РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Трэцяя ракета
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
8
        
8

        
        Урэшце ўкрыцце гатова. Папоў таксама канчае сваю працу, мы выходзім на пляцоўку за гарматай, кідаем у кучу рыдлёўкі, Жаўтых дастае з кішэні трафейны швейцарскі гадзіннік, асцярожна зашпільвае на руцэ бранзалет і ўглядаецца ў зеленаватыя лічбы на чорным цыферблаце.
        – Так... Лазняк, Лук’янаў, марш за сняданкам. І жыва! Хутка развіднее.
        Лук’янаў паслухмяна збірае кацялкі, я вешаю на сябе аўтамат, і па вузенькай сцяжынцы ў траве мы ідзём ад нашай агнявой у маўклівую, трывожную цемру поля. Ноч, відаць, дабірае апошнюю гадзіну. Месяц, узлезшы ў паўнеба, пачынае ўжо ніжэць, блішчастая кісяя хмаркі, што ўсю ноч вісела ўгары, некуды сплывае з празрыстае сіні, зоркі блішчаць трохі вастрэй. Сіняваты змрок цяпер гусцее над варожымі пагоркамі, усходні небакрай хоць яшчэ цёмны, але ў параўнанні з заходнім святлее, здаецца, і зорак там менш, і відны адны толькі большыя. На зямлі блукаюць-варушацца няпэўныя цені; палосы, лапінкі, плямы месячнага святла санлява ляжаць на травяністым, падзёўбаным варонкамі полі.
        У мяне яшчэ не мінула злосць на Лёшку, яна сваёю ўладарнаю сляпою сілай засланяе трывогу за ранак, у які чакаюць нас чарговыя выпрабаванні вайсковага лёсу. Але чорт з ім – з заўтрам, – я не люблю загадзя чакаць кепскага, мне заўжды лепш, калі яно грымне як нечакана, а так напакутуешся напярэдадні і, як гэта часта бывае, – дарэмна.
        Я тупаю наперадзе па сцяжыне і апроч тае трывожнай няўпэўненасці адчуваю ў сабе пустотную лёгкасць ад чагось перажытага, страчанага, што ўжо адступіла, не хвалюе, толькі яшчэ халодным попелам ляжыць у душы. У мяне ўжо няма ні былое зайздрасці да Лёшкі, ні нястрымнага, пакутнага імкнення да Люсі, я нешта зразумеў, перажыў і, думаецца, нават пасталеў і паразумнеў за гэтую ноч.
        Мы ідзём моўчкі, ціхенька парыпвае дужка на кацялку; Лук’янаў ззаду маўчыць – ён заўсёды такі задумёны і няўклюдны. Я прыпамінаю, як нядаўна Лёшка абразіў яго палонам, а ён змоўчаў, стрываў – перанёс усё ў сабе.
        – Што вы яму па мордзе не далі тады? – пытаюся я, азірнуўшыся. – Варта было б.
        Лук’янаў трохі маўчыць, уздыхае, затым разважна адказвае:
        – А ці варта? Ці варта чапацца! Гэта глупства. Не ён першы, не ён апошні. Я ўжо прывык.
        – Дарма. Так ён і будзе чапляцца, тыраніць. Калі здачы не даць. Ён такі.
        – Ніхто чалавека не тыраніць больш, чым ён сам сябе. Так вось.
        – Гэта калі ў чалавека сумленне ёсць. А ў Задарожнага яно і не начавала.
        – Не, чаму? – падумаўшы, адказваё Лук’янаў. – Па-свойму і ён мае рацыю. Адносна, вядома.
        Мы зноў маўчым, памалу клыпаем і ўслухоўваемся ў ноч.
        Сцяжынка прыводзіць нас да сланечніку, які шэраю нерухомай сцяной дрэмле ўначы. Па той бок яго, на дарозе, чуюцца салдацкія галасы, недзе далей на сцежцы коратка бліскае іскра ад цыгаркі і даносіцца сцішаны смех. Хоць і вайна, і небяспека, але пакуль ціха, і жыццё ідзе сваім чынам.
        Лук’янаў ціхенька ідзе ззаду, і ў сузіральна-супакоеным настроі яго я згадваю ціхі водгук перажытых пакут, нейкі душэўны надлом, гэта цяпер мне блізка, зразумела, і я пытаюся:
        – Скажыце, а як вы ў палон трапілі?
        Салдат з паўхвіліны маўчыць, нешта думае, затым уздыхае:
        – Проста. Пад Харкавам у сорак другім. Параніла. Страціў прытомнасць. Ачнуўся – наўкола немцы. Ну, лагер, і ўсё...
        Я думаю, што Лук’янаў скажа і яшчэ што, але ён змаўкае. У адным месцы мы натыкаемся на неглыбокую мінную варонку. Месячнае святло таямніча высвечвае на сцяжыне круглую чорную пляму з стабілізатарам усярэдзіне. Хоць небяспекі ад яе ўжо няма, але не хочацца і ступаць у яе чарнату. Я пераскокваю варонку. Лук’янаў абыходзіць яе збоч.
        – Такі быў мой пачатак канца, – уздыхае Лук’янаў.
        – Пачатак канца! – паўтараю я і думаю, які недарэчна-злавесны сэнс у гэтых двух, такіх звычайных упаасобку, словах. – А затым што?
        – Затым? Затым пачалося пекла. Усё лета закопвалі супрацьтанкавыя равы на Ўкраіне. У сорак першым іх жа накапалі тысячы кіламетраў. І мы закопвалі. Нікому гэта не трэба было, але, відаць, іншай работы для нас не знайшлося...
        – Вы ж, здаецца, афіцэрам былі?
        – Лейтэнантам. Камандзірам сапёрнага ўзвода.
        – Ну, а пасля?
        – А пасля от радавы, – сумна ўсміхаецца Лук’янаў.
        – А чаму так?
        – Так.
        Я не пытаюся болей, – разумею, што яго пакаралі, хоць не магу даўмецца, чаму чалавек, які столькі стрываў у палоне, павінен быў яшчэ і ў нас панесці нейкую кару.
        – Гэта, брат, так, – кажа ён, ідучы побач. – У вайну мне не пашанцавала страшэнна. Ва ўсіх адносінах.
        – А яшчэ што?
        Лук’янаў прыцішвае хаду, пазірае ў месячную далячынь і заклапочана кажа:
        – Разумееш, што атрымалася. Бацька мой камандзір брыгады, Герой Савецкага Саюза. А я вось няўдака, сорамна прызнацца каму.
        Я насцярожваюся, слухаю, ён заўважае гэта і дадае:
        – Пасля палону так і не напісаў яму. Не адважыўся. Дый што я напішу? Праўда, бацька мяккай душы чалавек. Маці таксама. Ні грошай, ні ласкі не шкадавалі. Здаецца, і я някепскі быў, слухаў, вучыўся. У сорак першым разам з дому пайшлі: бацька на фронт, я – у вучылішча. І вось дзіка як атрымалася.
        – Ну што ж!.. Ці ваша віна? Вайна ўсё.
        – Вайна, вядома. Але не ў тым рэч... – пярэчыць ён. – Недзе штось сфальшывіла ва мне. Я-то ведаю. Толькі...
        Ён, аднак, не дагаворвае, змаўкае, і я кажу:
        – Кепска!
        – Вось іменна.
        Я веру і шчыра спачуваю яму. Гэтая яго бяда нечым вабіць мяне, мусіць, у нас з ім нейкія блізкія перажыванні, і мне хочацца чым-небудзь суцешыць свайго таварыша.
        – Ну, то нічога. Яшчэ не позна. Можна званне аднавіць. Быць бы жывым. А на кпіны вы не зважайце. Не ўсе ж у войску такія, як... Задарожны.
        – Яно-то так, але... Дарэчы, ты не вельмі слухай гэтага Задарожнага, – пераходзіць на іншае Лук’янаў. – Ён трапло. Набрэша, а на справе нічога і не было. Такіх шмат... сярод нашага брата – мужыкоў.
        Гэтыя словы спачатку здзіўляюць, а затым раптоўна ўзбадзёрваюць мяне. Я аж спыняюся, і нечакана для сябе ў мяне вырываецца:
        – Праўда?
        – Ну, а ты як думаў? Люся някепская дзяўчына... Наогул, шмат нашых уяўных бед ад таго, што мы не верым жанчыне. Мала паважаем яе. А ў ёй жа святасць мацярынства і мудрасць вякоў. Яна антаганіст злачынства, бо яна маці. Яна шмат выпакутавала. Пакуты выкрышталізавалі яе душу. А як правільна сказаў Жаўтых, пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут – трава.
        Насустрач ідуць пехацінцы, моўчкі брыдуць яны ў прыцемках, несучы на перадавую ранні сняданак. Гадзінай пазней ужо тут не пройдзеш; хто спозніцца, той будзе галадаць да вечара. Мы ўглядаемся ў іх невыразныя пры месяцы твары, але знаёмых сярод іх няма.
        – Мы не спазніліся, хлопцы? – пытаюся я.
        – Не. Яшчэ толькі пачалі даваць. Мы от першыя, – ахвотна адказвае маленькі пехацінец, згорблены ад вялікага тэрмаса на спіне. Мы збочваем на траву і размінаемся. Лук’янаў даганяе мяне і зноў ідзе побач. Відаць, я сваёю цікаўнасцю зачапіў у ім нейкую балючую струну, якая загучала цяпер шчыра і надоўга.
        – Пакуты, пакуты!.. – раздумна кажа ён і з нечаканаю ажыўленасцю прадаўжае: – Я вам скажу. Я доўга памыляўся, не разумеў шмат чаго. Палон мяне навучыў многаму. У палоне чалавек адразу губляе ўсё, што паначапляла жыццё: кубікі, шпалы, ордэны, дыпломы, білеты. Застаецца адно толькі пры ім – яго душа. Як у Ісуса. Я нагледзеўся рознага. За трыццаць год жыцця не зразумеў таго, што за адзін год палону. Я ўсё думаў: усё ж яны, немцы, не якія азіяты, яны далі чалавецтву Баха, Гётэ, Шылера, Энгельса. Аказалася, увесь іхні сэнс – Гітлер. Вось што можа зрабіць адзін чалавек з нацыяй, якая даверыцца яму. Хаця не ўсе аднолькавыя. Некаторыя думаюць па-свойму. Напэўна, кожны чалавек – ад прыроды чалавек. Жыццё робіць з яго генія або злыдня. Немцы прадалі Гітлеру свае душы, і ён зрабіў іх злыднямі. Гэта страшна – прадаць аднаму ўсе душы. Апрача ўсяго іншага, гэты адзін стане вампірам. Ён захоча акіяна крыві. Быў у нас Курт, ён шмат што разумеў правільна. Мы часам гутарылі. Я палонны, а ён салдат з аховы. Але ён трус. Ён болей за ўсё баяўся фронту. Ён ненавідзеў Гітлера, але пакорна служыў яму. Пасля ён павесіўся ў лагеры.
        – Чаго ўжо чакаць ад немцаў, – кажу я, – калі вось і нашы... Колькі набралася і ўласаўцаў, і паліцаяў...
        – Яно так. Гэта ўжо даказана. Трусасць і разлік на выгаду губяць усіх: і нашых, і немцаў, і радавых, і генералаў, – з незвычайным для яго запалам кажа Лук’янаў. – Не перамогшы ў сабе карысталюбца, баязліўца, не пераможаш ворага. Гэта так. Гэта пытанне жыцця і пытанне гісторыі.
        Памаўчаўшы трохі, ён весялей ужо дадае:
        – А за Люсю ты не турбуйся. Яна нішто дзяўчына. Так мне здаецца. Скончыцца вайна – камусь пашанцуе. Эх, калі б не вайна!..
        І я раптам адчуваю, што веру яму, веру, як богу, ён звальвае з мяне нябачны камень пакут і дае светлую жаданую надзею, – дзіўна нават, якою сілай валодаюць звычайныя сяброўскія словы, сказаныя ў пару. Я не магу даўмецца цяпер, як гэта я не зразумеў усё з самага пачатку, навошта так легкадумна паверыў гэтаму балабону Лёшку. Я вельмі рады цяпер, але, здаецца, нічым таго не паказваю Лук’янаву, – мне раптам робіцца лёгка і светла на душы, і нават заўтрашняе выпрабаванне адлятае кудысь у далёкія задворкі памяці.
        – Ага, Люся слаўная. Гэта ён балбатун, – згаджаюся я, і мне пакутна балюча ад думкі, што зусім нядаўна яшчэ я гатовы быў зняславіць ні ў чым не вінаватую дзяўчыну.
        – Давай хутчэй, браце, каб не спазніцца! Ці не віднее? – павесялеўшы, кажу я, і мы паскараем крок – паўз сланечнік у лагчыну ля вёскі, куды ўночы прыязджае наша батальённая кухня.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.