РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
18
        
18

        
        Лёс ці выпадак далі перадышку, быццам бы адсунулі ўбок самае страшнае, і Сцепаніда трошкі душэўна выпрасталася. А то былі хвіліны, калі яна развітвалася з жыццём і толькі шкадавала, што была занадта баязлівая, наважылася на дужа нямногае і так мала зрабіла. А і тое, што зрабіла, было не заўсёды ў лад, атрымлівалася цераз пень-калоду, па-дурному. Па-дурному яна асталася без Бабоўкі, праз свой недагляд пагубляла курэй. Ды і Янка таксама, мусіць, прапаў праз яе, - каб была разумнейшая, дык бы неяк давяла хлопцу, што і блізка нельга патыкацца да хутара. Але каб жа тое веданне, што прыходзіць заўжды надта позна, калі яно ўжо без патрэбы.
        Як бы там ні было, жыццё покуль доўжылася, трэба было нешта есці і, можа, паклапаціцца пра заўтра, а не толькі пра тое, што было на падворку. Насоўваліся халады, каторы дзень спрэс хмарылася восеньскае неба, дажджыла, а бульба ўсё ляжала ў кучы на канцы гарода. Петраку ўсё не выпадала ўзяцца за яе, і Сцепаніда, разважыўшы, дастала рыдлёўку. Не дужа складаная гэта справа, хоць і лічылася чыста мужчынскай, - забуртаваць якія два вазы бульбы. Сцепаніда падраўняла кучу, падгрэбла, шчыльней абклала саломай і пачала абкопваць зямлёй.
        На сядзібе яе болей нічога не турбавала, спакваля сабралася ў хляўку шэсць курыц, чатырох, пэўна, з'елі немцы. Учора ж, як толькі з падворка, забраўшы Петрака, з'ехалі паліцаі, яна найперш кінулася ў роў, знайшла ў барсуковай нары свайго згаладнелага парсючка, які так ёй узрадаваўся, што кінуўся ў ногі і забыўся пра голад, як яна пачасала ягоны схуднелы бок. Ён не падаў нават голасу, як яна валакла яго на ўзровак, а затым трушком бег па сцяжыне да хутара і, відаць, з вялікай неахвотай зноў улез у цесны свой застаронак. Там ужо яна яго ўволю накарміла бульбай, не пашкадавала вобмешкі, пасля ён выпіў чыгунок вады і супакоіўся.
        Абкапваць было не дужа каб цяжка, хоць, ведама, Пятрок зрабіў бы гэта спрытней. Але Пятрок зранку займаўся справай, дзе яна ўжо была старонняй. Устаўшы яшчэ да світання, ён бразгаў у істопцы самагонным начыннем, пасля некуды знік, паявіўся зноў, узяў вёдры, каромысла, пачаў насіць кудысь брагу. Яна думала, што ён уладкуецца ў істопцы ці хоць бы ў асеці, а ён сышоў некуды далей - у роў ці яшчэ куды, не сказаў нават ёй. Толькі калі ўсё там было настроена, прыйшоў прасіць якія дзве запалкі. Голас яго стаў зусім сіплы, а сам з выгляду зусім стомлены, змардаваны, які ён, здаецца, не быў ніколі. Яна дала яму дзве запалкі і сказала, каб не сядзеў доўга - на дварэ сцюдзёна, мокра, нядоўга застудзіць грудзі, што тады будзе карысці з яго самагонкі.
        - А, чорт яго бяры! - махнуў рукой Пятрок. - Усё адно ўжо...
        Сцепаніда абкапала адзін бок капца, паляпала рыдлёўкай па зямлі, раўняючы таўставаты яе пласт на саломе. Увесь гэты час, што б яна ні рабіла - ці поркалася дома, ці парадкавала парсючка, - не магла пазбыцца думкі пра Янку. Так яна шкадавала цяпер, што ў той дзень згледзела яго на ўзроўку - хай бы ён дзе пасвіў у парасніках, навошта ён трапіўся ёй так блізка? Але, мусіць, нейкая злая сіла вабіла яго да гэтага хутара, да той небяспекі, якая абярнулася для яго пагібеллю. Сцепаніда не магла пазбыцца горкага адчування свайго дачынення да яго смерці, хоць і разумела: тое, што яна зрабіла з іхняй вінтоўкай, не тычылася болей нікога, нават Петрака, і яна не бачыла тут жаднай сувязі з Янкам. Канешне ж, яна разумела, што прывяло хлопца ў роў, мабыць жа, ён ішоў да яе парсючка, але навошта ён палез так блізка да хутара? Няўжо не адчуваў, чым гэта можа для яго скончыцца? І вось скончылася.
        Капец яшчэ не быў уладкаваны, як яна пачула голас з падворка - хтось клікаў яе. Але хто ў такі час мог тут паявіцца, не трэба было доўга думаць, канешне, гэта зноў былі тыя самыя злыдні. Уся ўнутрана сабраўшыся, гатовая да кепскага, Сцепаніда ўваткнула ў зямлю рыдлёўку і пайшла цераз гарод да дрывотні.
        Так яно і было, яна не памылілася. На тым месцы, дзе нядаўна дымела кухня, цяпер стаяла фурманка са знаёмым панурым конікам у аглоблях, а Гуж з Каландзёнкам ужо заглядвалі ў вокны і гукалі яе. Ля фурманкі з ніякавата-староннім выразам на зграбна-чарнявым твары стаяў з вінтоўкай на плячы Антось Недасека.
        - А, во яна! - убачыўшы яе, сказаў Гуж. - Дзе Пятрок?
        - А тут хіба нет? Тады не ведаю, - схлусіла яна, адразу сцяміўшы, што гэты прыезд, мабыць, не па яе - па гаспадара хутара.
        - Адчыняй дзверы! - загадаў Гуж. Але, апярэдзіўшы яе, сам скінуў клямку з прабоя і размашыста бразнуў дзвярыма.
        Пакуль яна ішла за імі, Гуж паспеў зазірнуць у істопку, агледзець мітуслівым позіркам сенцы, нават прынюхаўся да чагось сваім мясістым шырокім носам і бразнуў дзвярыма, заходзячы ў хату. Там ён таксама спярша зірнуў у кожнае з вокан.
        - Дзе Пятрок?
        - Я ж не ведаю, сказала. Я вунь бульбу абкопваю.
        - Ах, ты не ведаеш? Дык мы ведаем: самагон гоніць! Дзе гоніць? - раптам запытаў Гуж, паварочваючыся да яе і адразу захінуўшы ад яе ўсё святло з вокан. Яна не стала ні пераконваць яго, ні бажыцца, што не ведае, дзе Пятрок, толькі ціха вымавіла:
        - Мне не сказаў.
        Гуж штось памеркаваў і злосна скрыгатнуў шырокімі пашчэнкамі.
        - Ну, падла, ты ў мяне дажджэшся! Урэшце я цябе павешу. З вялікім маім задавальненнем. З наслажджэннем!!!
        - Гэта за што? - не паднімаючы позірку, спакойна пацікавілася яна, аднак не саступаючы з месца перад ім ля парога. У яе таксама міжвольна сашчапіліся пашчэнкі, толькі яна не паказала таго і глядзела долу. Чыстую пасля немцаў падлогу яны агідна забрудзілі гразкімі ботамі. Але хай, ёй не было шкада падлогі, ёй нават закарцела пасварыцца з гэтым увішным служкам новага парадку.
        - Сама знаеш - за што! Вы! - раўнуў ён да сваіх памагатых. - Ану пашуруйце сядзібу: у таку, у асеці. Недзе ён тут гоніць.
        Каландзёнак з Недасекам пасунуліся ў дзверы, а Гуж сеў ля стала, не адрываючы ад Сцепаніды гняўліва-пагрознага позірку.
        - Ты ж знаеш, што цябе трэба вешаць як бальшавіцкую акцявістку. А ты яшчэ хвост паднімаеш! На што ж ты расчытваеш?
        - А ні на што не расчытваю. Я цёмная жэншчына.
        - Гэта ты цёмная жэншчына? А хто калгасы арганізоўваў? Хто баб у хату-чытальню збіраў? Цёмная жэншчына? А раскулачванне?
        - Раскулачванне ты не забудзеш, канешне, - сказала яна і прысланілася плячом да чалесніка. Яна ўжо неяк справілася з сабой і ва ўпор пазірала на паліцая.
        - Не, не забуду! Па гроб не забуду. І папомню яшчэ некаторым. Шкада, Лявона няма. Я б яму папомніў! Як ён з бацькі боты здзіраў!
        - Лепш бы на тое цяпер забыцца, - памаўчаўшы, сказала Сцепаніда. - І для цябе тожа лепш. Спакайней было б.
        - Не-а, гэта ўжо хрэна! Я не забудуся. Я не забудуся, з чыёй ласкі на чужой зямлі гора мыкаў. Я цяпер чаго сюды прыбіўся? - заходзячыся напятай, ледзьве стрыманай лютасцю, гаварыў Гуж. - Думаеш, немцам служыць? Чхаў я на немцаў. Мне трэба расчытацца з некаторымі. З калхознічкамі, маць вашу за нагу! Што тут раскашавалі, як мой бацька на Салаўках канаў.
        - Не дужа тут раскашавалі. Работалі.
        - За палачкі работалі? Так вам і нада! Нашто было лезці ў калгас? Ты ж за яго агіціравала!
        - Лацно было агіціраваць за тое, чаго не знаеш.
        - Дык якога жа шыша, не знаўшы, не ведаўшы, палезлі? Як у прорву. Цяпер нажраліся палачак, паразумнелі?!
        - Разумныя і тады былі. Але як было жыць? Нагараваліся ў малазямеллі. Што можна было на дзвюх дзесяцінах з дзецьмі?
        - А на шасцідзесяці сотках лепш стала? Дзвюх дзесяцін ім мала было? Во цяпер немцы дадуць зямлі, колькі хочаш. Да трыццаці га. Каторыя, канешне, заслужаць. Перад германскай уласцю заслужаць.
        - Табе пэўна ўжо дадуць. Заслужыў.
        - Мне? А начарта яна мне? Я яе з дзецкіх лет зненавідзеў. Пляваў я на зямлю.
        - Завошта ж тады стараешся?
        - Ах, якая разумная, гляджу! Усё табе трэба знаць! А хоць бы за тое, што ўладу далі. Дзеля ўлады! Я ўсю жысць быў падначалены, малы чалавечак. Усяго бойся. А цяпер у мяне ўласць! Поўная. Я ж цяпер для вас вышэй, чым сельсавет. Вышэй, чым райкам. Чым саўнаркам нават. Я ж магу любога, каго хочаш, стрэльнуць. Мне ўсё давяраюць. А магу і наградзіць. Вось табе што нада? Карова нада, немцы схарчылі? Будзе карова! Заўтра прывяду. Парсюка? Таксама. Каня няма? Заўтра з Выселак двух прыганю. Адбяру і прыганю. А ты думала?
        - Нам адабраных не трэба.
        - А я табе і не дам. Ты ж враг! Враг Германіі. Думаеш, я не знаю, чыіх рук не мінула тая вінтовачка? Дарма дуракі-немцы на нямка спісалі! Я пагадзіўся, думаю: хай! А сам імею ў віду. Я яшчэ тут пашурую. У адным месцы. Знаеш, у якім!
        Ён амаль крычаў гэта, утаропіўшыся ў яе бязлітасным пільным позіркам, і яна сумелася, першы раз за гэту сустрэчу, думаючы: каб цябе разарвала, халуй нямецкі! Але сапраўды было ніякавата на душы, здавалася, ён ведаў нешта, нібы сам падгледзеў ці, можа, даказаў хто. Хоць розумам яна пераконвала сябе, што нічога пэўнага ён ведаць не мог. Палохаў? Выпрабоўваў? Можа быць, хоць і ад таго ўсё роўна было пагана.
        - А во Пятрок разумнейшы за цябе, - памаўчаўшы і трохі паспакайнеўшы, сказаў Гуж і ўскочыў ад стала. - За самагон узяўся. Правільна! Толькі хай не здумае ад мяне таіцца. Галаву адкручу і скажу, што безгаловым радзіўся. Выменяў змеявік на скрыпку і думае ўтаіць. Не ўдасца: у мяне агентура!
        У сенцах затупалі крокі, расчыніліся дзверы, цераз парог пералезлі даўгалыгі Каландзёнак і меншы, плячысты Недасека.
        - Ну што?
        - Нідзе нетуці! - віскнуў Каландзёнак.
        Недасека спярша зрабіў вялікую заклапочанасць на твары і, памяркоўна паводзячы рукой, пачаў тлумачыць:
        - Абшарылі гэта, счытай, скрозь. І ў пуні, і ў асеці, і ў хляўках ва ўсіх. Няма. І дзе ён падзеўся, хто ведае.
        - Хранова шарылі! - абвясціў Гуж. - Ну ладна. Няма калі, а то б...
        Ён яшчэ раз таропка зазірнуў у кожнае акно і перахапіў вінтоўку.
        - Недасека, пільнуй! Садзіся і дажыдайся! Прыйдзе, не дзе дзенецца. Яе, - кіўнуў ён на Сцепаніду, - нікуды за парог. Прыйдзе - гарэлку ка мне. Паняў?
        - Паняў, ну, - не дужа рашуча запэўніў паліцай.
        - Ось так! Паехалі, Каландзёнак! А ты запомні, што я сказаў, - замест развітання кінуў ён Сцепанідзе. - Пакеда не позна.
        Яна стала ля печы і глядзела ў акно, як яны там разварочваліся з фурманкай, як садзіліся ўжо на хаду і выязджалі з варотцаў. Толькі пасля яна адарвалася ад акна і зірнула на сутулавата-пакорную постаць Недасекі, што цярпліва стаяў ля парога.
        - Сядай, што ж стаяць.
        - Ага. Гэта... сяду. А то ногі ж, яны свае, не казённыя.
        Недасека сціпла апусціўся на ўслон, уздыхнуў, аберуч абапёрся на рулю вінтоўкі з расшчэпленым прыкладам.
        - Па гарэлку ехалі або як? - запыталася Сцепаніда.
        Недасека зрабіў выраз шчырага недаўмення на ўвогуле сімпатычным, з роўнымі броўкамі твары.
        - А хто ж яго ведае! Ён усё. Ці па гарэлку, ці яшчэ за чым. Нам не кажаць.
        - Няўжо так ніколі і не кажаць?
        - Не-е, - лыпнуў круглымі вачмі Недасека. - Праўда, калі жыдоў выкурвалі, дык казаў. Інструктаж даваў падрабязны: і каб патроны былі, і дзе стаяць кожнаму. Каму ў ацапленне, значыць, а каму іх варахоб'е парадкаваць.
        - А іх жа куды?
        - А іх пагналі. Зондаркаманда пагнала ў кар'ер. А там...
        - Усіх? - халаднеючы нутром, насцярожылася Сцепаніда.
        - Счытай што ўсіх. Мала засталося.
        «Ну во, гэтыя ўжо дачакаліся!» - амаль з жахам падумала Сцепаніда. Неяк у канцы лета была ў мястэчку, тады там адвялі тры вуліцы каля рэчкі, сагналі туды ўсіх жыдоў, некаторых з сваіх жа начальнікамі ці паліцаямі паставілі - таксама во з павязкамі. Людзі казалі: ой, ненадоўга гэта, усё роўна паб'юць, трэба ўцякаць. Але дзіва: ні адзін не ўцёк, усе сядзелі і чакалі, а сярод іх жа былі і маладзейшыя, і разумныя былі некаторыя. Але гэтыя разумныя так меркавалі, што не павінны пабіць, што і немцы людзі, ды і ў Бога вераць, во і на спражках у іх напісана. Дужа прыгожа даводзілі тыя разумнейшыя, і іх слухалі. Ведама, калі чалавек чаго хоча, дык заўжды знойдзе на тое апраўданне, пераканае спярша сябе, а пасля і астатніх. Ці наадварот. Ну і даседзеліся во да кар'ера.
        - Колькі людзей нізавошта пагінула, а якую халеру, дык ніхто і не чапае. І кулі на яго не знойдзецца. Я пра твайго сябрука, пра Каландзёнка. І тады ён быў злыдзень, і цяпер гэткі самы, - сказала Сцепаніда.
        - Злыдзень, ага, - проста пацвердзіў Недасека. - Спярша Гуж хацеў яго шлёпнуць. У хату ноччу прыйшоў, мяне пільнаваць паставіў. А пагаварылі - і палюбіліся. Назаўтра ўжо і вінтоўку яму ўручыў. Во як робіцца.
        - Хутка робіцца. Нават і чырвонаармейскае формы не знасіў. Як быў у сваіх...
        - Я так думаю: а куды ж яму болей? Яго ж тут усе ненавідзелі яшчэ з той пары. Куды дзецца? Толькі ў паліцыю.
        - Толькі ў паліцыю, праўда, - пагадзілася Сцепаніда. - Прамая дарожка. А цябе якая прывяла дарожка? Ці, можа, спадабалася? - асмялеўшы, запыталася Сцепаніда.
        - Дзе там! - прамадушна прызнаўся Недасека. - Не дай Бог нікому.
        Ён гаротна ўздыхнуў і тоўстым прыкладам ціхенька пасоўгаў па дошцы падлогі.
        - Думала, даспадобы, як гэтак шчыруеце?
        - Пашчыруеш! Учора на мосце немец гэны адзін на яго накрычаў, ну, на Гужа, дык той мяне гразіўся застрэліць. Мужыка аднаго з Заграззя не ўпільнаваў. Уцёк на падводзе.
        - Яшчэ застрэліць, - сказала яна. - Калі ў вас такія парадкі. Ці нашыя застрэляць.
        - Праўда, - ціха пагадзіўся Недасека. - Ну, а што зробіш? Прапашчы я, - прызнаўся ён і папрасіў Сцепаніду: - Можа б, паесці што далі, цётка? Не еўшы сягоння.
        Сцепаніда падзівілася трохі: паліцай, а просіць - такое цяпер пачуеш не часта. Гуж, канешне, прасіць бы не стаў, а гэты сапраўды, як ягня. У печы ў яе стаяў чыгунок з капустай, якую яна трымала для Петрака, але цяпер, падумаўшы, зняла засланку і з кутка ўзяла вілы.
        - Чаго ж не паснедаў уранку?
        - Ды не было як. Уночы Гуж на заданне падняў. Бомбу шукалі. Ды чорта цяпер яе знойдзеш.
        - Якую бомбу?
        - Ды во пасля бамбёжкі ля моста ляжала. Неўзарваная. Нехта, аднак, падабраў. Відаць, спатрэбілася.
        - Ну падабраў, дык і што?
        - Ага! А калі пад мост падкладзе? Ды вухне? Тады каму атвячай? Паліцыі, канешне. Бо не дагледзелі.
        Яна наліла міску капусты, паклала кавалак лапуна на стол. Недасека прысланіў да печы вінтоўку, якая яўна замінала яму, і з асалодай узяўся сёрбаць засквараную капусту. Спакваля ўгрэўся, расшпіліў на грудзях шэрую суконную паддзёўку, а кепкі не зняў; твар яго неяк па-хатняму ажывеў і праясніўся. Крадком Сцепаніда пазірала на яго і думала, як ён падобны ўсё ж на свайго старэйшага брата Новіка, асабліва цяпер, калі дагнаў яго па гадах. Праўда, той быў худзейшы, нібы ўсохлы і кастлявы, але рысы твару такія ж выразныя, цёмныя вочы і цёмны шчаціністы падбародак, не зважаючы, галіўся ці не. Дзе ён цяпер, той Недасека-Новік?
        - Успомніла брата твайго, Новіка, - сказала Сцепаніда, сустрэўшы запытальны позірк Недасекі.
        - Новік? Што Новік! Яму дык цяпер добра, а мне? Гэта ж праз яго я во... З гэтым цягаюся, - варухнуў ён локцем з павязкай на рукаве. - Праз яго ўсё.
        - Хто б цябе прымусіў?
        - Гуж, хто? Што ж мне было рабіць? Лепей у зямлю класціся? З такім братам... Некалі дык быў пачот і павага, а цяпер? Цяпер адзін паратунак - паліцыя.
        - Баюся, не паратуешся.
        - Можа, і не паратуюся. Але як знаць? Каб чалавек сваю судзьбу знаў, дык жа не знае.
        - Можа, і лепш, што не знае, - сказала Сцепаніда. - А то б натварылі такога...
        Яна стаяла ля печы, штораз пазіраючы ў вокны, ці не ідзе Пятрок, і ёй стала шкада гэтага недарэку-паліцая. Сапраўды, улез у такую справу, з якой наўрад ці ёсць выйсце.
        - А ты ўжо і вешаў каго? - запыталася яна.
        - Не-е. Яшчэ не. Не дай Бог вешаць, страшна!
        - А калі скажуць?
        - Скажуць, дык што ж. Мусіш.
        - І сваіх таксама?
        - Чаму сваіх? Не-а. Каторыя камуністы. Ну там бандыты.
        - А што б табе сказаў твой брат? Калі б прыйшоў цяпер? Ты думаў пра тое?
        - Думаў. Добрага не сказаў бы.
        - Ну, а каб яго злавілі і табе загадалі павесіць? Павесіў бы брата?
        - Вот ты дзіўная, цётка! Дысцыпліны не ведаеш. Загадалі б - павесіў бы. А то б самога павесілі.
        - Дык у цябе ж дзеці ёсць.
        - Вот то-та і яно, што ёсць. Каб не было дзяцей, я б - ого! Я б збег куды ў лес. А то шасцёра дзяцей - далёка не сыдзеш.
        - Ну во, ты для дзяцей так стараешся. А калі яны вырастуць, паразумнеюць, думаеш, яны падзякуюць табе?
        - Хто знае? Як каторы, - трохі нават сумеўся Недасека і паклаў лыжку.
        - Яны ж будуць цябе ўсё жыццё праклінаць.
        - Як праклінаць? - недаўменна зірнуў на яе Недасека. - Я ж для іх гэта... Праз іх пакутую, раблю ўсё гэта.
        - Антоська! - нечакана для сябе сказала яна амаль спагадна, кранутая гэтай яго няўцямнасцю. - Лепей бы ты памёр для іх.
        - Я?
        - Ты, Антоська! Ты ж губіш усё жыццё іхняе. І сябе таксама.
        - Не, я не сагласный, - надзьмуўся Недасека. - Сябе, можа, і гублю, а іх не-а. Што б яны жэрлі цяпер, каб не я? Я ім мукі два мяхі прыцягнуў. Ботаў тры пары. Пальтэчкі. Я ж не тое што некаторыя - абы напіцца. Я пра іх дбаю. Усё-такі шасцёра, не жартачкі. Старэйшаму толькі пятнаццаты... Лацвей табе, цётка, казаць, а мне... Дый брат яшчэ. Каб не брат хоць.
        Сцепаніда болей не казала нічога, толькі слухала яго блытанае апраўданне і думала, які ж ён дурны, а можа, і подлы. Яе спагадлівасць да яго хутка выцяснялася злосцю, і яна думала, што такіх не навучыш, нічога ім не зразумець, бо далей свайго карыта ім не дадзена бачыць. Такія ад прыроды сляпыя да маленькага пробліску чалавечнасці, дбаюць толькі аб сабе і апраўдваюцца часам дзецьмі. Божа, што будзе яшчэ з тых іхніх дзяцей, што яны пярэймуць ад гэтых во таткаў? Лепш бы яго як найхутчэй забілі дзе, менш было б шкоды і болей карысці сваім жа. Ды і ягоным дзецям таксама, якіх ён так рупна забяспечыў мукой і абуткам...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.