РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО ЗНОЙДЗЕШ ЧАРВЯКА-ДАЖДЖАВІКА, І КУРЫЦА РАДУЕЦЦА
        
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО ЗНОЙДЗЕШ ЧАРВЯКА-ДАЖДЖАВІКА, І КУРЫЦА РАДУЕЦЦА

        
        "Першы страх? Першы страх з неба зваліўся... Вадою плыў... А паасобныя людзі і шмат хто спакойныя былі, як камяні. Крыжам пабажуся! Мужчыны, каторыя старэйшыя, вып'юць: "Мы да Берліна дайшлі і перамаглі". Скажуць, як да сцяны прыклеюць...
        Першы страх быў... Раніцою ў садзе і на гародзе мы знаходзілі спруцянелых кратоў. Хто іх душыў? Звычайна яны на святло не вылазяць з-пад зямлі. Нешта іх гнала. Крыжам пабажуся!
        Сын звоніць з Гомеля:
        – А хрушчы лятаюць?
        – Хрушчоў няма, нават лічынак штосьці не відаць. Пахаваліся.
        – А дажджавікі ёсць?
        – Знойдзеш дажджавіка, курыца радуецца. I іх няма.
        – Першая прыкмета: дзе хрушчоў і дажджавікоў няма – там моцная радыяцыя.
        – Што такое радыяцыя?
        – Мама, гэта смерць такая. Угаворвайце тату з'язджаць. У нас перабудзеце.
        – Дык жа мы гарод не пасадзілі...
        Былі б усе разумныя, дык хто б застаўся дурнем. Гарыць, ну гарыць. Пажар – гэта часова, ніхто па тым часе не баяўся. Атама не ведалі. Крыжам пабажуся! А жылі пад бокам у атамнай станцыі, напрасткі – трыццаць кіламетраў, а калі шашою – сорак. Радыя былі вельмі. Купіў білет і паехаў. Забеспячэнне ў іх маскоўскае... Кілбаса танная, заўсёды мяса ў крамах. На выбар. Добры быў час!
        А цяпер адзін страх... Менцяць, што жабы ды мошкі застануцца, а людзі не. Жыццё застанецца без людзей. Баюць казкі з прыказкай. А, дурань, хто іх любіць! Але не бывае байкі без праўды... Старая ўжо гэта песня...
        Радыё ўключу. Палохаюць і палохаюць нас радыяцыяй. А нам пры радыяцыі стала лепш жыць. Крыжам пабажуся! Ты паглядзі: прывезлі апельсіны, тры гатункі кілбасы, калі ласка... У вёсцы! Мае ўнукі паўсвету аб'ехалі. Меншая дзяўчынка вярнулася з Францыі, гэта ж некалі Напалеон адтуль наступаў... "Бабуля, я бачыла ананас!" Другога ўнука... Браціка яе ў Берлін на лячэнне бралі... Гэта туды, адкуль на нас Гітлер пёр... На танках... Новы свет цяпер... Усё па-іншаму... Радыяцыя гэтая вінавата ці хто? А якая яна? Можа, у кіно дзе паказвалі? Вы бачылі? Белая, ці якая яна? Якога колеру? Адны кажуць, што без колеру і паху, а другія, што яна чорная. Як зямля! А калі без колеру, то – як Бог. Бог усюды, а ніхто не бачыць. Палохаюць! А яблыкі ў садзе вісяць і ліст на дрэвах, бульба ў полі... Я думаю, што ніякага Чарнобыля няма, прыдумалі... Падманулі людзей... Сястра мая са сваім мужыком выехалі... Недалёка тут, за дваццаць кіламетраў. Два месяцы там пажылі, бяжыць да іх суседка: "Ад вашай каровы радыяцыя пералезла да маёй. Карова з ног валіцца". – "А як яна пералезе?" – "Яна па паветры лятае, як пыл. Лятучая". Казкі! Казкі з прыказкай...
        Але як падумаю – у кожнай хаце нехта памёр...
        А што я вам дадам? Трэба жыць... Больш анічога...
        А то яшчэ... Раней мы самі білі масла, смятану, ставілі тварог, сыр. Варылі малочную зацірку. Ці ядуць такое ў горадзе? Заліваеш муку вадою і перамешваеш, атрымліваюцца рваныя кавалачкі цеста, тады ты іх у каструлю з кіпнем. Паварыш і забельваеш малаком. Мама мая паказвала і вучыла: "I вы, дзеці, навучыцеся гэтак. А я навучылася ад сваёй мамы". Пілі мы бярозавы і кляновы сок. Бярозавік і кляновік. Фасолю ў стручках ставілі ў чыгунках у печ, каб упрэла. Варылі кісель з журавінаў... А ў вайну крапіву збіралі, лебяду... З голаду пухлі, але не паміралі... Ягады ў лесе, грыбы... А цяпер такое жыццё, што ўсё гэта парушылася. Думалася нам, што гэта непарушнае, што тое, што ў чыгунку кіпіць, вечнае. Ніколі б я не паверыла, што яно памяняецца. Але ж яно так... Малако нельга... Бабовыя – нельга... Грыбы, ягады забараняюць... Мяса наказваюць вымочваць тры гадзіны... I з бульбы два разы ваду зліваць, як варыш. Але з Богам біцца не будзеш... Трэба жыць... Палохаюць, што і ваду нашу няможна піць. Але як ты без вады? У кожным чалавеку вада ёсць. Нікога няма без вады. Ваду і ў камені знойдзеш. Ну, гэта ж вада, можа, яна вечная? Усё жыццё з яе... У каго спытаешся? Ніхто не скажа. А Богу моляцца, у яго не пытаюцца. То трэба жыць..."
        
        Ганна Пятроўна Бадаева, самасёлка

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.