РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
9
        
9

        
        Надзіва сабе самой Сцепаніда не дужа ўбівалася па карове - як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае і што вялікая небяспека набліжалася да іх ушчыльную. Заходзіла яна здаля - ад падворка, дарогі, праз малако, хату, калодзеж, але падступіла ўжо так, што было відавочна: яны схопяць абаіх за горла - во, тады прыйдзецца спалохацца. Праўда, як яна ні ўдумвалася, усё не магла ўразумець нялюдскі сэнс іх учынкаў ды іхніх намераў, хоць увогуле намеры гэтыя былі спрэс ёй варожыя, але як было дазнацца, каторы з іх прывядзе да самага страшнага. Канешне, можна б старацца як мага далей адсоўваць яго, гэтае страшнае, неяк паддобрывацца, нават падлізвацца да чужынцаў, дагаджаць ім у малым ці ў большым, але, думала яна, хіба тым пасобіш? Зноў жа яна змалку не ўмела пераломваць сябе, рабіць што насуперак перакананню, тым больш прыніжацца; патрэбных для таго здольнасцяў у яе не было ані крошкі, і яна не ведала нават, як тое можна наогул, асабліва калі яны вытвараюць такое. Тая знявага, якую яны ёй зрабілі пры першым сваім з'яўленні, не давала ёй намагчыся на іншы лад, апроч непрыязні, далейшае ж выклікала ў яе абурэнне і нянавісць. Сапраўды, такога з ёй ніколі яшчэ не здаралася. Было, што яе крыўдзілі ў жыцці, прыцяснялі, зневажалі нават, але ніхто яшчэ не падняў на яе руку - ні бацька на малую, ні якая радня, ні потым Пятрок. Ды і як было можна: па ўзросту яна многім з гэтых немцаў гадзілася ў маці, у яе самой сын быў у войску - ладны малады дзяцюк, - якое яны мелі людскае права адбіраць у яе нажытае працай ды яшчэ біць яе?
        Сцепаніда сядзела ў істопцы і нават не пазірала ў акенца - яна чула ўсё, што рабілася там, на падворку. Ажыўлена гамонячы, немцы знялі ў хляве дзверы, усталявалі іх пасярод падворка і ўзяліся свежаваць там Бабоўку. Мусіць, драў шкуру ўсё той жа Карла. Чула: там сярод выкрыкаў і смеху салдатні называлася яго імя, нешта гаманіў фельдфебель, тады іншыя прыціхалі, толькі коратка гучала чыё-небудзь «яволь»; саплі ад натугі салдаты і трашчала каровіна шкура. Пятрок кудысьці сышоў, здаецца, на падворку яго не было, інакш бы яна яго ўчула ці ўчула б чый-небудзь крык на яго. І яна сядзела адна на сваім сеннічку на ўслоне ў прахладным паўзмроку істопкі, цяпер ёй не было куды ісці, не было што рабіць. У істопцы было не сцюдзёна, ціхмана, канчаўся пагодлівы восеньскі дзень, яркі сонечны лапік з акенца пасунуўся ад пашчэрбленай земляной падлогі да жорнаў і коса высвеціў там патрэсканыя закапцелыя бёрны сцяны. Гэты залацісты лапік, аднак, усё вузеў, зыходзіў на тонкі блішчасты аскялёпачак і ўрэшце прапаў зусім - сонца схавалася за высялкоўскім пагоркам. У істопцы адразу стала цямней, стуліліся ў паўзмроку вуглы, закуткі, насоўвалася ноч. Немцы ўвесь дзень пратаўкліся на хутары, на мост так і не ездзілі, мусіць, сапраўды сёння было ў іх нейкае свята ці які адпачынак. Сцепаніда чакала, калі яны ўрэшце ўгамоняцца на падворку ці хоць бы зоймуцца якім клопатам, - ёй усё ж трэба было наведацца ў застаронак, пакарміць парсючка, каб той не заскуголіў з голаду і таксама не апынуўся ў іх ненажэрнай кухні. Але яна не магла выйсці цяпер, калі яны гэтак апанавалі сядзібу і нікуды не рушылі з яе. Увесь дзень Сцепаніда чакала зручнага для сябе моманту і вось дачакалася вечара.
        Яна здрыганулася ад нейкага тупога моцнага ўдару там, на падворку, затым наступнага; штось там раструшчылася, нібы сухадрэвіна, і яна, устаўшы, зірнула ў акенца. Чалавекі чатыры тупалі там ля асвежаванай, нейкай дужа невялічкай, бы цялячая, тушы Бабоўкі, і крутаплечы без мундзіра немец з закасанымі рукавамі белай сарочкі сек яе тапаром, аж падкідваліся на дзвярах каровіны ногі. Галаву яны ўжо адсеклі, і тая ляжала цяпер на стаптанай мураве ля палаткі, выставіўшы ў звечарэлае неба чорны, загнуты над лобам рог.
        Сцепаніда зірнула ў акенца раз-другі, болей пазіраць не стала - яна не трывала бачыць такое. А яны там усё секлі Бабоўчыны косці, скабы, ногі, хрыбет, і кожны ўдар сякеры болем роспачы аддаваўся ў яе сэрцы.
        Прыцемак блізкай ночы ўсё болей апаноўваў цеснае, застаўленае розным начыннем памяшканне істопкі. Петрака ўсё не было, і Сцепаніду пачаў агартаць неспакой. Штосьці трэба было рабіць, але што? Што яна магла ўвогуле зрабіць тут, калі не мела ніякага права, нічым не распараджалася - наадварот, цяпер распараджаліся ёю. І ўсё ж яе дзейная натура не магла прымірыцца са сваім бяссіллем, прагнула нейкага сродку, нейкай магчымасці адстаяць сябе, не паддацца.
        Яна зноў зазірнула ў акенца - з Бабоўкаю там было ўсё скончана, на траве ляжалі спэцканыя крывёй дзверы, немцы стаялі і сядзелі ля кухні, дзе, мабыць, даварвалася вячэра і адкуль несла нясцерпным пахам варанага мяса. Петрака па-ранейшаму нідзе не было відаць. Яна падбегла да глухой сцяны істопкі, услухалася - не, з гарода не чутна было нічога, можа, варта было цяпер, у шэрую гадзіну, і шаснуць да застаронка. Калі яна слухала, позірк яе незнарок напаткаў блішчасты бок суляі на паліцы, і яна падумала: увечары спаляць. Мусіць жа, трэба будзе святло і забяруць газу. Каб тая не стаяла перад вачыма, Сцепаніда зняла цяжкую суляю з паліцы і засунула ў кут пад жорны, заставіла цабэркам. Пасля набрала з цабэрка ў чыгунок яшчэ пазаўчарашняй варанай бульбы, захінула яго фартухом і асцярожна прыадчыніла дзверы з істопкі.
        У сенцах не было нікога, на камянях прыступкаў таксама, яна нячутна пераступіла парог і па-над сцяной істопкі матлянулася да дрывотні. Яна не пазірала на немцаў, чакаючы і баючыся іх вокрыку, але, занятыя гаманой ля кухні, тыя, мусіць, не вельмі ўзіраліся ў яе. За рогам дрывотні яна ўздыхнула, пералезла цераз жэрдку ў гарод. Курыны хляўчук быў насцеж расчынены, падпорка валялася ў доле, курэй там не было ніводнай - ці не ўсіх ужо перастралялі гэтыя сабакі, падумала яна. А можа, пахаваліся? Ці паўцякалі? Яшчэ ўслухаўшыся ў дружны салдацкі рогат, які выбухнуў за хатай, яна ціхенька, каб чым не стукнуць, адцягнула ад дзвярэй застаронка саху, і да яе ног з такім імпэтам выкаціўся яе парсючок, што яна аж спалохалася: што з ім рабіць? Ціха рохкаючы, той радасна тыцкаў у яе ногі кароткім сваім лычком, нібы патрабуючы штось, і тады яна падалася назад праз дзядоўнік да сцежкі-разоры цераз гарод да рова. Парсючок надзіва рахмана, нібы сабака, заспяшаўся следам - подбегам з невялікімі прыпынкамі, і яна аж сцялася ўся: хоць бы не выйшаў хто з-за хаты, не ўбачыў іх тут.
        Але сталася так шчасліва - з падворка не выйшаў ніхто, яна правяла парсючка здратаваным, з растаптанымі градамі гародам да плота, пералезла цераз жэрдку: парсючок з ціхім сапам прашчаміўся нізам, і тут ужо яго затулілі быльнёг, кусты ажавіння ля сцежкі. Побач быў роў, а на ўзроўку крыху воддаль адсюль варухнулася знаёмая постаць пастушка Янкі. «Уцякай ты адсюль! Уцякай!» - замахала яна рукой. Не хапала яшчэ трапіць на вочы немцам з тым яго статкам, пастраляюць кароў - ім хіба шкада? Але Янкавага статка паблізу не было відаць, мабыць, ён ужо загнаў яго ў Выселкі, а сам, насуперак яе жаданню, чамусьці бег ёй насустрач. На самым узроўку яны сустрэліся, трохі захінуўшыся ад сядзібы крайнім кустоўем алешніку. Янка, як заўжды, нешта пакутна-гугнява паспрабаваў сказаць, ды яна не зразумела нічога.
        - Во парсюк! Каб схаваць дзе?
        Надзіва, ён зразумеў. На момант у яго пільных вачах пыхнула ўвішным пытаннем, а затым ён ужо замахаў рукамі, паказваючы ў завалочаную вечаровым прыцемкам глыбіню рова, куды праз хмызняк бегла крывулястая сцежка. Сцепаніда не зразумела, і ён ухапіў яе за рукаў ватоўкі, пацягнуў. Перш чым яна наважылася ісці, парсюк ужо рушыў за ім, нецярпліва торкаючы лычком у босыя Янкавы ногі.
        Яны не хутка, аднак, спускаліся крутаватай, месцамі нават абрывістай сцежкай. Парсюк боязна зарохкаў перад абрывам, не цямячы, як з яго злезці, Янка тады прыступіў на калена і знізу пераняў яго, але парсючок трапянуўся, завішчэў, і Янка змушаны быў пусціць яго на свае ногі. Не збочваючы нікуды са сцежкі, парсючок увішна і борздзенька ішоў за Янкам.
        Урэшце яны апынуліся ля ручая ў сыраватым, зарослым крапівой і бадыллём прыцемку, Янка некуды ўсё імкнуў над ручаём, вабячы парсючка і Сцепаніду ў сцішэла-вечаровыя нетры ляснога рова. І, надзіва, парсючок слухаўся яго лепш, чым калі б яго вяла Сцепаніда: можа, адчуваў што ці быў згаладнелы і меў спадзёўку на ежу. Калі неўзабаве, хапаючыся за голле ляшчынніку, Янка збочыў са сцежкі і палез угору, Сцепаніда здагадалася, куды гэта ён. Ведала: тут недзе пад выварацінай-елкай на схіле рова была барсукова нара. Барсука даўно ўпалявалі з сабакам браты Біклагі з мястэчка, нара пуставала гады мо чатыры, хлапчукі, забаўляючыся, раскапалі яе ўваход, але да канца не дакапаліся - такая яна была доўгая.
        Тут трэба было лезці вышэй у ляшчыннікавым ды алешнікавым зарасніку, парсючок то нязручна скакаў угору, то ўбок, то недаўменна спыняўся, мабыць, прытаміўшыся, і тады на асабліва крутой мясціне Янка абхапіў яго ўпоперак і крокаў некалькі, не зважаючы на ціхі віскат, прабіраўся так, дзе на нагах, а то больш на каленях. Сцепаніда, адной рукой трымаючы чыгунок, другой хапалася за чорнае вецце і ледзьве паспявала за хлопцам. Так яны выкараскаліся да растапыранага ў бакі карнявішча яловай вывараціны на схіле, дзе збоч невялічкай жвіровай пляцоўкі чарнелася вусце барсуковай нары. Выпушчаны з рук парсючок перастаў вішчэць і пачаў супакоена абнюхваць утаптаны хлапечымі нагамі жвір, карані вывараціны, але калі Сцепаніда паставіла перад ім чыгунок, адразу ж, нібы забыўшыся на ўсё, смачна запляцкаў бульбаю.
        - Ы-ы-ы! - нешта замахаў рукамі Янка. - Ы-у-у! - з натугай ірвалася з ягоных грудзей, але нічога зразумелага не вынікала, і Сцепаніда падумала: як жа загарадзіць гэту нару, каб парсючок не вылез і не згубіўся ў рове?
        - Ы-ы-э! - яшчэ раз спрабаваў давесці нешта сваё Янка і, махнуўшы кудысь рукой, рашуча палез па схіле вышэй да ўзроўка.
        Яна засталася адна ля вывараціны, слухаючы, як пляцкае ў чыгунку парсючок і шамоціць сухое лісце на схіле. Шамаценне, аднак, усё аддалялася, наўкола стала ціха. У рове зусім ужо сцямнелася, толькі край неба над тым узроўкам з гайком яшчэ трохі блішчэў апошнім закатным святлом. Сцепаніда не ведала пэўна, ці, можа, Янка пабег дадому ў Выселкі, ці што надумаў, каб памагчы ёй. Але пакуль парсючок еў, яна стаяла ля яго, убіраючы ў сябе таемныя, па-начному страхавітыя шолахі рова, і раптам падумала: да чаго дажылася! Каб уцякаць са свайго дома, хавацца ў рове, шукаць паратунку там, дзе яна заўжды пабойвалася трохі, асабліва ў прыцемках - вечарам ці ўначы. Але цяпер менавіта так: тут ёй было лепш і спакайней, чым на сваёй сядзібе - у хаце ці істопцы, і гэтае мілае стварэнне, яе паслухмяны ўвішны парсючок здаўся ёй радней за якога чалавека - ну як дзіця не раўнуючы. Асабліва пасля Бабоўкі, якую яна так па-дурному не ўберагла і якую цяпер, мабыць, жралі там, на падворку, абгрызалі яе белыя костачкі.
        Настаяўшыся так і набедаваўшыся ў думках, яна прысела на тоўсты абломак вывараціны і знерухомела, навастрыўшы слых. Парсючок выеў усё, што было ў чыгунку, і супакоена ўлёгся пад самыя яе ногі, гарачымі бакамі прыемна грэючы яе настылыя ступні, і яна пачала ціхенька грэбаць яго нагамі пад жыватом. Ахвотна паддаючыся на чалавечую ласку, парсючок памалу перакочваўся на бок, задаволена парохкваў. Яна сядзела на вывараціне, аж покуль угары на ўзроўку не зашамацела галлё, сухое лісце ў траве, нешта там дужа храснула, мабыць, зламалася што ссохлае. Трошкі ёй стала страшнавата, яна ўскочыла, услухалася. Ужо скрозь было цёмна, унізе, дзе бег ручэй, панаваў суцэльны непраглядны змрок, ды і ўгары, над узроўкам, у чорную масу зліліся дрэвы, хмызняк, толькі ледзь-ледзь свяціўся дальні краёчак неба. Шастанне ўгары ўсё большала, штось грукнула збоч ад нары, і да вывараціны звалілася рухавая, запыханая постаць Янкі. Неяк бокам куляючы, ён валок сюды нешта грувасткае і, мабыць, цяжкаватае для яго.
        - Э-э-э! Ы! - зморана абвясціў ён і гэпнуў ля самага вусця, мабыць, знойдзеную ў полі драўляную барану з зубамі.
        І праўда, гэта было няблага - барана адразу загарадзіла ўваход у нару, трэба было толькі яе падперці ці замацаваць як, каб не паваліў парсючок. Сцепаніда падняла парсючка, удваіх з Янкам яны сунулі яго ў колішні барсучыны схоў і хуценька заставілі нару бараной. Парсючок трывожна зарохкаў, піхнуў барану лычом, спрабуючы паваліць, але Сцепаніда прытрымала яе, а Янка тым часам выламаў непадалёк добрую палку, і яны з натугай падперлі ёю барану.
        - Во і добра, - ціха сказала Сцепаніда. - Сядзі і не рохкай, а то... Сажруць і дзякуй не скажуць.
        Янка нешта дастаў з кішэні і прасунуў парсючку, той адразу смачна запляцкаў, шавелячыся ў цемры невялічкаю шэраю плямкай, а яны палезлі ўгору на ўзровак. Мабыць, так было бліжэй, хоць і не зручней, чым па сцежцы ля ручая праз роў. Неўзабаве, добра ўгрэўшыся, выбраліся на раўнейшае і выйшлі з кустоўя на край бульбянога палетка.
        - Дзякуй табе, Яначка, - сказала Сцепаніда, кладучы руку на хударлявае пад лёгкай світкай хлапечае плячо. Янка напружыўся, спыніўся, зблізку запытальна зірнуў праз змрок у яе твар і прамычэў нешта, як заўжды зразумелае толькі яму аднаму. Яна падумала, што трэба б і яшчэ нешта сказаць гэтаму ўвішнаму бедалагу-хлопцу, ды, занятая сваім клопатам, не знайшла што і пайшла да хутара. Сцежка тут вяла па роўным, каля ўзроўка на мяжы з полем. Янка засстаўся ззаду. Ведама, ён пабяжыць у свае Выселкі, стараной у абход хутара - цяпер у хутар патыкацца нягожа.
        Яшчэ здалёку ад сядзібы Сцепаніда ўбачыла яркае, аж сляпучае, святло ў акне хаты і падумала: то не лямпа, мабыць, яны запалілі сваю электрычнасць. Было ўжо зусім цёмна, палявую далячынь завалакло змрокам ночы, а кустоўе, дрэвы на ўзроўку чарнеліся дзівосным бязладным нагрувашчаннем, праз якое месцамі туманна праглядвала шырокая прорва рова.
        З непрыемным боязным пачуццём Сцепаніда падышла да хутара, увайшла па сцежцы ў гарод. Надзіва тут было цёмна і ціха (ці не ўгаманіліся яны там?), толькі з акна на бурачнік падала касое і яркае лапікла святла; такое ж лапікла яна ўбачыла і на падворку, як выйшла з дрывотні. Чорная кухня з высокай трубой стаяла старанна абцёртая і прыбраная, накрытая зверху нейкай брызенцінай; пад тынам састаўленыя ў рад відаць былі іхнія вёдры. Збоч ад тых вёдраў цьмяна шарэла ў паўзмроку, мусіць, забытая зранку вінтоўка з новенькай раменнай почапкай. Сцепаніда ўхапіла гэта адным беглым позіркам і ўскочыла ў сенцы, дзверы якіх былі не зачынены. З хаты чулася спакойная картавая гамана некалькіх галасоў, і яна хуценька прашмыгнула ў істопку.
        Пятрок быў на сваім месцы на дзежках і адразу азваўся са змроку, як толькі яна зачыніла за сабой дзверы.
        - Ай, дзе гэта ты ходзіш па начы? Аж напужаўся во...
        - Дык і ты ж недзе паўдня прападаў, - ціха сказала яна, намацваючы ў цемры свой сеннічок.
        - Курэй пільнаваў. Як тых дзвюх застрэлілі, дык астатнія на ўзроўку ў яму ўбіліся. Тую, з крапівой. Сядзяць і ў хлявок не рушаць. Дык пасыпаў ім там, хай начуюць.
        - Колькі ж іх хоць ацалела?
        - Сямёрачка. Тэй рабенькай і чорнагалоўкі няма. І старой жоўтай няма, але не павінна, каб і жоўтую застрэлілі. Так недзе схавалася.
        - Каб жа схавалася, - уздыхнула Сцепаніда, думаючы ўжо аб іншым. Новая думка-жаданне нечакана з'явілася ў яе галаве, і яна ўжо не магла думаць аб іншым - падворак цяпер уладарна прыцягваў усю яе ўвагу. Але яна маўчала, адно толькі слухала.
        - Ай-яй! Прыйшоў злом! - пабедаваў Пятрок. - Во скарынку жую. На і табе, мабыць жа, нічога не ела...
        Ён сунуў ёй з цемры счарсцвелы кавалак хлеба, і яна ўзяла з жалем - не да сябе, да яго. Каторы дзень ужо без гарачага, на сухім, а ў яго ж хворы страўнік - бедны стары Пятрок! Другім разам пачаў бы наракаць, скардзіцца ці дакараць яе, а цяпер во з адною пакорай. Дажыўся! Але дажылася і яна. З учарашняга не было ў роце макавай расінкі, і цяпер счарсцвелы хлебны кавалак здаўся надзвычай смачным. Яна прылягла на сеннічок, прыкрыўшы ногі ватоўкай, і, патроху адломваючы ад кавалка, клала ў рот, ціха жавала. Але найбольш яна слухала. На падворку і ў палатцы, мабыць, ужо супакоіліся, але цераз сені ў хаце чулася нягучная вечаровая гаворка двух ці трох чалавек - на гэтых сну не было. А ёй дужа трэба было, каб яны там паснулі, у ёй усё мацней разрастаўся тайны і страшны намер, ад якога часам кідала ў дрыжыкі, але, ведала яна, адрачыся ад яго ў яе ўжо не хопіць сілы. Зрэшты, яна і не думала адракацца, яна збірала сілы, каб здзейсніць яго, нават калі б і ведала пэўна, што пасля ёй гэта вылезе бокам. Праўда, пакуль што нельга было і рыпацца; пакуль яны там не спяць, яна не магла выйсці з істопкі. Але яна ўмела чакаць. Яна ўсё жыццё толькі і рабіла, што чакала чагосьці, часам зусім па-дурному і марна, а часам усё-такі ёй шэнціла. Але яна рэдка калі адмаўлялася ад сваіх намераў, бо часта адмовіцца ад іх ёй патрабавалася больш сілы, чымсьці іх здзейсніць.
        Хлеб яна зжавала ўвесь і ціхенька ляжала без сну, не кратаючыся на сваім сеннічку. Невядома, ці спаў Пятрок, але яго таксама не было чуваць - ні дыху, ні руху, мабыць, усё ж заснуў. Картавае гергетанне ў хаце, здаецца, таксама ўціхла - ці не паснулі і там? Паляжаўшы яшчэ хвілін колькі, яна ціхенька ўстала і, абапёршыся рукой аб сцяну, зірнула ў акенца - не, на падворку ўсё яшчэ блішчэла на траве яркая паласа святла, прарэзаная ўздоўж чорным ценем ад рамы, дальнім канцом амаль дасягаючы тыну з вёдрамі. Вінтоўкі адсюль не было відаць, але, адчувала яна, тая стаяла на ранейшым месцы. Сцепаніда зазірнула наўкось у адзін бок двара, у другі - нідзе не відно было ні душы. Тады яна зноў лягла на сеннічок, падумаўшы: урэшце ж рана ці позна пакладуцца і тыя, у хаце. Трэба чакаць.
        Яна яшчэ паляжала з гадзіну, пільна слухаючы блізкія і далёкія гукі ночы. Недзе, мабыць, на Выселках ці ў Забалоцці за ровам, доўга, настырна брахаў сабака, аж разрываўся ад лютасці, пасля неяк раптоўна віскнуў і сціх - пабіты ці спушчаны з прывязі. Гамана ў хаце сціхла, але разы два там пачуліся крокі - кароткі цяжкаваты тупат ботаў па дошках падлогі, бразнулі дзверы, нехта выйшаў на двор, але хутка вярнуўся ў хату. Па тым, як, хліпнуўшы, знік цьмяны водсвет на чорнай бэльцы істопкі, яна зразумела, што ўрэшце там выключылі святло, скрозь стала цёмна - у сенцах, у хаце і на падворку запанаваў змрок бязмесячнай восеньскай ночы. Сцепаніда доўга яшчэ ляжала без сну, краем свядомасці гаротна перажываючы сумныя падзеі мінулага дня: сваё хітраванне з тым малаком, якое, відаць, і пагубіла Бабоўку, дратаванне сядзібы, страляніну па курах, яе неспадзяваную ўдачу з парсючком. Можа, хоць ён уцалее, калі гэтыя не дабяруцца да рова, не выпаруць яго з барсуковай нары. Так думала яна аб усім, а сама міжвольна збірала ў сабе адвагу, каб урэшце наважыцца.
        Усё ж яна, здаецца, трохі задрамала і падхапілася ад нейкага неўсвядомленага нутранога штуршка, услухалася. Пад жорнамі ціхенька драпаў пацук, ды сіпата, з прысвістам, дыхаў на дзежках Пятрок. Яна села на ўслоне, спусціла ногі на дол. Цяпер ужо нічога не было ў яе жаданнях, апроч упартае прагі цішыні, каб зрабіць тое, што яна ўжо не магла не зрабіць. Быццам не па сваёй волі, а па нечым жалезным прымусе яна ступіла да дзвярэй істопкі, ціхутка, як толькі можна было, павярнула закрутку і прыадчыніла старыя, сточаныя шашалем дзверы. Добра, яны не скрыпнулі, толькі прашэрхалі трохі, і яна пакінула іх так, не зачыненымі. Затым яна на дыбачках наблізілася да расчыненых дзвярэй з сянец, у якія трохі задзімаў вецер, услухалася. У хаце хтось сонна хроп - не дужа каб моцна, а так, супакоена-роўна, і гэта яе абнадзеіла. Мусіць, трэба смялей. Што яна, урэшце, не мае права па сваёй патрэбе выйсці з хаты на двор, хіба яна перастала быць чалавекам? Ну і што, што вайна, немцы. Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома. Хто палез на іншых з ражном, як бы сам не напароўся на той самы ражон. Ціхутка ступаючы, яна сышла з камянёў-прыступкаў на прыстылую ўжо зямлю падворка, па сцюдзёнаватай воглай траве забегла за вугал на дрывотню і там стаілася: здалося, у палатцы хтось нешта буркнуў. Але гэта, мусіць, у сне, якога вартавога на падворку нідзе не было відаць, і гэта яе трохі ўзбадзёрыла. Падумала, што чуліся яны ўпэўнена, нібы гаспадары. Ведама, чаго ім баяцца, хто ім зробіць шкоду? І ўсё ж што-нішто трэба зрабіць, хай не думаюць: калі ўехалі, дык ім усё можна.
        Яна дужа баялася, можа, так, як не баялася ніколі ў жыцці, асабліва калі выйшла з дрывотні і на дрыготкіх нагах, аж хістаючыся, дабегла да тыну. Ёй не трэба было аглядацца ў цемры, яна пэўна ведала, дзе было тое месца, і цяпер адразу намацала рукой вінтоўку, ухапіла яе за тонкую рулю. Вінтоўка аказалася цяжэйшаю, чым яна думала, як бы, боўтнуўшы, яна не падняла ўсіх на ногі. Гэта трохі збянтэжыла Сцепаніду, але перайначыць намер яна ўжо не мела сілы, - на дыбачках яна падскочылі да калодзежа і апусціла ў зруб вінтоўку. Перад тым як назусім выпусціць яе з рукі, кінула позірк на хату і пакатую гарбіну палаткі, але тая сонна спакайнела ўначы, ніхто з яе не паказваўся, і яна разняла пальцы.
        Сцепаніда ўжо адскочыла ад калодзежа, калі ў ягонай глыбі глуха і нутрана боўтнула, здалося, жахліва-грымотна боўтнула, але яна хуценька падбегла да істопкі і пад яе сцяной прашмыгнула ў сенцы. Тут ажно спалохалася, намацаўшы зачыненыя дзверы ў істопку, але ўспомніла, што яны часам зачыняліся самі, і цяпер дрыготкімі рукамі расчыніла іх за драўляную ручку.
        Перш чым зачыніцца з істопкі, хвіліну памарудзіла, - не, усё скрозь было ціха, здаецца, удалося. «Што цяпер будзе заўтра?» - нібы ў гарачцы калоцячыся ўсім целам, думала яна і, можа, толькі цяпер спалохалася як мае быць. Жах апанаваў яе з такой лютасцю, што яна дробна засакатала зубамі і, пэўна, тым абудзіла Петрака.
        - Што, сцюдзёна? На во мой кажух, накрыйся... - прабурчэў ён спрасоння і зноў сіпата, мерна задыхаў.
        Сцепаніда ж не заснула да ранку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.