РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
1
        
1

        
        – Усё. Спрачацца не будзем, стройце людзей! – сказаў Іваноўскі Дзюбіну і выйшаў з-за вугла пуні.
        Даўганогі, худы і нязграбны ў сваім белым абвіслым маскхалаце старшына Дзюбін памкнуўся нешта сказаць, але змоўчаў; у снегавым змроку блізкае ночы было відаць, як незадаволена перасмыкнуўся яго цёмны ад сцюжы і ветру, заўчасна зморшчаны твар. Пасля кароценькай паўзы, якая засведчыла яго маўклівую нязгоду з лейтэнантам, старшына рэзка ступіў па ледзьве азначанай у снезе сцяжынцы да старанна прычыненых дзвярэй пуні. Цяпер ужо зачыняць іх не было патрэбы, шырокім размашыстым рухам Дзюбін адкінуў дзверы, і тыя коса загойдаліся на адной завесе.
        – Пад’ём! Выхадзі строіцца!
        Іваноўскі, стоячы побач, прыслухаўся. Нягучная размова ў пуні адразу заглухла, усё там сціхла, нібы загіпнатызаванае гэтай, па сутнасці, такой звычайнай армейскай камандай, якая цяпер азначала для ўсіх надта многае. Праз імгненне, аднак, усё там заварушылася, зашамацела, пачуліся галасы, і вось ужо нехта першы выйшаў з дзвярэй на чыстую вечаровую белізну снегу. «Півавараў», – задумліва адзначыў сабе Іваноўскі, убачыўшы белую фігуру байца ў новенькім маскхалаце на фоне цёмнага бярвення сцяны. Аднак лейтэнант тут жа і забыўся пра яго, агорнуты ўласнымі клопатамі і слухаючы загадныя вокрыкі старшыны ў пуні.
        – Хутка выходзь! I нічога не забываць: вяртацца не будзем! – глухавата даносіўся праз дзверы заклапочана-буркатлівы голас Дзюбіна.
        Старшына відавочна злаваўся, так і не пагадзіўшыся з лейтэнантам, хоць амаль нічым і не выказваў гэтае сваёй нязгоды. Але хай! Злавацца сабе Дзюбін мог колькі хацеў, гэта яго асабістая справа, але пакуль тут камандуе ён, лейтэнант Іваноўскі, яму і рашаць. А ён ужо і рашыў – канчаткова і беспаваротна: пераходзіць перадавую будуць тут і цяпер, таму што колькі можна адкладваць! I так ён чакаў амаль шэсць сутак – было зусім блізка, якіх трыццаць кіламетраў, стала шэсцьдзесят – толькі што мераў па карце; на мясцовасці, вядома, набярэцца і болей. Праўда, у канцы лістапада ноч доўгая, але ўсё ж надта многа ўскладвалася на гэтую адну ноч, каб неразумна губляць такі дарагі цяпер для іх час.
        Лейтэнант рашуча ўзяў прыслоненую да сцяны звязку лыж – сваю звязку – і адышоўся са сцежкі ў снег – на тры крокі наперадзе групы. Байцы таропка разбіралі лыжы, нацягвалі на галовы капюшоны; вецер з-за вугла злосна тузаў тонкую бязь маскіровачных халатаў і ляскаў па грудзях даўгімі канцамі завязак. Як Іваноўскі ні выкідваў усё лішняе, грузу набралася занадта, і ўсе дзевяць байцоў выглядалі цяпер нязграбна-няўклюднымі ў сваіх тоўстых ватоўках, абвешаных пад маскхалатамі рэчмяшкамі, гранатнымі сумкамі, падсумкамі і патранташамі. У дадатак да ўсяго яшчэ і лыжы, якія былі пакуль што грувасткім цяжарам, не больш. Але ўсё было неабходна, а лыжы, якія здаваліся цяпер непатрэбнымі, вельмі спатрэбяцца потым, у нямецкім тыле, – на лыжы ў яго была ўся надзея. Гэта менавіта ён прапанаваў там, у штабе, паставіць групу на лыжы, і яго ідэю адразу і ахвотна адобрылі ўсе, ад флегматычнага пачальніка аддзела разведкі да прыдзірлівага, строгага начальніка штаба.
        Іншая справа, як яе выкарыстаць, гэтую ідэю.
        Менавіта гэта болей за іншае турбавала цяпер лейтэнанта, пакуль ён маўкліва, са стоеным нецярпеннем чакаў пастраення групы. У снежным паўзмроку байцы разбіралі лыжы і, глуха пастукваючы імі, цесна месціліся на вузкай сцяжынцы. Як яны пакажуць сябе на лыжах? Не было часу як след праверыць усіх на лыжні, набліжаліся да перадавой завідыа, сагнуўшыся, прабіраліся ў кустоўі. З раніцы ён праседзеў на НП камандзіра тутэйшага стралковага батальёна – назіраў за праціўнікам. Увесь дзень з нізкага хмарнага неба сыпаў рэдкі сняжок, пад вечар сняжок пагусцеў, і лейтэнант узрадаваўся. Ён ужо выгледзеў увесь маршрут пераходу, запомніў на ім кожную купіну, і тут пайшоў снег, – што можа быць лепш! Але як толькі пачало змяркацца, вецер павярнуў убок, снегапад стаў меншаць і амаль перастаў зусім, толькі рэдзенькія сняжынкі несліся ў сцюдзёным паветры, слепа натыкаючыся на патрэсканыя сцены пуні. Старшына прапанаваў пачакаць пару гадзін, можа, завея зноў разгуляецца. У завею яны б управіліся куды як лепш...
        – А калі не разгуляецца? – рэзка перапытаў яго Іваноўскі. – Тады што ж? Паўночы – кату пад хвост? Так, ці што?
        Паўночы траціць не выпадала, увесь іх шлях быў разлічаны менавіта на поўную ноч. Зрэшты, старшыне нельга было адмовіць у разважлівасці – калі пераход сарвецца, не спатрэбіцца і самая поўная, самая доўгая ноч.
        Правафланговым на сцежцы стаяў сяржант Лукашоў, з кадравых – плячысты маўклівы дзяцюк, сапраўдны працаўнік-пехацінец, памочнік камандзіра ўзвода, спецыяльна адкамандзіраваны з батальёна аховы штарма на гэта заданне. Ва ўсім яго абліччы, нетаропкіх і дакладных рухах было нешта ўпэўненае, дужае і надзейнае. Побач уладкоўваўся на сцяжыне таксама ўзяты з стралкоў баец Хакімаў. Хоць яшчэ і не было ніякай каманды, на смуглявым твары яго з цёмнымі бровамі ўжо з’явілася ўвага да камандзіра; вінтоўка ў адной руцэ, а лыжы ў другой роўненька стаялі ля ног. Поплеч з ім, папраўляючы сваю ношу ўзрыўчаткі, стаў баец Суднік, малады яшчэ хлопец-падрыўнік, рухавы і даволі спрытны на выгляд. Ён адзін з нямногіх сам папрасіўся ў групу, пасля таго як у яе быў залічаны ягоны саслужывец сапер Шалудзяк, з якім яны разам займаліся абсталяваннем КП штарма. Іваноўскі не ведаў, які з Шалудзяка падрыўнік, але лыжнік з яго аказаўся няважны, гэта адчувалася ў самым пачатку. Мітуслівы і мешкаваты, гэты саракагадовы дзядзька, яшчэ не паспеўшы стаць у строй, ужо разваліў сваю звязку, лыжы і палкі раз’ехаліся канцамі ва ўсе бакі. Баец спахапіўся збіраць іх і ўпусціў у снег вінтоўку.
        – Не мог як трэба звязаць? – ступіў да яго Дзюбін. – Ану, дай сюды!
        – Бы на лыжах як ходзіце? – адчуўшы нядобрае, запытаў Іваноўскі.
        – Я? Ды так... Хадзіў некалі.
        «Некалі!» – з раздражненнем падумаў лейтэнант. Чорт вазьмі, здаецца, падабралі групу. Зрэшты, яно і зразумела, трэба было самому ўсіх апытаць, пагутарыць з кожным па-асобку, кожнага праверыць на лыжні. Але самому не было калі, сам два дні правалэндаўся ў штабе, у начальніка разведкі, пасля ў камандугочага артылерыяй, у палітаддзеле, у асобым аддзеле. Групу падбіралі іншыя, без яго. А вядома, як падбіраюць для некага.
        Хутка цямнела, наступала сцюдзёная ноч, снегапад канчаткова пераставаў, і лейтэнант заспяшаўся. Дзюбін, здавалася, надта доўга пракорпаўся з лыжамі гэтага Шалудзяка, пакуль звязаў іх. Насупраць у цярплівым чаканні, азначаным на цёмных пад капюшонамі тварах, стаялі яго байцы. За Шалудзяком высіўся Краснакуцкі, мажны прыгажун у вастраверхім, як і ў Дзюбіна, шлеме-будзёнаўцы, побач застыў даўгашыі Кудравец і ля яго – непрыкметны маўклівы Заяц. Апошні на сцежцы стаяў, напэўна, самы малады тут, баец Півавараў. Лейтэнант недастаткова ведаў іх, тых, з кім неўзабаве прыйдзецца яму падзяліць славу або смерць, але выбару ў яго не было. Вядома, было б куды лепш адправіцца на такую справу з добра знаёмымі, выпрабаванымі ў баях хлопцамі, але дзе яны, тыя яго добра знаёмыя хлопцы? Цяпер цяжка ўжо і прыпомніць усе вёскі, магільнікі, усе ляскі і пагоркі, дзе ў брацкіх і адзіночных магілах пазаставаліся яны, яго батарэйцы. За пяць месяцаў вайны ўцалела няшмат, тыдзень назад з ім разам прабілася цераз лінію фронту ўсяго чацвёра. Двое прытым аказаліся абмарожаныя, аднаго паранілі пры пераходзе каля Аляксееўкі; да самага канца з ім аставаўся вычысліцель сяржант Варанок. Гэты Варанок вельмі спатрэбіўся б цяпер, але Іваноўскі не мог адшукаць яго. Вычысліцеля адправІлІ ў стралковы батальён на перадавую, адкуль, як вядома, не ўсе вяртаюцца...
        – Так... Раўняйсь! Смірна! Таварыш лейтэнант...
        – Вольна, – сказаў лейтэнант і запытаўся: – Усе ведаеце, куды ідзём?
        – Ведаем, – прабасіў Лукашоў.
        Астатнія згодна маўчалі.
        – Ідзём да немца. Нашто і чаго – пра гэта пасля. А цяпер – хто хворы? Ніхто? Усе, значыць, здаровыя? Хто ш лыжах хадзіць не ўмее?
        Кароценькі строй насцярожана сціх, цёмныя прытомленыя чаканнем і ўвагаю твары пакорна і ўважліва пазіралі з-пад бязевых капюшонаў на свайго камандзіра, які цяпер непадзельна браў пад сваю апеку іх салдацкі лёс. Усе, прыціхшы, маўчалі, напэўна, яшчэ не ва ўсім, што чакала іх, разабраліся самі. Але нічога болей, як цалкам пакласціся на яго, іх камандзіра, ды на гэтага вось цыбатага старшыну, каторы другі дзень апякаў групу, ім не заставалася.
        Іваноўскі цераз проразь у маскіровачных штанах прасунуў руку ў кішэню і выцягнуў важкі кубік гадзінніка, некалі зняты ім з падбітага нямецкага танка. Гадзіннік жвава і радасна зацікаў на далоні, засвяціўшы ўсімі лічбамі свайго цыферблата. Было без дзесяці хвілін сем.
        – Дык вось, у нашым распараджэнні дванаццаць гадзін. За гэты час, мінус гадзіну-другую на пераход баявых парадкаў праціўніка, трэба адмахаць шэсцьдзесят кіламетраў. Зразумела? Хто на гэта не здольны?
        Уважлівым позіркам ён абвёў строй, у каторым ніхто не варухнуўся нават, і так было ціха, што чуўся шорхат сняжынак на даху. Але зноў ніхто не азваўся на гэта яго далека не дробязыае пытанне.
        – Тады ўсё. Старшына – замыкаючы. Група – за мной марш!
        Іх ніхто не праводзіў тут, уся таропкая падрыхтоўка да пераходу была закончана загадзя. Гадзіну назад на КП камандзіра стралковага батальёна яны дамовіліся, што батальён будзе маўчаць, каб не насцярожваць немцаў, і яны пастараюцца прашмыгнуць незаўважанымі ў шэрым паўзмроку. Зрэшты, калі б і патрабавалася дапамога, то чым ім мог памагчы батальён, які толькі зваўся батальёнам, а на справе складаўся са стралковае роты – не больш, якім, дарэчы, і камандаваў нядаўні ротны, старшы лейтэнант, кулямётчык. У крайнім выпадку ён абяцаў прыкрыць іх агнём, хоць гэта і было вымушанае абяцанне, паколькі таго патрабаваў капітан з разведаддзела штарма, каторы прысутнічаў тут. Але капітан пабудзе ды пойдзе, а батальёну ваяваць далей, боепрыпасаў жа ў яго не густа, і начальства патрабуе берагчы іх для болей важнага выпадку.
        Праўда, капітан зусім не настойваў, каб ён пераходзіў менавіта тут І цяпер. Гледзячы, як стаў заціхаць снегапад і перад імі дужа адкрыта і пустэльна раскінуўся гэты рачны прасцяг з крывулястай паласой кустоўя пасярэдзіне, прадстаўнік штаба сказаў:
        – Сапраўды, як на пустой талерцы. Але рашай сам, лейтэнант. Табе відней.
        – Пайду, – проста сказаў Іваноўскі.
        – Што ж, твая справа. Можа, яно і лепш: сунуцца туды, дзе не чакаюць.
        «Чорт іх ведае, дзе яны не чакаюць. Не запытаеш», – заклапочана падумаў лейтэнант. Але ён не мог болып адкладваць – у той справе, дзеля якой яны адпраўляліся, прамаруджанне сапраўды было падобна на смерць. А ён і так ужо прамарудзІў звыш меры, хаця, канечне, і не па сваёй волі.
        Грузнучы па костачкі, а дзе і па калена ў снег, байцы гуськом узышлі на пагорак. Іваноўскі азірнуўся і ўпершыню адчуў задаволенасць – кароценькая калона яго паслухмяна падабралася, ніхто не адстаў; спыніўся ён, і амаль адначасова спыніліся астатнія. Далей трэба было пачакаць, можа, перадыхнуць нават, залегчы – з вяршыні зарэчнага пагорка іх маглі ўжо заўважыць немцы. Над поплавам і справа на схілах, дзе акапаўся батальён, стаяла цішыня, далёкія водгукі бою каціліся з-за лесу справа, там жа нешта няярка адсвечвала ў цёмным і мутным ад нізкіх аблокаў небе. Перад ім наўскос раскінуўся ў паўзмроку поплаў з расплывістымі плямамі кустоўя, прысыпанага снегам трыснягу над рэчкай, грыўкамі быльнягу. Да рэчкі было паўкіламетра, не менш, гэтую прастору трэба было адолець на кукішках, пасля добры адрэзак паўзці па-пластунску, а далей ужо і трудна вызначыць як – толькі б хутчэй апынуцца па той бок поплаву ў не бачным адгэтуль лесе.
        – Лажысь! За мной марш! – напаўголаса скамандаваў лейтэнант і апусціўся локцямі ў снег.
        Снег быў глыбокі, пульхны, бы вата, і марозна-пякучы. Ён лез ва ўсе прарэхі маскіровачнага халата, набіваўся ў рукавіцы, за пазуху, у рукавы, халявы ботаў і раставаў там, агіднай макрэддзю ліпнучы да разгарачанага цела. Гэтая яго макрэдзь, аднак, хутка грэлася ўперамешку з потам; было душна, парна, задушлівая знямога горыччу распірала грудзі. Іваноўскі зубамі здзёр з рукі рукавіцу і мокрымі пальцамі рассмыкнуў матузок капюшона. Твару стала вальней, прахалодней, а галоўнае – адклала вушы, ён пачуў шорхат ветру ў быльнягу і невыразныя разрозненыя гукі ззаду. Прапаўзлі яны, мабыць, з паўкіламетра, пагорачак з сасняком ледзьве шарэў ззаду на краі начнога змрочнага неба, якое ў зімовых прыцемках амаль злівалася са снегавым долам. Следу-баразны, пракладзенай іх дзесяццю целамі, на шчасце, не было відаць нават зблізку, зрэшты, як і саміх байцоў. Праўда, Іваноўскі ведаў, што варта ўзляцець ракеце, як нібы на далоні стане відаць і снег, і яны самі.
        Пакуль, аднак, было ціха і цёмна. Бой грукацеў за ляском убаку, на краі неба звечара шырокім агнявым сполахам бліскала зарніца далёкае кананады, і прамерзлая зямля пад іх локцямі глуха, няспынна дрыжэла. У тым жа баку за лесам раз за разам пырхалі жоўтыя зоркі ракет і гаслі ў мутнай мешаніне святла са змрокам. Але яны былі далёка, тыя ракеты.
        Трэба было як найхутчэй рухацца далей, пярэдняга краю яны яшчэ не адолелі, яшчэ з кіламетр спатрэбіцца паўзці па рэчышчы ля кустоўя. Але ўжо і так усе прытаміліся, група спакваля расцягнулася. Іваноўскі раптам спахапіўся, што не чуе зморанага дыху Лукашова, які поўз следам. Лейтэнант азірнуўся і пачакаў хвіліну, адпачываючы сам, хоць ведаў, што трэба як мага хутчэй, бо толькі ў хуткасці і непрыкметнасці іх поспех. Але і таго і другога без пары пачало бракаваць – воддаль ужо другі раз глуха стукнула, пэўна, вінтоўкай аб лыжу, і лейтэнант сцяўся, упіваючыся ў прыцемак злосным, абвостраным позіркам. Недарэкі, інакш не скажаш! Колькі гаварыў, каб вінтоўкі трымалі ў правай руцэ, а лыжы ў левай, але вось, мабыць, камусь спатрэбілася згрэбці ўсё разам, і цяпер бразгае.
        Ззаду заварушыўся шэры, медзведзяваты ў прыцемку камяк у маскхалаце, шумна сапучы, ён падпоўз упрытык да Іваноўскага і спыніўся. За ім варушыўся яшчэ нехта, а далей ужо было і не згледзець, перашкаджаў змрок.
        Іваноўскі запытаў асіплым змораным шэптам:
        – Паўзуць?
        – Паўзуць, лейцінант, – такім жа задышлівым шэптам адказаў Лукашоў.
        – Перадай: шырэй крок!
        У лагчынцы снег стаў яшчэ глыбейшы, тулава ў ім зарывалася па самыя плечы. Пад змакрэлымі каленямі адчувалася змерзлая калючая трава сенажаці – мабыць, пачынаўся поплаў. Іваноўскі не пазіраў на компас – як амаль і заўсёды, кірунак ён угадваў па характэрных зменах рэльефу, які быў вядомы яму з карты. Тут скрозь трэба было кіраваць нізам да рэдкага кустоўя абапал рачулкі, затым крыху збочыць правей і паўзці па яго самым краі. Шлях паўзком быў яшчэ доўгі, ён, вядома, выматае іх як мае быць. Але толькі б не нарвацца на немца, на які выстаўлены на ноч замаскіраваны сакрэт. Тады ўжо неўпрыкмет не пяройдзеш, тады пачнецца такое, што можа скончыцца кепска ў самым пачатку
        Іваноўскі, аднак, адагнаў ад сябе кепскія думкі і пілыіей угледзеўся ў снегавы змрок. Здаецца, зусім ужо недалека цямнелі кусты, там была засыпаная снегам рачулка. Гэта мясціна – ён памятаў з карты – была якраз пасярэдзіне нейтралкі, далей за рэчкай на пагорку пачыналася невялікая, разбітая снарадамі вёска, у якой сядзелі немцы. Праўда, іх першы акоп быў бліжэй, праз якіх сотню метраў па той бок рачулкі, і там трэба будзе зрабіць паварот уздоўж рэчышча і паспрабаваць прабрацца ў кустоўі між гэтым акопчыкам і другім ззаду, на мыску вастраносага, нібы лыжка, пагорка.
        Снег тым часам не толькі паглыбеў, але стаў і яшчэ болей мяккі, пад рукамі шастала прысыпаная ім змерзлая, не кошаная з лета трава. Аднаго разу Іваноўскі неасцярожна націснуў каленам і праламаў крохкую скарынку моху, з-пад якой плесканула вада. Знячывелы лейтэнант падаўся ўбок і тут жа вылаяў сябе за паспешлівасць: знайшоў чаго асцерагацца! Быццам праваліцца ў ваду было самае горшае з усяго, што іх магло напаткаць. На некалькі секунд ён прыпыніўся і ўслухаўся: ці не выдаў сябе гэтым міжвольным рухам. Але ўжо тут, побач, было кустоўе, як рукой дастаць тапырылі голле алешыны, купкі ніцай лазы, што густа тырчала са снегу. Іваноўскі яшчэ нядоўга прапоўз пад кустамі, каб даць сваёй расцягнутай групе размясціцца пад іх аховай, і аблёгся на лыжы. Хмызняк добра хаваў іх ад вёскі, тут ужо не страшныя былі і ракеты. Праўда, яшчэ заставаўся адкрыты і небяспечны пагорак-лыжка ў другім баку, але ён быў усё ж далей. Адтуль іх маглі ўжо і не ўбачыць нават і пры святле ракет.
        Увесь час лейтэнанту карцела ўстаць і азірнуцца, як там, у хвасце, ці не занадта расцягнуліся апошнія. Цяпер вельмі важна было трымаць усіх у адным кулаку – ведаў, у такой сітуацыі разрозненасць мяжуе з бядой. Праўда, у выпадку чаго там ёсць каму пакамандаваць, апошнім поўз Дзюбін, здаецца, чалавек разумны і разы ў паўтара старэйшы за лейтэнанта. Але Дзюбін быў прызваны з запасу, і, хоць характарам яго Бог не пакрыўдзіў, невядома, ці хопіць у яго франтавога ўмельства? Кадравы камандзір Іваноўскі, які выцерпеў усе пакуты вайны з яе самага першага чэрвеньскага дня, трохі не давяраў запасным і для пэўнасці частку іхняй паклажы звычайна імкнуўся ўзяць на сябе. Сённяшняя яго кароткая сутычка са старшыной, які прапанаваў пачакаць з пераходам, пакінула непрыемнае ўражанне ў абодвух. Лейтэнант не любіў дзяліць сваю ўладу з кім бы то ні было ды яшчэ ў такой справе, дзе можна было спадзявацца толькі на самога сябе, сваю кемлівасць і рашучасць. Пакуль увогуле ўсё абыходзілася, пашанцуе – абыдзецца і далей, і тады як-небудзь пры выпадку ён напомніць Дзюбіну...
        Ззаду ў баразне пульхнага снегу сіпата зашаптаў Лукашоў:
        – Цяпер куды, таварыш лейцінант?
        – Ціха! Як там астатнія?
        – Ды паўзуць. Шалудзяк вунь адстае толькі...
        Зноў Шалудзяк! Гэты Шалудзяк яшчэ ў батальёне сваёй мешкаватасцю выклікаў кароткае незадавальненне ў лейтэнанта, але ў мітусні кароткае падрыхтоўкі Іваноўскі проста забыўся пра яго, падумаўшы, што чалавек, мабыць, здаровы, вытрымае. Да таго ж групе быў патрэбны сапёр, а выбар быў невялікі, давялося браць першага, хто трапіў пад руку – гэтага вось немаладога і медзведзяватага дзядзьку. Але вайна ў каторы ўжо раз пераконвала, што, апроч звычайнай сілы, патрэбна яшчэ і ўменне, і трэніроўка. Зрэшты, трэніроўкі ў іх таксама не было ніякай, на яе проста не хапіла часу. Увесь дзень начальнік разведкі з начальнікам асобага аддзела праглядвалі і ўтрасалі спісы, падбіралі людзей, і калі нарэшце сабралі групу, пра трэніроўку не было чаго і думаць.
        Іваноўскі пакінуў на месцы лыжы, абышоў Лукашова і папоўз па ягоным следзе назад. Шалудзяк сапраўды адстаў ад сяржанта і цяпер зморана і грузна грэбся ў снезе, затрымліваючы сабой астатніх.
        Лейтэнант сустрэў яго ціхім злым шэптам:
        – У чым справа?
        – Ды вось спацеў, каб яго! Ці хутка там, каб на лыжы?
        – Жыва варушыся! Жыва!!! – бязлітасным шэптам падагнаў ён байца.
        Валюхаючы задраным задам, наўючаны пад маскхалатам цяжкім мехам узрыўчаткі, Шалудзяк на кукішках памкнуўся даганяць сяржанта, за ім падаліся астатнія. Лейтэнант прапусціў паўз сябе Хакімава, Зайца, Судніка, яшчэ некага, чыйго твару ён не разгледзеў пад нізка насунутым капюшонам, і дачакаўся старшыну Дзюбіна.
        – Што здарылася? – запытаўся той, ненадоўга затрымліваючыся каля Іваноўскага.
        Лейтэнант не адказаў. Што было адказваць, хіба не відно старшыне, што група расцягнулася, парушыла неабходны парадак, да якога меў пэўныя адносіны і старшына як замыкаючы.
        – Хто стукаў у хвасце?
        – Стукаў? Не чуў.
        Вядома, ён не чуў. Іваноўскі не стаў гаварыць далей і ўслухаўся. Паблізу, аднак, усё было ціха, нашы на пагорачку з сасняком насцярожана маўчалі, маўчалі наперадзе і немцы. Дзевяць бугрыстых постацей у белых, прыцярушаных снегам халатах, зморана сапучы, роўна ляжалі ў раскапанай імі снежнай канаве.
        – Трэба слухаць, – кароткім шэптам заўважыў Іваноўскі. – Зараз пераход. Каб мне ні гуку!
        Старшына прамаўчаў, і лейтэнант на кукішках хутка папоўз наперад, абмінаючы па снезе байцоў. Ён не бачыў іх твараў, але амаль фізічна адчуваў іх насцярожаныя, поўныя чакання і трывогі позіркі з-пад капюшонаў. Усе маўчалі. Абганяючы Шалудзяка, які, вінавата сапучы, распластаўся ў баразне, Іваноўскі строга патрабаваў:
        – З усіх сіл! З усіх сіл, Шалудзяк! Паняў?
        Лейтэнант выпаўз у галаву сваёй цяпер ужо сабранай у адно пластунскай калоны і зноў пагробся ў самым глыбокім снезе на краі кустоўя. Адпою рукой ён валок лыжы, другой аўтамат, сумка з аўтаматнымі дыскамі ўсё з’язджала са сцягна на жывот, і ён раз-пораз адкідваў яе за спіну. У снезе ён налез на нейкую кучу галля, якое гучна затрашчала ўначы, за штось зачапіўся, парваў маскхалат. Ціха вылаяўшыся, лейтэнант хвіліну выбіраўся з гэтае пасткі, пасля ўзяў убок, трохі далей ад кустоўя. Дзесь тут паблізу павінен быў трапіцца ручай, які ўпадаў у рачулку, ад ручая пачынаўся самы небяспечны адрэзак шляху ў разрыве нямецкай лініі.
        Да ручая, аднак, ён не дапоўз – наперадзе і зусім блізка нешта шчоўкнула ўгары, засіпела, заіскрылася, і яркая агняная дуга разрэзала край неба. Разгарачаны барацьбой са снегам, Іваноўскі не адразу сцяміў, што гэта ракета. Яна ўзвілася, крыху не даляцеўшы да іх, ярка распусцілася ўгары букетам зіхоткага белага полымя, і снегавы дол з кустоўем сцяўся, прыціх, заліты яе ліхаманкавай яркасцю. На секунду ўсё наўкола замерла, а пасля здрыганулася, па полі ў бакі шаснула блытаніна невыразных імклівых ценяў, Ракета ўпала на снег за хмызняком і яшчэ секунды са тры зыркала па снегавым наваколлі хліпкімі рэшткамі святла.
        Іваноўскі заціх, дзе ляжаў, амаль не дыхаючы, грудзі ўдушліва раздзірала ад нястачы паветра, вецер віхрыў ля твару снегавым пылам. Лейтэнант чакаў стрэлаў, крыку, наступнай ракеты, але ў згусцелай суцэльнай цемры над поплавам стаяла ранейшая няпэўная цішыня. Тады ён на секунду заплюшчыў вочы, каб хутчэй прайшло асляпленне, і зноў паглядзеў наперад. Яго здзіўляла ўжо, адкуль тут магла з’явіцца ракета, у тым жа баку, адкуль яна вылецела, не павінна быць немцаў, там балота, рачулка, хмызняк. Туды ж якраз трэба было паўзці ім. Цяпер выходзіла, што той шлях закрыты.
        Ззаду яго пакратаў за бот Лукашоў, але лейтэнант не зірнуў на яго і не азваўся. Самае важнае, што непакоіла яго, было – заўважылі або не? Калі заўважылі, то, мабыць, іх сённяшняя спроба на тым і скончана. Калі ж не, дык трэба як найхутчэй пераадолець гэтую праклятую мясціну.
        Мінула яшчэ хвІліна, не было ні ракеты, ні стрэлаў, і Іваноўскі падумаў, што, пэўна, гэта недзе сядзіць высланы на ноч ракетчык. Тады лейтэнант крута завярнуў у кусты, ужо не па-пластунску, а на карачках дапоўз да нізкага берага рэчкі, над якой, умерзшы ў лёд, хіліліся крывыя чорныя вольхі. Тут ён памарудзіў, не адразу рашаючыся паткнуцца на лёд. Але іншага рабіць не выпадала, ён споўз з купістага берага, лёд, на шчасце, не трэснуў, не ўгнуўся, хоць і быў яшчэ слабы пад роўным пластом пухнатага снегу. Лейтэнант таропка перапоўз цераз яго і збоч ад лазовага куста ўскарабкаўся на другі бераг. Тут хмызняку было меней, ён туліўся да самае рачулкі, а далей пачынаўся пагорак з вёскаю і нямецкім акопам пад пахілаю пунькай наводшыбе.
        Сяржант Лукашоў не адставаў ад яго ні на крок, і калі ён спыніўся ў нерашучасці, той падпоўз поруч і шапнуў у твар:
        – А давайце рэчкай...
        – Ціх!..
        Становішча ўскладнялася. На гэтым баку яны былі дужа блізка да немцаў, ды і прабірацца тут можна было па дужа вузенькім краечку кустоўя ўздоўж рэчкі. Было надта спакусліва падацца на лёдавую роўнядзь рачулкі, але яна пятляла, як блытаная вяроўка, гэта колькі трэба выкруціць тых петляў? Зноў жа, а калі дзе дрэнна ўмерзла?
        Яму здалося, што ўжо мінула шмат часу, што ён залішне доўга прабавіўся ў гэтым хмызняку і так недаравальна спазняецца ў самым пачатку. Аж скалануўшыся ад тае трывогі, ён азірнуўся, але ззаду, мабыць, ужо ўсе перабраліся на гэты бок і чакалі, каб рушыць далей. У змроку на доле быццам цямнелі са два твары, іншых, праўда, не было відаць, але ён пачаў засцярожліва грабціся далей.
        На гэты раз ён прапоўз дужа мала – зноў з таго ж месца пырхнула ракета, затым кахнуў яе стрэл. Лейтэнант уціснуўся ў снег, з усяе сілы ўзіраючыся ў чорна-белую блытаніну галля на ярка асветленым мільготкім доле. Не, ракета пайшла ў ранейшым кірунку, па той бок поплаву, адкуль яны сюды прыпаўзлі. Значыць, іх усе ж не заўважылі. Калі ракета згасла, ён з палёгкай тузануў за раменьчык лыжы і сам на локцях і каленях ірвануўся праз снег наперад. Секунд некалькі ён не бачыў нічога перад сабой, толькі гроб, гроб снег і валок лыжы. I раптам зноў аслеп ад неверагодна яркага бляску, які лінуў з паднябесся – снег заіскрыўся, заззяў, блытаныя цені ад кустоўя крутануліся на адным месцы і, ярка адбіўшыся на снезе, замерлі. Замёр і ен, адчуваючы, што гэты халодны прастор вось-вось прарэжа чарга. Як заўжды ў хвіліну найбольшай небяспекі, думка яго зрэагавала з маланкавай хуткасцю, ён зразумеў, што гэта – ад пунькі, значыць, зусім побач. Ракета ўся без рэшты згарэла ў вышыні, і ён зноў прыплюшчыў вочы, каб хутчэй пазбыцца слепаты, і ляжаў не кратаючыся. Калі заўважылі, дык, мусіць, трэба падацца назад на рэчку, пад засцярогу яе беражка. А калі не... Тады трэба як мага хутчэй наперад, далей ад гэтага праклятага месца, дзе цябе падсвечваюць з двух бакоў.
        Стрэлаў не было і ў гэты раз, і ён з дзёрзкаю рашучасцю рвануўся наперад, раптам адчуўшы ў сабе прыліў рызыковай удачлівасці. Хутчэй, хутчэй!.. З нечаканым спрытам ён шыбаў па-над берагам, увесь закапаўшыся ў снег, які бязлітасна забіваў яго твар, рот, не даваў дыхаць і сляпіў вочы. Калі ж да зроку вярнулася ранейшая здольнасць бачыць у прыцемках, ён раптам адзначыў, што злева ад пунькі яго прыкрывае ўзмежачак вышынёй па калена, не болей, мусіць, на мяжы ніўкі і пожні. Гэта яго куды як узрадавала, цяпер не страшны сталі і ракеты – толькі б хутчэй!
        Ён поўз доўга і таропка. Пад вопраткай на грудзях і спіне ўсё ўжо было мокрае ад снегу і сцюдзёнага поту, на сваіх ззаду ён не азіраўся, бо тое было бескарысна – усё роўна ён не мог падагнаць іх. Ён толькі спадзяваўся на ўладу свайго прыкладу, на сілу салдацкага правіла – раўняцца на камандзіра.
        Калі ў небе зноў загарэлася ракета, ён сціх з занесенай наперад рукой і нізка па-над снегам азірнуўся: так і ёсць, байцы зноў расцягнуліся, зноў за сяржантам быў разрыў крокаў на дваццаць. Узмежачак, на бяду, тут скончыўся, цяпер іх нішто болей не прыкрывала ад таго перадавога акопа. Адно добра – пунька на пагорачку ўжо засталася ззаду, ужо і ракета ляцела ў іх тыл. Наперадзе ж раскінулася шырокая лугавіна з шэрагам рэдкага кустоўя па адным яе краі.
        Ракета патухла, і на ягонай душы палягчэла – здаецца, самае цяжкае адолена. Гэта было так прыемна адчуць – кароценька і стрымана радасна, але не паспеў ён зноў выкінуць наперад сваю звязку лыж, як у той жа час вымушаны быў тыцнуцца галавой у снег. Зусім блізка ззаду недарэчна і неверагодна гулка бахнуў вінтовачны стрэл. Амаль жахнуўшыся, Іваноўскі ў наступнае імгненне порстка вертануўся на бок, рука звыкла схапілася за аўтамат, але ні ззаду, ні па баках ён не згледзеў ніякага руху. Усё наваколле нібы абмерла, адзін толькі стрэл – і болей ш гуку, і нідзе нікога паблізу. Праз момант, аднак, ярка засвяціла над хмызнякамі адразу ў двух месцах. Лейтэнант прасачыў за палётам ракет – яны, як і папярэднія, упалі ззаду, але тут жа ўзляцелі яшчэ дзве, абапал рачулкі. Пры іх яркім святле густым імпэтным трэскатам загаманіў кулямёт ад пунькі, вогненныя яго пісягі сцебанулі па кустоўі ля рэчкі. Некалькі куль зрыкашэціла ад узмежка, за якім яны толькі нядаўна хаваліся, і агнянымі пырскамі разляцеліся ў бакі. Кулямёт быццам намацваў іх у начы, ды так блізка мацаў, што іх ратавала адно толькі цемра. Іваноўскі ляжаў і скрыгаў зубамі ад нямой роспачнай лютасці: так усё ішло добра – і на табе, некага ўбачылі. Ці ўчулі.
        Мусіць, яны так праляжалі доўга, бо лейтэнант пачаў ужо ўздрыгваць ад сцюжы, мокрая бялізна ледзяным панцырам абліпала цела. Угары згарэла з дзесятак ракет, кулямёт ля пунькі пакрысе замоўк. I тады ззаду раз і другі яго пакратаў за бок Лукашоў. Іваноўскі павярнуўся на снезе тварам назад.
        – Кудраўца паранілі.
        – Як?
        Сяржант замест адказу цепнуў плячыма і таксама павярнуўся назад, мусіць, чакаючы адтуль тлумачэння.
        Было ад чаго вылаяцца, але лейтэнант толькі сударгава сцяў у рукавіцах па жменьцы снегу. Што і казаць – пачатак быў сапсаваны, а неўзабаве магло здарыцца і самае горшае: іх убачаць у полі. Тым не менш разбірацца, паўзці назад цяпер зусім не было калі, і ён загадаў першаму, каго згледзеў у змроку:
        – Шалудзяк! Марш назад! Забраць параненага і назад!
        Па твары байца ў паўзмроку слізганула штосьці разгублена-заклапочанае, але ён разгроб целам снег і знік у начы. Іваноўскі тут жа спахапіўся ад думкі, што за параненым лепш было б паслаць не яго, а каго-небудзь больш спрытнага, але вяртаць Шалудзяка ўжо не стаў. «Хай жыве», – з пачуццём нечаканага велікадушша падумаў ён. Не кожнаму выпадае такое, але гэты стары, напэўна, болей за іншых мае права, каб выжыць, – усё ж бацька, дома трое дзяцей, а гэта нешта ды значыць.
        Немцы каля пунькі маўчалі, пэўна, так нічога і не ўбачыўшы; зрабілася ціха, толькі за лесам усё гурчэла, варочалася і стагнала далёкая гарматная калатнеча. Іваноўскага зноў ахапіў непакой за марна растрачаны час, які, не зважаючы ні на што, бег сваім чынам, і лейтэнант нават спалохаўся, што зусім спозніцца. Папраўдзе, ён не прадбачыў столькі нечаканасцяў у самым пачатку і цяпер падумаў нявесела: «А што яшчэ будзе!»
        Іваноўскі рвануўся наперад, але не прапоўз і дзесяці крокаў, як зноў прыпаў да зямлі, ратуючыся ад патоку імклівых трас, што мільганулі наўкола. Распластаны на снезе, лейтэнант угледзеўся ў той бок, дзе ледзьве прыкметным бугорчыкам цямнела на снезе будыніна, і жвава памкнуўся назад пад ахову ўсё таго ж маленькага, ледзьве прыкметнага ўначы ўзмежка. Усё ж такі, напэўна, іх згледзелі. Угары з шыпеннем і трэскам шматалі неба ракеты, а кулямётныя трасы, агняна бліскаючы ў цемры, секлі, нізалі, узбівалі снег якраз на іхнім шляху з-за ўзмежка. У што б там ні стала трэба было выслізнуць з гэтае пасткі, але па ярка асветленым полі гэта было немагчыма.
        Здаецца, яны папаліся як мае быць і надоўга. Добра яшчэ, што ім трапіўся гэты ўзмежачак, нібы пасланы Богам для іх паратунку, – ён хаваў іх ад кулямётнага агню з пагорка. Але колькі можна хавацца?..
        Тым часам усе нерухома і моўчкі ляжалі, чакаючы яго рашэння і яго камандзірскага дзеяння. I ён надумаў адзіна магчымае: гранатамі закідаць кулямёт. Мабыць, лепш за ўсё падпаўзці да яго з боку фронту, ад рэчкі, і зрабіць гэта з найбольшым поспехам, вядома, мог толькі ён сам. Толькі аднаму, у крайнім выпадку, двум яшчэ можна падабрацца да яго незаўважанымі.
        – Перадайце: старшыну – ка мне!
        Па ланцужку перадалі яго каманду, і Дзюбін, хутка прыпоўзшы, моўчкі лёг побач.
        – Во што. Трэба зняць кулямёт, – сказаў Іваноўскі і, сустрэўшы ў адказ маўчанне, вытлумачыў: – Інакш не вылезем. У выпадку чаго вазьмі карту, павядзеш групу.
        – Не гадзіцца так, – памаўчаўшы, сказаў Дзюбін. – Трэба другога каго.
        – Каго другога? – сказаў лейтэнант. – Паспрабую сам.
        Адхінуўшыся на бок, ён расшпіліў ватоўку, дастаў з-за пазухі пакамечаны аркуш карты, пасунуў бліжэй да старшыны свае лыжы. Кулямёт маўчаў, дагарала на снезе насцільна кінутая немцамі ракета, стала цёмна і ціха. Але ён ведаў, што варта толькі высунуцца з-за ўзмежка, як немцы зноў распачнуць свой тарарам; відаць, яны нешта ўсё ж бачаць.
        – Лукашоў, за мной, – ціха гукнуў лейтэнант і не азірнуўся – ведаў, Лукашоў не адстане.
        У суцэльнай цемры, якая неўзабаве агарнула іх, ён з аўтаматам у руцэ і трыма гранатамі ў кішэнях папоўз назад пад узмежкам. Трэба было спяшацца, інакш уся ягоная вылазка траціла свой сэнс. Гэта было не самае лепшае, можа, наадварот нават, але іншага выйсця са свайго становішча ён не знаходзіў. Іншым было хіба што вяртацца назад, што, зрэшты, таксама было няпроста. Ён злосна, роспачна лаяўся і паўтараў, грабучы снег: «Ну бі ж, гад! Бі! Шумі болей...»
        Яму патрэбна было, каб кулямёт страляў. Калі кулямёт страляе, тады кулямётчык глухі і сляпы, тады б ужо лейтэнант як-небудзь падкраўся да яго. I кулямёт сапраўды хутка ўдарыў – адразу, як толькі засвяціла ракета. Але, на сваё здзіўленне, у першы момант Іваноўскі не ўбачыў ніводнай з ягоных трас. Кароткае недаўменне лейтэнанта, аднак, тут жа і знікла – кулямётныя чэргі кіравалі ў іх тыл, у бок поплаву і рэчкі, у тое месца, дзе яны нядаўна перапаўзалі яе ў кустоўі. На гэты раз немцы ўстрывожыліся надоўга і не на жарты. Над поплавам узгарэўся сапраўдны ракетны пажар, вакол стала відна, бы ўдзень, на лугавіну з пагорка несліся, скрыжоўваліся і разыходзіліся густыя вееры куль; некалькі кулямётаў з розных мясцін здзічэла секлі кустоўе. Спярша Іваноўскі інстынктыўна ўціснуўся ў снег, няшмат бачачы з свае баразны і толькІ напружана ўслухоўваючыся ў густы мігатлівы скрыгат угары. Але і не гледзячы, ён хутка сцяміў, што гэта не так сабе, што гэта ўсё – Шалудзяк. Значыцца, усё ж заўважылі, высвецілі і цяпер расстрэльваюць.
        Сцяміўшы гэта, Іваноўскі рантам здрыгануўся ад радаснай і шчаслівай думкі: Шалудзяк браў агонь на сябе, трэба зараз жа гэта выкарыстаць. Лейтэнант тут жа развярнуўся ў снезе, на карачках прапоўз у галаву сваёй калоны, схапіў лыжы.
        – За мной! – крыкнуў ён, ужо не асцерагаючыся, што ў гэтым грукаце яго ўчуюць немцы.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.