РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
23
        
23

        
        Неяк, аднак, дажылі да вясны, не сытна - больш голадна, але дачакаліся цёплых дзён і зялёнай травы. Сцепаніда з першай крапівы налаўчылася варыць нейкае варыва, якое, калі яго добра засмажыць салам, можна было і есці. Горш было з хлебам. Але старшыня калгаса Багацька Лявон ухітрыўся дадаткова размеркаваць на працадні тры бурты леташняй бульбы, і Пятрок прывёз к Першамаю калёсы прарослых, абвялых, як порхаўкі, клубняў. Нічога, елі, мяшалі з ячменнай мукой на лапуны, хоць ячмень таксама ашчаджалі на крупы.
        Нарэшце ў самую сілу ўвабралася лета, маем прайшлі спорныя, з навальніцай дажджы, і азіміна нават на глеі і пагорках дружна шыбанула ў рост. Жытное было якраз на гэтым баку гасцінца, ля рова і хутара і далей па ўсёй Галгофе. Часам, калі выпадала вальнейшая хвіліна, Пятрок подбегам кідаў вокам на поле і радаваўся: добрае мелася быць у тым годзе жытное. Калі не засушыць улетку, не залье на Ілью, дастаіць сухое да Спаса. А сенакосы дык былі ўжо гатовы, ужо Лявон сабраў мужчын на «пробу касы» ў Бараннім Лозе ля рэчкі. З нязвыкласці ці ад недаедку Пятрок аж задыхаўся, заняло ў грудзях, перацяло дыханне, але ён ведаў: гэта спярша, пасля пройдзе, калі ўцягнецца, - няўжо ж ён горшы, чым другія мужчыны. Вунь і Лявон хоць і з двума пальцамі на руцэ, а як зашчэміць паміж імі касільна, дык махае касой як апантаны. Тут ужо дзейнічае мужчынскі гонар - ніхто не хоча аказацца слабейшым, кожны пнецца за іншымі з апошняй магчымасці. Тым суботнім адвячоркам разбілі дзялянкі, вырашылі, якія і дзе пойдуць брыгады, дамовіліся назаўтра, у нядзелю, пачаць на зары і касіць, пакуль прыпячэ сонца. Лявон наказаў увечары накляпаць добра косы і каб ніхто не пазніўся, у канцы дня меліся падвесці вынікі, і якая брыгада скосіць больш, тую тады - на чырвоную палавіну дошкі, а тую, што менш, - на чорную. Другой брыгадзе выпаў якраз лягчэйшы, ад ельніку, бераг поплава, трава там была ніштаватая, але і не дужа высокая, меліся пэўныя шанцы абагнаць трэцюю брыгаду гразёўцаў і папасці на чырвоны бок дошкі.
        На тым і разышліся позна ўвечары з псаломшчыкавага падворка, дзе гады тры як асталявалася кантора калгаса. Пятрок спяшаўся ў сваю Яхімоўшчыну, бо трэба было паспець накляпаць касу, мянташка ж у яго была дужа кепская - кавалак бруска, бы абмылак, заціснуты ў драўляныя тронкі, - такім пакуль наменціш касу, іншыя абыдуць цябе далёка. Але Лявон паабяцаў: ранкам згойсае ў мястэчка і прывязе паўсотню брускоў на ўсіх, у сельпо ўжо заплочаны грошы, будзе без ашуканства. Конна гэта гадзіна часу, і справе канец.
        Паспадзяваўшыся на новую мянташку, Пятрок не ўзяў свой стары «абмылак» і, пачаўшы касіць, хутка адчуў, што каса пачынае тупець, а Лявона з мянташкамі яшчэ не было. Мужыкі прайшлі ўжо два пракосы, ужо над ельнікам паднялося сонца, раса, праўда, яшчэ трывала ў густой траве, якая добра клалася ў пульхны выгінасты рад. Пятрок усё часцей паглядваў на беражок ельніку, з якога на поплаў выбягала дарожка - ці не пакажацца старшыня з торбай мянташак. Ды ўсё марна. Пад сняданак ужо, калі з касцоў сцякло добра поту і замакрэлі зрэбныя і кужэльныя спіны, з ельніку выбег і стаў, нібы чагосьці спалохаўшыся, меншы Лявонаў сынок Мацейка. Пятрок падумаў спярша, ці не прыслаў яго старшыня з брускамі, ды ў руках у хлопца не было нічога. Калі ён падышоў бліжэй і нехта з касцоў грубавата запытаўся пра бацьку, хлопчык гэпнуўся задам у траву, затуліў твар рукамі і затросся ў бязгучным плачы.
        - Што такое? Што з табой?
        - Бацьку... ноччу... забралі...
        Касцы знерухомелі, бліжнія моўчкі ўторкнулі ў пожню косы, дальнія яшчэ дакошвалі рады, але па адным ішлі да ельніку - ужо зразумелі, што сталася. Лявона Багацьку? За што?
        Неяк супакоілі хлопца, нядружна, напаўсілы дакасілі да снедання, хоць болей сядзелі, курылі, скупа выказвалі рознае. Некаторыя цвярдзілі: памылка, ужо Лявона не возьмуць, бо ён жа не вораг, не ўрадзіцель, ніколі не ішоў напроціў, некалі пацярпеў за Савецкую ўладу. Ясна, што тут недагляд, памылка, каму трэба, разбяруцца і праз дзень-другі выпусцяць.
        Калі Пятрок прыплёўся з касою дамоў, Сцепаніды ў хаце яшчэ не было, не прыйшла яна і ў полудзень, і ён не ведаў, куды яна знікла, па якой патрэбе. Здарэнне з Лявонам збянтэжыла ўсіх, бы аглушыла, людзі не ведалі, што думаць і што рабіць. З паўдня Пятрок на касьбу не пайшоў - у яго апусціліся рукі, зноў жа ён надта трывожыўся за Сцепаніду, думаў: хоць бы не забралі і яе.
        Сцепаніда прыбегла надвячоркам - задыханая, спатнелая, без хусцінкі на раскудлачанай галаве, у прапацелай паркалёвай кофце - аказалася, яна ўжо збегала ў мястэчка, у райкам, міліцыю, дазнавалася, завошта - Лявона? Ды марна. Ніхто ёй не сказаў нічога, усе ваўкавата маўчалі, яна пасварылася са старшынёй выканкама Капустай, якога прасіла заступіцца, ды той сказаў - не. На падворку стомлена ўпала на прызбу, паныла адказала на ўзрушаныя Петраковы пытанні і пасля роздуму, трохі супакоіўшыся, аб'явіла:
        - Нада збіраць подпісы.
        - Якія подпісы? - здзівіўся Пятрок.
        - За Лявона. Што ён свой, бальшавік, не ўрадзіцель.
        Пятрок падзівіўся, падумаў.
        - А тады што?
        - А тады падаць у НКВД. Хай паглядзяць.
        Той жа вечар у Феньчыным сшытку пісала нешта старонках на трох і, прыхапіўшы хімічны аловак, пабегла ў Выселкі. Хутка мелася прыйсці з пашы карова, трэба было даіць, а гаспадыня знікла да поўначы. Аббегала ўсе двары ў Выселках, вярнулася ноччу маўклівая і ўзрушаная і, што-нішто зрабіўшы па гаспадарцы, павалілася спаць. Пятрок таксама лёг позна, хоць назаўтра планавалі расчаць новую лугавіну за ельнікам, ісці туды было няблізка, уставаць трэба было яшчэ раней. Падняўся, як толькі пачало днець, толькі засінелася неба на ўсходзе, а Сцепаніды ўжо не было, пабегла ўжо. Карову мелася выгнаць Феня, але Феня так салодка спала, што Пятрок памарудзіў браць касу, выгнаў карову сам. Але ж адчуваў, што гэта непарадак, гэта разарэнне для гаспадаркі, калі ад яе адцуралася гаспадыня.
        І праўда, што адцуралася. Якіх дні тры Пятрок яе быццам не бачыў на хутары, толькі мільгне дзе, ранкам ці ўвечары, а так усё на нагах. Аббегала тры вёскі і, праўда, назбірала нямала подпісаў, - Лявона шкадавалі, быў ён чалавек свой, памяркоўны, не злосны і не помслівы. Ніхто не мог паверыць, што ён вораг ці які ўрадзіцель. Людзі не разумелі, завошта яго ўзялі ў такі час, пакінулі калгас без кіраўніцтва. Праўда, кіраваў гаспадаркай брыгадзір трэцяй брыгады Аўтух з Заграззя, і дзіва - чалавек, які быццам няблага ладзіў са старшынёй, ніколі быццам з ім не сварыўся, падпісаць хадайніцтва за Лявона адмовіўся: «А скуль я ведаю, урадзіцель ён ці не. Калі органы ўзялі, дык нешта знаюць». Сцепаніда не дужа ўгаворвала, раззлавалася, абазвала яго ваўкалакам, як часам звалі Аўтуха па злосці, і пабегла цераз лес у раён.
        Адтуль яна вярнулася не хутка, ужо гналі з пашы кароў, і Пятрок толькі прывалокся з касьбы, здавалася, сам без рук і без ног, стомлены і злосны - на жыццё, жонку, работу. Маўкліва адкроіў лусту сала з кубёлка, адламаў кавалак калючага, з мякінай, хлеба - дужа хацелася есці, ажно калаціліся ногі ў каленях. І тады ўбачыў на падворку жонку. У панылай знясіленасці Сцепаніда паціху клыпала ад варотцаў, дужа кульгаючы на адну нагу, і ён успомніў: дні два таму жалілася, што баліць пята, мусіць, занозіла дзе - ведама ж, з Вялікадня босая, бегае па палях, пожнях, лясах, а цяпер яшчэ і па вёсках. Сцепаніда павалілася, ледзьве дабрыўшы да прызбы, трохі пасля Пятрок падышоў да яе, коўтаючы ў бяззубым роце цвярдую скарынку.
        - Ну што? Што сказалі?
        - Во! Вярнулі, - яна кінула на прызбу складзеную ў чатыры столкі паперыну.
        - Ай-яй! Што ж рабіць?
        - А я знаю?
        Яна спрабавала ўстаць і тут жа асела долу - пята балюча нарывала, без кія Сцепаніда ўжо не магла перайсці ў хату. У той вечар яна нават не даіла карову, неяк падаілі Пятрок з дачкой, пасля Пятрок нарваў пад парканам лісця дзядоўніку і абвязаў ім распухлую, гарачую ступню. Сцепаніда стала нязвыкла раздражнёнай, усё ёй было няўлад, яна коратка-злосна гыркала то на яго, то на Феню, але Пятрок разумеў і не крыўдзіўся: ведаў, бяда дабрэйшай не робіць. Ён сам пазаганяў курэй, накарміў парсюка, прынёс суды вады з калодзежа і толькі прылёг на лаве ў сенцах, дзе спаў гэтыя дні, як Сцепаніда гукнула з запечча:
        - Пятрок, хадзі сюды.
        Перасільваючы страшэнную стому, ён неахвотна ўстаў, праз расчыненыя дзверы прывалокся да яе ў споднім.
        - Пятрок, трэба з'ездзіць у Менск, - ціха, але цвёрда сказала яна.
        - У Менск?
        - Ага. Да таварыша Чарвякова.
        Пятрок ужо здагадаўся, у чым справа, і маўчаў як аглушаны - не жартачкі, у Менск. І ехаць яму, чалавеку, каторы і ў Полацку быў усяго тры разы і то два з іх - калі быў маладзейшы, яшчэ за царом. Але ж і яна не можа, сам бачыў, куды ёй з такою нагой, а Лявона папраўдзе было шкада. Як не памагчы чалавеку? Але і памагчы немаведама як.
        - Заўтра і паедзеш. Два чырвонцы я пазычыла ў Карнілы. Сама хацела, ды во...
        - Але дзе я там знайду Чарвякова? Мусіць, няпроста: горад.
        - А там жа ёсць Дом урада. Пісалі ж газеты, што паставілі Дом урада. Значыць, там і Чарвякоў.
        - Гм... Але куды ісці? Што я... Не быў жа ні разу.
        - Во і пабудзеш. А што! Спытаеш. Людзі пакажуць. А то што ж, прападаць чалавеку?
        Пятрок маўчаў. Кепска, канешне, калі прападае харошы чалавек, шкада яго. Але і сябе таксама шкада, бо чорт яго ведае, дзе той Менск, дзе Дом урада, як туды трапіць? Чуў некалі ад мужчын, што трэба ехаць на Воршу, там перасадка, трэба купляць білет - хоць бы ведаць, колькі гэта каштуе. Мусіць, нямала. Пятрок проста быў ашаломлены тым, што на яго абрынула гэтым вечарам жонка. Але ён ведаў, што калі яна ўжо надумалася, дык не адступіць.
        Прыйдзецца ехаць.
        - І не кажы нікому. Калі што, брыгадзіру скажу - да доктара. Бо хворы.
        - Але ж...
        - Ну што - але ж? Ён жа нам бытта знаёмы, Чарвякоў. Можа, заступіцца. Убачыш, напомні, як зімой, на Вадохрышча, грэцца заходзілі. І чырвонец пазычыў. Во і аддасі.
        - Яно так. Але ж...
        Дужа не хацелася яму выпраўляцца ў тую нязнаную дарогу, на край свету - у Менск, да старшыні ўрада. Проста браў жах, як спрабаваў уявіць сабе, што з тым звязана.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.