РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
14
        
14

        
        Дужа недарэчная выдалася тым годам вясна, якая нямала дадала людзям турбот да іх і без таго немалых жыццёвых клопатаў.
        Толькі што скончылася доўгая пакутная вайна, у вёскі і хутары пакрысе вярталіся дзецюкі і маладыя мужчыны, узнёслыя і ганарыстыя ад перамог над белымі, немцамі, палякамі, у вастраверхіх будзёнаўскіх шлемах, растаптаных гамашах з абмоткамі, з мяшэчкамі за плячыма, але з вялікан надзеяй пачаць новае, адваяванае ў старога жыццё. Трэба было брацца за зямлю, араць і сеяць, каб было што з'есці налета. Зямля чакала і таксама бы рыхтавалася да свае адвечнае справы - радзіць хлеб. З Благавешчання добра прыгрэла сонца, за які тыдзень сагнала ўвесь снег, стала цёпла і амаль што суха ў полі. На Вербніцу Сцепаніда з Петраком збіраліся ў царкву і яшчэ пасварыліся трохі ранкам - надзявацца ці не. Пятрок угрэўся раніцай на падворку і хацеў ісці ў адной сарочцы, але Сцепаніда змусіла яго накінуць паддзёўку, і яны, трохі незадаволеныя адно адным, выйшлі з істопкі, каб сцяжынай цераз азіміну скіраваць наўпрасткі да мястэчка. Стары Яхімоўскі таксама выцягся з хаты на двор і стаяў на сугрэве ля прызбы - прыгорблены, тонкі ў сваім вузкім чорным каптане з густым радам да шыі зашпіленых гузікаў, абапёршыся на старадаўні з перламутравым убранствам кіёк і неяк бы з зайздрасцю глядзеў ім услед выцвілымі старэчымі вачыма. Якраз за тыдзень да таго ён пусціў іх на хутар, бо ў Петраковай сям'і на Выселках ім ужо стала неяк, Сцепаніда адразу не паладзіла са свякроўю і надоечы папрасіла пана Яхімоўскага, каб налета пусціў у істопку - усё роўна яна ўжо гаспадарыла на падворку і ў будынках, а новы парабак Пётра будзе ў помач, бо куды ж ён мог дзецца без хаты, без сваёй зямлі і гаспадаркі. Раней дык з вясны выпраўляўся ў заробкі, батрачыць на фальваркоўцаў, цяпер жа было невядома, якія дзе будуць заробкі, ды і стаў не халасты - жанаты. Сцепаніда ласкава так папрасілася, і, мусіць, паважаючы яе чатырохгадовую адданасць хутару, Яхімоўскі пагадзіўся, сказаў: жывіце, месца хопіць, істопка цёплая. Тым больш - вясна на дварэ.
        Вясна сапраўды шпарка каціла скрозь па абшарах, на касагорынах і ўзмежках порстка прабівалася зялёная траўка, дзецюкі і дзеўкі ў Выселках паскідвалі з ног лапці і пачалі хадзіць босыя - цяпер аж да восені. Пасля Благавешчання некалькі дзён і начэй запар над Галгофай і хутарам чулася радасна-трывожнае курлыканне журавоў - даўжэзныя, не дужа стройныя кліны іх знясілена валакліся ў ветраным небе на поўнач. На поплаве ў Бараннім Лозе ўжо з'явіўся аднекуль цыбаты аблезлы бацянок, спаважна хадзіў па багне, выглядаў жаб. Аднойчы ў сонечны ранак над полем азіміны пасыпалася з неба знаёмая песня жаўранка, і Сцепаніда, парадкуючы на падворку жывёлу, аж страпянулася ў радасці - і ад гэтае песні, і ад раптоўнага адчування шчасця.
        Ішла першая вясна іхняга жыцця з Петраком, хай сабе не на сваёй зямлі, у чужой хаце, затое ў любасці, міры і згодзе. Яна ўжо хадзіла з новым чалавечкам пад сэрцам, часам слухала яго трапятанне, і думкі яе мкнулі наперад, туды, дзе іх ужо будзе трое. Гэты нябачны жаўраначак закрануў у ёй штось дужа сугучнае ў душы, на нейкі час яна без рэшты аддалася яму, услухалася ў спеў і адначасна ў гучанне ўласных душэўных бомаў. Ды ненадоўга. Таго ж дня пад вечар усхадзіўся сіверкі сцюдзёны вецер, з-за рова насунулася абложная сіняя хмара, дужа халаднела, і ўвечары пасыпаўся снег. Ураз у прыродзе ўсё дужа змянілася, азлела, наваколле зашарэла пад снегам, ад вясны не засталося і звання. У істопцы стала па-зімоваму холадна, але напаліць там не было як, печка-каменка калісьці палілася па-чорнаму, дым выходзіў у акенца пад столлю, якое цяпер было затулена мохам і дошкамі. Нанач Сцепаніда прынесла ў чыгунку жару з хаты, тым трохі грэліся, і яна думала ўсё: а як жа тыя жавараначкі ў полі? Спеву іх не стала чуваць на шмат дзён, у аснежанай буслянцы на старым клёне ў Выселках тырчэлі дзюбатыя галовы бусла з бусліхай, ноччу браў добры марозец, пазамярзалі лужыны, некалькі начэй, не сціхаючы, выў па завуголлі вецер. З дня ў дзень людзі чакалі, што пацяплее, снег, праўда, не ляжаў доўга, растаў, але затым пайшоў зноў папалам са сцюдзёным дажджом, усё навакол раскісла, і ўсё буяніў золкі паўночны вецер. У поле было не вылезці, людзі вытыркаліся з хат дагледзець жывёлу і зноў зашываліся ў прытулак - чакаць.
        У такі час, калі яна неяк выйшла ў сенцы, каб натаўчы свінням бульбы, а Пятрок заняўся ў істопцы разбіраць гаспадарскую вупраж, у двары пачуліся галасы незнаёмых людзей. Кінуўшы таўкач, яна прыадчыніла дзверы, да якіх ужо ішлі ад варотцаў трое мужчын. У пярэднім - вусатым, усмешыстым мужыку ў вайсковым картузе - яна не адразу пазнала Цыпрукова з валаснога камітэта, другі быў бедна апрануты ў армячок высялкоўскі камсамолец Грышка, а трэці нёс пад пахай жоўтую кардонную папку з матузамі і быў ёй незнаёмы - можа, хто з павета ці нават вышэй. Мужчыны павіталіся, і Цыпрукоў спытаў, ці дома Адольф Яхімоўскі.
        - Пане Адоля! - гукнула яна, прыадчыніўшы дзверы ў хату, каб гаспадар выйшаў насустрач гасцям, але тыя самі, не чакаючы запрашэння, пасунуліся ў дзверы. Яна засталася, дзе стаяла, - у сенцах над казаном з варанай бульбай, але не магла не ўчуць, пра што яны там гаварылі ў хаце. Пятрок таксама высунуўся з істопкі - затаіўшы дыханне, яны ўдваіх слухалі.
        Зрэшты, неўзабаве ўсё стала панятна - прыезджыя апісвалі хутар. Найперш пачалі з зямлі, правяралі па дакументах хутарскія надзелы, межы, высвятлялі, колькі і чым засеяна, колькі ў арэндзе. Пыталіся пра парабкаў і арандатараў і ўсё запісвалі ў сваю кардонную папку.
        Адольф Яхімоўскі паходзіў з нейкага старога шляхецкага роду, які некалі быў багаты, але патроху бяднеў, вузеў клінам, як казаў Яхімоўскі. Неяк, будучы ў добрым настроі, пан Адоля паказваў Сцепанідзе старыя пажоўклыя паперы з гербамі і абкрышанымі чырвонымі пячаткамі, у якіх былі апісаны ўсе ўладанні Яхімоўскіх-продкаў - і тут, і ў іншых мясцінах. Яго дзед меў фальваркі пад Дрысай, у Падсвіллі і яшчэ недзе, але гэты хутарок быў ці не апошнім прытулкам збяднелага роду, і хоць Адольф шэраг гадоў намагаўся з усіх сваіх старэчых сіл, каб захаваць калі не былое багацце, дык хоць бы рэшту былога гонару, тое яму ўдавалася кепска. Два ягоныя сыны, што нарадзіліся на хутары, бацьку памагалі слаба, абодва, падросшы, падаліся ў гарадское жыццё, ва ўніверсітэты ў Вільні і толькі калі-нікалі ўлетку наведваліся на хутар, але тыдні на два - не болей. Як пачалася вайна з немцамі і Вільня апынулася па той бок фронту, ад сыноў не было ніякае весткі, пан Адольф не любіў гаварыць пра тое, але Сцепаніда ведала: чакаў іх з апошняе надзеі, ды марна. Не дачакаўшыся, памерла старая Адоліха, гаспадарка і скаціна трымаліся Сцепанідзіным клопатам, а зямлю Яхімоўскі здаваў у арэнду - з палавіны ці як дамовяцца, на астатнюю наймаў на сезон парабкаў. Быў ён чалавек маўклівы, спакойны і ўвогуле не распешчаны жыццём, не злы - за тое болей за ўсё шанавала яго Сцепаніда і пільнавалася хутарскога хлеба. Хоць часам было не салодка, ведала: лягчэйшага не знайсці. Цяпер жа, учуўшы тую гаману ў хаце і нешта зразумеўшы, яна раптам адчула сябе на крутым павароце ў жыцці, толькі не магла даўмецца: у які бок той паварот - да лепшага ці благога. Але што надышла паваротка, тое было пэўна.
        Зрабіўшы ўсё, што патрэбна было ў хаце, мужчыны павыходзілі на падворак аглядаць маёмасць. Пан Адольф з імі не выйшаў - унураны застаўся, як быў, пры стале на ўслоне, і яна пайшла паказваць начальнікам збожжа ў свірне, хлеў, двух коней, падсвінкаў. Захожыя лічылі і ўсё запісвалі на паперыну - і зерне ў засеках, і лён у павеці, і скаціну, і яна запыталася ў Цыпрукова, навошта гэтак яны правяраюць. Цыпрукоў растлумачыў, што гэта экспрапрыяцыя, бо набытак эскплуататараў цяпер пераходзіць ва ўласнасць народа. Сцепаніда не дужа зразумела, што гэта такое, і запыталася, тоячы маленькую квелую надзею: «А зямля як?» І Цыпрукоў сказаў, што зямлю падзеляць паміж беззямельнымі і парабкамі і каб Пятрок назаўтра ранічкай прыйшоў у валвыканкам, дзе ўсё і вырашыцца.
        Яна аж затрэслася, як спуджаная, ад тае навіны і, як мужчыны пайшлі з падворка, доўга не магла адважыцца сказаць пра тое Пятру. Яна проста гатова была скакаць ад радасці - гэта ж падумаць: яны займеюць сваю зямлю, і без грошай, без свары, без судоў і прашэнняў - атрымаюць, і ўсё. Па праву экспрапрыяцыі.
        Калі яна сказала аб тым Петраку на дрывотні, той выпусціў з рук палена і сеў міма калоды - проста ў гразь. Зараз жа падхапіўся, пачаў ачышчаць порткі, а яна засмяялася, шчасліва і радасна, толькі тут жа згледзела, як змяніўся разгублены выраз Петраковага твару на амаль спалоханы, і сама азірнулася. Ззаду стаяў пан Адольф са сваім нязменным кіем у руках, і па яго зморшчаных, голеных шчоках каціліся дзве слязіны.
        - Радуецеся? Шчэнсце вам? Ганьба...
        Не паспелі яны сцяміць, што сталася, як ён павярнуўся і патупаў да ганка. Яго пагнутыя раматусам ногі дробна дрыжэлі ў каленях.
        З гэтай хвіліны Сцепаніда не ведала, як адчуваць сябе, што думаць. Радасць яе азмрочылася, ёй стала няёмка, бы яе злавілі на якім злачынстве, і яна ведала, што вінаватая. Хай сабе ў думках і спадзяваннях, усё ж яна паквапілася на чужое, чаго ні разу не рабіла за ўсе гады свае службы ў Яхімоўшчыне, дзе яна з усяе сілы праз беднату і нястачу берагла свой гонар, старалася, каб ніхто ніколі і ні ў чым не папракнуў яе. А яна ж магла б і ўзяць, не спытаўшыся, у яе ж руках было шмат чаго, лічы, уся гаспадарка, але калі было што трэба, яна казала гаспадару і не памятала выпадку, каб той ёй адмовіў. Ён быў не благі, пан Адоля, цаніў у ёй дбайную работніцу і яшчэ болей паважаў за сумленнасць у адносінах да яго гаспадаркі. Цяпер жа ўсё гэта стала ўпоперак яе сумленню: як быць? Як жыць, калі не ўзяць, адмовіцца ад тае зямлі, а калі ўзяць, дык як глянуць у вочы яе гаспадару, Петраковаму і яе дабрадзею?
        Ноч, што настала пасля таго дня, была поўная пакут, разваг і хістанняў - абое яны з Петраком напакутаваліся на ложачку ў істопцы, і нашапталіся, і намаўчаліся, але ніхто з іх да ранку так і не прыдумаў нічога, чым бы можна было суцешыць сумленне. Уранку ж трэба было ісці ў Выселкі, у валвыканкам. І тады Пятрок, падняўшыся на дасвецці, звесіў з ложка босыя ногі і, яшчэ раз трохі разважыўшы, вырашыў:
        - Не пайду. Ну яе...
        Сцепаніда ўскочыла з-пад коўдры.
        - Як - не пойдзеш? Што ж тады?..
        - Не пайду, і ўсё. Не магу я...
        Не, на гэта яна не магла пагадзіцца, ранкам яна адчула сябе больш пэўна, выразна зразумела, што іх ужо не двое ў сям'і, а бадай што трое, у яе два галасы - яе і дзіцяці - супраць аднаго нерашучага голасу Пётры. Пакуль той збіраўся да скаціны, яна насварылася на яго, нават трохі заплакала, але рабіць не было чаго - хуценька сабралася сама і пабегла цераз поле ў Выселкі.
        З вялізнага хутарскога прасцягу ім выразалі дзве дзесяціны - каля сасонніку і рова; у іншых мясцінах зямля адышла іншым беднякам і беззямельным, якіх з лішкам для адной экспрапрыяцыі набралася ў Выселках. На нарэзку Сцепаніда не пайшла, усё ж выпхнула неяк Пётру, а сама чакала за тынам на падворку, усё ўглядаючыся ў купку мужчын на полі, якія сноўдалі з сажнем, мералі, лічылі. З акна з-за вушака часам выглядвала змарнелая, у чорным, постаць Яхімоўскага, і тады Сцепаніда захіналася за вугол ці ішла на дрывотню, каб не бачыць яго, - было дужа нялоўка, амаль пакутна ад таго, як на ўсё тое глядзеў былы гаспадар хутара. Усе гэтыя дні ён амаль не паказваўся з хаты і не размаўляў з імі, ён сядзеў там пакрыўджаным сіднем, здаецца, страціўшы ўсякі інтарэс не толькі да гаспадаркі, але і да жыцця наогул. Яна з Пётрам таксама не чапалі яго, ні пра што не пыталіся і па-ранейшаму нічога ў яго не бралі - абыходзіліся сваім. Гаспадарка на хутары зменшылася, у стайні застаўся адзін толькі конь, другога забралі ў воласць, у хляве пакінулі адну кароўку, падсвінкаў забралі ўсіх, павезлі ў мястэчка ў сталоўку. Іншае, што засталося: вупраж, сякі-такі інвентар і начынне - было як бы нічыё, Яхімоўскі страціў да яго ўсё дачыненне, але і яны не набылі, яны б хацелі абысціся сваім. Ды, мусіць, гэта не дужа давалася, часам трэба было нешта ўзяць, то вядро, то гарохавін карове, то распачаць новы капец бульбы, ранейшы ўжо скончыўся. Тады Сцепаніда адчыняла дзверы ў хату і звярталася да пана Адолі, які ў накінутай на кастлявыя плечы камізэльцы сядзеў на засланым коўдраю ложку, паставіўшы тонкія ў шкарпэтках ногі на аблезлую, калісь фарбаваную жоўтым падлогу. Не паднімаючы да яе лысай, без рэшты валасоў галавы, ён коратка кідаў:
        - Бярыце. Цяпер жа ўсё - ваша.
        Яна паварочвалася і выходзіла з хаты, паспеўшы, аднак, заўважыць на ражку стала, мусіць, не кранутую ім ежу - міску астыглай бульбы, гарлач малака і дзве лусты хлеба, якія прынесла ўранку. Стары зусім перастаў есці - невядома, як думаў жыць. Так можна было хіба паміраць.
        Ёй было шкада яго, і гэтае шкадаванне надта азмрочвала іх вялікую радасць першага гаспадарання на ўласнай зямлі, усведамленне таго, што кабылка Ласка цяпер зусім іхняя, таксама як і чорная рахманая кароўка, не дужа, праўда, малочная, але маладая. Наперадзе было вольнае жыццё з безліччу клопатаў, цяжкой працай, але без прынукі, жыццё, дзе ўсё благое і добрае будзе залежаць толькі ад іх дваіх з Пётрам і ні ад каго болей. Гэта так радавала, узносіла аж пад самае неба ў шчасці, ад прадчування якога часам яна аж скаланалася - не верылася нават, што так усё павярнулася. То была ўдача, якую можна было хіба што сасніць.
        Калі б толькі побач у хаце як жывы дакор ім не сядзеў днямі, саставіўшы з ложка ногі, ссохлы, лысы, раздушаны жыццём і няшчасцем стары.
        Неяк яна не стрывала і ўвечары, управіўшыся са скацінай, сказала Петраку, што трэба пагаварыць з Яхімоўскім, што так нягожа, яны ж з ім столькі жылі ў добрасці і згодзе, без сваркі, а цяпер... Зноў жа трэба сказаць, што іхняй віны тут няма, што так павярнула ўлада, што тыя дзве дзесяціны ім далі, але яны іх не прасілі. Узялі, праўда, але калі б не ўзялі яны, дык бы аддалі іншым - ці мала галыцьбы на свеце. Трэба было неяк паддобрыцца да Яхімоўскага, каб не злаваў, а жыць - хай жыве ў хаце, яны пераб'юцца ў істопцы, пакуль не агораюць як-небудзь якую сваю хаціну. Як устануць на ногі. Яна ж будзе глядзець старога, няўжо ж за ягоную ласку яна не аддзячыць яму на яго ж зямлі!
        Пятрок пакрактаў, не хацеў, адчуваў няёмкасць, але мусіў пайсці ў хату, і яна пачала ўслухоўвацца з сянец у не дужа ахвочую іх гаворку. Але хіба гэты Пятрок што зробіць як трэба - ён пачаў дужа здалёку, і гадзіну яны гаварылі пра іншае, успаміналі колішняе жыццё за царом, парадкі ў мястэчку і розныя навакольныя здарэнні ў лесе, на паляванні. Тады, выцершы фартухом рукі, Сцепаніда таксама сунулася цераз парог. Нешта адчуўшы, пан Адольф надзеў у рукавы свой чорны кафтан і зашпіліўся на ўвесь рад гузікаў. Яна прысела на лаве каля парога, а ён, крэкчучы, умасціўся ў старасвецкае дубовае крэсла насупраць вялікага цьмянага люстэрка ў прасценку.
        - Даруйце нам, пане Адоля, - сказала Сцепаніда, як ён паправіў полы кафтана і склаў на каленях худыя рукі.
        - Пан Езус даруе, - сказаў Яхімоўскі і строга, працягла паглядзеў у парог.
        - Вы ж ведаеце, мы не самі. Ці ж мы прасілі? Нам далі.
        - Але ж вы не адмовіліся...
        - Ну як жа адмовіцца, пане Адоля? Аддалі б яшчэ каму. Вунь Ганчарыкам нічога не дасталося.
        Здаецца, яна сказала трапна, Яхімоўскі хвіліну змоўчаў, мусіць, не ведаючы, як адказаць ёй. Толькі пасля вымавіў цвёрда, нібы прысуд:
        - Цёнгле быў грэх квапіцца на чужое. На чужым і дармовым шчэнсця не бэндзе. Мне шкада вас.
        Яны прымоўклі на парозе, а ён неяк задуменна ці роспачна ківаў голай і жоўтай, як касціна, галавой, думаў што ці дакараў іх моўчкі. Гэтыя яго словы - не пра сябе, а пра іх - неяк дужа кранулі трывогаю Сцепаніду, і яна зараз жа адчула нейкую благую праўду ў іх і замаркоцілася.
        - Але ж нічога не зробіш, - сказаў ён пачакаўшы. - Я не жычу вам блага, хай Езус, Марыя памогуць вам...
        - Дык дзякуй за тое, - сказала Сцепаніда амаль расчулена.
        Гэта было галоўнае - каб ён не затаіў на іх крыўды, не пажадаў благога, з астатнім яны як-колечы саўладалі б. У іх быў конь, была гаспадарка, у свірне пакінулі ім насення, каб абсеяць ярыной іх дзесяціны, можа, яшчэ застанецца і ячменю на крупы ці гароху на суп. Бульбы ў гаспадарцы хапала, было два кублы сала - з восені ашчаджалі для парабкаў у пільніцу, цяпер парабкаў тут болей не будзе. Ужо яны б яго пракармілі, гэтага старога, як родзіча-кутніка, як дзеда. Бог з ім! Ці яны хацелі яму злога!
        Тым часам капрызлівая, з халадамі, вясна доўжылася ледзь не да Вялікадня, і толькі пасля памалу, бы нерашуча, запознена пачало цяплець. На Юр'еў дзень дык стала і зусім цёпла, і, устаўшы раненька, Сцепаніда з Петраком па старадаўнім звычаі пайшлі ў хлеў. Некалі ў гэты дзень выганялі скаціну на пашу, але цяпер выганяць не было куды: апроч шэрай свінухі, на пожнях яшчэ не нарасло нічога. Пятрок стаяў у дзвярах, а Сцепаніда рэштаю прыпасенай з Грамніц абхадной свечкі нацерла карове падгрудак - ад злога духу і каб была малочнай улетку, а Пятрок, запаліўшы пучок сухой евангельскай траўкі, старанна акурыў хлеў, каровіна і кабыліна стойлы - так было заведзена здаўна і так заўжды рабілі на хутары. Калі яшчэ пацяплела к паўдню, парабіўшы, што трэба было, ля хаты, Сцепаніда дастала з палічкі свянцоныя галінкі вярбы, завязала ў хусцінку кавалак прыхаванага з Вялікадня куліча. Чысцей апрануўшыся, яны ўдваіх пайшлі на агледзіны поля, якое цяпер добра парыла пад ласкавым сонцам - чакала ратайскага плуга.
        Найперш пачалі з азіміны ля сасонніку, дзе ўжо ярка зелянела прадаўгаватая ніўка ад самага рова паўз хутарскі гарод і будынкі. Пятрок ішоў наперадзе і трохі стрымана ўсміхаўся ў коратка падстрыжаныя вусікі. Быў ён тады не так сабе і малады, але і не стары - што сорак гадоў для мужчыны? А ўсміхаўся зноў ад тае ж неспадзяванай іх радасці: ішоў на хутар, лічы, прымаком і парабкам, а во стаў гаспадаром і азірае свае палеткі. Канешне, ён разумеў, што з дзвюх дзесяцін не забагацееш, але, можа, як пражывеш з свайго хлеба. Трохі баяўся, каб праз гэтую зіму і асабліва халодную, зацяжную вясну не падупала азіміна, але, здаецца, благое іх абышло - жытнёвая рунь ужо аправілася ад замаразкаў і яркім аксамітам зелянела на ўсім прасцягу. Праўда, ніжэйшая мясціна каля дарогі была яшчэ цемнаватая, мабыць, прымокла ад доўгай вады, Пятрок саступіў з узмежка і нагнуўся, каб вырваць каліўка, паглядзець карэньчык. Але толькі ён памкнуўся да абвялага ніцага парастка, як згледзеў у зліплых глыжах нешта шэранькае, бы камочак чаго чужога, і пальцы яго міжвольна паднялі з зямлі за растапыранае крыльца маленькую шэрую птушачку. То быў жаўраначак, мабыць, з тых небаракаў, што ашукаліся першай абяцанкай вясны і паплаціліся жыццём за сваю заўчасную песню.
        - Глянь, Сцёпа...
        Сцепаніда падбегла да Петрака па ўзмежку і расчулена пераняла з ягоных рук небараку-птушачку, раскіданыя крыльцы якой без сілы абвіслі ў паветры, таксама як і галоўка з маленькай разяўленай дзюбкай.
        - Божа... Пятрок! Што ж гэта?.. Гэта ж кепска...
        - Кепска?
        - Ой, гэта ж няшчасце! Гэта ж на бяду нам, - гатова была заплакаць Сцепаніда.
        Пятрок зніякавеў таксама, але стараўся заставацца бадзёрым і не хацеў паверыць, што ад гэтай малечы можа быць якое няшчасце.
        - Ну якая бяда! Змёрз проста. Такая сцюжа...
        - Божа мой, Божа мой! Нашто ж ты яго чапаў? Нашто ты яго згледзеў? - бедавала Сцепаніда сама не свая ад гэтага яўнага знаку бяды.
        Нейкі час яны не ведалі, што рабіць, і, ашаломленыя, стаялі на мяжы над маленькай мёртвай птушачкай з белымі, як ніцыя жытнёвыя парасткі, падкурчанымі кіпцюркамі. Сцепаніда нават заплакала, і Пятрок не суцяшаў яе: мусіць, самому было не лепей. Жаўраначка закапалі пад мяжой у ямцы, уваткнулі над ім вербную галінку - для знаку. Не ведалі, што рабіць з астатнімі вярбінкамі, - неяк знікла жаданне абносіць імі азіміну, стала ніякавата і нават трошачкі боязна невядома чаго. Прыгнечаныя, яны без ранейшай цікавасці абышлі ўзмежкам надзел і павалакліся да хутара.
        Каб яны ведалі, што іх чакае на хутары, дык, мабыць, уцяклі б ад яго куды далей, можа б, і не вярнуліся на яго. Але вялікая сіла - нязнанне, яно, пэўна ж, не меней значыць для чалавека, чым яго самыя выдатныя веды, яго вытанчаная здольнасць прадбачыць будучае, зазіраць наперад. Нязнанне таксама ахоўвае, аберагае, дае чалавеку магчымасць жыць.
        На хутары ў істопцы Сцепаніда развязала хусцінку з кулічом, адкроіла кавалак і занесла ў хату пану Адольфу. Той, як здалося, спаў у запечку, бо ў хаце яго не было відаць, і Сцепаніда паклала куліч на белую талерку, што ўзяла з пасудніка, паставіла на стол. У хаце было надта ціха, але яна не звярнула на тое ўвагі - наогул, яна не мела звычаю затрымлівацца тут: зробіць што ці возьме і - у сенцы, нашто турбаваць старога чалавека. У істопцы яны з'елі рэшту таго куліча з малаком, і Пятрок пайшоў на падворак. Яго ўжо ахапіў веснавы неспакой, трэба было ладзіць плуг для баразны, пад павеццю ён не мог знайсці ворчык, а без ворчыка як запражэш? Сцепаніда ж у вялікім чыгуне пачала боўтаць пойла карове - Чарняўка любіла менавіта такое, трохі забоўтанае мукой пойла і зусім не піла ваду.
        Так яна боўтала, прысеўшы над чыгуном, як у расчыненыя дзверы неяк хістка сунуўся Пятрок і здушана крыкнуў ёй з неспакоем, спалохам, нават жахам у голасе:
        - Сцепаніда!
        Яна ўскочыла з долу, здалося, што Петраку блага, ён і сапраўды як палатніна пабялеў з твару, выцягнутыя да яе яго рукі нядобра дрыжалі.
        - Сцепаніда!!!
        Яна кінулася да яго, але ён адступіўся, памкнуўся назад на падворак, скіроўваючы яе ўвагу ў другі бок, да хлява. Яна кінула позірк далей і згледзела, што дзверы ў свірне насцеж расчынены, чаго не было ніколі, заўжды там грувасціўся вялікі замок, чорны ключ ад якога вісеў у хаце на цвіку ля парога. Адчуўшы благое, яна подбегам кінулася да дзвярэй і яшчэ з падворка ў свірановых прыцемках убачыла няпэўную чалавечую постаць. Неяк, быццам схіліўшыся над засекам, нерухома стаяў на падкурчаных у каленях нагах Адольф Яхімоўскі. Не сваім голасам яна крыкнула: «Паночку Адоля!» - але ён не азваўся. Тады яна ўскочыла ў свіран і зразумела ўсё. Зверху ад бэлькі звісала туга напятая вяроўка, жоўтая, бы голая косць, галава Яхімоўскага скруцілася набок разам з шыяй, рукі ўпалі ўздоўж худога абвіслага цела, адно плячо неяк ненатуральна паднялося вышай, а другое апусцілася. Яна схапіла яго за гэтыя кастлявыя пад суконным каптаном плечы, і цела грузна павярнулася. Ён вісеў так нізка, што падкурчаныя ногі яго ў святочных хромавых ботах з шоргатам пасунуліся на земляной падлозе. Не ў лад са сваім спалохам Сцепаніда падумала, што нават і тут, каб павесіцца, чалавеку не хапіла прасторы, так было нізка і нязручна.
        Праз два дні яны з Петраком адвезлі не дужа зграбна змайстраваную з старых дошак труну на каталіцкія могілкі ў мястэчку і закапалі. Яшчэ праз дзень з мястэчка прыехаў арандатар Мацкевіч, які пагрузіў у параконную фуру грувасткае дубовае крэсла, гадзіннік у даўгім футарале і прыгожую чырвонага дрэва канторку, казаў, што за доўг, які не сплаціў яму Яхімоўскі. Сцепаніда з Петраком не пярэчылі, сказалі: бяры! Ім заставалася болей - лічы, уся сядзіба, дзве дзесяціны зямлі, кабылка, карова. Хіба па тым часе гэтага было мала?
        На пачатку вясны яны перацягнулі з істопкі свой небагаты набытак і так сталі жыць у хаце.
        Стары Яхімоўскі пакрысе стаў забывацца. Часам успамінаўся, але той успамін не прыносіў радасці, і яны стараліся думаць пра іншае. Тым болей што бедаў і клопату хапала ўсе тыя гады.
        Азіміна сабе расла, клопат пра яе быў невялікі, але ж яе пасеяна было ўсяго дзве ніўкі, а галоўную частку надзела, што была на пагорку, трэба было араць пад ярыну. Яно б нічога, канешне, неяк бы ўзаралі, але горш, што самы верх гэтай гары з пазалеташняга года ляжаў аблогай. Яхімоўскі яго не араў, арандатар некалі кінуў, бо зямля там была не дай Бог - гліна, якая ў сухі год камянела, бы тая скала. Але лацвей было Яхімоўскаму мець якую дзесяціну аблогай, у яго хапала і лепшай зямлі, а як во было ім? Пабедаваўшы крыху, Пятрок запрог маладую кабылку ў ладны, новы яшчэ плужок і паехаў узнімаць аблогу.
        Ён біўся там ад раніцы да паўдня, Сцепаніда, занятая іншымі справамі на сядзібе, чакала яго палуднаваць і не дачакалася. Адчуўшы благое, кінула недаробленае на падворку і ўзроўкам пабегла на той іх новы надзел, на тую халерную выспу, дзе змагаўся з зямлёй Пятрок.
        Яшчэ здалёку, з узроўка, яна ўбачыла кабылку і Петрака ля яе, якраз тыя стаялі на самае выспе, але чамусь Пятрок кінуў плуг і нешта тузаўся ля кабылы, якая апанурылася ў баразне сярод ссохлага леташняга быльнягу і стаяла з мокрымі бакамі, нізка звесіўшы голаў. Сцепаніда падбегла бліжэй, выскачыла з аблогі на некалькі вузкіх баразёнак і ледзь не войкнула, пакалоўшы ногі аб калючы глей, які, нібы бітая цэгла, чырванеўся ўперамешку з хамлакамі ссохлага гною і леташнім быльнягом. Дзіва што кабылка ўходалася, тут і стары харошы конь, мусіць, надарваў бы жылы, пацягаўшы за сабой плуг. Вараная іхняя кабылка і яшчэ пацямнела ад поту, які ручаямі ліўся па яе выпнутых скабах, а бакі яе дыхавічна хадзілі ад ператомы, і галава апушчалася ўсё ніжэй. З трывожным адчаем у голасе нешта гукаў да яе Пятрок, босы, у зрэбнай непадпяразанай кашулі, з узмакрэлымі ад поту плячыма - ён зірнуў на Сцепаніду, тузануў кабылку за аброць, і тая раптам хіснулася - заднія ногі яе раз'ехаліся, і яна села ў пастромках на мулкае ворыва.
        - Авой, бяда, што ж рабіць? - роспачна прамовіў Пятрок і зноў узяўся тузаць і лашчыць кабылку, гладзіць па шыі, але, мусіць, дарма. Неўзабаве падагнуліся яе і пярэднія ногі, і яна легла ў вупражы, уцягшы ў хамут галаву, грабучы глей нагамі. Пятрок кінуўся яе распрагаць, ды ніяк не мог развязаць супонь, тады Сцепаніда скінула з плуга ворчык, тым аслабаніўшы пастромкі і пэўна ўжо адчуваючы, што ў іхняе жыццё раптоўна і неспадзявана ўварвалася новая вялізная бяда.
        Так яно і сталася, кабылка не паднялася болей, як яны ні стараліся яе падняць - сенам, травой, паўбулкай хлеба, прынесенай Сцепанідай з сядзібы. Галава яе на доўгай пляскатай шыі неўзабаве таксама апала на глей, толькі вочы яшчэ трывожна варушыліся, нібы молячы людзей аб паратунку. Ды ратаваць, мабыць, было позна ўжо. Пад вечар яна апошні раз напружылася, выпрастала ногі і знерухомела назаўжды.
        Сцепаніда ўся трымцела ад гора, ужо добра ведаючы, што чакае гаспадарку, якая засталася без каня, ды яшчэ ў такую пару, калі ён найболей патрэбны. Пятрок разгублена пастаяў, змакрэлы ад поту, урэшце не вытрымаў, сеў і, утуліўшы ў рукавы твар, заплакаў. Сцепаніда не супакойвала яго, крадком выцерла слязіну з уласнай шчакі і ўспомніла нядаўнія агледзіны поля і таго нежывога жаўраначка пад мяжой.
        - Гэта яе праклялі, гару гэтую. Не было зямлі, але і то не зямля.
        Пятрок супакоіўся трохі, пасядзеў яшчэ, астыў целам, нутром - трэба было думаць, як жыць далей.
        Пад вечар ён прыйшоў з хамутом на хутар, узяў старую рыдлёўку і скіраваў у Баранні Лог, да хваёвай выспачкі, дзе капалі пясок і закопвалі здохлую жывёлу. Там, на ўскрайку хвойніку, выкапаў яміну, затым прывёў ад Ладзіміра з Выселак яго ладнага буланага коніка з хамутом і пастромкамі і адвалок кабылку да выспачкі. Сцепаніда туды не пайшла, яна не магла на тое глядзець, і думала ўсё, як жыць, калі такія напасці ў такі самы непрыдатны час. Дзе ўзяць каня, каб узараць той пракляты пагорак? Не кідаць жа яго зноў аблогай, з чаго ж тады жыць?
        Пятрок прывалокся позна, скупа адказаў на яе пытанні, з'еў трохі крупніку і сеў на парозе ў сенях. Яна спрабавала нешта сказаць, можа, выклікаць яго на размову, але, мабыць, яму было не да размовы, і яна не стала назаляць, занялася сваімі справамі. А пасля і яна задрамала ў запеччы, а калі прачнулася на світанні, Петрака ўжо не было, кудысьці сышоў, і яна падумала: мабыць, у Выселкі, трэба ж было прасіць у каго каня, даць рады той выспе. Іншыя ўжо адсеяліся, а яны не маглі яшчэ ўзараць.
        Але яго не было і ўранку, як развіднела, і пасля, на сняданне, тады яна, устрывожыўшыся, зірнула цераз плот на гару і ажно знерухомела ад скрухі і здзіўлення, убачыўшы ўдалечы адзінокую сярод поля постаць, якая мерна неяк хісталася ў бакі, быццам што робячы на адным месцы. Яна хацела пабегчы туды, але ў печы ўжо варылася бульбачка, неяк было кінуць печ без прыгляду. Тады, зразмеўшы нешта, яна трохі счакала, наладкавала сякі-такі харч у хустку - міску бульбы, як зварылася, кавалак сала, хлеб, гарлач малака - і пайшла на гару.
        Ну, так яно і было, як ёй здалося: Пятрок капаў рыдлёўкай - калупаў, біў, сек пракляты той глей, парослы ўжо маладым пырнікам між ссохлага леташняга быльнягу, і ўжо агораў ладны клінок з канца ніўкі. Але як яна зірнула на яго твар, дык ледзьве пазнала мужа - такі ён стаў страшны, схуднелы, аброслы цёмнаю шчэццю, а ў яго вялікіх вачах тлеў немы дакор за ўсе няўдачы жыцця - каму толькі? Пляскатыя грудзі яго і яшчэ апалі, плечы выпнуліся худобай, мокрая ад поту зрэбная кашуля матлялася ад ветру, як на калку.
        - Пятрок, што ж ты робіш? - сказала яна і стала ў канцы ніўкі.
        - Што бачыш, - задышліва адказаў ён, не прыпыняючы працы.
        - Ці ж ты ўскапаеш!
        - А што ж рабіць?
        - Можа б, даў хто каня? Нада ж да людзей схадзіць.
        - Ужо хадзіў. Хто дасць? На гэтую во камяніцу?
        Яна не настойвала болей, ведала, што ўвогуле Пятрок казаў праўду: такой пільніцай у каго дапросішся, кожнаму конь патрэбны самому. Зноў жа, хто дасць свайго беражонага ў чужыя рукі ды яшчэ на такую зямельку? Дык што ж, капаць рыдлёўкамі? Але, мусіць, іншага не выпадала.
        Яна, памятае, трохі нават заплакала тады, уявіўшы сабе сялянскую долю без коніка. Пятрок прыпыніў працу, знямогла абапёрся аб рыдлёўку.
        - Што ж рабіць? Жыць жа нада. Як-небудзь...
        Чатыры дні ад цямна да цямна яны ў дзве рыдлёўкі адольвалі той глей і ўсё ж неяк адолелі яго. Праўда, абое засталіся без сілы, знемаглі дашчэнту, але неяк усё ж ускалупалі, хоць і мелка, мясцінамі толькі падрапалі зверху рыдлёўкамі. Рабілі ўсе дні моўчкі, часам толькі пераводзячы дых з рыдлёўкамі ў руках. Пасля Пятрок паўдня біў кукай глыжы і аднойчы ўранку ўзваліў на сябе паўторбы ячменю, узяў плеценую з саломы сявалку. Пасеяў хутка, забаранаваць, праўда, на паўдня пазычыў каня ў Лявона, надзел якога быў побач, трохі ніжэй, зямля там таксама была не дай Бог, але трохі мякчэйшая па супесі. Управіліся якраз у суботу, ціхім пагодлівым адвячоркам, і Сцепаніда думала адпачыць трохі, разагнуць адубелыя, у мазалях, далоні. Але Пятрок, хвіліну пасядзеўшы на прызбе, узяў сякеру і падаўся кудысь узроўкам. Яна запытала, па што, думала, па якую лясіну ў печ, бо дроў было мала, але ён не адказаў і знік за плотам.
        Вярнуўся ён на падворак, калі яна ўзялася даіць карову, і адразу ж, не павячэраўшы, паваліўся ў запечку. Калі, управіўшыся з вечаровымі справамі па гаспадарцы, яна ўвайшла ў хату, ён зняможана хроп, і яна не стала нічога пытацца, таксама лягла.
        Назаўтра паўтарылася ранейшае - ён знік на світанні, і яна ўжо не ведала куды. Але ці мала ў мужыка спраў па вясне, асабліва яшчэ пры такой бядзе, без каня. Можа, пайшоў у Выселкі, думала яна, зноў жа наконт каня, бо яшчэ трэба было вывезці гною пад бульбу, узараць гарод, пасадзіць бульбу - работы на зямлі вясной заўжды процьма. Сцепаніда навязала на ўзроўку карову і, калі вярталася да сядзібы, незнарок зірнула на гару і зноў жахнулася ад таго, што ўбачыла.
        Якраз уставала сонца, якое, праўда, тут жа, пад лесам, упаўзала ў нізкую хмару, і збоч ад яго на святлявым ускрайку ранішняга неба яна ўбачыла здалёк чалавечую постаць, якая, угнуўшыся, быццам дужалася з нечым, якім слупом або дрэвам - чымсьці высокім і, мабыць, цяжкім. Яна ўжо зразумела, што гэта Пятрок. Але што ён удумаў?
        Збочыўшы са сцяжыны, Сцепаніда кінулася наўпрасткі туды, колючы ногі ў дробным глеі засеянай нівы, падбегла да сваёй палоскі. Тут ужо стала відаць, як на самай выспе ў канцы іх надзела пахіла вагаўся свежы, з неакоранай лясіны збіты вялізны крыж, які, упіраючыся ў зямлю нагамі, з усяе сілы паднімаў над сабой Пятрок. Як яна падбегла бліжэй, ён ужо выраўняў крыж угары і крыкнуў: «Трымай!» Сцепаніда аберуч ашчаперыла сыры і шурпаты ствол дубка, патрымала яго роўненька ў глыбакаватай яміне, якую таропка пачаў засыпаць Пятрок. Крыж быў высозны і страшэнна цяжкі, варта ёй было незнарок трошкі нахіліць яго, як яна спалохалася, што не ўтрымае, але ўсё ж утрымала, і Пятрок пакрысе закідаў яміну глеем.
        - Памажы, Божа, не адступіся ад рабоў тваіх, - прабубніў ён, хрысцячы спатнелы, спакутаваны за гэтыя дні твар. Яна таксама перахрысцілася, падумаўшы: а мо і праўда паможа? Адвядзе праклён ад гэтай клятай людзьмі і Богам зямлі.
        Крыж пастаяў вясну і лета - на самай выспе над лесам і ровам, воддаль ад дарогі. Кожны, хто ехаў ці ішоў гасцінцам, пазіраў на гэты знак чалавечай бяды, але мала хто ведаў, якая была то бяда. Тады ж нехта з высялкоўцаў назваў гэты пагорак Галгофай, ды так і пайшло: Галгофа ці гара Галгофа, а то яшчэ Петракова Галгофа. Так звалі і пасля, як местачковыя камсамольцы Капылоў Жэнька, Меерсон і малодшы Хвасько ўвосень павалілі крыж. Неяк завіталі на хутар, папрасілі пілу, Пятрок даў, а Сцепаніда яшчэ пачаставала іх квасам - якраз настаяўся, добры быў квас, - хлопцы пажартавалі, напіліся і пайшлі. Яна думала, што тыя мелі патрэбу ў лесе ці рове, а яны завярнулі па мяжы на выспу і за якіх дзесяць хвілін спілавалі крыж. А пасля, як прынеслі пілу, яшчэ прачыталі ім натацыю пра шкоду рэлігійных забабонаў. Пятрок спахмурнеў, угнуў галаву і не спрачаўся, а Сцепаніда тады пасварылася з імі. Вясной, як яны з Петраком гаравалі на той Галгофе, тады ніхто не бачыў, каб памагчы, а цяпер, як вырас нейкі ячмень, бач, ім крыж вочы коле. Але што ім яе сварка, яны пагагаталі сабе з яе цемнаты і пайшлі.
        А назва гары засталася, і, мабыць, яшчэ доўга будзе так звацца гэты нязладны для хлебаробства пагорак, асвенчаны іх слязьмі і працай, іх і людскімі пакутамі.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.