РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
17
        
17

        
        І вось гэтаю ноччу звёўся нешматлікі гаротны род высялкоўскіх Ганчарыкаў.
        Невялічкае, танклявае цела падлетка ў загорнутай на грудзях кашульцы ляжала пад тынам ля лаўкі. Пятрок быў ашаломлены гэтым забойствам і не мог даўмецца, як яно здарылася - як той нямко апынуўся тут уначы? Што яму было тут патрэбна? Пятрок быў так уражаны і напалоханы за ноч, што нібыта страціў мову і нават перастаў бедаваць - яго апанаваў жах. Зрэшты, як і Сцепаніду таксама, якая ў маўклівым здранцвенні сядзела на сваім тапчане і не паварушылася нават.
        Немцы даўно ўгаманіліся і, мусіць, спалі ў сваёй палатцы, не спаў толькі іх вартавы, які то стаяў пад страхой ля прыступкаў, то памалу тупаў сюды-туды па падворку. Калі трохі зашарэлася святло ў акенцы, як заўжды, бразнуў посуд ля кухні - то браўся за сваю справу Карла. Пятрок адзначыў пры сабе гэтыя гукі і схамянуўся з паўсоннага забыцця - трэба было рыхтавацца да новай бяды і новых турбот, бо што ж яшчэ мог прынесці з сабою новы дзень? Але толькі ён апусціў ногі з дзежак, шукаючы імі скарэлыя свае апоркі, як учуў далёкі перарывіста-траскотны гук ад гасцінца - так некалі траскаталі матацыклы, якія, аднак, даўно там не ездзілі. «Значыць, ужо мост гатовы, калі па гасцінцы гойсаюць матацыклы, - паныла падумаў Пятрок, - мусіць, так». Густы трэскат тым часам глух, але затым рабіўся гучнейшы, і вось матацыкл завуркатаў зусім блізка, пасля яшчэ бліжэй (мабыць, ужо ўязджаў на падворак) і раптам сціх. Пачулася нейкая нядоўгая гамана з Карлам, пасля з вартавым ля ганка. Пятрок, зацяўшы дыханне, слухаў. Матацыкла тут раней не было відаць, мабыць, гэты прыехаў аднекуль здалёку, з нейкім, відаць, загадам, - можа, што зменіцца на сядзібе? І праўда, падобна было на тое, што прыехаў пасыльны: найперш пачуўся ціхенькі далікатны стук у дзверы, дзе спаў афіцэр, спакваля дзверы, чуваць было, адчыніліся і зачыніліся зноў, ціхай размовы адтуль у істопцы амаль не было чуваць. Затое, калі адтуль хтосьці выйшаў, вартавы на падворку раўнуў нейкую каманду, і ля палаткі адразу ўсчаўся вэрхал - затупалі, загаманілі, забегалі па падворку. Але, здаецца, без трывогі ці спалоху - проста паднімаліся па нейкай патрэбе, можа, раней часу, ці што.
        Пятрок прыліп да акенца - дужа цікава было ўведаць, што там яшчэ адбываецца. Сцепаніда ж, з выгляду абыякавая да ўсяго, сядзела на сеннічку, падпёршы плячмі бёрны сцяны. Вочы яе былі прыплюшчаны, але па тым, як яна час ад часу расплюшчвала іх, Пятрок здагадваўся, што яна не спала - як і ён, яна пільна ўслухоўвалася ў тое, што рабілася на падворку.
        На гэты раз толькі два ці тры немцы таропка памыліся з кацялкоў ля калодзежа, іншыя выходзілі з палаткі ўжо ў шынялях і нават з вінтоўкамі ў руках, некаторыя з ранцамі, сумкамі і нетаропка, бы чакаючы чаго, спыняліся на падворку, гаманілі і закурвалі. Падобна было, што ні на работу, ні снедаць яны не збіраліся, і гэта навяло Петрака на думку, ад якой ён ажно скалануўся ў радасці.
        - Баба, а баба, чуеш? Яны ж выязджаюць!
        - Жджы, выедуць табе.
        - Яй-богу, выязджаюць. Глядзі, майно з палаткі выносяць. Вунь да машыны...
        То была праўда, яны вывалаквалі нейкія скрынкі, клумкі з палаткі і кідалі іх цераз задні борт у машыну. Яшчэ праз хвіліну два салдаты вырвалі некалькі калкоў з зямлі, і тугі горб палаткі абвяў, зморшчыўся і апаў долу.
        - Ага - вымятаюцца-такі! Ай, дзякаваць Богу! - апанавала нечаканая радасць Петрака, і Сцепаніда, прыўстаўшы, зірнула ў акенца. Але, мусіць, найперш згледзела яна не тое, што ўзрадавала Петрака.
        - Ляжыць... Хоць бы прыкрылі чым. Як скаціну якую. Звяры!
        Ведама, гэта яна пра Янку. Але Пятрок нават баяўся пазіраць туды, пад паркан, дзе бялеўся апалы жывот падлетка, да якога цяпер, здаецца, ні ў каго з іх не было ніякае справы. Забілі і кінулі. Але за што? Вядома, нямко, няцяжка забіць: глухі, вокрыку вартавога не чуе, сам сказаць нічога не можа. Але за што забіваць? Што ён зрабіў ім благога?
        Ён думаў, што немцы забяруць хлопца з сабой - калі ж забілі, дык, мусіць, мелі ў тым нейкую мэту, не дзеля гульні ж тое. Аднак немцы ладкавалі сваё варахоб'е, да забітага ніхто з іх і не падыходзіў нават. Адзін толькі пажылы таўставаты немец у шынялі, з ранцам за плячыма і вінтоўкай на рамяні адышоўся крыху ад кухні і здалёку так угледзеўся - сумна ўгледзеўся - і, здалося Петраку, уздыхнуўшы, пайшоў да машыны пад ліпы. Карла, не зважаючы на зборы, рабіў сваю паўсядзённую справу: шураваў у топцы, падкладваў туды дровы, у катле нешта закіпала, і сырая пара густа шыбавала адтуль цераз тын па ветры. За гэтай парай Пятрок не адразу згледзеў фурманку, якая ціха неяк пад'ехала да варотцаў і стала ля машыны. З фурманкі саскочыла знаёмая даўгалыгая постаць Гужа ў рудой скуранцы, з караткаватаю вінтоўкай у руках.
        Якраз у той час з сенцаў выйшаў афіцэр у сваім чорным цыратавым плашчы, спыніўся каля прыступкаў, азіраючы падворак, і Гуж умомант падляцеў да яго, няўклюдна выцягнуўся, як па камандзе «смірна». «От зараз дасць!» - зласліва падумаў Пятрок, успомніўшы яго ўчарашнюю сутычку з фельдфебелем, але, падобна было, сёння штосьці змянілася ў іх узаемаадносінах. Афіцэр круціў сюды-туды галавой, з акенца Петраку не было відаць ягоных вачэй, заслоненых шырокім казырком-капытам, але выраз ягонага твару, здаецца, быў дабрадушна-спакойны. Гуж нешта тлумачыў, а той, скупа якаючы, слухаў, а пасля падышоў бліжэй і падняў руку. Пятрок зноў адчуў кароценькую радасць: «Урэжа!» Ды не, не ўрэзаў - некалькі разоў з добрасцю паляпаў па плячы паліцая - гут, гут! Акурат як і ўчора яго за дбайна абсталяваны афіцэрскі клазет, які, відаць па ўсім, болей ім не спатрэбіцца. «Значыцца, чымсь дагадзіў паліцай, чымсь выслужыўся», - падумаў Пятрок, і ягоны ўзнёслы настрой пачаў хутка змрачнець - прыезд Гужа не абяцаў дабра. Асабліва яшчэ калі яго пахваліў афіцэр. Чакай цяпер новага ліха!
        Немцы тым часам рухава выбіраліся, ужо ўсё пагрузілі ў машыну, павыносілі з хаты белыя складныя ложкі і пачалі чапляць за крук машыны грувасткую Карлаву кухню на гумовых колах. Чалавек пяць іх, тужачыся, кацілі яе да варотцаў, разварочвалі, а з топкі сыпаўся жар, і скрозь патыхала дымам, вецер круціў на падворку космы стылае пары. Гуж памагаў там, а Пятрок стаяў ля акна і думаў: «Ірві кішкі, каці, а я не пайду, і не выйду, калі не выганяць, вочы б мае не бачылі вас, злыдняў. Пастралялі курэй, забілі карову, застрэлілі хлопчыка - за што? Хіба гэта па-людску? Калі не людзей, дык пабаяліся б Бога, Бог жа ўсё бачыць. Мусіць, ён ім яшчэ спомніць іхнія зладзействы на чужой зямлі».
        Урэшце ўсё было скончана, усе там пазалазілі пад брызент на машыну, фельдфебель трушком апошні раз абабег падворак і таксама палез у кабіну. Пра гаспадароў, дзякаваць Богу, яны не ўспомнілі, не развіталіся, значыць, не мелі патрэбы. Гаспадары тым болей. Цяжка валюхаючы па калдобінах, вялізная машына, з кухняй, пасунулася да гасцінца. Пятрок ужо хацеў быў перахрысціцца з палёгкай, як у той час у варотцы з-пад ліпы з гарода, нязручна выварочваючы перадок, увапхнуўся рыжы конік з фурманкай, у якой тузаў лейцамі паліцай Каландзёнак. Гуж, адразу набыўшы звераватую рашучасць у рухах, ужо па-гаспадарску паказваў, куды трэба заехаць і дзе стаць на падворку. Пятрок ад прыкрасці злосна харкнуў у кут.
        - Маць тваю... Не паспелі адны, ужо другія...
        Але тут ужо рабіць не было чаго, Пятрок адчуваў: ужо тут не адседзішся ў істопцы - трэба выходзіць на падворак.
        - Ну?! - упёр вочы Гуж недзе ля яго ног, як толькі Пятрок ступіў цераз парог. - З бандытамі знюхаўся?
        - Я? - няўцямна прамовіў Пятрок.
        - Ты. А то чаму ж нямецкая каманда цэлую ноч аблаву рабіла?
        - Аблаву? А мне адкуль ведаць? Я ў істопцы сядзеў. Яны ж во бачылі.
        - Бачылі? - падняў позірк Гуж і торкнуў пальцам пад тын. - А во гэты? Як тут апынуўся?
        - Хіба я знаю?
        - Не знаеш? - Гуж пераступіў з нагі на нагу, перахапіў у другую руку вінтоўку. - Ану кліч бабу!
        - Сцепаніда! - паклікаў Пятрок і саступіў убок з камянёў.
        Сцепаніда неўзабаве выйшла, тужэй зацягнула хустку пад барадой і спынілася ў дзвярах, зябка хутаючыся ў ватоўку.
        - З гэтым во кароў пасціла? - кіўнуў Гуж у бок тыну.
        - Ну пасціла, - ціха сказала Сцепаніда, засоўваючы рукі ў рукавы ватоўкі.
        - Хто яшчэ прыходзіў? Ну, да яго на пашу?
        - А ніхто не прыходзіў, - сцішана адказвала Сцепаніда.
        - Чаму ж тады гэты нямко пад кулю падлез?
        - А я знаю, чаму?
        - Ён не знае, гэта не знае! - узарваўся Гуж і спрытна перахапіў з рукі ў руку вінтоўку, пагрозна патрос ёю ў паветры. - Вы мне дурняў не корчыце. Я знаю. Наскрозь бачу абаіх. Асабліва цябе, акцявістка. Ужо тая вінтовачка тваіх рук не мінула, - працінаючы Сцепаніду злым позіркам, гырчэў Гуж.
        Сцепаніда, затаіўшы дыханне, засяроджана пазірала кудысь пад ліпы.
        - Сказаць усё можна, - уставіў сваё Пятрок. - Але грэх, не знаючы, на каго валіць. Мы тут во ў істопцы сядзелі. Шчытай, пад арыштам. Калі б што...
        Фурманка стаяла ў двары, конік, панура апусціўшы галаву, мусіць, спаў, ля воза моўчкі стаяў туга перацягнуты дзягай па шынялі Каландзёнак. Закаціўшы вочы, здавалася, ён цалкам паглыбіўся ў сябе, але варта было Гужу павярнуцца да воза, як паліцай зноў стаў поўны ўвагі.
        - Ладна, - сказаў Гуж. - Пасля. Цяпер няма як. Давай таго пацана ў воз, - спакайней сказаў ён Петраку і скіраваў да паркана. Каландзёнак кінуў лейцы на ахапак сена ў возе.
        Зацяўшы страх у душы, Пятрок нерашуча падышоў да распластанага цела падлетка ў скарэлай цёмнай кашульцы, галава яго была закінута патыліцай у траву, і на скроні ля вуха прысох камяк гразі ці, можа, крыві; крывавыя пісягі на голым, выпацканым жываце таксама падсохлі ўжо. Падышоўшы, Пятрок аслупянеў, не ведаючы, як узяцца за хлопчыка, тады Каландзёнак ухапіў забітага за голыя парэпаныя лыткі ў караткаватых лапленых штанах і, нібы якую лясіну, безуважна павалок да фурманкі, разграбаючы ім смецце ў доле. Яначкавы рукі нязручна растапырыліся, галава на танклявай шыі трохі заварушылася, як у жывога.
        «Божа, Божа! - жахнуўся Пятрок, млосна ідучы следам. - Што дзеецца!..»
        - Бяры, што стаў! - гыркнуў здаля Гуж, калі яны спыніліся ля фурманкі. Сам, аднак, не падступіўся да хлопца - круціў з самасаду цыгарку.
        Удвух з Каландзёнкам яны паднялі трохі цяжкаватае, ужо апруцянелае Янкава цела, паклалі яго ў фурманку.
        Каландзёнак трохі захінуў яго сенам, болей дзеля прыліку, усё роўна было відаць, хто ў возе. Пятрок думаў, што цяпер яны паедуць, і ўжо адышоўся трохі ўбок, каб не замінаць фурманцы, як Гуж выпаліў:
        - Ты тожа з намі!
        - Куды?
        - На работу. А што ж! Пазагаралі, як на курорце, цяпер на работу! Мост дарабляць. А як жа? Вунь местачкоўцы каторы дзень укалваюць, а вы тут запанелі пад бокам у немцаў.
        «Каб ты так усё жыццё панеў, смоўж пракляты!» - паныла падумаў Пятрок, ведаючы, аднак, што прыйдзецца ісці. Ужо гэтага не ўпросіш, асабліва пасля таго, што тут здарылася, на гэтай сядзібе. Добра яшчэ, што не заарыштаваў назусім, а толькі выганяе на работу.
        Лаючыся ў душы, Пятрок пайшоў за фурманкай, у якую ўжо на хаду ўскочылі паліцаі. Каландзёнак кіраваў канём, а Гуж сядзеў ззаду, ледзь не да зямлі звесіўшы даўгія ногі, і цікаваў за Петраком, каб не ўцёк, мусіць. Але куды было ўцякаць? Пятрок тут пражыў паўжыцця, выгадаваў дзяцей, пазнаў столькі турбот, страху і гора, а можа, трохі і радасці ў маладыя годы, як далі зямлі, агораў сваю гаспадарку. Куды было ўцякаць? Ён быў чалавек ціхі і мусіў рабіць усё, што ні скажуць, у іх была сіла, а што было ў яго? Спрацаваныя рукі, раматус у нагах ды немаладыя гады за плячыма, што ён мог выставіць насуперак ім? Хіба дзе схітрыць трошкі, але і то з немцамі - з гэтымі ж не надта і схітрыш, гэтых не ашукаеш.
        Ды і з немцамі тыя хітрыкі абярнуліся ліхам, лепш бы без іх. Лепей папраўдзе ўжо, у адкрытую.
        Фурманка абмінула лужыну на завароце з гасцінца і ўз'ехала на лепшую дарогу, а Пятрок пашкандыбаў сабе сцежкаю за канавай. Тут пачынаўся ўжо сасоннік, а за ім будзе паваротка і той мост. Хай ён прападзе, гэты пракляты мост, колькі праз яго напасцяў на іх Яхімоўшчыну. Як было добра, калі ён быў зруйнаваны бомбамі і два месяцы ніхто тут не хадзіў і не ездзіў. А цяпер... Цяпер будзе пекла, гэта пэўна ўжо.
        Але да моста яны не даехалі, не даехалі нават да павароткі.
        Збоч ад гасцінца ў сосонніку, дзе некалі высялкоўскія мужыкі ды і местачкоўцы капалі на якую патрэбу жвір, цяпер стаяла са тры фурманкі, і некалькі мужыкоў лена кідалі ў іх з ямы. Каландзёнак збочыў да краю дарогі і спыніў каня. Гуж саскочыў з фурманкі. Мужыкі перасталі капаць, нехта адзін, а за ім і астатнія па чарзе нерашуча сцягнулі з галоў шапкі і знерухомелі перад паліцаем.
        - Што так марудна? - строга запытаў Гуж. - Колькі вазоў адправілі?
        - Шэсць, здаецца, - сказаў лысы мужчына, з тварам, густа зарослым сівым шчаціннем.
        Пятрок пазнаў у ім Ігната Дубасея з Заграззя. Некалі, яшчэ да калгасаў, Дубасей вырабляў аўчыны, і Пятрок хадзіў да яго, як надумаў пашыць кажушок, во гэты самы, што быў у яго на плячах. Цяпер, з няпэўнасцю стоячы на дарозе ля яміны, ён не ведаў, як быць, ці, як усе, зняць шапку, ці стаяць, як стаяў. Але каб залішне не вылучацца ад іншых, таксама ціхенька сцягнуў з галавы суконную кепку.
        - Трэба дванаццаць, душу з вас вон! Чуеце?! - раптам пачаў звярэць Гуж. - Трэба шавяліцца, а не гультаяваць, не за Саветамі вам! Перакурваеце, мусіць, зашмат?
        - Ды мы...
        - Ніякіх перакураў! Дацямна каб засыпаць шашу. Ты! - кіўнуў ён Каландзёнку. - Злазь і сачы. Каб ніхто нікуды! Работаць мне, работаць!!!
        Каландзёнак паклаў лейцы на воз і выцягнуў з-пад сена сваю даўгую вінтоўку. На яго месца сеў Гуж. Напаследак ён абвёў ненавісным позіркам яміну і трох прыціхлых мужыкоў у ёй, згледзеў Петрака на ўзбочыне.
        - Ты, Багацька, - у падмогу! І шнэль, шнэль, шнэль! Панятна?
        Фурманка з Гужом пакаціла да рэчкі, нехта з мужыкоў прабурчэў штось незадаволена, нехта ўздыхнуў. Пятрок па сыпучым адхоне сышоў у яміну і ўзяў рыдлёўку з надламаным тронкам, што тырчэла збоку ў пяску. Угары над імі стаяла недагружаная фурманка, а ля яе з вінтоўкай пад пахай, як вартавы, слупам застыў Каландзёнак. Ягоныя вочы зноў закаціліся пад павекі, здаецца, у думках ён далёка паляцеў адгэтуль.
        Наўрад ці хутчэй, чым дагэтуль, яны пачалі кідаць жвір угору, у фурманку. Кідаць было нязручна, высока, яміны сталі даволі ўжо глыбокія, блізка ад дарогі жвір выбралі і капалі ўсё далей. Пятрок хутка ўгрэўся, стала гарчыць у грудзях, ён запаволіў тэмп, а пасля і зусім прыпыніў працу, абапёрся аб тронак рыдлёўкі. Але толькі ён разы два спакайней уздыхнуў, як на абрыве страпянуўся Каландзёнак.
        - Капаць!
        - Дык гэта... Змарыўся ж. Аддыхнуць...
        - Капаць!!!
        - Дык гэта... Сынок...
        «Сынок», аднак, ужо ўхапіў вінтоўку і зашчоўкаў затворам, гатовы стрэліць. Пятрок крыху спалохаўся, рукі самі схапіліся за тронак рыдлёўкі, ён кінуў трохі жвіру ў фурманку, і Каландзёнак апусціў вінтоўку прыкладам у дол. «Ну і гад! - падумаў Пятрок. - Чаму яго маці не прыдушыла малога? Гэты ж горш за Гужа. З тым хоць пасварыцца можна, неяк апраўдацца, а гэты адразу хапаецца за вінтоўку».
        Накапаўшы вазы чатыры, Пятрок трудна выпрастаўся - гружаны воз выязджаў на дарогу, здаецца, болей вазоў не было, можна было б трошкі спачыць. Але не паспеў ён узрадавацца, як з-за павароту зноў застукацелі колы, і неўзабаве прыезджы ўжо асаджваў задам каня, зручней падстаўляючы воз. Гэта быў Карніла з Выселак, як заўжды, стрыманы, негаваркі, ладна апрануты ў яшчэ мала ношаную шэрую суконную паддзёўку. Апошнім часам Карніла адпусціў чорную касмылявую бараду і выглядаў дзед дзедам, хоць быў на пяць год маладзейшы за Петрака.
        Яны ўжо шмат год не віталіся і не размаўлялі, але цяпер Карніла, згледзеўшы ў яміне Петрака, стрымана кінуў «дзень добры», і Пятрок неяк радасна загаманіў:
        - Дзень добры, ага. Тожа выгналі, з канём нават?
        - Ды ўжо во чацвёрты дзень рупімся, - сказаў у бараду Карніла, таксама беручы з воза рыдлёўку. - Спяшаюцца, мост трэба.
        - Каму трэба, а нам дык згары ён ясным агнём, мост гэты.
        Карніла коратка зыркнуў на Петрака адным вокам, скоса паглядзеў на Каландзёнка, які ўжо навастрыў вуха да іхняй размовы, і гучна сказаў, мусіць, каб чуў паліцай:
        - Трэба, трэба памагчы нямецкай арміі. А як жа!
        Пятрок ніякавата змоўчаў, не ведаючы, як прымаць тыя ягоныя словы. Збоку мяркуючы, дык казаў ён быццам па шчырасці, быццам гэтак і думаў. Але Пятрок думаць так не хацеў, таму і змоўк, ведаў: надта сам у сабе гэты хітры Карніла, з ім не пагамоніш. Што б ён ні казаў, усё меў нешта на мэце сваё, не сказанае. Асабліва такі стаў год дзесяць назад, як выкінулі з калгаса, у які ён толькі ўступіў. Добра яшчэ - не выслалі, і Карніла пачаў рабіць у мястэчку, спярша ў прамарцелі, а пасля гады чатыры дзяжурыў у пажарнай камандзе і, як аказалася, зажыў не горш, чым яны ў калгасе. А можа, і лепей.
        Яны капалі без пярэдыху да паўдня і пасля паўдня; фурманкі ўсё гойсалі на мост і з моста, балазе відаць было блізка. Каторыя на конях, дык тыя хоць адпачывалі, як везлі туды ці ўлегцы ехалі адтуль, а бясконныя Пятрок з Дубасеем не ведалі ні хвіліны адпачынку і ўжо думалі, што ўпадуць ад знямогі. Ігнат хоць быў здатней для таго апрануты, у суконны каптан, Пятрок жа ў сваім кажушку даўно ўжо змакрэў, як шчанюк, ад поту і думаў: не мінуць запалення. Некалі ён ужо хварэў на запаленне лёгкіх - застудзіўся на лесанарыхтоўках, як вазілі лес з пушчы і ў яго неяк зламаліся сані з бярвеннем, ну, прыйшлося папацець, парваць кішкі. Праз дзён пяць ужо кідаўся ў непрытомнасці між чужых людзей у вёсцы, дзе кватаравалі нарыхтоўшчыкі, думаў, не выжыве. Можа б, і сапраўды не выжыў, калі б не адвезлі ў бальніцу. Але ў бальніцы, як палягчэла, быў нават рады, што захварэў і нікуды не трэба ехаць, ляжы сабе ў цяпле, пры ніштаватых харчах і людскім абыходжанні, не тое што ў лесе, на марозе, аб сухім харчы, з коньмі ды ў слабаватай адзежцы і ў заўжды мокрых чунях. Апошнім часам так было кожнай зімой, давалі рудстойку Данбасу, а ў тую яму дык проста пашэнціла праз хваробу. Праўда, пасля яшчэ доўга вадзіла ў бакі ад слабасці, ды быў маладзейшы, як-колечы акрыяў да вясны. Але тады былі дактары, бальніцы, а цяпер? Захварэеш, хто цябе вылеча? Прыедзе і застрэліць гэты паўвар'ят Каландзёнак, скажа: правініўся перад Германіяй.
        Ігнат Дубасей, памалу капаючы, усё нешта бурчэў сам з сабой у яміне побач, Пятрок прыслухаўся: стары крыўдаваў, што прыгналі сюды яго, старога чалавека, а маладзейшыя засталіся дома, іх не чапаюць. Пятрок трохі падзівіўся з тае гаворкі, запытаў, чаму ў іх так.
        - Гэ, чаму? Самагоначкай рот залілі гэтаму злыдню. Самагоначка цяпер - сіла.
        Што самагонка - сіла, Пятрок ужо ведаў і моўчкі пагадзіўся з суседам. Толькі на ўсё трэба ўмельства, не кожны можа зрабіць і самагонку. Зноў жа - начыння няма.
        - Начынне, халера на яго, звялося. Цяпер дзе што возьмеш? Змеявік, напрымер, - знарок з тайным намерам пабедаваў Пятрок і прыціх, чакаючы адказу.
        - Хе, начынне! Во ў нас Цімка Рукаты. Бывала, да вайны за грошы чорта табе змайструе. Цяпер не ведаю. Цяпер што яму - грошы!
        - Гэта той, што пад вязам хата? Адгэтуль, з краю? Буслянка яшчэ, здаецца...
        - Ёсць і буслянка. Хата ладная ў яго. Пад дранкай.
        Пятрок яшчэ хацеў удакладніць нешта, але зверху ад дарогі іхнюю размову ўжо ўчуў Каландзёнак і віскнуў танклявым голасам:
        - Не разгаварваць! Капаць!
        - Капаем, капаем. Каб табе гэту лапату ў горла, - ціха зазначыў Дубасей, а гучней з ліслівасцю загаманіў да паліцая: - Сынок, гэта мне па нуждзе каб... Ну ў лясок, га?
        - Капаць!
        - Дык па нуждзе ж, сынок...
        - У яміне.
        - Дык як жа ў яміне? Чалавек жа я. Мне трэба...
        Але Каландзёнак, нібы аглухшы, ужо закаціў вочы і, здавалася, нічога не бачыў навакол. Тады стары ўваткнуў у жвір рыдлёўку і, дужа наморшчыўшы свой зашчацінелы твар, палез па абрыву з яміны на той бок, дзе зачынаўся дробненькі малады сасоннік.
        - Назад! - віскнуў з дарогі Каландзёнак, але Дубасей ужо вылазіў з-пад абрыву на роўнае, пад сасонкі, і Пятрок, гледзячы на яго знізу, бачыў толькі яго галаву ў чорнай касматай шапцы. Раптам гэтая шапка смешна падскочыла ўгору, і ў тое ж імгненне з другога боку ляснуў гулкі вінтовачны стрэл - шырока расставіўшы даўгія ногі, Каландзёнак перазараджаў вінтоўку.
        - Назад!
        Стары Дубасей задам поўз па абрыву, сунучы сабой жвір, і Пятрок аж жахнуўся (забіты?). Але не, здаецца, жывы, толькі збялелы як палатно і без шапкі. Споўзшы да нізу, не адразу, неяк аслабела-хістка падняўся на ногі.
        - Капаць! Быстра! Шнель! - віскаў з дарогі паліцай, трымаючы аберуч вінтоўку.
        Невідушчымі, поўнымі слёз вачыма Дубасей агледзеў яміну, слепа нашарыў збоку сваю рыдлёўку.
        - Божа мой, Божа! - ціха шапталі ягоныя вусны. - Што ж гэта? Як жа гэта? Мы ж некалі з ягоным бацькам таварышавалі. Разам у салдатах служылі. Бацька ж чалавек быў...
        «Ну і змяя, ну і гадзюка! - думаў Пятрок, знясілена точачы ў жвір рыдлёўку. - Чаму яго малога хвароба не ўзяла?.. Колькі харошых людзей пагінула, а гэты во раскашуе. Як усё несправядліва на божым свеце...»
        Каландзёнак не даў ім ні перакурыць, ні перадыхнуць хоць крыху, падводы ішлі і ішлі, і яны капалі і кідалі, капалі і кідалі. Ужо яміна стала глыбокая, у рост чалавека, трэба было добра размахнуцца, каб дакінуць да воза, а рукі ўжо не слухаліся. Дубасей капаў побач, без шапкі, з голай, як калена, нічым не прыкрытай галавой, і ў вачах у старога было поўна слёз, якія ён крадком выціраў заскарузлай рукой. Зводдаль на дарозе слупам стаяў Каландзёнак, відаць, яму было сцюдзёна, рукі ён хаваў у кішэнях, і вецер ляскатаў поламі шыняля па яго ботах, але паліцай ні на крок не адступаўся ад яміны.
        Неяк яны, аднак, дацягнулі да вечара, знемагліся ўшчэнт, а колькі накідалі вазоў, дык перасталі і лічыць. Як пачало змяркацца і пад нагамі ў яміне ўжо трэба было ўгледзецца, куды пхнуць рыдлёўку, на дарозе з'явіўся Гуж. Скуранка ягоная была расшпілена на грудзях, твар распарана-счырванелы, пэўна, ад самагону, не іначай.
        - Генуг, гультаі! - адразу аб'явіў Гуж. - На сёння генуг! А заўтра будзе загад. Ці сюды, ці на бульбу. Па дамох разайдзісь!
        Ад тае каманды ў Петрака адразу падагнуліся ногі, і ён сеў, дзе стаяў, - на нейкую жвіровую купіну, зусім знясілены без ежы за цэлы дзень. Дубасей пагробся вылезці з ямы і ледзьве выбраўся пад сасонкі, дзе ляжала яго прастрэленая шапка. За ім спакваля вылез з ямы Пятрок.
        Ужо было цемнавата, разгарачанае цела хутка астывала, Пятрок здрыгануўся і, як мог найхутчэй, падаўся гасцінцам на хутар. Ён думаў, што калі так пойдзе і далей, дык на жыццё разлічваць залішне, прыйдзецца сканаць, і, можа, чым хутчэй, тым лепей. Але ж, халера на яго, страшна вельмі канаць, хацелася яшчэ пажыць. Хоць бы затым, каб пабачыць, як урэшце дадуць ім харошага штурхеля ў зад, як завыюць яны ад расейскага бота. Мабыць, усё ж завыюць. Не можа так быць, каб не завылі, - не павінна так быць. Шкада вось, што можна не дачакацца, і гэта было б дужа несправядліва і крыўдна.
        У поцемках ужо ён прыплёўся на цёмную сваю сядзібу, увапхнуўся ў сенцы і схамянуўся ад таго, што забыўся куды ісці: у хату ці ў істопку. Але во дзверы з хаты самі расчыніліся, ён пазнаў у прыцемку жонку і пераступіў парог. Тут ужо ўсё было прыбрана і стала, як і раней, да немцаў, відаць было, палілася ў грубцы, ярка свіціліся шчыліны каля дзверцаў, і было цёпла. Пятрок, як быў у кажушку, апусціўся на лаву насупраць грубкі.
        Сцепаніда нешта сказала наконт ежы, але ён ужо не думаў пра ежу. Ягонае цела прагнула толькі аднаго: заваліцца і заснуць тут, у цяпле свае хаты, якая гэтак нечакана сёння вярнулася да яго. Але ён ужо ведаў, што трэба паклапаціцца аб іншым - трэба падумаць аб заўтрашнім дні, калі хочаш яшчэ пажыць і дачакацца лепшага.
        - Ты прынясі мне скрыпку, - сказаў ён жонцы.
        - Скрыпку? Навошта? Ці ты граць будзеш?
        - Адыграўся ўжо.
        Ён не сказаў болей нічога, і яна пайшла з лучынкай у істопку і неўзабаве прынесла ягоную скрыпку і смычок пры ёй. Зноў нічога не сказаўшы, Пятрок выйшаў на двор, па сцежцы перайшоў гарод, пералез цераз плот да рова.
        Гэтаю сцяжынкай трэба было абмінуць поле, перайсці цераз узровак - за лугавінай Баранняга Логу пад лесам было Заграззе, дзе ў хаце пад вязам з буслянкай жыў Цімка Рукаты, на ўсе рукі ўмелы чалавек, які мог зрабіць усё, што ты хочаш.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.