібрасты гул, падобны на нізкую ноту, якую хтосьці ня мог узяць да канца, толькі спрабаваў і цягнуў, бы няўмека. Але чаму ў ёй столькі няўтульнай гнятлівай трывогі?
        Калі разумна і па-добраму, дык, мабыць, яму ў самы раз было б да псыхіятара, да іх сямейнага доктара Гаула, які некалі лячыў жонку, цешчу, старэйшую дачку. Але ніколі не лячыў яго самога – не было патрэбы. Зноў жа ён памятаў, як яшчэ ў дзяцінстве на тую схільнасьць тутэйшага люду да псыхіятрыі адгукнуўся ягоны бацька – грэбліва, бы да вэнэроляга. Але бацька быў чалавек іншага веку ды й іншага племя, якое, здаецца, мела калісьці звычай наогул абыходзіцца без дактароў. Мабыць, штосьці ад таго перадалося і сыну.
        Не заўважыў, як зноў задрамаў, – мржа, карыстаючыся рэштай сіеставай цішы, і неяк адразу безь пераходу ці паўзы яму прысьнілася іншае, што ў рэальным жыцьці ня мела да яго пэўнага дачыненьня. Але ў сьне тое ўспрымалася, бы даўно знаёмае, звыклае, і не выклікала зьдзіўленьня. Найперш ляндшафт – шырокая прастора ўзгоркавай даліны, зялёная ад маладой травы, але з выгляду зусім ня прэрыя, не савана, – шырокі лясны далягляд без паселішчаў і дарог. Ён ішоў па травяністым схіле, за ім нясьпешна цягнуўся статак валоў ці бізонаў, тое неяк было не зусім зразумела, але ён і не спрабаваў зразумець. Ён пачуваўся ў ролі ці то пастуха, ці то правадыра гэтага статку, і не камандаваў, не заганяў жывёлін, а суладна вёў іх кудысь па невысокай, нетаптанай траве. Настрой і выява былі зусім букалічныя, калі б не загадкавая трывога, што пакрысе вынікала невядома адкуль. Трывога тая, аднак, перарасла ў спалох, калі наперадзе паблізу зьявіўся абрыў, – нейкая шырокая бездань, якую было не абмінуць. Галоўнае, ён ня мог спыніцца, не спыняўся і статак; мабыць не адчуваючы небясьпекі, валы (ці бізоны) маруднаю лавай сунуліся і сунуліся за ім і ўжо наблізіліся да краю бездані. Іх трэба б спыніць ці завярнуць назад, але ён не рабіў таго – ня мог ці ня ведаў, як. I ён з жахам памкнуў па сьлізкай траве ў бездань, на дне якой штосьці бурліла, нібы кіпела ў аграмадным катле – бруд, вулканічная магма ці яшчэ што....
        Адчуваньне блізкай катастрофы і пагібелі змусілі яго на нейкія душэўныя высілкі, якія прыпынілі тую пакуту, і ён прачнуўся.
        Асьвятленьне ў пакоі зьмянілася: было цемнавата, здаецца, настала ноч; дробныя шчыліны-палосы перасунуліся ўгору і цяпер паласавалі столь – гэта праз жалюзі прасьвечвала нізкае сьвятло вулічных ліхтароў. Прыглушана гучэла недалёкая музыка ламбады – ігралі ў суседнім гатэлі ці на ўзьбярэжжы пад пальмамі. Толькі ён адчуў з палёгкай, што пазбыўся прыкрага сну, як да ягонай душы зноў дапяў ранейшы загадкавы гул. Таго не магла заглушыць нават прычэплівая рытміка ламбады, ягоны несьціханы суцэльны фон клаўся на ўсе іншыя гукі знадворку, – то было ненатуральна, незразумела і загадкава. Ён устаў з пасьцелі і, не ўключаючы сьвятла, у паўзмроку пакою намацаў дзьверы ў лоджыю.
        Рытмічныя гукі ламбады агарнулі яго з большай выразнасьцю, у твар дыхнула вечаровай парнасьцю, саланаватым подыхам мора. Босы, неапрануты, у адных толькі плаўках, ён ступіў да белых, яшчэ гарачых ад сьпёкі парэнчаў і абапёрся аб іх. Унізе пад лоджыяй ціхенька варушылася ад начнога брызу касмылявае лісьце пальмаў, уздоўж выгінастага берагу цягнуўся бісэрны ланцужок матавых прыдарожных ліхтароў, якія зьнікалі за скальным мыском. Мора чорнай сьцяной лена варушылася на ўсім начным прасьцягу, нябачна зьліваючыся ў далечыні з зорным высокім небам. Была ноч, зь ярка, бы ўдзень, асьветленай набярэжнай, абсаджанай шэрагамі пальмаў. Па гэты бок на горным адхоне грувасьціліся белыя будынкі вілаў, курорты і пансіёны; непадалёк, заліты нізкім сьвятлом, высіўся масіўны куб новага гатэлю кампаніі Шаратон. Унізе пад пальмамі, наўзбоч ад дарогі і гатэляў з бліскаўкамі рознакаляровых шыльдаў замерлі шэрагі аўтамабіляў; на прыморскай шашы іх трохі парадзелы паток, аднак, не прыпыняўся, бліскаючы фарамі, каціў і каціў у абодва бакі. Збочыўшы, два зь іх спыніліся ўнізе, якраз перад ягоным гатэлем пад пальмамі. З аднаго неўзабаве выйшла пара, жанчына прыпынілася трохі, чакаючы, пакуль мужчына зачыняў аўтамабіль, затым абодва таропка скіравалі да ўваходу. З другога чамусьці доўга ніхто не выходзіў, і ён перастаў чакаць. Ён перавёў позірк угору, у зіхоткую ад зораў чарнату паўдзённага неба.
        Якраз перад фасадам гатэлю невысока над гарызонтам і морам выразна зьзяў пяцьцю зоркамі славуты Паўднёвы крыж. Тры зь іх былі амаль аднолькавай велічыні і яркасьці, а дзьве астатнія, што ўтваралі левае плячо крыжа, выдаліся драбнейшымі і амаль што зьліваліся ў адну, – быццам дзеля сымэтрыі крыжа. I з-пад гэтых зораў раптам узьнікла невыразная, бы ў тумане, выява твару ягонага бацькі (на сэкунду, можа, ня болей), але ён ажно здрыгануўся ад нечаканасьці. I разам менавіта адтуль зноў данёсься той загадкавы гук, ён стаў мацнець, зь ім сталі хутка большаць-набліжацца зоркі; стварылася ілюзія, нібы ён паляцеў насустрач. Сапраўды, ён страціў вагу, невядома як адарваўся ад поручняў, і апынуўся над морам. Сьпярша ён бачыў толькі зоркавы крыж, які ўсё большаў, выразна адчуваўся палёт, згледзеў затым, як прамільгнулі і зьніклі ўнізе набярэжная, вуліца з пальмамі, белыя фасады гатэляў, выгінастая палоска берагавога прыбою. Пад ім апынулася шырокая чорная пустка, а ён ціха, без супраціву паветра, нібы бесьцялесны, мкнуў кудысьці ўгору – у зорную мітусьню чорнага начнога неба.
        Зноў, як і раней, тое не выклікала ў яго вялікага зьдзіўленьня сваёй нерэальнасьцю, было нават у чымсьці прыемна; яго цялеснае адчуваньне зьнікла, і ён не адчуваў ні сьцюжы, ні ранейшай звыклай задухі. Ягонае бесьцялеснае Я распласталася над змрочным марскім прасторам, які, аднак, рассьцілаўся ўсё шырай і шырай, ён адчуваў тое, чым вышай паднімаўся над ім. Неўзабаве зямная прастора і зусім зьнікла ўначы, навакол – зьверху і зьнізу, бліскала, мітусілася зоркавая карусэль; дзіўна было дзе не наткнуцца на якую зь нечакана блізка выніклых зорак. Але ён не наткнуўся. Яго нават вабіла іхнае зіхоткае мноства, сярод якога ён стаў пазнаваць некаторыя зоркі. Адкуль было тое пазнаваньне, невядома, ніколі ён адмыслова не вывучаў астраномію, можа так, выпадкам што-колечы зь яе ўведваў. Але цяпер з пэўнасьцю пазнаў ярчэйшую камбінацыю зь некалькіх зораў, што сьвяціла-міргала якраз на ягоным шляху наперадзе. То была раскіданая, бязладная гронка Стральца, ён нават палічыў зоркі, якіх аказалася дзесяць ці нават адзінаццаць – калі самых буйных, ня лічачы цямнейшых, дробных. Крыху далей над імі сунулася туманістая града Млечнага шляху, і ягоны шлях кіраваў наперарэз ёй. Тады першы непакой уварваўся ў ягонае адчуваньне – што ж гэта зь ім робіцца? Неяк пераадольваючы першую прыкрасьць, ён пачаў вальней азірацца па баках, нават зірнуў назад – Паўднёвага крыжа ўжо ня стала відаць, і зь ім дзесь неўпрыкмет зьнік, бы растаяў, невыразна-няўлоўны прывід бацькі. Мабыць, было менавіта так: бацька толькі прывід – ужо ён ня чуўся ўпэўнена, што то быў бацька. Унізе ляжала густая чарната – значыцца, ён пластаўся над акіянам, бо на мацерыку аднекуль бліснула б якое сьвятло. А можа, ён падняўся гэтак высока, што зьнікла зямля, і навакол быў адно толькі космас. Сьцюдзёны, мёртвы, загадкавы космас. Але ён не адчуваў сьцюжы, ды і дыхалася нармальна, хаця хутчэй за ўсё – ён ня меў патрэбы ў дыханьні. Нібы альбатрос над акіянам, ён бесьцялесна лунаў у зорнай стыхіі. Куды толькі?
        Нешырокі прасьцяг Млечнага шляху ён адолеў даволі хутка, хоць было невядома, як мераўся час – зямнымі гадзінамі ці сьветлавымі гадамі. Аднак нічога асаблівага ў ім ён не адчуў – хіба пабольшала навакол дробных пылінак-зораў, якія, аднак, не краналіся да яго. А як вырваўся з тае зорнай туманнасьці, зноў трапіў у вольны зорны прастор, у якім па-новаму загучаў той зьнешні ці нутраны гул-сьпеў. Цяпер, аднак, той гул стаў болей падобны на сьпеў, урачыста-жалобны рэквіем. Але чаму рэквіем? Па кім рэквіем?..
        Цяпер ужо было зразумела, што ён мкнуў-ляцеў кірункам на поўнач. Магчыма, ужо прамінуў экватар, – калі толькі з тое вышыні можна было спраектаваць на зямны экватар. Але куды? I адкуль вынікаў трывожны той сьпеў? Што яго яднала з тым сьпевам? I што чакала яго наперадзе?
        Мусіць, аднак, ён ляцеў ня так і высока, хоць, несумненна, ужо ў космасе. I ён усё часьцей стаў пазіраць уніз. Празь нейкі час унізе паказаўся ледзьве прыкметны берагавы абрыс нейкага мацерыка, мабыць, акіян там скончыўся. Але што гэта быў за бераг, якога мацерыка, – ён вызначыць ня мог. Уздоўж берагу разьбегліся і цьмяна сьвяцілі туманістыя плямы сьвятла, – можа ад гарадзкога сьвятла шматлікіх мэгаполісаў? Значыць, то ня дзікая прастора, падумалася з надзеяй. Можа, Эўропа?..
        Толькі што яму рабіць у Эўропе, да якой ён ня меў дачыненьня, яна не была ягонай радзімай, ён нават ні разу ня быў там наездам. Іншая справа бацька, бацькавы продкі. Некалі ў дзяцінстве ён чуў бацькаў аповед пра яблыкі “антоны”, і зь дзіцячаю наіўнасьцю верыў, што яны самыя смачныя. Смачнейшыя за апэльсыны, за ананасы. Аднак ні есьці іх, ні нават убачыць ніколі не давялося. Хапала заўсёды іншых. Цяпер ён пачаў адчуваць, што падняла яго з гатэльнае лоджыі нейкая несумненна бацькоўская сіла, ці воля, ці хоць бы ягоны прывід, які затым зьнік. Ці, можа, застаўся ззаду. Цяпер у зорнай прасторы яго вёў іншы лякатар, вёў, аднак, упэўнена, мабыць, загадзя пракладзеным курсам. Што гэта было? Ці ня той гул-рэквіем? Але, можа, ён зьменіцца на іншы, на штось весялейшае, болей пэўнае і меней трывожнае?
        Не, гул-сьпеў не зьмяняўся, наадварот, з часам рабіўся болей выразны, набыў быццам бы знаёмыя ноты – штось з Моцарта, Бэрліёза. Неяк яму нават пачуўся вядомы матыў з другой санаты Шапэна. Славянскі кампазытар мінулага, ён ведаў таго кепска, але чуў калісь, што і бацька паходзіў з таго далёкага краю. Падобна, тут умяшаўся сакральны фактар – покліч продкаў ці што. Здаецца, ён нёсься ў зорнай віхуры менавіта ў той бок, прынамсі – на поўнач.
        Ля сузор’я Зьмяі, гэтых выгнутых справа налева пяці буйных зорак, ён зноў адчуў блізкую прысутнасьць бацькі, хоць ні вобліку таго, ні гуку нідзе не заўважаў. Быццам той быў побач і ці то кіраваў ягоным шляхам, ці то сваёй містычнай прысутнасьцю суправаджаў яго. I жалобны нутраны матыў стаў болей выразны – ён ужо прывык да яго мэлёдыі і ведаў пэўна, што то – пахавальны марш. Але чаму пахавальны? Запытаць у нябачнай бацькавай прысутнасьці не было як, ды ён і не наважваўся. Ён паводзіў сябе ў гэтай касьмічнай бездані дужа ашчадна і стрымана, каб не пашкодзіць чаму, зрабіць што ня так. Ды й бацькава прысутнасьць была далікатнай і не назаляла. Відаць па ўсім, нябожчык-бацька меў большае дачыненьне да таго, што цяпер зь ім адбывалася. У адрозьненьне ад сына, бацька так і не прызвычаіўся да краіны, дзе пражыў большую частку жыцьця і дзе аддаў Богу душу. Але не аддаў маладосьці, якая разам з фактам нараджэньня належала іншаму племю, ды й іншай культуры. А тое, мабыць, усё ж штось вызначае, як ён зразумеў, часам насуперак уласнае волі. I абставінам. Бацька быў не такі, як іншыя ля яго – не такі характар, не такая сутнасьць. Часам яго несумяшчальнасьць з акаляючай рэальнасьцю раздражняла сына, народжанага і выхаванага на новай зямлі, хоць ён і не асуджаў бацьку. Адно – доўга ня мог зразумець, таму, мабыць, ягоная сутнасьць і ня надта перадалася сыну. Але зь ягонай сьмерцю... Пасьля сьмерці бацькі штось незразумелае пачало мацнець у сэрцы сына, і той сьцяміў, што гэта не выпадкам. Найперш ён адчуў нейкія моманты ўласнай рознасьці з той зямлёй, дзе нарадзіўся, быццам у яго адкрылася іншая сапраўдная радзіма. Ды ён ведаў пэўна, што іншай радзімы не было, ён цалкам быў задаволены тою, што меў. Аднак, глядзі ты...
        I цяпер гэты зорны палёт!
        Мабыць, ён трапіў у самую высь неба, у самы зорны касьмічны зэніт. Зоркі абсыпалі яго з усіх бакоў, зьверху і зьнізу, нясьцерпна ярка зіхацелі перад вачыма, пераліваліся рознакаляровымі агнямі, некаторыя апынуліся зусім блізенька, і хутка імчалі ля яго, болей насустрач і назад: іншыя паволі адплывалі ў бакі. А то непадалёк падалі зьнічкі, выпісваючы касыя срэбныя дугі, ад якіх не заставалася сьледу. На палёце яго да Валапаса з валадарна зіхоткім Арктурам у сярэдзіне, хаўтурны матыў загучаў выразьней. Мэлёдыя неслася аднекуль з вышэйшых сфэраў і поўніла зорны абсяг нясьцерпным жалобным смуткам. Ён ужо выразна пачаў адчуваць, што тут нешта адбудзецца, і штораз пільней узіраўся ўніз. Унізе, аднак, скрозь было цёмна, толькі зрэдку штось бліскала – вадзяная паверхня ці, можа, асьветленае навакольле гарадоў-мэгаполісаў. Адзіночныя і дробныя агні на такую высь, вядома ж, не пранікалі. I ён падумаў, што, можа, ён пачаў зьніжацца, ці мо зорнае неба апусьцілася на зямлю. Толькі чаму зямля была гэткай сурова маўклівай? Чаму яна так затаілася? Бы набракла горам і гневам і чакае чаго? У небе ж не было ні гора, ні гневу. Зрэшты, не было й радасьці, гэта ён адчуваў пэўна.
        Як на зорным краявідзе заблішчэў коўш Вялікай Мядзьведзіцы, сумны харал загучэў на ўсю моц, толькі ён усё ня мог сьцяміць, адкуль? Зьверху, з навакольля, ці ўсё ж са змрочнай зямлі? Або можа, зь ягонай душы? Ён падумаў, што, можа, менавіта з душы, што ён яго нес з сабой. Але адкуль у душы было загучаць незнаёмай мэлёдыі? Звычайна гучала шмат іншых, ды ўсё ж знаёмых, хоць бы аднойчы ім чутых. Гэтага ж (ён мог сказаць з пэўнасьцю), ён ніколі ня чуў. Значыць, тады не з душы. Зь неба ці, можа, зь зямлі...
        Што зь зямлі – то было болей пэўна.
        Гэтае адкрыцьцё змусіла яго пільней узірацца ўніз, у зямное цемрыва; зоркі перасталі цікавіць яго – яго болей зацікавіла зямля. Усё ж нешта трэба было згледзець на ёй – там была разгадка ягонай незвычайнай загадкі. Толькі дзе? Але вось палёт ягоны запаволіўся, ён лунаў ужо не сярод зораў, а пад імі, значыць, пачалося зьніжэньне. Здаецца, зьніжэньне па сьпіралі ці што? Музыка гучала аж да нясьцерпнасьці ўрачыста і кранальна. Так, там яўна штось здарылася, падобна – некага хавалі. Але каго? Так урачыста хаваць можна хіба што самога Бога. Але няўжо тут жыў Бог? Усё ж месца Бога вышэй, над усімі і ўсім, створаным ім. Над зямлёй, плянэтамі, зоркамі і космасам. Так, прынамсі, лічыў ён змалку, так было засьведчана ў сьвятым пісаньні.
        Ён ужо не апускаўся нават па сьпіралі, ён кружыў над адным, бадай, месцам – чорным хаўтурным месцам у паўночным паўшар’і неба. Рэквіем то гучаў выразна, то заціхаў трохі, і тады ён разумеў, што аддаляецца ад нейкай мясьціны – ці не ад крыніцы музыкі? Нейкі час у ягоным становішчы нічога не мянялася – ягоныя кругі паўтараліся адзін за адным, і ён падумаў, што ад яго штось вымагалася. Зрабіць ці хоць бы спытаць? Толькі ў каго? Нікога нідзе не было паблізу, нават і бацькаў прывід тут ужо зьнік канчаткова. Ён быў адзін – у суцэльнай цемрадзі, пад зорным купалам, над цёмнай зямлёй, адкуль імкнула ўвысь і ўшыркі загадкавая музыка. I тады ён наважыўся.
        – Каго хаваеце? – хрыплавата крыкнуў у цемру і аж не пазнаў свайго голасу, – гэтак жахліва гучна прагучэў ён у касьмічнай прасторы. Толькі рэзананснае рэха голасу сьціхла ўгары, як зноў жа з тае прасторы пачулася:
        – Народ хаваем...
        “Які народ? Чаму народ?” – заварочаліся ў ягонай сьвядомасьці недаўменныя думкі-пытаньні. Але вымавіць іх ён не наважыўся: мабыць, тое было ўжо занадта. Усё ўслухоўваючыся, ён стараўся зразумець нешта і, здаецца, пачаў разумець. Канечне, не дарма тут бацька. Але пры чым тут ён, бацькаў сын? Навошта яго прынесла сюды нейкая добрая ці злая воля?
        А калі боская воля? I прынесла яго сюды праз космас, цераз акіян не дарма, бо было ў тым нейкае наканаваньне. Мо нават выбар, думаў ён, па-ранейшаму кружляючы і кружляючы ў недаўменьні над змрочнай зямной прасторай. Выпісваў у разрэджаным паветры кола за колам, а рэквіем чуў то выразна і гучна, то цішэй, то аддалена. I раптам ён з жахам падумаў: што будзе, калі сьціхне музыка? Куды яму? Як яму? Вярнуцца назад ён ня ведаў як, а ўпасьці на гэтую змрочную хаўтурную зямлю было б жахліва. Падняцца ў космас? Але як? Тое ўжо ад яго не залежала, ён ведаў. Адчуваньне катастрофы ахапіла яго і ад яго ішло, нібы трансьлявалася ў наасфэры. Можа толькі ў тым і быў нейкі сэнс ягонага тут зьяўленьня.
        I ён круціўся, лунаў угары, пад зорнаю высяй, усё ня мог даўмецца, што трэба зрабіць, і навошта ён тут? Дзеля чаго? Ратаваць ці ратавацца самому? Але як ён мог нешта зрабіць, калі быў падначалены чужой волі, пазбаўлены ўласнага Я. Праўда, ён адчуваў, што так доўга цягнуцца ня можа, хаўтуры ўсё ж скончацца, колькі б ні цягнуліся. Цалкам магчыма, што зь імі скончыцца і ён.
        I сапраўды, музыка стала цішэць, бы аддаляцца кудысь у зямную цемрадзь. Але ён кружляў усё над тым самым месцам, ён не аддаляўся нікуды, – мабыць, ужо не было куды аддаляцца. Толькі штосьці ўнутры ў яго аддалялася ў пачуцьцях, у стаўленьні да тае трагедыі, – рабілася абагульненым, абстрактным, ці што. Глушэла жалобная мэлёдыя, і ён таяў зь ёй разам. Хоць сябе фізычнага ён па-ранейшаму не адчуваў, бы і ня меў свайго цялеснага Я. Але цяпер пачало марнець і ягонае Я духоўнае...
        Так цягнулася, мабыць, усё ж доўга, а мо і каротка – ён не адчуваў часу. Можа, гадзіну, а можа і год... I ўжо ён усьвядоміў, што яго самога ў прасторы стала да мізэрнага мала. Краёчак ягонага былога Я. Усё астатняе сасмактала цемра з далёкім, як у пачатку, жалобным гулам, ды зорным касьмічным бляскам угары.
        А пасьля не засталося нічога...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.