РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
1
        
1

        
        Яны ішлі праз лес глухой, замеценай снегам дарогай, на якой не было ні чалавечага следу, ні каляіны, ні нават знаку ад капыта ці полаза. Тут, мусіць, і ўлетку не часта ездзілі, а цяпер, пасля доўгіх лютаўскіх мяцеліц, дык і ўсё зараўняла снегам, і каб не лес – елкі ўперамежку з хмызам, – які няроўна расступаўся па абодва бакі, пакідаючы ўсярэдзіне вузкую белую крывуліну, дык было б і не здагадацца, што тут дарога. І ўсё ж яны не памыліліся. Углядаючыся праз голы, затуманены прыцемкамі хмызняк, Рыбак усё больш пазнаваў гэтую пуцявіну, якую ён памятаў яшчэ з восені, калі пад нагамі плюхалі лужыны, а ў лесе густа церушыў лістапад і восеньскі вецер імжыў наўкола нудным сцюдзёным дажджом. Тады іх чалавек пяць з групы Смалякова неяк пад вечар таксама прабіралася па гэтай дарозе на хутар, і таксама каб раздабыць харчу, ну і яшчэ адпачыць і пасушыцца ў цяпле. Вунь якраз і знаёмы равок, які доўгім крутабокім языком выцягнуўся да самай дарогі, і тая, ухінаючыся ад яго, брала ўлева, у хмыззё, і неўзабаве знікала ў алешніку, праглынутая змрокам. Тут яны сядзелі тады ўтрох і курылі, чакаючы, пакуль двое, што пайшлі на хутар, не пададуць сігнал ісці следам. Цяпер, аднак, у равок было не ўлезці – з берага звісала намурованая мяцеліцай снегавая застрэха, голыя дрэўцы на схіле з суччам патанулі ў снезе.
        Над вяршаллем хвой угары лёгка слізгаў вышчарблены маладзічок месяца, які амаль не свяціў, толькі ледзь бліскаў у імглістым ззянні, аздабляючы змрочнае без зор неба. Але з ім было неяк весялей, нібы хтось жывы рупна праводзіў іх у гэтай дарозе. У лесе ж наўдаль было змрачнавата, няпэўна ад цьмянае мешаніны ельніку, нейкіх плямаў, галля, аднак паблізу, на чыстай белі снегу, няблага ўгадвалася дарога. Тое, што яна аказалася зусім без следу, па цаліку, хоць і давала працы нагам, але засцерагала ад нечаканасцяў: наўрад ці хто будзе пільнаваць іх тут, у гэтай глушэчы марознай начы. Тым не менш Рыбак усё ж асцярожнічаў, асабліва пасля няўдалага заходу ў Гліняны, дзе яны, пэўна, трапілі б у рукі немцаў, калі б не адзін дзядзька, сустрэты імі з дровамі. Дзядзька, дзякуй яму, папярэдзіў, што пад вечар у вёску наехала немцаў, і яны павярнулі ў лес, да гэтага хутара.
        Зрэшты, выпадковай сутычкі Рыбак не асабліва і баяўся, тым болей у лесе ці нават у полі – у іх была зброя. Праўда, трохі малавата назбіралася патронаў, ды і то няблага: тыя, што асталіся на Гнілым балоце, аддалі ім усе лішкі са сваіх таксама болей чым небагатых запасаў. Цяпер, не лічачы пяці штук у вінтоўцы, Рыбак меў яшчэ тры абоймы ў кішэнях кажушка, столькі ж было ў Сотнікава. Шкада, не знайшлося ніводнай гранаты, але і то не бяда – пад ранак яны ўжо будуць у лагеры. Прынамсі, павінны быць. Праўда, Рыбак адчуваў, што яны трохі бавіліся, ісці трэба было б шпарчэй, снег быў не дужа глыбокі, месцамі добра спрасаваны завеяй, але падводзіў напарнік.
        Увесь час, пакуль яны ішлі лесам, за спіной Рыбака чуўся прыглушаны прастудны кашаль, які гучаў часам бліжэй, часам далей, а цяпер вось дык і зусім прыціх нешта. Каторы ўжо раз Рыбак азірнуўся і збавіў кроку – Сотнікаў ледзь прыкметна варушыўся ззаду ў лясным сутонні. Рыбак не гукнуў яго і не падагнаў, толькі, прыцінаючы ў душы нецярпенне, хвілін пяць глядзеў, як той прыстала шкандыбае па снезе ў сваіх тоўстых стаптаных бурках. Да таго ж ён нешта незнаёма і нязвыкла сутуліўся, апусціўшы голаў у глыбока насунутай, з апушчанымі краямі пілотцы, і, калі падышоў, стала чуваць яго разгарачанае труднае дыханне, з якім той не мог саўладаць, нават спыніўшыся.
        – Ну, як? Цярпіма?
        – Так, – няпэўна махнуў рукой Сотнікаў і ямчэй закінуў за плячо вінтоўку. – Далёка яшчэ?
        Перш чым адказаць, Рыбак памарудзіў, паўзіраўся ў перахлябістую, захінутую ў караткаваты шынелак постаць напарніка. Ён ужо ведаў, што той праўды не скажа; хоць і знямог, але будзе аднеквацца: маўляў, абыдзецца, – каб не прыняць чужой дапамогі, ці што? Чаго іншага, а ўпартасці ў гэтага Сотнікава было на траіх. Ён і на гэта заданне трапіў, мабыць, з свае ўпартасці – хворы, а не схацеў прызнацца ў тым камандзіру, калі той падбіраў Рыбаку напарніка. Перад тым былі выкліканы двое: Глушчанка і Ўдавец, але Глушчанка толькі разабраў кулямёт, узяўся чысціць, а Ўдавец адгаварыўся тым, што надта намачыў ногі – хадзіў па ваду і праваліўся ў твань на балоце. Тады камандзір клікнуў Сотнікава, і той моўчкі пачаў збірацца, нібы ў яго не знайшлося ніякай прычыны астацца разам з усімі.
        Калі яны ўжо выправіліся і Сотнікаў пачаў кашляць, Рыбак запытаўся з папрокам, чаго ён змоўчаў, тады як здаравейшыя адмовіліся, на што Сотнікаў адказаў: «Таму і не адмовіўся, што тыя адмовіліся». Рыбаку гэта здалося не зусім зразумелым, хоць пасля ён падумаў, што ўвогуле турбавацца няма прычыны – чалавек на нагах, ці варта звяртаць увагу на яго кашаль – ад прастуды на вайне не канаюць. Дойдуць урэшце да жытла, абагрэюцца, паядуць гарачае бульбачкі, і ўся хвароба адстане. Найлепшае для салдата лякарства – пад’есці.
        – Тут ужо блізка. Патрывай крыху, – бадзёра абнадзеіў Рыбак і павярнуўся, каб ісці, як Сотнікаў ззаду, мабыць, не стрымаўся, закашляў неяк адрывіста, суха. Стараючыся перацяць кашаль, захінуўся рукавом, але ад таго кашаль стаў яшчэ больш нястрымны.
        – А ты снегу. Снегу вазьмі, ён перабівае.
        Усё змагаючыся з кашлем, які рваўся з ягоных грудзей, Сотнікаў зачэрпнуў жменяю снегу, пасмактаў, і кашаль сапраўды патроху суняўся.
        – Халера, прывяжацца – хоць задушыся.
        Рыбак нахмурыўся, але змоўчаў, і яны пайшлі далей.
        З рова на дарогу па свежым снезе выбег ланцужок ямак-слядоў. Рыбак падумаў – сабачыя, але, прыглядзеўшыся, зразумеў, што сляды былі воўчыя. Таксама, мабыць, вабіла да чалавечага жытла – не соладка па такім снезе ў лесе. Далей яны ўдвух так і ішлі дарогай па гэтых слядах, немітусліва роўных, упэўнена нетаропкіх. У прыцьмелай шэрасці ночы сляды не толькі азначалі дарогу, але і паказвалі, дзе снег быў мяльчэйшы, – воўк гэта адчуваў добра і заўжды абыходзіў гурбы. Яны таксама не хацелі правальвацца да каленяў, бо і так ужо прытаміліся на хадзе. Рыбак звыкла кідаў позіркі наперад і ў бакі і адначасна сачыў за воўчым следам. Зрэшты, неўзабаве павінен быў паказацца хутар, і гэта выклікала ў Рыбака новыя, больш радасныя думкі.
        – Любка там. Агняная дзеўка, – раптам сказаў ён, не паварочваючыся, і Сотнікаў ззаду не ўчуў.
        – Што?
        – Дзеўка, кажу, на хутары. Пабачыш – ураз падужаеш.
        – Табе да дзевак яшчэ!
        Прыстала брыдучы ззаду, Сотнікаў расчаравана апусціў галаву – уся яго ўвага цяпер была скіравана на тое, каб не збіцца з кроку, не парушыць пасільны, асвоены ім тэмп...
        – А што ж... Ось падрубаць бы толькі...
        Але і ўспамін пра ежу не падагнаў Сотнікава. Усё горбячыся на хадзе, ён зноў пачаў адставаць, і Рыбак азірнуўся.
        – Учора прыдрамаў на балоце, дык хлеб сасніўся. Цёплы бохан за пазухай. Прачнуўся, а гэта ад агню прыпякло. Во прыкрасць.
        – Сасніцца, не дзіва што, – глуха пагадзіўся напарнік. – Тыдзень на параным жыце...
        – Ды і паранае ўжо выйшла. Учора Гронскі паследні раздаў, – сказаў Рыбак і змоўк.
        Усё, што сапраўды турбавала яго, ён перажываў моўчкі. Да таго ж наперадзе канчаўся лес, дарога выбаўлялася праз хмызняк у поле, ззаду ў зімовай шэрасці шырокай сцяной чарнеўся ельнік. Далей, збоч ад дарогі, усчаўся расцяроб, замёрзлае балотца з альховымі купінамі, за якім дарога паварочвала ўлева на пагорачак, дзе з-за хмызу вось-вось павінна была выглянуць дзіравая страха пунькі, а там за плотам і дамоўка з падворкам, хлявамі і задраным асверам над студняй. Калі асвер тырчыць канцом угару, то ўсё добра, можна заходзіць, а калі апушчаны круком у калодзежны зруб, значыць – паварочвай назад, у доме чужыя. Так, прынамсі, некалі дамаўляліся з дзядзькам Восіпам. Праўда, тое было даўно, восенню, пасля яны сюды не патыкаліся – кружылі па іншых мясцінах, па той бок шашы, пакуль карнікі не загналі іх зноў туды, адкуль месяц назад выгналі.
        Яны падыходзілі да павароткі. Рыбак з нецярплівасцю паглядваў паверх хмызу, але ў шэрым сутонні наперадзе яшчэ нічога не было відаць, адно шарэў перамешаны са снегам хмызняк, які бязладна распоўзся наўкола. Заглушаючы нецярпенне, хвіліну лезлі па схіле ўскрайкам дарогі. Воўк, мусіць, чуючы блізкасць жытла, ціснуўся пад самы хмызняк, ступаў роўна, нешырока, засцярожліва. Яны гэтаксама ішлі па ягоных слядах, спорна, але неспяшліва ступаючы па снезе, і ўсё ўглядаліся наперад.
        Нарэшце Рыбак першы ўзлез на пагорачак і падумаў, што, мабыць, ён памыліўся – мусіць, хутар стаяў трошкі далей. Так часта здараецца, што некаторыя ўчасткі малазнаёмай дарогі прападаюць у памяці, і ўвесь шлях тады здаецца карацейшы, чым на самай справе. Рыбака падганяла нецярпенне, але Сотнікаў зноў адстаў і ўсё яшчэ стомлена гробся па схіле. Зрэшты, Рыбак ужо не звяртаў на яго ўвагі – нейкім нутраным адчуваннем ён западозрыў яшчэ невыразную, але адразу шчымліва зарупелую ўнутры трывогу.
        Гэтую трывогу данёс да яго вецер.
        Пунькі ў начной шэрасці ўсё не было відаць, і не відно было іншых будынін, затое некалькі подыхаў ветру адтуль, з поля, прынеслі гаркавата-едкі пах гару. Спярша ён падумаў, што, можа, гэта здалося, мо смярдзіць адкуль з лесу, і прайшоў яшчэ сотню крокаў, з усяе сілы стараючыся ўбачыць праз хмызняк звыкла аснежаную страху пунькі. Ды марна: пунькі не было. Затое і яшчэ дыхнула гарам – не свежым, з дымам ці калі з агнём, а халодным гарам ад затухлага вуголля і попелу. Зразумеўшы, што не памыляецца, Рыбак напаўголаса вылаяўся і амаль подбегам адолеў некалькі крокаў, пакуль збоч ад дарогі не ўбачыў плот.
        Плот быў на месцы, хоць і паламаны, без верхніх жардзін; некалькі пар пахілых, перавязаных лазінаю калоў коса тырчала з зямлі. Тут, за бульбянішчам, стаяла некалі тая самая пунька, а цяпер быў толькі бялюткі снегавы пагорак, з-пад якога месцамі вытыркала-бугрылася нешта чорнае – недагарэлыя галавешкі, ці што? Далей, у тым месцы, дзе была будыніна, таксама грувасціліся заснежаныя груды з недарэчна аголенай і закапцелаю печчу; там жа, дзе колісь стаялі хлеўчукі, не разабраць было – мусіць, не асталося і недагаркаў.
        Рыбак спыніўся і стаяў так ля плота ўсё з той жа несціханай лаянкай у душы, не ведаючы, што рабіць і што думаць. Не верылася нават, што гэта той самы хутар, на які яны наведваліся ўвосень. Перад яго вачыма паўстала ранейшае людское жытло з яго несамавітым сялянскім утулкам. У хаце ля печы завіхалася баба Прося, пякла дранікі, а яны сядзелі без ботаў на пяколку і перасміхаліся з Любкай, якая частавала іх сушанымі арэхамі. Арэхі тыя, як, дарэчы, і сама Любка, асабліва прыйшліся даспадобы Булахаву, гаваркому байцу з пагранічнікаў – некалькі чалавек з іх далучыліся перад тым да атрада. Цяпер ужо з пагранічнікаў не асталося ніводнага. Ён нават не ведаў, калі знік Булахаў, – ён толькі спадзяваўся на кароткі прытулак у гэту сцюдзёную ноч і хацеў пад’есці. Але іх апярэдзілі на тыдзень, не болей – ён гэта вызначыў пэўна.
        Тым часам ззаду падышоў Сотнікаў, які таксама зразумеў усё і ад такой навіны апанурыўся, мабыць, не менш за таварыша. Не прамовіўшы ні слова, ён моўчкі спыніўся і глядзеў на заснежаныя рэшткі былой хутарской сядзібы. Рыбак пералез цераз жэрдку і прайшоў па двары да печы, якая сіратліва, адна на ўсім хутары, тырчала з груды, трымаючы на каптуры свяжуткую гурбу снегу. Дзіўна і нязвыкла было бачыць на ёй гэты снег, які шчыльным пластом ляжаў і на пяколку і нават замуроўваў закапцелы чалеснік. Коміна ў печы не было, мусіць, абваліўся ў часе пажару і цяпер разам з галавешкамі нязладнай кучай грувасціўся пад снегам.
        – Сволачы! – вылаяўся Рыбак.
        За ім на чысты снег падворка выйшаў Сотнікаў, самотна пастаяў крыху і адышоўся да студні. Калодзеж, здаецца, тут быў адзіным, што збераглося ад пажару. Цэлы быў і журавель, высока задраны вочап якога ціха пагойдваўся на ветры.
        Рыбак сюды-туды пахадзіў па падворку, пнуў ботам парожняе дзіравае вядро, што валялася доле, пакратаў вобад паўзамеценага снегам паламанага кола. Болей тут не было чым пажывіцца: тое, што не знішчыў агонь, мусіць, падабралі людзі. І нікога ўжо тут не было, нават не асталося слядоў чалавечых ног, адно толькі воўчыя чарнеліся побач за плотам – мусіць, воўк таксама меў нейкія свае надзеі на хутар. Зразумеўшы, урэшце, што трэба шукаць новае выйсце, Рыбак вярнуўся да студні.
        – Ну, што ты на гэта скажаш?
        – Выдаў нехта. Ведама – пры лесе, – сіпата азваўся ля студні Сотнікаў і, зябка адхінаючыся ад ветру, бокам прысланіўся да зруба. У ягоных грудзях штось ціхенька рыпела, як у сапсутым гармоніку.
        Рыбак, памаўчаўшы, запусціў руку ў кішэню шыняля і там пад патронамі і рознай драбязой набраў жменю паранага жыта – рэшту таго, што асталося з яго сённяшняй харчовай нормы.
        – Хочаш?
        Без асаблівай гатоўнасці Сотнікаў працяг руку, у якую Рыбак адсыпаў з свае жмені. Абодва моўчкі пажавалі сцюдзёнай паранкі.
        – Падрубалі, называецца!
        Рыбак разумеў, што пачынала ўсур’ёз не шэнціць, другая гэта няўдача злосцю і раздражненнем азвалася ў яго пачуццях. І не так важна было, што самі асталіся галодныя, – болей прыгнятаў успамін пра тых, на балоце, што гібелі цяпер на сцюжы і чакалі іх з якім-ніякім харчам. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, згаладнелі, з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. А тут карнікі абклалі так, што нідзе не праткнуцца, толькі вось гэты краёчак балота і аставаўся яшчэ не закрыты. Але сюды далёка не сунешся – праз тры кіламетры мястэчка з гарнізонам, патрулі на дарогах, паліцыя, і да таго ж бязлессе – туды ім дарогі няма.
        Дажаваўшы ўсё са жмені, Рыбак азірнуў напарніка.
        – Ну, як ты? Калі надта кепска, топай назад. Я, можа, куды ў вёску падскочу.
        – Адзін?
        – Адзін, а што? Не вяртацца ж з пустымі рукамі.
        Сотнікаў памаўчаў, нястрымна скалануўся ад сцюжы – на месцы пачаў прабіраць мароз. Яму было холадна, усё нутро сцялася ў ледзяной знямозе. Каб захаваць рэшткі цяпла, ён глыбей насунуў на вушы пілотку і шчыльней захінуўся ў шынелак.
        – Што ты шапкі якой не дастаў? Хіба сагрэе гэта аблавушка? – з папрокам сказаў Рыбак.
        – Шапкі ж не растуць у лесе.
        – Затое ў вёсцы ў кожнага мужыка шапка.
        Сотнікаў адказаў не адразу.
        – Што ж, з мужыка здзіраць?
        – Абавязкова здзіраць? Можна і яшчэ як.
        – Ладна, пайшлі! – абарваў размову Сотнікаў.
        Яны рушылі ад студні і праз праломіну ў плоце выйшлі ў поле. Сотнікаў ураз ссутуліўся, глыбей уцягнуў у каўнер маленькую, у пілотцы, галаву. На хадзе ўжо Рыбак выдзер аднекуль з-за пазухі замусолены вафельны ручнічок і павярнуўся да Сотнікава.
        – На, абматай шыю. Цяплей будзе.
        – Ды ладна.
        – На, на. Ён, знаеш, як шалік, грэе, – настойваў Рыбак, трымаючы ў выцягнутай руцэ ручнічок, канцы якога адразу заматляў вецер.
        Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю.
        – Во і харашо. Давай ірванём у Азярышча. Тут недалёка, вярсты дзве. Што-небудзь расстараемся, не можа быць...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.