РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пінская шляхта
 
Фарс-вадэвіль у адной дзеі
Асобы
З'ява I
З'ява II
З'ява III
З'ява IV
З'ява V
З'ява VI
З'ява VII
З'ява VIII
З'ява IX
З'ява апошняя
З'ЯВА АПОШНЯЯ
        
З'ЯВА АПОШНЯЯ

        
        
Тыя самыя і Куторга.

        
        К у т о р г а (кланяецца ўсім). Дзякуй, дзякуй, панове грамада! Буду старацца ўшчаслівіць Марысю.
        К р у ч к о ў. Маўчы, стары хрэн, не аб табе тут ідзе дзела! Бяры кубак ды выпі за здароўе маладых, Грышкі Ліпскага з Марысяю, і падзякуй Богу, што так лёгка вырабіўся ад суда.
        К у т о р г а. Дык гэта не я — малады? Не за маё пілі здароўе?
        К р у ч к о ў. Пакінь, стары хрыч, думаць аб жаніцьбе, а заматай сабе на вус, каб крэпка дзяржаць язык за зубамі.
        К у т о р г а. Ой, найяснейшая карона! Буду сабе часта браць на розум філасофскую прыпавесць: на тое Бог даў людзям язык, каб умець маўчаць. (П'е з кубка.)
        К р у ч к о ў. Дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Коні гатовы?
        Д з е с я ц к i. Запрагаюць, найяснейшая карона! (Выходзіць.)
        К р у ч к о ў. Ну, панове шляхта-брацця! Я вам родны, я вам брат, дык на прашчанне вып'ем яшчэ па кубку крупніку, заспяваем нашу родную песню ды паскачам на заручынах. Пане Куторга, у цябе яшчэ не вельмі курыцца чупрына,— ты вядзі пункты, а мы пакруцімся, прыпяваючы.
        У с е. Віват наш брат, найяснейшая карона!
        
        № 8
        
        Х о р
        
        Эй, чух чумадра,
        Чумадрыха весяла!
        
        К у т о р г а
        
        Нашы Пінскі акаліцы —
        Жыцце хоць цару, царыцы!
        Ўсяго досыць — прызірніся:
        Еш, пі, хоць расперажыся.
        
        Х о р
        
        Эй, чух чумадра,
        Чумадрыха весяла!
        
        К у т о р г а
        
        Ёсць гарэлка, луста хлеба,
        Уюны і сушона рыба.
        Чаго ж болей людзям трэба?
        Пінчуку тут даў Бог неба!
        
        Х о р
        
        Эй, чух чумадра,
        Чумадрыха весяла!
        
        К у т о р г а
        
        Як збяром дабро дачыста,
        Завязём на торг да места,
        Тады квартаю чырвонцы,
        Гарцам мерым карбавонцы.
        
        Х о р
        
        Эй, чух чумадра,
        Чумадрыха весяла!
        
        К у т о р г а
        
        Дзяўчаты нашы, як лані,
        Харашэйшы як ясны пані.
        Зіркне катора — маспане! —
        Сэрца з-пад жыбра дастане.
        
        Х о р
        
        Эй, чух чумадра,
        Чумадрыха весяла!
        
        
Чуваць звонікі. Шляхта, ап'янелая, хістаецца па сцэне без парадку; гутарка агульная без сэнсу; Куторга пасярэдзіне сцэны выпускае з рук кубак i зaсынае; Кручкоў бярэ ўбок Альпенскага і кажа яму.

        
        К р у ч к о ў. Ведаеш, што на цябе казаў Статкевіч?
        А л ь п е н с к і. А што?
        К р у ч к о ў. Ён казаў, што ты не шляхціц.
        А л ь п е н с к і. Што? Ён мяне так зневажае? Вось я ж яму пакажу маё шляхецтва!
        К р у ч к о ў. Не пры мне,— як паеду, тады з ім расправішся! (Адыходзіцца, бярэ ўбок Статкевіча.) Знаеш? Цябе Альпенскі аблаяў мужыком.
        С т а т к е в і ч. Ён смеў назваць мяне мужыком? Мне сам Юры Кабылінскі падпісаў фамату,— дык я ж на шкуры яго выпішу сваё шляхецтва! (Шугаецца да Альпенскага і пачынаюцъ біцца.)
        Л i п с к i. Найяснейшая карона! Шляхта напілася і завялася біцца. Бойцеся Бога, раздыміце, а то і з вас штраф будзе належыць!
        К р у ч к о ў. Не ка мне, не ка мне,— няхай у суд падаюць, тады прыеду на следства! Бывайце здаровы! (Выходзіць з Пісулькіным.)
        Ц i x о н. Віват, найяснейшая карона!
        У с е (апрача тых, што б'юцца). Віват, найяснейшая карона!
        
        
Заслона апускаецца, пакідаючы наперадзе сцэны Куторгу; той прачынаецца.

        
        К у т о р г а. Што? Ужо разышліся? А там чутна і бойка! Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап'ецца, то напэўна падзярэцца. (Да публікі.) Ды вы ўжо, найяснейшыя панове, спаць хочаце? А што? Няпраўда? Дык:
        
        № 9
        
        Найяснейшая публіка!
        Прашу цябе, не дзівіся,
        Бяда гэта невяліка,
        Што мы крыху папіліся.
        Няхай шчасная развязка
        Пінскай шляхце ад вас будзе, —
        Дайце брава, калі ласка,
        Ды і з Богам, добры людзі!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.