РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Сьвятлана Алексіевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чарнобыльская малітва
Гістарычная даведка
Самотны чалавечы голас
Інтэрв'ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ. ЗЯМЛЯ МЁРТВЫХ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. ВЯНЕЦ ТВАРЭННЯ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ. ЗАХАПЛЕННЕ ЖУРБОЮ
Самотны чалавечы голас
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
Маналог пра тое, што можна пагаварыць і з жывымі, і з мёртвымі
Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах
Маналог адной вёскі пра тое, як клічуць душы з неба, каб з імі паплакаць і паабедаць
Маналог пра тое, што знойдзеш чарвяка-дажджавіка, і курыца радуецца
Маналог пра песню без слоў
Тры маналогі пра даўні страх
Маналог пра тое, што толькі ў злосці чалавек хітры, і які ён адкрыты і даступны ў простых словах любові
Салдацкі хор
Маналог пра старыя прароцтвы
Маналог пра месяцавы пейзаж
Маналог сведкі, у якога балеў зуб, калі ён бачыў, як упаў Хрыстос і пачаў крычаць
Тры маналогі пра "тло хадзячае" і "зямлю гаворачую"
Маналог пра тое, што мы не ўмеем жыць без Чэхава і Талстога
Маналог пра тое, што святы Францыск прапаведваў птушкам
Маналог без назвы – крык...
Маналог на два галасы – мужчынскі і жаночы
Маналог пра тое, як штосьці зусім невядомае ўпаўзае, улазіць у цябе
Маналог пра тугу па ролі і сюжэце
Народны хор
Маналог пра тое, чаго мы не ведалі: смерць можа быць такой прыгожаю
Маналог пра тое, як лёгка стаць зямлёй
Маналог пра сімвалы вялікай краіны
Маналог пра тое, што ўжыцці страшнае адбываецца ціха і натуральна
Маналог пра тое, што рускі чалавек заўсёды хоча ў што-небудзь верыць
Маналог пра фізіку, у якую ўсе мы былі ўлюбёныя
Маналог пра тое, што далей за Калыму, Асвенцім і Халакост
Маналог пра свабоду і мару аб звычайнай смерці
Маналог пра тое, што да звычайнага жыцця трэба нешта дадаць для таго, каб яго зразумець
Маналог пра дзіцятка-калеку, якога ўсё роўна будуць любіць
Маналог пра нямога салдата
Маналог пра вечнае і праклятае: што рабіць і хто вінаваты?
Маналог абаронцы савецкай улады
Маналог пра тое, як два анёлы забралі маленькую Волечку
Маналог пра бязмежную ўладу аднаго чалавека над іншым чалавекам
Маналог пра ахвяраў і жрацоў
Дзіцячы хор
Замест эпілога
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО ТОЛЬКІ Ў ЗЛОСЦІ ЧАЛАВЕК ХІТРЫ, І ЯКІ ЁН АДКРЫТЫ І ДАСТУПНЫ Ў ПРОСТЫХ СЛОВАХ ЛЮБОВІ
        
МАНАЛОГ ПРА ТОЕ, ШТО ТОЛЬКІ Ў ЗЛОСЦІ ЧАЛАВЕК ХІТРЫ, І ЯКІ ЁН АДКРЫТЫ І ДАСТУПНЫ Ў ПРОСТЫХ СЛОВАХ ЛЮБОВІ

        
        "Уцёк я... Уцёк ад свету... Па першым часе на вакзалах аціраўся, вакзалы падабаліся, што людзей шмат, а ты адзін. Пасля сюды. Тут воля...
        Уласнае жыццё забыў... Не пытайцеся... Што чытаў у кніжках – памятаю, і пра што іншыя людзі распавядалі – памятаю, а сваё жыццё забыў. Леты былі маладыя... Грэх на мне... Няма таго грэху, якога б Бог не дараваў за шчырасць прынесенага пакаяння...
        Чалавек не можа быць шчаслівым. Не павінен. Убачыў Гасподзь адзінокага Адама і даў яму Еву. Для шчасця, а не для грэху. А ў чалавека не выходзіць быць шчаслівым... Я от не люблю прыцемак... Цемнаты... От гэтага пераходу, як зараз... Ад святла да ночы... Я дагэтуль не магу даўмецца, дзе я быў... Так вось... Мне ўсё роўна: магу жыць і магу не жыць. Жыццё чалавечае, як трава, расцвітае, усыхаецца і знікае ў агні. Я палюбіў мысліць... Тут можна аднолькава загінуць і ад звера, і ад холаду. На дзесяткі кіламетраў ніводнага чалавека. Ад д'ябла ратуюцца постам і малітваю. Пост – для плоці, малітва – для душы. Але я ніколі не бываю самотным, чалавек, які верыць у Бога, не можа быць самотным. Езджу па вёсках... Раней знаходзіў макарону, муку... Алей. Кансервы... Цяпер на могілках жабрую... Мёртвым пакідаюць паесці, папіць. А яно ім не патрэбна. Яны на мяне не крыўдуюць... На полі – дзікае жыта, што само па сабе расце. У лесе – грыбы, ягады. Тут прыволле...
        У кніжках чытаў... У айца Сергія Булгакава... "Бог стварыў свет свядома, дык свет не можа быць зусім недарэчным", і трэба "мужна і да канца вытрываць гісторыю". Так вось... I ў другога... Імя не памятаю... памятаю думку: "Зло ўласна не ёсць субстанцыя, а пазбаўленне дабра, накшталт таго, як змрок не іншае што ёсць, як адсутнасць святла". Кніжкі тут знайсці проста, лёгка знойдзеш. Пустога глінянага гладыша ўжо не знойдзеш, лыжкі ці відэльца, а кніжкі можна. Нядаўна знайшоў Пушкіна... Томік... "И смерти мысль мила душе моей". Гэта запомніў. Так вось... "И смерти мысль"... Я тут адзін. Аб смерці думаю. Палюбіў мысліць... Цішыня спрыяе падрыхтоўцы... Чалавек жыве сярод смерці, але не разумее, што такое смерць. А я тут адзін... Учора ваўчыцу з ваўчанятамі прагнаў са школы, жылі яны там.
        Пытанне: ці сапраўдны свет, адлюстраваны ў слове? Слова, яно стаіць між чалавекам і душой... Так вось...
        А то яшчэ скажу: птушкі, дрэвы, мурашы, – яны мне цяпер бліжэй, чым раней. Я таксама пра іх думаю. Чалавек страшны... I незвычайны... Але тут забіваць нікога не хочацца... Рыбу вуджу, ёсць вудачка. Так вось... А ў звера я не страляю... I пастак не стаўлю... Тут нікога забіваць не хочацца...
        Князь Мышкін гаварыў: "Хіба можна бачыць дрэва і не быць шчаслівым". Так вось... Я люблю мысліць. А чалавек часцей за ўсё скардзіцца, а не мысліць...
        Дзеля чаго ўзірацца ў зло? Яно, вядома, хвалюе... Грэх – гэта таксама не фізіка... Неабходна прызнаць неіснуючае. Сказана ў Бібліі: "Для дасведчанага – інакш, для астатніх прытча". Узяць птушку... Ці што іншае жывое... Нам іх зразумець немагчыма, бо яны жывуць для сябе, а не для іншых. Так вось... Навокал усё зменлівае, адным словам кажучы...
        Усё жывое – на чатырох нагах, гаядзіць у зямлю, да зямлі горнецца. Адзін чалавек на зямлі стаіць, а рукамі і галавой да неба ўзнімаецца. Да малітвы... Да Бога... Старэнькая ў царкве моліцца: "Усім нам па грахах нашых". Але ні вучоны, ні інжынер і ні вайсковец у тым не прызнаюцца. Яны думаюць: "Мне няма ў чым каяцца. Чаму я павінен каяцца?" Так вось...
        Малюся я проста... Чытаю сам сабе... Госпадзі, вазвах мяне! Пачуй! Толькі ў злосці чалавек хітры. Але які ж ён адкрыты і даступны ў простых словах любові. Словы нават у філосафаў прыблізныя ў дачыненні да той думкі, якую яны выпеставалі. Слова цалкам адпавядае таму, што ў душы, толькі ў малітве, у малітоўнай думцы. Я фізічна гэта адчуваю. Госпадзі, вазвах мяне! Пачуй!
        I чалавек таксама...
        Я баюся чалавека... I заўжды хачу яго напаткаць. Добрага чалавека. Так вось... Тут ці бандыты жывуць, хаваюцца, ці такі чалавек, як я... Пакутнік...
        Якое прозвішча? Пашпарта ў мяне няма. Забрала міліцыя... Біла: "Чаго бадзяешся?" – "Я не бадзяюся – я каюся". Яшчэ мацней білі. Білі па галаве... Так што напішыце: раб божы Мікалай... Цяпер вольны чалавек..."

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.