|
4 Але яна ўсё ж прыходзіць. Прыходзіць, калі мы ўжо не чакаем яе і моўчкі, паныла сядзім на брустверы. Побач, на агнявой, нешта лязгае затворам Папоў; Жаўтых стаіць на пляцоўцы паміж станін і па-старэчы глуха пакашлівае. Мы чакаем толькі нашых хлопцаў з вячэрай і здалёк яшчэ чуем у змроку іх крокі. Поўныя іх кацялкі цяпер не бразгаюць, хлопцы мякка ступаюць гумавымі абцасамі сваіх «кірзачоў», але да нас даносіцца іхняя гаворка, і мы ўслухоўваемся. Нешта невыразна буркае адзін голас, – напэўна, Лук’янаў, потым адзываецца другі, гучнейшы, – гэта, відаць, Задарожны, і раптам чуецца тоненькі шчыры дзявочы смех. Крывёнак міжвольна ўздрыгвае, устаўляецца ў цемру засяроджаным пільным поглядам і не кратаецца. – Вячэра ідзе, – як заўжды глухавата, але з прыкметнай бадзёрасцю ў голасе аб’яўляе Жаўтых. – А ну давай цягні палатку! Ну, што сядзіш? Не чуеш? – буркае ён на Крывёнка і дастае з кішэні вялікі ў драўляным тронку ножык. Гэтым нажом старшы сяржант, як бацька ў вялікай сям’і, заўсёды кроіць у нас хлеб, распячатвае кансервы і б’е цукар. Пакуль Крывёнак вытрэсвае заплямленую і запыленую за дзень палатку, яны падыходзяць утраіх. Задарожны весела зубаскаліць нешта, яўна адрасаванае Люсі, і яна тоненька, сцішана смяецца. – Палундра! – жартоўна гукае ён, змрочным ценем падышоўшы да агнявой. – Лыжкі к бою, гвардзейцы! – Добры вечар вам, – кажа да нас такі незвычайны тут, нейкі мілагучны і любасны голас дзяўчыны. Мы ўсе рознагалоса вітаемся: – Здрасце! – Добры вечар! – Законна! Вечар на «пяць»! – развязна аб’яўляе Задарожны. Ён ставіць на дол кацялкі з крупнікам і чаем, Лук’янаў вымае з-пад пахі бохан і кладзе яго на разасланую Крывёнкам палатку. Але мы ўжо забыліся, што згаладалі, – мы не ведаем, як нам сустракаць, як трымаць сябе перад гэтаю ўвесь дзень чаканаю госцяй. Добра, аднак, што яна не чакае нашага запрашэння – яна тут з намі як дома, – адразу падступае да Жаўтыха, апускаецца на калені і расшпільвае сваю таўшчэзную медыцынскую сумку. – Вось мазь, – аб’яўляе яна камандзіру. – У нас не было, дык прасіла аднаго – прывёз з медсанбата. Мазаць тры разы на дзень. І вось бінт, новенькі, для перавязкі. – Ну, дзякуй. Але колькі я ўжо іх перамазаў... Жаўтых рады ад яе клопату, задаволена сапе і пхае ў кішэню мазь. У яго на назе экзема, якая нямала турбуе камандзіра ў спякотныя дні і якую Люся настойліва лечыць вось ужо каторы тыдзень. – То былі так сабе. А гэта не такая. Гэта новая, – запэўнівае яго Люся. – Толькі не палянуйцеся мазаць тры разы ў дзень... Яшчэ забылася: медкамісія будзе ў чацвер. Так што, можа, яшчэ які водпуск атрымаеце. – Ого! – не вытрымлівае Лёшка. – От гэта да! На Кубань! Да Дар’і Амяльянаўны. Здорава. – Ну, ты!.. Рана яшчэ ржаць! Пабачымо, – кажа Жаўтых і бярэцца за хлеб. Да Люсі нясмела, бы да начальства, падыходзіць Папоў. – Таварыш Люся. Многа, многа прасіл хачу, – кажа ён і змаўкае. – Ну што, Папоў, кажы. – Жона многа, многа пісьмо не слал. Чаму не слал – не знай Папоў. Нада штаб дакумент пішы. Папер пячатка стаў. – Паслаць запытанне? – здагадваецца Люся. – Во-во: запытанне... – Добра. Я папрашу заўтра ў штабе. А скажы мне свой адрас. Папоў чухае патыліцу і ўздыхае. – Якуція. Раён Оймякон... – Гэта ён баіцца, што жонка к шаману перабегла... Пакуль ён тут кукурузу есць, – зазначае Лёшка. Люся крыўдліва папракае яго: – Ну што вы, Задарожны? Заўсёды з жартамі. Ці нельга сур’езней? – Жона нету хадзі шаман. Шаман нету Якуція, – сур’ёзна кажа Папоў, робячы націск у слове «Якуція» на «і». – Не слухай ты яго, Папоў. Я зраблю заўтра, – проста абяцае Люся, збіраючы сваю сумку. – Ну, давай бліжэй ды павячэрай з намі, – запрашае камандзір Люсю. Тая, аднак, ускоквае з долу. – Не, не. Вы ешце. Я ўжо... Яна зашпільвае на баку сумку, і мне раптам становіцца вельмі крыўдна ад таго, што яна вось-вось пойдзе і застануцца адно толькі мае думкі і маё доўгае чаканне новага няскорага вечара. Яна спяшаецца і на хаду заканчвае справы. – А як у вас з акрыхінам, Лук’янаў, вы ўсё хварэеце? Акрыхін папілі? – Яшчэ на два прыёмы максімальна, – сцішана, але з нейкаю годнасцю адказвае Лук’янаў. – Гэта мала. Наце вам яшчэ трохі. Толькі прымаць рэгулярна. А то некаторыя выплёўваюць... – Ого! З такіх ручак выплёўваць! – прытворна здзіўляецца Лёшка. – Ось мяне ніякая халера не бярэ! А то б з тваіх, Сінявочка, ручак па кілаграму гэтай атруты з’ядаў. Далібог! Каб я здох! Толькі па адной штучцы з пальчыка. – Ох і весялун вы, Задарожны! Насмешнік! – смяецца Люся. Жаўтых тым часам раскладвае на палатцы шэсць роўных салдацкіх паек і, бачачы, што мы марудзім разбіраць іх, прывычна гыркае: – Ну, чаго чакаеце? Калача? А ну хапай мне жыва! Не, нам няёмка паказаць перад гэтай дзяўчынай нашу галодную нястрыманасць, мы марудзім яшчэ, адзін толькі Задарожны, так, нібы нікога тут чужога няма, усаджваецца на зямлю, па-турэцку падкурчыўшы ногі. Вялізнаю пяцярнёй ён лапае акраец і адразу адкусвае ад яго ладны кавалак. – Нечага драмаць – крупнік прастыў. Налягай, гвардзія! Сінявочка, калі ласка, да мяне, будзем на пару, так сказаць, есці і так далей, – з лёгкасцю слабадскога дзецюка звяртаецца ён да дзяўчыны. Люся спрабуе яго абысці. – Не. Вы ешце, а мне яшчэ ў другі разлік, да Скварышава трэба. – Без цябе? Ні ў жысць, – ускоквае і загароджвае ёй шлях Лёшка. Ён наглавата разводзіць свае разлапістыя рукі і затрымлівае дзяўчыну. – Только зняць пробу. Ну хоць адну лыжачку... Люсі, відаць, зусім не хочацца есці, але паспрабуй адчапіся ад гэтага Лёшкі. Крывёнак нерухома сядзіць на брустверы і, мне здаецца ў змроку, толькі кусае вусны, гледзячы, як распінаецца Лёшка. Мне таксама чамусьці вельмі ніякавата ад гэтага і вельмі хочацца, каб яна не паслухала Лёшку і пайшла. Па-ранейшаму сумна расставацца з ёю, але гэтая прыліпчывасць Задарожнага становіцца зусім ужо нясцерпнай. І ўсё ж яна не ідзе, а ён далікатна і настойліва бярэ дзяўчыну за яе вузенькія плечы і падводзіць да свайго месца каля палаткі. Мне здаецца, што Люся адштурхне яго нахабныя заграбастыя рукі, я ўжо хачу крыкнуць: «Адчапіся, прытвора!», ды Люся раптам паслухмяна і лёгка сядае з ім поруч, Лёшка рад, ён дамогся свайго і, змяніўшы лісліва-салодкі голас на грубы, гукае ў наш бок: – Гэй, Крывёнак! Не ясі – дай лыжку! – Ідзі да д’ябла, – буркае Крывёнак і выцягваецца ў доле, а я ў нейкім бяздумным імкненні дастаю з-за халявы лыжку і даю Люсі. Толькі Люсі яна не дастаецца – Задарожны вырывае яе з маіх рук, а сваю з нахабнаватай услужлівасцю перадае дзяўчыне. – Ну, я толькі паспытаць, – смеючыся, але, здаецца, задаволена кажа Люся. – Калі вы ўжо такія гасцінныя... – Мы? Ого! Мы і самога румынскага караля кукурузай накармілі б. Пальчыкі б аблізаў! – самаўпэўнена хваліцца Задарожны. Люся дробненька смяецца і зачэрпвае крупніку. Нейкі час усе маўчаць, бразгаючы ў кацялках, пасля Жаўтых аб’яўляе: – А крупнік быццам і нішто: есці можна... Ну, што там чуваць у вашых медыцынскіх тылах? – пытаецца ён у дзяўчыны. – Ці хутка нам, дармаедам, у наступленне? А то ўсю малдаўскую кукурузу паямо. – Ерунда! Куды спяшацца?! Ад кукурузы гэта не залежыць, – кажа Задарожны. Але Жаўтых не любіць, калі яму хто пярэчыць. – От шмат ты разумееш. Не залежыць! А ну скажы, Лук’янаў, ці залежыць наступленне ад харчу? – Безумоўна, залежыць, – ціха зазначае Лук’янаў. – Харч – эканамічны фактар, састаўны элемент усіх дзеючых на вайне сіл... Люся слухае гутарку, з’ядае з Лёшкавага кацялка некалькі лыжак крупніку, але кідае позірк убок і бачыць нас двух на брустверы. – Што ж гэта: я ем, а хлопцы сядзяць галодныя... – Ерунда, жывы будуць. Госцю першае месца. Законна! – Мы не хочам, – бадзёра пацвярджаю я. Крывёнак усё маўчыць, і Люся грозіць мне пальцам. – Ой, ведаю: змовіліся! І вы, Лазняк, хлусіць сталі – не спадзявалася. – Ну што вы? – кажу я нейкім не сваім, блазняцкім голасам. – Мы так... Люся, аднак, ужо ўглядаецца ў панылую постаць Крывёнка. – А што ж гэта мой рыцар надзьмуўся сёння? Ці, можа, пісьма не дачакаецца? Са шпіталю? – смяецца Люся. Хлопец ёрзае на брустверы і груба кідае: – А табе якая справа? – Ну не сярдуй, Паўлік, я ж пажартавала. Ты харошы! – сур’ёзнее Люся. Крывёнак нешта чмыхае і, пэўна, каб як пераадолець сваю няёмкасць ад дзявочай увагі, пачынае закурваць. Курыць у такі час і гэтак адкрыта нельга, але хлопец, мусіць, забываецца пра гэта і яркім агеньчыкам раздзімае сваю цыгарку. – А ну асцярожней там! – строга гукае да яго Жаўтых. – Што раскачагарыў! – Будзем есці, – кажу я Крывёнку. Той не адказвае, маўчыць, і я не настойваю, бо разумею, што робіцца ў яго душы. Але і мне не лягчэй. «Ось табе і радасць! – думаю я. – Ось і дачакаўся і цяпер вось трывай». З новым пачуццём болю і прыкрасці я пазіраю на цьмяную постаць Люсі, ледзь не з нянавісцю – на Задарожнага і не магу даўмецца, як гэта яна не бачыць яго прысалоджанай нагласці, не заўважае яго грубаватага жарту, адносіцца да яго так, быццам ён тут найлепшы сярод нас, і мне нават здаецца, што ёй добра так сядзець з ім і есці суп. – Ну вось так! Павячэралі – дай бог паснедаць, – кажа Жаўтых, выціраючы вусы, і бярэцца за другі кацялок. – Будзем піць чаёк і закурым... Але папіць чаю яму не ўдаецца. Не спраўляецца ён падняць кацялок, як угары нечакана і таму незразумела спачатку, візгліва ўзвывае: – Пі-у-у... Пі-у-у... Пі-у-у-у-у-у!!! – Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах! – ірве ў цемры навокал нас. Гарачыя хвалі ўдараюць у спіны, у твары, абдаюць дробнай зямлёй. Блізкае полымя на момант вырывае з цемры спалоханыя, знямелыя постаці, асляпляе. І зноў угары вые: «Пі-у-у... Пі-у-у!!! Тр-ра-ах!» – Лажысь! – пагрозліва крычыць Жаўтых. – У акоп!!! Прыгнуўшыся, хлопцы ўскокваюць, я перавальваюся цераз бруствер і падаю з усімі ў чорную цемру акопа. Нехта навальваецца на мяне, балюча выцяўшы абцасам у спіну. Зямля пад намі рвецца, уздрыгвае раз, другі, трэці: па галавах, скурчаных спінах лапочуць груды, і нечакана зноў усё сціхае. – Сабакі! – кажа ў напружанай цішы Жаўтых. Штурхаючыся ў цемры, ён пачынае ўставаць. – Засеклі ці наўгад?.. За камандзірам варушацца іншыя, здаецца, усе цэлыя. – А божачка! І напалохалася ж, – раптам зусім блізка ля мяне адзываецца Люся, і я ўздрыгваю – яе цёплае пругкае і трошкі дрыготкае цела толькі што прыціскалася да маёй спіны. З незразумелай няёмкасцю я паварочваюся, абсыпаю спінай зямлю ў акопе і даю дзяўчыне месца. Мы ўсе ўстаём у акопе і ўслед за Жаўтыхом пачынаем вылазіць на паверхню, а ля палаткі, быццам нічога і не здарылася, сядзіць Лёшка і даядае суп з кацялка. – Ну і хуткія ж на пад’ем! – напаўжартоўна і здзекліва кажа ён. – Трах-бах, і ўжо ў траншэі. Ваякі! Яму ніхто не адказвае, Жаўтых стаіць, услухоўваючыся ў трывожную ціш. Наперадзе, над пагоркамі, узлятае ў неба першая сёння ракета; губляючы агняныя кроплі, яна разгараецца, міргае па кукурузных кучах далёкім мільготкім агнём і гасне. – А ты не дужа таго! – кажа Жаўтых. – Глядзі, каб калі бокам не вылезла. Дажартуешся. – Хе! Ерунда! Дзвюм смярцям не бываць – адной не мінаваць. Што мне, падумаеш!.. Хлопцы зноў прысядаюць каля палаткі, недаверліва азіраючыся на чорныя пагоркі, а Люся, пэўна, яшчэ не перажыўшы свайго страху, стаіць на выхадзе з акопа. – Ой, няўжо вы не баіцеся? – роўным голасам пытаецца яна ў Задарожнага. – А чаго? І не падумаў. – Смелы! Зайздрошчу смелым, – кажа яна і ўздыхае. – А я ўсё не прывыкну. Колькі нацярпелася, і ўсё боязна. Трусіха такая... І тады я бачу Крывёнка. Нікім не заўважаны, ён зацята і маўкліва сядзіць на ранейшым месцы ля бруствера. Трошкі апанураны ад свае нястрыманасці перад дзяўчынай, я бяру з палаткі акраец. Крупніку ўжо няма: перакулены наш кацялок валяецца на зямлі. Задарожны тым часам са смакам даядае, устае на ўвесь свой немалы рост, пацягваецца, адчуваючы застаялую сілу ў маладым дужым целе, і зноў гаворыць да Люсі: – Смялей, дзяўчынка! З намі не прападзеш! Хадзем, правяду цябе да другога разліку. – Не, дзякуй – я сама, – адказвае Люся і выходзіць з агнявой. – Дзе гэта мая сумка? Не памятаю, дзе і кінула. – Ось тут. У мяне, – нейкім прыдушаным голасам упершыню адзываецца Крывёнак. Лёшка выхоплівае ў яго сумку і аддае Люсі. Яна надзявае яе цераз плячо і абыходзіць агнявую, каб выйсці на сцяжынку ў другі батальён. Поруч ідзе Задарожны. – Дзякуй за вячэру, хлопчыкі. Да пабачэння. – Аўфідэрзэй! – па-блазнерску кідае нам Задарожны. – Прыходзь калі, – кажа Жаўтых Люсі. – Не забывай нас. – Дзівакі! Як жа вас забыць? Вы ж мае родненькія, – даносіцца зводдаль ласкавы голас, і ў мяне сціскаецца сэрца. Крывёнак пераварочваецца на жывот, і з грудзей яго вырываецца цяжкі, як стогн, уздых.
|
|