РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Кастусь Каліноўскі
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мужыцкая праўда
№1
№2
№3
№4
№5
№6
№7
№6
        
№6

        
        
        
        
        №6
        Дзецюкі!
        
        Чы мая праўда горка, чы яна салодка, я пісаў заўсюды і пісаці буду — учыў я вас, як рабіці трэба, і ўчыці буду. Вы адно слухайце мяне, талкуйце добра і рабеце так, як сумленне вам скажа, а Бог яшчэ злітуецца над намі і дасць нам шчасце, і дабро ў нас будзе.
        
        Калі Бог, стварыўшы чалавека, даў яму душу, то не на тое, каб ён жыў, як сабака, на гэтам, а на тамтам свеце прападаў на век вякоў у мэнках пякельных,- а для таго, дзецюкі, каб знаў закон Божы, знаў свайго Бога, знаў сваю веру і заслужыў на шчасце нябеснае. Калі сын боскі, прыйшоўшы на гэты свет, устанавіў праўдзівую веру і за гэту веру цярпеў крыжовыя мэнкі, то не для таго, каб якіясь там цары маскоўскія, байстручага роду, перамянялі закон Божы, а мы, на прыказ гэтых цароў, выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, ніхто не смеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго.
        
        Но чы гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказвае, чы дзержымося мы закону боскага? Самі скажыце. Не адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры, і ніколі ўжэ не спомніць на тое, што перавярнулі яго на сызму, на праваслаўе, што ён сягодня, як той сабака, жыве без веры і, як сабака, здохне чартам да пекла!!! О, дзецюкі, ліха такому чалавекові! А калі мы будзем гэтак рабіці з Богам, так што ж Бог найвышшы з намі зробіць? Аддасць у пекла на вечныя мэнкі, будуць чэрты душу нашу на кускі рваці, а смала ў вантробах кіпеці будзе. Пазнаеш тагды сваё ліха — но ў пекле па няўчасе ўжэ будзе, не перапросіш тагды ўжэ справядлівага Бога, і мэнкам тваім ніколі канца не будзе.
        
        Цяпер пытаю вас, дзецюкі,- хто ж нам гэта ліха нарабіў і што зрабіці трэба, каб мы былі шчаслівыя і на гэтам, і на тамтам свеце?
        
        Нарабіў нам гэтага ліха, дзецюкі, гэта цар маскоўскі, ён-то, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму запісаці, ён-то плаціў грошы, каб толька перахадзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую - уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў злітавання над намі.
        
        Но, Божа вшэхмоцны, міласерны ты наш пане, ты аб нас не забывай, злітуйся над намі, памажы нам у нашай нядолі, выжані маскаля з нашага краю, дай нам праўдзівую вольнасць і веру нашых дзядоў і прадзедаў, а касцёлы, што маскаль, нячыстая яго сіла, параскідаў альбо перарабіў на стайні і цэркві, зноў заяснеюць тваею хвалою, і народ у ніх хваліці цябе будзе, як хвалілі нашыя прэдкі. Заспяваем тагды ў адзін голас нашу песнь святую: “Сьвенты Божа, сьвенты моцны, свенты несьмертэльны — змілуй сен над намі!” — і Бог найвышшы змілуецца над намі, дапаможа нам у нашай працы, а на тамтам свеце дасць крулества нябеснае — і не будуць ужэ дзеткі нашыя сваю матку праклінаці, што на свет радзіла!
        
        Паказваюць людзі, што свенты Ойцец аж з Рыму прыслаў ужэ да нас сваё благаславенне (но маскаль яго спыняе) - гавораць, што прышле і ксяндзоў, што будуць прымаці на уніяцкую веру. Тагды, дзецюкі, хто адно верыць у Бога, яго сына і духа святога, няхай зараз пакідае сызму і пераходзіць на праўдзівую веру дзядоў і прадзедаў. Бо хто не пяройдзе на унію, той сызматыкам застанецца, той, як сабака, здохне, той на тамтам свеце пякельныя мэнкі цярпеці будзе!
        
        Так годзе ж ужэ, дзецюкі, жыці без ніякай пацехы на свеце, калі Бог міласерны мае злітаванне над намі, а ты, чалавеча, як перачытаеш альбо пачуеш гэту праўду, згавары пацеры, каб Бог вшэхмоцны дапамог людзям, што дабро нам думаюць, што хочуць, каб мы былі вольныя, як шляхта, мелі сваю зямлю, як шляхта, хвалілі Бога па праўдзе і заслужылі на Неба на тамтам свеце.
        
        Гэтага для вас ад душы хоча ваш брат, такі самы з дзедаў-прадзедаў мужык, як і вы, но яшчэ уняцкай веры
        
        Яська-гаспадар з-пад Вільні
        
        
        
        
        

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.