РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак бяды
...
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
27
        
27

        
        Як толькі пачало днець, Сцепаніда выйшла з запечча, паправіла хустку на галаве, захінула ватоўку.
        Нарэшце канчалася ноч з начнымі прывідамі, думкамі і самотай, - пачынаўся дзень, у які яе чакала шмат спраў і незвычайнага, трохі страхавітага клопату. Яна была цалкам ва ўладзе гэтага клопату і нават ноччу, у сне, бачыла і перажывала нешта, звязанае з бомбай. Снілася ёй, быццам яна караскаецца на нейкую гару і валачэ за сабой цяжкі груз, які цягне яе ўніз, а пад нагамі слізка, як на гразкай дарозе, рукам няма за што зачапіцца, але яна ўсё роўна лезе і лезе ўгору. Тым больш што ўжо блізенька верх, беражок нейкага ўзроўка, ёй патрэбна сілы хоць бы на некалькі намаганняў, хоць бы яшчэ на два крокі. Тут, аднак, штосьці затуманьваецца ў яе свядомасці, малюнак сну перайначваецца, і яна ачынаецца. Яна расплюшчвае вочы і разумее, што зачынаецца ранак.
        Але Сцепаніда не дужа ўнікала ў заблытаны сэнс сну, ява яе не намнога ўступала прывідам начы. Клопат падганяў яе, і яна выйшла ў сенцы, узяла з куфра старую, трохі прадраную на рагу кашолку, у істопцы насыпала ў кішэню са дзве жмені зярнят з начовачак, якія так і не дамалоў Пятрок, выйшла на падворак. Стыў мокры восеньскі ранак, вецер гнаў касмылявыя хмары над ліпамі, але дажджу не было, і лясная далячынь за Галгофай выразна вылучалася на небакраі - як заўжды перад халадамі ці зімой - на мароз. Сцепаніда зайшла на дрывотню і расчыніла няшчыльна прычыненыя дзверы хляўка, курачкі радком сядзелі на жардзіне: дзве галовамі да дзвярэй, а тры - да сцяны. У кутку на саломе ля жоўтага старога поклада ляжалі два свежыя яечкі, і гаспадыня са спагадай падумала: бедныя курачкі, яны яшчэ несліся!
        Яны даўно ўжо жылі тым, што знаходзілі на падворку, гаспадыня іх не карміла і цяпер, адчуўшы сваю віну перад імі, шчодра пасыпала з кішэні ля парога. Куры захлопалі крыллем, закудахталі і са згаладнелым імпэтам кінуліся з шастка да парога.
        Яна яшчэ ім пасыпала і, пакуль яны, штурхаючы адна адну, навыперадкі клявалі, думала: каторую ўзяць? Яна ведала кожную з іх ад пісклячай пары, кожную адрознівала ад іншых па яе аздабе і ўбранству, ведала, якая і калі кожная з іх нясе яйкі. Найлепшыя яечкі несла стракатая, з чорнай галоўкай невялічкая курачка, якую, канешне, яна браць не будзе. Горай за іншых неслася цыбаценькая маладая курачка, чорная, з касматымі ножкамі, самая худзенькая і баязлівая, яе нават і цяпер дзяўблі ўсе іншыя, і яна падбірала ззаду за ўсімі. Але ж які з яе будзе наедак, з худой? І Сцепаніда выбрала жоўценькую спакойную курачку, не горшую за астатніх, але і не самую лепшую. Яна спакойна ашчаперыла яе зверху за крыльцы, і курачка не супраціўлялася, з даверам і добрасцю аддаючы сябе ў гаспадыніны рукі.
        Сцепаніда звязала матузком яе ногі і паклала ў кашолку. Затым вярнулася ў сенцы, зняла з вешала над куфарам старую паркалёвую хусцінку і ёю абвязала зверху кашолку.
        Перад тым як выйсці, яна азірнула ўбогія сцены сянец, куткі, куфар. Але болей нічога прыдатнага для гасцінца яна не магла нагадаць у сваёй абрабаванай вайной гаспадарцы. Калі не пагодзіцца на адну, яна не пашкадуе ўсіх, хай есць, толькі б удалося тое адзінае, што цяпер адбірала яе ўвагу, клопат і сілы, а можа, і яе жыццё. Іншага яна не магла, а тут у яе руках апынулася такая магчымасць, якая выпадае не кожнаму. Гэта была вялікая яе мэта, і яна пастараецца яе здзейсніць. Шкада, што яна не можа зрабіць усё сама, але, можа, памогуць людзі? Пэўне ж, памогуць. Трэба толькі знайсці здатных людзей - не злыдняў і не баязліўцаў, і тады, можа, Пятрок дачуецца яшчэ, што здарылася на гасцінцы. Абы толькі ўдалося.
        Канешне, адчувала яна, з людзьмі будзе самае труднае. Найлепш, калі б яна мела каго з мужыкоў, калі б дома быў Федзька ці хоць бы Пятрок. Яна зноў пабедавала ў думках, калі ўспомніла, як не пусціла ў тую ноч незразумелых захожых, можа, якраз яны і памаглі б? Але ж хто можа напэўна ўгадаць тое, чаго няма і толькі яшчэ мае адбыцца? Ці яна ведала, хто яны? Яна і цяпер нічога пэўна не ведае, толькі здагадваецца і мяркуе. Але меркаваць пра іх можна рознае, ды на справе мала што праўдзіцца.
        Настылая за ноч гразь на дарозе студзіла яе босыя ногі, і яна выбірала, дзе трохі сушэй і каб без травы. Трава спрэс была мокрая, як бы ў золкай расе, і ў ёй болей, чым у гразі, стылі ногі. Неба патроху праяснілася, быў позні ранак - хмарны, без сонца, ветраны і сцюдзёны, але яна не заўважала ні ранку, ні сцюжы - яна думала, як лепш падысці да Віктара, каб пагадзіўся. Але ж павінен. Некалі ён быў ладны, паслухмяны і разумны хлапчына, усё бегаў у маленстве да іх на хутар, цягаўся з Федзькам. Аднойчы яна адчытала абодвух за небяспечнае свавольства з запалкамі, карабкоў восем якіх яны абкрышылі для зараду ў прыпяканку, і яна спалохалася, што павыпальваюць вочы. Праўда, падросшы, яны разышліся: Віктар годам раней за Федзьку пайшоў на ваенную службу і перед вайной, казалі, ужо быў камандзірам з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Мусіць, ён сумее абысціся з той бомбай.
        Карніла ж казаў, што няспраўнасць там невялікая, спецыяліст справіць.
        Сцепаніда перабегла пусты зранку гасцінец, пайшла краёчкам такой жа гразкай дарогі на Выселкі. Крайнія высялкоўскія хаты былі ўжо блізка, яна бачыла, як у канцавым за плотам двары Амяллянавы мальцы запрагалі ў калёсы каня, і вецер данёс да яе мацерны мужчынскі вокрык. На пагорку дарога стала трохі сушэйшая, але ў яміне пляскалася на ветры шырокая лужына жоўтай вады, якую яна абышла стараной, а як выйшла зноў на сярэдзіну дарогі і зірнула наперад, на момант знерухомела. З высялкоўскай вуліцы ішлі па дарозе трое мужчын, двух з іх яна пазнала адразу, то былі паліцаі Гуж і Каландзёнак, а трэці... Трэці ішоў паміж імі, угнуўшы галаву і заклаўшы за спіну рукі; першага позірку на яго было даволі, каб зразумець, што гэта арыштаваны. Сэрца ў яе нядобра трапятнулася ў грудзях, калі ёй здалося, што гэта... Але нават у думках яна баялася сказаць сабе яго імя - пакуль яшчэ заставалася няпэўнасць, Сцепаніда дужа хацела памыліцца і думала: няхай бы гэта быў хто сабе хочаш - знаёмы, сусед, якая радня, абы не ён.
        Запаволеным цяжкім крокам яна ішла насустрач мужчынам, і ў яе свядомасці ўсё болей і выразней выяўлялася знаёмае аблічча, каржакаватая постаць у шэрай паддзёўцы, шырокі разварот плячэй, цяжкі нетаропкі крок. І ён, і паліцаі ішлі па гразі нетаропкай спорнай хадой - наперадзе Гуж, а ззаду Каландзёнак, і ёй, як збавення, хацелася праваліцца пад зямлю, абы толькі не спатыкацца з імі.
        Але яны ўжо згледзелі жанчыну і з трошкі празмернай увагай зводдаль пазіралі на яе, а падышоўшы бліжэй, зірнуў на яе і арыштант. То быў Карніла.
        Тым не менш яна ішла з такім выглядам, быццам не ведала з іх нікога, і толькі ногі яе прымлелі, і яна намаганнем волі ледзьве перастаўляла іх па гразі. Яна б так і размінулася з імі, не сказаўшы слова і нават не павітаўшыся, калі б не той позірк Карнілы. Яго знешне спакойны барадаты твар, аднак, выражаў цяпер адбітак такой тугі і такой устрывожанасці, што Сцепаніда міжволі спынілася. Але тут жа спыніўся і Гуж.
        - Куды ідзеш, акцявістка?
        - У дзярэўню, не бачыш? - сказала яна, зірнуўшы на яго спадылба, і падумала: ну, прапала! Забярэ абаіх. Але Гуж найперш кіўнуў на кашолку:
        - Там што?
        - Курыца.
        - Ану! - Гуж патрабавальна працягнуў руку, і яна падала яму кашолку.
        - Так. Патап, на! Прыйдзем - адкруціш галаву. Спатрэбіцца.
        Ён аддаў кашолку Каландзёнку і павярнуўся да яе, ва ўпор працяў стоеным пагрозлівым позіркам.
        - Усё сноўдаеш?
        - Сноўдаю. А што, нельга? - запытала яна, з апошняю сілай вытрымліваючы гэты ягоны позірк. Думала, што зараз ён паставіць яе побач з Карнілам і павядзе ў мястэчка. Гэта было б жахліва. І, відаць было, ён некалькі секунд вагаўся, мабыць, не ведаючы, што зрабіць з ёю.
        - Ну-ну, пасноўдай! - неяк загадкава-з'едліва сказаў ён і адвярнуўся да Карнілы. Але Карніла ўжо не глядзеў на яе - паныла пазіраў некуды ў хмарную далячынь мокрага поля.
        - Шагам арш!
        Яны пайшлі далей да гасцінца, а яна няпэўным аслабелым крокам пабрыла да Выселак. Тое, што забралі Карнілу, балюча ўдарыла па яе адчуваннях, таксама як і па яе планах, і яна адчула, што, мабыць, неўзабаве ўсё непапраўна рухне. Але яна не магла лёгка з тым прымірыцца. Яна гатова была змагацца, тым больш што ў яе была воля, нейкая свабода дзеяння, рукі яе яшчэ не былі звязаны. Але чаму не забралі яе? Можа, пакінулі на пакуль што? А можа, пра бомбу ім невядома? А можа, яны шукалі бомбу і ўзялі Карнілу? А дзе бомба, ён ім не сказаў. І не скажа. А раптам скажа? Пачнуць катаваць, выцягваць з цела жылы, хіба ўтрываеш? Дык няўжо скажа? Што ж ёй рабіць?
        Не адразу яна зразумела, што ісці да Александрыны не мае сэнсу, што наогул ісці ў Выселкі ёй няма па што. Што ёй трэба самой ратавацца. Толькі дзе і як?
        Амаль дайшоўшы да першых высялкоўскіх хат, яна нясмела азірнулася: паліцаі з Карнілам ужо набліжаліся да хвойнічку на гасцінцы, тады яна спынілася, памарудзіла трохі і хутка пабегла тою ж дарожкай назад да хутара. Цяпер ёй трэба было дамоў, да сваіх сцен, быццам там быў нейкі ратунак, нейкае заспакаенне.
        Паліцаі з Карнілам ужо схаваліся за павароткай у хвойнічку, яна перабегла гасцінец, задыханая, хуткім крокам і подбегам дасягла падворка і, мінаючы хату з істопкай, праз дрывотню і захлеўе выйшла на ўзровак. Аднекуль да яе выскачыў Рудзька, радасна заскуголіў, галодны, але цяпер ёй было не да Рудзькі: трэба было некуды перахаваць бомбу. Яшчэ на гародзе яна занепакоілася, як убачыла, што след ад колаў дужа прарэзаў барозны і лехі і выразнай крывулінай вёў да расцяробу на ўзроўку. Але яна ледзь не змярцвела ад спалоху, як зазірнула ў яму - з-пад нагрувашчанай кучы хворасту збоку вытыркаўся жоўты жалезны хвост бомбы. Гэта ж трэба было так бязглузда схаваць яе - першаму, хто тут апынецца, стане відаць, што пад галлём. Але ведама ж - рабілі ўсё ўпоцемку, спяшаючыся, ноччу, хіба здатна што зробіш? Ноч болей для таго, каб красці, а хаваць, пэўна, трэба ўдзень.
        Сцепаніда хуценька пабегла да хаты, на дрывотні ўзяла старую рыдлёўку, мусіць, найлепш цяпер будзе закапаць бомбу ў зямлю. Толькі дзе? На гародзе? У захлеўі? На ўзроўку? Але, напэўна, на ўзроўку ў кустоўі, там мяккая, без травы, зямля, і можна будзе закідаць усё смеццем, апалым лістоўем. Наўрад ці там будуць шукаць. Хай там і ляжыць. Там ужо сапраўды, апроч яе, ніхто болей не ведае. Там будзе схоўна.
        Непадалёк ад ранейшай яміны ў алешнічку яна пачала капаць новы схоў-ямку крокі са тры ўдоўжкі і вузенькі, бы дзіцячая магілка. Спярша капалася хутка, перагной лёгка паддаваўся рыдлёўцы, яна зняла першы штых і спынілася. Далей замінала карэнне, якое жорсткімі бізунамі ва ўсіх кірунках пранізала глебу. Яна секла яго тупою рыдлёўкай, выдзірала рукамі, некаторыя карані спрабавала ламаць, ды яны толькі гнуліся, бы кулакі, выстаўляючы белыя вузлы, і парушылі зямлёй у твар, на галаву і плечы. Уся змакрэўшы ад поту, яна якую гадзіну ці дзве калупалася ў той яміне, покуль выкапала яе па калена, неяк трохі расчысціла ад белых агрызкаў карэння. Зямлю далёка не адкідала, ведала, зямля ёй спатрэбіцца. Калі яма была гатова, Сцепаніда трохі перадыхнула на беражку і адклала рыдлёўку. Трэба было ісці па бомбу.
        Да старой яміны было крокаў мо дваццаць, яна павыкідвала з яе ўчарашні хвораст і ўзялася за доўгі і важкі жалезны кругляк бомбы. Побач пад самыя рукі падкаціўся Рудзька, панюхаў жоўтую абалонку і чыхнуў. Сцепаніда натужылася, каб выкаціць яе з ямы, і спалохалася: бомба толькі скранулася трохі і зараз жа скацілася на ранейшае месца. Гэта ж быў жах - у яе не хапала сілы!
        Сцепаніда выпрасталася, рукавом выцерла пот з ілба - добра было каціць яе ў гэтую яміну, а як цяпер выкаціць? Ды яшчэ адной? Яна аж захвалявалася і, не даўшы сабе адпачыць, ухапіла бомбу за адзін канец, вялізным высілкам перасунула яго вышэй. Затым зайшла з другога канца і прыпадняла хвост. Але не паспела яна перакласці яго вышэй, як той першы канец ссунуўся на ўлежанае месца ў дне яміны. Сцепаніда ледзьве не заплакала ад прыкрасці - што ж ёй рабіць?
        Трохі паразважаўшы і супакоіўшы сябе, яна выйшла з яміны і пашукала на ўзроўку камяні. Камянёў было шмат, але ўсё дробныя, Сцепаніда адышлася далей, пакуль знайшла два болей прыдатныя і прынесла іх да яміны. Цяпер неяк трэба было, па чарзе падкладваючы камяні пад нос і пад хвост, выкаціць бомбу. Доўга яна высільвалася там - і каціла, і сунула, укленчыўшы, упіралася каленьмі ў мокрую зямлю. Дашчэнту запэцкала спадніцу і ватоўку, змакрэла ўся ад поту і гразі, хустка яе ссунулася з галавы на патыліцу, але ўсё ж выбавіла бомбу з яміны і сама знясілена ўпала побач.
        Праклятая бомба! Сцепаніда ўжо думала, што надарвецца, покуль управіцца з ёю, але во неяк уходала. Цяпер трэба было перакаціць яе да новай яміны. І хоць бы хто не налез тут у хмызнячку, не апынуўся паблізу, не згледзеў. Праз рэдкі алешнічак тут яе можна было заўважыць з дарогі, ад падворка, - хоць бы паспець, покуль нікога няма.
        На роўным бомба лёгка перакацілася па воглай траве жоўтымі, запэцканымі зямлёй бакамі, але далей у алешнічку каціць было неяк, і Сцепаніда ўхапіла яе за круглую жалязяку хваста. Так, трохі прыпадняўшы, цягнуць было можна, але трэба было ўвесь час высільвацца і трымаць прыпадняты хвост, а сілы ў Сцепаніды было ўжо мала. Яна правалакла бомбу крокаў мо пяць і выпусціла з рук, сама таксама ўпала задам у траву. Хвілін колькі задышліва хліпала ротам, трохі, аднак, аддыхалася і зноў ухапіла пальцамі за мокры хвост. На гэты раз яна працягнула і яшчэ меней, калі зноў упала. У наступныя разы ўжо толькі тузала і рыўкамі, па адным кроку, не болей, сунула яе да ўзроўка; паясніца яе пераломвалася ад болю, мокрыя рукі, пальцы і калені былі ўсе паабдзіраны аб патарчакі. І яна спяшалася.
        Кожны раз яна азіралася наўкола праз хмызнячок, усё паглядвала ў бок сядзібы - баялася, не дай Бог, хто прыйдзе, убачыць. Тады яна прапала, прапала бомба. І гэта пасля такіх высілкаў!
        Калі яна ўрэшце прывалакла бомбу да яміны, сілы яе, падобна было, зусім скончыліся, яна ўжо не магла перакаціць яе цераз накапаны горбік зямлі і ўпала на яе грудзьмі, ляжала так, мусіць, доўга. Увесь час яна казала сабе: ну годзе, уставай - і абяцала: устану, зараз устану. І не ўставала, бо не магла. Уваччу ў яе спярша ўсё зацямнелася, нібы ўначы, затым дужа паволі праяснівалася, і сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі.
        Мабыць, яна ляжала так доўга, ашчаперыўшы ўшчэнт перапэцканае цела бомбы і сама ад ног да галавы выкачаная ў гразь. Калі трохі паслабаднела дыханне, ужо не ўстаючы, уперлася ступнямі ззаду ў вузлаватыя карані алешын, высілілася апошні раз і пасунула спярша хвост, а затым і галаву бомбы.
        Зрушваючы з сабой свежую зямлю, бомба ўрэшце цяжка гупнулася аб дно - увалілася ў яміну. Сцепаніда яшчэ паляжала на гразкай зямлі, пасля ўстала і ўзяла рыдлёўку.
        Закопваць было лягчэй, і яна старанна закідала яму зямлёй, патапталася зверху. Рэшту зямлі з краёў выбрала рыдлёўкай і рассыпала неўпрыкмет наўкола. Затым прыбрала ўсё з камлёў, з куставін, абмяла, абтрэсла і абабрала пальцамі, каб і знаку не было ад таго, што тут нехта капаў. Крыху воддаль сабрала ў алешнічку ахапак чорнага лісця, прытрусіла тую мясціну, пасля адышлася далей па ўзроўку, назбірала яшчэ рудага, чорнага, вільготна-сапрэлага лісця, накідала на яміну, каб і зблізку не відаць было свежай зямлі. У дадатак схадзіла да старога схову, прывалакла трохі хворасту, раскідала сям-там. Быццам тут ніхто і не ступаў ніколі.
        Абапіраючыся на рыдлёўку, яна ледзьве прывалаклася на свой падворак, дзе яе запытальна-ўважлівым позіркам сустрэў згаладнелы Рудзька, але цяпер яна не магла нават сказаць яму добрае слова. Толькі калі той паспрабаваў следам за ёй ускочыць у сені, яна спыніла яго - усё ж сабака павінен быць на падворку. Яна зашчапіла сенцы, прывалаклася да палка ў запеччы і лягла, як была ў хустцы і ватоўцы, - распранацца ў яе ўжо не засталося сілы.
        Яна ляжала так у выстуджанай хаце, атупелая ад знямогі, прыслухоўваючыся да няпэўных далёкіх і блізкіх гукаў знадворку, і думала, што можа так здарыцца, што возьмуць яе, тады, канешне, усе яе намаганні будуць дашчэнту спляжаны. Але ж, можа, ёй яшчэ і пашчасціць. Галоўнае было зроблена, засталося менш. Хоць таксама яшчэ нялёгкае. Але каб хоць некалькі дзён волі, каб ёй пабачыцца з Віктарам, схадзіць у мястэчка, з сім-тым параіцца. Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі? Людзі загубяць, але ж і памогуць людзі. Нават і ў такі страшны, кляты час, як вайна.
        Паляжаўшы нямала часу, яна, аднак, трохі спачыла, рукі і ногі гудзелі, але прыйшло заспакаенне, - і стала сцюдзёна.
        Яна ўжо некалькі дзён не паліла ў печы, у грубцы таксама, хата дашчэнту выстудзілася. Мусіць, трэба было прапаліць на ноч, а то да ранку заляскаеш тут зубамі. Ды і зварыць бульбіну. Есці таксама хацелася вельмі, а ў яе не было нават скарынкі хлеба.
        Сцепаніда марудна апусціла ногі і злезла з палка. На дварэ ўжо вечарэла, але яшчэ было відно, у завуголлі гуў вецер, і голле ліп на падворку апантана матлялася, гнучыся пад няспынным ветраным напорам. У грубцы ляжалі накладзеныя пазаўчора дровы, трэба было толькі падпаліць іх. Сцепаніда ўзяла з загнеткі лучынку і сунула руку паміж печчу і сцяной - там яна хавала ад Петрака запалкі. Толькі яна дастала адтуль карабок, як на падворку дужа забрахаў Рудзька. У яе нядобра скаланулася сэрца, і з карабком у руках яна падскочыла да акна.
        Рудзька скакаў па двары і апантана брахаў, аж захліпаўся, а па дарожцы з гасцінца да хутара хуткім крокам сігалі чацвёра мужыкоў з вінтоўкамі. Здалёку яна нібы пазнала кожнага з іх і сказала сабе: «Ну, усё!»
        Як ні дзіўна было для яе самой, яна не дужа спалохалася і не пабегла нікуды, нібы чакала таго і разумела непазбежнасць менавіта такога канца. Напружаннем збянтэжанай памяці яна толькі прыкінула цяпер, што трэба зрабіць напаследак, і не ўспомніла нічога. А можа, яна ўсё ўжо зрабіла? Яна сунулася ад акна ў запечча, потым выбегла ў сенцы, мусіць, каб быць далей ад акон. Рудзька ўсё захлынаўся ў варотцах, і тады на дарожцы зводдаль бабахнуў першы іх стрэл. Рудзька прарэзліва заскавытаў і сціх - ці не назаўжды? Яна зразумела: цяпер чарга будзе за ёю.
        Штосьці сцяміўшы, аднак, яна кінулася з сянец у істопку і накінула крук на прабой. Не, так проста яна ім не дасца. Яна ўсё ж не Рудзька. І не Пятрок. І нават не Карніла. Яшчэ яна з імі пабораецца. Хай б'юць! Заб'юць, тады што ж... Тады іх перамога. Але яшчэ не забілі, і па сваёй волі яна ім не паддасца.
        Тры ўдары абцасам у дзверы гулка аддаліся ў сенцах.
        - Адкрой!
        Яна сядзела на кукішках за тоўстым дубовым шулам у істопцы і маўчала.
        - Сцепаніда, адкрой! А то ўзламаем!
        «Ламайце!» - пакорна падумала яна. Але не так лёгка паламаць старасвецкія дзверы, на якіх у тры пальцы дошкі, скаваны з цэлага прэнта крук, прабіты цераз усё шула і загнуты канцамі знутры прабой. Ламайце!
        Яны там перагаворваліся за дзвярыма - прыслухаўшыся, яна пазнала рыклівы голас Гужа, пісклявы падгалосак Каландзёнка, іншыя былі ёй незнаёмы.
        - Гэй, акцявістка! - раўнуў Гуж. - Па-добраму адкрой! А то горш будзе! Ты мяне знаеш!
        - А скулля вам! - крыкнула яна, не стрымаўшыся, і зараз жа пашкадавала: нашто было з імі вязацца? Хай бы не ведалі, дзе яна, стукалі сабе ў дзверы, біліся галавой аб сцены.
        Яна думала, што яны будуць выломваць дзверы, а яны ўдарылі чымсь па акне, у хаце зазвінела, пасыпалася шкло, пасля з трэскам разляцелася рама. Гэта ўжо было горш, гэтак яны хутка будуць у сенцах. Добра, што ў істопцы маленькае акенца, у такое не ўлезеш. Але ж нешта яны надумаюць...
        - Багацька, выхадзіце самі, мы біць не будзем, - пачуўся памяркоўны, амаль спакойны голас Свянткоўскага. «І гэты тут! - зласліва падумала Сцепаніда. - Добранькі, называецца...» - Пакажыце толькі, дзе бомба? Чуеце? Вас мы не чэпім.
        «Іш, чаго захацелі!» - падумала Сцепаніда і адпаўзла ад дзвярэй да жорнаў. Яны там ці не ўсе ўжо разам тупалі ў сенцах - мусіць, нехта адзін улез у акно і адшчапіў дзверы. Але дзверы ў істопку не адшчэпяць.
        Толькі яна падумала так, як дзверы з сянец тузануліся, нешта так грукнула ў іх, што пасыпалася труха са сцяны, і яшчэ загрукала з трэскам - мусіць, яны білі ў дзверы сякерай. Канешне, гэта было ўжо горш, гэта мяняла справу, усё звужаючы тое хліпкае кола бяспекі, у якім яна апынулася і дзе ўсё меней заставалася месца для якой-небудзь надзеі. Але яна ні на што не спадзявалася, яна выразна ўсведамляла свой лёс, толькі да апошняй магчымасці адцягвала свой самы апошні момант.
        Так, як хацела яна, на вялікі жаль, не выходзіла, яе планы рушыліся. Але ёй дужа патрэбна было, каб і па-іхняму таксама не выйшла.
        Напэўна, яны маглі б застрэліць яе за дзвярыма - схавацца ад кулі тут не было дзе, але яны не стралялі. Мусіць, яна патрэбна была ім жывая. Каб сказаць, дзе бомба, ці што?
        Значыць, ад Карнілы галоўнага яны не дазналіся. Але і ад яе не дазнаюцца таксама.
        Яны ўжо ці не ўсе чацвёра адразу ламіліся ў дзверы, якія хадуном хадзілі ў пройме, толькі моцныя каваныя крукі і завесы не давалі ім разваліцца ў шулах. Але ж разаб'юць усё роўна. Рана ці позна, Сцепаніда ведала ўжо, што трэба зрабіць, толькі спалохалася ад думкі, што можа спазніцца. На каленях яна сунулася пад жорны і ўпоцемку дрыготкімі рукамі выкаціла адтуль цяжкую суляю з газай.
        Яны ўсё білі, дзверы трэсліся і трашчалі, а яна выцягнула драўляную затычку і з шырокага рыльца пасудзіны пляснула на дзверы, затым паабапал дзвярэй, абліла другую сцяну - на падворак. Яна і сама аблілася - рукі, ногі, спадніцу, засмярдзела газай, але цяпер усё тое не мела значэння. Кінуўшы на дол ужо лёгкую пасудзіну, з маленькай кішэнькі ватоўкі дастала запалкі, якімі так і не паспела распаліць грубку, і, стоячы на каленях, чыркнула запалкай па карабку.
        Але з першай запалкай яе напаткала няўдача, дзверы не загарэліся, запалка атухла.
        Тады яна сцягнула з галавы хустку і выліла на яе з суляі рэштку газы, запаліла другую запалку, - хустка пыхнула барвовым полымем, і яна, абпякаючы рукі, кінула яе на парог.
        Сцепаніда ўпала нічком на старасвецкі земляны дол, утаптаны за вякі нагамі паноў, шляхты, парабкаў, нагамі Петрака, яе мужа, і яе дзяцей, і, задыхаючыся ад дымнага смуроду, глядзела на агонь. Полымя ад хусткі гулліва шыбанула на дзверы, узвілося пад столь і коса папаўзло па бёрнах сцяны; загарэліся нейкія транты на цвіку ў куце; кучаравыя агняна-чырвоныя космы полымя закруціліся, заверашчэлі ў шызым і чорным дыме, усё імкнучыся вышэй у падстолле, да смаляных бэлек істопкі. Яна ўжо задыхалася ад дыму і шчыльней прыціснулася да прахладнай земляной падлогі.
        У сенцах, чуваць было, раздаліся галасы, нехта штось крыкнуў загадна-трывожнае, але яна не зразумела - што, толькі адзначыла ў думках, што дзверы ламаць перасталі.
        Замест таго праз хвіліну ў сенцах гулка бабахнуў стрэл, і нешта ўдарыла ззаду ў кубёлак. Куля! Але цяпер хай страляюць, цяпер гэта ўжо не палохала яе. І яшчэ бабахнула ў другім баку, на падворку - другая куля ўдарыла недзе пад жорны, якія ўжо займаліся з кута касмылявым свіркоткім полымем. Істопку скрозь завалакло змрочнымі пластамі дыму, праз якія сям-там угары прабіваліся-бліскалі мільготкія языкі агню, дыхаць рабілася ўсё трудней, і яна, ужо не кратаючыся, падкурчыўшы ногі, ляжала ў доле. Яна адчувала, што зараз згарыць, што, мабыць, рухне падстолле, ці раней задыхнецца ад дыму, калі да таго не застрэляць знадворку. Але цяпер ёй было ўсё роўна.
        Яна сваё ўсё зрабіла, якіх-небудзь надзей на паратунак у яе не засталося.
        Яны там, на падворку, нешта гаманілі і крычалі, яшчэ некалькі разоў стрэлілі цераз сцяну, але ёй у істопцы нічога не было чуваць - агонь усё болей убіраўся ў сілу, па кутках і па сценах трашчала, сквірчэла, гуло - палалі ўжо столь, сцены, дзежкі ў куце, кросны, засекі, дробнае гаспадарскае начынне - усё драўлянае, шматгадовае і сухое. На яе густа патыхала жарам і сыпаўся прысак, дужа пякло ў галаву і ногі, здаецца, ужо загараліся валасы на патыліцы, яна ўткнулася тварам у рукаў ватоўкі і марудна, але няўхільна пакутна задыхалася. Яна толькі думала, што з ёй будзе раней - згарыць ці задыхнецца ў дыме, - і не ведала, што цяпер лепей. На кароткі момант свядомасць яе млява зацьмелася, яна забылася, пасля ачнулася і адчула, што на спіне смыліць вата - гарыць ватоўка. Гэта ўжо быў канец, і яна не ў лад са сваім станам падумала: чаму ж яе там, у яміне, не ўбачыў хто з бомбай? Хоць бы хто-небудзь з тутэйшых - які пастушок, малец, жанчынка, каб запомнілі месца, пакінулі знак у памяці. Бо інакш, калі не адкапаюць гэтыя, задарма прападзе яе клопат і спрахне без толку сіла, на якую яна спадзявалася.
        Між тым дыхаць ужо не было як, яна задыхалася, смылелі валасы на галаве і ўдушліва дыміла вата з ватоўкі.
        Здаецца, загарэліся і рукавы на локцях, якімі яна затуляла твар і думала: а можа, і добра, што яе ніхто не пабачыў, ні добры, ні злы чалавек, і ніхто нічога не ўведае. Добрым людзям і не трэба, а гэтыя хай шалеюць. Хай думаюць - дзе? І не спяць ні ўдзень ні ўначы - баяцца да скону.
        Гэтая думка прынесла маленькае супакаенне і была астатнім пробліскам яе спакутнелай свядомасці перад апошнім забыццём, з якога яна ўжо не ачнулася.
        Яна ўжо не чула, як, дапятыя агнём, выскачылі з сяней паліцаі, не бачыла, як занялася полымем страха істопкі і вецер магутна раздзьмуваў яго, скіроўваючы ў бок хлява і пунькі, і як неўзабаве шырокае мора агню з трэскам, гулам і скрыгатам запанавала на ўсёй сядзібе, драпежна жаручы будынкі, дровы, бліжэйшыя да сцен дрэвы, платы, абсыпаючы падворак іскрамі і попелам.
        Імклівыя раі іскраў і агнянае клочча саломы несліся ў начным задымленым небе над ровам да сасонніку і дарогі з ненавісным ёй мастком цераз дрыгвяністую рэчку Дзеравянку.
        Пажар ніхто не тушыў, хутар гарэў грунтоўна і доўга - усю ноч, дагараў у наступны дзень, і паліцаі не падпускалі нікога блізка, самі трымаючыся воддаль, - баяліся выбуху бомбы.
        А бомба на ўзроўку чакала свае пары.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.