РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
1
        
1

        
        З цярплівай ненасытнасцю карова скубла воглую зранку траву, як заўжды, мерна тупаючы сваім звыклым шляхам: каля гасцінца, па зарослай быльнягом канаве, невысокім прыдарожным адхоне, пасля цераз травяністы лапік ля белага, бы ўкормлены парсюк, валуна і далей да самага ўзлеску, што шырокай дугой ахопліваў палявы грудок з хутарам. Сцепаніда ведала, што на ўзлеску карова паверне ад дарогі ўбок - цераз пагорак да Баранняга Логу, і там ужо трэба глядзець пільней, каб не шмыганула куды далей з воч. Бабоўка на тое была спрытнюга, і не зважай, што пярэстая - белыя плямы па чорным, - а калі згубіцца, дык пабегаеш, шукаючы па хмызняках. Але гэта там, далей на ўзлеску, а тут дзецца ёй не было куды: невысокая насыпка дарогі ды голы прасцяг бульбянішча - тут можна і пасядзець у спакоі. І Сцепаніда прысланілася клубам да гладкага бока валуна, шчыльней саставіла ў траве босыя ногі і не пільна нават глядзела на тую Бабоўку.
        Было не сцюдзёна, трохі зябкавата нагам у воглай траве і ветрана. Неба спрэс усцілалі хмары, сонца не паказвалася ад рання. Зрэшты, цяпер з яго не шмат і карысці, таго восеньскага сонца, хіба было б весялей, калі б яно на якую гадзіну выбавілася з-за хмар. А так шэрае непрытульнае поле захлыналася ў ветраным шолаху быльнягу ды ўкарэлага каліўя бульбоўніку на шырокай пагоркавай ніве; міжвольна карцела адвярнуцца ад ветру, тужэй захінуць полы ватоўкі і не кратацца. Поруч, на гасцінцы, як і заўжды апошнія тыдні, было ціха, пустэльна, цяпер тут амаль не ездзіў ніхто і не хадзіў. Калі часам і трапляўся які хадок, дык болей уранку, - якая-небудзь кабеціна з суседняй вёскі па невялікай патрэбе ў мястэчка. Гэтая ціша на гасцінцы спярша аж бянтэжыла Сцепаніду, асабліва пасля таго, як тут гуло, раўло і стагнала ад машын, падводаў, гармат, а таксама безлічы войска, што валам валіла адтуль, ад граніцы, на ўсход. Здавалася, вялікаму таму гармідару не будзе канца, а з ім не скончыцца і турботны неспакой на хутары. Ведама ж, прыдарожная сядзіба - усім пад рукой і навідавоку. Сцепаніда з Петраком збіліся з ног, спатыкаючыся і пасабляючы, чым было можна, усім, што заязджалі, забягалі, спыняліся, каб напіцца, перадыхнуць у спякоту пад ліпамі, а то пераабуцца ці папытаць дарогу. Толькі неяк пад вечар на гасцінцы стала вальней, рух парадзеў, гатовы зусім прыпыніцца, чырвонаармейцы пачалі паварочваць у поле абапал дарогі і разышліся ўпоперак па бульбоўніку. Два камандзіры, што конна завіталі на хутар, нешта доўга разглядалі на карце, а іхні баец-канавод папытаўся ў яе вядра, каб напаіць коней, і, аддаючы, сказаў, што тут будзе бой, заставацца на хутары нельга. Дужа напалохаўшыся тады, Сцепаніда забратала Бабоўку і падалася расцяробамі ў Баранні Лог. На сядзібе ўсё ж застаўся Пятрок - сядзібу нягожа было пакідаць без нагляду. Трываючы вялікі страх, Сцепаніда пераседзела ў бярэзніку ноч і палову наступнага дня, але бою не было чуваць, только паўднём угары паявіліся самалёты і здрыганулася зямля, дзесьці забахала, засакатала і ў небе за логам паўстаў шэры слуп дыму, нешта там загарэлася. Спакваля, ачуняўшы ад першага страху, яна сцяміла, што гэта далёка, усё на тым жа гасцінцы ці, можа, нават далей, у мястэчку. Адвячоркам усё тое прыціхла, нібы і не пачыналася, яна трохі счакала яшчэ, а пасля боязна павалаклася з каровай да хутара, не ведаючы нават, ці ўбачыць што ад свайго жытла, ды і Петрака таксама. Але хутар, як заўжды, ціха стаяў сабе наводдалек ад дарогі пад старымі ліпамі, а на падворку, вылезшы з пограба, тупаў з саломай у барадзе яе Петрачок. Знаёмы дымок ад яго самакруткі струменіў цераз паркан па ветры.
        Той ноччу чырвонаармейцы пакінулі на бульбяным пагорку недакапаную крывуляку-траншэю і некуды сышлі стараной, на гасцінцы ўсё апусцела, заглухла, рэдкія вайсковыя фурманкі і некалькі машын уранку паварочвалі назад, у аб'езд на Кульбакі: за сасоннічкам самалёты разбамбілі масток цераз дрыгвяністую Дзеравянку і праехаць гасцінцам у мястэчка было ўжо неяк.
        Настала новае, як падумаць, дык проста нялюдскае жыццё, што спакваля, але са страшнай няўхільнасцю ўсталёўвалася ў раёне. Ранейшае знікла. На Выселках раздзялілі калгас, разабралі небагатую яго маёмасць, інвентар, коней, і яна паслала Петрака за некалі абагуленай іх кабылкай - кабылка, аднак, аказалася немаведама дзе: перад прыходам немцаў выправілі хлопца з фурманкай на станцыю, і ён так і не вярнуўся адтуль. Яна тады насварылася на Петрака: мусіць, трэба было ўзяць якога другога каня, калі такая мітрэнга, як жа без каня ў гаспадарцы? Як тады жыць? Але гэты Пятрок - вядомая недалэга, хіба ён зробіць як трэба? Толькі знае адно - моўчкі смаліць смярдзючую сваю махорку. Цяпер во жыві як хочаш, добра яшчэ, што ёсць гэта Бабоўка, на яе ўся надзея, яна пакуль што корміць абаіх. А што будзе далей?
        А Бабоўцы тым часам, мусіць, надакучыла скубці на жорсткім жвіровым адхоне, і яна ўскараскалася на прыдарожную ўзбочыну, быццам там было што смачнейшае. Сцепаніда адхінулася ад каменя: нашто карове даваць вытыркацца на насып, ці мала што можа здарыцца, каму трапіць на вочы? Праўда, за гэтыя два месяцы яна зразумела, што ад усяго не засцеражэшся, як ні туляйся, а яны калі захочуць, дык знойдуць і прыдзяруцца. Тым болей што ў немцаў знайшліся ўжо і памагатыя з мясцовых - нядаўна застрэлілі захожага чырвонаармейца, павесілі двух камуністаў на плошчы, адзін быў дырэктар школы, дзе вучыліся Фенька з Федзем. Там жа, у мястэчку, на сценах бялелі іхнія аб'яўкі з абяцанкамі жорсткае кары за ўсякае аслушэнства, непадпарадкаванне, тым больш парушэнне. Яна не ведала іхніх парадкаў, не хацела іх парушаць, але хто ведае, за што яны могуць прычапіцца да мірнага чалавека. Добра яшчэ, што цяпер гэты хутар застаўся як бы ў закутку, па дарозе ніхто не ездзіць, а ад мястэчка яго затуляе малады густаваты сасоннічак. Так спакайней.
        Сцепаніда ўзлезла на дарожны адхон і хварасціной лёгка пасцёбала Бабоўку па скарэламу заду - маўляў, давай прэч з дарогі. Карова, спаважна ступаючы, сышла з адхону ўніз у канаву. Канешне, трава там была не дужа каб прыдатная для каровінага языка - болей дуддзё і быльнёг, але хай. За дзень як-небудзь напасвіцца.
        Карова скубла ўнізе, а Сцепаніда пастаяла яшчэ на гасцінцы, азіраючы з невысокай насыпкі знаёмае да драбніц некалі сваё хутарское поле. Дзесяць гадоў яно ўжо было не іх - калгаснае, але чыё будзе цяпер? Наўрад ці немцы аддадуць ім зямлю, мабыць, ведаюць, што калі што выпусціш з рук, дык назад не ўхопіш. Якая яна ні ёсць, гэта зямелька, гэты пракляты Богам пагорак, празваны Галгофай, а вось шкада яго, як маці шкада нягеглага свайго дзіцёнка. Колькі тут выхадзілі яе немаладыя ўжо ногі, перарабілі яе хворыя рукі! Столькі гадоў яна тут жыла, рабіла ўсё, што трэба было ў сялянстве, да той жа няхітрай справы спакваля прывучаўся Федзька, Феня, праўда, захацела вучыцца і паехала ў Менск. Дзе цяпер яе дзеткі? Феня дык, можа, яшчэ і нічога, можа, дзе і жывая, калі пашчасціла ад гэтай навалы ўцячы на ўсход і цяпер недзе ў Расеі. А Федзька? Як узялі ўвосень у армію, за зіму прыслаў тры пісьмы з Латвіі, толькі пачынаў сваю службу на танках, і тут гэта вайна. Дзе ён цяпер, ці жывы хаця?
        У небе з-за хмар прарэзаўся востры краёчак сонца і бліснуў на абшар знянацкім святлом. На якія паўхвіліны самотны восеньскі абсяг дужа змяніў свой выгляд, нібы заўсміхаўся насустрач жаданай сонечнай ласцы. Высветленыя ім, рэзка азначыліся на зямлі гумны, садкі і будынкі Слабадскіх Выселак, што даўжэзным радам выцягнуліся на задарожным пагорку, воддаль засінеў хвойны лес, а бліжэй і правей лёгенька зазелянеў малады гушчар хвойнічку, роўна прарэзаны паскам гасцінца. Збоч ад яго і вышэй на шэрай сукніне поля азначылася несамавітая хутарская сядзіба, яе Яхімоўшчына, з парадзелым голлем садка, парканам пад ліпамі і калодзежным дашкам над ім. Сцепаніда прыгледзелася пільней, стараючыся ўбачыць там дзе Петрака, каб дазнацца, што робіць стары. Выганяючы ранкам карову, наказвала яму што-колечы зрабіць каля дома і не забыцца натаўчы ў ступе круп - назаўтра мелася варыць крупнік. Петрака, аднак, не было відаць, ды і сонца сышло за хмары, абшар спахмурнеў, не ўгледзець было, што там, на падворку, ёсць дзе Пятрок ці не.
        Сцепаніда злезла з адхону (чаго ж тырчэць без патрэбы) і памалу пайшла за каровай.
        Яна далекавата адышлася ад каменя, ужо недалёка быў хмызняковы ўзлесак, як пачула чалавечы голас па той бок дарогі. Тады яна ўзняла галаву, услухалася, і трывога яе мінулася, як толькі згледзела на дарожнай насыпцы знаёмага рудога сабачку. Той узбег на абочыну, спыніўся, таксама пазнаў яе і борздзенька заматляў хвастом. Адтуль, з-за дарогі, данёсся новы гартанны ўскрык, невыразны, здушаны, і яна ўжо ведала, што гэта Янка Ганчарык, нямы пастушок з Выселак, мабыць, прыгнаў свой невялічкі статак і пасе па той бок дарогі, як яна сваю Бабоўку - па гэты.
        І праўда, услед за сабачкам на насыпцы з'явіўся даўганогі падлетак у зашмальцаванай, з чужога пляча кашулі і з пугаю ў руках. Сцепаніда нярэдка сустракала яго на гэтым прыдарожжы ці ў расцяробах, у лесе ўсё з тымі ж чатырма каровамі, і заўжды ён прымушаў жалем сціскацца яе сэрца - такі быў недагледжаны, занядбалы, у падцятых вяроўчынай, суконных портках, з якіх тырчэлі яго доўгія пасівераныя лыткі. Заўжды ён з трывожнай недаўменнасцю ўзіраўся ў яе твар, быццам хацеў і не мог зразумець штосьці, сіліўся нешта сказаць на сваёй мове рук і рэзкіх гартанных гукаў, якія часам палохалі яе сваёй нечаканасцю. Часам яна хацела нешта сказаць яму, ён адказваў усё тымі ж гартаннымі ўскрыкамі, і яна ніколі не ведала: ці ён зразумеў што, ці не. Але хлеб ці якую скварчыну, якую яна даставала з кішэні, браў адразу ж і, прымасціўшыся на мяжы ці на камені, з'ядаў усё да крошкі. Падобна было на тое, што небарака часцяком быў галодны. Ведама, жыў не ў роднай маці, а ў дальняй радні, якой трэцяе лета запар пасвіў жывёлу за сякі-такі харч і прытулак пад дахам.
        Пастушок між тым азірнуў з дарогі свой невялічкі статак, ляснуў у паветры пугай і, падышоўшы бліжэй, моўчкі сеў на ўскрайку дарогі. Яго парэпаныя, абсаджаныя болькамі ногі ледзьве не да калень вылезлі з палапленых портак, рукі ён зябка сашчапіў на грудзях і аблёгся грудзьмі на калені.
        - Ы-ы, а-а! - сіліўся ён нешта сказаць. - А-э-э!
        Хто ведае, што з'явілася ў гэтай яго нячэсанай галаве пад картовай, са зламаным казырком кепкай ці ў яго наіўна расшыраных светлых вачах - якія там мроіліся думкі-намеры? Сцепаніда яму часам падкідвала на якую гадзіну-другую Бабоўку, калі здаралася такая патрэба. Яначка быў рупны і заўжды безадмоўны хлопец, і яна, вяртаючыся да каровы, кожнага разу старалася прыхапіць яму які-небудзь гасцінец - аладку, скварку, жменю гароху ці хоць спялейшы яблык з сука.
        - Сцюдзёна, Яначка? Што ж ты якую надзёўку не апрануў? - сказала яна, пазіраючы на яго ўгору.
        - А-а, э-э! - нешта памкнуўся ён вымавіць і махнуў рукой.
        - Такі вецер, прадзьме - і захварэеш, - паляпала яна сябе па грудзях. - Ідзі апранашку якую вазьмі.
        Янка нібы зразумеў штось і ўскочыў з дарогі, клопатна азірнуўся на свой недалёкі статак з чатырох кароў.
        - А-а-а! У-э-э-а!
        - Ідзі, ідзі! - сказала яна. - Я пагляджу. Я пагляджу! - і паказала на ягоных кароў і сваю Бабоўку.
        Дзіва, але ён зразумеў - лёгка, нібы пачуў. Збегшы з дарогі, завярнуў першую чорную карову і бегма прыпусціў гасцінцам да сасоннічку, ля якога была паваротка на Выселкі. Сабачка спярша борздзенька скіраваў за падлеткам, але, нібы зразумеў свой абавязак, вярнуўся і сеў на ўзбочыне, непадалёк ад Сцепаніды.
        - Рудзька, сюды! - паклікала яна, ды Рудзька толькі стрыгнуў вушамі - ён ужо дбайна азіраў статак, які памалу варушыўся ў канаве і на адхоне. Гэта быў хітраваты псяюга, не глядзі, што малы, а калі не бачыць у руках кавалка, дык дарма да чалавека не пойдзе.
        Янкавы каровы жвава тупалі па той бок гасцінца, і, каб не размінуцца з імі, яна таксама павярнула Бабоўку, узышла на гасцінец і памалу пайшла наперадзе. Нагам тут, на дробнай сухаватай траўцы, было зручней, не калола дуддзё, але вецер дзьмуў апантана, і яна хутка спынілася, адвярнуўшыся ад яго. У небе плыло-неслася рванае ашмоцце хмар, невядома, у якім месцы там хавалася сонца і ці хутка меўся настаць вечар. Але яна адчувала, што ўжо даўно павярнула з паўдня, праз якую гадзіну-другую абшар пацямнее, пачне змяркацца. Некалі ў дзённай гарачцы яна любіла і чакала той час, калі з палявой пільніцы можна вярнуцца на свой падворак, у хату, дзе клопату таксама не меней, але збіралася сям'я, і звыклыя хатнія турботы былі ў асалоду асабліва пасля дзённай гарачыні ці непагадзі, аднастайнай палявой работы. Цяпер жа ёй было ўсё роўна, не вабілі і вечаровыя клопаты ў хляве ці ля печы, сям'і, лічы, не было, заставаўся толькі Пятрок; адзін за адным адышлі на той свет старыя, трохі падросшы, адляцелі дзеці, неўпрыкмет мінулася ўсё добрае і благое, што з імі звязана. А двум старым ці шмат чаго трэба? Нечага перакусіць ды набок, укрыўшыся якім кажушком, - не хацелася і паліць на ноч грубку, добра было і так. Праўда, была жывёла: карова, дзесятак курыц і парсючок у хляўку, іх трэба было пакарміць і дагледзець. У тым амаль што і ўвесь яе хатні клопат.
        Рыжая маладая кароўка з Янкавага статка, не дужа пільнуючыся астатніх, поркалася сабе ззаду, усё болей адстаючы ад іншых, і Сцепаніда крыкнула на яе раз і другі. Але тая, мусіць, не прывыкла слухацца чужога голасу і не спяшалася даганяць статак. Тады Сцепаніда вярнулася па дарозе і, сышоўшы з насыпкі, падагнала карову. Калі ж зноў ускараскалася на гасцінец, убачыла, як на другім ягоным канцы ля хвойнічку нехта бяжыць, аж раздзімаецца на спіне кашуля. Трохі, аднак, угледзеўшыся, яна сцяміла, што гэта ж Янка. Але чаму ён вярнуўся, чаму не збегаў на Выселкі? Пад вецер праз слёзы з вачэй яна пільна паўзіралася ў яго, і нешта зашчымела ў яе нутры - нейкая трывога перадалася ёй ад таго апантанага бегу хлопца.
        Усё ўзіраючыся, яна пайшла насустрач, ведаючы ўжо, што здарылася благое, ніяк толькі не цямячы - што? Пасля яна не раз успамінала гэта сваё прадчуванне і дзівілася, як яно правільна падказала ёй набліжэнне таго, што так знянацку перавярнула яе жыццё. Але цяпер было толькі прадчуванне, блізкае да страху, з якім яна дачакалася Янку. Той, аднак, не дабегшы да яе, кінуўся з насыпкі да пярэдняй каровы і, аперазаўшы яе пугай, стаў шалёна заварочваць назад увесь статак. Каровы спярша нехаця, а пасля адна за адной патрухалі абапал канавы назад да ўзлеску, а Янка нешта зычна і нема крычаў, матляў у паветры пугай і тыцкаў рукой назад; твар яго скрывіўся ад страху ці, можа, здзіўлення, і Сцепаніда, яшчэ нерашуча, таксама завярнула сваю Бабоўку. Мабыць, там, у сасонніку, была небяспека, ад якой трэба было ратавацца, - так зразумела яна Янкаў спалох і сама ўжо гатова была не на жарт спалохацца.
        Праз нейкі час яны амаль што бягом загналі статак у зараснікі акрай балотца, трохі адагналі далей ад гасцінца, і яна падышла ў кустоўі да Янкі. Той зірнуў на яе новым, дагэтуль незнаёмым ёй позіркам і, гартанна гергечучы, нешта трывожліва спрабаваў растлумачыць, усё паказваючы рукой назад, туды, дзе застаўся гасцінец.
        - Дык што там? Што? - дапытвалася Сцепаніда, бачачы на абсівераным хлапечым твары толькі спалох, які гарэў таксама ў яго шырока раскрытых вачах, разяўленым роце. Янка даў працы рукам, нешта ўсё торкаў у кустоўе, абводзіў у паветры, такія круцялі вырабляў на пальцах, што, мусіць, зразумеў бы кожны. Яна ж, аднак, не разумела нічога.
        «Божа мой, гэта ж трэба ўрадзіцца такім недалэгам!» - упершыню з прыкрасцю падумала яна і ўслухалася. Але ў зарасніку было ціха, толькі шархацеў голлем вецер ды нейкая карова, мусіць, залезшы ў куст, воддаль трашчала суччом. З дарогі ж не было чутно ніводнага гуку. І тады яна надумалася схадзіць, паглядзець самой.
        - Ты папасі Бабоўку. Ну папасі карову. Я схаджу. Я скора.
        Янка загергетаў нешта зноў, заматляў рукамі, ці не разумеючы, ці не згаджаючыся, але яна яшчэ ўслухалася ў цішыню лесу і нетаропка пайшла хмызняком да гасцінца.
        На гасцінцы па-ранейшаму было пуста, і нічога не чуваць адтуль, ад сасоннічку, яна пастаяла, падумала і, не выходзячы на насыпку, хуценька патупала па-за канавай, дзе з гэтага боку была пакручастая, трохі ўтаптаная людскімі нагамі сцежка.
        Яна так і не магла даўмецца, што здарылася наперадзе, хоць увесь час узіралася ў канец гасцінца і разы чатыры ажно спынялася, слухаючы і разважаючы: што б там магло быць? На Слабадскіх Выселках таксама ўсё было ціха, пуста шарэў бульбяны палетак на касагоры каля яе хутара, усё дзьмуў вецер, і разы два здалося - выблісне з-за хмар сонца, ды так і не выбліснула. Так яна амаль што дайшла да сасонніку, шчыльны гушчар якога заўзята зелянеў абапал гасцінца, і да яе насцярожанага слыху ветрам данесла стук. Нешта там забівалі, ці што, - выразна ляскала па чымсь цвёрдым, аж аддавалася ў паветры, і ўпершыню яе пранізала здагадка: мост! Так, гэта было за недалёкай павароткай гасцінца, што знікаў у хвойным лапіку, менавіта там нешта адбывалася.
        Сцепаніда запаволіла хаду, гатовая спыніцца, але не спынілася - хуценька дайшла да сасонніку і, каб не ісці па дарозе, звярнула ў ягоны гушчар. Тут было рукой падаць да хутара, і тут яна ведала ўсе пянькі, сцежкі, вытаптаныя Бабоўчынымі ды і яе нагамі. Яна амаль подбегам, дзе прама, а дзе ўгінаючыся ад голля, адолела невялічкі хвойны пагорак на ўзлеску, асцярожна ступаючы, зірнула на шырокую разлогу поплава з нябачнай адсюль крывулінай рэчкі. Сапраўды, ад моста ўжо чутны стаў гоман, спазнела гупнула ад скінутага на зямлю бервяна, яна адхінула ад твару калючую галіну і ўбачыла тое, што на момант прымусіла замерці сэрца.
        Ля моста ўнізе, ля самай вады і на разбуранай колішнім выбухам насыпцы, завіхаўся дзесятак людзей, згружалі бярвенне з падвод, што тоўпіліся па той бок на дарозе, а на самым абрыве ля разварочаных паляў і бэлек стаяла некалькі мужчын у незнаёмай вайсковай форме са зброяй. Адзін з іх у шызай казыркастай шапцы нешта паказваў ад сябе ў бакі то левай, то правай рукой і тлумачыў, іншыя заклапочана азіралі рэшткі разбуранага моста, і яна раптоўна з нечаканым страхам уцяміла: то ж немцы!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.