РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
ІНТЭРВ'Ю АЎТАРА З САМІМ САБОЙ АБ ПРАПУШЧАНАЙ ГІСТОРЫІ
        
ІНТЭРВ'Ю АЎТАРА З САМІМ САБОЙ АБ ПРАПУШЧАНАЙ ГІСТОРЫІ

        
        – Мінула дзесяць гадоў... Чарнобыль ужо стаў метафарай, сімвалам. I нават гісторыяй. Напісаны дзесяткі кніг, зняты тысячы метраў відэастужкі. Нам здаецца, што мы ведаем пра Чарнобыль усё: факты, імёны, лічбы. Што можна да гэтага дадаць? Урэшце, гэта ж так натуральна, што людзі хочуць забыць Чарнобыль, пераканаўшы сябе, што ён ужо ў мінулым...
        Пра што гэтая кніга? Чаму я напісала яе?

        – Гэтая кніга не пра Чарнобыль, а пра свет Чарнобыля. Якраз пра тое, што нам мала вядома. Амаль нічога. Прапушчаная гісторыя, – гэтак бы я назвала яе. Мяне цікавіла не сама падзея: што здарылася той ноччу на станцыі і хто вінаваты, якія прымаліся рашэнні, колькі тон пяску і бетону спатрэбілася, каб збудаваць саркафаг над д'ябальскай пашчай, а – адчуванні, пачуцці людзей, што дакрануліся да невядомага. Да тайны. Чарнобыль – тайна, якую нам яшчэ давядзецца разгадаць. Мажліва, гэта задача на дваццаць першае стагоддзе. Выклік яму. Што ж чалавек там уведаў, угадаў, адкрыў у самім сабе? У сваім дачыненні да свету? Рэканструкцыя пачуцця, а не падзеі.
        Калі раней, як пісала свае кнігі, я ўзіралася ў пакуты іншых, дык цяпер сама такі ж сведка, як і ўсе. Маё жыццё – частка падзеі, я тут жыву. На чарнобыльскай зямлі. У маленькай Беларусі, пра якую раней свет амаль не чуў. У краіне, пра якую зараз кажуць, што гэта ўжо не зямля, а чарнобыльская лабараторыя. Беларусы – чарнобыльскі народ. Чарнобыль стаў нашым домам, нашым нацыянальным лёсам. Я не магла не напісаць гэтую кнігу...
        – Дык што ж такое – Чарнобыль? Нейкі знак? Ці ўсё-такі гіганцкая тэхналагічная катастрофа, несувымерная ані з чым з таго, што здаралася раней?
        – Гэта болей, чым катастрофа... Якраз спроба паставіць Чарнобыль у шэраг самых вядомых катастроф і замінае нам яго асэнсаваць. Мы быццам увесь час ідзём у няправільным, памылковым кірунку. Стары вопыт тут відавочна непрыдатны. Пасля Чарнобыля жывём у іншым свеце, ранейшага свету няма. Але чалавек не хоча пра гэта думаць, таму што не задумваўся над гэтым ніколі. Заспеты знянацку.
        Неаднойчы я чула ад сваіх суразмоўцаў аднолькавыя прызнанні: "такіх слоў не падбяру, каб перадаць тое, што бачыла і перажыла", "ні ў адной кніжцы пра гэта не чытаў і ў кіно не бачыў", "ніхто раней мне нічога падобнага не расказваў". Прызнанні паўтараліся, і я свядома не апускала гэтыя паўторы ў кнізе. I, наогул, паўтораў напаткаецца нямала. Пакідала, не выкрэслівала не толькі дзеля дакладнасці, "няштучнай праўды", мне здавалася, што яны яшчэ і адлюстроўваюць незвычайнасць таго, што адбываецца. Усё ўпершыню пазначаецца, вымаўляецца ўслых. Здарылася нешта, для чаго мы яшчэ не маем ні сістэмы ўяўленняў, ні аналагаў, ні вопыту, да чаго не прыстасаваны ні наш зрок, ні наша вуха, нават наш слоўнік не прыдатны. Увесь унутраны інструмент. Ён настроены, каб пабачыць, пачуць ці пакратаць. Нішто з гэтага немагчыма. Каб штосьці зразумець, чалавеку трэба выйсці за межы самога сябе.
        Пачалася новая гісторыя пачуццяў...
        – Але чалавек і падзея не заўсёды суадносныя? Часцей за ўсё не суадносныя...
        – Я шукала чалавека ўражанага. Які адчуў сябе адзін на адзін з гэтым. Які задумаўся.
        Тры гады ездзіла і распытвала: работнікаў станцыі, вучоных, былых партыйных чыноўнікаў, медыкаў, салдатаў, перасяленцаў, самасёлаў... Людзі розных прафесіяў, лёсаў, пакаленняў і тэмпераментаў. Веруючыя і атэісты. Сяляне і інтэлектуалы. Чарнобыль – асноўны змест іх свету. Усё ўнутры і навакол атручана ім, а не толькі зямля і вада. Увесь іх час.
        Падзея, распаведаная адным чалавекам, – ягоны лёс, многімі – ужо гісторыя. Гэта самае цяжкае: сумясціць дзве праўды – асабістую і агульную. А сённяшні чалавек на разломе эпох...
        Сышліся дзве катастрофы: сацыяльная – на нашых вачах знікае пад вадой велізарны сацыялістычны мацярык, і касмічная – Чарнобыль. Два глабальныя выбухі. I першы – бліжэйшы, больш зразумелы. Людзі заклапочаныя днём і бытам: за што купіць, куды паехаць? У што верыць? Пад якія сцягі зноў стаць? Гэта перажываюць усе і кожны. А пра Чарнобыль хацелі б забыць. Па першым часе спадзяваліся яго адолець, але, зразумеўшы марнасць спроб, замоўклі. Цяжка абараніцца ад таго, чаго мы не ведаем. Чаго чалавецтва не ведае. Чарнобыль перамясціў нас з аднаго часу ў другі.
        Перад намі рэальнасць, новая для ўсіх...
        Але пра што б чалавек ні гаварыў, ён заадно выяўляе і сябе. Што мы за людзі?
        Наша гісторыя – гэта гісторыя пакутаў. Пакуты – наша прыстанішча.. Наш культ. Мы загіпнатызаваныя імі. Але мне хацелася спытацца і пра іншае – пра сэнс чалавечага жыцця, нашага існавання на зямлі.
        Ездзіла, размаўляла, запісвала. Гэтыя людзі першымі... убачылі тое, пра што мы толькі здагадваемся. Што для ўсіх – яшчэ тайна. Але пра гэта яны самі раскажуць...
        Неаднойчы мне здавалася, што я запісваю прышласць...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.