РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На балотнай сьцяжыне
...
        Выйшаўшы на падворак, яна ўслухалася...
        
        Зрэшты, услухоўвалася яна заўжды, што б ні рабіла ў хаце ці на гародзе, ці моўчкі стоячы бяз справы ў сенцах - мусіць, як і ўсе цяпер у гэтай прылеснай вёсцы, якая сьцялася, стаілася на ноч, гатовая да ўсяго - трывогі, няшчасьця, бяды. Бо чаго ж яшчэ можна чакаць гэткай парой нават у лесавым месцы?
        
        Яна слухала і ўглядалася ў ноч, якая ўжо аблегла на ўбогія, счарнелыя ад старасьці хаты, платы і хлеўчукі, дрэвы на панадворках, абапал доўгай вясковай вуліцы з парадзелым восеньскім гольлем. Жанчына была спакойная, навокал ціха - ні крыку, ні плачу. Адно - на шашэйцы ў тым канцы вёскі глуха прагрукаталі па бруку запозьненыя калёсы - мусіць, падводы зь мястэчка. Сабакі тут даўно не брахалі, іх пастралялі партызаны, для якіх сабака па начы - горшы вораг за паліцая. Людзей у некалі шматлюднай прыдарожнай вёсцы моцна паменшала, шмат каго з маладых летась змабілізавалі ў паліцыю, другія падаліся ў партызаны, засталіся адны бабы зь дзятвой. Дзевак таксама менела - уцякалі ў лес, у мястэчкі, па мабілізацыі на працу ў Нямеччыну - абы далей ад гэтае вайсковае калатнечы, ад якой нікому і нідзе ня стала спакою. Жанчына ўжо была памкнулася да ганку, як з вуліцы на падворак шаснуў сьцішаны цень, і пачуўся задыханы шэпт:
        
        - Настаўніца, родненькая, я ж да вас бягу... Гэта ж яны там, у Марковіных. Ужо прыйшлі...
        
        - Хто?
        
        Відавочна сумеўшыся, яна прыпынілася, намагаючыся праз сутоньне падворку лепш разгледзець захожую. А тая працягвала ўзрушана гаманіць:
        
        - Ну гэныя, зь лесу. Пра мост пытаюцца...
        
        - Хадзі ў хату...
        
        Яны ўзышлі на ганак, але ў хату не падаліся, спыніліся пры дзьвярах, у цёмных сенцах.
        
        - Прыйдуць, а я ж сёньня дзяжурная... Мая ж чарга пільнаваць сёньня, - усхвалявана прамовіла госьця і ціха заплакала.
        
        - Ладна, ня плач, Алена... - сказала настаўніца і змоўкла, ня ведаючы, што яшчэ сказаць.
        
        Чым суцешыць жанчыну, калі яе чарга сёньня пільнаваць той пракляты масток праз бузяную рачулку, якую ў іншым месцы не пераедзеш. Што ні кажы, мусіць, выгодны для дывэрсіяў аб’ект, во партызаны і наважыліся.
        
        Трохі паплакаўшы, Алена сьціхла - яна чакала адказу. Але што ёй адказаць, настаўніца ня ведала.
        
        Яна даўно ўжо перастала разумець, як і што належыць рабіць у гэткіх безвыходных сытуацыях, якіх набягала штодня, а то і штоночы. Найперш, які паратунак знайсьці для гэтых няшчасных людзей, дзяцей ды жанок, дый як самой уратавацца са сваім васьмігадовым Уладзікам? Ці ня ўсю радзіну яна ўжо пагубляла-страціла, застаўся толькі сынок. Год таму яна спадзявалася пераседзець тут ліхі час, перахавацца зь сьвекрывёй - старой хворай бабуляй, якая ўжо не выпаўзала і на падворак. Сьпярша тут было ціха, спакойна, паліцыя зьяўлялася рэдка, а стараста быў чалавек нязлы і ставіўся да яе зычліва. Але гэта доўжылася хіба да вясны, а пасьля і тут ня стала спакою. Тое, што сьпярша здавалася апірышчам бясьпекі - лес, які блізка падступаў да вёскі, роў ды пералескі, нават вялікі луг-поплаў з другога боку, - стала прычынаю страху і небясьпекі. Першая бяда прыйшла праз масток цераз бузяную рачулку - нехуцавае дарожнае збудаваньне са струхлелага дрэва, церазь якое езьдзілі ў мястэчка фурманкі, а часам і аўтамабілі. Аднойчы ўранку, выганяючы на пашу кароў, вяскоўцы ўбачылі, што масток разабраны, бярвеньне параскіданае, праехаць па шашы да мястэчка немагчыма. Апоўдні з таго боку пад’ехалі аж тры машыны з паліцэйскімі, і пад вечар масток быў складзены, стала можна ехаць. Але галоўны паліцыянт сказаў, што гэта на першы і апошні раз. Калі тут яшчэ здарыцца такое, хай падлесаўцы крыўдзяцца на сябе - ім мала ня будзе. Пад восень немцы арганізавалі ахову маста, прызначылі трох мужыкоў зь вясковых і далі нават вінтоўку. Але вінтоўку, казалі, хтось хутка скраў, а мужыкі, баючыся кары, зьніклі ў лесе. Тады пільнаваць мост загадалі ўсім па чарзе. З кожнай сям’і, як у радоўку на пасту, вылучаць на ноч вартаўніка, пэўна, каб было на каго пакласьці віну. На кагось аднаго. Іначай - адказваць усім. А які адказ у вайну, усе ўжо ведалі.
        
        Настаўніца ў сенцах маўчала, слухаючы і ня слухаючы гаротныя словы суседкі, якая празь сьлёзы раптам запрасілася:
        
        - Можа б вы падзяжурылі за мяне, мілая? Я ж так баюся. А вы, можа б, іх угаварылі, вас жа яны паслухаліся б, - пачала ўпрошваць Алена. - Усё ж вы настаўніца, тыя павінны паслухацца...
        
        - Была настаўніца! - не стрымаўшыся, зласнавата адказала яна, раптам адчуўшы прыкрасьць ад бесцырымоннае просьбы суседкі.
        
        Вядома, становішча ў той незайздроснае, але ж як яна можа ўзяць на сябе яе адказнасьць? Ды й хто наагул можа яе ўзяць, каму ня хочацца жыць?
        
        - Ладна, - сказала яна, каб спыніць размову. - Ты ідзі.
        
        - Але ж я баюся. Мяне ж заб’юць...
        
        - Хто?
        
        - Ну гэтыя - парцізаны. Ці заўтра - немцы. Калі ўзарвуць.
        
        Гэта ўжо пэўна, падумала настаўніца, могуць і расстраляць, і павесіць. Ці ня лепей ёй сёньня зусім не хадзіць на шашэйку, неяк адмовіцца. Але тады прызначаць каго іншага, а тут ва ўсіх старыя ды дзеці, - таксама ня выйсьце. Нявыкрутка поўная.
        
        - Я ж вам масьлічка прынясу, - лісьліва ўгаворвала Алена. - У мамы ж яшчэ кароўка ёсьць...
        
        - Што ты кажаш - якое масьлічка! Тут галава ў кустах можа апынуцца, а ты - масьлічка! - зазлавала яна, даючы тым знаць, што болей размаўляць ня будзе.
        
        Але, як Алена заплакала зноў, мовіла:
        
        - Ладна, ідзі і супакойся. Плачам не дапаможаш.
        
        - Дык вы паслухаецеся? - з апошняй надзеяй спыталася Алена ўжо з парогу.
        
        Настаўніца не адказала.
        
        Калі жанчына сышла з падворку, яна яшчэ пастаяла ля парогу, думаючы, што ж урэшце зрабіць? Аж расчыніліся дзьверы хаты, і пачуўся голас Уладзіка.
        
        - Мама, а хто то прыходзіў?
        
        - Ды гэта цётка Алена... Ты сьпі, сынок, усё добра...
        
        Яна казала тое спакойна, але чулая хлапечая душа, мусіць, сьцяміла, што ня ўсё добра ў маці, і сын яшчэ пастаяў на парозе, пакуль яна не ўвайшла зь ім у хату. У ложку паправіла на ім кажушок, падаткнула берагі пад плечы. «Сьпі, сынку», - сказала зусім ужо супакоена, а сама падумала: няшчасны малы сынок, бязбацькавіч зь пяці год, як яму перарасьці гэты час?
        
        - А я думаў, то парцізаны, - засынаючы, расчаравана прамовіў Уладзік.
        
        - А навошта табе парцізаны? - трохі зьдзівілася маці.
        
        - А каб немцаў ваяваць.
        
        - Шчэ наваюешся, - халодна сказала яна. - Вайны на ўсіх хопіць...
        
        Мусіць, малы ўсё ж заснуў, расчараваны, што не спаткаў партызанаў, а яна сядзела на ўслончыку, думала. У запеччы, чуваць было, ня спала, як заўжды, сухотна кхекала сьвякроў, якая амаль ужо ні з кім не размаўляла - зацялася ў свае перажыванкі, сваё мінулае, якое ў яе - ня дай Бог нікому. З колісь вялікага сялянскага роду, на старасьці год засталася апошняй - усе яе сямейнікі і радня папрападалі - у тую вайну, рэвалюцыю, пасьля яе, падчас клясавай барацьбы і калектывізацыі. Быў ці не апошняй ейнай надзеяй і апорай у старасьці малодшы сын Апанас - настаўнік, бацька Ўладзіка, дый таго ня стала пяць год таму. Цяпер у яе толькі ўнук Уладзя, якога няма чым карміць, бо кароўку ж зьвялі - у лес партызанам на харч. А як малому на посьніцы, без малака?
        
        Настаўніца імкнулася ня думаць пра Алену, ды марна. Клопат і плач тае жанчыны неяк падсьвядома засеў у ёй і не даваў адчапіцца ад яго. Яна ўжо не магла легчы спаць, сядзела, заклапочаная, нібы скамянеўшы. Ну што рабіць? Шкада і Алены зь яе дзецьмі, шкада Ўладзіка, урэшце, шкада сябе таксама. Ну што гэта за доля такая, чаму, бы сухоты ці рак, несупынна точыць яна душу, ні на год, ні на месяц, ні на тыдзень не даючы спачыну.
        
        Чорт бы іх узяў, гэтых партызанаў, пачала злосна думаць настаўніца, чаго яны прычапіліся да таго мастка? Ці ім мала якіх іншых мастоў, вялікіх, на шашы, дзе ўдзень і ўначы езьдзяць машыны, возяць войска. Што ім гэты іхны бальшак, па якім калі за дзень праедзе якіх пару машынаў у мястэчка ці куды далей. Збольшага езьдзяць мясцовыя - возяць на кірмаш бульбу, дровы зь лесу ці па якой іншай справе ў мястэчка і назад. Ці ў партызанаў вялікі стратэгічны разьлік, пра які ня можа сьцяміць тутэйшая жанчына, якая адно - павінна калаціцца ад страху і адказваць. Яна і сама натрывалася страху, калі на тым тыдні адбывала сваю чаргу ля маста, акалела, напалохалася, ледзьве датрывала да ранку. Але ёй пашэнціла, у яе радоўку ніхто па той мост не прыйшоў, а вось цяпер можа быць горш. Не пашанцавала Алене... Дый што яна зробіць, калі тыя прыйдуць? Хіба будзе крычаць? Але на крык па цяперашнім часе ёсьць просты сродак - вінтоўка. А назаўтра прыедзе паліцыя, немцы з гарнізону, пабяруць закладнікаў ды яшчэ павесяць, як у Залужжы - сем чалавек за тэлефонную лінію, якую сьпілавалі зусім не залужане, а, казалі, мальцы з суседняе вёскі Гузы. Мусіць, цяпер ня той час, каб разьбірацца, б’юць вось так, без разбору, дзеля страху, які валадарыць усімі - партызанамі і немцамі. Во ў чым справа.
        
        Яна яшчэ не зразумела, што зробіць, але ўжо пэўная патрэба завалодала ёю. Неадчэпная, бы кароста, яна вымагала ад яе якіхсьці дзеяньняў, і настаўніца паднялася з зэдліка. Уладзя не прачнуўся, і яна ня стала турбаваць яго, - як была, без ватоўкі, у чаравіках на босую нагу, выйшла на панадворак.
        
        Мабыць, вёска ўжо заснула, нідзе ня чулася ні гуку, ніводнага агеньчыка ў акне. Можа, і ня ўсе яшчэ спалі, але пэўна ўсе заціхлі, стаіліся зноў жа ад страху, каб ніхто не прычапіўся, не завітаў, не забразгаў у шыбіну. Бо і ноччу захожых хапала, ня менш, чым удзень, а то нават і болей. Зь нізкага неба сыпаў дробны дожджык-імжычка, але вецер быў невялікі і ня дужа сьцюдзёны. Выйшаўшы з падворку, настаўніца прыпынілася: далей можна было ісьці па гразкай вуліцы, але яна завярнула праз плот на аселіцу і скіравала сьцежкай. Марковіны жылі на краі вёскі, пад лесам, ля могілак. То былі дзьве маладыя дзеўкі - адна ўжо з малым, невядома ад каго народжаным у вайну, другая таксама незамужняя, хворая на галаву. Мабыць, партызаны да іх забрыдалі ня першы раз, настаўніца ўжо чула пра іх бабскія плёткі, хоць і ня надта цікавілася імі. Паціху блізячыся з гароду да іхняе хаты, яна ўсё ўслухоўвалася - не, адтуль не даносілася ніякага гуку, не відаць было і сьвятла ў акне. Можа, гэтая Алена што не дачула, а Марковіны даўно сабе сьпяць? Ці яна спазьнілася, партызаны ўжо пайшлі на шашу. Што тады ёй рабіць?
        
        Яшчэ бліжэй падышоўшы да чорнага кута хаты, яна ўсё ж згледзела цьмяную пасмачку сьвятла ў завешаным акне - значыць, сёстры ня сьпяць. Але было ціха. Тады яна пачала прабірацца паўз гразкі двор да сенцаў, ды хутка аж скаланулася ад блізкага грубага вокрыку:
        
        - Стой! Куды?
        
        - Ды - сюды, - разгубілася настаўніца, ужо сьцяміўшы, хто яе прыпыніў.
        
        У цемры няшмат што можна было ўбачыць, але постаць воддаль была прыкметнай на фоне ледзь сьветлаватага неба. Падобна, то быў хлопец ці малады мужчына ў кепцы з даўгім казырком.
        
        - Я да Нюры, - усё яшчэ разгублена мовіла настаўніца.
        
        - Ніякай табе Нюры! - сказала постаць тонкім хлапечым голасам. - Рукі ўгору!
        
        З маруднай няўклюднасьцю яна падняла абедзьве рукі, а хлопец, апусьціўшы вінтоўку, пастукаў у шыбіну. Занавеска знутры адхінулася - за шклом зьявіўся шырокі мужчынскі твар пад ссунутым на лоб картузом.
        
        - Што там?
        
        - Ды во - да Нюркі.
        
        - Хто?
        
        - Баба нейкая.
        
        - Увогуле мне да вас трэба, - раптам аслабелым голасам зазначыла настаўніца.
        
        Занавеска захінулася, але неўзабаве стукнулі дзьверы, і зь цемрадзі сенцаў пачулася:
        
        - Адна?
        
        - Адна, - сказаў вартавы.
        
        - Давай яе сюды.
        
        На дрыготкіх нагах яна ўвайшла ў сенцы, далей адчыніліся дзьверы ў хату, зь якой густа шыбануў тытунёвы дух напалам з самагоннай гаркотай, якога так не любіла настаўніца. На стале сярод місак з агуркамі і кавалкамі сала гарэла на перакуленым слоіку квелая газьнічка. У яе мільготкім сьвятле відаць былі спатнелыя, аброслыя мужчынскія твары - пэўна ж, маладых і ня надта партызанаў - нераспранутых, у рамянях і дзягах, са зброяй у руках і за плячыма. Усе, раптам змоўкшы, з паўзмроку застольля, з кута і лавак каля акна ўтаропіліся ў яе - нечаканую начную госьцю.
        
        - Чаго прыйшла? - папытаўся адзін, з выгляду даволі сталы мужчына, што ў вайсковым шынэлі і фуражцы аблягаўся за сталом насупроць.
        
        Капцюшка асьвятляла зьнізу ягоны чарнавусы, даўнавата ня голены твар, шарсьцістае падбародзьдзе. Вачэй не было відаць, але голас ня здаўся ёй строгім, яна нават учула ў ім цікавасьць і з натужнай бадзёрасьцю мовіла:
        
        - Я каб пагаварыць. З вамі...
        
        - Ты хто - зьдзешняя?
        
        - Зьдзешняя, - сказала яна.
        
        - Нюрка, а Нюрка! - гукнуў партызан да запечча. - А ну паглядзі. Кажа, здьзешняя?
        
        Аднекуль з-за пасьцілкі, якою было завешана запечча, выглянуў заспаны ці п’яны твар знаёмай ёй Нюркі.
        
        - Ды зьдзешняя, - зь нечаканай прыкрасьцю сказала Нюрка. - Настаўніца...
        
        - Настаўніца, значыць, - з роздумам мовіў партызан. - І чаго ты шастаеш ноччу? Ноччу хадзіць запрашчаецца - загад камянданта раёну. Табе ізьвесна?
        
        Гэта ўжо быў паварот гутаркі ў непажаданы для яе бок, і яна нават сумелася: а ці партызаны гэта? Можа, паліцыя? Але нешта ў ёй і заўпарцілася ад таго іх начальніцкага тону ў гутарцы, якая рабілася падобнай да допыту.
        
        - Мне ізьвесна. Але ж і вам, мабыць, ізьвесна?
        
        - А мы хер клалі на іхныя загады. Мы - парцізаны! Табе ясна? - рашуча абвясьціў чалавек і зь незразумелай асалавеласьцю ўгледзеўся ў яе.
        
        І яна падумала тады, што яны добра ўжо ўпіліся і наўрад ці яна чаго дапросіцца ў іх. Каб як найхутчэй давесьці да іх тое, па што яна ішла, настаўніца пачала адразу:
        
        - Сказалі, вы мост хочаце ўзарваць...
        
        Усе за сталом на момант зьнерухомелі. Галоўны ў фуражцы запытальна-трывожна паглядзеў на бялявага, інтэлігентнага з выгляду суседа ў нямецкім, з мноствам гузікаў кіцелі, які жаваў агурок поруч. Той пашукаў позіркам яшчэ кагось за сталом і, мабыць, не знайшоўшы, запытаўся ў яе.
        
        - Хто сказаў?
        
        - Ну, людзі сказалі. За той жа мост уся вёска адказвае, вы ж, мабыць, ведаеце? Вунь і Нюрка хай скажа.
        
        - Я нічога ня ведаю, нічога ня чула, - данеслася з запечча.
        
        - А мы ні ў каго пытацца ня будзем, - надта цьвярдым, басавітым голасам сказаў той, у фуражцы. - Але чаму ты прыбегла? Сачыць? Мост зашчышчаць?
        
        - Я - не за мост, я - за людзей. Людзей жа паб’юць...
        
        Партызан адкінуўся ад стала, расправіў пад расшпіленым шынэлкам нявузкія грудзі.
        
        - Глядзі, якая жаласьлівая. Людзей стала жалка! А нам што - ня жалка? Мы што - не за людзей кроў праліваем? Не за савецкую ўласьць? Ці ты супроць савецкай уласьці?
        
        - Я не супроць, - не адразу сказала яна, намагаючыся штось зразумець у блытаніне ягоных думак.
        
        Яна ўжо пачала адчуваць, што, мабыць, прыбегла дарма, наўрад ці гэтыя зразумеюць ейны клопат.
        
        Гэты ў фуражцы, пад казырком якой бліскала чырвоная зорка, мабыць, сапраўды быў тут галоўны, ці не з акружэнцаў. Або прысланы з Бальшой зямлі, як яны часам казалі. Ва ўсякім разе яна адчула, што добрага ад яго чакаць не выпадае. Але твар бялявага, маладзейшага з выгляду яго суседа, здаўся ёй нават знаёмым, толькі яна не магла згадаць, дзе бачыла яго. Мабыць да вайны недзе. Можа ў мястэчку.
        
        - Я ведаю яе, - раптам ціха мовіў бялявы да галоўнага. - Гэта настаўніца, да вайны працавала ў мястэчку.
        
        - Тым лепш, далжна быць сазнацельнай. І нам пасабіць. А не зашчышчаць немцаў.
        
        Гэткага павароту гутаркі яна не чакала.
        
        - Я не зашчышчаю немцаў. Але падумайце пра людзей, - пачынаючы нэрвавацца, сказала яна.
        
        - Якіх людзей?
        
        У вачох партызана загарэўся пагрозьлівы агонь, чалавек чакаў, і яна, не стрымаўшыся, таксама сказала з выклікам:
        
        - Тутэйшых. Нашых дзеравенцаў. З гэтае вёскі. Баб ды дзяцей. Падумайце, што іх чакае. Пасьля, як вы ўзарвеце.
        
        Мусіць, ня так яе словы, як нэрвовы імпэт зрабілі сваё ўражаньне. Усе партызаны разам змоўклі. Галоўны раздумна ўтаропіўся ў стол, няўцямна перабіраючы тоўстымі пальцамі шчарбаты відэлец. Ён яўна з натугай штосьці вырашаў.
        
        - Ну во, - урэшце неяк супакоена мовіў. - Аперацыя зрываецца.
        
        - Калі ўжо бабы пра ўсё ведаюць, - пагадзіўся хтосьці з застольля.
        
        - Тады і ў паліцыі можа ведаюць? - вырачыў на яе вочы галоўны.
        
        - Пэўна ж ведаюць, - падказаў хтось збоку маладым тонкім голасам. - Не ўпярвой: што ў Падлесьсі робіцца, адразу ў мястэчку вядома, у паліцыі таксама.
        
        Галоўны падняў на яе цяжкі заклапочаны позірк.
        
        - Гэта праўда?
        
        - Ня ведаю. Я з паліцыяй справы ня маю.
        
        - Ня маеш?
        
        - Ня маю, - цьвёрда адказала яна, ужо ведаючы пэўна, што дарма прыбегла сюды.
        
        Дужа нават дарэмна...
        
        - А з кім маеш? Можа з партызанамі маеш?
        
        Перш чым адказаць, яна трохі падумала.
        
        - Ня прагну мець і з партызанамі. Я сама па сабе.
        
        За сталом зноў нядобра прыціхлі, пасьля яе бялявы знаёмец трохі нахіліўся да суседа і штось шапнуў да яго.
        
        - Ну, зразумела, - сказаў той і з гучнай рашучасьцю ляпнуў даланёй па стале. - А з гэтай хай Арол разьбіраецца.
        
        Ён сказаў пра тое, як пра справу, канчаткова вырашаную, але за сталом і ў куце пад абразамі ніхто асабліва не заварушыўся - мабыць, усе чакалі, што будзе далей. Словы партызанскага камандзіра, аднак, не адразу, быццам запаволена даходзілі да яе сьвядомасьці. Яна ўсё не магла даўмецца, што ёй рабіць? Ці яны адпушчаюць яе, ці не? Але што апэрацыя адмяняецца, ёй спадабалася. На які час толькі? Ці, можа, яны тое знарок, дзеля маскіроўкі. Ці папраўдзе?
        
        Але што яны зробяць зь ёй?
        
        Зблізіўшы над сталом галовы, яны ўтрох ці ўчатырох трохі параіліся. Бялявы зь мяккімі, рассыпанымі на галаве валасамі штось запярэчыў, але ня моцна. Пачулася, як галоўны вылаяўся, хтосьці загадкава мовіў: «Ня тут і ня зараз», і яны хутка паразумеліся. Пачалі вылазіць з-за стала, пабралі ў рукі нейкае майно, зброю.
        
        - А Нюрку? - папытаў хтосьці, калі яны ўсе затупалі па падлозе, зьбіраючыся да парогу.
        
        Галоўны кінуў з намёкам:
        
        - Нюрку ўжо ты сам...
        
        Яна мала што зразумела зь іх цьмяных словаў і думала толькі, як ёй адсюль выбавіцца. Зь іх нейкім Арлом ёй зусім не хацелася спатыкацца, і яна нават падумала, што тое яе ня тычыцца. Але, мусіць, тычылася.
        
        - Ну, марш! - нягучна скамандаваў ёй адзін партызан - высокі і перахлябісты, зь нейкім хваравіта-белым нават у хатнім паўзмроку тварам. - На выхад!
        
        Астатнія партызаны, якіх тут набралася чалавек восем, нетаропка, адзін за адным скіравалі ў дзьверы; яна са сваім канваірам мусілі выходзіць апошнімі. Але куды? Ці не страляць яны яе ўдумалі? Дык што ж ёй рабіць? Крычаць? «Нюрка, - гукнула яна з парогу. - Скажыце ім...»
        
        - Нічога ня ведаю, нічога ня чула, - пачулася з запечча. Падобна, Нюрка канчаткова здурнела ці была дужа п’яная. Болей за яе заступіцца тут не было каму.
        
        Але на падворку яе яшчэ не стралялі, разам за ўсімі павялі на ваколіцу, да могілак. Партызаны, хоць і былі нападпітку, порстка крочылі ўпоцемку. Упрытык за ёй зь вінтоўкаю на плячы ішоў той, перахлябісты, белатвары. Ужо каля самых могілак яна раптам і з усёй выразнасьцю сьцяміла, што зь ёй адбываецца, і прыпынілася.
        
        - Што? - адразу ж спыніўся і яе канваір.
        
        - Я нікуды не пайду. У мяне дома дзіця і маці...
        
        - Яна не ідзе, - ціха, але выразна гукнуў камусь канваір.
        
        - Што значыць - не ідзе? Ня ведаеш, што зрабіць, калі ня йдзе? - глухавата данеслася з воглага імглістага паўзмроку.
        
        - Чула? - перапытаў яе канваір і зьняў з рамяня вінтоўку.
        
        Яна зразумела - гэтыя не жартуюць, і вяла паплялася знаёмай пяшчанай дарожкай.
        
        - Шырай шаг! - падагнаў канваір і дадаў чамусь па-нямецку: - Шнэль, шнэль - паняла?
        
        Ну што ёй было рабіць - упарціцца, ня йсьці, дык, мабыць, сапраўды ён бы яе прыстрэліў і з палёгкай дагнаў бы астатніх. Яна адчувала тое, але розумам не магла спасьцігнуць - як жа так? То ж свае, ня немцы і нават не паліцаі, гавораць амаль па-нашаму ці трохі па-расейску. А адзін нават пазнаў яе. Няўжо заб’юць яе? І завошта? Што кепскае яна ім зрабіла? Заступілася за сваіх вяскоўцаў, бо тыя самі заступіцца за сябе ня ўмелі? Ці баяліся? Дый вяскоўцы - хіба ім ворагі? Свае ж савецкія людзі...Той жа сказаў, што за іх партызаны праліваюць кроў. Але яна ўжо ведала, што гаварыць яны ўмелі прыгожа. А рабілі наадварот. Такая ўжо была іх бальшавіцкая лёгіка. Ці іх бальшавіцкая палітыка?
        
        Тым часам яны прамінулі і могілкі, што купкай хвояў з пахілымі крыжамі стрэлі і праводзілі жанчыну ў яе сумным шляху. Зь цёмнага неба ўсё сыпаў золкі восеньскі дожджык-імжычка, яе хустка і плечы ў жакеце даўно прамоклі. Але на хадзе яна не адчувала вялікай сьцюжы - было не да таго. Яе грызла крыўда - завошта? Можа, гэта ўсё праз гэнага бялявага таварыша, што пазнаў яе. Можа, той прыпамятаў яе з рэпрэсаваным мужам, калі яны разам працавалі ў школе? Калі так, дык, відаць, яна зрабіла вялікае глупства, і ёй напэўна станецца кепска. Зараз яны, мабыць, не даруюць ёй яе мужа-нацдэма, якога даўно ўжо няма на сьвеце. Затое ёсьць ягоная ўдава, зь якой можна зрабіць, што захочаш. Не абароніць ніхто. Тым болей, калі яна сама бяжыць ім у рукі. Здаецца, яна толькі цяпер зразумела тое. Але што карысьці з запозьненага розуму? Запозьнены розум нікога ня вучыць. Хіба апроч гэткіх дурніц, як яна. Ужо, здавалася, мог бы навучыць урок яе бацькі, які таксама праз свой альтруізм прыняў пакутную сьмерць. Дык не, не навучыў, а цяпер ёй будзе расплата. Бо за памылкі належыць плаціць... Але завошта заплаціць яе Ўладзік, які ў восем гадоў застанецца адзін? І што яна нарабіла! Во пашкадавала Алену, знайшла час для спагады. Хаця Алена, можа, яшчэ і вывернецца. А ў яе, каб ацалець і выжыць, не хапіла характару. Кепска тое і гібельна на такі страшны час, але інакш, відаць, нельга. Інакш ёй ня дадзена, не дазваляе душа.
        
        Але ў мужа яе, Апанаса Пятровіча, падобна, душа была інакшая - цьвярозая, без сантымэнтаў, і таксама не засьцерагла чалавека. Хаця тады яны і ня думалі пра перасьцярогу. Тады яны былі амаль па-дзіцячаму ўпэўненыя ў сьвятой справядлівасьці свае справы, за што хуткім часам і паплаціліся...
        
        Яны ўжо ўвайшлі ў лес, як ззаду іх дагнаў той, што заставаўся ў хаце зь Нюркай. Што яны там рабілі, мабыць, было таямніцай. Але камандзір мусіць ведаў што, бо, калі даганяты наперадзе параўняўся зь ім, да яе слыху данесьліся іх кароткія, малазразумелыя рэплікі «Ну, парадак, лады!». І ўсё. Ужо ці не забілі яны і Нюркі, з жахам падумала настаўніца. Але завошта?
        
        А завошта яе самую валакуць невядома куды праз дажджлівую ноч?
        
        Нейкі час яны ішлі крывулястай дарожкай пад цёмнымі шатамі хваёвага лесу. Пры добрым надвор’і тут было дужа прыгожа. Улетку сюды настаўніца хадзіла па ягады - разам з Уладзікам і вясковымі бабамі. Бабы ў ягадах былі вясёлыя, нават спрабавалі сьпяваць. Праўда, ня ўсе, некаторыя, пасьпяваўшы, плакалі. Тады ў іх ваколіцах яшчэ было ціха, пра партызанаў ніхто ня чуў. Гэта пасьля, пад восень, тыя як абрынуліся адкуль. Ці набраліся з тутэйшых, ці прыбрылі адкуль, зь іншых меней здатных мясьцінаў. Мабыць, тутэйшыя мясьціны здаліся ім болей здатныя. Сапраўды - сухі хвойны лес з баравінкамі, вялікае балота побач. Горад далёка, а навакол - малыя і рэдкія вёскі, сярод якіх Падлесьсе, можа, самае вялікае - трыццаць двароў. А тут наблізілася восень з дажджом і халадамі, вось і пацягнула партызанаў бліжэй да жытла. А дзе партызаны, там і немцы - карнікі ды паліцаі - ганяюцца адно за адным. Мірныя ж людзі між імі. Пад агнём з абодвух бакоў...
        
        Як толькі ў навакольлі асталяваліся партызаны, даваенная палітыка рэпрэсіяў аднавілася з большым дзікунствам. Удзень лютавалі акупанты зь іх памагатымі-паліцаямі, а ноччу іх у звыклай справе зьмянялі людзі зь лясоў. Асабліва стала кепска тутэйшым, калі ў недалёкім урочышчы Казлы атабарыўся нейкі атрад асобнага прызначэньня - ці то «Буран», ці то «Ўраган». Тыя буранцы штоночы шасталі па вёсках, каго-небудзь хапалі, вялі за вугол і расстрэльвалі. Тады і ў Падлесьсі застрэлілі трох мужчынаў. Двух, казалі, за тое, што не хацелі аддаць кажухі, якія патрэбны былі самім на зіму. Забілі таксама вясковага старасту, неблагога сталага чалавека, старастам якога самі падлесаўцы і абралі на сходзе. Той дужа не хацеў, аднекваўся, тым болей, што сын быў у Чырвонай арміі, але па слабасьці характару мусіў і во атрымаў кулю ў лоб.
        
        І без таго страшное жыцьцё пад акупацыяй зрабілася яшчэ страшнейшым, звыклы даваенны тэрор падвоіўся. Пусьцілі пагалоску, што партызаны будуць караць усіх калгасьнікаў, якія сталіся аднаасобнікамі і пабралі з калгасаў назад колішнюю сваю зямлю. Гэта лічылася злачынствам супраць дзяржавы, якая нядаўна яшчэ тую зямлю абагуліла і аддала ў вечнае карыстаньне калгасам. Але не калгасьнікам. Тут у партызанаў і немцаў была поўная згода, бо і немцы строга забаранялі аднаасобніцтва і стаялі за непарушнасьць калгаснага ладу. Ды сяляне іх не паслухаліся, бо сяляне хацелі жыць.
        
        Але менавіта жыць ім і не давалі. Спрэс усе ўлады - савецкая, акупацыйная, партызанская. Калі не вайна, дык рэвалюцыя ці клясавая барацьба, ці калектывізацыя і вынішчэньне ворагаў народу. Спакою за сваё нядоўгае жыцьцё настаўніца не памятала ні гадочку.
        
        У школе, куды яна прыехала з Полацкага пэдтэхнікуму, толькі яшчэ пачыналі вучыць па-беларуску, выкладчыкаў-беларусаведаў не ставала. Яе бацька, сельскі настаўнік, яшчэ з дарэвалюцыйных часоў выкладаў матэматыку, апроч якой не хацеў ведаць нічога. І тады малады выкладчык гісторыі і грамадазнаўства, партыец і актывіст Апанас Пятровіч узяўся яшчэ і за беларускую мову зь літаратурай - збольшага таму, што за іх не хацеў брацца ніхто. Мяркуючы па ўсім, настаўнікі адчувалі негрунтоўнасьць тае палітыкі, няпэўнае стаўленьне да яе бальшавікоў. Некаторыя беларусізацыю параўноўвалі з НЭПам і прадказвалі яе хуткі крах. Апанас Пятровіч, калі яны ўжо пабраліся, неяк сказаў ёй, што таксама нямала сумняваўся, але ўзяўся менавіта таму, што іншыя адмовіліся, а вучыць дзяцей было трэба. Ён бачыў у тым свой абавязак народнага інтэлігента, бо, каб разьвіваць народную культуру, трэба валодаць нацыянальнай мовай. Можа менавіта за тыя яго адносіны да свайго абавязку яна і пакахала гэтага чалавека, каб затым стаць яго жонкай.
        
        Тое ягонае слугаваньне нацыянальнай культуры доўжылася некалькі лічаных гадоў, поўных варажнечы, гвалту, рэпрэсіяў ад улады, якая, як заўжды, дэкляравала адно, а на практыцы рабіла іншае. Неяк вясной Апанаса Пятровіча залічылі ў нацдэмы і арыштавалі. Арыштоўвалі ня дома і ня ў школе - у ліку трох іншых, зьняважаных і абылганых, узялі падчас восеньскай настаўніцкай нарады, у залі, упрыгожанай чырвонымі сьцягамі і партрэтамі Леніна-Сталіна.
        
        Яна думала, што звар’яцее ад тае жудаснай несправядлівасьці, пісала і скардзілася, куды толькі можна было - ад сельсавету да ЦВК і таварыша Чарвякова, ды марна. Вынікам яе захадаў было хіба тое, што зімой яе выключылі з камсамолу, а загадчык рана аднойчы цьвёрда загадаў ёй адмовіцца ад мужа. Іначай ён ня будзе мець магчымасьці пакінуць яе ў школе. Яна доўга вагалася, цягнула з тае адмовай, аж покуль сам загадчык аднойчы і назаўжды ня зьнік са сваёй кватэры. Ніхто ня бачыў, як ён зьнікаў, але ніхто яго і не шукаў. Бацька тады ёй сказаў: як ты можаш адмовіцца ад чалавека, які ёсьць бацькам твайго малога сына? Што табе скажа сын, як стане дарослым? Увогуле яна таксама рыхтавалася да пасадкі, нават дамовілася зь сяброўкай наконт Уладзіка, ды сяброўку заарыштавалі раней, а яна засталася. Уратавала яе, як яна мяркуе і дагэтуль, тое, што яна ніколі не выкладала беларускай мовы - заўжды расейскую. Пасьля арышту Апанаса Пятровіча выкладаць беларускую не было каму, і тая два гады не выкладалася наагул. Настаўнікі баяліся брацца за яе, як і за беларускую літаратуру таксама. Бо не было ніякіх гарантыяў, што празь месяц ці год цябе не абвесьцяць нацыяналістам, ворагам народу. Толькі адна настаўніца - габрэйка Рыма Барысаўна - на тое пагадзілася, ужо яе ў беларускія нацыяналісткі залічыць было цяжка. Да самай вайны яна выкладала ў местачковай школе беларускую мову і літаратуру, перадваеннае пакаленьне местачкоўцаў пайшло на вайну зь ведамі роднае мовы, засвоенымі ад беларусазнаўцы-габрэйкі. Сама ж Рыма Барысаўна лягла ў супольную магілу на краі мястэчка, дзе ў адзін дзень і час былі расстраляныя ўсе местачковыя габрэі. І сярод іх - адзін негабрэй, стары выкладчык матэматыкі Станіслаў Альбертавіч, яе бацька, дзед яе Ўладзіка.
        
        Іх спусьцелую з пачатку вайны местачковую школу сьпярша адабралі для кватараваньня паліцыі, а затым яна згарэла, мабыць, кімсьці падпаленая. Тады дзьве настаўніцы са згоды ўладаў адчынілі невялічкую школку ва ўласным дамку і ўзялі яе на працу. На гэты раз яна выкладала беларускую мову, расейскую выкладаць было нельга. Новае выкладаньне давалася ёй лёгка, дзеці добра засвойвалі знаёмыя з маленства моўныя правілы. Літаратура дык здалася нават цікавай, і яна пачала яе вывучэньне з паэзіі Максіма Багдановіча, яго знакамітай «Пагоні». Нямецкія ўлады бадай не цікавіліся школьнай справай, ды ўсё ж камусьці яна стала ўпоперак горла. Неяк уранку яе сяброўку-настаўніцу знайшлі на парозе кватэры зь перарэзаным горлам. Побач была запіска, дзе малапісьменна значылася, што гэткі канец напаткае і астатніх «вучылак», якія паслугоўваюць немцам. Школу давялося кінуць, яна баялася за Ўладзіка, які ўжо пачаў там вучыцца. Але бяз працы яна не магла жыць у мястэчку і аднойчы, сабраўшы ў стары бавул сваё варахоб’е, на спадарожнай фурманцы паехала ў далёкую вёску Падлесьсе - да бабы. Тут яна мела намер пераседзець вайну. А там, маўляў, будзе відаць...
        
        Мабыць за поўнач дождж перастаў, але зь ім скончыўся і бор, далей пайшло нейкае драбналесьсе - беразьнякі з алешнікам. Наперадзе ўся група спынілася, пачакала яе з канваірам, і, як яны падышлі, галоўны сказаў:
        
        - Клопаў, павядзеш адзін. Паняў?
        
        - Ну, - адказаў яе канваір.
        
        - Прама к камандзіру. Паняў? Толькі не балаваць мне па дарозе. Паняў? А то камандзір табе х.. адрубіць...
        
        На тое канваір не адказаў нічога, толькі шмаргануў застуджаным носам. Група пайшла далей лесавой дарожкай, а яны ўдвох збочылі на нейкую сьцежку ці, можа, проста ў хмызьняк, ўлезьлі ў хвойны гушчар, у якім нічога не было відно, аднак яе канваір упарта прабіраўся наперад. Яна старалася ня надта адставаць і нават падумала: а ці ня кінуцца куды адсюль ды ўцячы? Але, мабыць, тут не ўцячэш - дагоніць. І яна лезла і лезла ў хмызьняку, пакуль нарэшце яны ня выбавіліся зь яго на нейкую сьцяжыну. Тут ісьці стала зручней, нават бы пасьвятлела, і зблізку стала трохі відаць. І яна падумала: можа і добра, што яе павядуць да нейкага камандзіра, ужо яна яму скажа! Хай пасьля і заб’юць, але яна скажа пра ўсё дарэшты. Што накапілася ў людзей за гэтую жахлівую вайну. Бо хто ж яшчэ тут ім скажа? Такія, як Алена, толькі галасіць будуць. Наагул мы толькі і ўмеем, што плакаць, енчыць ды галасіць. Звычайна, калі ўжо позна, калі нябожчык - на покуці. Не, каб раней, хоць бы ўзлавацца ды добра вылаяцца, як умеюць лаяцца некаторыя. Асабліва глынуўшы гэтае сьмярдзючае самагонкі. Не, мусіць, саплячкі мы, бабы, дый мужчыны нашы таксама... Я ім скажу, што нельга так ваяваць, як яны ваююць. Скрозь на народнай крыві. Ім дык лацьвей, яны ў лесе і пры зброі, яны сябе абароняць ды яшчэ папросяць памагчы людзей. А хто падумае, як людзям быць? Пасьля іх рэйдаў, дывэрсій, іх апэрацый, калі налятуць карнікі ды паліцыянты? Яны ў лясох перабудуць-перахаваюцца, а дзе перахавацца людзям, калі хто і ацалее? Добра, што спрадвеку ратуе лес, але ў лесе доўга ня выжывеш, у лесе толькі дзічэць. Дый малым трэба хлеба, малака ды страхі над галавой. На сьмярдзючым пажарышчы ня жыць, хіба паміраць толькі. А тым пажарышчам робіцца, глядзі, ці ня ўся зямля. Усё згарыць, пабурыцца, зарасьце крапівой. На чорта тады і перамога! Перамога на могілках. Можа, тое і надта па-абыватальску, па-простаму, можа, без уліку іх вайсковай стратэгіі. Але ж то - ад людзкога жыцьця, ад малых і жанчын. Хто зважыць на іхнае гора? Іхныя сьлёзы і кроў таксама? Нікому няма справы да іх пакутаў - ні немцам, ні паліцаям, ні партызанам таксама. Гэтым абы ваяваць, зарабляць сабе ўзнагароды ды дагаджаць начальству. Толькі спадзяваньне на Госпада. Аднак Госпад далёка. Ва ўсёй гідоце на гэтай зямлі не разабрацца і Госпаду...
        
        Калі падумаць, дык і сьляпому стане відно, што найперш яны дбаюць пра сябе, усе гэтыя нядаўнія сакратары, партыйцы, малыя і вялікія чыны з улады ды безьліч іх памагатых. З утульных кабінэтаў яны змушаны цяпер перабрацца ў лясныя зямлянкі, бо награшылі за дваццаць пяць год і спалохаліся, што іх пастраляюць. Пэўна пастраляюць, бо ёсьць за што. Але за што гіне і гэтая дурная моладзь, якая таксама прэцца ў лес? Бараніць камсамол? Ці савецкую ўласьць?
        
        А дома ў іхных бацькоў адбіраюць каровак.
        
        Але што рабіць і моладзі, калі скрозь мабілізацыя - ці ў паліцыю, ці ў партызаны. Во які ў яе выбар - паміж пагібельлю і сьмерцю. Бо тыя, што зь немцамі, напэўна пагінуць - ужо немцы бараніць іх ня будуць. А ў партызанах можа і зьберагуцца - ці ня ў тым іх таемны, падсьвядомы разьлік. То вельмі магчыма - і камсамол ды партыя тут ні пры чым. Усім хочацца жыць, во ў чым справа.
        
        Вецьце ў гушчары скрозь было мокрае, ад яго дашчэнту прамок яе тонкі жакет, таксама як і спадніца, што ўвесь час прыліпала да мокрых каленяў. Падобна, яна ўжо траціла апошнія сілы, так замарылася, і думала: ну дзе ж, нарэшце, той іх лягер ці што, толькі б спыніцца, спачыць. Але да лягеру давялося яшчэ перайсьці нейкую імшыстую забалаць, дзе яе дзіравыя чаравікі набралі поўна вады. І яна ішла так, хлюпаючы ў іх босымі нагамі. Урэшце выбраліся на нейкі сухі пагорак, прайшлі трохі між хвой, і яна згледзела наперадзе нейкіх людзей. Якраз пачало сьвітаць - квола, ляніва, няўпэўнена, на зачыне асеньняга дня. Жахлівая ноч, падобна, канчалася. Што прынясе ёй новы, туманісты дзень?
        
        З-за пагорку пачуліся нягучныя галасы, праіржэў конь і павеяла нізкім сырым дымком - падобна, усё ж тут было нейкае стойбішча. На іх ужо зьвярнулі ўвагу, хтосьці гукнуў да канваіра, які папытаўся ў кагось пра нейкага Кандыбіна. Партызаны моўчкі брылі між рэдкіх хвой за пагорак, але канваір туды не пайшоў, загадаў ёй сесьці, і яна апусьцілася на голай зямлі, плячмі да хвоі. Тым часам паволі разьвіднела, з забалаці плыў над хмызам золкі туман, які тут, на баравінцы, мяшаўся зь нізкімі пасмамі дыму. Дым з туманом набіраўся і стаяў угары, у гольлі нерухомых хвояў, ветру не было зусім. Недзе паблізу штосьці варылі, у лесе нязвыкла пахла вараным мясам. Яе канваір пачаў усё часьцей пазіраць туды, падобна, ня маючы вялікай цікавасьці да арыштанткі. А яна дужа зайшлася ад сьцюжы, ногі і плечы пад мокрай апраткай азяблі так, што не ставала моцы і дрыжэць. І яна не дрыжэла. Яна сьцялася, зышлася ў адно і трывала. Ня ведала толькі, ці надоўга хопіць яе трываньня. Цяпер яна пачала думаць пра Ўладзю, які мабыць жа яшчэ сьпіць, а што будзе, калі прачнецца? Як звычайна, адразу кінецца за шафу да яе ложка, а яе там няма. Ня знойдзе і на падворку, у гародзе... Бедны няшчасны хлопчык! Завошта яму ўсё тое...
        
        Можа, праз гадзіну ці болей з-за пагорку ў сасоньніку паказаліся двое: адзін - малады хлапец з аўтаматам, а другі быццам бяз зброі, у чорнай кубанцы. Не падыходзячы, той, у кубанцы, здаля кіўнуў канваіру:
        
        - Вядзі сюды...
        
        Яна зразумела і ўстала, ледзьве зноў ня сеўшы на замлелых нагах. Утрох яны павялі яе кудысь убок ад пагорку, у ядлоўцавыя зарасьнікі, дзе горбіўся нейкі пагорачак - буданок ці што. Але то быў не буданок, а яма з кінутай на краі купкай лапніку, і той, у кубанцы, проста сказаў:
        
        - Лезь! Там ня глыбака.
        
        Яна баязьліва зьлезла на дно сухой і пяшчанай ямы, якая была ёй па плечы, і міжволі горка падумала: ну чым не магілка? Суха, утульна...
        
        - Сядай і сядзі, - дазволіў усё той жа, у кубанцы, мабыць, старэйшы над яе каравульшчыкамі, і ўдвох зь перахлябістым яны пайшлі за пагорак.
        
        Хлапец з аўтаматам застаўся поруч, мяркуючы па ўсім, ён зьбіраўся яе пільнаваць.
        
        Яна села ў дне, мокрай сьпінай прытулілася да сыраватае, аднак, сьцяны ямы, сашчапіла настылыя рукі ў мокрых рукавах жакета. Каб хоць сагрэцца. І колькі ёй тут сядзець? Але калі пасадзілі ў яму, дык, мабыць, прыйдзецца пасядзець. Мабыць, яе тут не чакалі. Вартавы зьверху ціха перагаворваўся з кімсьці, і яна навастрыла слых, але ўчула толькі ўрыўкі размовы - паехаў... Калі прыедзе...А х... яго ведае... Тырчы тут зь ёй...
        
        Пэўна ж, яна ім - не вялікая радасьць, можа, у няўрочны час трэба тырчэць тут - вартаваць. А той, перахлябісты яе канваір, таксама ж усю ноч ня спаў, вёў. Бедны партызанчык, зьедліва падумала яна і няўлад з ранейшымі думкамі злосна падумала пра немцаў. Усё ж і немцы адмысловыя злыдні, таксама як і іх паліцэйская хеўра, набраная найбольш з начальства ды іншага людзкога ахвосьця. Усе яны ў сваіх завядзёнках мала адрозьніваюцца ад іхных цяперашніх ворагаў - бальшавікоў, зь якімі яшчэ нядаўна соладка хаўрусавалі. Можа і парадаксальна, але факт, што куды з большым імпэтам яны мардуюць нявінных - палонных ды вясковых сялян, чым б’юцца з партызанамі. На што свой разьлік маюць? Што партызаны пашкадуюць калгасьнікаў і ўціхамірацца, перастануць страляць, паліць, узрываць? Але ж мала яны іх ведаюць - партызаны ад таго не палагоднеюць. Ды немцы, пэўна, ведаюць тое, толькі робяць выгляд, быццам не яны пачынаюць першымі. Быццам яны - у адказ. Дужа ня любяць і тыя, і гэтыя выглядаць зачыншчыкамі, куды лепей - пакрыўджанымі. Маўляў, не хацелася, але змушаныя, бо не хапіла трываньня. І яшчэ дзеля справядлівасьці, у інтарэсах прастога люду. Мусіць, з тае прычыны і рэвалюцыя, і вайна адна і другая, дый гэтая жахлівая партызанка. Быццам кожнага на злачынства змушаюць ягоныя ворагі. Але ўсе змушаюцца дужа ахвотна. Нават з імпэтам.
        
        Што б яны рабілі, калі б іх ніхто не змушаў! Удушыліся б ад самоты.
        
        Крывавае племя, ачмурэлае ад крыві і гвалту. Мабыць, ужо ня спыняцца, пакуль не перагрызуць горлаў - і ворагам, і адзін аднаму.
        
        Неяк яна быццам сагрэлася ў пяшчанай яміне. Ці, можа, звыклася зь лесавой зольлю і сьцюжай. Старалася ня кратацца нават, толькі часам кідала позірк угору, на край ямы, дзе разы два спаткала цікаўна-страхавіты пагляд хлопца-вартаўніка. Хацела нават гукнуць да яго, ды не наважылася, бо той неяк боязна-таропка хаваў сваю галаву за берагам ямы. Здалося настаўніцы, то быў кепскі знак - так баяцца на вёсцы нябожчыка ці таго, хто ўжо на краі жыцьця. Быццам вартавы нешта ведае. Ці адчувае. Сумна было ёй тут гэта ўбачыць.
        
        Надзіва сабе самой, яна ня дужа баялася і, мабыць, надта кепскага не адчувала. Усё ж, хаця зь ёй і чынілася штосьці пагрозьлівае, але ж навакол былі свае людзі, здаўна вядомыя, гаварылі на звыклай мове, і яна магла ім, што хацела, сказаць. Яна ўжо ведала, што прадчуваньне ў пэўныя моманты бы адключаецца і можа нават здорава ашукаць чалавека. Як у выпадку зь яе бацькам, настаўнікам матэматыкі, у яго апошні на сьвеце ранак. І тады да апошняга часу яна не адчувала нічога асаблівага, вялікай для яго небясьпекі. Жахлівая небясьпека навісла над спрадвечнымі жыхарамі мястэчка - габрэямі, бацька ж быў беларус. Чаго было за яго баяцца?
        
        Некалькі дзён перад тым бацька нікуды не выходзіў з хаты, сядзеў пры акне зь нямецкім падручнікам, абнаўляў свае колішнія веды нямецкай мовы. А ў мястэчку рабілася немаведама што - спрадвечных яго насельнікаў выганялі з убогіх іх хатаў, зьбіралі да купы на кірмашовай плошчы, каб некуды весьці. Загадана было ўсё майно пакінуць на ўладу паліцыі, узяць з сабой толькі грошы і каштоўнасьці, цёплую апратку і харчу на трое сутак. Людзі нічога ня ведалі, але так меркавалі, што калі на трое сутак, дык павязуць надта далёка, можа на працу ў Нямеччыну. Але некаторыя ўжо прадчувалі, якая то будзе Нямеччына. Увечары з раёну прыяжджаў адзін стары знаёмец бацькі, які ціха распавёў, што там, за старымі могілкамі, капаюць вялікую шырокую яму - для каго б толькі? Але для каго, можна было здагадацца. Ды людзі не хацелі здагадвацца, бо і сапраўды цяжка было паверыць, каб тое было мажліва - безь віны і суду забіць столькі нявінных людзей. І зранку старыя і малыя, кабеты, хлопцы і маладзіцы з хатулямі за плячыма, плачам і роспаччу, гнаныя п’янымі паліцаямі, ішлі на кірмашовую плошчу, дзе і чакалі ў атачэньні нямецкіх жандараў. Там жа быў і ўжо вядомы местачкоўцам камэндант раёну па прозьвішчы Функ. На аб’явах, што панаклеілі на вуглах сінагогі, ён называўся таксама доктарам Функам, што ўчора выклікала добразычлівую ўвагу бацькі, які, пэўна ж, паважаў вучонасьць. Аб тым ён неяк мімаходзь заўважыў дачцэ, якая, занятая хатняй справай, яго не даслухала.
        
        Яна яшчэ спала на канапе з Уладзікам, як на сьвітаньні да бацькі пастукаўся гаспадар гэтай хаціны - каваль Іцак Каган, ён прыйшоў разьвітацца са шматгадовым кватарантам і са сьлязьмі выказваў сваю яму ўдзячнасьць, бажыўся, што ніколі не хацеў таго нічым пакрыўдзіць, а калі што было ня так, дык хай пан вучыцель даруе, бо болей на гэтым сьвеце ім не сустрэцца. Бацька, з аброслым сіваю шчэцьцю тварам выслухаў яго, моўчкі абняў дрыготкімі рукамі, а як той выйшаў, усё нічога ня кажучы, павярнуўся да шафы, дастаў свой старасьвецкі сурдут, узяў фасонны кіёчак, які ці ня з царскіх часоў стаяў у шафе за вопраткай. Падхапіўшыся з ложку, дачка кінулася да бацькі - татка, ня йдзі, ня йдзі, татка!... Той сурова так зірнуў на яе - чаму ня йдзі? І застыў, чакаючы адказу. Але што яна магла адказаць, што яна ведала, апроч таго, што гэтак спазьнела адчула кепскае. І бацька бяз шапкі, зь непакрытай сівой галавой пайшоў - на падворак, праз варотцы на брукаванку - і схаваўся за вуглом кузьні. Болей яна яго і ня бачыла...
        
        Пасьля ўжо распавядалі людзі, якія нешта бачылі зблізу - з двароў і вокнаў суседніх будынкаў. Бацька падышоў да камэнданта, што ў зграі памагатых стаяў на плошчы, пакланіўся, як ніколі за яе памяцьцю нікому ня кланяўся. Камэндант сьпярша ня надта і зважаў на яго - ён прымаў рапарты падначаленых, якія зганялі і лічылі ў калёнах габрэяў. Але затым, мабыць, учуўшы знаёмую мову, зь цікаўнасьцю на чырвоным твары павярнуўся да бацькі. Што той гаварыў яму, людзі не разумелі або не дачулі, але казалі, што стары гаварыў шмат, быццам ён нават наважыўся спрачацца зь немцам. Мабыць, усё ж ён чымсь раззлаваў яго, бо камэндант пачаў крычаць, быццам бы і настаўнік штось крыкнуў. Адны казалі, нібыта крыкнуў: «Сталін», а іншыя - «Гітлер», а можа, тое ды іншае разам. Тады старэйшы паліцай, былы раённы міліцэйскі начальнік, выцяў яго па галаве дубовым дручком, якім усё раньне зьбіваў габрэяў, і бацька ўпаў. Ён ляжаў так на бруку, ня кратаўся, і ніхто не падыходзіў да яго, мабыць, ён там і сканаў. Ужо мёртвага, яго кінулі пасьля на калёсы, дзе ляжала некалькі целаў тых, што ня вытрымалі гэтага апошняга зьдзеку. Празь якую гадзіну сумная працэсія местачковых габрэяў пачала свой жалобны шлях да супольнай вялізнай магілы ў раённым цэнтры, вакол якой з нарыхтаванымі кулямётамі напагатове чакала нямецкая айнзатц-каманда. Як усё было скончана, зьверху на целы расстраляных габрэяў кінулі беларускага настаўніка. Пасьля паліцаі пусьцілі пагалоску, быццам і ён аказаўся габрэем, і сам разам з усімі пайшоў да ямы. А цяпер во і яна, ягоная адзіная дачка, у няпэўнасьці і чаканьні ці ня гэткага ж свайго лёсу. Мабыць, таксама аказалася не разумнейшаю. Можа, гэта ўвесь іхны род удаўся зь нейкай генэтычнай хібай, якая парушыла мэханізм самазахаваньня. Але без адмысловага інстынкту самазахаваньня ці можа існаваць асоба дый асобная нацыя? Хіба да пэўнага крытычнага моманту. Падобна, для яе той момант настаў...
        
        Увогуле яна не адчувала ў тым канчатковай упэўненасьці, хаця і даўно была гатовая да ўсяго. Ведама ж, з генэтычнай хібай доўга ня жыць. А тая хіба ёсьць банальнай чалавечай дурнотай. Колькі пра тое казаў яе бацька, заўсёды бярогся ва ўчынках і выказваньнях, стараніўся палітыкі і сяброўства, і во - не ўбярогся. Сам стары наіўны дурань. Выходзіць, аднак, і дачка не разумнейшая...
        
        Яна зноў, здаецца, заснула і прахапілася ад гучных мужчынскіх галасоў, што пачуліся непадалёк ад ямы. Нехта камусьці, ці не яе каравульшчыку, казаў здаля, што прыехаў Арол, едзе сюды. Каравульшчык пытаўся, выцягваць яе ці не. На што той крыкнуў здаля - чакай!
        
        Тая навіна адразу разагнала яе санлявасьць і затрывожыла - начальства магло паставіцца да яе па-рознаму. Але наўрад ці з дабром. Калі пасадзілі ў яму, дык штосьці ўдумалі. Бо гэтая яма, бы пачакальня магілы. Але хай! Хай і Арол, калі ён вялікі начальнік. Ужо начальніку яна скажа. Усё і пра ўсё.
        
        Той начальнік паявіўся нечакана і блізка. Гэта аказаўся коньнік - зь ямы яна ўбачыла сьпярша зацугляную морду яго варанога каня, на якім маляўніча красавалася крутаплечая постаць коньніка з вусатым, бы ў Будзёнага, тварам і адважна-рашучым голасам чалавека, што ва ўсім быў упэўнены, меў уладу, якой, аднак, карыстаўся паблажліва і справядліва. Прыгожа пакруціўшыся на кані каля ямы, ён тым часам доўжыў з кімсь пачатую раней размову.
        
        - Дзе ўзялі? Ці сама прыйшла?
        
        - Настаўніца з Падлесься, - нягучна казаў хтось паблізу, нябачны ёй зь ямы.
        
        - Маладая?
        
        - Паглядзіце самі. Зайцоўскі, выцягні...
        
        Хлопец-каравульшчык падскочыў да ямы.
        
        - Давай руку!
        
        Яна падала руку і з дапамогай хлопца, абрушваючы зямлю, няўклюдна выбралася на паверхню. Насупроць на кані з-пад густых і чорных брывоў усьмешыста ўзіраўся ў яе Арол. Мусіць, сапраўды то быў вялікі начальнік, па-мужчынску прыгожы і зухаваты, і яна аж зьніякавела ад яго пекнага выпрабавальнага позірку. Адразу было відно, што такі мог усё - і забіць, і ашчасьлівіць. І яна раптам востра адчула сваю жаночую перад ім нехуцавасьць, прыніжанасьць ад таго, што кепска выглядае ў воглым запэцканым жакеце, заседжанай спадніцы, зь перапэцканымі гразёй нагамі ў дзіравых чаравіках.
        
        - Не красавіца! - ураз спахмурнеўшы, сурова абвясьціў Арол і, нецярпліва тузануўшы паводзьдзем, крутануўся з канём на адным месцы.
        
        - Настаўніца, - быццам вінавата дадаў другі, і тут яна пазнала яго - то быў бялявы, мяккавалосы партызан, што сядзеў за сталом у Нюркі.
        
        Усё ў тым жа нямецкім кіцелі з густым радком бы алавяных гузікаў на грудзях.
        
        - А мне адзін хрэн! - нэрвова абвясьціў Арол. - Мне маладая трэба. Немцы таксама ня дурні - маладых любяць. Гэта не пайдзёт!
        
        Яна недарэчна, ня ў лад з уласным настроем раптоўна сумелася - усё ж учуць пра сябе гэткае ад мажнага мужчыны было непрыемна. І ёй стала крыўдна за сваю страчаную жаночую прывабнасьць, якую яна колісь паважала нават. Але, можа і лепей, спакваля падумала яна. Можа, хутчэй адпусьцяць дамоў...
        
        Арол трохі ад’ехаў на сваім жарабку, зь ім адышоўся другі, яе знаёмы, яны там пагутарылі крыху - Арол у сядле, а гэты - зьнізу, задзіраючы да яго галаву. Пасьля коньнік кудысь прыпусьціў між сасён, а другі ленай хадой падышоў да ямы.
        
        - Назад яе, што лі? - запытаў каравульшчык.
        
        З выгляду то быў зусім яшчэ школьнік - малы, у падлеткавым палітоне, з абвязаным вакол шыі шалікам.
        
        - Чакай, - мякка сказаў бялявы. - Ідзі вунь, пакуры... У кустох.
        
        Хлопец паслухмяна адышоўся далей, а гэты падышоў да яе бліжай і стомлена апусьціўся на нестаптаны лапік травы. Яна ўсё стаяла, пазіраючы на яго, і думала: дзе яна яго бачыла? А што некалі бачыла, то было пэўна.
        
        - Глядзіш, не пазнаеш? А я адразу пазнаў. Ты ж - жонка Падбярэскага?
        
        - Была, - не зьдзівіўшыся, сказала яна.
        
        - Ну во... А мы з тваім Апанасам разам вучыліся. На выпускным здымку нашыя фота побач. Мабыць жа, бачыла?
        
        Тут яна ўсё раптам успомніла. Сапраўды, на вялікай групавой фатаграфіі выкладчыкаў і выпускнікоў рабфаку побач з выявай мужа быў гэты бялявы малады хлапец з рассыпанымі на галаве валасамі і добрым усьмешыстым позіркам. Пасьля арышту Апанаса гэтую картку забралі ў НКВД, і яна яе болей ня бачыла. Цяпер глядзела на чалавека і ня ведала, што сказаць - узрадавацца знаёмству ці не? І яна пакорліва-моўчкі стаяла перад ім на краёчку ямы.
        
        - Сядай, чаго ж стаяць, - дабрадушна дазволіў ён.
        
        Затым падняў з долу і пераламіў папалам сухую галінку.
        
        - Пагаворым...
        
        Яна села, не разьбіраючы куды, зябка падабрала пад сябе азызлыя гразкія ногі.
        
        - Я тут за начальніка разьведкі і контраразьведкі, - ціхім голасам паведаміў чалавек. - Хацелі цябе ў гарнізон унядрыць. Там жа былыя нацдэмы, спрацаваліся б...
        
        Яна моўчкі зьдзівілася - учуць пра сябе такое ніяк не чакала.
        
        - Я не нацдэмаўка...
        
        Чалавек кінуў наводдаль паламаную галінку, узяў з долу новую.
        
        - А ты не аднеквайся. Нацдэмы - не такія ўжо і кепскія людзі... Апанас жа твой быў заядлы нацдэм?
        
        - І Апанас ім ня быў. Нагаворы ўсё тое.
        
        - Нагаворы - гэта кепска. Гэта горш за сухоты ці тыфус... Ад тыфусу вылечыцца можна, а нагавор да сьмерці пацягнеш.
        
        То праўда, моўчкі пагадзілася яна. Ці не праз тыя плёткі-нагаворы яе Апанас спляжыў сабе жыцьцё. Сапраўды, горай за тыфус... Але ж бацька не прычыніўся ні да якіх нагавораў, як тыфусу бярогся нацыяналізму, а во таксама...
        
        Яе суразмоўца, падобна, пачуваў сябе стомленым, сядзеў у сырых, да белага вышмарганых у балотнай траве ботах і вяла доўжыў гаворку. Відаць было па ўсім, што гаворка тая яго ня надта цікавіла, падобна, ён бавіў час, зрэдку пазіраючы на вялікі ручны гадзіньнік.
        
        З гэтай мясьціны ад ямы на баравінцы пад хвоямі было відно няшмат, паблізу расло кустоўе ядлоўцу, купка маладога бярэзьніку з ужо пажаўцелай лістотай. Наўкола, аднак, чуўся нейкі малазразумелы рух, блізкая прысутнасьць людзей, паасобныя іх галасы. Ранішні дым ад вогнішча ўжо ўвесь сышоў з гольля, разагнаны ветрам, угары неспакойна шумелі хвоі. Час, мусіць, набліжаўся пад вечар.
        
        - Вы адпусьціце мяне дамоў, - сказала яна. - Там сын у мяне. Адзін.
        
        Ад тых яе слоў начальнік бы жвава варухнуўся на траве, у ягоным стомленым позірку, падобна, бліснула спагада.
        
        - Сын? І ў мяне быў сын. Ды няма, - сказаў ён. - Вайна...
        
        - А жонка? - нечакана для сябе папытала настаўніца.
        
        - І жонка, - уздыхнуў начальнік. - Была...
        
        - А гэты Арол ваш - ня туташні? - папыталася яна, абы не маўчаць.
        
        - Прысланы, - лёгка паведаміў ён. - Але гэта клічка - Арол. Лясны псэўданім. Як я, прыкладам, - Жукаў. А на справе Пецюкевіч. Па пашпарце.
        
        - А нашто так? - пацікавілася яна.
        
        - Так палагаецца. Для кансьпірацыі.
        
        Яна трохі ўдумалася, спрабуючы спасьцігнуць сэнс сказанага. Ды, мабыць, спасьцігаць не было чаго. Сапраўды, нашто кансьпірацыя сярод сваіх, для якой мэты? Калі рабіць добрыя справы, дык няма патрэбы хавацца за псэўданімы, іншая справа - калі злачынствы. Тады мусіш хавацца. Каб не знайшлі, ня выкрылі. Свае ці немцы - як каму надарыцца.
        
        Пецюкевіч-Жукаў зноў зірнуў на гадзіньнік - зрабіў тое бы няўпрыцям, быццам непрыкметна для яе, і ёй стала раптам дужа самотна ад прадчуваньня, і зусім кепскага. Толькі зьявілася нешта сьветлае ў гутарцы з чалавекам-начальнікам, і раптам усё прапала. Было відавочна, што ён бавіў час, чагосьці чакаў. Можа, зьмярканьня?
        
        - Нацыяналістаў мала асталася, - тым часам вяла разважаў начальнік разьведкі. - Да вайны ўсіх падабралі. А цяпер і працаваць няма з кім. У разьведцы. Бальшавікам жа немцы не давяраюць...
        
        - Хіба не давяраюць? - сказала яна. - А маглі б. Не вялікая розьніца.
        
        - Розьніца не малая, - разважліва сказаў начальнік. - Найперш - ідэалёгія. Пасьля - мова. Гэта ў габрэяў зь немцамі амаль адна мова, выдатна разумеюць адно аднаго.
        
        - Але ж чаму партызаны не бароняць габрэяў? Нядаўна яшчэ гэтак баранілі. Ад антысэмітызму.
        
        - А нашто бараніць? Зьлейшыя будуць, пачнуць змагацца. А то прывыклі, каб за іх кроў пралівалі... Так і крыві ня хопіць.
        
        Глядзі, як паварочвае! - моўчкі зьдзівілася яна. Мабыць, антысэміт, аднак...
        
        - Ладна, ня будзем пра тое, - сказаў ён і ўважліва паглядзеў у кусты, дзе затаіўся-сядзеў яе вартаўнік.
        
        І яна падумала, што на гэтую тэму ёй лепей не гаварыць.
        
        Зрэшты, яна і не гаварыла ніколі, ніколі пра тое не гаварыў Апанас Пятровіч, іншыя харошыя хлопцы, беларускія асьветнікі-інтэлігенты, якія шчыра дамагаліся лепшага для людзей. Для беларусаў, габрэяў - усіх. Ці не за тую маўклівасьць іх і пазбавілі жыцьця, а яе, як толькі наважылася нешта сказаць, пасадзілі ў гэтую яму? Нібы ўчуўшы яе нямыя думкі-турботы, Пецюкевіч сказаў:
        
        - Да, знаеш... Каб ня твой муж, можа б, цябе і пусьцілі. Арол - русак, у нашых дзялах ён ня надта... прынцыповы. Але калі нацыяналісты... Такіх пад корань.
        
        Што яны чапляюцца з гэтым іх нацыяналізмам? - бадай з роспаччу падумала настаўніца. Якая яна нацыяналістка? Гэта - што пайшла за Алену? А калі б не пайшла, сядзела запёршыся, як іншыя, тады б хто была? Мабыць, савецкая? Але ж яна хрышчоная, і ёй баліць, калі баліць чалавеку. Гэта ім не баліць нічога, апроч уласнага болю. Ужо ў іх скура тоўстая. Як у вепрукоў.
        
        Зводдаль з-за купкі ядлоўцу, амаль ня тоячыся, пазіраў у гэты бок хлопец-каравульшчык, і яна сумелася: хто яе будзе страляць? Гэты Пецюкевіч-Жукаў ці той хлапец? Дужа не хацелася, каб тое рабіў хлапец, усё ж яна столькі гадоў рабіла настаўніцай, чамусьці добраму вучыла гэткіх хлапцоў. Ды, мабыць, іншыя вучылі інакш, і цяпер адзін з гэткіх вучняў будзе яе страляць.
        
        - Ці магла б я вас папрасіць? - зьвярнулася яна да Пецюкевіча. - Каб хоць не чапалі сына. Малы яшчэ...
        
        - Ну за сына ня бойся.. Сын за бацькоў не атвячае.
        
        Як сыны не адказваюць за бацькоў, яна ўжо чула, таксама і ведала, як тое бывае ў жыцьці. І ёй зноў стала прыкра і млосна, падкочвала злосьць немаведама на каго, і яна злосна спыталася:
        
        - А вы не баіцёся?
        
        Пецюкевіч неяк няпэўна хмыкнуў і адказаў бадай па-філязофску:
        
        - Хто не баіцца?
        
        Яна ўсё зразумела. Можа, ён чалавек і не благі, народжаны някепскай маткай, але ён дарэшты згвалтаваны. Ён гвалтаваны нявольнік, які, каб выжыць у гэтай калатнечы, гвалтуе іншых. Як і яны ўсе. Ці бальшыня. Можа, у тым самая вялікая жуда нацыі...
        
        Як кепска, што яна гэтак позна зразумела тое... Шкода, што яна - не нацыяналістка. Можа, муж ім і быў, а яна - не. Яна спазьнілася. На яе вялікі-вялікі жаль...
        
        - А ўвогуле ты малайчына! - сказаў начальнік Пецюкевіч-Жукаў і, мабыць, упершыню ўважліва паглядзеў ёй у твар. - Мне б жонку такую.
        
        - Якую? - з адчаем вырвалася ў яе.
        
        - Такую, нязломную...
        
        Дзякуй, міжвольна мільганула ў яе ўзрушаных думках. То быў ці не адзіны, за даўгія гады ўчуты ёй камплімэнт. І ад каго - падумаць толькі! Калі ўсё зразумець ды адчуць, дык можна звар’яцець. Можа, і добра, што ў яе ўжо не заставалася часу. Ні жыць, ні вар’яцець.
        
        Трохі яшчэ пасядзеўшы ля ямы, Пецюкевіч нетаропка падняўся, машынальна абтрэс рукой штаны ззаду. Штось зразумеўшы, да іх бліжэй падышоў хлапец з аўтаматам на плячы. Яны ні пра што не сказалі адзін аднаму, але яна зразумела ўсё і таксама ўстала.
        
        - Што, тут? У яміне?
        
        - Ня тут. Пройдзем, прагуляемся...
        
        Начальнік разьведкі-контраразьведкі валюхастай хадой нетаропка пайшоў уніз з баравінкі - да недалёкай, парослай алешнікам забалаці. Настаўніца зразумела яго намер і пашкадавала, што тое адбудзецца ў няладным месцы. Змалку яна не любіла гэткіх сырых алешнікавых зарасьцяў, болей вабілі яе бярозкі, сухія хваёвыя баравіны. Хаця чаго ўжо было шкадаваць, на што лепшае разьлічваць! Яна пакорліва ішла сьледам, няўцямна пазіраючы на стаптаныя абцасы Пецюкевічавых ботаў, ягоны скураны кабур зь нямецкім пісталетам на пляцёным раменьчыку, што ў такт хады боўтаўся на худым азадку. Ззаду ціха ішоў хлапец-партызан. Ну во і ўсё, думала яна з застарэлай балючай журбою. Усё намагалася штосьці ўспомніць, штось сфармуляваць для сябе - важнае перад канцом, і не магла злавіць патрэбную думку. Во і ўсё, во і ўсё, - узрушана гучала ўвушшу, і нават не зьявілася натуральнае ў яе становішчы пытаньне - завошта? Мабыць, пытацца было надта позна, і яна не пыталася. Ведала, адказу ня будзе.
        
        У прыцемках раньняга адвячорку яны натрапілі на ледзьве прыкметную ў травяным доле сьцяжыну, што вяла далей, у забалочаныя алешнікавыя нетры. Пецюкевіч на момант спыніўся, прапусьціў яе паўзь сябе. Яна моўчкі прайшла наперад, усё чакаючы стрэлу ці, можа, чаргі з аўтамату. Але пакуль што ў яе не стралялі. І раптам яна падумала: а можа яе толькі палохаюць? Апошняя надзея ўзгарэлася ў ёй так моцна, з такой апантанай сілай, што яна аж задрыжэла ад радасьці... Яна ўжо гатовая было азірнуцца і засьмяяцца ад свайго адкрыцьця, і менавіта тады ёй у патыліцу грымнула. Сьвет уваччу адразу зацьміўся, кустоўе хіснулася ўгары, яна ўпала.
        
        Але памерла яна не адразу - рэшткай сьвядомасьці яшчэ ўчула недзе паблізу знаёмы мужчынскі голас:
        
        - Адцягнеш куды са сьцежкі... Далей, у балота...

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.