РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
6
        
6

        
        Уздзеўшы на плячо аўтамат, я хаджу па агнявой і ўглядаюся ў святлявае паўзмрочнае наваколле. Месяц лезе ўсё вышэй, ён някепска свеціць сваім трошкі прыплюснутым з аднаго боку вокам; дробненька трымцяць угары так і не пагусцелыя зоркі. Невялікі клопат, калі побач не спяць, хадзіць вартавым і слухаць, дзе што робіцца, ды яшчэ ў такую месячную ноч, калі навокал відаць на добрых сто метраў. Але неўзабаве цяжар новага абавязку пачынае сціскаць мае пачуцці, і мне вельмі карціць прысесці цяпер разам з усімі на яшчэ цёплы звечара бруствер і маўчаць. Толькі страціўшы гэтае права, я пачынаю адчуваць, якое жаданае яно, як гэта добра – вольна ляжаць на траве і глядзець у неба, на зоркі, і, адагнаўшы прэч благія прадчуванні, думаць пра іншае, былое жыццё, пра маю далёкую радзіму, на якую гэтак жа мільготка пазіраюць з начное бездані тыя ж самыя зоркі...
        Цяпер ужо пэўна, што заўтра чакае нас нялёгкая справа. Хлопцы трошкі аблянелі за гэты ціхі спакойны тыдзень, адвыклі ад франтавых нягод і цяпер устрывожыліся. Трошкі боязна і мне, трошкі трывожна, яно і зразумела – так добра, калі ціха наўкола, не трэба ўвесь час напружвацца і пакутна чакаць самае горшае з усяго, што можа напаткаць на вайне. Толькі мне прагнуць спакою нельга.
        З даўніх часоў жыве ва мне несціханы трывожны боль, ён перасільвае маю звычайную чалавечую палахлівасць, жалобай і лютасцю пячэ маё сэрца. Я не ведаю, што гэта – злосць ці нянавісць або няздзейсненая прага помсты, толькі адчуваю, што ў жыцці мне спакою не будзе, пакуль не сціхне той гарачы боль у грудзях. І я ўжо не маю ахвоты шукаць дзе лягчэйшага – мушу ісці насустрач труднаму і трываць усё да канца.
        Пачалося ўсё тое ў клёклы восеньскі ранак на роднай, далёкай адсюль зямлі, ля невялікай віцебскай вёсачкі, якая мела няшчасце асесці па-над тою жахлівай прыфрантавою дарогай...
        Дарога была звычайная, якія тысячы на зямлі: і не дужа роўная, і не дужа гладкая, але яна вяла на станцыю, якую чамусьці ў тую восень упадабалі для сваіх бандыцкіх спраў немцы. На станцыі яны выгружаліся з вагонаў, платформаў, наладжвалі свае грузавікі, транспарцёры, браневікі і валакліся к фронту. Ішлі нудныя восеньскія дажджы, і варожыя колы прарэзалі на той дарожцы дзве доўгія і глыбокія, па калені, каляіны...
        Гэтымі каляінамі мы, шасцёра атрадных разведчыкаў, у глухі змрок вераснёўскае ночы прыйшлі ў вёску.
        Што тут нам трэба было, аб тым ведаў наш камандзір Колька Буйневіч, які і прывёў нас да патрэбнае хаты. Пакуль ён там рабіў сваю справу, мы стаялі на варце за хляўком і на гародчыку пад мокрай рабінай. Немцаў у вёсцы, здаецца, не было, вялікая калона іх надвячоркам прайшла па дарозе. Было ветрана, сцюдзёна, восеньская золь пранізвала да касцей. Вёска спала. І ўсё ж знайшліся паганыя людзі, высачылі, данеслі. Мы ж заўважылі кепскае трохі позна.
        Якраз пачало світаць. Адстрэльваючыся, мы беглі па агародах, затым па дарозе, паўзлі па тых глыбокіх, як раны, каляінах. Даганяла нас з паўсотні паліцаяў і немцаў. Многія з іх палеглі на вуліцах тае вёскі. Але перапала і нам. Застаўся ў каляіне Вася Шумскі, цяжка параніла Колю Буйневіча, усадзілі кулю ў сцягно і мне. Хлопцы вывалаклі нас на пагорак і прытаіліся пад вялізным валуном збоч ад дарогі. Думалі, ён будзе нашым помнікам. Але ворагі чамусь не пабеглі за намі, а, пастраляўшы, вярнуліся ў вёску.
        Патронаў у нас было мала, і ісці далей не было як. Наўкола ляжаў шырокі адкрыты прасцяг, да лесу было далёка. І мы ляжалі пад каменем, чакаючы, што будзе далей.
        І дачакаліся горшага, чым калі б загінулі ўсе.
        Апоўдні немцы і паліцыі пачалі выганяць жыхароў вёскі на гэтую дарогу. Выганялі ўсіх – дарослых і малых, жанчын і дзяцей. На ўскраіне ўсіх строілі ў дзве доўгія, нібы чэргі, калоны. Затым пачалі класці ў каляіны. Над дарогай усчаўся лямант, забухалі стрэлы. Людзі нехаця, адчуваючы нешта страшнае, клаліся ў гразь і ваду.
        На тым канцы вёскі пад’язджалі і спыняліся машыны, бронетраспарцёры і ўсюдыходы.
        Праз гадзіну пачалося жахлівае.
        Калона машын рушыла па дарозе. Па тых самых каляінах, дзе ляжалі людзі...
        Гэтага забыць нельга. Мы то настаўлялі, то зноў хавалі свае аўтаматы – было далекавата, ды і што мы маглі зрабіць з нашай паўсотняй патронаў? Мы толькі глядзелі. Побач паміраў Колька Буйневіч, сцякала крывёю дрэнна перавязаная мая нага. Сыпаў дробненькі дождж...
        Затым гарэла вёска. Раўлі не выгнаныя на пашу каровы, кудахталі куры, вішчалі свінні. У полі наўкол пажарышча бегалі ашалелыя авечкі, трашчалі аўтаматныя стрэлы.
        Увечары хлопцы перанеслі нас цераз поле і дабраліся да лесу. Буйневіча там закапалі.
        ...З таго дня пачаліся мае пакуты. Я думаў, здурнею ад болю і бездапаможнасці, бяссільнае ярасці, што туманіла маю свядомасць. Зубамі я шматаў ноччу ватоўку ў лагерным шпіталі, удзень сварыўся з доктарам Фрумкіным, які хацеў мне адрэзаць нагу. Я тады стаў лаяцца, нізавошта крыўдзіў сястру і таварышаў. Я хацеў сілы, дужасці, каб устаць і ўзяць аўтамат, але сілы было вельмі мала, а нестрываны боль у назе прымушаў выць. Тады я рашыў памерці, і як найхутчэй. Я не еў, выплёўваў лякарствы, не даваў рабіць уколы. Доктар, напэўна, спалохаўся за маю нагу, а яшчэ болей – за розум і адправіў мяне на аэрадром.
        У ціхім тылавым шпіталі мне стала лепш. Нагу не аднялі, я супакоіўся, хоць часам хацелася завыць, як у тым лесе. Але дактары былі чужыя, незнаёмыя людзі, ці яны маглі зразумець недарэчныя мае пакуты? Патроху гаілася нага, і я займеў надзею вярнуцца на фронт. Я зрабіўся самым старанным хворым, рабіў усё, што мне раіла медыцына, прымаў усе лекі, нават вітаміны, расходжваў нагу, рэгулярна займаўся лячэбнай гімнастыкай, якой цураліся параненыя. Я ж мусіў яе любіць: мне трэба было вярнуць сабе сілу, трапіць на фронт і сквітацца з ворагам. Быццам дражнячы мае пачуцці, у шпітальнай палаце вісеў плакат з надпісам: «Воін Савецкай Арміі, адпомсці!» Пасля ўсяго, што я перажыў, плакат мне не дадаваў ярасці, я і без яго прагнуў схваткі і не сумняваўся, што, калі толькі дарвуся да жывых немцаў, аб маім подзвігу даведаецца свет.
        Сталася трошкі інакш. Калі я трапіў на фронт, войскі спыніліся ў абароне, жыццё на перадавой было сумнае і аднастайнае, але я не траціў надзеі. Я набраўся трывання, зацяў у сабе мой боль і цярпліва чакаў, верачы, што мой час прыйдзе.
        І вось цяпер гэтае заўтра!.. Невядома, якое будзе яно, але вельмі хочацца спатоліць свой боль. Хлопцы трошкі турбуюцца, трошкі непакояцца, мне ж завельмі турбавацца аб сабе не выпадае – такую раскошу не дазваляе мой лёс.
        Але вось, здаецца, зноў нехта ідзе ад перадавой, – невыразны цень шмыгае ў адным месцы сцежкі, потым у другім. Спакваля становіцца бачнай постаць чалавека – яна хуценька, пэўна, подбегам, шыбуе да нас.
        – Стой! Хто ідзе? – прывычна, з франтавою прыціхласцю пытаюся я, калі чалавек набліжаецца, і чакаю.
        – Свае, свае, хлопчыкі! – чуецца з месячнага паўзмроку, і ад гэтага водгуку ў мяне ранейшым пакутна-радасным болем заходзіцца сэрца. Я папраўляю дзягу, спражка якой разам з дыскам спаўзла набок, набіраю паветра ў грудзі, крышачку на правае вуха, як у Лёшкі, хілю пілотку, і мае думкі скіроўваюцца ўжо іншым, весялейшым шляхам.
        Лёгкай дзявочай хадой, як начная бясшумная птушка, яна неўзабаве падыходзіць да агнявой, мінае акоп. Хлопцы ўраз губляюць задумлівую нерухомасць. Лёшка ўскоквае з долу і імклівай хадой кідаецца насустрач.
        – Люсёк! Ужо ўправілася? Малайчына! А мы тут чакалі-чакалі ды ўсе чаканкі паелі, – радаснай балбатнёй сустракае ён дзяўчыну. – Ідзі да мяне. Пасядзім трошкі, памарым пра тое-гэта.
        – Не, хлопчыкі, пайду. Няма калі. Добрай вам ночы, – кажа яна, і нешта ў мяне нема і настойліва прагне: застанься, пабудзь. Невядома, чаму мне так хочацца, бо пячэ мяне і другое адчуванне – што не будзе мне ад гэтага радасці, але ўсё роўна я вельмі хачу, каб яна засталася.
        – І тое няблага, я правяду цябе! – кажа Лёшка і спрытна падсоўвае пад дзяўчынін локаць сваю руку. Але Люся гэтак жа спрытна адводзіць локаць убок і смяецца. – Калі не супроць, вядома, і так далей. Не супроць жа? Ну, скажы праўду.
        – Не супроць, – смяецца Люся. – Толькі без рук. Мы ж не мартышкі, праўда?
        – Праўда! Хай без рук, – усмешыста згаджаецца Лёшка, але ўсё ж ціхенька бярэ яе за плечы, і яны па сцяжыне ідуць у тыл. Тады з бруствера ўскоквае Папоў.
        – Хто дазваляў? Таварыш Задарожны! Чаму без дазвол?
        – Ерунда, чаго там! Пяць хвілін! – чуецца зводдаль, і Папоў, пэўна, не ведаючы, што зрабіць, нерухома застаецца на брустверы. Лёшка змаўкае, пасля ўдалечы за кукурузнымі кучамі чуецца ціхенькі радасны смех Люсі.
        І ад гэтага смеху вострая зайздрасць пранізвае мяне. Я разумею, што Задарожны нядобры салдат, што нельга гэтак, як ён, не слухаць камандзіраў, хоць бы і часовых, такіх, як Папоў, але пачынае здавацца, што гэтая яго характэрная непаслухмянасць робіць хлопца дужэйшым, больш сталым і смелым, чым я – дысцыплінаваны малады франтавік. Я разумею недарэчнасць майго жадання, але ўсё ж мне горыччу робіцца гэтая мая рупнасць і хочацца Лёшавай непаслухмянасці, яго самастойнасці, яго, можа, і не заўжды разумнай, рашучасці. Я згадваю ў ім нейкую ўладарную сілу перад жанчынамі, і думаецца цяпер, што ўсё тое, у шпіталі, аб чым расказваў Лёшка, так і было на справе. І яшчэ здаецца мне, што ён паволі і ўсё болей падабаецца Люсі, і падабаецца менавіта тым, чаго не хапае мне або Крывёнку, – грубаватаю мужчынскаю мажнасцю, самавітасцю, упэўненасцю ў сабе і, вядома, сваёй мужчынскаю дужасцю. І я зайздрошчу яму. Я хачу як мага пасталець, набыць усё тое, што ён ужо мае, як найхутчэй перажыць дваццаты свой год. Невялікія мае гады здаюцца мне зусім яшчэ хлапечым узростам – мне трэба сталасці, самавітасці, фізічнае дужасці, і ў гэтым сэнсе Задарожны раптам вырастае ў пакутны, чымсьці непрыязны, але і жаданы мой ідэал.
        Я ведаю Лёшкава жыццё (ён ніколі нічога не тоіць ад іншых), ведаю, што ён былы футбаліст, грубаваты, фанабэрлівы і не дужа таварыскі хлопец. Здаецца, ён залішне самаўпэўнены; гэта, вядома, ад таго, што яму заўжды шанцавала ў жыцці, можа, і не вельмі, але ва ўсякім разе больш, чым мне ці Крывёнку. Ліха звычайна мінала яго – мінала, калі ён яшчэ да вайны жыў у Новарасійску і рана пачаў бадзяцца па прыстанях, кірмашах і розным гарадскім завуголлі. Аднойчы, як ён расказваў нам, кампанія гэткіх жа, як і ён, свавольнікаў з цэментнага завода злавіла аднаго флоцкага, з якімі яны заўсёды вялі вайну, і добра дала яму ягонаю ж шырокаю дзягай з бляхаю. Біў яго і Лёшка, але калі, нейкі час счакаўшы, флоцкія дзеля помсты «зацапалі» іх у парку, дык дастаў ножыка ў бок ягоны сябар. Лёшка ж выйшаў з гэтага здарэння сухі.
        Шанцавала яму і пасля, у вайну. Трапіўшы пад Варонежам на фронт, ён, аднак, не дайшоў да перадавой, а нейкім выпадкам апынуўся ў ахове якогась генерала ў штабе. Генерал, відаць, не быў страявым камандзірам і не дужа любіў раз’язджаць па перадавой, таму Задарожнаму разам з пяцёркаю іншых, што ўваходзілі ў яго світу – два ардынарцы, шафёр, кухар і цырульнік, – заставалася толькі дбаць пра бытавыя зручнасці і бяспеку начальніка. Гэтае шанцаванне прадаўжалася аж да таго нешчаслівага ранку, калі генеральская машына выпадкам наляцела на супрацьтанкавую міну, пакінутую немцамі на ўзбочыне тылавой дарогі. Адных пахавалі, адправілі ў шпіталь генерала, а аглушаны Лёшка, пасланяўшыся са два тыдні ў санбаце, трапіў урэшце ў стралковы полк. Тут ён дзеля важнасці аб’явіў сябе танкістам, але паколькі танкаў у палку не было, яго паслалі ў процітанкавую батарэю, бо, каб цягаць гарматы, патрэбна была сіла, а Задарожны, здаецца, трохі накапіў яе на генеральскіх харчах. Спачатку ён трошкі фанабэрыўся, не дужа слухаўся Жаўтыха, зусім не прызнаваў Папова, усё любіў успамінаць, як «мы з генералам ехалі...» або «мы з генералам разважылі». Але мала-памалу абламаўся, пацішэў, тым болей што Жаўтых не вельмі зважаў на ягоныя «з генералам» подзвігі.
        Маўклівая і трывожная ноч плыве над затоенай, прыціхлай зямлёй. Час ужо, мусіць, пераступае за поўнач, коўш Вялікай Мядзведзіцы пераварочваецца на хвост, вялізным сваім чарпаком задзіраецца ўгору, месяц узабраўся ў самую высь і свеціць на поўнае вока. Пад кукурузнымі кучамі туляцца кароткія і зусім чорныя глухія цені. Часам здаецца – нехта шмыгае там ад кучы да кучы, позірк сам сабою напружваецца, але я ведаю: колькі ні ўглядайся – нічога не ўбачыш – гэта здаецца. На перадавой ціха, нават вельмі ціха, немцы маўчаць. Чорныя гарбатыя пагоркі, нібы хрыбціна распластанага на зямлі волата, ледзьве шарэюць на гарызонце. Маторны гул неўпрыцям неяк заціхае ці, можа, аддаляецца куды; у начную цішу ўрываюцца далёкія і блізкія выпадковыя гукі – недзе ззаду ў вёсцы трывожна ржэ конь, у траншэі наперадзе лязгае нешта, пэўна, перазараджаюць кулямёт, зводдаль угары гудзе і сціхае самалёт, – мабыць, начны разведчык. Папоў ідзе ў акоп і грукае там, – мусіць, нешта шукае. Лук’янаў маўчыць з таго часу, як яму нагрубіў Лёшка, і нерухома сядзіць на чорным брустверы.
        Я памалу хаджу ля агнявой і думаю пра Люсю. Вось яна пайшла з Лёшкам, ёй, відаць, добра і весела з ім (інакш не смяялася б яна так гарэзна і шчасліва), і той яе смех, скіраваны другому, вострай пілой рэжа маю душу. Але я ведаю, што Люся – вельмі, вельмі харошая дзяўчына. Апроч таго, што яна мілая і прыгожая, яна яшчэ невыказна ласкавая да ўсіх – і да знаёмых і незнаёмых, маладых і старых, – і гэтая яе ласкавая спагадлівасць, ад якой так даўно ўжо адвыклі нашы загрубелыя душы, п’яніць мяне болей, чым самае моцнае малдаўскае віно. І яшчэ яе ласкавасць ды іскрыстыя смяшынкі ў зіхатлівых вачах неяк даюць мнё спадзёўку, што не вельмі ўжо благі і я, замковы Лазняк, што яна – сябар усіх, у тым ліку і мой, і для асаблівай і абсалютнай шчырасці між намі не хапае толькі чагосьці наспелага ўжо, гатовага, але яшчэ не сказанага. І, здаецца мне, варта толькі знайсці яго, азначыць патрэбным словам, і мы ўдваіх ашчаслівімся навек вялікім шчасцем...
        Але Крывёнак!.. Хіба не тое ж носіць у сабе і ён? Не, відаць, ён адчувае яе неабходнасць куды мацней, ён куды болей пакутуе, ён наогул крыху здурнеў з-за яе, гэтай чароўнай дзяўчыны. Я думаю, што калі ўжо ён не стаіў у сабе гэтага пачуцця да яе, дык яно ўжо мацней за яго самога, тое яго пачуццё. Я ж вось яшчэ трываю. Пэўна, я нізавошта не скажу нікому пра мае недарэчныя турботы, хоць і вельмі хочацца прызнацца ва ўсім, – думаецца, што за тым прызнаннем пачнецца штось незвычайнае. Але для гэтага ў мяне не хапае рашучасці. І яшчэ, цвяроза падумаўшы, я разумею, што ўсё ж мала ў мяне таго, што б прыйшлося да душы гэтай дзяўчыне. От калі б я быў хоць такі, як Лёшка!
        Так я разважаю, думаю і пакутую ў цішы, як раптам грукатлівая чарга дзесь у першай траншэі абуджае ноч. Стрункі пучок трасіруючых бліскавак разгоніста мільгае над «нейтралкаю» ля падбітага танка, некалькі куль з рыкашэту адскокваюць ад зямлі і бліскавіцамі разлятаюцца ў бакі. Над перадавой узмывае ўгору ракета, даносіцца кароткі яе пошчак-стрэл, і пад імклівым святлом вынікае з цемры светлая плямка долу. Мне не відаць адгэтуль, што там заўважылі пехацінцы, але іх кулямёты пачынаюць мільгаць трасёрамі, да іх далучаюцца траскотныя аўтаматы, рэдка і важка бахаюць вінтоўкі.
        Я падыходжу да Лук’янава, сюды ж выскоквае з акопа Папоў, ён насцярожаны, але, здаецца, спакойны. Над перадавой зноў загараюцца дзве ракеты. Трасёры веерам снуюць над нейтральнай паласой, скрыжоўваюцца і разлятаюцца ў бакі. Немцы маўчаць, не адказваюць ніводным стрэлам, і гэта яшчэ больш незразумела і дзіўна.
        – Трэба ідзі ў акоп. Не трэба сядзі тут, – кажа Папоў, і мы з Лук’янавым неахвотна падпарадкуемся яму. У акопе я спыняюся на прыступках, Папоў становіцца за гармату, мы слухаем, глядзім і чакаем.
        – Можа, прыкрываюць разведку, – кажа Лук’янаў. Яго голас трошкі дрыжыць, нібы ад холаду, але ноч цёплая і ціхая.
        – Каб свая разведка, не пускалі б ракеты, – пярэчу я.
        Папоў маўчыць, а пасля ідзе па пляцоўцы ў кут, дзе ляжаць нашы снарады, вымае з-пад скрынак ніжнюю і кладзе бліжэй да станін. Я ведаю, гэта ён нарыхтаваў карцеч, значыць, праніклівы наводчык разумее, што ўсё там, на перадку, – не так сабе.
        Але перапалох на перадавой праз нейкі час аціхае, даносіцца адтуль нечы голас, мусіць, якая каманда, і сціхаюць апошнія стрэлы. Ракеты яшчэ ўзлятаюць раз-пораз, і іх далёкае зыркае святло блукае па шэрым прасцягу перакапанага поля.
        – Паганы сволач! – лаецца Папоў. – Гітлер у разведку хадзіл.
        Мы ўтрох збіраемся на пляцоўцы каля гарматы. Лук’янаў сядае ніжэй, на станіну, а мы з Паповым усё ўглядаемся ў ноч.
        Тут нас і застае Жаўтых з Крывёнкам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.