РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сотнікаў
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
7
        
7

        
        Яны папаўзлі да кустоўя – наперадзе Рыбак, за ім Сотнікаў. Гэта быў доўгі і цяжкі шлях. Сотнікаў не спраўляўся за сябрам, а часам і зусім заміраў у снегавой баразне, і тады Рыбак, абярнуўшыся, хапаў напарніка за каршэнь і валок за сабой. Ён таксама выбіўся з сілы – мала таго што памагаў Сотнікаву, дык яшчэ валок на сабе абедзве вінтоўкі, якія штораз спаўзалі са спіны і блыталіся пад каленямі ў снезе. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. З пагорка два разы грукнулі стрэлы – мусіць, той паліцай нешта ўсё ж заўважыў.
        Як-колечы дабраўшыся да кустоўя, яны залеглі між мяккіх заснежаных купін. Шэрае галлё алешніку някепска хавала іх у прыцемках ночы. Рыбак быў увесь мокры – раставаў снег у рукавах і за каўняром кажушка, ад поту змакрэла спіна. Ён так замарыўся, як не марыўся, мабыць, ніколі ў жыцці, і хвіліну немачна ляжаў ніц, толькі пазіраў на пагорак: ці не бягуць за імі. Але ззаду нікога не было, паліцай калі што і заўважыў, дык, мабыць, даганяць не адважыўся – тут нядоўга было злавіць кулю самому.
        – Ну, як ты? – нарэшце азваўся Рыбак, усё яшчэ горача дыхаючы густой парай.
        – Кепска, – проста прызнаўся Сотнікаў.
        Ён ляжаў на баку побач, знясілена адкінуўшы галаву ў шчыльна аблеглай, са змёрзлымі краямі пілотцы. Параненая яго нага была трошкі прыўзнята каленам угору і дробненька нервова дрыжала.
        Рыбак ціха пры сабе вылаяўся.
        – Давай панясу. А то... Абложаць – не вырвешся.
        Трохі прыпадняўшыся, ён выцяг з-пад каўняра ў Сотнікава скамечаны свой ручнічок і дрыготкімі ад стомы рукамі перавязаў ягоную нагу вышэй калена. Сотнікаў здрыгануўся, разы два прамычаў ад болю і змоўк. Потым Рыбак, прыўзняўшыся на каленях, падставіў яму спіну.
        – Ну, бярыся.
        – Чакай, я сам, можа...
        Аслабела заварушыўшыся на снезе, Сотнікаў неяк устаў на адно калена, з хваравітай засцярожлівасцю адставіў убок параненую нагу, паспрабаваў падняцца зусім, але гэта яму не ўдалося.
        – Куды табе! Ану, трымайся!
        Рыбак падхапіў напарніка пад руку, і той нарэшце ўстаў; надта асядаючы на параненую нагу, ступіў два крокі. Гэта ўзбадзёрыла Рыбака – калі чалавек на нагах, дык, мабыць, яшчэ не ўсё страчана. А то як падпоўз да Сотнікава і дазнаўся, што той паранены, зрабілася не па сабе: што ён мог зрабіць з ім у такім яго стане? Цяпер Рыбак трохі супакоіўся і падумаў, што, можа, яшчэ як-колечы вывернуцца.
        З дапамогай Рыбака Сотнікаў нязграбна скокнуў на адной назе, трошкі пасабляючы сабе і параненай. Яны палезлі ў негусты тут драбнаваты хмызняк з рыхлым і даволі глыбокім снегам. Сотнікаў адной рукой трымаўся за Рыбака, а другой хапаўся на хадзе за намёрзлае галлё алешніку і, дужа асядаючы на параненую нагу, з усяе моцы стараўся ступаць шырэй. У грудзях у яго ўсё хрыпела з нейкім нядобрым прысвістам, часам яго пачынаў біць глыбокі кашаль, і Рыбак ажно сціскаўся – іх маглі ўчуць за кіламетр адсюль. Але ён маўчаў. Ён ужо не пытаўся пра адчуванне напарніка – ён меў аб ім пэўнае меркаванне і, не даючы сабе перадыху, упарта валок Сотнікава праз густы аснежаны зараснік.
        За кустоўем у лагу, які аказаўся даволі працяглым замёрзлым балотам, зноў пачаўся крутаваты ўхіл на пагорак. Яны наўкось ускараскаліся на яго, і Рыбак адчуў, што сілы яго скончыліся. Ён ужо не толькі не мог падтрымліваць Сотнікава, які ўсё асядаў долу, але і сам так знясілеў, што яны, не згаворваючыся, амаль разам рухнулі ў снег.
        Яны доўга і моўчкі ляжалі на схіле, засяроджана і гучна аддыхваліся, з дзіўнай абыякавасцю да ўсяго, што не было іх знямогай. Рыбак разумеў, што кожнае хвіліны іх могуць дагнаць паліцаі, увесь час ён чакаў іх вокрыку, але ўсё роўна цела яго было не здольна адолець немач.
        Можа, праз паўгадзіны ён усё ж неяк саўладаў з дыханнем і павярнуўся на бок. Сотнікаў ляжаў побач і дробненька калаціўся ад дрыжакі.
        – Патроны асталіся?
        – Адна абойма, – глуха прахрыпеў Сотнікаў.
        – Калі што, будзем адбівацца, – рашыў Рыбак, падумаўшы, што з харчам, мабыць, ужо нічога не выйдзе, цяпер хоць бы ўратавацца самім. Пасля ўсяго, што здарылася, гэта таксама было нялёгка, калі не зусім немагчыма. Але, даняты яшчэ сваёй стомай, якая атупляла яго пачуцці, ён амаль абыякава думаў, што, калі іх дагоняць, давядзецца пусціць у ход зброю – іншага не выпадала.
        – Не надта адаб’ешся, – сказаў Сотнікаў.
        Гэта так, сапраўды, з дваццаццю патронамі доўга не пратрымаешся, але іншага выйсця ён не знаходзіў.
        – І адкуль іх д’ябал прынёс! – Рыбак з новаю сілай пачаў перажываць іх няшчасце. – Во ўжо напраўду: бяда адна не ходзіць.
        Сотнікаў маўчаў, немалым намаганнем душачы ў сабе стогны. Яго счарнелы на сцюжы, спакутаваны твар з заінелым ад дыхання шчаціннем раптам здаўся Рыбаку амаль незнаёмым, чужым і адразу выклікаў у яго нейкія благія прадчуванні. Рыбак падумаў, што справы напарніка, відаць, сапраўды кепскія, і міжволі пашкадаваў небараку таварыша.
        – Вельмі баліць?
        – Баліць, – буркнуў, мабыць, каб адчапіцца ад яго, напарнік.
        – Трывай, – грубавата сказаў Рыбак. Ён сеў на снезе і пачаў заклапочана прыглядацца да мясціны, якая была зусім незнаёмая яму: нейкае пагоркавае поле, недалёкі лес ці гаёк, а дзе быў вялікі лес, аб тым ён не меў ніякага ўяўлення. Ды і наогул, закруціўшыся ў гэтай пагоні, ён перастаў разумець, дзе яны цяпер і ў якім напрамку трэба ісці, каб выбрацца да сваіх.
        Гэта выклікала ў ім новы клопат і адазвалася ў душы новай трывогай – не хапала яшчэ заблудзіць уначы. Ён хацеў загаварыць аб тым з Сотнікавым, але той ляжаў побач, нібы не адчуваючы ўжо ні трывогі, ні сцюжы, якая рабілася ўсё болей нясцерпная на гэтым марозлівым ветры. Разгарачанае на хадзе цела вельмі хутка пачаў прабіраць мароз. Нейкі час, аднак, знямога ўладна прыкоўвала іх да зямлі, і Рыбак, углядаючыся ў змрочнае наваколле, пакутліва думаў, у які бок падацца.
        Ён спрабаваў вызначыць гэта, марна аднаўляючы ў памяці іх блытаны шлях сюды, а яго інстынкт самазахавання ці, можа, страх незразумела штурхаў яго ў напрамку, процілеглым кустоўю, за якім іх дагналі паліцаі. Здавалася, паліцаі зноў паявяцца адтуль – значыць, трэба ўцякаць у другі бок.
        Калі гэта адчуванне канчаткова завалодала ім, Рыбак устаў і закінуў за плячо абедзве вінтоўкі.
        – Давай! Як-небудзь...
        Сотнікаў пачаў пакутліва ўзграбацца на ногі, Рыбак і гэты раз падтрымаў яго, але калі той урэшце ўстаў, дык адразу вызваліў локаць.
        – Дай вінтоўку.
        – Што, пойдзеш?
        – Паспрабую.
        «Што ж, спрабуй», – падумаў Рыбак, з палёгкай аддаючы вінтоўку. Апіраючыся на яе, Сотнікаў няўклюдна застыргікаў, і яны памалу папляліся па снежным полі ў ноч.
        Праз гадзіну яны ўжо добра адышліся ад таго балотца і брылі па пахілым даўгім касагоры. Ішлі надта марудна. Рыбак адчуваў, што неўзабаве пачнецца світанак, што мінаюць апошнія гадзіны ночы і што вельмі проста цяпер не паспець. Калі ранак застане іх сярод поля, тады ўжо, відаць, не выкруціцца. Яму ўвесь час карцела ісці шпарчэй, небяспека рупна падганяла яго, але Сотнікаў усё марудней перастаўляў ногі, часта спыняўся і зноў кашляў.
        Увогуле, іх ратавала, мусіць, тая акалічнасць, што снег тут быў неглыбокі, ногі правальваліся, але не дужа, не тое што на балоце. Скрозь у доле шарэў быльнёг, дзе гусцей, а дзе зрэдку, па каліве, і Рыбак стараўся ісці па ім, там было найменш снегу. Ён не хацеў спускацца ў лог – баяўся засесці ў гурбах, на пагорках неяк было надзейней. Але іх след ззаду надта выразна азначаўся на касагорыне. Убачыўшы яго, Рыбак ажно жахнуўся: так проста было дагнаць іх цяпер, нават уночы. Азіраючыся назад, ён падумаў: якая б небяспечная ні была дарога, што ўжо ледзь не загубіла іх сёння, – зноў трэба выбівацца на яе, бо толькі на дарозе можна схаваць сярод іншых свой след.
        І ён з надзеяй пачаў азірацца па баках – недзе ж павінна быць хоць якая-небудзь дарожка. Між тым наўкола ляжала чыстая снегавая разлога, сям-там цьмяна стракацела кустоўе, адзінокія палявыя дрэўцы; у адным месцы здалёку невыразна зачарнелася штось паўзамеценае ў снезе. Падышоўшы бліжэй, Рыбак згледзеў, што гэта валун. Дарогі ж нідзе не было. Тады ён крута павярнуў угору – так было цяжэй, але падумалася, што, можа, наверсе, за пагоркам, яны ўбачаць лес. Можа б, тады ўдалося зашыцца ў яго, а паліцаі невядома яшчэ ці адважацца адразу сунуцца следам – мабыць, спярша разважаць, тым даўшы ім магчымасць адарвацца ад даганятых.
        Рыбак не першы ўжо раз трапляў у такое становішча, ды заўжды неяк абыходзілася, найгоршае яго мінала. Галоўным у такіх выпадках былі хуткасць і спрыт, якія ратавалі яго і менавіта якіх цяпер яму не хапала. Неяк восенню ў Заселлі ягоны спрыт і знаходлівасць уратавалі жыццё пецярым хлопцам з разведкі, якія надумалі на світанні завітаць у знаёмую вёску. Ён выпадкам далучыўся да іх і надта не хацеў ісці ў тую вёску, але разведчыкі сказалі, што ўчора былі ў ёй – чужых там няма. Сумняваючыся ў тым, ён прамаўчаў. Па сцяжыне яны падышлі да ваколіцы; як заўжды, было страшнавата наткнуцца на засаду, але ля крайняе хаты ніхто ім не спаткаўся. Мусіць, які гультаяваты паліцай-вартавы таксама прытаміўся тырчаць на дарозе і на золку захінуўся дзе за вугал хаты. Цяпер ужо не згадаць, як і чаму тое здарылася, толькі варта было ім адысціся ад плота крайняе хаты ў глыб вёскі, як Рыбак пачуў кашаль. Наўкось цераз вуліцу ў двары два паліцаі запрагалі падводу, і іншыя нешта грузілі ў яе ў мяшках. Толькі ён згледзеў гэта, як ззаду вызверыўся жахлівы крык «Стой!» і грымотна ўдарыў стрэл. Паліцаі ў двары схапіліся за вінтоўкі, ён яшчэ паспеў гэта згледзець, а назад ужо не зірнуў – крыкнуў: «За мной!» – і нырнуў пад жардзіну ў плоце. Хлопцы дружна рванулі следам, ззаду стралялі, але, мусіць, іх кепска бачылі, а яны, усе пяцёра, тым часам імчалі за хляўком па бульбоўніку. Хтось з паліцаяў таксама выскачыў на гарод, некалькі куль цвікнула зусім блізка, але хлопцы за якіх дзесяць секунд скаціліся з бульбоўніку ў равок і там былі ўратаваны. А каб ён на секунду замарудзіў, разгубіўся, кінуўся назад ці наперад, іх бы ўсіх і перастралялі на вясковай вуліцы.
        Тут таксама была такая магчымасць, па нейкай прычыне падораная паліцаямі, і ён бы выкарыстаў яе, каб не Сотнікаў. Але з Сотнікавым далёка не ўцячэш. Яны яшчэ не вылезлі на пагорак, як той закашляўся, ажно ўгнуўся, некалькі хвілін цела яго аж скаланалася ад марных намаганняў нешта выкашляць. Рыбак спыніўся, пасля вярнуўся да напарніка, спрабаваў падтрымаць яго пад руку. Але той ужо амаль не стаяў на нагах, і ён апусціў яго на вылізаны ветрам снег.
        – Пачакай, дай аддыхацца.
        – Што, кепска?
        – Відаць, не выбрацца нам...
        Рыбак не хацеў цяпер гаварыць аб тым – няшчыра запэўніваць яго ў адваротным, не хацеў і суцяшаць – ён сам не ведаў, як выбрацца. І нават у які бок выбірацца.
        Хвіліну ён стаяў над знямоглым таварышам, які сцяўся на баку, падкурчыўшы параненую нагу. У адчуваннях Рыбака перамешваліся розныя пачуцці да яго: і ціхі жаль, што столькі дасталося аднаму (мала было прастуды, дык яшчэ і падстрэлілі), і ў той жа час пачала з’яўляцца няпэўная яшчэ прыкрасць: як бы гэты Сотнікаў не наклікаў бяды на абодвух. Сярод усяго патаемна трымцела, часам заглушаючы іншае, страхавітая трывога за сваё жыццё. Праўда, Рыбак стараўся гнаць яе ад сябе і трымацца як мага спакойней. Ён ведаў ужо, што страх за ўласнае жыццё – першы крок да разгубленасці, бо варта толькі страціць цвярозую разважнасць, занервавацца, як беды пасыплюцца адна за адной. Тады ўжо сапраўды канец. Цяпер жа хоць і давялося туга, але, магчыма, не ўсё яшчэ страчана.
        – Так. Ты пачакай.
        Пакінуўшы таварыша на снезе, Рыбак паплёўся ўгору: трэба было агледзецца. Яму ўсё здавалася, што за пагоркам лес. Яны столькі ўжо прайшлі па начы, і калі ішлі правільна, дык павінны апынуцца недзе паблізу ад лесу.
        Кепска, што зусім прапаў месяц, воддаль нічога не было відаць – ноч танула ў змрачнаватай туманнай імгле, густое сутонне шчытна абвалакло ўсё навакол. Тым не менш вялікага лесу нідзе не было. За пагоркам зноў слалася поле, убаку нібыта шарэў лясок, мусіць, хвойнічак – надта малы хвойнічак, лапінка ў полі, не больш. Але ў тым кірунку мроілася ў змроку нешта падобнае на прамую кароценькую рысу ў доле. Скрозь былі няпэўныя плямы, цёмныя на снезе пырскі быльнягу, размытыя, з невыразнымі абрысамі кусты, а тут са снежнага паўзмроку вынікала кароценькая рыска – пралегла наўкос і знікала. Рыбак з раптоўнаю лёгкасцю пакрочыў да яе і не заўважыў, як гэтая рыска неяк неўзаметку ператварылася на снезе ў цьмяную паласу дарогі. Даволі ўбітая, з раз’езджанымі каляінамі і слядамі ад конскіх капытоў, яна з’явілася зусім дарэчы і абяцала памагчы ў іх нялёгкай бядзе.
        Раптоўна абнадзеены, Рыбак лёгка збег з пагорка да нерухомае на снезе постаці Сотнікава.
        – Дарога тут!.. Чуеш?
        Той вяла падняў круглявую і нейкую ненатуральна малую ў пілотцы галаву, пачаў уставаць.
        – З дарогі дзе-небудзь сашмыгнём – не знойдуць. Толькі не напароцца каб.
        Сотнікаў маўчаў і здаваўся абыякавы да гэтай навіны. З дапамогай Рыбака ён падняўся са снегу, ямчэй ахапіў пальцамі ствол вінтоўкі.
        Вельмі памалу яны пабрылі да дарогі, якую Рыбак яшчэ здалёк трывожліва азіраў у змроку – ці не пакажуцца дзе людзі. Ягоны напружаны позірк прабег аж да шараватага лапіка наводдаль, і тады зусім неспадзявана для сябе ён заўважыў, што неба над абсягам па-ранішняму засінелася, зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Гэтая нечакана ім заўважаная прыкмета світанку ўзварушыла яго болей, чым калі б ён убачыў людзей. Усё ў ім тузанулася, памкнула кудысь наперад, хутчэй з гэтага пагрозліва пустога поля. Але ногі былі скуты стомай, да таго ж стрымліваў таварыш – хочаш ці не, трэба было марудна валачыцца па дарозе, іншага выйсця ў іх не было.
        Зразумеўшы гэта, ён прыглушыў у сабе непрыемнае пачуццё і тужэй сцяў сківіцы. Ён ні слова не сказаў Сотнікаву – той і так шкандыбаў ледзь жывы, выдаткоўваючы апошнія свае сілы, і ў Рыбака нешта роспачна сцялася ўнутры: ён пэўна ўжо ведаў – удачы не будзе. Ноч канчалася і тым знімала з іх сваю апеку, дзень жа абяцаў мала прыемнага, і Рыбак з паніклай душой назіраў, як павольна і няўхільна займалася ранне. Угары хутка святлела неба, з-пад начнога змроку ўсё выразней вынікаў самотны снежны абшар; дарога наперадзе даўжэла і рабілася бачнай далёка.
        Па гэтай дарозе яны пайшлі да ляска.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.