РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
4
        
4

        
        Як толькі дзверы за імі зачыніліся, гаспадыня кінулася ў парог.
        – Ой, божачкі! Куды ж ён яго? Ай, завошта ж ён? Ай, божачкі!
        – Назад! – хрыпла загадаў Сотнікаў і, не ўстаючы з услона, выцяг нагу ў бурку, перагароджваючы дарогу да дзвярэй.
        Жанчына боязна адступілася і стала на сярэдзіне хаты. Хвіліну яна то хліпала, то змаўкала, прыслухоўваючыся да гукаў знадворку. Сотнікаў таксама чакаў. Ён дрэнна засвоіў сэнс усяе размовы ў хаце, аднак тое, што дайшло да яго затуманенай гарачкай свядомасці, давала меркаваць, што Рыбак, напэўна, застрэліць старасту.
        Але ішоў час, а стрэлу адтуль не было. Захінаючыся ражком хусткі, жанчына ўсё войкала і прычытала, а Сотнікаў сядзеў на ўслоне і пільнаваў, каб яна не вырвалася на двор – не нарабіла крыку. Адчуваў ён сябе кепска. Біў кашаль, калацілі дрыжыкі, галава надта балела, і цела каля цёплае печы то мерзла, то аблівалася сцюдзёным потам.
        – Сынок, дай жа я выйду, дай пагляджу, што яны там...
        – Нечага глядзець!
        Жанчына, відаць было па ўсім, надта перажывала і слепа кідалася ў паўзмроку хаты, прычытаючы, напэўна, каб расчуліць яго і прарвацца ў дзверы. Але нічога ў яе не выйдзе, ён не паддасца яе чуллівасці. Ён надта добра памятаў, як аднаго разу яго наіўная даверлівасць да такой вось кабеты ледзь не каштавала яму жыцця. І таксама з выгляду была святая прастата ў белай хусціначцы на гародзе, сярод бацвіння – ён, ідучы з ляска, адразу запрыкмеціў яе ў той раненькі ранак і падумаў яшчэ: во і добра. Яна скажа, як трапіць на сцежку цераз Чорныя Выгары – балота, якое, як сказалі за дзве вёскі адсюль, не ведаючы дарогі, не перайсці.
        Ён выйшаў з кусцікаў і па-над ніўкай канапель, нікім не заўважаны, падышоў да яе, калі яна засяроджана корпалася ў баразне. Дагэтуль у яго вачах стаяць яе шэрая спадніца, белыя, незагарэлыя ікры ног і нейкая куртка з латкаю на плячы – жанчына ламала бацвінне і не бачыла яго. Ён сцішана павітаўся, і яна, надзіва, не спалохалася, толькі пільна ўгледзелася ў яго, слухаючы і нібы не разумеючы просьбы.
        Пасля яна ўсё як найлепш расказала – і як выйсці на сцежку, і як перайсці кладкі, і па які бок пакінуць грудок, каб не ўбіцца ў багну. Ён падзякаваў і хацеў ісці, але яна не пусціла, сказала: «Пачакай, мусіць жа, галодны», – азірнулася, паклала ў прыпол бацвінне і павяла ў хату. І трэба ж было яму пагадзіцца, не адмовіцца ад гэтай яды. Але ён і сапраўды быў згаладнелы і стомлены, як вясновы воўк, і пайшоў за ёй па мяжы да недалёкай сядзібы.
        Пакуль яны ішлі, яна таксама ласкава казала яму «сынок» і яшчэ, памятаў, разы два назвала «гаротнічкам» – быў ён няголены, як цяпер, нямыты, мокры да каленяў ад расы, здыхлаваты ад недаядання і ўвогуле жаласны. Гаварыць па-тутэйшаму яшчэ не ўмеў і схаваць сваё яўнае вайсковае паходжанне не мог – адразу было відаць, хто ён і адкуль. Зброі ў яго ў той час не было – толькі два дні да таго нейкім цудам вырваўся ад смерці, амаль без жаднае надзеі на паратунак...
        Старасціха тым часам не магла супакоіцца: усё болей мітусілася па хаце і плакала.
        – Сыночак, ну як жа так? Ён жа яго застрэліць!
        – Трэ было раней аб тым думаць, – сказаў Сотнікаў, слыхам стараючыся болей пільнавацца гукаў знадворку, чым слухаць яе слёзную жальбу.
        – А дзетачка, ці ж я не казала, ці мала прасіла! На якога ж ліха яму было брацца? Маладзейшыя ж ёсць. А дык жа каторыя людскія – не хацелі, а нялюдскіх людзі баяліся.
        – А яго не баяцца?
        – Пётру? Ай, дык яго ж тут усе ведаюць, мы ж тут спрадвеку жывём, нашай жа тут радні паўсяла. Ён жа да ўсіх па-добраму...
        – Наўрад ці выходзіць па-добраму.
        – Можа, і так. Можа, і праўда твая, сынок, – не выходзіць. Яны ж яго на ўсё прымушаюць: то хлеб здай, то адзёжу збяры, то на дарогу гоняць – дарогу чысціць. А ён жа дзе возьме – усё людзей трэба змушаць.
        – А вы як думалі? На тое і захопнікі, каб змушаць.
        – Змушаюць, анягож. Каб іх Бог змусіў! Прыехалі на машынах, пабралі свіней. І нашага парсючка забралі, не паглядзелі, што стараста. Кажуць: сын у Чырвонай Арміі, дык каб загладзіць віну перад Германіяй. Каб яна ясным агнём гарэла, тая Германія.
        «Кляні, але не надта я паверу табе», – санліва думаў Сотнікаў, не прыбіраючы выцягненую нагу. Помніцца, тая таксама нешта казала і пра Германію, пакуль бразгала ў пасудніку і кроіла хлеб. Разоў колькі выбягала ў сенцы – па сала і па малако ў гляку, а ён сядзеў на лаўцы ля стала і, глытаючы слінкі, чакаў, дурань, ежы. Праўда, аднаго разу яму пачулася, нібы ў сенцах хтось ціха гукнуў, пасля данёсся кароценькі шэпт, але тут ён пазнаў сонны дзіцячы голас і супакоіўся. Ды і гаспадыня ўвайшла ў хату спакойная і ласкавая, наліла яму вялікую кварту малака, накроіла сала, і ён, памятае, адчуў нешта вельмі ўдзячнае да яе. Пасля ён умінаў хлеб, прысёрбваючы малако, і так, мусіць бы, і ўліп ні за што, каб нейкая інстынктыўная сіла самазахавання без аніякай прычыны не прымусіла яго зірнуць у застаўленае кветкамі акно. І ён на секунду абмёр, разгубіўшыся: па вуліцы хутка ішлі двое з вінтоўкамі, на рукавах бялелі павязкі, а следам бегла малое гадоў васьмі.
        Шкада, у яго тады адняло мову, і ён нічога не сказаў той ласкавай цётцы – ён толькі штурхнуў яе ад дзвярэй і шалёным напорам ірвануў на гарод, цераз платы за каноплі, далей на выган, у роў, у кустоўе. Ззаду стралялі, крычалі. Ужо, мабыць, у рове ён зразумеў, што з іншымі галасамі наўздагон нясецца і крык тае кабеты – яна паказвала, куды ён пабег.
        А гэта цяпер вось ласкавая: сынок, дзетачка...
        Ад стомы ці то ад гэтай праклятай прастуды, яго свядомасць нібы завалоквалася часам густым туманам, на нейкія нядоўгія прамежкі часу ён забываўся, тут жа прахопліваючыся зноў. Старасціха цяпер прысела перад ім на канец лаўкі і, мабыць, не чуючы пакуль нічога жахлівага са двара, трохі абспакайнела.
        – Дзетачка, гэта ж няпраўда, што ён па сваёй ахвоце. Яго ж тутэйшыя мужыкі ўпрасілі. Ой, як жа ён не хацеў! А бумага з раёну прыйшла – старасту на нараду выклікалі. А ў нас, у Лясінах, яшчэ ніякага старасты няма. Ну, мужыкі і кажуць: «Ідзі ты, Пётра, ты ў пляну быў». А ён жа і праўда ў тую, мікалаеўскую, два гады ў пляну быў, у немца рабіў. «Дык, – кажуць, – табе іх нораў ужо знаёмы, пацярпі якіх са два месяцы, пакуль нашыя вернуцца. А то Будзілу паставяць, во бяда будзе». Будзіла гэты тожа з Лясінаў, нягодны – страх. От яго мужыкі баяліся. Дык ён цяпер у паліцыі ў мястэчку. Найшла свіння лужыну.
        – Знойдзе і кулю.
        – А хай бы, чорт бы па ім плакаў... Дык гэта Пётру, дурня, і ўгаварылі, пайшоў у мястэчка. На сваё ліха. А цяпер ці гэта яму хочацца халуём нямецкім быць? Можа, кожны дзень божы грозяцца, крычаць ды яшчэ наганамі ў лоб тыцкаюць, гарэлкі трэбуюць. Мучаецца ён, не дай бог.
        Сотнікаў сядзеў, прыгрэўшыся ля печы, і намагаўся толькі абы не заснуць. Праўда, драмаць не даваў кашаль, які то адчапляўся на хвіліну, то біў так, што балела ў мазгах. Старасціху ён слухаў і не слухаў, унікаць у яе скаргі не надта хацеў, адчуваў, што варта толькі даць сабе паслабку, як нядоўга і пранікнуцца спачуваннем да няўдакі-старасты, чаго ён нізашто не мог дазволіць сабе. Ён не мог спачуваць чалавеку, які пайшоў на службу да немцаў і так ці інакш выконваў гэтую службу. Тое, што ў таго знаходзіліся нейкія там апраўданні, не кранала Сотнікава, які ўжо ведаў цану такога роду апраўданням. У той барацьбе, якая пачалася з фашызмам, нельга было зважаць ні на якія, самыя важкія прычыны – перамагчы можна было толькі насуперак усім прычынам. Ён засвоіў гэта з самага першага свайго бою і ўсюды трымаўся менавіта таго пераканання, што толькі і давала яму захоўваць цвёрдасць сваіх пазіцый ва ўсіх складанасцях гэтай вайны.
        Спахапіўшыся, што дрэмле, Сотнікаў паспрабаваў устаць, але яго так хіснула па хаце, што ён ледзь не ляпнуўся аб сцяну. Гаспадыня, сама спалохаўшыся, неяк падтрымала яго, і ён падабраў з падлогі вінтоўку.
        – Фу, чорт.
        – Сынок, ды што ж гэта з табой? – заўважыўшы нешта нядобрае ў ім, іншым голасам загаманіла кабета. – Ды ты ж хворы! А Божачка мой! У цябе ж жар, мусіць? Авохці мне! Табе ж легчы трэба. Во як хрыпіць у грудзях. Пачакай, я табе лекаў звару.
        Яна са шчырай спагадай шаснула некуды ў запечак, зашархацела там чымсьці з паклажы, а ён падумаў, што, мусіць, сапраўды, ягоная справа дрэнь, калі ўжо так занепакоілася гэта жанчына. Але не хапала лячыцца ў старасціхі!
        – Не турбуйцеся, мне нічога не трэба.
        Яму і сапраўды не хацелася ні піць, ні есці, і нічога не трэба было, апроч цяпла і спакою.
        – Як жа не будзеш, сынок? Ты ж хворы, ці ж гэта не відно? Я даўно прыкмячаю.
        – Няважна, – сказаў Сотнікаў.
        – Калі, можа, некалі, дык на малінкі сухой, мо дзе заварыш, пап’еш. А гэта во зёлачкі...
        – Не трэба!
        Яна совала яму нешта з торбачак, што дастала з печы, а ён адхінуўся, не хацеў нічога прымаць ад яе, бо не зычыў гэтай кабеце дабра і таму не мог пагадзіцца на яе паслугу. Але ў той час у сенцах забразгалі, ён пачуў Рыбакоў голас, і ў хату зазірнуў стараста.
        – Хадземце, таварыш кліча.
        Хістаючыся ад слабасці і гулу ў галаве, Сотнікаў устаў і вылез у халодныя цёмныя сенцы. Праз расчыненыя дзверы на снежным двары відаць быў Рыбак, ля яго ног на снезе ляжала авечка, якую той збіраўся падняць на спіну.
        – Так. Ты ідзі! – роўным дзелавым голасам сказаў Рыбак да старасты. – І зачыні дзверы, нечага глядзець.
        Стараста хацеў нешта сказаць, ды, мабыць, перадумаў і вярнуўся ў сенцы. Дзверы за ім шчыльна зачыніліся, пасля чуваць стала, як бразнула клямка ў хату.
        – Што, пускаеш? – з папрокам, сіпла запытаў Сотнікаў.
        – А чорт з ім.
        – Ну і дарма!
        Не адказаўшы, Рыбак дужым высілкам ускінуў на плячо авечку і пакрочыў за вугол хляўка, адтуль павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Сотнікаў павалокся следам.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.