РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
12
        
12

        
        На хутары той дзень не палуднавалі: Сцепаніда чакала са школы Федзьку і Феню, Петрака зранку не было дома - на золаку павёз з мужыкамі самаабкладанне на станцыю, меўся прыехаць хіба што позняй ноччу. Якраз нахапілася вялікая слізгота - дзён тры дагэтуль была адліга, на дварэ ўсё плыло, сеяўся дробны дождж з неба, а ранкам ударыў мароз - поле, дарога, дрэвы пакрыліся карыной слізкага лёду; адзін сук на ліпе не вытрымаў ледзянога цяжару, абламіўся і завіс абледзянелым голлем да снегу. Праз трохі праталае акно Сцепаніда згледзела за гэтым суком чалавека ў полі, які то рухава бег па саннай дарозе з Выселак, то прыпыняўся трохі, разоў колькі разгоніста коўзаў, мусіць, па слізкай каляіне, матляючы ў паветры доўгімі рукавамі світкі. Калі чалавек перабег гасцінец і скіраваў да хутара, Сцепаніда пазнала ў ім высялкоўскага хлопца Патапку. Патапка быў пераростак, у школу зімой не хадзіў: не меў што абуць, і цэлымі днямі сядзеў на лаве ў хаце, палову якой займаў сельсавет, - заўжды разявіўшы рот, слухаў, што гаманілі мужчыны. Калі здаралася патрэба каго паклікаць, тады сельсавецкі старшыня, аднавокі Лявон, пасылаў Патапку. Хлопец не дужа каб ахвотна, але ішоў ці бег, куды пасылалі, і, вярнуўшыся, зноў садзіўся пры парозе на лаву з пільнаю ўвагай да ўсяго, што гаварылі старэйшыя.
        Трохі паўглядаўшыся ў акно, Сцепаніда адставіла ў кут прасніцу з воўнай, паправіла хустку. Было пэўна ўжо, што Патапка бяжыць на хутар не так сабе, што ў яго ёсць патрэба. Апошнім часам у Выселках ледзь не кожны вечар збіраліся сходы, лічы, з Вадохрышча вясковыя актывісты і прыезджыя ўпаўнаважаныя з раёна і нават з акругі стараліся як сагітаваць мужыкоў у калгас. Але ўсё марна. Заўчора праседзелі ўсю ноч, спрачаліся і сварыліся, разышліся, калі добра ўднела, а запісалася ўсяго шэсць гаспадарак.
        Гледзячы на Патапку, Сцепаніда падумала, што, мабыць, і цяпер той бяжыць наказваць на сход. Значыць, лікбезу сёння не будзе. Яна трохі пашкадавала аб тым, бо сёння, як ніколі раней, удала спісала старонку ў сшытку, і словы, можа, першы раз за зіму, выйшлі даволі зграбныя, амаль скрозь роўненькія, мабыць, у школе пахвалілі б. Мінулы раз дык паганілі, ды і было цемнавата, пісала, як палеглі дзеці, і ў газнічцы канчалася газа, а Пятрок усё наракаў з запечку, што не ў пару ўлегла ў грамату, трэба класціся спаць. Цяпер жа, застаўшыся адна ў хаце, яна села за прыбраны стол і нетаропка вывела радкоў з восем: «Мы будуем машыны, мы будуем калгасы». Ды, мабыць, сёння заняткаў не будзе.
        Тым часам у сенцах бразнулі дзверы і, не атэпваючы ног, у хату ўвапхнуўся Патапка - рослы белатвары падлетак, падпяразаны вяроўчынай па лапленай світцы. Не павітаўшыся, перш шмаргануў разы два счырванелым прастуджаным носам і прагугнявіў:
        - Там Лявон цётку кліча.
        - А што, сход?
        - Не, не сход. Камбед будзе.
        - Цяперака?
        - Ну.
        - Збяруся, прыйду, - сказала Сцепаніда, трохі схамянуўшыся нутром: то было нешта новае. З восені камбед не збіралі, казалі, што будуць выбіраць новы. Але во, мусіць, знайшлася патрэба і ў старым.
        Патап яшчэ шмаргануў носам, паправіў перакручаную на галаве шапку-аблавушку і вылез у дзверы. Перш чым зачыніць іх, грукнуў аб парог абцасамі ботаў, і Сцепаніда пазнала: то былі Лявонавы боты. Сам Лявон цяпер, напэўна, сядзіць, далей залезшы за стол у сельсавеце, і падкурчвае пад лаву ногі, каб хто з заходжых не бачыў босага старшыню. Але халера на яго, і ў Багацькаў з абуткам не лепей, проста бяда з абуткам: ні сабе, ні дзецям - ні купіць, ні паладзіць з чаго. Былі адны лапленыя валёнкі, дык сёння іх ранкам надзеў Пятрок у дарогу, і ёй цяпер трэба было абуваць чуні. Ну, але аб сабе яна не дужа клапацілася, ішла ж не ў царкву, а калі пасяджэнне камітэта беднаты, дык чаго там саромецца. Абы цёпла нагам.
        Яна хутка сабралася, надзела трохі навейшую шарсцяную спадніцу, завязала падніз свяжэйшую, белую ў крапінку хусцінку, спрытней забарсала на нагах чуні. Не надта шчыравала над убраннем - была не маладая. І хоць здароўем Бог не пакрыўдзіў, але ж - сорак год - бабін век, не тое што дваццаць. Зняла з цвіка ля парога галоўнае сваё ўбранства - кажушок, аздоблены спераду вышыўкай, хоць і не новы, але ладны і цёплы кажушок, годны на ўсякі выхад. Хату яна не замыкала, хутка меліся вярнуцца са школы дзеці, можа, яна яшчэ спаткае іх на дарозе. Школа была недалёка, усё ў тых жа Выселках, куды вяла вузенькая санная дарожка ад хутара. Яна ўсё ішла і пазірала наперад, ці не пакажуцца яе двое малых: Фенечка хадзіла ў трэці клас, а Федзя ў другі. Але дзяцей не было відаць, дзень канчаўся, а дарога была страшэнна слізготная, проста шкло. Каб не паваліцца, Сцепаніда пазірала болей пад ногі, ступала асцярожна і думала з клопатам: што будзе там, на камбедзе?
        Але, мусіць, клікалі не так сабе, мусіць, штось будзе. Учора ноччу, у непраглядным куродыме ад тытуню, у сельсавецкай хаце пад ранак наспела нешта такое, што, адчула яна, дабром-мірам не кончыцца, нешта здарыцца. Пачалося ўсё з напружанай насцярожанасці і мужыкоў, і ўпаўнаважанага, і сельсавецкага старшыні Лявона, пакуль выбіралі прэзідыум, галасавалі, зацвярджалі парадак дня - усё той жа цяпер з Калядаў, - у хаце збіралася, вісела, напружвалася нешта клопатна-трывожнае, важнае і нават пагрозлівае. Як загаварыў упаўнаважаны з раёна Касмачоў, усе ўнурылі галовы, пахавалі вочы, слухалі і маўчалі, не пазіраючы адзін на аднаго. Касмачоў гаварыў ладна, болей біў на факты, на прыклады, расказваў, як дужа зажылі калгасаўцы ў Будніках, што пад Леплем: другі год вялікія ўраджаі, будуюць клуб, на полі аруць два трактары, набылі малатарню, жняяркі. Даволі ім, высялкоўцам, трымацца за свае вузкія шнуркі-надзелы, гібець у беднасці і нэндзе, калі свая, Савецкая ўлада дае магчымасці, ідзе насустрач беднякам і сазнацельным сераднякам таксама. Уся краіна дружна становіцца на рэйкі калектывізацыі, дык ці гожа ім адставаць? Касмачоў гаварыў памяркоўна, націскаў на сазнацельнасць серадняка, які павінен выступаць у саюзе з бедняком, а не з кулакамі і падкулачнікамі. Словы ён падбіраў разумныя, харошыя словы, і сам выглядаў разумным, памяркоўным дзядзькам. Ён і быў памяркоўны і разумны: перад тым, як стаў рабіць у раёне, гадоў колькі выкладаў гісторыю ў школе і, казалі, быў дужа адукаваны настаўнік. Яму верылі. Але адной толькі веры для высялкоўцаў аказалася мала, патрэбны быў прыклад. А прыкладу, на які можна было б паглядзець, паблізу якраз і не было.
        Ля Касмачова, цяжка ўзваліўшыся грудзьмі на стол, сядзеў Лявон Багацька з вузенькім чорным матузком наўкось цераз лоб. Лявон быў свой, высялкоўскі мужык, мнагадзетны і малазямельны і, як яна з Петраком, надзелены па беднасці дзвюма дзесяцінамі яхімоўшчынскай зямлі. Вока Лявону выбілі на польскай вайне недзе пад Віслай, калі ён схапіўся на шаблях з двума польскімі ўланамі, і яму дужа дасталася, ледзь аклемаўся ў шпіталі і вярнуўся дамоў калекам, падцягваў нагу і не меў двух пальцаў на правай руцэ. Гаварыць Лявон не ўмеў аніколечкі, словы ягоныя былі што валуны ў полі, і ён браў болей маўчанкай, упартай нязрушнасцю характару. Пасля выступлення Касмачова як-колечы, з вялікім недаборам рук, прагаласавалі за арганізацыю калгаса, а як дайшла справа да запісу, усё прыпынілася. Лявон тады нязграбна, у кажусе, падняўся за сталом над ушчэнт закапцелай лямпай і сказаў, падняўшы руку:
        - Калі так, я першы. Хай! І выклікаю паследаваць прымеру Багацьку Сцепаніду.
        Гэта ўжо было нешта новае. Тыя разы Лявон таксама запісваўся першы, але следаваць прыкладу не выклікаў, за ім запісваліся Сцепаніда, Антось Недасека, дэмабілізаваны чырвонаармеец, беззямельны Васіль Ганчарык, і на тым наступаў перапынак. Болей ніхто не запісваўся, сядзелі моўчкі, курылі. Зноў выступалі ўпаўнаважаныя, мацерна лаяўся Лявон за несазнацельнасць, і зноў марна.
        Цяпер Сцепаніда ўстала з лавы пад сцяной і сказала, што згодная ўступіць у калгас.
        - А каго выклікаеш паследаваць прымеру? - напружана ўставіў у яе адно вока Лявон.
        Сцепаніда трохі сумелася. Пакуль стаяла, аднак, ля лавы над угнутымі спінамі мужыкоў і азірала іх ускудлачаныя, сівыя, лысаватыя патыліцы, ссутуленыя гадамі, працай і гэтым неспадзяваным клопатам плечы ў кажушках, паддзёўках, цалейшых і палапленых армячках, сцяміла: выклікаць трэба такога, каб ён напэўна запісаўся і таксама выклікаў некага здатнага для прыкладу наступным. Спярша яна хацела назваць Карнілу, што цяпер сядзеў за тры чалавекі ад яе, той якраз і зірнуў на яе неяк бокам з касматага каўняра кажуха, але ў тым яго позірку яна на адчула падтрымкі - хутчэй спалох, нядобразычлівасць, і яна сумелася.
        - Ну, выклікаю Ладзіміра Багацьку, - сказала яна пагадзя, нават не абдумаўшы, добра будзе тое ці не.
        Ладзімір быў чалавек памяркоўны, не самы бяднейшы ў вёсцы, але і не багаты, зямлі меў, можа, на якую дзесяціну болей за Петрака ці Лявона, з яго малодшай дачкой Анютай Сцепаніда гэтую зіму хадзіла ў лікбез і сядзела за адным сталом у школе. Анюта ёй падабалася, хоць і была ўдвая маладзейшая, але чулася нібы малодшая сястрычка - такая была прыхільная і сяброўская.
        Высокі хударлявы ў паддзёўцы Ладзімір натужна ўстаў з услона, дрыготкай рукой пакратаў вусы. З вялікай, аднак, неахвотай, бы хворы, выцадзіў з сябе нешта, што таварышы з прэзідыума зразумелі як згоду ўступіць. Пасля ён з такой жа ледзьве адоленай натугай думаў, каго выклікаць на прыклад, і назваў Антося Недасеку. Малады яшчэ, жвавы і спрытны Антось тут жа пагадзіўся і выклікаў суседа цераз вуліцу Івана Гужова, якога ўсе ў вёсцы звалі проста Гужом.
        «Неяк пайшло», - падумала Сцепаніда і ажно парадавалася, што Лявон гэтак удала прыдумаў рушыць калгасную справу. Гэта ж так проста: адзін за адным, ланцужком, па прыкладу актывіста, суседа, сваяка. Усё ж так весялей і надзейней, не тое што вытыркацца аднаму з пакутнаю думкай: а раптам іншыя не захочуць, не падтрымаюць, а ты застанешся дзіваком ці няўдачнікам, бо наўрад каб ты аказаўся разумнейшы, калі робіш насуперак іншым? Усё ж справа гэта хоць і выгадная, як паглядзець здаля, хоць і дзяржаўная, разумнымі людзьмі прыдуманая, але новая, не бачаная дагэтуль, нікім не спытаная, хто ведае, як яшчэ ўсё абернецца. Можа, дзе і абярнулася добра, але ж там, мусіць, і зямля лепшая, не такая, як тут: то пясок, то гліна, а то і балота. Ды і людзі, напэўна, больш здатныя, не тое што тут. Каго ні вазьмі, дык калі не гультай, дык нямоглы, а то сквапны праз меру, то сварлівы, не гаспадарлівы ці тупаваты завельмі. Яны і для аднаасобства не дужа здатныя, а як будзе ў калгасе? За сябе Сцепаніда не надта баялася, яна - як усе, а калі ішла добраахвотна і першай, дык болей таму, што была бяднячка, уведала нявыкрутку на дзвюх дзесяцінах, дзе толькі надарвешся на той гліне пад ровам. Хопіць таго, што яна надрывалася ў парабках пана Яхімоўскага, шэсць год рабіла, не шкадуючы сябе. А што зарабіла? Добра яшчэ - далі ягоную хату ды дзве дзесяціны. Як бы жыла інакш? З Петраком, такім жа, як і яна, парабкам, ды двума нажытымі дзяцьмі?
        Цяпер Сцепаніда акрыяла душой: урэшце зрушылася, пайшло, будзе калгас, што ўжо чапляцца за тую бядняцкую нэндзу, ці не пара саступіць са спрадвечнага і даверыцца новаму. Тым больш калі разумныя людзі раяць. Яна паважала разумных людзей, асабліва тых, каторыя з горада, адукаваныя, думала: ужо яны на благое агітаваць не будуць. Добра, што і Пятрок не надта пярэчыў, хоць на сходы хадзіць перастаў, пасылаў яе і бурчэў кожнага ранку, як збіраўся на ток ці да скаціны. Але што ведаў Пятрок, які павучыўся некалі дзве зімы ў школе, толькі і ўмеў распісацца, ды і то аж спацее, бывала, пакуль выведзе на паперы сваё няхітрае прозвішча.
        Мабыць, аднак, яна раней часу парадавалася, хоць і здаўна ведала, як гэта блага - загадзя радавацца. Стары Гуж выклік Недасекі не прыняў, запісацца ў калгас адмовіўся. Так ладна наладжаны ланцужок раптоўна парваўся.
        Пасля зноў выступаў Касмачоў, грукаў кулаком па стале Лявон, заклікаў да сазнацельнасці, сход загаманіў без ладу і без сэнсу, бы прарвалася штось нядобрае. Ладзімір усчаў сварку з Карнілам, ледзь не пабіліся. А стары, аброслы сіваю шчэццю Гуж сядзеў, бы перад смерцю, прамы і маўклівы, туга сашчапіўшы вусны, і глядзеў кудысці ў кут, дзе некалі віселі абразы, а цяпер прыбіты цвікамі цьмяна свяціўся папяровы партрэт Карла Маркса. Так болей нічога і не ўдалося да золаку. На золаку па адным разышліся.
        Яшчэ з вуліцы ў Выселках Сцепаніда згледзела на сельсавецкім падворку буланага коніка пад стракатай папонай, запрэжанага ў ладны зялёны вазок, і здагадалася, што гэта прыехаў Новік. З пачатку зімы той ездзіў у гэтым спрытным вазку, бо яшчэ ўлетку перабраўся ў горад і стаў працаваць у акружкаме. Дужа крута пайшоў угору гэты Недасекаў хлопец, які, стаўшы начальнікам, перш змяніў прозвішча на Новіка, мусіць, ранейшае яму замінала. Ён спрытны быў і ў дзяцінстве, няблага вучыўся ў школе, а пасля - на настаўніка ў Віцебску, але настаўнікам рабіць не схацеў, падаўся ў кіраўнікі. «Гэты не Касмачоў, - падумала Сцепаніда, паварочваючы да сельсавета, - гэты ўсіх тут бачыць наскрозь. І не глядзі, што тутэйшы, а з людзьмі трымаецца строга, па-начальніцку і наогул прынцыповы, дзелавы, кажуць, дужа парцейны. Зрэшты, - думала яна, - можа, цяпер такім быць і трэба, бо з нашымі людзьмі інакш нельга. Калі яны што і прызнаюць, дык гэта ўладу і строгасць».
        Сельсавецкая хата стаяла пры самай вуліцы ў сярэдзіне вёскі - доўгая, нізкаватая будыніна пад дранкай з рудавата-аблезлай палатніной лозунга ў падстрэшшы, на якой белымі літарамі значылася: «Цясней змычку горада з вёскай!» Сяней пры хаце не было, адчыніўшы дзверы, прыхожы адразу трапляў у вялікі пуставаты пакой, дзе некалі жыў высланы псаломшчык Конан з вялікай сям'ёй, а цяпер кватаравала хворая Каландзёнчыха з сынам, на выгляд не то дзецюком, не то падлеткам Патапам. Ля парога Сцепаніда трохі атэпала чуні і расчыніла дзверы, адкуль яе абдало цяплом напаленай грубкі, а нізам з-пад ног сунулася воблака сцюжы. Яна таропка зачыніла дзверы і спынілася, стараючыся ўгледзець, хто ў сельсавеце. Там-сям сядзела некалькі мужчын, у падстоллі плавалі-круціліся шызыя космы дыму. Гучная размова мужчын разам спынілася.
        - Во і Багацька, - сказаў з-за стала Лявон і змоўк.
        Яна павіталася і села на краёчак лавы каля дзвярэй, ведала - пытацца няма чаго, зараз і без таго ўсё праясніцца. Яна толькі стрымана зірнула на заклапочаны, нават прыгнечаны твар старшыні, што сядзеў над нейкай паперынай, перавяла позірк на ладную, падцятую постаць Новіка, падпяразаную шырокай ваеннай дзягай па зялёнага колеру фрэнчы, яго зграбныя, з бліскучымі халявамі боты, у якіх ён энергічна крочыў ад акна да грубкі цераз пакой і, відаць, гаварыў нешта важнае перад яе прыходам. Чорны шарсткаваты чуб яго раз за разам спадаў на лоб, і Новік, энергічна трухнуўшы галавой, закідваў яго назад. У парозе поркаўся каля грубкі Патапка, соваў у топку тоўстыя смаляныя палены, ад якіх аж гуло ў некалі пабеленай, але добра ўжо абшкрэбанай сялянскімі плячыма грубцы. Побач з услона за ім дужа пільна сачыў малодшы Недасека, які цяпер гаспадарыў сям'ёй у бацькавай хаце і, як і Сцепаніда, быў членам камітэта беднаты. Аблезлы залаплены кажушок на ім быў шырока расшпілены ад цеплыні. У хаце ўвогуле было цёпла.
        Трохі памаўчаўшы, Новік ступіў па падлозе тры крокі і павярнуўся да стала.
        - Я ўжо сказаў: галоўная небяспека на даным этапе - гэта правы ўхіл. Нельга дазволіць, каб тэмпы калектывізацыі замарудзіліся. Тым больш сарваліся. А ў вас іменна так: зрыў! Галавацяпства! Восем сходаў, і не можаце арганізаваць калгас. Мяккацеласць і папусціцельства класаваму ворагу. Таварыш старшыня, колькі вы раскулачылі? - Новік раптам жвава павярнуўся на абцасах і апынуўся перад Лявонам. Той недаўменна падняў свой аднавокі твар з сінім шрамам на левай шчацэ.
        - А каго раскулачваць? Галота.
        - Ах, галота? Дык чаму ж тады твая галота байкаціруе калгаснае будаўніцтва?
        - А таго што баіцца. Не ведае. Як будзе ў калгасе, не ведае. Не шутачкі...
        - Як будзе - партыя сказала. У рашэннях з'езда Саветаў напісана. Ці вы не растлумачвалі?
        - Мы растлумачвалі. Сазнацельная часць сялян - за. Але сазнацельных мала.
        - Сазнацельных мала! - пагрозліва паўтарыў Новік. - Перш-наперш самім трэба стаць сазнацельнымі. А во вы самі - вы ж заражаны душком укланізму. Я вот гляджу, часнасобственніцкія тэндэнцыі для вас важней, чым рашэнні партыі.
        Новік раз'ятрыўся, гэта відно было па ягоных нервовых рухах, хадзе, на якой ён часта спыняўся і кідаў Лявону крыўдныя словы абвінавачання. Але і Лявона, відаць, дапякло: пакалечаны твар яго ўсё болей бурэў, адзінае вока з-пад касмылявага белага брыва налівалася нутраным гневам, і ён не стрываў:
        - Ты мяне ўкланізмам не дакарай! Я не менш за цябе хварэю за калгасы. Я кроў праліваў за новае жыццё. Але як во рабіць? Добра табе ездзіць, трэбаваць! А во сядзь на маё месца, убядзі! Каб згадзіліся па сваёй ахвоце. Каб без нагана, як у некаторых.
        Мусіць, Новік зразумеў, што так будзе не размова, а сварка, ды яшчэ на людзях. Ён памаўчаў трохі і сеў збоч стала.
        - Ладна. Я вас навучу, - сказаў ён спакойней. - Дзе камбед?
        - Во Багацька Сцепаніда, зараз прыйдзе Ганчарык. Сямёна не будзе, павёз збожжа на станцыю, - пацішэлым тонам, але яшчэ ваўкавата адказаў Лявон.
        - Ну, што будзе паўнамоцна. Сельсавет, камбед, прадстаўнік акружкама - будзе паўнамоцна. Трэба рашаць. Ударыць па сабатажніках. А то развялі галавацяпства!.. Адкрывай сумеснае пасяджэнне.
        - Гэта... Сумеснае пасяджэнне шчытаецца адкрытым, - прабурчаў Лявон і змоўк.
        - Пытанне адно: адпор сабатажнікам калгаснага руху, - падказаў Новік. - Прадлагаю раскулачыць Гужова Івана. Як кулацкага падпявалу і сабатажніка.
        Костачкамі пальцаў Новік прыстукнуў па абшкрэбанай сталешніцы, зірнуў на Сцепаніду, затым - працяглым позіркам на Лявона. Лявон узваліўся грудзьмі на стол і заціх.
        - А па якой стацці? - запытаў ён, памаўчаўшы. - У яго зямлі чатыры дзесяціны. Самы серадняк.
        - Знаю, - сказаў Новік. - Яго ж надзел поруч з нашым. Зямлі не багата, сагласен. Але - сабатажнік. Сам жа ты казаў, што ён сарваў сход. Зрыўшчык, значыцца. Калі ўпрэцца, нічым не зрушыш. Ужо я яго ведаю.
        Сцепаніда маўчала - да такога павароту справы яна была не гатова. Гуж для яе быў як і ўсе: не багацейшы за іншых, хіба больш цягавіты ў працы, да таго ж меў двух сыноў, работнікаў у самай сіле, а тры мужыкі ў гаспадарцы гэта табе не тры бабы. Варочаюць, ого!
        - Дык ён жа другіх не падбухторваў. Ён сам не пайшоў, пры чым жа тут зрыўшчык! Ці сабатажнік? - напружана разважаў за сталом Лявон, перакладваючы з месца на месца паперку.
        - Як вы не разумееце?! - урэзаў кулаком па сталешніцы Новік. - Яго вы не зрушыце - за ім не зрушацца іншыя. На яго ў сяле азіраюцца: аўтарытэт! Во мы і ўдарым па гэтым аўтарытэце! Тады запяюць інакш. Пабаяцца.
        - А ці правільна гэта? - набраўшыся духу, сказала Сцепаніда. - Раскулачваць, каторыя кулакі. А Гуж серадняк. Не, я не сагласная.
        - Ну і кіраўніцтва! Ну і актыў! - пакутна застагнаў Новік. - Галавацяпы вы! Ён жа горш, чым кулак. Ён - сабатажнік! Зрывае калектывізацыю ў Выселках. А Выселкі зрываюць тэмп у раёне. Раён-зрыўшчык, вы разумееце, што гэта такое? Мусіць, за гэта цяпер па галоўцы не гладзяць. І нас, і вас!
        - Як хочаце, а несправядліва гэта, - не здавалася Сцепаніда. У горле ў яе зацяло, і яна ўжо гатова была спрачацца, але Новік раптам усхапіўся і так закрычаў, нібы яна абразіла яго.
        - Якая справядлівасць, цётка? У вас цемрашальства ў галаве, адсталае ўяўленне пра нейкую някласавую справядлівасць! А мы, бальшавікі, кіруемся адно класавай справядлівасцю: ніякай пашчады ворагу! Той, хто стаіць на нашым шляху, нам вораг, і мы яму ламаем хрыбет. Інакш новага жыцця нам не бачыць. Нас саміх сатруць у парашок. У вас капітулянцкія, праваўкланісцкія погляды, якія трэба бязлітасна выкараніць!
        Сцепаніда маўчала. Яна ўжо ўсумнілася, падумала, можа, і так. Можа, гэты Новік і мае рацыю, ведама ж, ён разумны, адукаваны, не тое што яна - ходзіць у другую клясу лікбеза. Але ж Сцепаніда як уявіла сабе тое раскулачванне, плач, гора, высылку, дык ёй стала моташна. Што было рабіць?
        - Як я скажу дзеравенцам? - пакутна круціўся за сталом Лявон. - Што сабатажнік? Ці зразумеюць? Не, не зразумеюць. Бо я і сам не разумею, - казаў ён памяркоўна і ўсё перакладваў на стале паперку - то бліжэй, то далей, то па адзін бок, то па другі.
        У гэты час разгоніста-шырока расчыніліся дзверы, і ў хату ўскочыў высокі хлопец у шынялі з яркімі малінавымі пятліцамі на каўняры, зняў з галавы вастраверхі шлем з шырокаю зоркай на лбе. Сам быў счырванелы, запыханы, мусіць, спяшаўся, а вочы яго свяціліся жвавасцю і задавальненнем.
        - Познішся, Ганчарык, - змрочна папракнуў Лявон. - Даўно трэба...
        - Толькі прыбег з мястэчка, маці кажа: камбед.
        Васіль Ганчарык павітаўся за руку з Новікам, пасля з Лявонам, абышоў астатніх - Недасеку, падаў руку Патапу, паціснуў сцюдзёнымі пальцамі далонь Сцепанідзе.
        - Я каля вас, цётка.
        - Сядай, - пасунулася трохі Сцепаніда. Ёй, аднак, было не да Ганчарыка - вялікі клопат затлуміў яе галаву.
        - Пра што гамана? - запытаў Ганчарык, усё яшчэ ўсміхаючыся прывабнымі ямкамі на зружавелых шчоках. Ён толькі ўвосень прыйшоў з войска, адслужыўшы недзе на Далёкім Усходзе, цяпер збіраўся жаніцца. На ягонае пытанне, аднак, ніхто не адказаў, усе клопатна надзьмуліся, і ён, нешта адчуўшы, таксама сагнаў з твару мілую ўсмешку. Сцепаніда шапнула:
        - Гужа раскулачваць...
        - Во што!
        - Так, раскулачваць, - зноў пачаў Новік. - І няма чаго рассусольваць. Калгас пад пагрозай зрыву. А Гуж... Наёмны труд быў? - раптам запытаў Новік і насцярожыўся, чакаючы адказу.
        - Які там наёмны! - сказаў, нібы адмахнуўся, Лявон.
        Але ў той час ля грубкі заварушыўся Новікаў брат Антось Недасека.
        - А гэта... Як трысцен ставіў. Наймаў, ага. З Заграззя дзеда аднаго. Яшчэ за грошы сварыліся, Гуж яму тры рублі скруціў.
        - Во, бачыш! - ажывіўся Новік і аж угнуўся перад Лявонам. - Было!
        - Дык ці мала... Будаваў трысцен! Яно, калі так...
        - Не так, усё правільна. Наёмная рабочая сіла - першая адзнака эксплуататара. Няважна, што мала зямлі.
        - І гэта... Жаць памагалі, - узрадаваны сваёй кемлівасцю, гаманіў малодшы Недасека. - Наймаў ці за так - не ведаю. Але памагалі. Краўцова дачка Маруся жала.
        - Тым больш! - яшчэ болей узрадаваўся Новік і задаволена адкінуўся за сталом. - Усё ясна. Давай стаў на галасаванне.
        Сцепаніда захвалявалася, аж млосна стала, расшпіліла кажушок, зноў пачала зашпільваць. Разумела, Новік гаварыў правільна: гэты Гуж упёрся, не зрушыш, і на яго азіраюцца іншыя, можа, і была наёмная сіла - на будове ці ў жніво, але ж... Было дужа шкода гэтага старога, асабліва ягоных жанчын - цётку Фрузыну, хваравітую дачку Настульку, з якой яна тое лета адбывала радоўкі на пасце. Не, не магла яна пераступіць цераз гэтую жаласць нават дзеля агромністых класавых інтарэсаў. І не ведала, што рабіць.
        - Што ж, - апанурана сказаў за сталом Лявон. - Калі так, прагаласуем. Хто, значыць, каб не раскулачыць, пакінуць...
        - Не так! - усхапіўся Новік. - Няправільна! Хто за тое, каб Гужава Івана раскулачыць, падняць рукі, - аб'явіў ён і высока задраў сваю руку.
        Ля грубкі ахвотна падняў руку яго брат. Патап Каландзёнак, стоячы на каленях ля топкі, азірнуўся з разяўленым ротам, як на нешта дужа цікавае, глядзеў на галасаванне. Сцепаніда, хаваючы вочы, спадылба касіла позірк у застолле, каб бачыць, як будзе Лявон. Той, аднак, яшчэ болей угнуўся, аблёгся на сталешніцу, а рукі не падняў.
        - Дык што ж, - незадаволена сказаў Новік і апусціў руку на стол. - Хто супраць раскулачвання?
        Не паднімаючы галавы ад стала, варухнуў у паветры даланёй Лявон, і Сцепаніда тады таксама трохі прыпадняла руку.
        - Два на два, значыцца! - расчаравана абвясціў Новік. - Дзяла! А ты, Ганчарык? - раптам уставіўся ён на Васіля, і Сцепаніда сцяміла, што хлопец не галасаваў ні за, ні супраць.
        - Я ўстрымаўся, - проста сказаў Васіль.
        - Як гэта - устрымаўся? - аж страпянуўся Новік і ўскочыў з лавы. - Як гэта - устрымаўся? Ты - камсамолец, дэмабілізаваны чырвонаармеец? Хочаш працаваць у чырвонай міліцыі і ўстрымліваешся ад вострай класавай барацьбы? Дык што ж ты - сазнацельна іграеш на руку класаваму ворагу? - гняўліва крычаў ён, усё бліжэй падступаючы да Васіля. Той толькі міргаў прыгожымі, нібы ў дзяўчыны, вачмі.
        - А калі я не разабраўся!
        - Разбірайся! Справа калектывізацыі пад пагрозай зрыву. Камбед напалову заражаны правым ухілам. Сельсавет праяўляе апартунізм. Актыў - спрэс галавацяпы. А ён - не разабраўся. Тры хвіліны табе на роздум, і каб вызначыўся: хто? За калгасную палітыку ці супраць калгаснай палітыкі? Вызначы сваё палітычнае ліцо.
        Сцепаніду аж трэсла, нібы ў ліхаманцы, целу стала нясцерпна горача, пот плыў па спіне, адчула: зараз штосьці рашыцца. Ад Васілёвага голасу будзе залежыць лёс Гужовых і, можа, лёс калгаса таксама.
        Сапраўды, Васіль думаў не болей за тры хвіліны, штосьці прыкінуў, угнуўшы твар да падлогі, і ягоныя пальцы на каленях у сініх галіфэ ціхенька дрыжалі. Новік стаяў насупраць, чакаў.
        - Ну?
        - Так, ладна. Я - за, - рашыў Ганчарык і выпрастаўся.
        Новік крута павярнуўся ад яго да Лявона.
        - Усё! Прынята! Большасцю галасоў. Аформіць у пратакол. Гужоў Іван падляжыць раскулачванню.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.