РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
7
        
7

        
        Паснедаўшы з кацялкоў на падворку, немцы трохі патаўкліся каля свае кухні, пагергеталі, пакурылі і зноў пасядалі ў машыну. На гэты раз з імі паехаў фельдфебель - афіцэр зачыніўся ў хаце, і яго не было чуваць, мабыць, нешта рабіў або спаў. Пятрок, звесіўшы голаў, сядзеў ля жорнаў у істопцы і не курыў нават - мусі, пасля таго, што здарылася, не памагло б і курыва.
        Сцепаніда спакваля аклемалася ад спалоху і ціхенька стаілася ў паўзмроку збоч ад акенца, чуйна ўслухоўваючыся ва ўсё, што рабілася на падворку. Але, пэўна, на падворку засталіся адны толькі кухары, іншыя з'ехалі ўсе на мост. Тады з нейкаю насцярогаю ў душы яна выйшла ў сенцы, яшчэ трохі прыслухалася - за дзвярыма ў хаце нібы ўсё вымерла, не чутна было ніводнага гуку. Мабыць, прыдаўся момант пакарміць парсючка, а то яшчэ зарохкае па-дурному і тады не ўберажэш - забяруць. Падумаўшы так, Сцепаніда нарэзала ў чыгунок трохі бульбы, трохі пасыпала абмешкі, дадала яшчэ ўчарашняй варанай, усё перамяшала. Цяпер трэба было неўпрыкмет аднесці чыгунок у застаронак.
        - Пётра, глянь там, - шэптам сказала яна мужу, але той не скрануўся нават. - Чуеш?
        - Ат!.. Не ўберажэш! Усё роўна...
        - Як гэта - усё роўна?..
        Яны ціха перагаворваліся так у істопцы, але нядаўні стрэл, мусіць, так скалануў нутро Петрака, што той быў нібы сам не свой. Нібы ў гарачцы ці якім здранцвенні. Іншы раз яна б насварылася на яго, але цяпер не было як сварыцца, ды і разумела: хапіла страху старому, і Сцепаніда хуценька глянула з сенцаў.
        На падворку было пуста ўжо, толькі ля кухні, угнуўшыся цераз край, замываў кацёл Карла, яго злы кухар стаяў ля скрынак спіной да хаты і нешта калупаўся ў іх. Відаць, можна было выйсці - ці мала што магло быць у яе чыгунку, якая ім да гэтага справа?
        Яна так і зрабіла - ціхенька шмыганула за істопку і па дрывотні ў зарослы дзядоўнікам гародчык. Парсючок, малайчына, нават не азваўся на яе крокі, толькі заварушыўся ў саломе, як яна пачала расчыняць нізкія дзверцы. Каб не затрымлівацца дужа, яна паставіла цераз парог чыгунок і сахой падперла дзверцы застаронка.
        Парсючок памалу варушыўся сабе за дашчанай сцяной ды троху пляцкаў, амаль не падаючы голасу, а яна стаяла ў дзядоўніку і думала. Усё ж, чула яе душа, не дужа надзейны тут схоў, асабліва калі столькі людзей на падворку - выйдзе каторы хоць бы па патрэбе за рог і ўчуе. Во, ды яшчэ і куры! Неяк яна не падумала пра іх, і тыя сноўдалі цяпер па-пад плотам, за сцяной хляўка, дзядоўніку - нешта шукалі сабе, дзяўблі. І яна не ведала, як лепей: ці заперці ўсіх разам іх у хляўку, ці адагнаць куды ад сядзібы. Як бы тыя не палавілі іх, мусіць жа, не сляпыя, убачаць.
        Але курэй пакуль што яна ратаваць не стала - болей баялася за Бабоўку, якую гэты раз кінула ў кустоўі разам з Янкавым статкам. Яна спалохалася, каб Янка не пагнаў статак на Выселкі, бо ўжо вечарэла, неба так і не выбавілася з-пад хмар, якія спрэс прыдушылі яго, нізка налеглі на шэры прастор і амаль не рухаліся з месца. Добра яшчэ, што было не сцюдзёна, учарашні вецер аціх, але ў мокрай траве было дужа няўтульна нагам, калі Сцепаніда выйшла з гарода. Па трохі прабітай у бульбянішчы сцежцы яна падалася на ўзровак і там узяла ўбок, таксама слабенькаю ў траве сцяжынкаю пад мокрым, пацярэбленым слатой хмызняком. Амаль подбегам шыбуючы па краі поля да Баранняга Логу, яна думала, што, мабыць, настане і горшае, што адным толькі перасяленнем у істопку не абыдзецца. Калі яны пастаяць на сядзібе доўга, дык ці мала што можа здарыцца, а гаспадарку абяруць датла, гэта ўжо пэўна. Як тады жыць? Як засцерагчы ад іх кароўку, парсючка, курачак? Збажыну якую ці бульбу, можа, не возьмуць, нашто ім, але дровы папаляць. Хіба назапасіш тады без каня? А як быць зімой?
        Клопату было шмат, як і трывог, кепскае прадчуванне грызла душу, але знешне Сцепаніда трывала і выглядала спакойнай. Яна была не з тых баб, што па першай бядзе кідаюцца ў слёзы, яна прадчувала, што бедаў будзе зашмат для яе небагатых, некалі добра ўжо выплаканых слёз, што трэба паашчаджацца на хваляванні.
        Яначкаў невялікі статак яна згледзела ў кустоўі непадалёк ад дуплістай калоды паваленага дуба на самым узлеску. Каровы паціху шамацелі кустоўем, а Янка, прыхаваўшыся за ялінкай, чакаў яе і, як згледзеў, нешта горача загаманіў, усё паказваючы ў поле. Можа, ён што бачыў там? Але, здаецца, цяпер там было пуста, пара было гнаць жывёлу дадому. Сцепаніда адлучыла Бабоўку ад іншых, і тая ахвотна скіравала па сцежцы да хутара. Тут толькі Сцепаніда спахапілася, што нічога не ўзяла Янку, ды і сама яна сёння не мела крошкі ў роце. Янка на развітанне загергетаў незразумела і ўзрушана, замахаў рукамі і толькі напаследак няўмела вымавіў два трывожныя словы, якія цяпер былі зразумелы кожнаму:
        - Пук! Пук!
        Сцепаніда не стала дапытваць, пра што ён хоча сказаць, і хуценька пагнала хварасціной Бабоўку - пакуль на сядзібе не было немцаў, трэба было паспець падаіць карову.
        Трохі прыпацеўшы нават у калянай хусцінцы і пад ватоўкаю, яна дагнала карову да плота каля бульбянішча і зразумела, што прыпазнілася. На падворку пад ліпамі ўжо высіўся брызентавы верх машыны і чулася гамана, нязвыклае, нянаскае гергетанне, паасобныя выкрыкі, здаецца, там штось адбывалася. У недаўменні яна прыпынілася, Бабоўка падняла галаву і замарудзіла крок. Над парканам было відаць, як немцы, таўкучыся купкаю, цягнулі з машыны нешта грувасткае і цяжкое, і адзін, мабыць, заўважыўшы яе за плотам, радасна-гарэзліва закрычаў цераз гарод:
        - О, матка, млеко!
        Рабіць не было чаго, яна ціха сцебанула хварасціной Бабоўку, тая пераступіла ніжнюю жэрдку ў плоце і звыклым шляхам пайшла сцяжынай да падворка.
        На падворку адбывалася тое, чаго Сцепаніда найболей баялася: немцы ўсталёўваліся надоўга. Вывалакшы з машыны грувасткую шэрую брызенціну, яны распіналі яе на коллі ля тыну на нетаптанай мураве падворка, таўкліся там усёй грамадою, расцягвалі вяроўкі, забівалі ў зямлю кароткія калкі. Двое па краях дужа ўперліся ў зямлю, амаль легшы на падворак, - цягнулі вяроўкі, і шэры брызентавы дах падатна напяўся, утварыўшы вялізную, ледзьве не з хату, будыніну.
        На дрывотні стаяў згорблены Пятрок, трохі захінуўшыся за вугол, пазіраў, што рабілася на падворку, і, згледзеўшы жонку, роспачна развёў рукамі. Але Сцепаніда не азвалася. «Чорт з імі, - падумала яна, - там яны замінаць будуць найменей». Ёй абы не займалі гэты канец падворка, дзе былі хлеў, курыны катушок, дрывотня, праход да застаронка. Ды, мусіць, тут для іх брудна, ім патрэбна чысцей. Той, вышэйшы за гэты, канец двара, натуральна, быў і чысцейшы.
        Бабоўка, мусіць, не горш за гаспадароў адчувала небяспеку ад гэтых людзей і толькі паткнулася выйсці з дрывотні, як нерашуча стала, задрала галаву і чмыхнула - яна ці баялася. Сцепаніда зайшла наперад, пагладзіла кароўку па цёплай казытлівай шыі.
        - Ну нябось... Ідзі, ідзі...
        - Млека! Млека! - п'яна закрычаў хтосьці між немцаў, і не паспела яна з кароваю падысці да варотаў хлява, як памочнік кухара Карла, валюхаючы на сваіх караткаватых асадзістых нагах, ужо нёс шырокае бляшанае вядро. Ад кухні пазіралі сюды чалавекі тры і сярод іх той кругленькі рыжаваты фельдфебель, які і цяпер там мітусіўся, нешта крычаў ці камандаваў.
        Звычайна яна, як даіла, кідала Бабоўцы які ахапак травы ці атавы, тады тая стаяла спакойней і лепей аддавала малако, - цяпер жа ў яе нічога не было пад рукамі, а немцы, мяркуючы па ўсім, чакаць не мелі намеру. Яна хацела сказаць Петраку, каб прынёс што, але перадумала: хай! Нешта ў ёй пыхнула злосцю і зашчапілася ад гэтай іх бесцырымоннасці - быццам яна павінна забяспечваць гэтую зграю малаком ад свае каровы, - хай бы пашукалі дзе яшчэ кароў. Бабоўка між тым, таксама нібы разумеючы ўсю меру нахабства няпрошаных гасцей, перабірала нагамі і ўсё азіралася на той бок падворка, калі Сцепаніда прысела да яе. Бабоўцы тое таксама яўна было не па нораву, карова пераступала, хвалявалася, Сцепаніда адчувала гэта, і яе абурэнне ўсё расло ўнутры. Усё ж яна неяк нацыркала паўвядра малака і ўстала ад каровы. Карла са скурана зашмальцаваным каўняром мундзірчыка стаяў побач, на яго азызлаватым твары не было нічога, апроч цярплівага, абыякавага чакання.
        - Во, болей няма! - сказала Сцепаніда, аддаючы яму вядро.
        Немец моўчкі ўзяў і, валюхаючы, панёс да кухні. Да Сцепаніды неяк бокам падступіў Пятрок, азірнуўшыся, ціха зазначыў:
        - Але ж... Мабыць, замала. Каб іх...
        - Хопіць! - рашуча сказала яна і шлёпнула карову па азадку, скіроўваючы яе ў хлеў.
        І ў той час ад кухні раздаўся такі злы вокліч, што яна здрыганулася:
        - Хальт! Ком!..
        Гэта ўсё той фельдфебель, ён аж счырванеўся ад нейкага абурэння і, пакуль Сцепаніда пацяміла, чаго ад яе хацелі, з вядром у руках прыкаціўся ледзьве не ўпрытык да яе. Нешта хуценька і злосна гамонячы, ён тыцкаў у яе вядром, яна слухала і ўжо разумела, што малака было мала.
        - А дзе я вам вазьму болей? Усё.
        - Аллес?
        Кругленькі фельдфебель яшчэ нешта пралямантаваў да яе, пасля порсценька павярнуўся да кухні, знайшоў там кагосьці позіркам і тузануў галавой - ком! Усё той жа Карла, па-ранейшаму нетаропка і валюхаста, прытупаў да фельдфебеля, узяў вядро, нерашуча падышоў да каровы, якая ўстрывожанымі вачыма няўцямна пазірала наўкола. Калі ён наблізіўся да яе задніх ног, яна пераступіла і стала да яго бокам. Карла змушаны быў зноў абыходзіць, і фельдфебель крыкліва вызверыўся на Петрака - той спалохана ўхапіў Бабоўку за рогі.
        Сцепаніда ўжо разумела, што зараз будзе, і плюнула на падворак. Ёй было страшнавата ад таго, што яе падман, мусіць, зараз адкрыюць, і разам стала агідна: салдат браўся даіць, а яе дурань Пятрок змушаны быў яму памагаць. Бедная Бабоўка, што яны зараз зробяць з ёй, вочы б яе не глядзелі на тое. Але так, яны ўжо даілі - раскарачаны Карла гнуўся пад карову, зазіраючы на каровіна вымя, у вядры ўжо зацуркала з сісек, Бабоўка перабірала нагамі, ненастойліва памкнулася вывернуць рогі, ды, мусіць, Пятрок трымаў моцна. Сцепаніда ўся напялася ад маўклівае злосці, стаяла зводдаль і не ўзнімала позірку з долу. Але яна ўсё бачыла і нема слала праклёны гэтым чужынцам, а найбольш гэтаму рыжаму фельдфебелю, які напяўся і сачыў за ўсім, што рабілася ля каровы. Нарэшце праз якіх хвілін пяць яна зірнула ў вядро і сцялася яшчэ болей: тое поўнілася ўжо да берагоў. Ах ты, дурная Бабоўка, нашто ты аддаеш ім! Але мусіш аддаць, Бабоўка таксама баялася, баяўся Пятрок, падкурчаныя ногі якога ў суконных, залапленых на каленях штанах дробненька падрыгвалі, калі ён з натугай утрымліваў карову! Сцепаніда таксама баялася - ведала, дабром гэта не скончыцца.
        - Генуг! - раптам скамандаваў фельдфебель - вядро было поўнае. Карла выпрастаўся і асцярожна, каб не разліць, паставіў малако перад начальствам. Фельдфебель з лютасцю ў скіраваным на яе позірку тужэй сашчапіў пульхныя пашчэнкі.
        - Ком!
        Яна ўжо ведала, што азначае гэтае слова, і памалу падышла да яго, спынілася за два крокі, не могучы адарваць позірку ад вядра, у якім зверху ціхенька гойдалася малочная пена. Яна чакала крыку, пагроз, але рыжы фельдфебель не крычаў, ён толькі пасунуў наперад да спражкі сваю кабуру.
        - Паночку! - раптам чужым тонкім голасам закрычаў Пятрок і каленямі бухнуўся на непрасохлы пасля дажджу дол. - Паночку, не трэба!
        Тут толькі яна зразумела, што немец хоча дастаць свой рэвальвер, і сэрца яе непрыемна скаланулася ў грудзях. Але яна не скранулася з месца, яна толькі сачыла, як ён нешта няўмела поркаецца там з рэвальверам, не можа яго адшпіліць, ці што. Пятрок і яшчэ заекатаў, пасунуўшыся бліжэй на каленях, з пакамечанай шапкай у руках, сівы, няголены і няшчасны. Яна ж стаяла, як адзервянеўшы, нібы непадуладная смерці, хоць і гатовая да яе кожную секунду. Але замест рэвальвера немец урэшце адшпіліў нейкі белы даўгаваты ланцужок, і, перш чым яна паспела што зразумець, пякельны боль аперазаў яе плячо і шыю. Яна ўскінула руку, тады дужа апякло пальцы на руцэ, ляснула па спіне, добра, што на плячах была ватоўка, праз яе было не так ужо і балюча. Фельдфебель нешта злосна крычаў і яшчэ некалькі разоў выцяў яе, але найбольш балелі пальцы пасля другога ўдару, спіне ж было амаль не балюча. Тым болей яна знайшла, як захінацца ад яго ўдараў - не пальцамі, а болей локцем, і ён, лупнуўшы з усяе сілы яшчэ разы два, мусіць, зразумеў, што надта яе не проймеш. Тады ён апусціў ланцуг і крычаў, ад натужнае злосці чырванеючы белабровым тварам, але яна, бы глухая, не слухала яго крыку і не хацела разумець яго. Краёчкам увагі яна адчула, як там, ля палаткі і ля кухні, нешта кпліва ржалі два ці тры немцы - мусіць, тое, што вытваралі з ёй, здавалася ім надта смешным, мусіць, для іх гэта было вясёлай забавай. Што ж, гагачыце, праклятыя, забаўляйцеся, падумала яна, біце няшчасную жанчыну, якую няма каму абараніць. Але ведайце: у гэтай жанчыны ўсё ж ёсць сын-салдат, ён вам папомніць. Хай не цяпер - прыйдзе час, паквітаецца за матчыны боль і знявагу. І ты ўстань, Пётра, нягожа поўзаць перад імі на каленях. Хай! Пабілі яе, як якую прыблуду, на сваім жа двары, пад смех і гогат, але яна сцерпіць. Цярпі і ты.
        Пякучым болем гарэлі шыя пад вухам і пальцы на левай руцэ, калі яна марудным крокам, прыдушаная невыказнаю крыўдай, пайшла на дрывотню, каб засланіцца ад іх нахабных вачэй, а можа, і заплакаць. Але каб яны не бачылі. Дужа хацелася заплакаць, калі б былі слёзы. Шкада, у яе даўно не было слёз, быў толькі гнеў, прыдушаны і ледзьве падуладны ёй, ад якога найперш ёй самой было дужа нясцерпна. Ну але хай, суцяшала яна сябе, хай! Яшчэ пабачым. Можа ж, не застрэляць да вечара, яшчэ пажывём трохі...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.