РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дажыць да світання
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
10
        
10

        
        Яны ўсё ішлі па калена ў снезе, без лыж – знясілена валакліся ў поцемках, трымаючыся адзін за аднаго, ад знямогі ледзьве не падаючы ў снег. Півавараў зусім выбіваўся з сілы, але не пакідаў лейтэнанта, правай рукой падтрымліваў яго, а ў левай цягнуў за рэмень аўтамат і вінтоўку ды на плячы яшчэ свой рэчмяшок, які ўвесь час спаўзаў долу. Іваноўскаму было дужа кепска, увесь час мутнела ўваччу, але, сцяўшы зубы, ён вымушаў сябе на апошнія намаганні і ішоў, ішоў, толькі б далей адысціся ад той праклятае вёскі.
        Тым часам уначы паваліў снег, вакол забялела, затуманілася, мутнае неба зышлося з гэткім жа мутным долам, затканым мільготка-шэрай мітуснёй сняжынак. Немагчыма было падняць твар. Але вецер быў слабейшы, чым у мінулую ноч, зноў жа, здавалася, дзьмуў ім у спіну, і яны слепа брылі па полі, часам спыняючыся, каб перавесці дыханне. Плюючы крывёю, Іваноўскі з самотай адзначаў, як таялі яго сілы, і ўпарта ішоў, спадзеючыся на якое-небудзь прыстанішча, каб не прапасці тут, у гэтым завейным полі. Гінуць ён не хацеў, пакуль быў жывы, гатовы быў змагацца хоць усю ноч, суткі, хоць вечнасць, абы ўцалець, выжыць, дабрысці да сваіх.
        Напэўна, Півавараў адчуваў тое ж, але нічога не гаварыў лейтэнанту, толькі як мог падтрымліваў яго, напружваючы рэшту сваёй таксама далёка не багатае сілы. Іншы раз лейтэнант, напэўна, здзівіўся б, адкуль яна яшчэ бралася ў гэтага хліпкага, заморанага з выгляду хлопца, але цяпер сам быў слабейшы за яго і цалкам залежаў ад яго хай сабе невялікіх магчымасцяў. I ён ведаў, што калі яны ўпадуць і не здолеюць устаць, то далей будуць паўзці, бо які-ніякі паратунак у іх – наперадзе, ззаду ж іх пільнавала смерць.
        У нейкай лагчыне з даволі глыбокім снегам яны нерашуча спыніліся раз і другі. Півавараў, падтрымліваючы лейтэнанта, спрабаваў разгледзець штосьці наперадзе, што лейтэнант не адразу і заўважыў. Пасля, прыгледзеўшыся праз згусцелую ўначы завіруху, ён таксама ўбачыў невыразную цёмную пляму, памеры якой, як і адлегласць да яе, угадаць было немагчыма. Гэта мог быць і куст побач, і нейкая будыніна воддаль, і дрэва – елка ці сасна на ўзлеску. Тым не менш гэтая пляма насцярожыла абодвух, і, падумаўшы, Півавараў апусціў Іваноўскага долу.
        – Я схаджу, гляну...
        Лейтэнант не адказаў, размаўляць было вельмі пакутліва, дыхаў ён з хрыпам, часта плюючы ў снег. Рукавом халата выцер мокрыя вусны, і на белай мокрай тканіне засталася цёмная пляма ад крыві.
        «Вось, напэўна, і ўсё... Калі ўжо з рота ідзе кроў, дык, мабыць, нядоўга працягнеш», – нявесела падумаў ён, лежачы на снезе.
        Галава хілілася долу, і перад вачыма скакалі вогненна-чырвоныя бліскаўкі. Але свядомасць яго па-ранейшаму была чыстая, і свядомасць гэтая вымушала змагацца за сябе і за гэтага вось байца, цяперашняга яго выратоўцу. Выратоўца, вядома, сам ледзьве стаяў на нагах, але дагэтуль лейтэнант не мог ні ў чым папракнуць яго – там, у вёсцы, і ў полі Півавараў паводзіў сябе самым пахвальным чынам. Цяпер, адчуўшы нейкую перавагу перад камандзірам, ён прыкметна ажыў, стаў болей упэўнены ў сабе, увішны, і лейтэнант з радасцю падумаў, што ў выбары памочніка не памыліўся.
        Некалькі хвілін ён самотна чакаў, паныла прыслухоўваючыся да нутранога клёкату ў прастрэленых грудзях. Побач ляжаў рэчмяшок Піваварава, і лейтэнант падумаў, што, мабыць, трэба ім разгрузіцца, выкінуць частку ношы. Цяпер ужо вялікі прыпас не патрэбны, будзе трэба асабістая зброя, патроны, гранаты. Бутэлькі з КС, мабыць, трэба дзесьці пакінуць. Але, знясілеўшы, ён не мог нават развязаць рэчмяшок і толькі знямогла хіліўся галавой долу Ён не адразу заўважыў, як з мільготкіх прыцемак з’явіўся белы цень Піваварава, які ўзрадавана загаварыў здаля:
        – Таварыш лейтэнант, лазня! Лазня там, разумееце, і нікога няма.
        «Лазня – гэта добра», – падумаў Іваноўскі і моўчкі, з намаганнем пачаў уставаць на ногі. Півавараў падабраў рэчмяшок, ППД, памог устаць лейтэнанту, і яны зноў пабрылі да недалёкай, прытуманенай уначы будыніны.
        Сапраўды, гэта была маленькая, зрубленая з яловых вяршалін вясковая лазня. Півавараў адкінуў нагой палку-падпору, і нізкія дзверы самі сабой расчыніліся. Увагнуўшы галаву і хапаючыся рукамі за сцены, Іваноўскі ўлез у яе цёмную, смярдзючую дымам цеснату, павёў па баках рукамі, намацаў гладкі шост, шархоткія сухія венікі на сцяне. Півавараў тым часам расчыніў яшчэ адны дзверы, і ў прылазніку моцна запахла дымам, попелам, бярозавай гніллю. Баец увайшоў туды і неўзабаве гукнуў лейтэнанта:
        – Давайце сюды. Тут во лаўкі есць... Зараз састаўлю...
        Іваноўскі ўчэпіста трымаўся за вушак, але пераступіў парог і, намацаўшы лаўкі, з хрыплым выдыхам выцягнуўся на іх, упёршыся нагамі ў сцяну.
        – Зачыні дзверы.
        – Зараз, зараз. Во тут і саломы крыху. Давайце – пад галаву.
        Лейтэнант моўчкі прыўзняў галаву, даючы падкласці пад сябе ахапак саломы, і знясілена заплюшчыў вочы. Праз хвіліну ён ужо не мог зразумець, ці засынаў, ці, можа, траціў прытомнасць; агнянае ззянне ў вачах стала суцэльным, бясконца і пакутліва кружылася ў галаве, цягнула ванітаваць. Ён паспрабаваў павярнуцца на бок, але ўжо не адолеў свайго налітага знямоглым цяжарам цела і, здаецца, сапраўды страціў прытомнасць...
        Ачуньваў ён доўга і пакутліва, яго бралі дрыжыкі, вельмі хацелася піць, і ён доўга не мог разняць засмяглыя вусны і папрасіць вады. Ён толькі з натугай расплюшчыў вочы, калі адчуў нейкі рух побач, – з прылазніка паявіўся белы цень Піваварава з адкінутым на патыліцу капюшонам і яго аўтаматам у руках. У лазні было змрочна-шэра, але маленькае акенца ў сцяне свяцілася ўжо, як удзень, ясна прасвечвалі ўсе шчыліны ў прылазніку, і лейтэнант зразумеў, што настаў ранак. Піваварава, аднак, нешта яўна трывожыла, прыгнуўшыся, баец прыпаў да маленькага акенца, штось пільна выглядаючы там.
        Іваноўскі паспрабаваў павярнуцца на бок, у грудзях яго захрыпела, працяжна, з прысвістам, і ён закашляўся. Адскочыўшы ад акенца, Півавараў падаўся да камандзіра.
        – Ну як вы, таварыш лейтэнант?
        – Нічога, нічога...
        Ён чакаў, што Півавараў і яшчэ пра нешта спытаецца, але баец не запытаўся нічога, а неяк адразу прыціх і прыгнуўся ўсё ля таго ж акенца. Пасля ён сказаў прыглушаным шэптам:
        – Вунь, немцы ў вёсцы.
        – У якой вёсцы?
        – У гэтай. Вунь крайняя хата за вярбінай... Немцы ходзяць.
        – Далёка?
        – Крокаў дзвесце, можа.
        Калі за дзвесце крокаў немцы, якія яшчэ не знайшлі іх, дык можна лічыць, што ўвогуле ім пашанцавала ў гэтай лазні. Праўда, дагэтуль была ноч, але вось пачынаецца дзень, і хто ведае, колькі яшчэ ім удасца праседзець тут незаўважанымі.
        – Нічога. Не высоўвайся толькі.
        – Дзверы я зачыніў, – кіўнуў Півавараў у парог. – Рыдлёўкай падпёр.
        – Добра. Вады тут няма?
        – Ёсць, – ахвотна адазваўся Півавараў. – Во ў дзежцы вада. Я ўжо піў. З лёдам толькі.
        -Дай.
        Півавараў не дужа спрытна напаіў яго з нейкай бляшанкі, вада смярдзела венікам, да вуснаў прыліпала размоклае бярозавае лісце. Увогуле вада была агідная, быццам з лужыны, і гэтак жа агідна было ўнутры ў лейтэнанта – нешта распухла ў грудзях, ужо толькі з натугай можна было ўздыхнуць, адкашляцца ён не мог.
        Калі напіўся, стала лягчэй, свядомасць яго быццам праяснілася, Іваноўскі агледзеўся навакол. Лазня была дужа маленькая, з нізкай закуранай столлю і чорнымі ад сажы сценамі. У куце каля дзвярэй чарнела куча камення на печцы, побач стаяла дзежка з вадой. На нізкім шастку над ім віселі нейкія забытыя транты. Ведама, у кожны момант і па першай патрэбе тут маглі паявіцца людзі, якія і знойдуць іх. I як ён не падумаў раней, што лазня не можа быць далёка ад вёскі і што ў гэтай вёсцы таксама могуць быць немцы.
        – Што там відаць? – глуха запытаўся ён у Піваварава, які горбіўся ўжо ў прылазніку ля шчыліны ў дзвярах.
        – Ды вунь са двара выйшлі... Двое. Закурваюць... Пайшлі некуды.
        – Немцы?
        -Ну.
        – Нічога. Глядзі толькі. Так проста яны нас не возьмуць.
        Ведама, ён разумеў невялікі кошт свайго галаслоўнага суцяшэння, але што ён мог болей? Ён ведаў толькі, што, калі прыйдуць немцы, прыйдзецца адбівацца, пакуль хопіць патронаў, а там... Але, можа, яшчэ і не прыйдуць. Можа, яны і зусім пойдуць з вёскі, можа, яны ў ёй толькі начуюць. Дзіўна, але ў яго адчуваннях цяпер з’явіліся нейкія новыя, дагэтуль амаль не знаёмыя яму адценні, нейкі ненатуральны ў гэтай блізі да немцаў спакой без ценю ягонае спешкі, яго нецярпення, якія дапякалі яму ў апошнія дні. Цяпер гэта ўсё знікла кудысьці, прапала, мабыць, разам з ягонаю сілай, страціўшы якую, ён траціў і свой заўсёдны душэўны напор. Цяпер ён стараўся як мага дакладней усё ўзважыць у свядомасці, выверыць розумам, каб паступіць напэўна, бо кожная памылка ў яго рашэнні магла аказацца апошняй. I першай яго выразна зразумелай неабходнасцю была гатоўнасць чакаць. Удзень, у снежным полі, на краі вескі нічога болей не заставалася, як толькі запасціся да ночы цярпеннем, каб з наступленнем цемры штосьці зрабіць для свайго паратунку.
        Але чакаць таксама патрэбна была сіла, трэба было неяк утрымліваць у сабе хісткую сваю прытомнасць, немалым намаганнем волі захаваць вытрымку. Гэта таксама было нялёгка нават для чалавека здаровага, якім быў Півавараў. У гэтае пастцы, паблізу ад немцаў не проста было саўладаць з нервамі, думаў лейтэнант, назіраючы, як кідаўся па лазні баец – то да акенца ў сцяне, то ў прылазнік са мноствам шчылін. Выглядаў ён амаль што спалоханы, і кожны раз, пазіраючы на байца, Іваноўскі думаў: ідуць! Але, мабыць, каб супакоіць камандзіра ды і сябе таксама, Півавараў час ад часу прыгаворваў услых:
        – Хтосьці на сцежку выйшаў... Да калодзежа быццам. Ага. Нейкая цётка з вядром...
        I яшчэ праз хвіліну:
        – 0, о! Выходзяць. Не, сталі. Стаяць... Пайшлі кудысь.
        – Куды пайшлі?
        – А чорт іх ведае! Схаваліся за вуглом.
        – Нічога, не хвалюйся. Сюды не прыйдуць.
        Іваноўскі не стаў забіраць у яго свой аўтамат, падумаўшы, што ў выпадку чаго Півавараў управіцца з ім спрытней за яго, у лейтэнанта ж засталася граната. Цяпер без гранаты яму немагчыма. Ён адвязаў яе ад дзягі і паклаў каля лаўкі. Побач стаяла прыслоненая да сцяны вінтоўка – усё было пад рукамі, заставалася цярпліва чакаць, спадзеючыся на ўдачу.
        – Сунуцца – тут і застануцца, – сказаў Півавараў, зазіраючы ў акенца. – Праўда, і мы...
        Іваноўскі зразумеў, што не даказаў Півавараў, і запытаўся нечакана:
        – Жыць хочаш?
        – Жыць? – амаль здзівіўся баец і ўздыхнуў. – Няблага б. Але...
        У тым-то і справа, што але! Гэта але д’ябальскім праклёнам стала ўпоперак іх маладых жыццяў, уцячы ад яго было немагчыма. У той памятны дзень яно бязлітасна рассекла свет на дзве палавіны, на адной з якіх было жыццё з усімі яго несамавітымі, але такімі патрэбнымі чалавеку радасцямі, а на другой – заўчасная, агідная, праклятая смерць. З гэтага ўсё пачалося, і што б ні здаралася потым, у наступных яго выпрабаваннях – усё нязменна натыкалася на гэтае праклятае але. Каб неяк абысці яго, абхітрыць, перамагчы на сваім шляху і прадоўжыць жыццё, патрэбны былі неверагодныя намаганні, праца, пакуты... Вядома, каб выжыць, трэба было перамагчы, але перамагчы можна было толькі выжыўшы – у такое чортава кола загнала людзей вайна. Абараняючы сябе і краіну, трэба было забіць не аднаго, а шмат, і чым болей было забІта, тым болей надзейным было існаванне аднаго і ўсіх. Жыццё праз пагібель ворага – іншага выйсця на вайне, мабыць, не існавала.
        Але як жа яму цяпер, калі немагчыма і забіць? Ён мог толькі забіць сябе. Як бы ён ні цешыў сябе ды і Піваварава, як бы ні пяўся да дзеяння, ён не мог не разумець тую простую Ісціну, што з прастрэленымі грудзьмі ён не ваяка.
        Тады што ж – ціха памерці ў гэтай лазні?
        Не, толькі не гэта! Гэта было жахліва, агідна, амаль подла ў адносінах да сябе, да гэтага байца, якога ён таксама асуджаў на пагібель, у адносінах да ўсіх сваіх. Пакуль жывы, ён гэтага сабе не дазволіць.
        Ён нават спалохаўся ад гэтай недарэчнай думкі і прахапіўся з кароткага забыцця. Трэба было нешта прыдумаць, штосьці зрабіць, магчыма, зрабіць зараз жа, не трацячы ні адной хвіліны жыцця, бо пасля можа быць позна...
        Кідаючыся ў ліхаманкавых думках, ён доўга, пакутліва перабіраў усе магчымыя варыянты для паратунку і не знаходзіў нічога. Тады зноў наступілі знямога, абыякавасць, гатоўнасць цярпліва чакаць да ночы.
        «Праклятая вёска! – каторы ўжо раз паўтараў ён сабе. – Яна яго загубіла. I трэба было так недарэчна наткнуцца на гэтага фрыца, які падняў крык, улезці ў перастрэлку, атрымаць кулю ў грудзі... Але ўсё ж нешта там ёсць. Гэтая цемра і сцішанасць, несумненна, былі штучныя, падтрыманыя строгай дысцыплінай, немагчымай без цвёрдай улады вялікага начальства. Зноў жа антэны... Хутчэй за ўсё там размясціўся нейкі вялікі, можа, нават армейскі іх штаб, бо ў глыбокім тыле маленькага штаба не будзе. Як дарэчы было б нанесці па ім удар! Але як нанясеш? Самалёты цяпер не лятаюць, а настане добрае надвор’е – тады шукай яго, як гэтую распраклятую базу боепрыпасаў...»
        Яму не шанцавала ў самым пачатку, а ў канцы тым болей. Калі б не гэта раненне, якое, па сутнасці, загубіла яго, ужо што-небудзь ён бы напэўна прыдумаў. Можна было б наладзіць засаду, узяць языка... А цяпер як возьмеш? Цяпер яго самога можна ўзяць замест языка, хіба што карысці ад яго будзе нямнога. Зрэшты, пакуль ён жывы і ў яго ёсць граната, якой хопіць для абодвух і для гэтай вось лазні, – ягоім не ўзяць. Відаць, на гранату цяпер уся іх надзея.
        Але ішоў час, а іх ніхто не трывожыў у гэтым цесным і цёмным сховішчы наводшыбе ад вёскі. Півавараў цяпер болей стаяў за прасценкам, зрэдку каменціруючы тое, што ўдавалася згледзець праз шчыліну. Але вось ён сціх, мабыць, нічога асаблівага там не было відаць, і лейтэнант раптам запытаўся ціха:
        – У цябе маці ёсць?
        Мабыць, гэта было дзіўнае ў іх становішчы пытанне, і Півавараў не зразумеў.
        – Га? Што вы сказалі?
        – Маці ў цябе ёсць?
        – Ёсць, а як жа.
        – I бацька?
        – Не, бацькі няма.
        – Што, памёр?
        – Ды так, – няпэўна адказаў Півавараў. – З маці жыў. Калі б яна ведала, як нам тут! Во было б страху!..
        – Харошая мама?
        – Ну, – проста пацвердзіў баец. – Я ж у яе адзін. Бывала, усё для мяне.
        – Адкуль родам?
        – Я? З-пад Пскова. Ёсць такі гарадок Порхаў, можа, чулі?
        Там жыў. Мама ў школе настаўніцай рабіла.
        – Кажаш, шкадавала?
        – Ну. Яшчэ як! Проста смешна было. З хлопцамі калі падурэю – трагедыя. Сняданак не даем – трагедыя. А ўжо калі захварэю – ого! Усіх дактароў на ногі падніме, тыдзень лякарствамі карміць будзе. Смешна было... А цяпер – не смешна.
        – Цяпер не смешна, – уздыхнуў лейтэнант.
        – Мама золата. Я ў яе адзін, але ж і яна ў мяне таксама адна. У нас там і радні ніякай. Мама з Ленінграда сама. Да рэвалюцыі ў Піцеры жыла. Колькі мне пра Піцер расказвала! А я так ні разу і не з’ездзіў. Усё збіраўся, збіраўся. Цяпер пасля вайны хіба.
        – Пэўна, пасля вайны.
        – Я, ведаеце, я нічога. Я не надта: заб’юць, ну і што ж! Маці шкада...
        Маці, вядома, шкада, моўчкі пагадзіўся Іваноўскі. Зрэшты, шкада і бацьку таксама. Нават такога, якім быў яго, ветэрынар Іваноўскі. Не вельмі каб добры і не надта разумны, аматар пагутарыць з мужыкамі і нават выпіць з выпадку, ён часам здаваўся занядбаным, патрапаным у жыцці няўдакам. Сапраўды, ва ўсіх былі жонкі, якія клапаціліся пра харчаванне, быт, сямейныя зручнасці, у рознай ступені, але нязменна паважалі сваіх мужоў-камандзіраў, а яны з бацькам, колькі памятаў Ігар, заўсёды жылі ў нейкіх каморках, кутках, на прыватных яўрэйскіх кватэрах, абедалі калі і чым давядзецца: кавалкам сала, міскай капусты, кансервамі, абходзіліся адной на двух алюмініевай лыжкай. Маці сваю Ігар не памятаў і амаль ніколі не пытаўся пра яе ў бацькі; ён ведаў: варта толькі пачаць пра яе размову, як бацька не ўтрымаецца ад слёз. З вобразам маці была звязана нейкая сямейная драма Іваноўскіх, і сын нават не ведаў, ці была яна дзе жывая, ці даўно, можа, памерла. Зрэшты, як высветлілася потым, бацька таксама пра гэта не ведаў.
        Пра бацьку Іваноўскага знаёмыя гаварылі рознае, па-рознаму адносіўся да яго сын, але ўсё роўна гэта быў бацька, які па-свойму любіў адзінага свайго сына, жадаў яму толькі добрага, радаваўся яго вайсковай будучыні. I вось дарадаваўся. Апошняе пісьмо ад яго Іваноўскі атрымаў у вучылішчы, перад выпускам, у пачатку чэрвеня; бацька тады быў пад Беластокам усё ў тым жа пагранатрадзе, Ігар жа атрымаў назначэнне ў Гродна, у распараджэнне армейскага аддзела кадраў, і думаў, што яны неўзабаве ўбачацца. Ён нават не адказаў бацьку на яго пісьмо, а пасля ўжо і адказваць не стала куды; дзе ён, жывы ці не – ніхто яму дакладна сказаць не мог, ды і запытацца не было ў каго. Відаць па ўсім, з бацькам у Іваноўскага ўсё назаўжды скончылася, надзеі на сустрэчу не засталося ніякай.
        Таксама як і з яго Янінкай.
        Дзіўна, але тое страшнае расстанне з дзяўчынай ён перажываў куды даўжэй і пакутней, чым, па ўсёй верагоднасці, навечную разлуку з бацькам. Праўда, пасля, у баях, у крывавай мітусні франтавых будняў, часта забываўся пра яе, каб зусім нечакана дзе-небудзь у часе начлегу, у ціхую хвіліну, перад самотнай невядомасцю бою раптам прыпомніць да пранізлівага болю ў сэрцы. Ён нікому не расказваў пра гэтае сваё першае і, напэўна, апошняе, зусім кароценькае каханне. Ведаў – у іншых было не лепш. Хто ў вайну не перажывае, не сохне, не пакутуе ад разлук з каханай, маці, жонкай або дзецьмі... Разлукі тамілі, пяклі, болем тачылі салдацкія сэрцы, і ніхто не мог нічога зрабіць, каб як палегчыць гэты іх боль.
        ...Здаецца, ён зноў забыўся – заснуў або проста заціх на пакугным рубяжы між жыццём і смерцю, і калі ачнуўся, лазня амаль патанула ў змроку. Ён ужо не глядзеў на гадзіннік, час для яго цяпер страціў свой пачатковы сэнс, адчуванне Іваноўскага быццам і яшчэ пагоршала. Ён дробна і часта дыхаў, ледзьве адольваючы дыхавіцу, ранішнія дрыжыкі змяніліся патлівай гарачкай. Ачнуўшыся, ён пашукаў вакол позіркам і ўбачыў Піваварава, які сядзеў на перакуленым драўляным вядзерцы ля акна і грыз сухар. Акно, мабыць, пацела ад яго дыхання, і баец рукавіцай усё цёр шыбы.
        – Што там? – адкрыўшы і зноў закрываючы вочы, запытаўся лейтэнант.
        – Усё тое ж. Не ідуць, сволачы.
        Не ідуць – значыць, у вёску не сунешся. Але куды ж, апроч вёскі, цяпер можна сунуцца? У полі будзе горай, чым у гэтай лазні, у полі яго даканае мароз. Але і ў лазні наўрад ці яны дачакаюцца чаго добрага.
        Чорт, патрэбны былі лыжы, дарма ён кінуў іх у той вёсцы. Хаця там, пад агнём, было не да лыжаў – там трэба было ратаваць галовы. Але цяпер вось без лыжаў яны проста не маглі нікуды паткнуцца з гэтае лазні.
        Зрэшты, яму ўжо ўсё роўна, лыжы яму не спатрэбяцца. Але Півавараву яны неабходны. Без лыжаў хлопцу ніяк не дабрацца да лініі фронту – на першым жа кіламетры дарогі яго схопяць немцы.
        – Слухай, як думаеш, да той вёскі далёка?
        – Якой вёскі?
        – Ну той, учарашняй.
        – Можа, кіламетры два.
        Аказваецца, так блізка, а яму ноччу здавалася, што яны ўцяклі ад яе, можа, кіламетраў на пяць, не меней. Хаця мера адлегласці, часу, відаць, страціла для яго сапраўднае сваё значэнне, кожны метр шляху і кожная хвіліна жыцця неймаверна расцягваліся ягонай пакутай, скажаючы нармальнае чалавечае ўспрьшяцце іх. Напэўна, цяпер яму трэба будзе больш спадзявацца на Піваварава.
        – А што трэба, таварыш лейтэнант? – запытаўся баец.
        – Схадзіць па лыжы. Ноччу. Можа, не падабралі немцы.
        Півавараў хвіліну маўчаў, нешта прыкідваючы, пасля з уздыхам сказаў:
        – Што ж, я схаджу. Хай прыцямнее толькі.
        – Ага. Трэба, ведаеш...
        – Ну. Толькі вы... Як вы тут?..
        – Як-небудзь. Я пачакаю.
        Яшчэ не зусім змерклася, але Півавараў падняўся і пачаў збІрацца ў дарогу, Перш за ўсё ён сцягнуў з нагі кірзавы бот і пераматаў анучу. Пасля выняў з рэчмяшка два сухары, сунуў у кішэню штаноў, рэчмяшок пераставіў бліжэй да Іваноўскага.
        – I гэта... я аўтамат вазьму – ладна?
        – Вазьмі.
        – З аўтаматам, ведаеце... Неяк больш смеласці.
        Лейтэнант бачыў: баец не мог стрымаць радасці, займеўшы такую зброю, пра якую марыў кожны баец на фронце. Аўтаматы яшчэ толькі паступалі ў войска, пяхота амаль скрозь была ўзброена вінтоўкамі. Іваноўскі сам атрымаў гэты ППД напярэдадні выхаду, калі генерал, раздобрыўшыся, загадаў свайму канаводу перадаць аўтамат лейтэнанту. Вядома, у іхнім становішчы зброя вырашала многае, на спрадвечнае сіле зброі цяпер трымаліся мізэрныя іх магчымасці.
        – А вінтоўка хай тут пабудзе.
        Лейтэнант не пярэчыў, і Півавараў зняў з дзягі абодва брызентавыя падсумкі, лязгнуў абоймамі і паклаў іх на падлогу ля лаўкі.
        – Вінтоўка харошая: бой у самую цэль. Старшына прыстрэльваў.
        Іваноўскі рассеяна слухаў байца і думаў, што вінтоўка, некалькі абоймаў патронаў, супрацьтанкавая граната, дзве бутэлькі КС – напэўна, гэтага будзе даволі. Пашанцуе – ён пачакаецца Піваварава з лыжамі, і, можа, яны яшчэ нешта зробяць. А не, дык будзе з чым пастаяць за сябе да канца.
        Півавараў пераматаў і другую анучу, падцягнуў дзягу і з яўным задавальненнем закінуў за плячо аўтамат. Здаецца, ён ужо быў гатовы выправіцца ў недалёкі, але хто ведае, наколькі бяспечны свой шлях.
        – Каторая на вашых там? Пяць ужо? Ну, я за гадзінку ўпраўлюся. Тут недалёка...
        За якую гадзіну ён управіцца, і яны зноў будуць разам. У хвіліну новага расстання Іваноўскі адчуў, як увогуле няблага яму было з гэтым ціхмяным, цягавітым хлопцам і як, напэўна, нялёгка будзе цяпер, у адзіноце, перажыць гадзіну. Раз’яднанасць значна аслабляла іх сілы. У дзеянне ўступала дзіўная, не зусім суладная з матэматыкай логіка, калі два падзеленыя напалам складалі менш за адзінку, у той час як у іншых выпадках дзве разам складзеныя адзінкі былі болей, чым два. Напэўна, такое не надта супадала і з нармальнай логікай і было магчыма толькі на гэтай вайне. Але што гэта менавіта так, лейтэнант вельмі добра вывучыў на ўласным вопыце.
        Баец быў гатовы ісці, але чамусь марудзіў, напэўна, не хапала яшчэ нейкай драбніцы ў іх развітанні. Іваноўскі ведаў, у чым была гэта драбніца, і ён вагаўся. Паявілася апошняя магчымасць паткнуцца ў тую праклятую вёску і паспрабаваць што-колечы выведаць пра той штаб. Хоць бы ў агульных рысах, каб не з пустымі рукамі з’явіцца перад генералам і хоць бы ў малой ступені апраўдаць іх прыкрую няўдачу з базай. Але ён не мог не ведаць таксама, што самая малая неасцярожнасць Піваварава магла абярнуцца адразу трайною бядой, назаўсёды пахаваўшы іх і без таго нікчэмную магчымасць выканаць свой абавязак і жывымі вярнуцца да сваіх.
        – Дык я пайду, таварыш лейтэнант, – рашыўся Півавараў і ступіў да парога.
        Лейтэнант сказаў:
        – Пагадзі. Ведаеш... Я не загадваю, глядзі сам. Але... Можа, як-небудзь... Што там, у вёсцы? Каб дазнацца як...
        Ён змоўк, Півавараў насцярожана чакаў, але, не дачакаўшыся болей нічога, сказаў проста:
        – Добра. Я паспрабую.
        Штось у Іваноўскім нязгодна запратэставала, амаль закрычала ў яго прастрэленых грудзях. Што значыць – паспрабую, ад спробы не шмат карысці, тут патрэбны вужачая хітрасць, упартасць, вытрымка, і то, апроч усяго, трэба яшчэ рызыкаваць жыццём. Але ён не мог гэтага растлумачыць байцу, штось перашкаджала яму гаварыць пра трагічныя, хоць і звычайныя на вайне рэчы, да таго ж ён ледзьве адужваў у сабе слабасць і боль. I ён толькі ўздыхнуў:
        – Глядзі, асцярожна...
        – Ды ладна. Вы не турбуйцеся. Я ціхенька...
        – Добра. I нядоўга...
        – Ну. Во тут вадзіцы вам, – баец зачарпнуў у дзежцы і паставіў ля яго бляшанку з вадой. – Калі піць захочаце...
        Стомлены труднай размовай, Іваноўскі заплюшчыў вочы. Ён чуў, як Півавараў выйшаў у прылазнік, не адразу, асцярожна адчыніў там дзверы і ціха прыстукнуў імі знадворку. Хвіліну яшчэ яму чутны былі за сцяной яго крокі, яны хутка аддаляліся, і з імі аддалялася нейкая надзея; здавалася, штосьці для іх канчалася, не пачаўшы новага. Ён стаў чакаць, упарта ўслухоўваўся ў кожны шолах ветру на даху, кожны аддалены гук у вёсцы, ад гэтай хвіліны ён жыў у трывожным, скупым свеце гукаў, часам прыглушаных уласным кашлем і глухім, надакучлівым хрыпам у грудзях.
        Памалу слых яго стаў прытупляцца, вакол было ціха, і ягонай свядомасцю завалодалі думкі, якія дзівосна віліся ў часе і прасторы. Здаецца, ён пачынаў драмаць, і тады сярод ірэальнай бязглуздзіцы выплывала штосьці падобнае на быль ці яго мінулае, якое трывожыла і соладка гняло адначасна...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.