|
22 Пятрок знік, прапаў з гэтага свету, як і для яго прапалі гэты хутар, роў, Сцепаніда, іхнія дзеці Фенька і Федзя - прапаў цэлы свет. І засталіся, можа, успаміны, калі яшчэ было каму ўспомніць ягоныя жыццёвыя пакуты, дробныя і вялікія клопаты. Адны з іх і ён бы не прамінуў забыць - навошта было травіць душу кепскім ці непрыгожым, што назбіралася за жыццё, другое ж хацеў бы помніць. І хацеў, каб трохі помнілі людзі, можа, што згадзілася б і для іх. Бо былі ў тым перажытым разам з горыччу і нейкая непазнаная слодыч, аддалены гук жыцця, а можа, і само жыццё - хто скажа? ...Снег тады валіў тыдзень ад самых Калядаў, а за тры дні да Вадохрышча ўсчалася завея, якой тут не зналі ці не з сатварэння свету. Снегу намяло поўны двор, дзён колькі неяк было вылезці з хаты. Але ж трэба было прынесці вады, прыдбаць дроў, дагледзець скаціну, і Пятрок перш чым адчыніць дзверы ў хлеў, кожны раз мусіў адкопваць іх, каб як прашчаміцца ўнутр. Праз паўгадзіны, аднак, ад яго адкопанак не заставалася і следу - спрэс у двары грувасцілася некранутая тоўшча тугога, спрасаванага ветрам снегу. Той дзень, праўда, зверху не сыпалася - болей мяло нізам, надзьмула на падворку даўгую хрыбціну-гурбу - ад дрывотні да самых варотаў хлява, крыху меншую - ля калодзежа і пад тынам. Калодзежны зруб апынуўся ўпоравень з долам, Пятрок ледзьве дабраўся да яго з вядром, але зачарпнуць вады не было як: у зрубе чарнелася вузенькая, бы нара, дзірка-адтуліна. Пятрок пра сабе вылаяўся. Настрой яго быў і без таго кепскі: у хаце толькі што пасварыўся з жонкай - усё праз клопат аб хлебе. Хлеб Сцепаніда ашчаджала, можа, праз меру, дамешвала ў яго бульбу і вотруб'е, і той хлеб ужо неяк стала ўзяць у рот. Хоць, ведама, яна мела на тое прычыну - жыта ў засеку засталося не болей мяшка, а да вясны і першай травы было не меней чатырох месяцаў. Як было не ашчаджаць? Неяк адагнаўшы ад сябе звыклы той клопат, Пятрок прычапіў да калаўрота вядро, але вядро адразу засела ў цеснай снегавой нары, не дастаўшы вады. Тады ён азірнуўся, каб папіхнуць яго чым, якой жэрдкай з плота, ды так і знерухомеў над замеценым зрубам. Цаліком па дашчэнту зараўнянай дарожцы з гасцінца прабіраліся тры цёмныя постаці - марудна ішлі пад вецер, угнуўшы галовы і, мусіць, ступаючы ў сляды пярэдняга. Вецер шалёна курыў ад іхніх ног снегам, нёс яго цераз усё поле да хвойніку, дзе на гасцінцы чарнеліся дзве легкавушкі і ля іх таксама варушыліся людзі. «Ну, пэўна, там замяло, там заўжды замятае ўзімку, асабліва на краі сасоннічку, наўрад ці прайсці тым легкавушкам», - падумаў Пятрок, зняў рукавіцу, высмаркаўся. Цяпер ужо не было сумнення, што тыя здарожаныя з гасцінца кіравалі сюды, да хутара. Трэба было сустракаць гасцей. Выцягшы з калодзежа лёгкае, са снегам, вядро, Пятрок стуліўся ад ветру і пачакаў крыху, пакуль людзі падыдуць да варотцаў падворка. Пярэдні быў ужо блізка - ладна сігаў шырокім і дужым крокам, на яго плячах чарнелася блішчастая на марозе скуранка, пад пахай ён трымаў такі ж чорны партфель і быў віднейшы за іншых паставай, напэўна, маладзейшы за таго, што ішоў следам. Ужо ля варотцаў Пятрок добра разгледзеў гэтага другога - то быў сярэдняга росту мужчына ў чорным бобрыкавым паліто і высокай, перасыпанай снегам каракулевай шапцы, на яго счырванелым ад ветру твары відаць былі невялічкія падстрыжаныя вусікі. Трэці быў у даўгім чырвонаармейскім шынялі і шлеме з шырокімі апушчанымі вушамі, падпяразаны дзягай з наганам, што ў такт кроку целяпаўся на правым баку. - Можна да вас, хазяін? Трошкі абагрэцца? - сказаў пярэдні, у скуранцы, падыходзячы да варотцаў. - Дык чаму ж не! Такая завея, яно канешне, - сказаў Пятрок, мяркуючы пры сабе, што гэта начальства, і, мабыць, не малое: можа, з вобласці, а то і вышэй. Ён узяўся за верх варотцаў, але расчыніць іх не было магчымасці, варотцы толькі адхінуліся трохі ў глыбокім снезе, і трое захожых адзін за адным неяк прашчаміліся на падворак. Затым ён прывёў іх у сені, дзе ўсе дружна загрукалі намёрзлымі ботамі, абіваючы снег, і, калі расчыніў дзверы ў хату, з-за занавескі з нейкаю трантай у руках выскачыла Сцепаніда і ажно войкнула, згледзеўшы на парозе столькі незнаёмых мужчын. Тут жа яна шаснула назад у запечча. Якраз другі дзень там ляжала хворая Феня: дужа напаў кашаль, нават была гарачка, і яны не пусцілі яе ў школу - жарты, па такой віхуры брысці ў мястэчка. Федзя быў здаравейшы і хадзіў, а яна ляжала, спадзяваліся, можа, паправіцца. Покуль ён поркаўся па гаспадарцы, Сцепаніда распаліла грубку - але ў хаце было сцюдзёнавата і пахла дымам, дровы разгараліся кепска. Ведама, сырая алешына, якая тлела і дыміла, скупа даючы жару. Пятрок зачыніў дзверы, госці трохі асвойталіся ў хаце; старэйшы, з вусікамі, каб страсянуць, зняў ля печы заснежаную шапку, пад якой аказалася лысая ці чыста паголеная галава, і сцішана сеў на лаве, паклаўшы локаць на ражок стала. Побач сціпла прысеў вайсковец з наганам - гэты шлема не зняў. А трэці, што быў у скуранцы, згледзеўшы квелы агонь у грубцы, адразу схіліўся да яе, прысеў на нізкі ўслончык. - Э, кепска гарыць! Растопкі мала, га, гаспадыня? З запечка выйшла Сцепаніда, без хусткі, але ў сваёй аўчыннай камізэльцы, стрымана азірнула гасцей. - Дзе ж яе ўзяць, растопку? Сырымі во палім. - Сырымі гэта не дзела, - сказаў незнаёмы і пырнуў мокрыя камлі ў грубцы. - Сырыя трэба не так накладваць. Не клеццю - шатром нада. Я гэтую навуку некалі ў Сібіры прайшоў... Разгарыцца, нідзе не дзенецца. Папоркаўшы альховыя камлюкі, ён прычыніў дзверцы - не зусім, а так, каб заставалася шчылінка, азірнуўся на Петрака, які сціпла стаяў пры парозе. - Хазяін, у калхозе састаіш? Ці аднаасобнік? - У калхозе, анягож, - звыкла азвалася за гаспадара Сцепаніда. - З першага дня мы. - Ну і як? Зажытачны калхоз? - А, які там зажытачны! Беднаваты калхоз. - Удваіх жывяце? - Удваіх. І дзетак двое. Сынок у школу пайшоў, а дачушка во прыхварэла, кашляе. Феня і сапраўды закашляла ў запеччы, у хаце ўсе змоўклі, прыслухаліся. Той, што сядзеў ля стала, за ўвесь час не скрануўся нават, толькі на Феньчын кашаль павёў чорным брывом, зірнуўшы на занавеску-радзюжку ля печы. Гэтак жа маўкліва-роздумна ён пазіраў на Сцепаніду. - Надвор'ечка такое, што прастудзіцца нядоўга, - сказаў ад грубкі той, у скуранцы. Ён зноў расчыніў дзверцы і тонкай альховай палкай папоркаў у агонь, мабыць, перастройваючы дровы па-свойму. - Анягож, - лёгка падхапіла Сцепаніда. - Абутак, ведаеце, нягеглы. Валёначак няма, у парваных гамашыках бегае, прастудзіла ногі, цяпер другі дзень гарачка, кашляе. - Нялёгка даецца навука сялянскім дзецям, - роздумна заўважыў госць і павярнуў голены, з моцнымі пашчэнкамі твар да стала. - А вот жа вучацца. Што значыць цяга да ведаў, да святла. Пятрок падумаў, што, мабыць, цяпер гэты старэйшы па ўзросту, а можа, і па пасадзе штось скажа, але ён не сказаў нічога, усё моўчкі сядзеў пры стале, пазіраючы ў грубку. На ягоным твары ляжаў адбітак задуменнай нерухомасці, стомы, бы якой глыбокай заклапочанасці. Здавалася, ягоная ўвага была скіравана кудысьці далёка ў нейкія свае клопаты, і ў гэтай хаце нішто яго не цікавіла. - Нічога, цётка, - болей бадзёра сказаў той, ад грубкі. - Выканаем пяцігодку - будзе і абутак, і шмат што яшчэ. Вальней будзе. А пака трэба работаць. - Дык мы ж работаем. Стараемся. Не складаючы рук. За панамі так не работалі. - Нам складваць рук нельга. Міравая буржуазія, яна пільна сочыць. Складзем - тут жа і задушаць. - Што ж мы, не панімаем? Але во адзецца няма ў што. Даўней дык лён быў, а цяпер увесь лён здаём, а сабе нічога. Каб хоць крамніны якой, дзецям на світачкі, - пачала скардзіцца Сцепаніда, мабыць, ужо зразумеўшы, што перад ёй - начальства. Петраку тое не спадабалася - ну нашто яна? Толькі ў хату чужыя, начальства ці не, а яна ўжо са сваімі клопатамі. Не дасць людзям абагрэцца. Ён зважліва стаяў ля дзвярэй, думаючы, што захожыя самі штось скажуць - лезці да іх з пытаннямі было, мабыць, нягожа. Але Сцепаніда тым часам, мусіць, зусім асмялела і ўжо скардзілася на тое, што дагэтуль не заплочана людзям за здадзеную па нарыхтоўках воўну, Смык трэці раз абяцае, назначае тэрміны, а грошай няма. Пятрок аж паморшчыўся ад няёмкасці - людзі староннія, можа, з Полацка ці нават з Віцебска, скуль ім ведаць тутэйшыя парадкі, нейкага там упаўнаважанага нарыхтовак Смыка. Лысы ля стала ўсё сядзеў нерухома, нават заплюшчыўшы вочы ад ператомы ці, можа, сагрэўшыся ў хаце. Але, аказалася, слухаў і чуў усё і, калі Сцепаніда сказала пра грошы, расплюшчыў вочы і ціха гукнуў таму, што сядзеў ля грубкі: - Запішыце... Той расшпіліў партфель і ў сінім невялічкім сшытку напісаў некалькі слоў. - І гэта... Пад лён даюць самую няўдобіцу, дзе глей, кажуць: вырасце, а які там рост, як засушыць, аберуч не выдзераш, і нізенькі, рэдзенькі, на трэці нумар, не болей... «Ну, пагнала ўжо! - амаль з болем падумаў Пятрок. - Ужо нагаворыць...» Госці, аднак, слухалі быццам нават з увагай і не перапынялі. Лысы, ужо расплюшчыўшы вочы, пазіраў на яе быццам бы і без стомы, ва ўпор, хоць і маўчаў. А той, што ў скуранцы, толькі адзін раз перапыніў, спытаўшы, як назва калгаса, і ўжо сам, без напамінку, штосьці пазначыў у сшытку. Мусіць, адчуўшы іхнюю прыязнасць, Сцепаніда выгаварыла шмат што з сваіх крыўд на парадкі ў калгасе, у раёне і нарэшце ўспомніла пра сняданак: «Можа б, зварыць бульбачкі, калі са скваркай?» Лысы ля стала, бы струхнуўшы з сябе нерухомасць, рашуча сказаў «не» і павярнуў галаву да маўклівага, у шынялі, вайскоўца: - Паглядзіце там... Той борздзенька выскачыў у дзверы, а трэці, ля грубкі, расчыніў дзверцы, з якіх пыхнула ўмеранай цеплынёй - дровы ўсё ж разгараліся. - Ну во, бач! Па-сібірску весялей пайшло! - бадзёра зазначыў госць. Якраз у той час у запеччы зноў закашляла Феня, Сцепаніда падалася за радзюжку, і лысы ля стала трудна ці зморана ўздыхнуў. Калі яна неўзабаве выйшла адтуль, суняўшы дачку, той, што быў у скуранцы, устаў з услончыка і, здалося, адгарадзіў паўхаты сваей шырокай спінай. - Трэба ж лячыць дзіця. Доктара прывозілі? - Дык дзе ж па такой завеі. Можа, сама як ачуняе. Дрэнна во, што малака няма, карова запусціўшыся, а болей не есць нічога. - Гэта кепска. Мёду нада купіць. - Гэ, каб жа было за што, - стрымана паскардзілася Сцепаніда. Неўзабаве, дужа тупаючы ў сенцах, увайшоў вайсковец і нешта сказаў. Той, што сядзеў ля стала, адразу падняўся, пачаў зашпільваць на аплік каўнер, паліто, але затым расшпіліў яго і расшпіліў усе гузікі на грудзях. Петраку не было відаць, што ён дастае адкуль, другі, у скуранцы, якраз загарадзіў яго, але неўзабаве ён здагадаўся. Сцепаніда няпэўна прамовіла: «Не-не! Што вы, не трэба, - але тут жа пачала дзякаваць раўнейшым голасам: - Спасібачка вам, калі так...» - На малако і лякарства, - ціха зазначыў старэйшы. На яго лысай галаве ўжо сядзела высокая чорная шапка, ён захінуў паліто і скіраваў у дзверы. Пятрок саступіў убок, у самы качарэжнік, і гатовы быў праваліцца ў зямлю ад сораму - навошта яна ўзяла? Як жабрачка якая - ад незнаёмых, ды яшчэ, пэўна, начальства, хоць бы і на лекі дзіцяці, але ж ці гэта прыгожа? - Дзякуй вам. А як жа аддаць? Каб хоць знаць, каму, - трохі абянтэжана казала Сцепаніда, ідучы следам. - Аддаваць неабавязкова, - цвёрда сказаў мужчына ў шапцы. - Але ж доўг!.. - Невялікі доўг. - Ведаць каб хоць, адкуль вы? Той, у паліто, ужо выходзіў у сенцы, за ім пнуўся ў дзверы другі, што быў у скуранцы. Вайсковец, які ішоў апошні, прапусціўшы іх, крадком азірнуўся і ціха гукнуў у хату: - З Менска. Таварыш Чарвякоў. Сцепаніда на момант знерухомела з заціснутым у кулаку чырвонцам, а Петрака нібы абдало жарам: ну і ўпарола жонка! У каго напрасілася на міласціну! То ж сам кіраўнік рэспублікі. А яна пра лён, пра грошы... Але госці выходзілі з сенцаў, і, хоць было страшэнна няёмка, ён мусіў праводзіць іх. Нягожа было выпраўляць людзей, не давёўшы хоць да варотцаў. На падворку ўсё мяло, у паветры вісела смуга, але на свежым снезе было відно далёка. На гасцінцы пад хвойнічкам стаялі дзве легкавушкі, і ля іх чарнелася некалькі постацей - мусіць, дарогу там усё ж адкапалі, можна было ехаць. Ля варотцаў, павярнуўшыся ад ветру, Чарвякоў спыніўся. - Дзякуй за абагрэўку, гаспадар. Здароўя тваёй дачцэ, - сцішана пажадаў ён. Пятрок разгублена стаяў, не ведаючы: кланяцца, дзякаваць, ці як? У яго ажно адняло мову, і ён нічога сказаць не мог. Тады Чарвякоў спытаў нешта ў свайго памочніка, і той удакладніў: - Прозвішча як тваё? - Багацька, - сказаў Пятрок і сумеўся, упершыню пасаромеўшыся ўласнага прозвішча - так недарэчы прагучала яно на гэтым нехуцавым, заваленым снегам падворку. - То багатага жыцця, таварыш Багацька, - пажадаў напаследак старшыня ЦВК, і ўсе, угнуўшы галовы, пачалі прабірацца па сваіх ранейшых слядах да гасцінца. Пятрок сумеўся і зноў не адказаў нічога, толькі пазіраў на гэтых людзей і ў думках паўтараў узрушана: «Дзе ўжо багата!.. Дзе ўжо багата!..» Ранейшы нязбыўны клопат апанаваў яго з новаю сілай - жыта ў засеку заставалася пуды з чатыры, з хлебам, можа б, як і дацягнуў да крапівы і шчаўя, каб было болей бульбы. Бульба, аднак, канчалася, неўрадлівае было лета на бульбу, вымакла ад дажджоў, пагніла пад каліўем. Невядома, як было дажыць да новай?
|
|